|
|
14 Студзеня 2001
|
Стары новы год у Каралішчавічах |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец |
|
Стары Новы год у Каралішчавічах. Колішняя знакавая назва колішняга Дому творчасьці пісьменьнікаў сёньня не на слыху. Яна засталася ва ўспамінах літаратараў, у назьве кнігі Карласа Шэрмана "Дождж у Каралішчавічах" ды, бадай, у гэтай вось перадачы пад рубрыкай "Забыты адрас". І дваццаці гадоў не прайшло, як перастаў існаваць той пісьменьніцкі Дом творчасьці. А колькі тут пісалася ўсяго-усякага, колькі музаў зьляталася ў гэты лясны кут, колькі сьвятла тут бывала ад творчых азарэньняў, якая магутная, здаровая і сьветлая аўра павінна вянчаць гэты будынак! І раптам - забыты адрас...
Напачатку 80-х мне давялося пабываць у Каралішчавічах удзельнікам нарады маладых пісьменьнікаў. Тую нараду мусяць памятаць Глёбус, Мінкін, Мудроў, ды, бадай, усе дзейныя творцы майго пакаленьня. Памятаю, мы з Сокалавым-Воюшам выпрасілі мыла ў Галіны Булыкі ды паўклейвалі ў лёзунг над уваходам папяровыя мяккія знакі "ПрывітанЬне ўдзельнікам нарады маладых пісьменЬнікаў". Нейкі пажылы літаратар пасьля спрабаваў кавенькай скалупнуць тыя "проіскі нацыяналізму". Каралішчавічы найчасьцей згадваюцца дзёрзкімі ды вясёлымі гісторыямі. І будуць згадвацца датуль, пакуль жывыя ўдзельнікі.
Што праўда, не цаніць гэтыя адухоўленыя мясьціны ў нас пачалі ня сёньня. Ніводная беларуская энцыкляпэдыя ня згадвае пра Каралішчавічы. Апошні даведнік, у якім яны ёсьць - гэта "Слоўнік геаграфічны земляў польскіх", які выходзіў таўшчэзнымі тамамі на мяжы 19 і 20 ст. Толькі тады тут не было ніякіх пісьменьнікаў. Цанілася сама мясцовасьць, паселішча. Няцяжка заўважыць, што ў польскай культуры стаўленьне да такіх рэчаў, мякка кажучы, адрозьніваецца. Ці можа, гэта 19 стагодзьдзе было такое больш ашчаднае да скарбаў душы, чым нашыя часы. Я яшчэ вярнуся да гэтае тэмы. А пакуль ня буду пра сумнае. Усё ж сьвята, і фраза "Стары новы год у Каралішчавічах" гучыць як подпіс на казачнай каляднай паштоўцы. Таму я перадаю слова Зьмітру Бартосіку, які выправіўся ў засьнежаны Каралішчаўскі лес, паклікаўшы з сабою за кампанію народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
(Зьміцер Бартосік: ) “У Каралішчавічы я вельмі хацеў патрапіць менавіта зімою. Сама назва колішняга Дому творчасьці пісьменьнікаў і расповеды бывалых там людзей - усё гэта міжволі асацыявалася з Новым годам. Каб падаў зь вечаровага неба сьнег, пакрываючы лясную дарогу. Каб дарога кружляла ў засьнежаным яловым лесе. Такім, як у старых кінафільмах-казках. Каб з-за маўклівай сьцяны гэтага прыгожага лесу паказаўся драўляны двухпавярховы асабняк на палянцы, нібы палацык на навагодняй паштоўцы. Ад асьветленых вокнаў якога патыхае цяплом і чаканьнем нечага абавязкова сьветлага й радаснага.
