|
|
6 Траўня 2001
|
Пасаджэньне на кол – ІІ. Ідэалёгіяя арыстакратызму і рэчаіснасьць з панаваньнем казаччыны і амаралізму. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец |
|
У мінулай перадачы мы гаварылі пра пасаджэньне на кол -- адмысловую сьмяротную кару і гістарычны вобраз, што нядаўна нечакана актуалізаваў кіраўнік РБ. Ён заявіў пра "іх", якія яго пасадзяць на кол. Мы высьветлілі, што ў беларускай гісторыі на кол саджалі злачынцаў толькі адной катэгорыі, а менавіта, казакоў. У часе набегаў на Беларусь казакі вызначаліся асаблівай нялюдзкасьцю ў дачыненьні да мясцовага народу -- старых, жанчын, немаўлят. Ня дзіва што іх самых -- казакоў -- лічылі недалюдзьмі. Безмаетныя і бесьсямейныя, яны ня бралі палону, бо ня мелі права і патрэбы ў рабах, і не захоплівалі, не акупавалі гарады, бо таксама ня мелі права і намеру тут гаспадарыць, а таму толькі нішчылі ўсё і ўся. Пакідаючы пасьля сябе пустату. Недалюдкам і пакараньне было вызначана зусім нялюдзкае, невысакароднае -- пасаджэньне на кол. Сёньня мы працягнем гэтую тэму, але гаварыць будзем ужо не пра тых, каго саджалі на калы і з кім вольна ці міжвольна атаясаміў сябе першы прэзыдэнт, а пра тых, ХТО саджаў -- пра тых загадкавых "іх", якія спынялі няпрошаныя набегі, каралі злачынцаў і вярталі край да цывілізацыі і парадку, як бы цяпер сказалі -- у канстытуцыйнае поле.
Пару дзён таму мне давялося адказваць на пытаньне пра беларускі нацыяналізм -- што гэта такое сёньня? За мінулыя 10 гадоў тэрмін настолькі расьцярушыўся, што сабраць яго ў нейкую адназначнасьць немагчыма. Сытуацыя ўвогуле знаёмая. Я згадваю Жана Поля Сартра, пачынальніка экзыстэнцыялізму, які ўрэшце адмовіўся прызнаваць сябе гэткім, бо экзыстэнцыялізму і экзыстэнцыялістаў стала процьма і ўжо немагчыма было ўцямна растлумачыць, што ж гэта такое. Штосьці падобнае адбылося зь беларускім нацыяналізмам. Ён за гэты час нікуды не прапаў, ён, наадварот, пашырыўся, але каб выказаць ягоную сутнасьць, патрэбныя ўжо іншыя словы. Я спыніўся на слове арыстакратызм.
Менавіта арыстакраты вякамі праводзілі ў Беларусі цывілізаваны парадак, будавалі гарады, адкрывалі ўнівэрсытэты. Менавіта арыстакраты спынялі тыя казацкія набегі і каралі недалюдкаў на калах. І калі мы працягнем прапанаваную першым прэзыдэнтам паралель, дык прыйдзем да высновы, што менавіта арыстакратызму бракуе сёньня беларускаму грамадзтву.
З чаго складаецца беларускі арыстакратызм? Каб высьветліць гэта, я прапаную зрабіць невялікі экскурс у гісторыю, але экскурс, так бы мовіць, наадварот. Паспрабаваць у мінуўшчыне разгледзець цяпершчыну. Сёньняшняе грамадзтва -- гэта ўсяго толькі працяг колішняга. Цягам гісторыі яно растраціла свае ўнутраныя сілы, сваю волю да жыцьця, сваю самабытнасьць, але можа і вярнуць іх, калі будзе падпарадкоўвацца сваёй жа ўнутранай лёгіцы разьвіцьця і ведаць, адкуль прыйшло.
Зрабіць гістарычны экскурс мне дапаможа Сяргей Харэўскі.
