|
|
21 Студзеня 2001
|
Праекты веку ў Беларусі ХХ ст. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец. |
|
Праекты веку ў Беларусі ХХ ст. Перавернутыя піраміды бэтону, спыненыя рэкі, каналізаваная культура. З вышыні часу колішнія грандыёзныя задумы і зьдзяйсьненьні выразна падзяляюцца на свае і чужыя. На тыя, што рабіліся з думкай пра гэтую зямлю, яе людзей, іхную будучыню, дабрабыт, здароўе і славу, і тыя, што задумляліся дзеля абстрактнай "страны саветаў" ці невядома якіх і чыіх ідэалёгіяў, а гэтай зямлі і яе людзям прынесьлі адно страты. Сёньня мы можам ацэньваць і пазнаваць тыя праекты па выніках. Абсалютная большасьць грандыёзных задумаў належала савецкаму кіраўніцтву краіны і рабілася для начальнікаў гэтага кіраўніцтва ў Маскве. Маскоўскае кіраўніцтва глядзела на Беларусь як на мізэрную частку ўсяго небдымнага саюзу, якая, тым ня менш, магла першай у сьвеце прыйсьці да камунізму ўжо толькі таму, што гэтак ахвотна адмаўлялася ад свае нацыянальнае мовы і свае спадчыны. Беларусь у тым саюзе якраз і любілі за тое, што тут пры адносна эўрапейскай агульнай культуры, можна было з усімі і паўсюль паразумецца па-расейску. Ня тое, што ў Прыбалтыцы ці на Каўказе. Безнацыянальны або расейскі характар мелі ў большасьці сваёй і тутэйшыя праекты веку. Падобна, што і сёньня гэтая сытуацыя яшчэ не зьмянілася радыкальна. Тэму працягне Сяргей Харэўскі.
(Сяргей Харэўскі: ) “Новы чыгуначны вакзал у Менску – звыклы ўжо шэра-бэтонны даўгабуд – раптам паўстаў у сваі парадным выглядзе. Ад відовішча заняло дух. Сьляпучае сьвятло зь велізарнай шкляной спаруды, нібы палярнае зьзяньне, асьвятляла цёмны, пануры горад за плячыма...
Валтузьня вакол вакзалу пачалася разам з 80-мі. Тады ў падліках атрымлівалася, што празь Менск праяжджаюць мільёны пасажыраў, і з году ў год гэтая плынь мусіць нарастаць. У галовах машэраўскага кіраўніцтва залунала ідэя стварэньня новага вакзалу. Брама краіны, натуральна, мелася быць найбуйнейшай у СССР. І калі ў перастройку інтэлігенцыя пачала выступаць супраць зносу старога вакзалу ("Колішні Віленскі – зьберагчы!"), было ўжо позна. Адзінае, што зрабілі за Кебічам, гэта адабралі будаўніцтва ў ленінградзкіх архітэктараў. Тыя пасьпелі зрабіць адно адміністрацыйны корпус з бэтоннай блямбаю, цяпер ужо невядомага прызначэньня. Употай ад грамадзкасьці ўрадоўцы з архітэктарамі неяк разабраліся міжсобку. Даканчвалі праект ужо менчукі, пад кіраўніцтвам архітэктара Бялянкіна. Прычым толькі адзінкі зь беларусаў ведалі, чым жа завершыцца гэты даўгабуд, што расьцягнуўся амаль на 20 гадоў...
Ня ведаю, ці ведаюць будаўнікі менскага чыгуначнага вакзалу пра "Крышталёвы палац", спаруду са шкла, дойліда Джозэфа Пакстона, што пабудавалі ў Англіі яшчэ ў 1851 годзе. Але ведаю пэўна, што новым словам у архітэктуры самы вялікі вакзал Беларусі ня стаў. Ня сталі гэткім "словам" і астатнія архітэктурныя "праекты стагодзьдзя", што былі задуманыя за Машэравым, які сам надта любіў слова "эпахальна", і ледзь-ледзь закончаныя цяпер. Самы вялікі ў СССР аэрапорт, праўда, гэтак і не паднялі. Пагатоў і лётаць пакуль мала хто можа. Не дарабілі мэтро, бо яно па-ранейшаму стратнае. Гэтак званая 3-я лінія пакуль існуе толькі ў крозах. Не далі Мусінскаму разгарнуцца па ўсёй Нямізе, дакладней, ізноў не хапіла грошай. Пабудавалі толькі палову ягонага праекту. Дый тое, давяршаць давялося ўжо "Макдональдзу".
