|
|
29 Ліпеня 2001
|
Беларускі буквар – ня самая прыгожая кніжка ў кнігарні. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Акурат напярэдадні новага навучальнага году ў атвор "Вострае Брамы", празь які мы разглядаем розныя зьявы беларускага жыцьця, патрапіў буквар.
"Буквар" па-беларуску гучыць як "трапка" або "чай" - з той самай ступеняй агрубленьня ўзятых з расейскае мовы словаў. Гэта так таму, што ані "трапкі", ані "чая", ані "буквара" па-беларуску няма. Ёсьць ануча, гарбата і лемантар. Буквар жа - ад расейскага "буква".
Аднак, калі паглыбляцца ў гісторыю буквара і ягонай назвы, непазьбежным будзе знаёмства зь яшчэ адным злым жартам нашае мінуўшчыны, зь яшчэ адным прыкладам непераемнасьці. Высьвятляецца, што буквар - ані слова, ані зьява не расейскія. Гэтаксама як і кнігадрукаваньне, якое ў Расею прыйшло з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Скарынаў падручнік першай навукі чытаньня і пісаньня называўся "Псалтыр". Першадрукар, які засвоіў кнігавыдавецкае мастацтва ў Эўропе, надрукаваў яго ў Вільні ў 1522-м годзе. Кніга прызначалася для "навучэньня грамаце дзяцей малых". Ні пра якое кнігадрукаваньне ў Расеі на той момант не было й гаворкі. Наступным такога роду падручнікам стала "Азбука" Івана Фёдарава, надрукаваная больш чым праз паўвека пасьля Скарынавай кніжкі ў Львове. Фёдараўскі падручнік таксама прызначаўся для выкарыстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім, а не ў Расеі. Яшчэ праз дваццаць гадоў надрукаваў сваю "Азбуку" Лаўрэн Зізаній-Тустаноўскі - таксама ў сталіцы Вялікага Княства - у Вільні. І вось у 1618 годзе зьяўляецца на сьвет першы "Буквар" - менавіта пад такой назвай. І выходзіць ён у друкарні Сьвятадухава брацтва ў Еўі. Верагодным аўтарам першага Буквара называюць Мялеція Сматрыцкага.
Што такое Еўе? Сёньня гэтае мястэчка называецца на літоўскі манер Вевіс і разьмяшчаецца на шляху зь Вільні ў Коўна, кілямэтраў 40 ад Вільні. Кажуць, акурат тут праходзіць мяжа славянскага засяленьня краю і пачынаецца ўласна Літва або Летува.
Вось жа выходзіць, што буквар - аніяк не расейская прыдумка, не расейскае слова і зьява. Там гэта ўсё распачнецца пазьней. Але чый тады буквар, які зрабіў гістарычную пятлю ў 300 гадоў і вярнуўся "ў гнёзды свая" чужым і грубым прыблудам? Ці гэта мы адносна яго зрабілі такую пятлю?
З канца 17 стагодзьдзя пачынаецца гістарычны правал ажно да 1906 году, калі выходзіць з друку "Беларускі лемантар або Першая навука чытаньня". У 30-я гады ХХ ст. у абозе сталінскага рэжыму ў Беларусь вяртаецца "Буквар". Разам, дарэчы, з рэформай правапісу беларускае мовы, якая мела на мэце спрашчэньне і набліжэньне да мовы расейскай.
Між іншым, такія правалы - зусім невялікая рэдкасьць для старых народаў Эўропы і ня толькі Эўропы. Сучасныя італьянцы - гэта зусім ня колішнія рымляне, як і сучасныя літоўцы - ня тыя літвіны Вялікага Княства. Але кожная нацыя прыдумляе сваю гістарычную казку - і гэта таксама зьява тыповая. Можна дарэшты згубіцца ў руціне гістарычнае фактуры, а трэба глядзець у будучыню. Ані Скарына, ані Зізаній, ані Сматрыцкі не называлі сябе і сваю мову беларускай. Казалі пра мову руську або славенску. Тую, што ў іхны час была ўнівэрсальнай пісьмовай мовай для насельніцтва ад Балканаў да Вільні. І для нас было б найвялікшым глупствам цяпер сваю беларушчыну называць славенскай або руськай мовай. Гэтаксама як раманцам французам адмовіцца ад назвы сябе і сваёй краіны. Гэтаксама як нам арганічны ў мове лемантар найноўшага адраджэньня называць архаічным букваром, які вярнуўся да нас у абозе расейскае акупацыі.
