news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Шматмоўе ў ХХІ ст.
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



18 Сакавіка 2001
 
Маральныя аўтарытэты: у беларусаў і ў суседзяў, раней і сёньня.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Цікава, што б вы адказалі, калі б я спытаўся пра вашыя маральныя аўтарытэты? Прадбачу сёньняшні разнабой і думаю, як усё ж шмат зьмянілася за апошнія дзесяць гадоў. У савецкай Беларусі часта і ахвотна ў такіх выпадках згадвалі Пятра Машэрава. Адзначалі ягоную абаяльнасьць, інтэлігентнасьць, нават самастойнасьць у палітыцы. Памятаю, падшпаркам я апынуўся ў нейкім сьвяточным натоўпе на Круглай плошчы, акурат, калі да народу падыйшоў Машэраў. "Ну, ці будзем сёлета з дажджом?" - запытаўся ён, зусім як той дэ Голь, які ў францускай вёсцы пытаўся ў сялянаў: "Ці ёсьць у вас вада?"

Машэраўскія самастойнасьць і дбаньне пра краіну напавер аказаліся блефам. На ягоным сумленьні русіфікацыя і ператварэньне Беларусі ў "зборачны цэх Саюзу", нібы наўмысна, каб ужо ніколі ня вырвалася, каб і ў думках не ўявіла сябе незалежнай. Тым ня менш, аўтарытэтам ён быў. І ніхто ў той кастрычніцкі холад не зганяў людзей у кілямэтровую чаргу да ягонае труны. Мабыць якраз за Машэравым беларусы канчаткова аформіліся як народ улады. Не рэлігіі і нацыянальнай традыцыі, а менавіта ўлады. Вось парадокс - маючы зусім бутафорскую дзяржаўнасьць, былі дзяржаўнікамі, не параўнаць зь сёньняшнімі, калі маем дзяржаўнасьць рэальную. А можа і няма тут парадоксу. Як той казаў, што маем - не беражэм, а толькі страціўшы - шкадуем.

Забягаючы наперад, скажу, што ў апытаньні менчукоў, якое мы падрыхтавалі для сёньняшняй перадачы, ніхто зь дзясяткаў выпадкова запыненых на вуліцы рэспандэнтаў не спаслаўся на маральны аўтарытэт улады. Калі ня браць на ўлік пару згадак таго ж Пятра Машэрава. Гэта ня значыць, што ў сёньняшніх беларусаў няма ў гэтай справе агульных прыярытэтаў. Але пра тое крыху пазьней.

Трэба мець на ўвазе неабсяжнасьць і адноснасьць пастаўленага пытаньня і самога паняцьця "маральны аўтарытэт". Нехта лічыць, што гэткім увогуле ня можа быць чалавек грэшны. А нехта пачне гаварыць пра зададзеную амаральнасьць палітыкі. І гэтак далей. Тым ня менш, мы зусім ня гэтак гаворым пра тое сёньня, як казалі б 10 і 20 гадоў таму. Гэта значыць, што нашыя ўяўленьні зьмяняюцца і паняцьце "маральнага аўтарытэту" дапамагае нам тыя зьмены выявіць ды лепей зразумець сябе як народ. Зь іншага боку, мы ня гэтак гаворым пра тое, як нашыя суседзі - літоўцы, расейцы, украінцы. І тут паняцьце "маральнага аўтарытэту" таксама дапамагае нам бачыць сябе ў люстэрку іншых адрознымі і самакаштоўнымі.

У літоўцаў за мінулыя 10 гадоў адбылося паступовае растрачваньне маральнага аўтарытэту, які меў Вітаўтас Лансбергіс. Якімі прамяністымі паглядамі сустракалі яны колісь лідэра "Саюдзіса"! А цяпер найчасьцей махаюць рукой. Праўда, мне думаецца, што тут - той самы прынцып: што маем - тое ня цэнім. Лансбергіс фактычна 10 гадоў кіраваў дзяржавай, памяняўшы свой маральны аўтарытэт на палітычныя мэты: дасягненьне і ўмацаваньне незалежнасьці, міжнародны прэстыж краіны, пераацэнка савецкага пэрыяду гісторыі. Усе гэтыя мэты дасягнутыя. У такіх выпадках маральны аўтарытэт чалавека перамяшчаецца з рэальнасьці ў школьныя падручнікі і робіцца набыткам будучых пакаленьняў.

