|
|
29 Кастрычніка 2001
|
Магіла К.Каліноўскага. |
|
|
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Кожны год на Дзяды мы прыходзім да магілаў продкаў, блізкіх і сваякоў або да помнікаў нашых нацыянальных герояў. Часам месца іх пахаваньня невядомае. Як, да прыкладу, са Скарынам. Тады ад немагчымасьці наведаць месца апошняга спачыну славутага Асьветніка застаецца ў сэрцы ніякаватае пачуцьцё дакору - сабе і нам. Гэткая недасьведчанасьць моцна падобная да бяспамяцтва. Ня ведаю, што б у такой сытуацыі магло ратаваць гонар беларускай гістарычнай навукі. Часам мы ведаем месца пахаваньня, але ня ведаем, хто там ляжыць канкрэтна, як, да прыкладу, у Курапатах. А часам мы ведаем імя героя і месца ягонага пахаваньня, але ніхто і ніколі туды ня ходзіць. Яго магіла ўжо даўно сама стала знакам бяспамяцтва. На яе месцы даўно няма ніякага помніка, толькі брук. Агульнапрынятае бяспамяцтва ўсталявалася так даўно і трывала, што ў нас нават не ўзьнікае поклічу што-небудзь у гэтай справе зьмяніць. Гэта амаль як табу. Вось жа ў сёньняшняй перадачы мы разбурым адно такое табу. Гаворка пойдзе пра магілу Кастуся Каліноўскага. Сапраўдную, вядомую, але даўно і трывала забытую. Некалі яна была ўвянчаная мэмарыялам і сюды прыходзілі тысячы людзей з кветкамі і самымі шчырымі патрыятычнымі пачуцьцямі. Пасьля мэмарыял зьнесьлі і паломніцтва напалоханых рэпрэсіямі людзей спынілася. Ужо ніхто не прыходзіў на гэтае спустошанае месца ў самым цэнтры старажытнага гораду...
Кастусь Каліноўскі - першае імя нашага гістарычнага пантэону, якое адгукаецца на словы "нацыянальны герой Беларусі". Вялізная колькасьць вершаў і цэлых раманаў, тэатральных спэктакляў і мастацкіх палотнаў прысьвечаная гэтаму чалавеку - герою, што заслужыў сабе імя Справядлівага. Але нідзе не знаходзім мы зьвестак пра ягоны апошні спачын. Вось жа на сёлетнія Дзяды мы наведалі ягоную магілу. Аднак найперш - кароткая перадгісторыя.
Пасьля таго, як кіраўнік антырасейскага паўстаньня 26-гадовы Кастусь Каліноўскі быў схоплены на кансьпіратыўнай кватэры ў Вільні, яго засадзілі ў Дамініканскі кляштар, дзе тады была зробленая турма. Адсюль 10 сакавіка яго прывялі на Лукішкі - знакаміты віленскі пляц. Тут Каліноўскага як "дзяржаўнага злачынца" павесілі. Пасьля гэтага цела яго апынулася ў братняй магіле на тэрыторыі вайсковага гарнізону на вядомай усім гары Гедыміна. Там ужо даўно няма ані знаку, аднак месца вядомае дакладна. У паўстанцкай магілы - свая драматычная гісторыя. Помнік на ёй то зьяўляўся, то зьнікаў, у залежнасьці ад улады і ідэалёгіі. А ўлады і ідэалёгіі ў Вільні зьмяняліся шмат разоў.
У беларускай літаратуры зьвестак пра магілу Каліноўскага амаль няма. А тыя, што й ёсьць, неканкрэтныя і нібы не зусім абавязковыя.
Згадалася, магчыма, першае сьведчаньне - яшчэ даваеннае. 16 чэрвеня 1939 году Максім Танк робіць у сваім дзёньніку наступны запіс:
"Наведаў сваіх літоўскіх сяброў на Антокалі. Вяртаўся ад іх увечары. Не было куды сьпяшацца. Я ўзышоў на Замкавую гару... Каля магілы паўстанцаў 1863 году - група турыстаў. Пад крыжам - цярновы, зроблены з дрэва, вянок".
Нічога больш канкрэтнага няма і ў спэцыялістаў-гісторыкаў. Генадзь Кісялёў у кнізе "Радаводнае дрэва" з падзагалоўкам "Каліноўскі - эпоха - наступнікі" піша:
"Гісторыкі лічаць, што астанкі Каліноўскага, як і іншых змагароў, павешаных і расстраляных у Вільні ў 1863 годзе, пахаваны на вяршыні гары Гедыміна".
