|
|
25 Лістапада 2001
|
Фэномэн Ермаловіча. |
|
|
Аўтар Сяргей Дебавец, Вільня |
|
Калі чалавек сыходзіць, пасьля яго застаюцца пытаньні і адказы. У творцаў, як правіла, чым болей яснае жыцьцё, тым больш замглёная творчасьць і наадварот. Мікола Ермаловіч усё жыцьцё фармуляваў адказы. І ўсе ягоныя працы - гэта нібы адзін адказ на запыты да старое беларускае гісторыі. Затое жыцьцё як пачалося з пытаньня, так пытаньнем і скончылася. Неверагодна ўдачлівы ў самых забойчых закалотах, ён пражыў абсалютна беспрэцэдэнтнае жыцьцё і загінуў у самых недарэчных абставінах. Бог зрабіў яго вельмі дужым, валявым і мэтанакіраваным чалавекам і нібы для загартоўкі гэтых якасьцяў без усялякай меры засыпаў ягоны шлях цернямі. Сёньня ў "Вострай Браме" мы гаворым пра тое, пра што звычайна ў дачыненьні да Ермаловіча не гаворыцца. Пра ягонае жыцьцё, складзенае з пытаньняў.
У 1982 годзе ў рэдакцыі газэты "Голас Радзімы" мне прапанавалі напісаць пра зусім апальнага тады гісторыка Ермаловіча. Адказная задача і вырашалася адказна. Я сабраў бібліяграфію гісторыка. А тады гэта былі яшчэ ня кнігі, а мноства артыкулаў у пэрыёдыцы. Цікава, што пачаў друкавацца аўтар "Старажытнае Беларусі" яшчэ ў 47-м годзе і як літаратурны крытык. "Полымя", "Беларусь", "ЛіМ", маладачанскі "Сталинский путь". Артыкулы пра Купалу, Коласа, Крапіву, а таксама пра Радзішчава, Гогаля, Някрасава. Першы тэкст пра летапісы быў прачытаны на навуковай канфэрэнцыі ў 69-м і выйшаў у зборніку тэзісаў. Назва пазначыла тэму дзейнасьці гісторыка - "Дзе была летапісная Літва?"
Наступным маім крокам быў візыт да яго дадому, у Маладэчна. Тут важна заўважыць адну дэталь. Так, Ермаловіч не даведаўся, што такое кампутары і інтэрнэт. Але ягоны фэномэн наўпрост зьвязаны з тэхнічным поступам. Ён як зьява стаў магчымы, дзякуючы зьяўленьню электрычак паміж Маладэчнам і Менскам. Гэта адбылося ў 1966 годзе. Датуль паняцьця "пад'ехаць у Менск" папросту не існавала. Гэта была цэлая экспэдыцыя. Калі ж пайшлі электрычкі, Ермаловіч пачаў штодня езьдзіць у менскую "ленінку", як тады называлі Нацыянальную бібліятэку, некалькі гадзін сядзець там за кнігамі і вяртацца ў Маладэчна на іншую працу. І так дзясяткі гадоў.
З задумы напісаць пра Ермаловіча ў "Голас Радзімы" нічога ня выйшла. Зрэшты, і тады, калі стала можна, пра аўтара "Старажытнай Беларусі" пісалі няшмат. Думаю, якраз таму, што ягоная творчасьць уяўляла сабою комплекс выразных адказаў на пытаньні гісторыі, а ягонае жыцьцё - комплекс надзвычай складаных пытаньняў, кожнае зь якіх патрабавала адэкватнае працы.
Сёньня ў нашай праграме мы падступімся да некакалькіх тэмаў, аб'яднаных імем Ермаловіча. Ягоны пакручасты лёс, ягоная сьлепата і захапленьне гісторыяй, ягоны самвыдат і КГБ. У перадачы бяруць удзел гісторыкі Тацяна Поклад і Міхась Чарняўскі, пісьменьнік Генрых Далідовіч і краязнаўца Міхась Казлоўскі, а таксама дачка Ермаловіча Алена.
