|
|
10 Чэрвеня 2001
|
Янка Лучына і Васіль фон Роткірх. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Сёлета ў студзені мы ў "Вострай Браме" абвесьцілі гэты год годам Янкі Лучыны. Акурат на Купальле паэту спаўняецца 150 гадоў. Сказаць пра Лучыну, што ён недаацэнены, нявывучаны або загадкавы - мала. Ягоныя вершы вартыя самага пільнага перачытваньня і эстэтычнага аналізу. У ягонай біяграфіі пасьля кожнай пазыцыі хочацца ставіць пытальнік. Пры тым менавіта Лучына стаў той асобаю, ад якой пачалі адлік беларускія адраджэнцы ХХ ст. Менавіта ягоную кніжку будучыя нашаніўцы выдалі першай - у 1903-м.
Сёньня гаворка пойдзе пра дзіўныя зьбегі ў біяграфіі паэта і пра тое, якую ролю ў ягоным жыцьці адыграў іншы творца з нашага краю Васіль фон Роткірх. Але найперш - іншы сюжэт. Углядаючыся ў партрэт Янкі Лучыны, я злавіў сябе на думцы, што ведаю гэтага чалавека. Прычым ня толькі зьнешне ведаю, а быццам неаднойчы гаварыў зь ім, і нашыя гутаркі пра час і прыгожае пісьменства, тэмбар ягонага голасу і манера выказваць думкі мне добра знаёмыя. Ёсьць такі сучасны літаратар - выліты Янка Лучына. Гэта Алесь Аркуш. Зачараваны падабенствам, я неадкладна затэлефанаваў у Полацак.
(Алесь Аркуш: ) "Мой дзед Антон бадай усё жыцьцё адпрацаваў на чыгунцы, нейкі час нават узначальваў маленечкую тагачасную станцыю Жодзіна на Меншчыне. Ён быў ціхім, рахманым чалавекам. Чалавекам пры дарозе. Пісьменьнік Уладзімер Сіўчыкаў, які таксама паходзіць з Жодзіна і ў дзяцінстве жыў пры чыгунцы, напісаў пра майго дзеда апавяданьне, у якім той руйнуе зямлянку, што пабудаваў Вова зь сябрамі ля сталёвай шашы Варшава-Масква. І слушна зрабіў, бо чыгунка ня месца для дзіцячых гульняў.
Я ніколі ня жыў ля чыгункі, і нават ля вялікай дарогі. Але пачуваю сябе таксама чалавекам пры дарозе. Можа гэтае пачуцьцё перадалося празь дзеда? Так бы мовіць генэтычная спадчына. Наўрад ці. Наўрад ці мы разумелі і ўсьведамлялі тутэйшую дарогу аднолькава. Дзед Антон бачыў у дарозе зручнае, цывілізаванае месца, пры якім можна жыць. Шчасьліва ці нешчасьліва – гэта іншая справа. Але жыць можна – працаваць і атрымліваць грошы на самае неабходнае. Для мяне ж дарога – гэта жыцьцё, якое мінае паўзь мяне па рэйках ці па асфальце. Пры гэтым месца майго знаходжаньня ня грае ніякай ролі – ці то тлумная сталіца, ці то глухая правінцыя. Добра пісаў пра гэтае амаль містычнае пачуцьцё Кузьма Чорны. Заўважма, як аднастайна называў Чорны свае апавяданьні – "Ноч пры дарозе", "Па дарозе", "На пыльнай дарозе"… Другая частка ягонага раману "Пошукі будучыні", якая называецца "Вялікае скрыжаваньне", пачынаецца дэталёвым апісаньнем гэтае дарогі: "Вялікі шлях з усходу на захад праходзіць каля мястэчка Сумлічы, але не празь іх. Нават і не паўз самае мястэчка, а крыху зводдалеку. Гэты шлях – старая Маскоўска-Варшаўская шаша". Штогод я бываю ля гэтага шляху. Паміж Жодзінам і Барысавам побач з новаю аўтатрасаю Варшава-Масква мае бацькі пабудавалі лецішча. З аднаго боку балацяны лес, з другога шаша, да якой паўтара кілямэтра. Мае бацькі гаманкую шашу-суседку ўважаюць за станоўчы зьбег абставінаў, маўляў, шкоды не прыносіць, затое зручна дабірацца да лецішча. Мяне тая шаша нэрвуе і нагадвае пра Сумлічы Кузьмы Чорнага.