А вось расейская сытуацыя. Здавалася б дзе й казаць пра маральныя аўтарытэты, дык гэта ў Расеі. Тэму працягне Сяргей Харэўскі”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Некалі ў "перастройку" ў сьценах пецярбурскай Акадэміі Мастацтваў мне давялося слухаць акадэміка Дзьмітрыя Ліхачова. Эрудыцыя і інтэлект - уражвалі. Ён мог казаць пра старжытнарускую літартуру, тэалёгію, мастацтва Бізантыі ці - толькі пра паркі пецярбурскіх ваколіц. Студэнтам моцна імпанавала ягоная заўсёдная сумнаватая ўсьмешка. Мы ведалі, што колісь яго арыштоўваў НКВД, і імкнуліся зьвесьці размову на ацэнкі камунізму. А ён унікаў гэтае тэмы і казаў нешта зусім іншае. "Я перажыў багата гістарычных падзеяў, нагледзеўся празь меру дзіўнага і хачу казаць адно пра расейскую інтэлігенцыю, не даючы ёй пэўнага вызначэньня, толькі разважаючы пра яе лепшых прадстаўнікоў... Інтэлігентнасьць – гэта інтэлектуальная свабода. Ня вольны інтэлігентны чалавек толькі ад свайго сумленьня й думкі сваёй...". Акадэмік шмат спасылаўся на Дастаеўскага, часам згадваў сваіх настаўнікаў і сяброў, зь якімі патрапіў у бальшавіцкі чысьцец. Але без трагізму... Ведаючы, што ён ніколі не хаваў сваёй рэлігійнасьці, мы, як наіўныя нэафіты, пыталіся, ці верыць ён у канец сьвету. Ён зноў усьміхаўся, азіраў слухачоў і ціха пытаўся: "Хто ведае, можа ён ужо й пачаўся? А?" Згадваў Ліхачоў Салжаніцына й Сахарава. Гэта ён нагадаў нам, што Андрэй Сахараў быў першым, хто пасьля вайны публічна выступіў супраць сьмяротнае кары. Да Салжаніцына акадэмік ставіўся нібы іранічна, хоць адзначаў, што той напісаў вартыя ўвагі рэчы. Цяпер я, бадай, разумею, скуль бралася іронія. Ліхачоў быў чалавекам амаль бездакорнага густу і любіў Дастаеўскага. Калі ж Салжаніцын зьяўляўся на тэлеэкране і ўсяляк дэманстраваў сваё зьнешняе падабенства з Хведарам Міхайлавічам, нават сурдут і позу абіраў рыхтык як на партрэце Пярова, гэта не магло яго не сьмяшыць.

Тады, напрыканцы 80-х, імёны Сахарава, Салжаніцына й Ліхачова згадваліся амаль увесь час побач і ў адным кантэксьце. Ім верылі – безалядна. І калі Гарбачоў зганяў Сахарава з трыбуны пад ухвальны гул Вярхоўнага Савету, у большасьці гледачоў заставалася прыкрае адчуваньне. Чытаючы Салжаніцына, таксама верылася і спачувалася яму, а не ягоным апанэнтам. Бо апанэнты былі збольшага палітычныя, а не літаратурныя.

Да гэтае тойцы, Сахарава, Салжаніцына й Ліхачова ставіліся як да заступнікаў. Ім пісалі з усіх куткоў імпэрыі. Напрыклад, Ліхачову скардзіліся на руйнаваньне помнікаў, унікальных ляндшафтаў, на лядашчы стан бібліятэк... І ён дбаў пра ўсе гэтыя звароты.

Пасьля раптоўна ня стала Сахарава. Хадзілі чуткі, што ён памёр ня сам, а зьвялі яго са сьвету за праўду. Дзіўна арганізаваная расейская душа! Памерлых пакутнікаў шануюць недараўнальна больш за жывых. Але й забылі яго даволі хутка...

Нечакана расчараваў Салжаніцын. Шматмільённы наклад ягонае брашуркі "Як нам уладкаваць Расею" разьляцеўся ўмомант, але пакінуў збольшага сьмешнае ўражаньне. А цяпер - хто возьме ў рукі ягоную апошнюю кнігу "Расея ў абвале"? Пра тое, што ў "абвале", гавораць у тэлевізары й без Салжаніцына.

Пад канец свайго сумленнага й драматычнага жыцьця зьдзівіў Ліхачоў. Ён заўсёды падкрэсьліваў сваё простае паходжаньне, а тут пачаў дамагацца сустрэчаў зь Ельцынам, каб давесьці патрэбу рэстаўрацыі манархіі, прысьвяціў гэтаму колькі публічных выступаў. Думалася - прыхамаць старога чалавека, узорнага арыстакрата духу.