Гісторык і сьлепата. Зусім нечаканую вэрсію Ермаловічавага фэномэну падказала мне Тацяна Поклад. Яна, выпускніца гістарычнага факультэту Калінінградзкага ўнівэрсытэту, сёньня займаецца ў Вільні журналістыкай. Ёй слова:
(Т.Поклад: ) "Зь Міколам Ермаловічам я пазнаёмілася на прыканцы 1990 году ў Вільні. Ён прыяжджаў дзеля розных адраджэнскіх і гістарычных імпрэзаў, на якія тады госьці зь Беларусі езьдзілі ў Вільню цэлымі аўтобусамі. Пазнаеміўшыся, мы адчулі пэўнае ўзаемаразуменьне і пасьля нават ліставаліся. Я тады толькі закончыла гістфак і дзядзька Лявон Луцкевіч прадставіў мяне Ермаловічу як "таксама гісторыка", - што было не зусім слушна, але гэта ня мела значэньня, бо агульную мову мы знайшлі найперш як два чалавекі з надзвычай вялікай блізкарукасьцю, хаця ніколі свае праблемы з вачыма не абмяркоўвалі. Мы назвалі адзін адному памеры нашых дыёптрыяў, і больш да гэтага не вярталіся, - зрабілася адразу ясна, што у нас заўсёды будуць тэмы для размоваў. Калі праз твой зрок грамадзтва ставіць пад сумнеў тваю прыдатнасьць да нармальнага жыцьця, а ты з гэтым ня згодны... Мне было вельмі цікава зь Ермаловічам, хаця тады я сабе не прызнавалася ў сапраўднай прычыне гэтага: я ўпершыню сустрэла чалавека, які актыўна працаваў, маючы блізкарукасьць, большую за маю. Я не пыталася, ці меў ён якую-небудзь групу інваліднасьці альбо як яму, моцна блізкарукаму, працуецца зь летапісамі ды старадрукамі. Я ўжо тады ведала, што калі цікава, - вочы не баляць, хоць цэлы дзень прыглядайся. Гэта і прываблівае дасьледнікаў са слабым зрокам".
(С.Дубавец: ) Згадваючы разам з Тацянай Поклад Ермаловічавы прыезды ў Вільню, я згадваю, як колісь зь вялікай цеплынёй казала пра яго Ларыса Геніюш. Гарадзенскі цягнік прыходзіў у Зэльву яшчэ зацемна і паэтка, пачуўшы стук у хату сустракалася вачыма зь невідушчым чалавекам, які ўзіраўся ў цёмную шыбіну. Шкадаваньне і павага вычуваліся ў яе расповедзе.
Кепскі зрок не замінаў гісторыку наведваць усе без выключэньня адраджэнскія імпрэзы савецкага часу. Аднак найлепей яго, натуральна, ведалі дома, у Маладэчне. Генадзь Каханоўскі, Кастусь Харашэвіч былі найбліжэй да яго. З маладзейшых - Міхась Казлоўскі. Ён згадвае:
(М.Казлоўскі: ) "Я заўсёды заходзіў да яго раз-другі ў месяц, а то бывала і тры. Па-суседзку. Можа і надакучаў іншы раз. Праўда, ён вечарамі не працаваў ніколі. Яму зрок гэты быў. Ён працаваў у Менску, а вяртаючыся сюды, адпачываў. Дык я во памятаю неяк раз не прыйшоў. Дык ён прыбег да мяне".
(С.Дубавец: ) Сьлепата Ермаловіча не была прыроджанай. Гэтую таямніцу біяграфіі прачыніў нам Генрых Далідовіч:
(Г.Далідовіч: ) "Здарылася так, што калі яму яшчэ было, можа, толькі поўгода, а то й менш, маці ўзяла яго на поле, дзе жала жыта. Там снапы склала, каб ад сонца яго берагчы, і калі снапы тыя ўпалі, Мікола Іванавіч у паўгода амаль асьлеп... Быў выключаны са школы, бо бацька быў рэпрэсаваны. У гады вайны ён паехаў у бежанцы. У Маскве, вяртаючыся, трапіў паміж буфэрамі цягніка. Што з вачэй пырснула кроў. Ну к гэтаму часу ён меў ужо тры курсы інстытуту, і яго паслалі настаўнічаць. Яшчэ Беларусь не была цалкам вызваленая. Ён паехаў арганізоўваць школу ў Віцебскую вобласьць і там трапіў на міннае поле. І прайшоў, сьляпы чалавек".