Пры гэтым Генадзь Кісялёў спасылаецца на словы, узятыя з колішняга эсэ пра Вільню Ўладзімера Караткевіча:
"10 сакавіка 1964 году, калі споўнілася сто гадоў, як пакаралі сьмерцю Кастуся Каліноўскага, я яшчэ ў прыцемках прайшоў увесь яго шлях: ад Дамініканскіх муроў да Лукішак, дзе ля сьцен кляштара сьв. Якуба стаяла шыбеніца.
А пасьля таксама пехатою пайшоў на месца, дзе хавалі павешаных (на тэрыторыі тагачаснай цытадэлі), падняўся на гару Гедыміна. Я ня ведаў, дзе там ляжаць яго косьці, але сеў пасядзець і бачыў, як над горадам абуджаецца ранак".
Вось, бадай, і ўсё, што напісана ў нас пра магілу нацыянальнага героя нумар адзін. І не таму, што магілы няма або што яна недаступная, або што невядомае яе дакладнае месца. Усё ёсьць і ўсё вядомае. Але незапатрабаванае.
Працытаваўшы Караткевіча, мушу зрабіць адно істотнае ўдакладненьне. Шыбеніца, на якой павесілі кіраўніка паўстаньня, стаяла не каля сьцен кляштара сьв. Якуба, а роўна на процілеглым баку пляца, паміж будынкамі былога КГБ, дзе цяпер музэй генацыду, і кансэрваторыі. Тут пачынаецца вуліца Ахвярная і стаіць цяпер літоўскі помнічак ахвярам савецкіх рэпрэсіяў. Акурат на месцы помніка і была тая шыбеніца. Акурат тут і былі прамоўленыя апошнія словы Каліноўскага: "У нас няма дваран. Усе роўныя". У міжваенны час тут быў памятны знак з табліцай па-польску - у гонар паўстанцаў 1863 году. Пасьля на плошчы зьявіўся помнік Леніну. Але Ленін ня мог паказваць рукою на месца колішніх мураўёўскіх экзэкуцыяў і табліцу перанесьлі Леніну за сьпіну, на процілеглы бок пляца, пад кляштар сьвятога Якуба, дзе яе і пабачыў Караткевіч.
Аднак рушым да галоўнага месца нашага сёньняшняга падарожжа - туды, дзе славуты Вітажэнец быў пахаваны пасьля шыбеніцы, туды, дзе спачываюць парэшткі Справядлівага. Высьветліць усё, што толькі магчыма, пра тое забытае пахаваньне ўзяўся Сяргей Харэўскі.
(С.Харэўскі: ) "Гэтую магілу ў Вільні калісьці добра ведалі ўсе. Так было перад вайною. Манумэнт над пахаваньнем паўстанцаў 1863 году зьбіраў да сябе турыстаў і пілігрымаў. Але сёньня, колькі б мы ні кружлялі па Замкавай гары, ня знойдзем тут ані знаку. Між тым, пахаваньне ёсьць. І старыя віленчукі дакладна паказваюць на ягонае месца.
Натуральна, першай справаю я патэлефанаваў у сам Верхні Замак, у музэй, што месьціцца ў знакамітай Гедымінавай вежы. Там чамусьці спужаліся, а пасьля пачалі запэўніваць, што ніякай магілы паўстанцаў на гары быць не магло. І ніхто з супрацоўнікаў музэю нічога нават ня чуў. Але параілі зьвярнуцца да загадчыка гістарычнага аддзелу Нацыянальнага музэю Літоўскай Рэспублікі Тадаса Шэмы. Ягоны габінэт акурат пад гарою. Спадар Шэма быў надзвычай зьдзіўлены й разгублены. І ён нічога ня ведае. Заставалася кволая надзея, што пра мэмарыял распавядзе найстарэйшы мастацтвазнаўца Літвы спадар Будрыс, які ачольвае Нацыянальны мастацкі музэй. Я ўжо ведаў, што крыж над паўстанцкай магілаю вырабіў адзін з самых значных віленскіх скульптараў пачатку ХХ ст. Антоні Вівульскі. Аднак і спадар Будрыс катэгарычна аспрэчыў, што на гары была нейкая магіла. Словам, выходзіла так, што агульнавядомы да вайны гарадзкі помнік сёньня не знаёмы нават спэцыялістам. Чаму?