Усё ж безь ягонае ўсьмешкі нешта непапраўна пачало зьнікаць у Расеі. Зрэшты, як і бяз Сахарава, і бяз колішняга, ранейшага Салжаніцына. Паводле роспытаў Сёньня ў Расеі найбольш давяраюць іншай тройцы: Царкве, Прэзыдэнту і Арміі. Тры новыя маральныя аўтарытэты. А Пецярбург, дзе я некалі слухаў лекцыі акадэміка Ліхачова пра страсьвецкія паркі, называюць цяпер ня йначай, як бандыцкай сталіцай Расеі”.

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі кажа, што ня тыя цяпер у Расеі маральныя аўтарытэты. Верагодна, правядзі мы такое апытаньне на маскоўскай вуліцы, атрымалі б сотні імёнаў. Называлі б бардаў і паэтаў-шасьцідзясятнікаў, служкаў царквы і дэпутатаў Думы, знайшлося б месца і для нашай зямлячкі сп. Навадворскай, і для Аслана Масхадава. Але пэўнае тое, што сумленьнем нацыі ня стаў бы нехта адзін. Можа быць, гэта сьведчыць пра заняпад расейскай саборнасьці і ператварэньне звышцэнтралізаванае імпэрыі ў звычайную краіну.

А пра што тады сьведчыла б наяўнасьць для народа аднаго маральнага аўтарытэта? Хіба пра ўсеагульную маральную мабілізацыю?

Апынаючыся за мяжою, людзі рэдка заводзяць гаворку пра маральныя аўтарытэты. А калі й заводзяць, дык тады, калі імкнуцца разабрацца ў зблытаных, крызысных падзеях. Такіх, да прыкладу, як цяпер ва Ўкраіне. Нядаўна на запрашэньне тамтэйшых змагароў за праўду ў Кіеў езьдзілі беларускія музыкі. Простае праўды яны там не знайшлі, затое яшчэ раз знайшлі сябе. Тую паездку фільмаваў на відэакамэру наш калега Віктар Корзун. Яго я й папрасіў распавесьці пра страсьці на Хрэшчатыку”.

(Віктар Корзун: ) “Сёлетні Кіеў не гатовы да цёплай сустрэчы - на вакзале халодна і ветрана. Кіеў заняты сваімі праблемамі - ён супраць забойства журналіста Гангадзэ, супраць Прэзыдэнта Кучмы і інстытуту Прэзыдэнства ўвогуле. Цікава, за што ён?

Львоўскія сябры адразу выдаюць табе чорную хустку - бандан, зь белым надпісам "За праўду" - менавіта так завецца палітычная кампанія. Ветлівасьць не дазваляе схаваць бандан у кішэню і прадэманстраваць тваю нелюбоў да ўніформы, тым больш ты па праўду і прыехаў.

Акцыя адбываецца ў самым цэнтры Хрэшчатыка, дзе апазыцыйныя лідэры ладзяць мітынгі, дэманстрацыі, канцэрты, раздаючы ўлёткі і такія самыя банданы. Тут - палатачны гарадок і часовая сцэна для выступаў. Ты ўзьбіраесься на нейкую тумбу, каб было бачна ўсё. Агульны плян - традыцыйная карцінка: шэрае тло і стракаценьне сьцягоў. Круціш аб'ектыў, каб наблізіцца і ўбачыць дэталі. Чорна-чырвоны знак УНА-УНСО на рукаве ахоўніка, бліскучыя мужчынскія вочы над чорным банданам, камуністычная чырвань і фрагмэнт пыжыкавай шапкі, сьвежае дрэва муляжа-шыбеніцы, зялёна-жоўта-сіне-фіялетавыя валасы пад навушнікамі плэера, ук-ра-інс-кі кам-са-мол, усе колеры вясёлкі на народным строі... І раптам - сьветлы твар маладога чалавека ў чорнай жалобнай рамцы. Гэта сівыя бацькі трымаюць здымак забітага сына Гіі. Яны нічога ня бачаць і нічога ня чуюць. Ня чуюць выгукаў пратэсту, ня чуюць тэкстаў маніхвэстаў, заклікаў, ня чуюць заежджага замежнага барда, што сьпявае не замоўленую песьню пра прэзыдэнта, які мусіць ісьці дамоў, а штосьці ціха-ціха пра Бога, зьнямелую краіну, паратунак.