Ідэю ўзяць ды адведаць Каралішчавічы ўспрыняў на гура паэт Рыгор Барадулін. Нам незвычайны пашанцавала з надвор'ем. Як на замову, неба расшчодрылася шыкоўным сьвяточным сьнегам. І ў гэтым сьнезе мы доўга кружлялі вакол вёскі Каралішчавічы. Ніяк не знаходзілася тая дарога, па якой некалі было столькі ежджана-пераежджана на таксоўцы ў кампаніі з Караткевічам. Нарэшце, прадавачка Каралішчаўскай крамы растлумачыла, як даехаць да Дому пісьменьнікаў. Аказваецца, у вёсцы да гэтае пары ўпэўненыя, што пісьменьнікі нікуды адсюль не зьяжджалі. Але старой дарогі няма. Яе накрыла сабою вялікая аўтастрада Масква-Парыж. І збочыўшы на яе з Магілёўскай трасы ў заходні бок, літаральна праз кілямэтар вы заўважыце ўказальнік "Д.А. "На ростнях". Трэба яшчэ крыху праехаць па лесе, і з-за дрэваў пакажацца стары драўляны дом. Нават калі вы вельмі сьпяшаецеся, нават калі вы нічога ня чулі пра гісторыю гэтага дому, усё адно вам абавязкова захочацца зрабіць тут невялікі прыпынак. Ёсьць у гэтай пабудове сярод лесу нейкая прыцягальная й бясьпечная аўра.
- Ну што, здаецца, даехалі ўрэшце…
Р.Барадулін: Да, дарогі зьмяніліся. Па-першае, ужо новая назва - "На ростнях".
- Прыгожы вельмі дамок. А калі сюды засяліўся Дом творчасьці?
Р.Барадулін: Гісторыя гэтага доміка чыста савецкая... Пасьля вайны быў старшыня Савету Міністраў Наталевіч. Гэта было яго паляўнічае лецішча. Тут зьбіраліся, рабіліся п'янкі савецкія пры Наталевічы. І Наталевіч любіў асабліва паляваць на зайцоў. Ён за ноч заганяў козьліка-машыну. Гэта ў той час, пасьля вайны адразу. Калі партызанам, якія ваявалі за... савецкую ўладу, завесьці каня не было як. Для Наталевіча былі машыны, каб паляваць на зайцоў. Фарамі асьвятляюць, у фарах гоняць зайца, і... пакуль заяц ня тропнецца. Ад разрыву сэрца. Мы яшчэ жартавалі: ён баіцца закасіць лінію генэральную, заяц. Ну вот, дарэчы, пройдзем далей. Каралішчавічы для мяне, у першую чаргу, зьвязаныя з Уладзімерам Караткевічам. Тут упершыню я зь ім пазнаёміўся. Гэта нарада была маладых пісьменьнікаў у 55-м годзе. Такі смуглы, танклявы, інтэлігентны Караткевіч з унівэрсытэцкім значком-паплаўком, як тады гаварылі.
Ну вось, калі стаяць тварам да гэтага будынку (ён трошкі падроблены), вось зьлева флігелёк, дзе працаваў Караткевіч. Тут пісаўся "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". А з другога боку я жыў. Вось гэта дарожка, па якой праходжваліся. Ну, у гэтым пакоі, калі я жыў тут, мы пазнаёміліся з кухарам, каторы карміў Жукава ў вайну. На вячэру мы запрашалі яго. Ён за халяву ботаў... выразку мяса самую лепшую прынасіў. І мы тут цэлы вечар сядзелі. І быў тут заўсёднікам Юры Багушэвіч. Быў такі рускамоўны празаік, які напісаў пра Карэю "Дзерава дружбы". У яго ўспамінах уся вайна была ў жанчынах. У жанчынах і цяжкасьці дастаць гарэлку. Вось ён расказаў, што: "Вось там помню Эльза… нага за нагу, на кончыку нагі баўтаецца тапачак, а сьпіна дэкальтаваная й напудраная. І тут муж! Немец-эсэсавец". Вот яго ваенны страх! А пасьля, дапусьцім, ён гаворыць, што: "Колька, Пецька, Ванька й я – ты разумееш, якая цяжкая ваенная абстаноўка – паўлітра, а не хапае. І тады прыйшла ідэя. Мы ўзялі дзьве буханкі хлеба, пакрышылі ў гарэлку, стала адразу нармальна". Багушэвіч жыў у вялікім пакоі і на нач хадзіў… Ну, любіў жанчын, і жанчыны яго любілі. У яго былі цэлыя тунэлі ў гурбах прароблены на хутары. А мы з Валодзем Караткевічам што зраблілі... Тут два сабакі было. Джэры й Дазор ("Сук Дазор і сучка Джэры жралі сок і суп з фужэра"). Мы прывучылі Джэры спаць, паколькі на ноч Багушэвіч зьнікаў, на падушцы й накрывалі коўдрай. І яна спала там у Багушэвіча... А Багушэвіч прывёз стос вялізны паперы й за два месяцы напісаў... Першая фраза: "Дзядзюшка Хо выйшаў із фанзы". Два месяцы ён прабыў, пасьля склаў рукапіс і так і паехаў. Ну, мы з Караткевічам паправілі, што "Дзядзюшка Ху выйшаў із фанзы"...
