news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



5 Жніўня 2001
 
Беларуская культура празь сем гадоў.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Гэтым летам у Беларусі куды ні заедзеш, усе гавораць пра восеньскія выбары: што ў горадзе, што ў вёсцы. І мабыць кожны, хто больш-менш уважліва сочыць за падзеямі, сутыкаецца з пытаньнем - за каго галасаваць? Пытаюцца сваякі, старыя знаёмцы, выпадковыя спадарожнікі. Асабіста я на гэты конт прыдумаў такое клішэ-адказ. Падумайце пра свае асабістыя пляны або мары на бліжэйшы год альбо пяць гадоў. Разважце, што вам дзеля зьзяйсьненьня тых плянаў і мараў спатрэбіцца і паспрабуйце ўявіць, ці рэальна гэта пры цяперашніх абставінах. Досьведу такога жыцьця, як цяпер, у нас ужо сем гадоў. Калі ўявіць удалося - галасуйце за працяг, калі не - за альтэрнатыву.

Так яно даволі проста складаецца на ўзроўні канкрэтнага чалавека. Яшчэ прасьцей - на ўзроўні нашай нацыянальнай культуры, якой за апошнія сем гадоў на дзяржаўным узроўні абвешчаная анафэма. Калі газэты называюць Філіпа Кіркорава зоркай ацечаственнай эстрады, у тэлевізары - лацінаамэрыканскія страсьці з водарам кавы, на FM - суцэльная Брытні Сьпірс, міжволі задумаесься, што за краіна, хто ты сам такі і да якой культуры належыш. І ўвогуле - ці культура гэта?

Вось пад рукою - апошні нумар часопіса нацыянальнае ідэнтыфікацыі пад назваю "Беларусь". Загаловак артыкула "Из чего же, из чего же, из чего же сделаны наши мальчишки". Перагортваю старонку і пасярод фотарэпартажу з рынку бачу здымак, на якім побач два "твары" з усьмешкамі: твар жанчыны-прадавачкі і лыч ад сьвіное тушы. Дзіва што наклад гэтага "папулярнага" дзяржаўнага часопіса меншы за 1000 асобнікаў.

Такія вось дасягненьні ў галіне культуры ў шырокім яе сэнсе. Дзеля параўнаньня згадваю, што за гэты самы пэрыяд у суседняй Польшчы дзяржава стварыла нацыянальны спадарожнікавы тэлеканал "Палёнія", а ў Расеі - такі самы канал "Культура". Уключаеш і бачыш, хто ты такі, адкуль і на чым вырас.

Што да нас, дык мінулая сямігодка адметная яшчэ тым, што нічога новага і значнага за гэты час ў нашай культуры ня створана. Нічога, што б праславіла нас у сьвеце. Затое дашчэнту разбураная ерархія каштоўнасьцяў савецкай пары. Усё сапраўды жывое, традыцыйна шанаванае і беларускае апынулася ў апазыцыі і ў эміграцыі. У выніку мы патрапілі нібы паміж дзьвюх Беларусяў - той, дзе наш статус пісьменьнікі-літаратары, і той, дзе мы - нікому, па вялікім рахунку, не патрэбныя сябры маргінальнага літаб'яднаньня. Той, дзе мы - музыкі, удзельнікі шоў-бізнэсу, і той, дзе мы гурт, які выконвае вельмі спэцыфічную музыку на спэцыфічнай мове і, галоўным чынам, для сябе.

Гэтыя дзьве Беларусі - і ёсьць тое, між чым будзе выбіраць культура.

У сёньняшняй перадачы я паспрабаваў запытацца ў прадстаўнікоў гэтай самай культуры пра тое, што яны заплянавалі сабе на бліжэйшыя год і пяць. Апытаньне пра пляны на будучыню я папрасіў зрабіць Зьмітра Бартосіка. І першы, хто яму патрапіўся - Віктар Шніп - паэт, а таксама аўтар праекту "Сабачыя гісторыі" ў "Нашай Ніве".