А вось Палац рэспублікі стаіць. Праўда, ня гэтак, як хацелі ягоныя будаўнікі. Адзін з праектантаў, Шабалін, наракаў: "Сёньня, як гэткага, ансамблю галоўнага пляцу гораду няма. Пляц падзелены трыбунай, балюстрадай і сквэрам на дзьве часткі. Яго трэба візуальна пашырыць, каб добра было відаць Цэнтральны Камітэт кампартыі". У тым ЦК КПБ цяпер прэзыдэнтура, а Палац, які прывязваўся да таго будынку й пануе цяпер над навакольлем, і праўда стаіць абы дзе. Прынамсі, галоўным пляцам гораду гэтае месца не назавеш...
Ня надта пашанцавала беларускім дойлідам на мяжы ХХ й ХХІ стагодзьдзяў. Будавалі, праектавалі нешта, як той казаў, "эпахальнае". А ў выніку – усё недаробленае. Дый славы няма. Нашмат больш пашанцавала іхным папярэднікам. Задумаў Лянгбард Дом ураду, Дом афіцэраў ды Опэру. Няма праблем! Зруйнавалі дзясяткі кварталаў, пусьцілі на друз 5 цэркваў, расчысьцілі пляцы... Усе будоўлі занялі толькі 5 гадоў! І Менск зьмяніўся радыкальна. Зьмяніўся б яшчэ болей, ажно нешта ня зладзілася... Раптам прыдумалі перанесьці сталіцу Беларусі ў Магілёў. Нагадаю, Менск тады быў пад самай польскай мяжою. І пагаворвалі, што палякі з Радашкавічаў могуць дастрэліць прамой наводкай. Словам, трэба было сытуацыю акругліць. І калі ў 36-м выйшла пастанова пра перанос сталіцы, яе пабудавалі за 2 гады! Чым не праект веку? У Магілёве расчысьцілі калясальны, нават па цяперашніх мерках, пляц ды стварылі плошчу з грандыёзным архітэктурным комплексам у духу найноўшага, як на той час, стылю – канструктывізму. Сюды ўжо перавялі былі НКВД, ведамствы, пачалі зьбіраць нацыянальны музэй, куды патрапіў, між іншым, і адкуль зьнік назаўсёды Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Але раптам усё павярнулася ў іншы бок. Была растаптаная Польшча й БССР прырасла з Захаду.... Сталіцай застаўся Менск.
Нямала "праектаў стагодзьдзя" выдумлялася ў міжваенны час і па заходні бок мяжы. Самы грандыёзны – пабудова транспалескае шашы. Ад Берасьця празь Пінск і – да савецкае мяжы... Некалі выкладзеная бэтонным брукам, яна й да сёньня спраўна служыць людзям. Да сёньня паслугоўваюцца беларусы й тысячамі школьных будынкаў, што былі пастаўленыя за палякамі ў пачатку 30-х ледзь ня ў кожнай вёсцы. Быў такі плян – даць кожнаму дзіцёнку ў Польшчы пачатковую адукацыю за дзяржаўны кошт... Былі, праўда, і дзіўнаватыя польскія праекты. Напрыклад, пасадзіць лес уздоўж савецкай мяжы. Паадсялялі багата народу, засадзілі ялінамі палі. Кавалкі таго лесу й цяпер шумяць паміж Негарэлым і Стоўбцамі, пад Радашкавічамі ды далей. Мабыць, колішнюю польскую мяжу, дзякуючы таму лесу, добра відаць з самалёта... Наагул за палякамі было рэалізавана багата экалягічных праектаў. Напрыклад, створаны Вялаўскі запаведнік у Налібаках, дзе аднавілі статак даніэляў, былі зробленыя жорсткія захады дзеля зьберажэньня й залясеньня Нарачанскіх ды Браслаўскіх азёраў. Але самым неверагодным сярод усіх праектаў стагодзьдзя стаў прект аднаўленьня зубра”.
