news programs realaudio contact archive
      Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


21 Ліпеня 2002
 
Ігнат Дамейка
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Нішто ў Беларусі не нагадвае пра сёлетні 200-гадовы юбілей Ігната Дамейкі. Ня выйшла з друку ягоных кніг, не зьявілася дакумэнтальнага сэрыялу на БТ і сам гэты год не абвешчаны афіцыйным годам Дамейкі. Прыйдзецца Вам, шанаваны ў іншых краінах спадар Ігнат, пачакаць, пакуль Вашыя землякі зьвернуць увагу на Вашу зусім ня сьціплую постаць сусьветнае гісторыі, навукі і культуры. А пакуль, выглядае, рана Вам, шляхціц Дамейка, пераходзіць на мову "хлопаў". Тут Вас зразумець яшчэ не гатовыя. Будзеце выглядаць дзіваком, як Ваш знаёмец Ян Чачот або Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ну і што, што змагаліся Вы за незалежнасьць гэтай зямлі супраць расейскай акупацыі. Дык гэтыя ж "хлопы" такіх як Вы і выдавалі царскім карнікам, бо не празрэлі яшчэ. І яшчэ не празрэлі. Таму заставайцеся пакуль у полі пальшчызны або, калі заўгодна, літоўскай. І палякі, і літоўцы ўжо гатовыя ўбачыць у Вашай асобе прадмет нацыянальнага гонару...

У сёньняшняй "Вострай Браме" славуты паўстанец і асьветнік Дамейка будзе гаварыць па-беларуску. Хоць, прызнацца, ня толькі моўны бар'ер аддзяляе яго ад нас. Бракуе сучасных беларускіх інтэрпрэтацыяў самое постаці юбіляра, якія "ажывілі" б яго ў нашым сёньняшнім дні. І таму гаворка пойдзе пра самыя першыя клопаты ў гэтай справе. А пачне гаворку наш аўтар Севярын Квяткоўскі.

(Квяткоўскі: ) "Адзін мой прыяцель, Ваня Гайдук, хімік паводле адукацыі і малады спэцыяліст паводле статусу, шукаў працу. Аднойчы паўжартам кажа: паеду ў Афрыку – Малі, Чад альбо ЦАР. Ваня дазнаўся, што ў гэтых краінах людзей з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй бяруць з заплюшчанымі вачыма. Я ўявіў, як празь дзьвесьце гадоў у сталіцы Малі Бамака адкрыюць новы будынак унівэрсытэту імя Яна Гайдука, у горадзе Тамбукту наладзяць юбілейную канфэрэнцыю, а ў горадзе Ансонга правядуць Гаўдукоўскія чытаньні. А над рэчкай Нігер закрасуе помнік вялікаму асьветніку Малі з надпісам на пастамэнце "Жан Гайдук".

Пасьля ўдзелу ў несанкцыяванай дэманстрацыі ў Вані сапраўды ўзьніклі пэрспэктывы вымушанай эміграцыі. Праца ў Малі пачынала выглядаць рэальна. Але ўрэшце Беларусь пазбавілася магчымасьці займець у будучыні яшчэ аднаго славутага земляка. Ваню ўзялі на працу ў прыстойную фірму, а праблемы з уладамі не перайшлі крытычнае мяжы.

Лёс Ігната Дамейкі склаўся больш драматычна і больш фэерычна. Удзельнік паўстаньня 1831 году ўцякае з радзімы, вучыцца ў Парыжы на геоляга і выпраўляецца ў Чылі на запрашэньне тамтэйшага ўраду, гэтаксама, як мноства іншых нашых маладых спэцыялістаў, якіх запрашалі ўрады новага сьвету. Дамейка быў адным зь першых, але далёка не апошнім. Сёньня ў сьпісе назваў, зьвязаных з Ігнатам Дамейкам, больш за 70 адзінак. Ягонае імя носяць казюрка, танцавальны калектыў, астэроід, згуртаваньне гарнякоў, саюз футбалістаў, бібліятэкі, цэнтар адукацыі, горад, мінэралы, расьліны, горны хрыбет, карабель, порты, вёскі, вуліцы, радыёстанцыя і г.д. Але ўсё гэта там, ня дома. У Чылі ён – амаль як у нас Ленін. І гэта ня дзіўна. Дамейка таксама зрабіў рэвалюцыю, толькі не разбуральную, а навукова-адукацыйную. І гэтага хапіла, каб стаць нацыянальным героем далёкае краіны".