(В.Шніп: ) "Бліжэйшых гадоў пяць... цяжка сказаць. Але год-два-тры... З творчых плянаў - гэта як-небудзь выдаць "Сабачыя гісторыі". Пакуль яны жывыя, пакуль у мяне ёсьць жаданьне. І яшчэ хацелася б, калі ня сёлета, дык у наступным годзе адпачыць нармальна. А то я апошнія гады чатыры ў адпачынку бываю толькі па дзесяць дзён. І тое нават у рэдакцыю прыходжу тады, калі можна было б сядзець дома. Хацелася б пабыць у вёсцы. Цэлы месяц. Паглядзець, як красуюць кветкі, як яны закрасуюць і як зьвянуць. Успомніць сваё дзяцінства, вярнуцца ў той час. Бо ў горадзе сядзіш сярод гэтых камянёў... Тут пары году ня бачна. А ў вёсцы, дзе я нарадзіўся, усё яркае, усё жывое. Усё наша, беларускае. Вось такія невялікія пляны. І калі ўжо пафантазіраваць, дык хацелася б і грошай крыху зарабіць за гэты час. Каб таксама выдаць якую-небудзь кніжку. Дачакацца, што недзе там у дзяржаўным выдавецтве выйдзе - гэтак ня выйдзе. А ў мяне яшчэ разам з жонкай гатовая кніжка пра словы: камяні, агонь..."

(З.Бартосік: ) "Што табе для гэтага трэба, каб гэтыя пляны зьдзейсьніць?"

(В.Шніп: ) "Ну, у першую чаргу грошы. Бяз грошай нічога ня будзе на сёньняшні дзень. Жаданьне ёсьць - а гэтага мала. Зарабіць - таксама ў нас асабліва не заробіш нідзе. Я б не шукаў там нейкіх спонсараў. Сам бы зарабіў. Але магчымасьці такой асабліва няма. На жаль".

(С.Дубавец: ) Такім чынам у "кутку жаданьняў" нашае сёньняшняе перадачы ўжо ёсьць выданьне пары кніжак і адпачынак у вёсцы, а патрэбныя для вырашэньня гэтых задач - грошы. Наступным суразмоўцам Зьмітра Бартосіка быў таксама пісьменьнік Андрэй Федарэнка, аўтар нядаўняе аповесьці для падлеткаў "Шчарбаты талер".

(А.Федарэнка: ) "Дарагі, я ніколі не пляную на пяць дзён нават. Ня тое, што на пяць гадоў. Ну, творчыя пляны... Хацелася б напісаць аповесьць дзіцячую яшчэ. Можа быць, працяг свайго "Шчарбатага талеру". А можа быць, нешта ў такім жа ключы зь іншымі героямі, але такімі ж падлеткамі-тынэйджэрамі. На гэта я разьлічваю гады два. У жыцьцёвых плянах, як ні дзіўна, яшчэ й вынікі гэтых выбараў бліжэйшых паўплываюць. Тут я ня ведаю, што рабіць. Ад выніку можа быць давядзецца кудысьці зьяжджаць. Можа быць, давядзецца жыць тут, але для гэтага трэба ламаць і псыхалягічнае жыцьцё і нават фізычнае. Можа быць, зьехаць у вёску. Можа быць, зьехаць увогуле за межы..."

(З.Бартосік: ) "А што табе трэба для выкананьня гэтых плянаў?"

(А.Федарэнка: ) "Мне сорамна прызнавацца, але грошы на першым месцы. Мне здавалася, каб іх хоць крышку было больш, нашмат лягчэй было б пісаць і жыць, і плянаваць. Нават здароўе можна купіць за грошы. Як бы прымаўкі нам ні тлумачылі адваротнае".

(С.Дубавец: ) Пасьля размовы зь пісьменьнікам Федарэнкам у "кутку жаданьняў" цяперашняй беларускай інтэлігенцыі паболела яшчэ на адну кнігу, на якую таксама патрэбныя грошы. А асабістае жыцьцё будзе залежаць ад вынікаў выбараў, якія і да эміграцыі могуць давесьці. Наступны, з кім гаварыў Зьміцер Бартосік - Аляксандар Памідораў, музыка, удзельнік нядаўняга праекту "Я нарадзіўся тут". Вось ягоныя пляны:

(А.Памідораў: ) "Асабістае такое пытаньне. Я ніколі пра гэта нікому не кажу... Гэта, зразумела, запісаць што-небудзь і выдаць гэта... Каб выдаць гэта прыстойна. Ну, хаця б на ўзроўні таго, што апошнім часам мы супольна выдалі гэты праекцік. Ну, каб яшчэ лепей было. Я ня маю на ўвазе супольны праект, я маю на ўвазе сваё нешта ўласнае. Ну, зрабіць які-небудзь такі рамоньцік у хаце. Даехаць нарэшце да свайго лецішча, на якім ня быў ужо гады два. Ну, можа выйграць якую-небудзь гучную судовую справу. Безумоўна, выйграць у лятарэю. Раскруціць, ці паўдзельнічаць у лёсе якіх-небудзь таленавітых выканаўцаў. Я маю на ўвазе сучасныя гурты. Ну, і адчыніць маленькі такі піцейны... кабачок".