(С.Харэўскі: ) "Вобраз беларускага арыстакрата вельмі розьніцца ад падобных вобразаў у Заходняй Эўропе, а пагатоў у Расеі. Шляхта ў Вялікім Княстве паводле розных падлікаў складала пад 15 з гакам адсоткаў. Гэта быў найвышэйшы паказчык сярод усёй Эўропы. Адпаведна ў той ці іншай ступені большасьць сёньняшніх беларусаў, пераплаўленых у гуце ХХ стагодзьдзя, носіць у сабе пырскі шляхецкае крыві.
За часамі станаўленьня Вялікага Княства нашае шляхецтва набрыняла комплексам спэцыфічных ідэяў, што прынята называць "сарматызмам". Па-першае, яны ўважалі сябе сама меней за рыцараў Хрыста, што вартуюць веру на яе апошніх межах, за якімі пачыналіся "тартары" – неаглядныя й варожыя эўразійскія абшары. Натуральна, што абаронцам Веры мог быць адно homo militans, то бок чалавек збройны, які зь дзяцінства не разьвітваўся з шабляю. За часоў Рэчы Паспалітае толькі шляхта мела права насіць зброю. А за тое ёй даваўся выключны прывілей – толькі яна мусіла бараніць сваю дзяржаву, праліваючы сваю кроў. З таго вынікала амысловая сыстэма выхаваньня хлапчукоў. Яны найперш павінны былі быць спрытнымі ды зухавымі ваярамі. Брак фізычнае моцы павінен быў кампэнсавацца ўмельствам страляць ды фэхтаваць. Пацы, Сапегі, Радзівілы, Храптовічы, Агінскія з трох гадоў сядалі ў сядло й бралі ў рукі зброю.
Беларуская шляхта сьцьвярджала пра сваё паходжаньне наўпрост ад сарматаў, качавых іранскіх плямёнаў Прычарнамор'я. На мяжы XVII й XVIII cтагодзьдзяў сараматызм стаў зброяй і лекамі супраць касмапалітызму ў культуры, то бок супраць вонкавых упляваў як з Усходу, так і з Захаду. Праўда, беларускія арыстакраты ахватней атаясамлівалі сябе з рымлянамі. Праціўнікі вуніі з Польшчаю бурчэлі: "Ляхове не была шляхта, а людзі простыя, ані мелі гэрбаў сваіх, але мы шляхта старая, рымская".
Нешта падобнае мы можам знайсьці адно на супрацьлеглым краі Эўропы, у Гішпаніі. Дасьледчыкі культуры шматкроць зварачалі ўвагу на незвычайнае падабенства ня толькі ідэалёгіі, але й мастацкіх формаў між намі й Гішпаніяй. Пры тым, сьведчаньняў простага ўзаемаўплыву няшмат. Але цэлыя жанры, напрыклад, партрэты арыстакратаў, маюць проста невераемнае падабенства... Гішпанскія ідальго гэтаксама пачувалі сябе рыцарамі Хрыста на мяжы эўрапейскае цывілізацыі, гэтаксама надавалі вялізную ролю вайсковаму й фізычнаму выхаваньню, гэтаксама выводзілі свой паўмітычны радавод ад готаў і рымлянаў. Ідальго, як і наша шляхта, складалі вялікую частку насельніцтва. Што праўда, гэтая частка моцна скарацілася ў Гішпаніі пасьля ад'езду на канкісту ў калёніі.
Беларуская шляхта скарачалася ў бясконцых войнах на ўласных межах. Адно згадаць – напрыклад, у XVII стагодзьдзі было толькі 32 мірныя гады. Дзіва што цэлыя рады homo militans зьвяліся ў тых несупынных войнах. Не пайсьці на вайну, альбо адкупіцца, як тое практыкавалася ў большасьці заходнеэўрапейскіх краінаў, было немагчыма. Бо менавіта коштам свае рыцарскае крыві арыстакратыя Рэчы Паспалітае аплочвала свае правы на вольнасьць і рэспубліканскі лад. Калі ў Францыі кароль Людовік XIV мог сказаць: "Дзяржава – гэта я!", дык у нас гэта з поўным правам мог сказаць кожны шляхціц. І тыя, абраныя шляхтаю, каралі былі вартыя свайго рыцарства. Сьцяпан Батура біўся сам у сечах і на зуброў паляваў сам. А пра Яна Сабескага, які разьбіў туркаў пад Венаю, наогул хадзілі легенды. Ён кіраваў гусарамі, летучы наперадзе іх у той вялікай сечы, што прадвызначыла лёс Эўропы. Няўжо ж тым, хто абіраў сабе гэткіх каралёў, можна было хавацца за іхнымі сьпінамі?"