(Голас артыста: ) "Гэтыя высачэзныя горы!.. Далі Бог, гэткіх ня бачыў ані Арлоўскі, ані Сухадольскі. І, бадай, ніхто з нашых. Тыя самыя пікі, ці скалы, пра якія мы толькі чыталі, ёсьць. Паміж імі каралеўства поўнае цішы й холаду. Ёсьць вялікія прасторы пад гарамі, куды ніколі ад сатварэньня Сьвету, не трапляла сьвятло. А па-над усім, навокал, колькі хопіць вачам агледзець далягляд – сьнягі, што ня таюць нават улетку. Месцамі ледавікі спаўзаюць проста ў Вялікі акіян, што памылкова быў названы Ціхім.

Майму захапленьню межаў няма. Веліч Госпада ў прыродзе ўражвае, замілоўвае й абяззбройвае. Усё, што я ведаў дагэтуль, усё, пра што я думаў, гледзячы на нашыя собскія палеткі й гаёчкі, адступае тут. Гэтыя бязьлюдныя горы, цясьніны, вадаспады, лясы й подых велічэзнага акіяну... Тут я сам-насам з Богам".

(Квяткоўскі: ) "Дамейка браў удзел у "антигосударственном" таварыстве, у антырасейскім паўстаньні, уцёк ад царскага перасьледу і ў далёкай краіне працягвае займацца тым самым, чым на радзіме – навукай, асьветай, змаганьнем за незалежнасьць. У Чылі Дамейка бароніць індзейцаў Араўканіі ў іхным змаганьні з крэольскай дзяржаўнай машынай. І ўвесь час чакае магчымасьці вярнуцца дадому. Зь лістоў Дамейкі паэту Адаму Міцкевічу вынікае, што ён не плянаваў надоўга затрымлівацца ў Чылі. Як паэт Уладзімер Дудзіцкі – у Вэнэсуэле, дзе ў 1952 годзе напісаў радкі:

Пачуў я, як моцна, упарта нас кліча
Апошняя змрочнага часу гадзіна.
Ля Сожу, Дняпра, каля Сьвіслачы, Пцічы
Калоцяцца грудзі падбітай радзімы.

Ігнат Дамейка ня быў паэтам. Ужо стаўшыся "грандэ эдукадорэ" (вялікім асьветнікам), ён штораз адкладае сваё вяртаньне, бо яго літаральна ўпрошваюць застацца: калі ня вы, дык хто? Цярпеньне ягонае скончылася ў 1884, калі Чылі напала на Пэру і генэралы даслалі свайму асьветніку нарабаванае абсталяваньне і бібліятэку захопленага Лімскага ўнівэрсытэту. Вось калі Дамейка паехаў дадому. Цяпер ужо расейцы амаль не чапалі паважанага ва ўсім сьвеце чалавека. Аднак ён, наведаўшыся ў родныя мясьціны, мусіў вярнуцца ў Чылі, да дзяцей. Там неўзабаве і памёр. Тагачасны прэзыдэнт краіны Бальмасэда абвясьціў на пахаваньні пра новага нацыянальнага героя Чылі – Ігната Дамейку.

Маладой краіне патрэбныя героі. Пэўна, няшмат паспалітых чылійцаў ведаюць, што Дамейка – яшчэ і нацыянальны герой Польшчы, паважаная гістарычная асоба ў Літве і славуты зямляк у Беларусі. Асабіста я, калі ў юнацтве дазнаўся пра Ігната Дамейку, вельмі ганарыўся, што адзін з нас дасягнуў такіх вяршыняў. Значыць, можам. Але цяпер, мабыць, калі б беларус стаў хоць ляўрэатам Нобэля, хоць прэзыдэнтам ЗША, у нас гэта б мала каго кранула. Хіба што прафэсара Мальдзіса, які зьбірае беларушчыну і яе сьляды па ўсім сьвеце".

(Голас артыста: ) "Сонца сядае тут зьнянацку. Як і ўзыходзіць. Калі ты між гораў, то нат не пабачыўшы сонца, ведаеш, што ўжо дзень. Сонца ўзыдзе пасярод дня й нечакана зьнікне на Захадзе, зачапіўшыся за гару. А сьвятло ягонае яшчэ доўга будзе зьзяць па-над ільдамі й далінамі ў цясьнінах. Тады зьнікаюць цені. І кожны дзень ад гэтага крыху трывожна...

Пра аскабалкі старажытнага гораду цяпер мала што можна сказаць. Бо падчас нядаўняга землятрусу горы рассунуліся й паглынулі большую частку паселішча. Пасьля зямля наноў сышлася й цяпер пра тую жахлівую катастрофу нагадваюць паасобныя ўломкі дамоў й некалі пекнага сабору, што віднеюцца ў жывапіснай лагчыне. Мясцовыя жыхары наноў вясёла й бесклапотна жывуць на зямлі, у якую жыўцом пахаваныя іхныя продкі, ані трохі не турбуючыся пра тое, што й іх можа напаткаць гэткі самы лёс".