(С.Дубавец: ) Міхась Казлоўскі згадвае Ермаловіча на маладачанскай вуліцы:
(М.Казлоўскі: ) "Ведаеце, зрок жа зусім дрэнны быў. Дык бывае, я так: "Добры дзень, Мікола Іванавіч". "А хто гэта?" "Міхась." "А-а-а, Міхась, зразумела". Ён ужо не пазнаваў, нават пасьля апэрацыі, баюся, ужо лепш ня бачыў. Ідзе так па Маладэчне, крышачку прыгнуўшыся, згорбіўшыся. І так шпарка йдзе. Рашуча размахвае рукамі".
(С.Дубавец: ) Як жыў вялікі беларускі гісторык, амаль цалкам пазбаўлены зроку, у раённым горадзе? Пра гэта распавядае ягоная дачка Алена:
(Алена: ) "Бацька мой пайшоў дзеля гэтай кватэры працаваць у Таварыства сьляпых. Ён рабіў каробкі. І вось пакуль ён рабіў каробкі, мама яму чытала. А раніцай ён езьдзіў у Менск. Ну, і далі нам гэтую кватэру. Вялікі Гасьцінец, 72. Першая кватэра быў барак. Інтэрнат. А другую кватэру… мама ж мая пісала Церашковай. Таму, што там быў такі барак. Там грыбы расьлі. Там плесень такая была, там цьвіль такая была… Ну, страшна што было. І мы хварэлі. Мама пісала Церашковай. Ну тады мы атрымалі гэтую кватэру. А тады ўжо бацька пайшоў рабіць гэтыя каробкі. Каб атрымаць кватэру ўжо большую".
(С.Дубавец: ) Усе без выключэньня сёньняшнія нашы суразмоўцы згадваюць, якую ролю ў фэномэне Ермаловіча адыграла ягоная жонка. Міхась Чарняўскі:
(М.Чарняўскі: ) "Жонка яго падтрымоўвала ўвесь час. Фактычна пад канец магла расчытваць толькі яна яго рукапісы. Яна друкавала на машынцы. Бо ён быў сьляпы, у яго такі быў почырк, ён нават часамі ня бачыў... Ні лінеек ня бачыў, нават часамі, калі пісаў, дык выходзіла ручка яго за межы ліста. І жонка гэта расшыфроўвала й перадрукоўвала на машынцы. Фактычна яна была друкар яго. І той жа самвыдат, гэта яна рабіла".
(С.Дубавец: ) Яшчэ адзін эпізод прыгадаў Міхась Казлоўскі.
(М.Казлоўскі: ) "Жонка яго настаўніцай была. Сьветлай душы чалавек. Лідзія Цімафееўна. Мне гаварылі, што яна выкладала ўвогуле гісторыю. Але калісьці яна мне расказвала, што як прыехала ў Маладэчна, дык выкладала расейскую мову й літаратуру. Яшчэ недзе ў 46-м годзе расейскую літаратуру яна выкладала па-беларуску. Мяне гэта зьдзівіла. Але ня ведалі яшчэ так добра расейскую мову. І сьмяялася яшчэ, памятаю, казала: такія во парадоксы ў жыцьці бываюць".