Па параду я зьвярнуўся да найбольш аўтарытэтнага ў Літве дасьледчыка паўстаньня Каліноўскага, гісторыка й журналіста Ўладзіслава Бікуліча. Спадар Бікуліч – аўтар манаграфіі "Рэвалюцыйныя арганізацыі ў Беларусі й Літве ў 1863 годзе", а ў 1963-м паводле ягонага сцэнару ў Менску быў зьняты дакумэнтальны фільм "Кастусь Каліноўскі". З размовы са спадаром Бікулічам стала ведама вось што...
За часоў паўстаньня 1863 году расейскія акупацыйныя ўлады на чале з графам Мураўёвым баяліся паўтарыць сваю памылку 1839 году, калі яны пасьля экзэкуцыі аддалі цела расстралянага імі паўстанца Сымона Канарскага віленчукам. Магіла Канарскага адразу стала месцам паломніцтва і ўся патанала ў жывых кветках і сьвечках. А зь ягоных кайданоў патрыёты парабілі сабе "чорную біжутэрыю" – калечкі, пярсьцёнкі й бранзалеты.
Целы пакараных сьмерцю паўстанцаў 1863 году, у тым ліку Каліноўскага, Серакоўскага ды іншых, вырашана было хаваць патаемна. Пасьля страты на шыбеніцы іх звозілі на Замкавую гару, дзе тады стаяў расейскі гарнізон. Тут іх і закопвалі пад старадаўнімі мурамі, у братняй магіле. Увесь час магілу вартавалі маскалі, і ніводзін цывільны віленчук цягам паўстагодзьдзя ня меў права туды зайсьці. Больш за тое, расейцы зрабілі на магіле паўстанцаў пляцоўку для гульні ў крыкет, пра што сьведчаць тагачасныя фатаздымкі.
Калі ж у 1915 годзе расейцы пакінулі Вільню, дык тутэйшая грамадзкасьць адразу пачала пошук славутае магілы. І праўда, археолягам, сярод якіх, верагодна, быў і Іван Луцкевіч, пашчасьціла знайсьці дакладнае месца пахаваньня. Балазе, жывы быў яшчэ дворнік, што працаваў колісь у расейскім форце на гары. Падчас раскопак былі знойдзеныя людзкія парэшткі, фрагмэнты паўстанцкіх чамарак, спражкі, абутак. Самы выбітны тагачасны віленскі дойлід Антон Вівульскі вырабіў велізарны адмысловы крыж, у народным кшталце, зь вялікіх брусоў дрэва. Але неўзабаве расейскіх акупантаў зьмянілі нямецкія. На загад камэнданта Вільні графа Інстэнбурга фон Бэрнштэйна немцы зламілі крыж і закапалі яго тамсама.
Калі ж у 1921 годзе Вільня адыйшла да Польшчы, мэмарыял быў адноўлены. Гэтым разам ён складаўся з крыжоў і прыгожай мармуровай табліцы, на якой былі высечаныя імёны паўстанцаў, якія знайшлі тут свой вечны спачын. Ведама дакладна, што менавіта тут былі пахаваныя, сярод іншых, Кастусь Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі, Браніслаў Калышка, ксёндз Станіслаў Ішора. Усяго каля пятнаццаці чалавек. Але й гэтаму мэмарыялу выпаў нядоўгі век. Пасьля таго, як Сталін перадаў Вільню Літве, у 1940 годзе крыжы былі спаленыя, а табліца зьнікла бязь сьледу.