(З.Бартосік: ) "А скажы, што табе ў першую чаргу трэба для выкананьня плянаў?"

(А.Памідораў: ) "Умовы, умовы гульні".

(С.Дубавец: ) Аляксандар Памідораў плянуе зрабіць свой асабісты музычны праект, а таксама паспрыяць моладзі і адчыніць сваю кавярню. А патрэбныя для гэтага ўмовы гульні. Менавіта адсутнасьць умоваў гульні і вызначае сёньняшні заняпад культуры, сёньняшнюю паўзу, у якой кожны гуляе на сваё асабістае разуменьні і гаспадарыць у сытуацыі не закон, а чыноўнік. Зусім лягічна тыя ўмовы гульні разглядаць як прававы дакумэнт, скажам, Закон аб культуры, які б рэгуляваў гэтую сфэру і перад якім усе былі б роўныя. Музыка Лявон Вольскі таксама марыць адчыніць сваю кавярню:

(Л.Вольскі: ) "Пляны такія, як жывёльны сьвет Беларусі, - багатыя і разнастайныя. Вось Памідор сказаў, што ён кавярню хоча адчыніць. Я адразу згадаў, што мы таксама думалі пра гэта. Адчыніць кавярню "Мроя", дзе б прадавалі лёгкія наркотыкі. А таксама ўдзельнікі ды міністры гурта НРМ стаялі б на разьліве ў пэўны час. Размаўлялі б з народам, ведалі б ягоныя чаяньні. Гэта была такая даволі вар'яцкая ідэя, а потым высьветлілася, што гэта можна ў прынцыпе зрабіць. Таму што ў знаёмага дырэктара прад'юсэрскай агенцыі зьявіліся такія магчымасьці (месца і грошы). Але пакуль што ўсё гэта пад пытаньнем вялікім. І можа быць у наступным годзе ці праз год проста будзе нейкая такая кавярня, дзе мы будзем адзін раз на тыдзень, напрыклад, я буду мяшаць кактэйлі, разьліваць піва і абшчацца з народам. У плянах творчых, раскрываю ўсе карты, такое даволі шыкоўнае выданьне анталёгіі, як шматомнік выдаецца звычайна, анталёгіі Мроі. З самага пачатку, самыя паганыя аматарскія запісы. З самых паганых да самых апошніх, 93-га году. Сабраць усё, што было ў Мроі зроблена для калекцыянэраў. Зрабіць такое багатае выданьне. І мне б хацелася зрабіць гэта як патрэбна, у кардоне, з залатым цісьненьнем. Такая спадчына музычна-культурная.

(З.Бартосік: ) "А што табе трэба для зьдзяйсьненьня гэтых плянаў?"

(Л.Вольскі: ) "Першае - імпэт патрэбны. І вольны час. Паболей. Нічога ня трэба. Паболей трэба імпэту, паменей абыякавасьці да жыцьця".

(С.Дубавец: ) Сьледам за Лявонам Вольскім Зьміцер Бартосік задаў свае пытаньні яшчэ аднаму музыку, лідэру гурта "Нэўрадзюбэль" Аляксандру Кулінковічу.

(А.Кулінковічу: ) "У мяне няма плянаў на бліжайшыя пяць гадоў. А вось на паўгады ёсьць. Я пляную адыграць тур па маёй радзіме. І прагаласаваць.

- Што табе патрэбна, каб адыграць гэты тур?

- Здароўе. Толькі здароўе".

(С.Дубавец: ) Цяпер у "кутку жаданьняў" нашае перадачы зьявілася - прагаласаваць. А сярод умоваў - здароўе. Адзіная жанчына ў сёньняшні апытаньні - журналістка Сьвятлана Курс, і адказ яе зусім жаночы:

(С.Курс: ) "Я хачу яшчэ адное дзіця. Я хачу напісаць кніжку сярэдняй велічыні, старонак на сто. Прысьвечаную пачатку тысячагодзьдзя ў Беларусі, жыцьцю жанчын. І я абавязкова хачу дасягнуць вяршыняў у сваёй творчасьці. Таму што мне будзе 33 гады за гэтыя пяць гадоў. І я лічу, што гэта ўзрост сапраўды Хрыстовы й вельмі важны. Вось чаго я хачу дасягнуць. Ну й, натуральна, я хачу, каб у мяне была машына й я ўмела яе вадзіць. І больш не залежала ні ад кога, ні ад чога. Вывучыць ангельскую мову, давесьці да ладу сваю нямецкую.