Лемантар - самая першая ў чытаньні, у разуменьні сябе і свайго кантэксту кніга. "Блакіт нябёс і белы бусел, і кветкі ў полі як абрус, мой край завецца Беларусяй, а сам я хлопчык беларус". Першыя завучаныя напамяць радкі, якія будуць калі ня згадвацца, дык "працаваць" у табе праз усё жыцьцё. Калі, натуральна, ня здрадзіш.
Вялікая кніга тваіх самых першых і элемэнтарных, падставовых знакаў і каардынат. Усе наступныя веды будуць ужо адносна гэтых разумецца, адбірацца і назапашвацца. Кепска, калі буквар - палітызаваны. Але колеры Бацькаўшчыны і яе галоўныя сымбалі ў лемантары быць павінны. Яшчэ горш, калі карцінкі ў тваім буквары - бляклыя і невыразныя. І зусім бяда, калі бляклы і невыразны сам буквар.
Кніжка, якую возьмуць у рукі беларускія дзеці сёлета, пакідае менавіта такое ўражаньне. Тэму працягне Зьміцер Бартосік.
(Зьміцер Бартосік: ) "Неяк схаваўся я ад менскай сьпёкі ў ценю цэнтральнай кнігарні. І, уявіце сабе, пабачыў там вялікую рэдкасьць - беларускамоўную кніжку накладам трыццаць шэсьць тысячаў асобнікаў, перавыдадзеную трэці раз. Што гэта? Бэстсэлер? Матэрыяльнае сьведчаньне таго, што наша беларускае стагодзьдзе толькі пачынаецца? Ці гэта ад сьпёкі мне нулі памножыліся? Аказваецца - Буквар. Той самы, які ў 93-м заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе нацыянальных буквароў.
Чым болей я гартаў гэты першы ў чалавечым жыцьці падручнік, тым болей нараджалася пытаньняў без адказу. Чаму, скажам, усё пачынаецца зь літары "С"? Альбо – вось вершык да літары "М". "М – нібы сталярскі метр, як расьцягнеш – з кіламетр". Ніяк не магу ўцяміць, як з мэтра можа атрымацца кілямэтар, а тым больш растлумачыць гэта дзіцёнку. А вось літара "К": "Два крукі ўкруцілі ў друк: зьверху крук і зьнізу крук". Нават для мяне, дарослага, тое "ўкруцілі ў друк" надта ж шматзначнае. І потым – навошта тыя крукі ў той друк укручваць?
Але галоўную перашкоду для дзіцёнка я ўбачыў не ў літарах і ня ў тэкстах. З тэкстаў дзіця прынамсі можа даведацца пра Полацак - самы стары ды славуты беларускі горад, пра Наваградак - першую сталіцу нашай старажытнай дзяржавы. І нават, "што ня так даўно ў Менску пабудавалі падземную чыгунку - мэтро". Мяне зьдзівілі малюнкі. Над букваром працавала ажно восем мастакоў, а малюнкі атрымаліся бляклыя. Чаму беларуская кніжка, пачынаючы ад вокладкі, выглядае бледнаю копіяй шыкоўных расейскіх выданьняў для дзяцей?
Словам, каб адказаць на ўсе свае пытаньні, я набыў Буквар і накіраваўся да знакамітага беларускага кнігавыдаўца Ўладзімера Адамчыка, у літаратурных колах вядомага як Адам Глёбус.
- Ці можа беларускі буквар быць пасьпяховым камэрцыйным пректам менавіта сёньня?
- Ну, давай зірнем на наклад. Наклад буквара 36 тысячаў экзэмпляраў. Гэта вялікі наклад. Я ня ведаю, якая кніжка зараз па-беларуску вытрымае большы наклад. І я лічу, што такіх буквароў павінна быць шмат. Розных. Павінен быць, як мінімум, буквар для сямейнага чытаньня. Каб мама ці тата вучылі сваё дзіця да таго, як яно пойдзе ў школу, вучылі чытаць. І вось такіх чытанак павінна быць шмат розных. Хай будзе іх 36. Самых розных. Асобна для хлопчыкаў, асобна для дзяўчат. Якія-небудзь іншыя. Чытанка пра зьвяроў, чытанка пра расьліны. Дзе на кожную літару будзе па расьлінцы. Ці па нейкай жывёле. Я лічу, што гэта вельмі прыбытковыя праекты могуць быць. Тым больш, што бацькі могуць адмовіцца ад пакупкі кнігі сабе. Але вот адмовіцца ад пакупкі кніжкі сваёму дзіцяці... я думаю, што тут гэта ўжо не бацькі. Людзі, якія называлі, што іх родная мова беларуская, то яны будуць купляць нашы беларускія кніжкі. Калі мы прапануем, мы, інтэлігенцыя, зробім ім нармальныя кніжкі. Я лічу, што проста недахоп вось гэтых кніжак. Давай зойдзем у кнігарню й зірнём колькі там беларускіх цікавых... Колькі рускіх мы ведаем. І гэта добра, што рускія займаюцца. Добра, што шмат ангельскіх кніжак. Гэта таксама нармальна. Гэта цывілізацыя. Але ёсьць паняцьце "родная мова", "родны кут". І вершык пра родны кут павінен у нашым буквары.