(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі пералічыў некалькі найбольш грандыёзных праектаў пераўтварэньняў у Беларусі ХХ ст. Можна дапоўніць гэты сьпіс сацыяльнымі "здабыткамі", што ахоплівалі ўвесь народ: калектывізацыя і урбанізацыя, вынішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі і ліквідацыя непісьменнасьці, татальная русыфікацыя. Усё гэта каціла празь Беларусь адным комам. Курапаты – таксама, чым не праект веку? Але ў каго павернецца язык назваць гэта беларускім праектам? Каласальны праект – рэформа правапісу 1933 году, якая пазбавіла беларускую мову яе самаўзнаўляльных магчымасьцяў, гэта значыць інстынкту самазахаваньня, што ў сваю чаргу, прывяло да выгнятаньня беларушчыны з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця. Так званы духоўны Чарнобыль пераадолець нашмат цяжэй, чым наступствы аварыі на АЭС.
У сёньняшняй праграме мы распавядаем пра праекты веку ў Беларусі ХХ ст. У журботным пераліку грандыёзных антыбеларускіх і антычалавечых зьдзяйсьненьняў можна знайсьці матывацыі хіба што для падтрыманьня пачуцьця шматпакутнасьці і сарамлівасьці беларусаў. Зазірніце ў кнігу рэкардаў Гінэса і адшукайце там, чым слаўная ў сьвеце наша Беларусь: самае вялікае балота, самая вялікая магіла, самая вялікая экалягічная катастрофа... Але насуперак пашыранай думцы і магчымым прагнозам, беларусы маюць усё ж і свае праекты веку, за якія іх можа шанаваць сьвет. І самы галоўны сярод такіх станоўчых і сьцьвярджальных праектаў у ХХ ст. – адраджэньне дагістарычнага зубра. Працягвае Сяргей Харэўскі.
(Сяргей Харэўскі: ) “Белавеская пушча, дзе спрадвеку гадаваліся лясныя волаты, за часоў Расейскай імпэрыі стала стрэльбішчам для цароў-імпэратараў. Толькі першае ў ХХ стагодзьдзі паляваньне амаль дашчэнту вынішчыла тутэйшую фаўну. На пацеху цара Мікалая ІІ, якога расейская царква ўважае цяпер за сьвятога, у жніўні 1900 году ў Белавежы было забіта 40 зуброў, 53 алені, 26 ласёў, 36 даніэляў, 325 казуляў, 138 дзікоў... Неверагодныя лічбы. Калі ж улічыць, што Мікалай ІІ паляваў тут і раней, дык можна пэўна сьцьвярджаць, што вынішчэньне зуброў – гэта збольшага – ягоных рук справа.
У часе першае сусьветнае вайны немцы, якія праклалі праз пушчу чыгунку, каб лацьвей вывозіць пушчанскі лес, расстрэльвалі зуброў з кулямётаў. У 19-м годзе быў забіты апошні вольны зубар у сьвеце. На 24-ты год у заапарках Эўропы засталося 45 зуброў, сярод якіх было толькі блізу 10 чыстакроўных белавескіх. З 29 году пачаўся беспрэцэдэнтны праект аднаўленьня на волі жывёлы, што ўжо апынулася за мяжой выміраньня. За вялізныя грошы ў Белавежы сабралі некалькі здаравейшых асобінаў і шляхам скрыжоўваньня й сэлекцыі аднавілі від найбуйнешае йстоты ў Эўропе. Навукоўцы здолелі зрабіць цуд. Пад 1941 год у Беларусі ўжо быў статак сапраўдных дзікіх зуброў – 19 асобінаў. Цяпер пагалоўе зуброў у сьвеце складае 2 тысячы, блізу чэрці зь іх – у Беларусі. І гэта ад рысы поўнага небыцьця! Нідзе ў сьвеце падобныя праекты не завяршаліся гэтак пасьпяхова.
Натуральна, грандыёзныя праекты былі зрэалізаваныя па апошняй вайне. Гэта й адбудаваныя гарады зь велічэзнымі плошчамі, даўжэзнымі праспэктамі. Гэта й аднаўленьне энэргетыкі. Скажам, толькі за першае паваеннае пяцігодзьдзе былі пабудаваныя 20 электрастанцыяў! Альбо: за той жа тэрмін збудавалі 12 рачных вэрфяў і расчысьцілі для суднаходзтва 3 тысячы кілямэтраў рэк!