- Што табе трэба для выкананьня гэтых плянаў у першую чаргу?

- Час, час, час і разуменьне мужа. Ну і, натуральна, яшчэ грашовыя сродкі. Якія я сама й зараблю".

(С.Дубавец: ) Сьвятлане Курс для зьдзяйсьненьня мараў патрэбныя паразуменьне мужа і грошы, якія яна заробіць сама. Відаць, добра было б, каб гэтак незалежна мог існаваць кожны. Але што рабіць, калі далёка ня кожная журналісцкая праца можа забясьпечыць творчыя памкненьні беларускага інтэлігента. Пра гэта Зьмітру Бартосіку распавёў Зьміцер Падбярэскі:

(З.Падбярэскі: ) "Хацелася б яшчэ адну кніжку выдаць. Але я з гэтай кніжкай павіс, не магу яе здаць у кнігарні. Таму не магу сабраць грошы, каб наступную выдаваць. Напісаць таксама хацелася б. Некаторыя, скажам так, ужо накіды зроблены. Хацелася б знайсьці магчымасьць сесьці дзе-небудзь, забурыцца й напісаць тое, што я даўно хацеў. Вялікі твор. Але проста жыцьцё не дае засяродзіцца. Таму што змушаны зарабляць штдзённа на хлеб. Хачу жыць цікавым жыцьцём. Спадзяюся яшчэ паезьдзіць па розных фэстывалях, нашых музыкантаў павазіць. Паглядзець - што выконваецца за мяжою. Вось, бадай, і ўсё.

- Што табе трэба ў першую чаргу для цікавага жыцьця?

- Для цікавага жыцьця мне трэба ў першую чаргу, каб мая работа прыносіла мне столькі сродкаў, каб іх мне хапала толькі з таго, што я працую ў адным месцы. Займаюся толькі адной справаю. Калі такога няма, значыцца я змушаны працаваць за той час, які мог бы накіраваць на тое, што мне цікава, тое, што мне хочацца рабіць і пісаць. А зараз такой магчымасьці няма, на жаль".

(С.Дубавец: ) Ня дзіўна, што амаль усе з нашых сёньняшніх апытаных плянуюць напісаць і выдаць кнігі. А Зьміцер Падбярэскі хоча ўвогуле жыць цікавым жыцьцём. Падобны адказ у гісторыка Генадзя Сагановіча. Што яму патрэбна для зьдзяйсьненьня ягоных плянаў?

(Г.Сагановіч: ) "Фактычна буду разьвітвацца з учорашімі плянамі. Вось нядаўна здаў нарыс гісторыі Беларусі, сынтэзу. Якая ў прынцыпе й не была такой працай для задавальненьня. Адпрацоўка. І зараз адчуў такую радасьць, проста хмель ад свабоды. Урэшце бяруся дарабляць кніжку пра барадачоў. Гэта фактычна пра Тэўтонскі ордэн і Беларусь, яго стасункі зь Вялікім Княствам Літоўскім. А потым зноў жа зьбіраюся зрабіць тое, пра што даўно думаў. Хачу кожны год па кнізе таўстой здаваць. Наступная кніга будзе пра Хмяльніччыну ў Беларусі, гэта трошкі раней, чым тая вайна Аляксея Міхайлавіча. Буду так вось апускацца храналагічна. А за кнігай пра Хмяльніцкага, на трэці год буду здаваць кнігу пра смуту ў Беларусі. Ключавыя рэчы, таму што 17 стагодзьдзе было зломным і пачалося ўсё недзе вось са смуты. А там, а там буду... Мне хочацца проста абсалютна іншыя ракурсы знайсьці ў гісторыі. Але лепей ня буду сурочыць. А яшчэ, натуральна, даўняя патрэба папросту ўцячы ад гэтай мітусьні і начытацца. Натуральна, яшчэ хочацца давесьці да ладу хату. Наведаць сябра ў Нью-Ёрку... Што для гэтага трэба? У мяне ўсё ёсьць. Я сапраўды адчуў, што вось цяпер магу. Ужо ёсьць дастаткова досьведу ў галаве. Хапае таго, што мне было патрэбна. І адно толькі - уцякаць ад мітусьні. І тварыць. І ўсё".