Тут быў Абчак недалёка, заўсёды не хапала й трэба было бегчы ў Абчак па гарэлку. Чак-чак-чак-чак, хлопцы чэшуць у Абчак, іх чакае ў Абчаку сем чакушак на чаку...
Вось мы зараз ідзем дарожкай, якая вядзе на кухню. Вось тут во зьлева была абнесена сасна ланцужкамі, і напісана "Тут любіў адпачываць Народны пісьменьнік БССР Якуб Колас". І заўсёды Валодзя Караткевіч, гледзячы на гэта, успамінаў, як на Ўкраіне недзе было - таксама абнесены ланцугамі дуб, мэталёвая шыльда й на шыльдзе напісана "Пад сім дубам Тарас Шэўчэнка напісаў сваю слынну паэму "Воронак". І нехта зь веселуноў узяў і прыбіў шыльдачку з другога боку "Пад сім дубам Тарас Рыгоравіч Шэўчэнка ў п'яным стане ів жолудзь"...
Тут былі далей драўляныя домікі, у іх і Колас, і Броўка, і Глебка, і Куляшоў адпачывалі. Ну, пасьля ім быў дазвол пабудаваць свае лецішчы й тут яны мала былі. А хто тут быў восеньню, часта працаваў – Пімен Панчанка. Тут ён пісаў сваю "Крык сойкі". Вялюгін перарабіў: ня "Крык сойкі", а "Крык Зойкі", жонкі, Зоі Канстанцінаўны... Помню яшчэ, прыехала такая дама з Брэста сабіраць вершы пра Брэсцкую крэпасьць. Дык мы зь Вялюгіным (А Мікола Татур быў выдавец) такі экспромт рабілі: "Яшчэ ня згаслы кратэр штурмуючы ў пасьцелі, загінуў Коля Татур на брэсцкай цыцадэлі"...
Тут многа ўсякіх хохмаў пісалася.
(Зьміцер Бартосік: ) “Я, душыўся ад сьмеху ды з асалодаю глытаў зімовае лясное паветра, слухаючы расповеды пра збольшага незнаёмых мне людзей. Нават крыху зайздросьціў ім. У часы, калі беларушчыну труцілі камунізмамі ды сацрэалізмамі, калі мова амаль пакінула сталіцу, калі не было ўжо моцы трываць усе гэтыя партактывы ды аргвысновы, знаходзілася месца, куды можна было зьбегчы ад усяго гэтага хоць на тыдзень. У спрадвечным беларускім лесе пра камунізм ніяк ня думаецца. А тым больш ня пішацца. Працягвае Рыгор Барадулін - пра Караткевіча:
- Валодзя ў флігельку гэтым сядзіць, к яму прыяжджае Анатоль Забалоцкі. Апэратар, які "Рабіну чырвоную" з Шукшыным рабіў. Ён з сыбірскіх беларусаў, цікавейшы чалавек быў. Яго выжылі, як заўсёды ў нас, нармальных людзей тады выжывалі з кінастудыі. Я выходжу раніцай з сабакамі. Гэта якраз сьнег вось такі ішоў, густы-густы сьнег. Гляджу, сабака пачынае нешта капаць. Я думаю – ну што такое, чалавек - не чалавек. А раптам гляджу – рукапіс, знаёмы почырк Караткевіча. Аказваецца, Караткевіч сцэнарны плян і большую частку "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" аддаў Забалоцкаму, каб ён занёс машыністцы. А Забалоцкі, паколькі добра ўзяў, упаў на той бок, дзе быў рукапіс і рукапіс прапаў бы.