А пасьля - чаканая гарачая кава, цяпло ўтульнай кватэры, залацісты армянскі каньяк, нястройныя сьпевы народных песень, пакрыўджаны на ўвесь сьвет, але не на цябе ўродзец-сабачка і ... пытаньні.

- Скажы мне, анархіст, рокер, гіпі са Львова, што ты адчуваў на сцэне, калі цябе справа ахінаў чырвона-чорны штандар украінскіх нацыяналістаў, а зьлева небясьпечна калола бліскучае навершша зь сярпом і молатам?
- Ці не было ў цябе адчуваньня, што выступоўцы перапісвалі проста перад выхадам на сцэну свае нарыхтаваныя прамовы, мяняючы ці выкрэсьліваючы вінаватых, каб не пакрыўдзіць наступнага аратара?
- Скажы, што адчувалі бацькі Гіі, бачачы проста перад сабой бутафорскую шыбеніцу?

Так паступова ты падбіраесься да галоўнага пытаньня:

- Ці ня дзіўна, што сярод падпісантаў Мініхвэсту ёсьць народныя дэпутаты, кіраўнікі партыяў, мэры гарадоў, рэдактары газэт, навукоўцы, адзін генерал-лейтэнант, адзін кінарэжысэр і - ніводнага пісьменьніка? Каму зь іх ты давяраеш?

Адказам гучыць пытаньне:

- А каму ты давяраеш?

Не зьміргнуўшы вокам, ты кажаш пра тое, што ў вас прынамсі ёсьць Быкаў, і бачыш скрушную ўсьмешку, маўляў, сапраўды ёсьць, але ж тое - у вас...

Наступным вечарам, пабадзяўшыся ў горадзе і набыўшы ў букінісьце стары томік драматургіі Івана Франко, ты зьяжджаеш з Кіева, каб здаля даведацца праўду пра незразумела-супярэчлівую сытуацыю ва Ўкраіне пад самы разгар палітычнага крызысу”.

(Сяргей Дубавец: ) “Гэткі прарыў, які Віктар Корзун зрабіў на ўкраінскім фронце, усё ж такі не нечаканасьць. Васіль Быкаў як сумленьне нацыі і маральны аўтарытэт беларусаў - гэта даўняя аксіёма. Іншая рэч, што зьяву такую варта было б прааналізаваць. Што гэта значыць, калі большасьць людзей сыходзяцца ў найвышэйшым прызнаньні аднаго супляменьніка, які ўжо даўно не ўспрымаецца адно як майстар слова. Быкаў - сымбаль, знак, пароль. У сваім духоўным выстойваньні і ачышчэньні беларусы перагукваюцца словам "Быкаў". Яно як сыгнал трывогі і як доказ таго, што на сваім трэба стаяць упарта і да канца.

Між іншым, і апытаньне людзей на менскім праспэкце Скарыны з трывалай частатой адгукалася гэтым словам. Усё ж вялікая справа - прамаўляць "Быкаў" з гонарам за свой народ, не рызыкуючы, што цябе нехта недачуе, не зруземее або паставіцца да цябе зь недаверам. Але прынесла гэтае апытаньне і яшчэ адзін вынік, можа быць, больш нечаканы, але ня менш важны, у сьвятле якога чалавечы вулічны натоўп раптам стаў выглядаць крыху па-іншаму.

Апытаньне на менскім праспэкце праводзіў Зьміцер Бартосік.