(Квяткоўскі: ) "Сёньня, напярэдадні юбілею Ігната Дамейкі, Адам Мальдзіс літаральна ня мае вольнай хвіліны. Але кожны дзень прафэсара асаджаюць і засыпаюць пытаньнямі ў справе слыннага земляка. Тым часам Адам Мальдзіс ідзе на рэкорд. Ён творыць цуд".

(Мальдзіс: ) "У нас няма кніжкі. Значыць, я павінен зрабіць цуд, адкінуць усё і за тры-чатыры тыдні напісаць хаця б брашуру для беларусаў. Таму што ў Польшчы ёсьць больш за 10 юбілейных выданьняў, у Чылі – звыш ста, калі лічыць на працягу двух стагодзьдзяў, у літоўцаў таксама ёсьць некалькі выданьняў, а ў беларусаў (успомнім клясычныя словы) няма нічога".

(Дубавец: ) “Адам Мальдзіс распавядае пра Ігната Дамейку, у постаці якога праглядаецца яшчэ адзін прыклад дзяльбы – дзяльбы спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай паміж сёньняшнімі народамі-спадкаемцамі: беларусамі, літоўцамі і палякамі. Як дзелім мы Адама Міцкевіча, Сыракомлю і цэлы вялікі сьпіс дзеячоў, што ня могуць належаць толькі аднаму народу.

Асабіста мне гэтая дзяльба нагадвае іншы раз схему разьдзелкі каровінай тушы. Пры ўсёй неэстэтычнасьці такога параўнаньня ў дэталях яно дакладнае. Сапраўды, з цэлай "каровы" кожны народ выбірае нейкую сваю частку: палякі кумпяк, літоўцы паляндвіцу, а беларусы – скабы. Але ж называюць гэтую дэталь цэлым словам: гэта НАША Вялікае Княства Літоўскае, гэта НАШ Адам Міцкевіч... НАШ Дамейка – беларусы яшчэ ня кажуць. Чаму – пра гэта пазьней, а пакуль Севярын Квяткоўскі працягвае.

(Квяткоўскі: ) "Адам Мальдзіс не скідае віну на чужыя плечы. У пошуках тлумачэньня сытуацыі ён ужывае слова "мы", але найперш вінаваціць сябе самога".

(Мальдзіс: ) "Мы ўсё робім у апошнюю хвіліну. Нам яшчэ год таму было абсалютна... Хоць я ведаў пра гэты юбілей, але былі іншыя справы. Наша нацыянальная бяда, што калі трэба ісьці на паляваньне, тады мы пачынаем карміць сабак, калі пажар у доме, мы тады думаем, а чым жа яго тушыць. Юбілей 31 ліпеня фактычны. У Беларусі ён будзе сьвяткавацца ў верасьні. Праўда, рыхтуецца ў Інстытуце геалёгіі канфэрэнцыя, потым будуць Карэліцкія чытаньні. Я думаю, што зьявіцца, дзякуючы энтузіязму аднаго скульптара зь Ліды, два ці тры памятныя знакі, зьвязаныя з Дамейкам..."

(Голас артыста: ) "Адзін з матылёў падаўся мне надзвычай цікавым, з роду Psyshidae-ў. Самцы іхныя з нармальнымі крыламі й лапкамі, а вось самкі бяскрылыя, больш за тое, часьцяком ня маюць нават ані лапак, ані вусікаў, ані шчупікаў. Вусені іхныя дробныя, са стракатай чорна-жоўтай галавою. Яны сілкуюцца маладзенькай лістотаю. Цікава таксама, што дарослыя матылі нічога ўжо не ядуць..."

(Квяткоўскі: ) "Свой адзіны асобнік Дамейкавай "Араўканіі і ейных жыхароў" 1860 году Адам Мальдзіс ахвяраваў музэю на радзіме асьветніка. Мае пошукі гэтае кнігі былі беспасьпяховымі. Пра Дамейку ёсьць тэкст Уладзімера Арлова, ёсьць кавалак са зборніку "Філяматы і філярэты", артыкулы польскіх турыстычных агенцтваў, якія заклікаюць ахвочых прайсьці па Чылі шляхамі Дамейкі. Карціна такая ж хаатычная і калейдаскапічная, як і юбілейныя мерапрыемствы. Працягвае Адам Мальдзіс".