Я гавару, што ў нармальнай дзяржаве трэба было б паставіць помнік сабаку, каторы выратаваў практычна раман і фільм.
Мы з Валодзем, узяўшы чарку, сьпявалі:
Кожны дзень мы п'ём літроўку
За здароўе Пеці Броўкі.
За здароўе Броўкі Пеці
Мы прап'ём усё на сьвеце.
За здароўе Петруся
Вып'ю літр і вытруся.
За здароўе Ткачова Колі
Мы не адмовімся ніколі.
За здароўе М.Ткачова
Будзем піць мы хоць з начовак.
За здароўе Фані Алер
Мы прап'ем і гэлд, і талент.
За здароўе Алер Фані
Мы ў літфондзе ракам станем.
За здароўе Куляшовай
Вып'ем, толькі не дзяшовай.
За здароўе яе мужа
Вып'ем хлопцы, але ня дужа.
Бо яму такі падкакаў
Гэны самы Нэйфах Якаў.
За здароўе Шамякіна
Мы яшчэ паўлітра ўкінем.
За здароўе Шамякіна Йвана
Вып'ем хлопцы, толькі таннай...
Тут згадваецца Алер, яна была дырэктарам Літфонду. Ткачоў Мікола быў сакратаром Саюза пісьменьнікаў. Ну, Куляшова, Аксана Фёдараўна Куляшова, прыгажуня, была жонка Аркадзя Куляшова. Ну, а Куляшоў… гэта вядома хто”.
(Зьміцер Бартосік: ) “Я шкадаваў, што ня маю з сабою відэакамэры. Было адчуваньне, што такога лесу, такой прысады й такога дому я ўжо не пабачу. І справа тут не ў надвор'і. А ў тым, невядома кім на гэтай зямлі заведзеным правіле: "Лепей ня будзе, будзе толькі горш". У пары сотняў мэтраў ад дому лес вырубаецца. На штучнай і бязладнай пустцы пабудаваныя й працягваюць будавацца шматпавярховыя цагляныя, бяздушнай архітэктуры, карпусы санаторыя "На ростнях". Паглядзець бы на таго дзівака, што захоча адпачыць на гэтым касмадроме.
(Рыгор Барадулін: ) “У Каралішчавічах была тая атмасфэра, такая дабразычлівая… Мы з Валодзем пілі з усімі тымі, хто хацеў з намі піць. Дапусьцім, Куляшоў з намі ня піў, ён быў не зусім здаровы.
Тут зараз ужо лес высечаны. Утульнасьці той няма. Ёсьць наступ нейкіх незразумелых цагляных будынін. А вось там была ўтульнасьць. Калі гасла сьвятло, неяк са сьвечкамі нават сядзелі...
Я памятаю, яшчэ тут маё трыццацігодзьдзе адзначалі. Мама спазьнілася, зноў зблыталі дарогу. Мама з жонкай Валяй павінны былі падвезьці бражку. Ну й зноў, як і мы, паблыталі дарогу. У тыя Каралішчавічы павёз іх таксіст. Пасьля было, безумоўна, вялікае застольле, што называецца. І вось, мама мая выходзіць. А тут на ганку Барыс Забораў перагнуў жонку высокапастаўленага паэта і, як убачылі маму, адскочыла яна. Мама гаворыць: "Цалуйцеся, цалуйцеся. Я не перашкоджу. У мяне добрае вока, я не сурочу".
Тут многа было такога вясёлага, цікавага. І тут працавалася нармальна. Дарэчы, вы мяне вярнулі ў маладосьць”.