(С.Дубавец: ) Крыху мэханістычна я зьбіраю зьнешнія складнікі фэномэну Ермаловіча: спрыяньне жонкі, сьлепата, электрычка. Усё астатняе - гэта толькі ён сам, ягоная самарэалізацыя, апантанасьць, ягоная воля і патрытызм. Гэтыя пачуцьці аказаліся такімі моцнымі, што сьляпы чалавек з Маладэчна стаў штодзённа працаваць у бібліятэцы ў Менску, каб у выніку зрабіць работу, вартую акадэмічнага інстутуту гісторыі. Верагодна, сацыяльная неадаптаванасьць вучонага толькі мабілізавала ягоныя сілы на абсалютна нерэальную з гледзішча звычайнага чалавека задачу. На подзьвіг. Тацяна Поклад:
(Т.Поклад: ) "Мікола Ермаловіч – чалавек, які пераадолеў інэрцыю інваліднасьці – непрыдатнасьці да нармальнага жыцьця. У савецкія часы дяржава разьмяркоўвала лёсы паводле інструкцыяў, і вырвацца бывала цяжка. А Ермаловіч перамог сваю немач, што вельмі істотна – без асаблівае ўвагі з боку іншых. Калі ён прыяжджаў у Вільню зь вялікай групай – ніхто не апекаваўся ім, не вадзіў за руку. І ён не хацеў апякунства, і калегі не ўспрымалі яго як нямоглага. Ён хадзіў самастойна, хаця ня мог бачыць ні дарогі, ні прыступак. Мяне гэта ўразіла, і я імкнулася трымацца побач. Пры гэтым распытвала яго, як гісторыка. Ён ахвотна распавядаў пра сваю працу, дзяліўся сумневамі адносна лёсу якой-небудзь стрыечнай пляменьніцы князя Войшалка альбо сястры князя Таўцівілы, адданай за Данілу Галіцкага. У тых радаводах я амаль нічога не разумела і імі не цікавілася, і таму спрабавала павярнуць размову, напрыклад, на гендэрныя пытаньні у беларускай старажытнасьці. Але Ермаловіч на такое не паддаваўся, і дзяліўся са мною, у адказ на мае ветлівыя фэміністычныя заўвагі, тым, што "самае цікавае – гэта імя князя Гедыміна, якое ўсе - і беларусы, і літоўцы – пішуць няслушна: трэба – Кгедзімін". Пасьля нашага першага знаёмства ён даслаў мне свае кнігі. Я напісала яму ліст з падзякай, ён ветліва адказаў, і гэтак мы да сярэдзіны 98-га году нясьпешна, але стала абменьваліся лістамі. Даволі часта ён пісаў ад рукі, заўсёды крыху апісваў, над чым працаваў і ніколі ні на што ня скардзіўся. Зь лістоў цяжка было здагадацца, што піша моцна блізкарукі чалавек, якому мінула 70 і які пасьля сьмерці жонкі жыве самотна".
(С.Дубавец: ) Самы час зьвярнуцца да гістарычнае місіі Ермаловіча - у абодвух сэнсах гэтага вызначэньня. Ягоны калега Міхась Чарняўскі згадвае Ермаловіча-гісторыка:
(М.Чарняўскі: ) "Некаторыя адносіліся да Ермаловіча, можа, як да дылетанта. Ну, раптам нейкі Ермаловіч зь нейкага Маладэчна, які ня мае адукацыі гістарычнай, не абараняў ні кандыдацкіх, тым больш ні доктарскіх дысэртацыяў. І раптам вось піша на гістарычную тэматыку. Улез у іхную вотчыну, на іхную ніву. Ну, а людзі сьвядомыя, гісторыкі беларускія сьвядомыя, канечне яны разумелі значэньне прац Ермаловіча. І параўноўвалі, і я параўноўваў, у прыватнасьці, яго аднаго з цэлым нашым інстытутам. Ён пералапачваў па гісторыі Беларусі, сярэднявечнай асабліва, больш матэрыялаў, больш крыніц, чым наш увесь інстытут у тыя часы разам узяты. Тым больш, што гэтай праблемай у нас ніхто не займаўся. Калі й займаліся сярэднявеччам, дык толькі эканамічнай гісторыяй, сялянскімі рухамі й рамяством. Што было дазволена. Астатняе было забаронена фактычна. Палітычная гісторыя часоў Вялікага Княства Літоўскага. Тым больш, упасі Бог, войны нейкія ці што-небудзь! Гэта было абсалютна забаронена. Проста не давалі тэм. Ні дысэртацыяў не давалі, ні плянавых тэм. Трэба было даказваць і падлічваць, колькі які мужык якому пану колькі бочак аўса ў год здаваў. І вось гэтыя працы гісторыкаў выглядалі фактычна, як бухгальтарскія справаздачы. З нуднымі лічбамі. Чытаць не хацелася такія працы".