Што да праектаў, якія так і засталіся ў праектах, дык самым вялізным быў праект Балтыйска-Чарнаморскага каналу. Паводле яго пад затапленьне траплялі 15 раёнаў Беларусі, а сам канал мусіў пралягаць праз Салігорск. Гэта каб грузіць калійныя ўгнаеньні і – проста ў мора! Каб так сталася, Эўропа ператварылася б у выспу, у літаральным сэнсе. А беларускія дзеці панамкамі махалі б трансатлянтычным ляйнэрам, што праплывалі б праз родны край. Але не хапіла грошай. Ня зьдзейсьніўся й іншы калясальны праект – абвалаваньня Прыпяці й татальнае мэліярацыі Палесься. Ізноў забракавала сродкаў. Ці можа прыслухаліся да бурных "перастроечных" пратэстаў, як і ў выпадку зь Дзьвінскай ГЭС, якую хацелі паставіць на мяжы 80-х і 90-х, таксама добра затапіўшы ладныя кавалкі беларускай ды латвійскай земляў...
Было й колькі сымпатычных савецкіх праектаў. Напрыклад, праект рэгенэрацыі Верхняга Гораду ў Менску. Меліся адрадзіць ратушу, бажніцы, дзясятак даўно страчаных дамоў. "Увалілі" ўжо немалыя сродкі, адсялілі сотні сем'яў, падрыхтавалі будаўнічыя пляцоўкі, разьвесілі транспаранты з указаньнем тэрміну сканчэньня будаўнічых працаў: 1992 год. Каб зьдзейсьнілі своечасова, быў бы й сапраўды "праект стагодзьдзя", а Менск можна было б ставіць у адзін шэраг з Варшавай і Гданскам. Але... Дамы без гаспадароў пакрысе разбурыліся й канца будаўнічае валтузьні там не відаць дагэтуль. Сёньня наагул пастаўленая пад сумнеў мэтазгоднасьць аднаўленьня страчаных аб'ектаў. Сам "галоўны" беларускі рэстаўратар, спадар Бубноўскі цьвердзіць, што ацэньвае будаўнічыя работы ў Верхнім Горадзе "на троечку"...
Але многія савецкія праекты ўсё яшчэ вярэдзяць душы няўрымсьлівага беларускага чынавенства. Напрыклад, праект уласнае атамнае электрастанцыі. У 85-86-м гадох поўнай хадою распачалі былі працы ў пасёлку Дружны, што ў гадзіне пешае хады ад Рудзенску. Там аказалася балоцістая глеба. Зьбіраліся павывозіць яе, каб зрабіць бэтонную падушку... Затым, пасьля Чарнобыльскае катастрофы, прыдумалі зрабіць для энэргетыкаў цалкам бясьпечнае паселішча-бункер. Ані пра Рудзенск, ані пра Менск нават ня згадвалі. Каб, ня дай Бог, што якое, станцыя працавала б далей... Вы думаеце, гэты маразм закончыўся? Не! І дагэтуль не спыняюцца дасьледчыя й праектныя працы. Але гэтым разам АЭС плянуюць будаваць у Гарадку, на Віцебшчыне. Аргумэнты – шмат вады для тэхнічных мэтаў і малавата людзей. Маўляў, калі што адбудзецца, дык можа да Менску й ня дойдзе... Адчуваеце розьніцу ў падыходах савецкіх і цяперашніх беларускіх начальнікаў?... Хоць, Бог зь імі. Хай праектуюць. У гэтай улады грошай няма, а наступная можа будзе людчэйшаю...
Большасьць савецкіх гідраэлектрастанцыяў, такіх, як, скажам, "Дружба народаў" у Дрысьвятах, цяпер закінутыя й паламаныя. Рэкі, па якіх плылі караблі, паабмялелі, большасць суднавэфяў пазакрываныя. На асушаныя балаты трэба вазіць зямлю, каб нешта радзіла... У "краі вялікай хіміі", як "паэтычна" назваў Беларусь Мікіта Хрушчоў, штогод больш праблемаў са здароўем людзей. Дзякуючы ўсё той жа савецкай "хіміі", на вытвочасьці якой ледзь не штогод адбываюцца аварыі. Большасць савецкіх праектаў стагодзьдзя нічога, урэшце, не далі самім беларусам. Апроч, вядома, новых гарадоў ды шырокіх праспэктаў... Калійныя солі некуды вывозяцца, магутныя "БелАзы" працуюць немаведама дзе, хімвалакно купляюць там, дзе такую атруту вырабляць забаронена...