- Мы не выпадкова менавіта з табой размаўляем. Таму, што ты не першы год займаешся гэтай праблематыкай. Ты рыхтуеш беларускі буквар?
- Ну я рыхтую й нават не адзін. У нашым выдавецтве ёсьць падрыхтаваны буквар. Зрабіў яго Алесь Бадак. Тым больш, што мы, калі сядалі й абмяркоўвалі гэты праект, паставілі ўмову, што ён павінен грунтавацца на нашай адназначнай клясыцы. Вот ёсьць для мяне адназначная клясыка. Гэта Багдановіч, гэта Багушэвіч, Колас, Купала, Цётка. Гарун, Гарэцкі... Вось гэтыя людзі - гэта фундамэнт нашай культуры. Таму буквар як сакральная кніжка, як кніжка, у якой сабрана самае лепшае, самае значнае, якое не выклікае ні ў воднага чалавека сумненьня. Таму на падставе творчасьці гэтых людзей быў складзены Алесем Бадаком і адрэдагаваны Вячаславам Адамчыкам, маім бацькам, буквар. Але каб зрабіць паўнавартасны буквар, неабходны добры мастак. Мастак вельмі спэцыфічны. Таму, што тут ён павінен быць традыцыйна акадэмічным. І ён вельмі шмат каштуе й на сёньняшні дзень уся праблема пакуль што ў мастаку. Калі мы вырашым гэтую праблему, мы паспрабуем выдаць буквар.
- Але ў Беларусі шмат мастакоў.
- Я згодны, што мастакоў шмат. Але такога ўзроўню мастакоў ня так і шмат. Ну зірні ў буквар Клышкі, якія там малюнкі. Ну гэта проста жах. Гэта проста халтура. І затраты на афармленьне буквара даволі вялікія. Дастаць з кішэні такія грошы й заплаціць мастаку ў мяне на сёньняшні дзень няма. І колькі я ні зьвяртаўся да людзей, у фонды, ніхто... Буквар гэта праблемы беларусаў. Мусіць, як прэзыдэнт праблема беларусаў, так і буквар. Ніхто нам збоку грошы гэтыя ня дасьць. Каб знайшоўся мастак, які зрабіў гэта бяз грошай, таксама пакуль што не знайшоўся. Можа зараз дзякуючы гэтай перадачы знойдзецца. Можа, Пушкін будзе маляваць буквар. Замест таго, каб маляваць прэзыдэнта ў пекле ў царкве.
- Якая павінна быць галоўная разынка беларускага буквара. Чым ён павінен адрозьнівацца ад нейкіх расейскіх аналягаў?
- Ну, па-першае, чым ён павінен адрозьнівацца й чым быць падобным. Ну ён зараз у нас адрозьніваецца. У рускіх пачынаецца з літары А, а ў нас зь літары С. Дык я лічу, што лепш бы ён быў падобны. І таксама павінен пачынацца зь літары А ўсё ж. А другая літара ў нас павінна быць М. Каб мы склалі слова мама на другой старонцы. І каб склалі слова тата. І так ці інакш наш буквар будзе адрозьнівацца. У нас ёсьць словы, я паўтаруся, сакральныя словы. Ну, напрыклад слова "бульба". Для рускіх, можа, не прынцыпова - ёсьць у іх "картошка" ў Буквары ці няма. А для нас прынцыпова. Павінна быць слова "васілёк". Гэта таксама сымбаль нашай ідэнтычнасьці. Павінна быць слова "Дом". І калі яно супадзе з рускім, што і ў рускіх павінен быць дом, лічу што так. У нас ёсьць шмат агульнага. Але вось бульба, гэта ўжо цалкам наша слова. Потым у нас ёсьць складанасьці зь літарай "О". Таму што вельмі мала слоў у беларускай мове пачынаюцца з гэтай літары. І мы вымушаны, напрыклад, будзем хутчэй за ўсё паставіць слова "ордэн". Тым больш, што ёсьць у нашай гісторыі цікавыя ордэны. Тое, што ў нас павніна быць "конь". Я таксама лічу, што гэта для нас вельмі прынцыпова. Я супраць вялікай урбаністыкі ў буквары. Таму, што ўсё ж асноўныя словы, там "малако," "карова", "хата", "жыта". Вось гэта нашыя краявіды й яны павінны прысутнічаць. І яны павінны быць галоўныя ў Буквары. Вось такія ў мяне думкі. Але гэтая праблема, праблема буквара нашая. Яна такая ж... Вось у нас была праблема мовы, мяккага знака праблема. І яна доўга была прадуктыўнай. Яна нас аб'ядноўвала. І Буквар - гэта такая ж тэма, як праблема мовы. І павінны ўсе займацца букавром. Ня тое што там адзін Глёбус з Бадаком і з бацькам селі, зрабілі Буквар. Гэта нацыянальная праблема. Я лічу, што калі казаць пра сымболіку, дык Буквар ідзе адразу за сымболікай, можа, на адным зь першых месцаў. Вось уяўляеш - тваё дзіця. У яго скончылася дзяцінства. У які момант? Вось якраз у той момант, калі ты сеў зь ім займацца з гэтым букваром. Гэта вельмі важная кніга.