(С.Дубавец: ) Ёсьць і яшчэ адзін аспэкт ацэнкі Ермаловічавых працаў - гэта поўнае непрыманьне іх літоўскімі калегамі. Тацяна Поклад:
(Т.Поклад: ) "У адным зь лістоў Мікола Ермаловіч са шчырым шкадаваньнем пісаў пра адмоўнае стаўленьне да ягоных працаў у Літве. Ён працаваў доўгі час у стол, на будучыню, - альбо, можа, і ня думаючы пра гэта, цешыўся самым працэсам дасьледніцкае працы. Ён - не самавучка, але кваліфікаваны самастойны дасьледнік. Ермаловіч карыстаўся навуковай мэтодыкай і падкрэсьлена акуратна ставіўся да апарату спасылак – але хто зь ягоных крытыкаў сумленна прадзіраўся ўсьлед за аўтарам скрозь гушчар спасылак, удакладненьняў, спраўджваючы крыніцы? Крытыкі чыталі высновы, абагульненьні. Тым часам, працы Ермаловіча – грунтоўныя, шматгадовыя досьледы, - і разглядаць іх трэба комплексна, не вырываючы сказы з кантэксту. Таму я не любіла крытыкаў ягоных працаў. Ермаловіча-гісторыка ў Літве крытыкуюць як публіцыста. На мой жа суб'ектыўны пагляд, ён - шукальнік гістарычнай ісьціны, гістарычных фактаў, а ня той, хто ўжо ведае праўду і катэгарычна яе абвяшчае".
(С.Дубавец: ) Мікола Ермаловіч быў піянэрам ня толькі ў гістарычнай навуцы, але і ў беларускім самвыдаце. Менавіта яму належаць першыя падпольныя публікаткі найноўшага часу. Аднаведна, пільнай была і ўвага да яго з боку савецкага КГБ. Згадвае Міхась Чарняўскі:
(М.Чарняўскі: ) "Ён пісаў у стол, але... ну ня ў стол. Ён гэта пускаў у самвыдат, тое што пісаў. Пасьля 70-га году. Гэта перадрукоўвалася на машынках, размнажалася, на нейкіх "Эрах" (памнажальныя апараты), фотаспосабам. Тады ж яшчэ не было гэтых кампутараў, нічога. І па руках хадзіла. Гэта быў самы такі распаўсюджаны беларускі самвыдат. У прыватнасьці, калі Караткевіч Уладзімер сьвяткаваў сваё 50-годзьдзе, недзе пасьля гэтай вячэры. Можа, дні праз тры я да яго зайшоў. Дарункаў у яго было там усякіх, кветак і ўсё іншае. То ён мне адзінае паказаў, самы даражэйшы падарунак. Пераплеценую кніжку па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. На машынцы надрукавана акуратненька. Вельмі шыкоўны пераплёт. Гэта яму рабілі студэнты-мастакі Тэатральна-мастацкага інстытуту тагачаснага. Гэта ляжала на стале. І ён першае паказаў: "Во паглядзі, што мне падаравалі, які цуд".
(С.Дубавец: ) Пра дачыненьні Ермаловіча з КГБ гаворыць Генрых Далідовіч:
(Г.Далідовіч: ) "Калі ён пачаў у канцы 50-х і ў 60-я паглыблена цікавіцца нашай даўняй гісторыяй, дык безумоўна да яго павялічылася ўвага. У тым ліку тых арганізацыяў, якія вы толькі што назвалі. Я з 79-га году працую ў "Маладосьці". Тады "Маладосьць" было органам ЦК камсамолу. Дык часта такія паступалі... агляды, дзе даваліся такія закрытыя ацэнкі ананімных аўтараў, ну што дзееца ў літаратуры й культуры. Дык вось там Ермаловіч часта мільгаў, як чалавек, які мае нацыяналістычныя погляды, які не згаджаецца з думкай афіцыйных гісторыкаў Акадэміі Навук. Які прапаведуе сэпаратызм, нацыяналізм... Ну, а сам Мікола Іванавіч расказваў, што ён неаднаразова меў гутаркі ў той высокай арганізацыі, якую Вы назвалі. Дзе яго папярэджвалі, патрабавалі, каб ён прынёс ім свае творы. Папярэджвалі, што ня трэба ісьці насуперак афіцыйнай лініі. Ну, але паколькі ён быў чалавек не зусім фізычна здаровы, дык да яго нейкіх такіх мер іншых не прымалі. Такім чынам Ермаловіч ацалеў. Ён аднойчы мне прызнаўся, чым усыпіў пільнасьць тых людзей, якія... Ён жыў у Маладэчне й езьдзіў з Маладэчна амаль кожны дзень у Менск у бібліятэку. І заўважаў, што за ім такія маладыя людзі заўсёды хадзілі. І ён аднойчы кажа так: "Я, кажа, чалавек амаль сьляпы, у цемені не зусім там бачу, ці ранічкай, ці вечарам. Дык я прыпынюся, каб лепш дарогу разгледзець. І чую за сабой гэты вось шэпт, дык я прыкінуся фізычна такім, ну зусім не здаровым". А насамрэч, у яго быў зрок толькі дрэнны, а ён быў фізычна чалавек вельмі моцна здаровы. І нават калі яму было пад 70, і мы паспрабавалі ўзяцца за руку й падужаца, дык ён маю руку так лёгенька паваліў".