- Хто для Вас зьяўляецца маральным аўтарытэтам?
- Асабіста для мяне - мая мама, мой бацька...
- У Беларусі ў мяне няма маральнага прыкладу.
- А па-за Беларусяй?
- Ой, трэба падумаць. Ну, дапусьцім, тыя ж штатаўскія кіраўнікі. Потым - японскі прэм'ер, які, калі гуляў у гольф, і яму далажылі, што судна бамбанула амэрыканская падлодка, зараз пайшоў у адстаўку. Гэта для мяне прыклад...
- Бітлз...
- Маральным? Здаецца, адзін чалавек для мяне толькі маральным. Гэта Пазьняк Зянон. Гэта найвышэйшай катэгорыі чалавек... Кастусь Каліноўскі... Змагаўся за нашу волю. Маральны для мяне чалавек вельмі высокага кшталту - гэта Васіль Быкаў...
- Ну гэта, напэўна, людзі спорту, як мне здаецца. У іх яшчэ з маральлю больш-менш нармальна...
- Для мяне маральным аўтарытэтам зьяўляецца Зянон Пазьняк. Прынцыповы, адстайвае сваю думку...
- Толькі мае блізкія...
- Для мяне заўсёды як сымбаль былі і ёсьць бацька і маці. Родная зямля. Я сама з Палесься. З Гомельскай вобласьці, Хойніцкі раён, вёска Глінішчы. Можа, чулі? Радзіма пісьменьніка Івана Паўлавіча Мележа. А я ягоная родная сястра, малодшая... А бацькі ў нас цудоўныя былі...
- Вы ведаеце, напэўна, мой бацька - маральны аўтарытэт. Але ён, на жаль, не зьяўляецца ні палітыкам, ні пісьменьнікам, ні кім Вы там яшчэ называлі...
- Васіль Быкаў... Уладзімер Арлоў... Ісус Хрыстос...
- А Вы што можаце сказаць?
- Я далучаюся да думкі майго сябра. Для мяне таксама маральным аўтарытэтам зьяўляецца Васіль Быкаў. Зь беларусаў. А зь небеларусаў я б адзначыў, напрыклад, Маці Тэрэзу. Ці Папу Рымскага Яна Паўла ІІ-га. Таксама чэскага прэзыдэнта. Але і ў Беларусі ёсьць. Напрыклад, Ларыса Геніюш...
- Спартак. І Жана Д'Арк. Яна казала: "Калі ня я, то хто?"
- Бацькі нашыя. На жаль, іх ужо няма...
- Джон Стэйнбэк...
- Марк Нопфлер, лідэр групы "Дайр стрэйтс". Шукаць маральныя аўтарытэты ў палітыцы - справа, якая ні к чому ўсё роўна не прывядзе. Бо ў палітыцы, як такой, маралі няма. А ў музыцы ўсе маюць роўныя шанцы...
- Э-э-э-э-э... Талстой Леў Мікалаевіч. Ой, почакайце. Хто напісаў "Войну і мір"?
- Талстой.
- Леў ці Аляксей?.. Вось, Леў Мікалаевіч.
- Перад усім Рэмарк. І яшчэ Булгакаў. Сярод беларусаў гэта Быкаў. Мне вельмі спадабаўся ягоны твор "Знак бяды". Калі я чытала гэты твор, я плакала. Быкаў, мне здаецца, самы моцны пісьменьнік сярод беларусаў.
- Бацька. Мой бацька.
- Падумаць трэба... Дарэчы, маральны аўтарытэт пабег. Спадар Шчукін. На гэтым пятаку ўсё можна ўбачыць. Адзін з маральных аўтарытэтаў... У розных сфэрах ёсьць розныя маральныя аўтарытэты. Таму што кожная прафэсія патрабуе сваёй маралі...
- Ісус Хрыстос. Мая жонка так гаворыць: "Будзь падобен, старайся на яго, і тады ў нас дома будзе ўсё вельмі добра... “

(Сяргей Дубавец: ) “Маральныя аўтарытэты - маці і бацька. Мой калега пасьпяшаўся патлумачыць гэткія адказы грамадзкай пасіўнасьцю людзей, іхнай недасьведчанасьцю і наагул - нясталасьцю. Па-свойму, ён меў рацыю. Толькі ж бачыцца ў гэтых адказах ня дробны нэгатыў, не правакацыя інтэлігенцкае скаргі на цемнату народную, а наадварот - вялікі пазытыўны зьмест. Яшчэ адно пацьверджаньне дзіцячага веку нацыі і яе несапсаванасьці. Што тут казаць, без шанаваньня бацькоў непраўдзівая будзе і пашанота да куміраў. Дзьве тэзы ў беларускіх культурніцкіх колах вядуць спрэчку між сабою: тэза пра заняпад і дэнацыяналізацыю беларусаў і тэза пра нараджэньне або сталеньне нацыі. Гаворачы сёньня пра маральныя аўтарытэты, мы атрымалі доказы на карысьць другой. У маім разуменьні гэткая пашана да сваякоў, да сям'і зьвязваецца з вынікамі нядаўняга перапісу, дзе сэнсацыйная колькасьць беларусаў заявіла, што дома гаворыць па-беларуску. Усё гэта рэчы вельмі раньнія, але трывалыя. Міжволі параўноўваю ідэалы з вопраткай, як тое рабіў яшчэ Багушэвіч, кажучы пра мову - адзежу душы. За мінулыя 10 гадоў наш народ памяняў Машэрава на ўласных бацькоў, нібы той вылінялы пасьля зімы заяц, што пераапранае белае раскошнае футра на шэрае, затое новае і сваё”.




archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.