(З.Бартосік: ) Уявіце сабе вось такую карцінку. Маці зь дзіцёнкам заходзяць у кнігарню. І дзіця цягнецца да вялікай, шыкоўна выдадзенай, самай прыгожай кніжкі ва ўсёй краме, на якой напісана "Буквар". Маці забірае кніжку й ставіць назад на паліцу зь нязьменным "Это белорусское". Дзіця яшчэ не разумее, чаму гэта нельга купіць. Можа занадта дорага? Але пакідаць упадабаную кніжку яно ня хоча й цьвёрда гаворыць "А я хачу беларускае". І што ў такім разе адкажа радзіцелька?"
(С.Дубавец: ) Сапраўды, у гэткай радзіцелькі аргумэнтаў ня знойдзецца. Аднак пакуль што і дзіцёнку ейнаму мы не даем аргумэнту. Беларускі буквар - зусім ня самая прыгожая кніжка ў кнігарні. Сяргей Харэўскі растлумачыў мне, што такія адносіны выдаўцаў да першай навукі чытаньня ў Беларусі - традыцыйныя.
(Сяргей Харэўскі: ) "Некалі вельмі ўразіла мяне азбука ў афармленьні Лявонція Бэнуа. Таго самага, што спраектаваў праваслаўны сабор у Варшаве. Мазаіка з той бажніцы цяпер у саборы ў Баранавічах. На ёй выяўлены сам Бэнуа, які дорыць свой праект Хрысту. Дык вось, той Бэнуа быў яшчэ й выдатным мастаком. Ён аформіў ці не найлепшую дзіцячую кнігу, што выйшла за царскім часам у славутым выдавецтве Сыціна… Великан, гном, магазин… Словы на адпаведныя літары ператварыліся ў цэлыя казачныя аповеды. Нічога лепшага я ня бачыў, калі казаць пра лемантары.
Аздоба беларускіх буквароў эвалюцыянавала разам з патрэбамі навучаньня. Першыя выданьні былі арыентаваныя дарослых чытачоў, то бок вучняў. Але зь цягам часу грамата пераставала быць раскошаю. Калі першы лемантар, выдадзены сучаснай беларускай моваю ў 1862-м годзе заклікаў па складох: "У кар-чму не ха-дзі, га-рэл-кі ня пі, з га-рэл-кі ўсё зло-йе...", дык ужо цяперашнія кніжкі прапнуюць прыклады для тых, хто толькі пачаў гаварыць: мама, тата, дом....
Між іншым, той першы лемантар, выдадзены ў Варшаве, напярэдадні паўстаньня Каліноўскага, зваўся "Элемэнтаж для добрых дзетак-каталікоў" і былі ў ім выкарыстаныя неарыгінальныя ілюстарцыі з Новага Запавету. Што праўда, добрай якасьці.
Наступны лемантар пабачыў сьвет толькі ў 1906-м годзе. Ягоным укладальнікам і мастаком быў Карусь Каганец, які ў тым самым годзе выйшаў з турмы. Сам ён быў паводле адукацыі скульптарм, вучыўся ў прэстыжных школах Масквы й Пецярбургу, але як графік быў слабаваты. Зрэшты, ягоныя просьценькія малюнкі міжволі мусілі выклікАць давер у тагачаснага чытача, які набываў гэтую навуку за 6 капеек... Аздабляючы ўжо Коласава "Другое чытаньне для дзяцей беларусаў", Каганец прыклаў больш намаганьняў. Вокладка й ілюстацыі тут вылучаюцца дасканаласьцю кампазыцыйных прыёмаў і самое графікі. Праўда, і кошт шмат большы...