(С.Дубавец: ) Мікола Ермаловіч сапраўды быў вельмі дужым чалавекам. Ягоная дачка Алена перакананая, што каб ня той аўтамабільны наезд, ейны бацька пражыў бы ня менш за сто гадоў...
Факты гісторыі і міты гісторыі. Дапускаю, што тут Ермаловіч пераацэньваў першае і недаацэньваў другое. Але іншым ён быць ня мог. Час і досьвед іншых нацыяў паказаў, што абуджэньне гістарычнае сьвядомасьці народу адбываецца ня з фактаў, а менавіта зь мітаў. Народ глядзіць на сваю гісторыю як на эпас, як на прыгожую казку. Таму гісторыкі імкнуцца канцэптуалізаваць казку, ставяцца да фактаў выбарачна, штосьці замоўчваюць, штосьці перавялічваюць, а штосьці і перайначваюць. Яны кіруюцца мэтамі прыгожай канцэпцыі, якая пасьля разыйдзецца ў папулярных кніжках і школьных падручніках, складзе падмурак дзяржаўнае ідэалёгіі. У выніку праўда фактаў адыходзіць на другі плян, саступаючы месца праўдападабенству мітаў. Ермаловіч жа абагаўляў факты. Ён ставіўся да гістарычнае навукі як хірург да сымптомаў і дыягназу. Калі факт ня ўпісваўся ў патрэбы нацыянальнае ідэалёгіі, ён усё адно ня мусіў выдаляцца. Бо гэта факт, пэўны абсалют, пункт адліку.
Праўда, абставіны склаліся так, што ўсё знойдзенае Ермаловічам у летапісах, аб'ектыўна сьведчыла на карысьць Беларусі. Гэта было вынікам таго, што датуль нашу гісторыю пісалі як правіла сыходзячы з чужых нацыянальных інтарэсаў. І вось цяпер з-пад завалаў, скажэньняў і замоўчваньняў чужых гістарычных мітаў выцягваліся голыя факты, патрэбныя толькі нам, яшчэ неміталягізаваным, тым, хто яшчэ не напрацаваў сваіх падручнікаў і нацыянальнае ідэалёгіі.
Вось калі ўсхадзіўся акадэмічны асяродак. Ермаловіч-самавучка, Ермаловіч-публіцыст, Ермаловіч ня мае навуковых ступеняў. Вось калі з рэзкай крытыкай выступілі літоўскія калегі. Яны добра ўпісалі ў свой гістарычны міт тэзу пра заваяваньне Беларусі літоўскімі князямі і пра гістарычную Літву на поўнач ад Вільні. А тут зьяўляецца чалавек з мноствам летапісных сьведчаньняў пра тое, што ніякага заваяваньня не было і што тая колішняя Літва зьмяшчалася ледзьве не пад Менскам.
Выйшла так, што абсалютызуючы факты, Ермаловіч ваяваў зь мітамі. Але вайна з чужымі мітамі спрыяла таму, каб з тых праўдзівых сьведчаньняў паўстаў свой міт - міт старажытнае Беларусі. Ягоныя працы разьвярэдзілі беларускую гістарычную навуку, якая на афіцыйным узроўні была падчаркай расейскага міту. Ермаловіч пакінуў шырачэзны сьлед, на якім знаходзяць і яшчэ знойдуць свой шлях пакаленьні беларускіх гісторыкаў. Я згадваю Купалава прароцтва пра тое, што "Прыйдзе новы а мудры гісторык". Калі ўспрымаць гэтыя словы літаральна, дык няма сумневу, каго паэт меў на ўвазе.
|
|
|
|
|
|
|