Тымчасам віленчукам гэтая гісторыя яшчэ вярэдзіць сэрцы. Да прыкладу, вось што распавёў мне вядомы віленскі журналіст і літаратар Войцех Пятровіч:
- У пэўны час там быў пастаўлены крыж, над тымі магіламі. Крыж быў запраектаваны скульптарам і дойлідам Антоніем Вівульскім. Гэта быў драўляны крыж. Я бачыў яго недзе на здымку й на нейкай карціне намаляваным. Гэта быў цікавы разьбяны крыж, складзены зь некалькіх частак, трохі падобны на жмудзка-літоўскія крыжы. Справа ў тым, што сям'я Вівульскіх паходзіць са Жмудзі. Таму й ён меў пэўна сэнтымэнт да жмудзкіх крыжоў і зрабіў той крыж у такім жа кшталце. Ён стаяў акурат там, дзе цяпер ляжыць камень, прысьвечаны Грунвальдзкай бітве. Як я памятаю той здымак і тую карціну, крыж мусіў быў стаяць роўна пасярэдзіне наверсе, на Замкавай гары. Можа тыя рэстаўратары, якія працуюць цяпер на гары пра тое й ня ведаюць. Але я пэўны, што сярод літоўцаў-спэцыялістаў мусяць быць тыя, хто і ведае пра гэта й мае пэўныя матэрыялы пра тое зь міжваеннай прэсы. Пра гэты крыж шырака пісалі перад вайною.
Спадар Пятровіч, у сваю чаргу, параіў мне зьвярнуцца да вядомага публіцыста Генрыка Сасноўскага, які працуе ў тутэйшай Фундацыі польскай культуры імя Мантвіла. Кажа спадар Сасноўскі:
- Крыж той зьнішчылі у 40-м годзе... Калі польскія археолягі вывучалі тыя магілы, дык знайшлі макасыны Каліноўскага й іншыя розныя парэшткі... І Каліноўскі, і Серакоўскі былі пахаваныя менавіта там. Хоць ад часоў другой сусьветнай вайны там досьледы больш не праводзіліся, але была кніжачка, дзе распавядалася пра тыя знаходкі. Іх пазналі па ботах, гузіках ды іншых рэчах. Крыж Вівульскага быў з дрэва. У мяне ёсьць яшчэ аўтэнтычны здымак Грыгаровіча з выяваю Замкавай гары з тым крыжам. І здымак той табліцы памятнай маю... Літоўцы ставяцца да гэтай гары як індусы да сьвятой каровы. Маўляў, гэта гара Гедыміна й нічога там не павінна болей быць... А перад вайною крыж звалілі, падпалілі... Там цяпер нічога няма. А некалі ж людзі зрабілі там пляцык, у 1923 годзе нават быў маленькі фантанчык, была прыгожая мармуровая табліца зь імёнамі пахаваных там герояў.
Казаў віленскі публіцыст Генрык Сасноўскі.
Ідэя аднавіць мэмарыял над магілаю паўстанцаў раз-пораз узьнікала па вайне. Адзін з маіх суразмоўцаў, спадар Бікуліч, распавядае пра такія спробы. Быў нават эскіз помніка. Хто ж быў аўтарам? Кажа Ўладзіслаў Бікуліч:
- Акадэмік Канстанцінас Богданас. Гэта была ягоная дыплёмная праца, калі ў юнацтве ён сканчаў мастацкі інстытут. Я быў ініцыятарам гэтае справы, той-сёй з маладых архівістаў мяне падтрымаў. Але ўлады гэтай справы не падтрымалі. Зараз гэтая скульптурная кампазыцыя стаіць у Мастацкім музэі. Я сустракаўся з Богданасам. Ён таксама быў зацікаўлены. Скульптура была зробленая ў вельмі традыцыйным, рамантычным кшталце, у духу Антакольскага. Але не падтрымалі...
Уладзіслаў Бікуліч распавёў таксама, што супраць мэмарыялу паўстанцам Каліноўскага на Замкавай гары рэзка запярэчыў Антанас Жугжда, намесьнік прэзыдэнта літоўскай Акадэміі Навук, дырэктар інстытуту гісторыі. Чаму? - спытаўся я. Кажа спадар Бікуліч:
- На тым месцы стаіць камень, прысьвечаны бітве пад Грунвальдам. Ён гэтак казаў. Іншых аргумэнтаў у яго не было. Мала таго, што вежа стаіць, мала таго што камень ляжыць, прысьвечаны Грунвальду. Яшчэ адзін помнік ня "ўпішацца" ў гару. Яшчэ адна вэртыкаль для гары будзе залішняю. Сыйшліся на тым, што Тры крыжы ёсьць агульным помнікам усім паўстанцам. Справа ў тым, што хавалі паўстанцаў і на Трохкрыжовай гары, там таксама была расейская фартэцыя.