(Зьміцер Бартосік: ) “Увайсьці ў сярэдзіну дому Барадулін катэгарычна адмовіўся. Я ўвайшоў адзін. Прасторнае, цёмнае фае, драўляная лесьвіца запрашала на другі паверх. У інтэр'еры ўсё сьведчыла пра сярэдзіну мінулага стагодзьдзя. Як быццам героі тых расповедаў, якія я хвіліну таму чуў ад дзядзькі Рыгора, на нейкі час пакінулі свае апартамэнты. Цішыня й цемра нараджалі вусьціш. Зданям ды прывідам толькі й жыць вось у такіх дамках. Раптам за сьцяною прагучаў такі крык, што я скалануўся. За дзьвярыма з шыльдаю "Діректор" непрыемны старэчы голас ледзь ня матам кагосьці расьпякаў па тэлефоне за нейкія "кірпічі і бітум". Я асьцярожна, бяз шуму пакінуў дом. Дом, дзе ў мінулым стагодзьдзі быў напісаны й ледзь ня быў згублены найпапулярнейшы беларускі раман. З палёгкаю захлопнуўшы дзьверы, я быццам толькі ў гэты момант па-сапраўднаму адчуў, што яно сапраўды скончылася, ХХ-е стагодзьдзе. Хоць зь неба валіў сьнег, народжаны па-над Атлянтыкай, магчыма, яшчэ ў сьнежні. Апошні сьнег дваццатага заваліў машыну, каля якой мяне чакаў крыху спахмурнелы паэт”.
(Сяргей Дубавец: ) “Дык чаму ўсё ж Каралішчавічы - напоўненыя жывым творчым духам - сталі забытым адрасам?
Вернемся ў стагодзьдзе 19-е. Часткова нам дапаможа разабрацца ў гэтым Янка Лучына ў сваёй брашуры "З крывавых дзён", якая ананімна выйшла па-польску ў Кракаве ў 1889 годзе. Апісваючы падзеі паўстаньня 1963 году на Меншчыне, Лучына піша:
"Рэшткі групы, прабіраючыся праз глыбокія лясы, дабраліся да галоўнага камандзіра. Некаторыя ж з адбітай ахвотай, напалоханыя зьведанай няўдачай, наважыліся вярнуцца ў Менск. Тут іх перасьледавала няшчасьце. Сяляне, што вартавалі масты ў вёсцы Каралішчавічы, некаторых схапілі, сярод іх Фларыяна Міладоўскага, і адвезьлі ўладам. Праз колькі дзён адзін зь Менскіх ксяндзоў, канонік Казакевіч, прыехаў у Каралішчавіцкі касьцёл і зьвярнуўся да парафіян з выдатнай казаньню, у якой гарачымі, натхнёнымі словамі папракнуў людзей за здраду, назваўшы тых, хто меў да яе дачыненьне, юдамі, якія за грошы не вагаючыся прадаюць ворагу братнюю кроў. У касьцёле пачаўся плач і лямант, але гэта было запозьненае шкадаваньне, якое не магло выправіць лёс няшчаснай паствы. Адважнага ксяндза ўлады пакаралі высылкай у кляштар пры касьцёле ўсіх сьвятых у Вільні, дзе ён застаўся аж да сьмерці..."
Чытаючы гэтыя радкі Янкі Лучыны, я задумаўся над пытаньнем - чые мы нашчадкі? Выглядае, што не высакародных паўстанцаў, якія большасьцю былі або зьнішчаныя, або высланыя ў Сыбір, або падаліся ў эміграцыю. Натуральна, і не таго высакароднага ксяндза, які закончыў жыцьцё ў кляштары. Мы нашчадкі тых сялянаў, якія прадавалі паўстанцаў. Прадавалі, дарэчы, датуль, дакуль за гэта плацілі. Перасталі плаціць - і скончылася здрада. Нешта надта знаёмае вычуваецца ў гэтых паводзінах. Плебеі ня цэняць скарбаў духу і духоўнае працы, бо ня ўмеюць мысьліць абстрактна. Вось і высякаюць прыгажэнны яловы лес, у якім некалі гулялі найсьвятлейшыя галовы нацыі і на месцы таго лесу ставяць свае безаблічныя павярховікі, а месца нацыянальнага паломніцтва, куды б цягнуліся паздаравець душою тысячы суайчыньнікаў, ператвараецца ў забыты адрас культуры. Зрэшты, падумалася, што і на тым дзякуй. Дзякуй, што не прападае начыста. І пакуль ёсьць каму помніць, датуль сапраўды як дзіцячая казка гучыць гэтая лясная зімовая фраза: "Стары Новы год у Каралішчавічах".
|
|
|
|
|
|
|