Пры дарозе будуюцца шашлычні, гатэльчыкі, ядальні, станцыі тэхнічнага абслугоўваньня, запраўкі, стаянкі і г.д. Але ўласным жыцьцём пры дарозе жыць немагчыма. Тут нічога не паўстае, не замацоўваецца, не фармуецца, не захоўваецца, ня сьпеліцца, не пераймаецца… На бацькоўскім лецішчы за ўсе дні, якія там прабавіў, я амаль нічога не напісаў. На лецішчы можна частавацца крамянымі яблыкамі, або сакаўнымі трускалкамі, хадзіць у лес па грыбы ды ягады, купацца ў рукатворным стаўку, рабіць шашлыкі і сардэчна гутарыць з крэўнымі. Можна працаваць, але не ствараць. Гэта нават не правінцыйнае жыцьцё. Гэта жыцьцё пры дарозе.
Ня ведаю, ці гэтак жа ўсьведамляў Маскоўска-Варшаўскі шлях Янка Лучына. Паэт большасьць свайго жыцьця пражыў у Менску, які знаходзіцца на шляху паміж Масквой і Варшаваю, свае творы дасылаў у варшаўскае "Zycie" і ў пецярбурскі "Вестник Европы", - паэт відавочна жыў пры дарозе. А тагачасныя менскія газэткі і календары, у якіх Лучына таксама друкаваўся, нагадваюць сучасныя шашлычні і дарожныя гатэльчыкі. Не паўстае, не замацоўваецца, не фармуецца, не захоўваецца…
У дваццацігадовым веку для мяне не было розьніцы паміж Янкам Лучынам і Янкам Журбом. Я ўвесь час блытаў гэтых паэтаў, мне нават падавалася, что менавіта Лучына, а не Журба пачынаў свой творчы шлях у "Нашай Ніве". На самой справе, да "Нашай Нівы" было за Лучынам яшчэ ой як далёка.
І толькі нядаўна я заўважыў, як нас парадніла тутэйшая дарога, - мяне і Янку Лучыну. Абодва маем псэўданімы, абодва пісалі ў некалькіх мовах, нават падобныя вонкава. Прыстойна і найбольш поўна на радзіме Лучыну выдалі толькі ў 1988 годзе. Гэты год для мяне стаўся знакава насычаным. У 88-ым я ажаніўся, выйшаў мой першы паэтычны зборнік, нарадзіўся сын Антон. Гэта тыя падзеі, якія дазваляюць укараніцца, замацавацца, пазьбегнуць прыдарожнічаньня. У гэты ж год я пазнаёміўся з творчасьцю Яна Неслухоўскага. Падзея наўрад ці гістарычная, - як кажуць мае бацькі, проста зьбег акалічнасьцяў, выпадковасьць, але і яна мае нейкую таемную наканаванасьць здарэньня.
Найбольш мяне ўразіла ў Лучыны наступнае адкрыцьцё: ў маіх родных мясьцінах адбываліся падзеі збройнага паўстаньня Каліноўскага. У дакумэнтальных нататках паэта "З КРЫВАВЫХ ДЗЁН: эпізод з паўстаньня 1863 году на Меншчыне" я прачытаў: "Праз гадзіну яны (маецца на ўвазе паўстанцы. – А.А.) спыніліся ўжо на беразе ракі Плісы: лёгкі туман пакрывалам слаўся па-над лугам, і прамяністае сонца, што адбівалася ў кропельках, цудоўны ўтваралі малюнак". Пліса, тая што цячэ ў Смалявіцкім раёне, – гэта рачулка майго дзяцінства. На яе берагах я праседжваў днямі з вудаю, купаўся і марыў пра дарослае сапраўднае жыцьцё. Успаміны пра маляўнічыя краявіды – адзінае сьветлае, што ў мяне засталося зь дзяцінства аб родных мясьцінах. Астатняе ў мяне скралі: і Лучыну, і паўстанцкія падзеі на беразе маёй рачулкі, і шмат чаго іншага. Усё сплыло па шляху Варшава-Масква.
Пасталеўшы, я мусіў зьехаць далей ад гэтай небясьпечнай дарогі. Шукаць жыцьцё, шукаць сваю сталіцу".
(С.Дубавец: ) Алесь Аркуш падобны да Янкі Лучыны ня толькі зьнешне і ня толькі літаратурнымі манерамі. Аркуш вядомы сваім падзьвіжніцтвам у справах беларускай правінцыі, у якой ён знаходзіць сваю сталіцу. Сапраўды, сёньняшні Полацак паводле свайго месца ў жыцьці краіны моцна падобны да тагачаснага Менску - невялікага і як быццам незаслужана правінцыйнага гораду, у якім амаль усё сваё жыцьцё правёў Янка Лучына. Ён самы менскі паэт у гісторыі беларускай літаратуры, гарадзкі культурны герой, вядомы кожнаму тагачаснаму менчуку і на вуліцах места і ў менскім тэатры, дзе ад імя ўдзячнай публікі па-беларуску вітаў заежджыя трупы. Акурат на ганку тэатру яго разьбіў паралюш. Хочацца дадаць: паводле паданьня. Бо гэты паралюш выглядае зручным спосабам, як бы цяпер сказалі, "закасіць" ад працы паводле разьмеркаваньня ў дылёкі Тыфліс. Мы акурат падыйшлі да тэмы біяграфічных няпэўнасьцяў. І каб скончыць папярэднюю думку, згадаю, што пахаваны Янка Неслухоўскі-Лучына на менскай Кальварыі. Надзвычай удзячны быў бы для разумных нашчадкаў аб'ект для ўшаноўваньня ў якасьці гарадзкой славутасьці ў Менску, дзе такіх аб'ектаў зусім небагата...