Паміж гэтымі выданьнямі, да якіх меў дачыненьне Карусь Каганец, у 1907-м годзе выйшаў яшчэ адзін лемантар, які зазвычай абыходзяць увагай дасьледчыкі. Гэта – "Русінскі лемантар" для палешукоў, які таксама зьвяртае на сябе ўвагу цікавай аздобаю й двума дзясяткамі малюнкаў невядомага, на жаль, мастака. На вокладцы зьмешчаная выява аратага з валамі. А прадмова вартая патасу Багушэвіча, маўляў, палешукі, чыя мова адрозьніваецца і ад беларускай, і ад украінскай, мусяць найперш навучыцца ўласнай. "Не учыса да розуму да старості, але до смерті".
За савецкіх часоў лемантары аздаблялі самыя розныя мастакі: Гуткоўскі, Змудзінскі, Тычына, Філіповіч. Часьцяком асаблівасьці ўзроставае псыхалёгіі папросту ігнараваліся, наперад вылучаліся сацыяльны аспэкт і найноўшая эстэтыка. З-за таго падручнікі што для дзяцей, што для дарослых мала розьніліся. Дзіўная рэч, але факт – аздабленьне лемантароў для мастакоў было справаю нібы ня вартай увагі. Пазьней, па вайне, разам зь лепшай якасьцю паліграфіі, палепшала й афармленьне дзіцячых кніг. Яны сталі адраснымі – малодшы школьны ўзрост. Але тады гэткія выбітныя творцы-графікі, як Ціхановіч ці Волкаў, ставіліся да гэтае справы ўжо празь меру сур'ёзна. Сацыялістычны рэалізм вымагаў рэалістычных вобразаў і выяваў, праз што паваенныя буквары атрымліваліся сухаватымі й ня надта цікавымі, як зь сёньняшняга гледзішча... Цікава, што тыя самыя мастакі нашмат вальней пачувалі сябе, ілюструючы казкі, і стваралі сапраўдныя шэдэўры беларускае кніжнае графікі...
Апошні зь беларускіх буквароў нібы завяршае тую традыцыю нядбайнасьці. У ім значыцца ўжо цэлы сьпіс мастакоў. Іх там ажно 8 чалавек! Шуганава, Баранаў, Лось, Шэвераў, Ліхадзед, Лапіцкая, Пашчасьцеў ды Волкава. У дадатак да іх ёсьць і мастацкі рэдактар – нехта Паўленка. Выгладае, што ў выдавецтве паназьбіралі малюнкаў па шуфлядах - тое, што засталося ад папярэдніх кніжок. Зрэшты, у такой "брацкай" аздобе гэта ня так істотна. Убогі ўзровень паліграфіі й неахайнае афармленьне ўсё зводзяць на нішто. Прыкладна ад гэткага ўзроўню пачыналася гісторыя беларускіх лемантароў. З адным адрозьненьнем – на пачатку ХХ стагодзьдзя, прадзіраючыся праз цэнзуру й грашовую нястачу, мастакі-адраджэнцы былі шчырымі. І рабілі як умелі. У выніку іхнага шыраваньня паўстала ўрэшце нацыя. А што застанецца ў памяці цяперашніх дзяцей ад найноўшага "буквара"? Хіба што набор комплексаў ды трывалы стэрэатып, што беларушчына абавязкова чамусьці мусіць быць нейкай няўклюднаю, недаробленаю й ня надта прыгожаю".
(С.Дубавец: ) Цяперашні беларускі буквар - нібы люстэрка адносінаў беларускай інтэлігенцыі да свае краіны. Бляклы і невыразны. Ёсьць у ім пра Скарыну, Купалу, Коласа і саму мову, але ўсё гэта нібы ў міжчасьсі. І ў міжвер'і. У тым стане, пра які мы казалі некалькі перадач таму. Нявера ў сваю краіну наклала адбітак і на гэтую самую важную кнігу. Сыйшлі зь яе Ленін, камунізм і вайна са зброяю, іх месца занялі жывёлы ды птушкі, але адчуваньне вайны засталося. Трывожнае чаканьне заўтрашняга дня, звышасьцярожная дазіроўка ўсяго і ўся - боязь быць геніяльнымі, выказаць бязьмежную любоў да свае Радзімы, боязь шчасьця, якую сёньняшнія беларусы перадаюць сваім дзецям. |
|
|
|
|
|
|