(С.Дубавец: ) “Сарматызм як ідэалёгія адметнасьці. Сапраўды, для старавечнага беларуса было б недарэчнасьцю пагаліць вусы, надзець панталёны і парык, як гэта практыкавалася на Захадзе. У нас для стварэньня адметнасьці ўжываліся самыя неверагодныя фантазіі і кампіляцыі з каўкаскіх, пэрсыдзкіх, турэцкіх матываў. Адныя слуцкія паясы чаго вартыя! Для тагачаснае Эўропы -- чыстая экзотыка. Але мы не такія, як яны. Вось ён -- сярэднявечны беларускі нацыяналізм. Сёньня ён зусім стыхійна і прыродна выяўляецца ў схільнасьці да мілітарнае вопраткі -- паэт Славамі Адамовіч тут яскравы прыклад. Або ў пошуку якіх-небудзь кельцкіх каранёў. Важна што мы не такія. Мы не славяне. Вунь ажно адкуль ідзе гэтае адмаўленьне славяншчыны. Цяпер мы балты. Мы працівімся арынтацыям Расея -- Захад. Нам бліжэй Балтыя – Каўказ”.
(С.Харэўскі: ) “Яшчэ адным складнікам ідэалёгіі беларускае арыстакратыі была Зямля. Bene natus et posessionatus – высакародны землеўласьнік – вось ідэал рыцара! Колькі б тае зямлі ні было, яна мусіла быць. Нават каб і самому давялося "высакародна араць сваё поле". Магнаты ж куплялі зямлю па ўсёй краіне, ад краю да краю. Пачуцьцё годнасьці было проста неаддзельным ад зямлі. Астах Валовіч ці Леў Сапега, пры тым, што былі адважнымі ваярамі, выдатна разьбіраліся ў аграрных пытаньнях, кіравалі складанымі зямельнымі рэформамі. Тыя, хто праліваў сваю кроў за сваю зямлю, умелі яе й цаніць і гаспадарыць на ёй. Родавае гняздо, маярат быў каштоўнасьцю выключнай. За яго трымаліся да апошняга, яго багомілі, рамантызавалі. Зямля продкаў у літаральным, вузкім сэнсе. Можаце сабе ўявіць, якія пачуцьці, напрыклад, мусілі казытаць душы ўладальнікаў сядзібы ў Мосары, што на Глыбоччыне, калі яшчэ ў міжваенным часе на фасадзе была каменная табліца ў гонар наведваньня яе Сьцяпанам Батурам, калі той ішоў паходам на Пскоў... Не было заганаю й ўласнымі рукамі корпацца ў зямлі. Наадварот! Яшчэ бацькі Фэрдынанда Рушчыца, графскага паходжаньня, разам з сынам самі выбіралі бульбу, поруч з сялянамі. І зусім ня зь беднасьці, а з... арыстакратызму”.
Хлапчукоў у 7-8 гадоў бацькі адрывалі ад мацярок й навучалі гаспадараньню й паляваньню. Хоць, што праўда, у бацькоў гэта не заўжды выходзіла. Бо чарговы покліч вёў іх у паход. І ролю мужоў у выхаваньні хлапчукоў пераймалі жанчыны. Гэтак сталася нават з будучым каралём, Янам Сабескім. Ягоную маці шляхта ўважала гэтаксама за рыцара (ці то рыцарку), як яго самога.
Панятак безьзямельнае шляхты зьявіўся вельмі позна, толькі ў XVIII стагодзьдзі, у выніку ўсё тых жа войнаў. Баючыся пазбыцца свайго шляхецтва гэтыя бедакі змушалі дзяцей вучыць на памяць усю сваю генэалёгію, каб не прапасьці. А масава шляхта пазбылася зямлі толькі ў выніку расейскае акупацыі. Ад таго моманту мара пра зямлю стала яшчэ адным неад'емным складнікам шляхецкага мэнталітэту..."