(С.Дубавец: ) Каб зьдзейсьніць свае пляны, Генадзю Сагановічу трэба ўцячы ад мітусьні. А вось у мастака Міхала Анемпадыстава плянаў няма і, як ён перакананы, быць ня можа.

(М.Анемпадыстаў: ) "На пяць у ямне няма ніякіх плянаў, і на год таксама няма. Я ўвогуле не пляную. На месяц наперад нічога не пляную. На тыдзень цяжка планаваць. Так што, на жаль, нічога няма. Плянаў няма ня толькі ў мяне, але і ва ўсяго грамадзтва. Ці вы можаце сказаць, што мы будзем рабіць праз год, што краіна будзе рабіць праз год і празь пяць гадоў? Людзі ня ведаюць, якое грамадзтва мы будуем, і таму прыватныя пляны вельмі цяжка суадносіць з разьвіцьцём краіны. Мне здаецца, што большасьць людзей жыве менавіта так. У іншых краінах будучыня - вельмі значная частка сучаснага жыцьця людзей. А ў Беларусі гэтая тэма - на пэрыфэрыі грамадзкай думкі і ніхто сур'ёзна ўвогуле не разважае пра будучыню. Гэта сьведчыць пра тое, што грамадзкая супольнасьць у Беларусі толькі фармуецца і культура знаходзіцца ў сур'ёзным заняпадзе. Ну, можа быць, адзіны сур'ёзны плян, які можна ў гэтай сытуацыі сабе паставіць, і паспрабаваць яго выканаць - гэта плян эміграваць зь Беларусі. Бо тут ведаеш - што трэба рабіць, якія дакумэнты зьбіраць..."

(С.Дубавец: ) Міхал Анемпадыстаў вывеў нашае апытаньне да высноваў. Але перш - невялікае падсумаваньне. Беларускім творцам хочацца займацца сваёй справай - выдаваць кнігі, граць канцэрты. Для таго ім патрэбна пазбыцца ад мітусьні, абыякавасьці да жыцьця, адпачыць у роднай вёсцы, быць здаровымі і мець паразуменьне са сваякамі, а таксама - каб у краіне былі правілы гульні. І - на самым першым месцы - грошы, якія часта няма як зарабляць. Некаторыя творцы дапускаюць пасьля неспрыяльнага выніку выбараў магчымасьць эміграцыі. І цяпер - высновы.

Творца абавязкова мусіць мець вызначаны грамадзкі статус, сыстэму каардынат. Інакш ён ня мае сваёй сытуацыі. Ён - паміж.

Можна, вядома, разводзіць кактусы на ўласным падваконьні і не дурыць нікому галаву. Але ж гэта не прафэсійны занятак. Кожны беларускі творца чакае нацыянальнае дзяржаўнае палітыкі. Адныя згадваюць савецкія часы, калі такая палітыка, хоць і мінусовая для нацыянальнай культуры, але была. Іншыя пазіраюць на Літву, да прыкладу, або Польшчу, дзе такая палітыка ёсьць. Маю на ўвазе як мінімум тры рэчы: дзяржаўнасьць мовы, патрыятычна арыентаваныя выхаваньне і адукацыя, падтрымка нацыянальных культурных праектаў. Усё, больш нічога ня трэба. Гэтае глебы дастаткова, каб творца адчуў сваю запатрабаванасьць і пісаў свае раманы хоць бы і на сусьветным узроўні. Калі ж гэтага ўсяго няма - тады панікае галавою і творца і ва ўсёй культуры настае пярэрва, якая пагражае ёй мутацыямі, а мутацыі культуры распаўзаюцца ад, скажам, мастацкага асяродка на ўсю яе вялізную прастору. Гэта значыць, і на культуру працы і на культуру дачыненьняў, і на культуру палітыкі. Урэшце мутацыі закранаюць і традыцыйную мараль.

На маю думку, менавіта такое становішча склалася ў нас за апошнія сем гадоў. Гэта як папярэджаньне. Яшчэ пяці гадоў у тым самым духу беларуская культура ня вытрымае. Гэта значыць, што мы яе перастанем пазнаваць. І тады, як ірляндцы, будзем не пісаць творы, а змагацца нашымі творамі за выжываньне нашае мовы, ведаючы пра безнадзейнасьць гэтага змаганьня.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.