Але час няўмольна ляціць, і пакрысе блякнуць на сучасным эўрапейскім ці азіяцкім тле ўсе гэтыя праспэкты, аэрапорты, шкляныя вакзалы. Непапраўна старэе, зношваецца савецкае абсталяваньне на заводах-гігантах. Не кажу пра Наваполацкі, Салігорскі, Сьветлагорскі... ад якіх Беларусі болей хіба шкоды, чым карысьці. Сыходзіць у нябыт і ўся беларуская савецкая эстэтыка, што не знаходзіць сабе найноўшага кантэксту, як тая грувасткая, у пампэзнай ляпніне часоў сталіншчыны, закінутая электрастанцыя "Дружба народаў"... Наўрад ці хто сёньня шчыра можа захапляцца бязглуздым мэмарыялам у Берасьцейскай крэпасьці альбо добраахвотна пад'яжджаць да Кургану Славы... А самаму вялікаму габэлену мастака Кішчанкі так і не знайшлося месца. А як знойдзецца, дык гэта, бадай, асабліва нікога ня ўразіць.
А вось зь якім матэрыяльным даробкам Беларусь увайшла ў сусьветную гісторыю – дык з адроджаным зубрам. Яго павыбілі чужынцы, а ў беларусаў хапіла й дабрыні й розуму, каб перадаць гэты цуд прыроды нашчадкам. Дзякуючы зубру, ніхто ў сьвеце, з тых, хто знаёмы з драматычнай гісторыяй ягонага вяртаньня, ня скажа што Беларусь ня вартая ўвагі й пашаны...
(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі знайшоў у пераліку праектаў веку ў Беларусі ХХ ст. той, што сапраўды праслаўляе нашую краіну і народ – аднаўленьне зубра – чыста беларускую задуму, якая мае глыбокі гуманістычны сэнс і служыць сваёй зямлі і сваім людзям. Маючы такі досьвед зьдзяйсьненьняў – сваіх і чужых – мы можам разважаць і пра праекты будучыні, праекты ХХІ стагодзьдзя. Пасьля наслаеньняў разнастайных акупацыяў папярэдніх вякоў Беларусь можа шматкроць заявіць пра сябе не бэтоннымі спарудамі самых вялікіх вакзалаў, а менавіта аднаўленьнем зьнішчанага і страчанага. Скажам, адраджэньнем мовы ў шырокім ужытку, што наўпрост прывядзе да вядомасьці беларускае культуры ў сьвеце. Або – днаўленьнем сваіх гістарычных гарадоў – той самы Віцебск мог бы стаць мастацкім цэнтрам, вядомым у сьвеце, а ня проста глухім закутком Расеі, дзе нарадзіўся Шагал. Наперадзе – аднаўленьне страчаных рэдкіх жывёлаў у моцна зьдзічэлай апошнім часам беларускай прыродзе. Мы маглі б стаць краем драхвы і краем хахулі. Наўрад ці ў рэчышчы беларускага душэўнага поклічу будзе стварэньне самай вялікай у сьвеце рэтрансьляцыйнай мачты, або самай высокай навагодняй елкі, як гэта зрабілі нацыянальна завершаныя палякі і літоўцы. Безумоўна, самым галоўным праектам для нас стане фармаваньне самых сябе як паўнавартаснай эўрапейскай нацыі – са сваёй герархіяй каштоўнасьцяў, сваім акрэсьленым сьветапоглядам і ўяўленьнем пра сваё месца сярод іншых. Прывядзем у парадак сябе як нацыю, тады зможам гаварыць і пра грандыёзныя праекты на дзіва ўсяму сьвету. Галоўнае, што гэта ўжо будуць праекты не для кагосьці і чагосьці, а з думкай пра сваю зямлю, яе людзей, іхную будучыню, дабрабыт, здароўе і славу”.
|
|
|
|
|
|
|