Гаварыў гісторык Уладзіслаў Бікуліч, які доўгія гады рупіўся пра ўшанаваньне памяці герояў паўстаньня Каліноўскага. Можна згадзіцца зь ягонай думкаю, ці, дакладней, з думкаю літоўскіх кіраўнікоў і гісторыкаў, што яшчэ адна вэртыкаль на Замкавай гары была б залішняю. Але навошта вэртыкаль? Проста хапіла б каменя над магілаю, да якога можна было б паставіць сьвечку й прынесьці кветкі. Бо й канкрэтнае месца ведамае і магіла сапраўдная. А Грунвальдзкі камень, далібог, ня мае аніякага дачыненьня да віленскага Верхняга Замку й мог быць пакладзены на любой сьцяжыне пад гарою. Але адно пытаньне я гэтак і ня высьветліў – дзе ж перахоўваюцца цяпер макасыны Каліноўскага? У Вільні, ці можа ў Варшаве? Ці ў Менску?"
(С.Дубавец: ) Разам зь Сяргеем Харэўскім і ягонымі суразмоўцамі мы даведаліся пра тое месца ў Вільні, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі.
Такім чынам, цяпер мы ведаем дакладнае месца пахаваньня беларускага нацыянальнага героя нумар адзін. Застаецца сказаць колькі словаў пра тое, чаму на тым месцы няма ані знаку. Паўстаньне 1863 году займае вялікае месца і ў літоўскай, і ў польскай гісторыі - гэтаксама як і ў беларускай. Аднак кожны тут дбае пра сваё. У братняй магіле, дзе ляжыць Каліноўскі, нібыта няма этнічных літоўцаў. Для палякаў гэтыя людзі таксама не зусім свае. Цэльнасьць іхнае пальшчызны разбураюць ідэалы уніяцтва, беларушчыны і сэпаратызму ў дачыненьні да Польскага каралеўства, якія адстойвалі палеглыя. Таму гэта чыста беларуская магіла.
У літоўскіх гісторыкаў памяць выбарачная, што зусім зразумела, калі ведаеш абраны імі мэтад. Літоўцы не спрачаюцца пра тое, быць Літве ці ня быць. Яны не займаюцца нацыянальным заняпадам і адраджэньнем. Для іх Літва ёсьць і яна вечная, а таму трэба рабіць яе ўсё больш моцнай, надзейнай і адназначнай. Так нараджаецца міт краіны. Усё лішняе прыбіраецца. Застаецца "чысьціня жанру". Адна толькі прысутнасьць у Вільні шыльды Скарыны вымагае ад літоўскіх гісторыкаў зашмат тлумачэньняў - што ён тут робіць. Не хапала яшчэ магілы беларускага нацыянальнага героя нумар адзін - ды дзе? - у сэрцы Вільні, на Гедымінавай гары. Адкуль гэта ўсё ў літоўскай сталіцы? - задзівіцца турыст. Доўгія тлумачэньні падаюцца непатрэбным марнаваньнем часу.
Беларускія гісторыкі маюць цалкам адваротны мэтад. Як і самі беларусы, што спрачаюцца пра будучыню Беларусі, занепадаюць як нацыя і адраджаюцца. Нашы гісторыкі абсалютызуюць факты. Няхай гэта сто разоў на шкоду нацыянальнай цэльнасьці, яны будуць спрачацца пра так званую гістарычную праўду. У выніку акцэнты аказваюцца зблытанымі, а магілы - забытымі.
Аднак, цяпер гутарка пра іншае.
Кім мусіць быць запатрабаваная магіла Каліноўскага? Пытаньне рытарычнае. Мне думаецца, што не-рытарычна яно сотні разоў гучыць па ўсёй Беларусі на ўроках гісторыі, калі пасьля захапляльнага і страшнаватага расповеду настаўніка пра сьмерць галоўнага беларускага паўстанца або на ўроках літаратуры - пасьля чытаньня шматлікіх твораў пра Каліноўскага, вучань пытаецца ў настаўніка - а дзе пахаваны адважны змагар? У сёньняшняй перадачы мы адказалі на гэтае пытаньне. Вільня, гара Гедыміна, глядзі камень, прысьвечаны Грунвальду (па-літоўску Жальгірыс). На сёлетнія Дзяды там упершыню ў найноўшай гісторыі зьявяцца беларускія сьвечкі і будзе аддадзены гонар нацыянальнаму герою нумар адзін. Памяці Справядлівага.
|
|
|
|
|
|
|