Паралюш, які разьбіў Лучыну проста ў тэатры, калі паэту не было яшчэ й трыццаці гадоў, выглядае ў ягонай біяграфіі зусім тэатральна. Асабліва калі ўлічыць, што і ўстаўшы на мыліцы, Лучына не пакідае свайго ўлюбёнага занятку - паляваньня. Паспрабуйце сабе ўявіць гэткага паляўнічага на мыліцах са стрэльбай. Нарэшце, біяграфія падказвае, што ў Лучыны былі ўсе падставы, скажам так, паралюшавацца. Высьветліць акалічнасьці гэтага здарэньня я папрасіў Сяргея Харэўскага.
(Сяргей Харэўскі: ) "Аднаго сонечнага верасьнёўскага дня адзін менскі паштар порстка йшоў па Юраўскай. Да кватэры Люцыяна Неслухоўскага. Пан адвакат атрымаў ад сына ліст і копію ягонага дыплёма. Паводле дыплёма пецярбурскага Тэхналягічнага інстытуту выходзіла, што сын пана Неслухоўскага Ян цяпер мае ступень інжынэра-тэхноляга.
Дасьледчык Уладзімер Мархель у сваёй прадмове да збору твораў Янкі Лучыны піша: "Складваецца ўражаньне, што малады інжынэр імкнуўся як мага хутчэй патрапіць на месца працы і, магчыма, нядоўга гасьцяваў у бацькоў. У канцы верасьня – пачатку кастрычніка Іван Неслухоўскі, найбольш верагодна, быў ужо ў Тыфлісе". Агаворкі Мархеля "магчыма" й "верагодна" мяне насьцярожылі. Чаго б Лучыну ймкнуцца як найхутчэй ў Грузію? Тады там нішто не нагадвала курорт. Тамака толькі-толькі задушылі паўстаньне абхазаў, за колькі гадоў да таго разьбілі паўстаньне мінгрэлаў, дзень за днём працягвалася фізычнае вынішчэньне абарыгенаў уздоўж чыгункі, што пралягла па самым беразе Чорнага мора: адыгаў, убыхаў, шапсугаў... І што за праца чакала яго ў Тыфлісе? Начальніка чыгуначных складоў! Вось жа сапраўды вянец кар'еры для паэта... Чуж-чужына, невядомыя мовы, пыльныя склады. Калі б Лучына хацеў працаваць на чыгунцы, рабіць гэткую кар'еру, дык ці ня больш лягічна было б уладкавацца ў сваіх краях? І навошта дыплём ягонаму бацьку? Вось тут і ўсплывае яшчэ адзін пэрсанаж. Ягонае імя, захінутае цяперашнім часам, некалі было ва ўсіх на слыху ў Беларусі. Начальнік Менскай жандарска-паліцыйнай чыгуначнай ўправы, Васіль фон Роткірх... Менавіта ад яго залежалі тады кар'еры пачынаючых чыгуначнікаў.
Заінтрыгаваны асобаю Роткірха, я зьвярнуўся да віленскіх архіваў. Высьветлілася, што зьвестак пра яго зусім нямала. Гэтая асоба паўстае ўсё большаю, нібы айсбэрг перад носам карабля...
Пасьля першых сваіх літаратурных спробаў, напрыканцы 50-х гадоў 19 стагодзьдзя, Роткірх надоўга кідае пісьменства... Прынамсі, у архіўных бібліяграфіях я не знайшоў нічога зь ягонае літаратуры, паміж 1854-м і 85-м гадамі... Але гэтая акалічнасьць мае сваё вытлумачэньне. Ужо ў 1861-м годзе ён быў віцэ-дырэктарам Асобае канцылярыі ў справах вайсковага становішча ў Варшаве. Затым бярэ чынны беспасрэдны ўдзел у карных апэрацыях супраць паўстанцаў 1863-га. Дакладней, не ў вайсковых, а менавіта ў вышукова-паліцыйных апэрацыях. Ён выдатна ведаў тую пароду людзей, супраць якіх быў пастаўлены імпэрыяй. Ён і сам мог быць зь імі. Але абраў іншы бок барыкадаў. За вялікія заслугі ў справе задушэньня паўстаньня фон Роткірх атрымаў шмат узнагародаў і новыя чыны... Яго прызначаюць туды, дзе можа быць небясьпека – спачатку на Адэскую губэрню, затым у Магілёў, дзе ён колісь скончыў гімназію. І, урэшце, ад 1873-га, фон Роткірх у Менску. Сапраўды, яму было не да літаратурных практыкаваньняў. Паўсюль крозіліся бамбісты, падпальшчыкі, агітатары. Са сваёй званіцы гледзячы, ён меў рацыю. Ня лішняя дэталь да біяграфічных паваротаў нашых герояў – у вадначасьсе зь Неслухоўскім, на пару курсаў менш, у тым самым Тэхналягічным інстытуце вучыўся будучы забойца цара Ігнат Грынявіцкі. Хто ведае, можа яны й маглі б памяняцца ролямі?