(С.Дубавец: ) “Мілітарнае выхаваньне таксама стыхійна прабіваецца зь сёньняшніх беларусаў. Яго няма і як бы мэты яму няма, але прырода ці голас крыві патрабуе. Неўсьвядомленая гістарычная лёгіка. Так ствараюцца суполкі "Край", "Белы легіён" і падобныя. Не заўсёды толкам ведаюць нават -- навошта. Але сэрца падказвае. Калі ж глядзець на сярэднявечныя вытокі гэтых падказак, дык убачым, што ўменьне ваяваць патрэбнае на тое, каб бараніць сваё майно, найперш -- сваю ўласную зямлю. Ці ня ў гэтым сакрэт доўгага існаваньня Вялікага Княства без усялякіх дыктатураў і валюнтарызмаў. Землеўласьнікі -- вось хто быў апірышчам краіны. Іхная згода ў абароне правоў на зямлю была вышэй за ўсялякія іншыя раздоры і адрозьненьні. Мне малюецца ідылія сёньняшняя -- ідылія адраджэньня арыстактарызму. Вось тыя краёўцы, кожны набывае сабе закінуты хутар і закладае маёнтак. Важная дэталь -- у поўнай згодзе з прыродным беларускім індывідуалізмам. Пры цяперашніх коштах і матарызацыі ўсё гэта ўявіць сабе няцяжка. Такая сабе база новае шляхецкае салідарнасьці, якая мацуецца на зьездах-сойміках. Хто дужэйшы і разумнейшы, той большага дасягае посьпеху. Каб абараніць свае соткі, дастаткова і дубальтоўкі. А каб адстаяць правы на тысячу гектараў з высокатэхналягічнай вытворчасьцю на іх, спатрэбіцца сваё войска і сваё лёбі ў парлямэнце. Толькі ж пачынаецца ўсё з малога. Ужо дзяцей сваіх яны пашлюць у эўрапейскія ўнівэрсытэты. А самі стануць заснавальнікамі новых беларускіх фаміліяў”.
(С.Харэўскі: ) "Наступнай адметнасьцю нашае арыстакратыі была яе адносна высокая адукаванасьць. Прынамсі, кожны шляхціц, нават шарачок быў пісьменны. Мала таго, неад'емнай часткаю адукацыі з XVI стагодзьдзя стала лаціна. "Я шляхціц, я гавару на лаціне",-- лямантаваў шляхціц у лапцях, калі яго раптам блыталі з кім іншым. Магнатэрыя пагатоў рупілася пра выхаваньне нашчадкаў. Радзівілавых дзяцей навучаў Сымон Будны, які для іх пераклаў Катэхізіс па-беларуску. А Мялеці Сматрыцкі выхоўваў дзяцей князя Саламярэцкага, між іншым, езьдзячы зь імі па нямецкіх унівэрсытэтах. Той самы Януш Радзівіл, які саджаў на калы казакаў, вучыўся дзецюком у лепшых унівэрсытэтах Ангельшчыны, Нямеччыны, Нідэрляндаў ды Францыі.
Натуральна, чым вышэйшы быў род, чым большая была яго адукванасьць, тым меней увагі надавалася рэлігійным звадкам. Бойкі на рэлігійнай глебе былі справаю чэрні й шалёнага сьвятарства. Арыстакратыя заўсёды знаходзіла між сабою агульную мову, не зважаючы на розьніцу вызнаньняў. Напрыклад, Ганна Стацкевіч-Багданава, якая фундавала ў Менску царкву й брацтва Пятра й Паўла (што на Нямізе), прызначыла апекунамі гэтага асяродку, у 1618 годзе, вядомых магнатаў... кальвіністаў: Януша Радзівіла, Марціна Валадковіча, Яна Агінскага, Юрыя Тышкевіча ды колькі іншых. Маўляў, у гэткім выпадку пратэстанцкая арыстакратыя будзе аб'ектыўнаю й абароніць праваслаўных. Альбо вось яшчэ прыклад. Зь ліста вялікага канцлера Льва Сапегі, каталіка, да гэтмана Канстанціна Астрожскага, праваслаўнага:"Як каталікам мала будзе карысьці ад вашага злучэньня, так і ніякай страты, калі вы застанецеся па старому ў вашым аддзяленьні.... Усё гэта няхай застанеццца пры вас. А навошта ж, аднак, лаяць Папу, называць яго антыхрыстам, ворагам Сына Божага, ганіць каталікоў?..." Як бачым, гэта заклік да ўзаемапавагі. Гэта быў узровень палемікі "паноў-братоў", якія плячом да пляча было стаялі супраць агульных ворагаў.
Паміж мужчынамі-арыстакратамі, ня гледзячы на ўсё іхнае братаньне, існавала складаная сыстэма герархіі й адпаведнага этыкету. Перад кім здымаць шапку, каму ціснуць руку, а каму цалаваць, каму ківаць, а перад кім складацца да зямлі – гэта была мудрагелістая навука. Пагатоў, трэба было дакладна ведаць тытулы, званьні, заслугі. Гэта вывучалася ў паходах і на соймах. Памылковае прывітаньне было абразаю.
Істотным складнікам беларускага арыстакратычнага мэнталітэту было падкрэсьлена паважлівае стаўленьне да кабетаў. Тут было мала падабенства да куртуазнае культуры Заходняе Эўропы, пагатоў да расейскага дамастрою. У нашых "сарматаў" усё выходзіла натуральна. Шляхціц, які вяртаўся з татарскага палону ці з паходу на швэдаў, быў зусім не гатовы да сэрэнадаў ці да букетаў. Не вучылі куртуазнаму абыходжаньню ані ў сям'і, ані ў школах. А вось ліставаньне ўхвалялася. Нашая арыстакратыя пакінула немалую эпісталярную любоўную спадчыну. Насамрэч, як яшчэ можна было кантакатваць з каханымі, па дзясятку гадоў не пакідаючы сядла?
Разам з тым, усе ключы ад гаспадаркі былі ў жаночых руках. Жанчыну (бабцю, маці, жану) блізу што багомілі, раўнуючы іхны цнатлівы вобраз з Паннай Марыяй. Менавіта жанчыны перахоўвалі старыя звычаі ды сямейныя паданьні. Ва ўмовах, калі большасьць мужчынаў непазьбежна гінула ў росквіце сілаў на войнах, на жанчыну лягаў увесь цяжар клопату за дом і за дзяцей. Каб у сьвет пайшло чарговае пакаленьне арыстакратаў, homo militans, высакародных землеўласьнікаў, якія будуць бараніць сваю дзяржаву й сваю зямлю".
(С.Дубавец: ) “Усё сказанае і ўбачанае ў сёньняшніх рэаліях выглядае больш на фантазію. Ня так проста прасякнуцца ідэалёгіяй арыстакратызму, калі навокал пануе казаччына зь яе амаралізмам. Зь іншага боку, гісторыя ясна паказвае нам нас самых і тое, чаго нам сёньня бракуе. Ёсьць праекцыя казацкага набегу, але няма праекцыі арыстакратыі. У нас падсьведама шукаюць гэткую сілу, а яе відавочна трэба ствараць. І наўрад ці выседзіш яе ў менскіх кватэрах, на інтэлігенцкіх кухнях. Нашыя продкі пакінулі нам вякамі сьпеленую ідэалёгію. І рэч ня столькі ў нашых генэалягічных табліцах, колькі ў адпаведнасьці сваёй чалавечай прыродзе.
Неяк у вёсцы я крыху паэкспэрымэнтаваў. Аглядаючы прыгожы і добра дагледжаны грушавы сад, сказа гаспадару:
-- Ну ты арыстакрат! Адразу відаць -- беларус.
З погляду ў адказ я зразумеў, што патрапіў у кропку, выказаў найвышэйшую пахвалу.
|
|
|
|
|
|
|