Таму пільнасць Васіля фон Роткірха была зусім ня лішняю, калі да яго ў канцылярыю завітаў Люцыян Неслухоўскі. Дваранін, з тутэйшых, каталік, адпаведна "паляк", мае дом у Менску й маёнтак пад Стоўбцамі. "По какому поводу?" "Ведаеце, сын у мяне..." Уважліва разгледзеўшы паперы, той самы перасланы дыплём, выслухаўшы бацьку, жандарскі начальнік Менскае чыгункі кажа "не". Ён ведае пра Яна Неслухоўскага тое, чаго мог ня ведаць бацька. Расейская жандарская машына працавала зладжана ад краю да краю імпэрыі. Тое, пра што шапталіся студэнты ў паўночнай Пальміры, лягала ў пісьмовым выглядзе на сталы ў Варшаве, Вільні і Менску. Неслухоўскага скіроўваюць як мага далей ад заходніх губэрніяў. Праўда, сам лёс падказаў яму выйсьце... Праз два гады яго зьнянацку разьбівае паралюш проста на ганку градзкога тэатру ў Менску. Назад на Каўказ яго ўжо ня вышлюць. Інвалід. Хоць гэтая інваліднасьць не заміне яму далей працаваць у сыстэме чыгункі. Але гэтым разам ужо на сваёй Бацькаўшчыне. Пагатоў і Васіль фон Роткірх ужо ня тут, у Менску, а ў Вільні. І піша перад пэнсіяй ўсялякія кніжкі пад псэўданімам Тэабальд. Бо неяк не салідна, як для чалавека, што некалі круціў лёсамі людзей, прыстаўляць сваё сапраўднае імя да зборнікаў тутэйшых зацемак.
Што да Яна Неслухоўскага, дык ён, разьбіты паралюшам, працуе ў тэхнічным бюро Лібава-Роменскай чыгункі, ды не пакідае любімых заняткаў – паляваньня, вудальства ды пісаньня беларускіх вершаў".
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі пакінуў Янку Лучыну ў ягоным родным Менску працаваць на чыгунцы, пісаць вершы і на ўік-энд выяжджаць на мыліцах у пушчу, дзе паэт так любіў пастраляць у мядзьведзя, лася ці, у скрайнім выпадку, качку.
А яшчэ Янка Лучына вывучае падзеі паўстаньня 1863 году, згадвае свае гутаркі з тэрарыстам Грынявіцкім ці свой побыт на Каўказе, у Тыфлісе, які сытуацыйна нічым не адрозьніваўся ад сёньняшняга Гудэрмесу. Закон захаваньня энэргіі, верагодна, уключае ў сябе і падразьдзел захаваньня тыпажоў-пэрсанажаў. Адсюль такое падабенства Лучыны і Алеся Аркуша. Няцяжка ўявіць сабе таксама сёньняшняга Роткірха.
Наступны этап у нашым расповедзе пра Янку Лучыну - фальварак Мархачоўшчына пад Стоўпцамі - забыты адрас беларускай культуры. Між іншым, да Неслухоўскіх Мархачоўшчыну арандаваў Аляксандар Кандратовіч, бацька Ўладзіслава Сыракомлі. Стары "Слоўнік геаграфічны Польскага каралеўства і іншых славянскіх земляў" паведамляе, што маленькі літоўскі лірнік рабіў тут першыя крокі на шляху асьветы, дачыняўся з прыродай і з народам, палюбіўшы яго праз досьвед ягоных тагачасных бедаў. А Ўладзімер Мархель дадае, што ў сям'і Неслухоўскіх вельмі шанавалі Сыракомлю за ягоную творчасьць. Дарэчы, Сыракомля памёр у Вільні, калі менчуку Янку Лучыну было 11 гадоў. Але гэта пачатак ужо іншай гісторыі для іншае перадачы.
|
|
|
|
|
|
|