(Мальдзіс: ) "Будзе, вядома, вечар на яго радзіме, спадзяюся, у вёсцы Медзьведка Карэліцкага раёну, будзе вечар, наколькі мне вядома зь дзяржаўнай праграмы, у Менску, будзе выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы... Але ўсё гэта робіцца ў апошнія дні. У той час як Польшча рыхтавалася гадоў пяць ужо да гэтага юбілею, а Чылі гадоў 10, усё прадумана было. І потым – на розных узроўнях, што мяне турбуе. У Польшчы юбілейны камітэт узначальвае, патранат абняў прэзыдэнт краіны, у Чылі, безумоўна, прэзыдэнт краіны, у Літве – на вельмі высокім узроўні, а ў Беларусі – пры ўсё маёй павазе да былога галоўнага вучонага сакратара Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі – ён ужо не галоўны вучоны сакратар. Фактычна ўсю работу ў рэспубліцы ўзначальвае і цягне на сваіх плячах старшыня Беларускай камісіі ЮНЭСКА Ўладзімер Шчасны. Яму аднаму гэта не пад сілу зрабіць. Ну нават такую простую рэч – у Менску няма вуліцы Дамейкі да гэтага часу. Калі я на пасяджэньні Тапанімічнай камісіі паставіў пра гэта пытаньне, неяк яно прагучала так – усе зьдзівіліся – а хто такі Дамейка?"

(Квяткоўскі: ) "Зрэшты, ня ўсе дзяржаўныя чыноўнікі задаюць пытаньне – а хто такі Дамейка? Напрыклад, прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка апублікаваў заяву, дзе нагадаў пра юбілей ураджэнца Беларусі, памяць якога шануюць і ў Беларусі".

(Голас артыста: ) "Асабліва адчайна біліся араўканы, што змусіла гішпанцаў прызнаць іхную незалежнасьць, якую яны пасьпяхова адстойваюць і да сёньня. Яны ўсё яшчэ трымаюцца колішняга ладу жыцьця й застаюцца вернымі сваёй веры й звычаям продкаў. Хаціны іхныя, крытыя саломаю, альбо трысьнягом, нагадваюць хаціны нашых вяскоўцаў. Ды й посьцілкі, што ткуць індзейскія кабеты, нагадваюць працу нашых сялянак.

Надоечы да нас прыехаў зь візытацыяй араўканскі правадыр, які знаходзіцца ў сяброўстве з чылійцамі. Яго суправаджала ягоная дачка й невялікая сьвіта. Быў пададзены сьняданак, падчас якога індзейцы грэбліва адмовіліся ад відэльцаў і лыжак, хвацкі працуючы нажамі й рукамі. Пасьля падмацунку госьцям былі паднесеныя падарункі, што ім надзвычай спадабалася. А правадыр з наіўнае шчырасьці запатрабаваў сабе залаты піястар, а ягоная дачка – люстэрка. Жаноцкасьць аднолькава выяўляецца ва ўсіх народаў. Люстэрка тое пераходзіла з рук у рукі й усе індзейцы засталіся задаволеныя сваёй зьнешнасьцю.

Араўканы росту сярэдняга, целаскладу моцнага, каржакаватага й маюць вельмі цёмную бранзовую скуру. Іхныя гладкія чорныя, як ворана пяро, валасы падаюць проста на плечы. А вузкія, па-кітайску раскосыя вочы й выпнутыя скулы, магчыма, паказваюць на іхнае азіяцкае паходжаньне. Пры тым выраз твару араўканаў ветлівы, зухавы й даволі разумны. Адзежына іхная даволі простая й складаецца адно з кавалку ваўняное тканіны собскага вырабу, у стракаты штапік. Па-гішпанску яна завецца понча. У чылійскага простага люду понча складае паўсядзённы, а часьцяком і адзіны ўбор".

(Квяткоўскі: ) "Калі ня Мальдзіс, дык хто? – пытаньне, якое ўжо ня першы дзясятак гадоў паўстае на полі беларусазнаўства. Толькі задае пытаньне не беларускі ўрад, а Мальдзіс самому сабе".

(Мальдзіс: ) "Я раблю на прыватным узроўні, не на арганізацыйным узроўні. Чаму? Таму што так сталася, што ні Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, якую я ўзначальваю, ні іншыя грамадзкія структуры ня ўдзельнічаюць фармальна ў гэтым юбілеі. Ну але ж юбілей гэты якраз зьяўляецца нагодай паказаць, што беларусы былі і застаюцца народам і краінай донараў, яны сваю патэнцыю і кроў аддаюць усяму сьвету, а мы самі пра гэта ня ведаем і перажываем комплекс нацыянальнай непаўнавартасьці часта з-за гэтага".

(Квяткоўскі: ) "Маладым беларусам комплекс нацыянальнай непаўнавартасьці менш вядомы, чым бацькам і дзядам, для якіх слова "беларус" асацыявалася з жабрацкай вёскай, а слова "расейскі" – з заможным горадам. Маладыя беларусы ўсё больш карыстаюцца перадавымі тэхналёгіямі і ведаюць неверагодна больш за сваіх пагодкаў зь мінулага стагодзьдзя. Я скіраваўся на гістарычны факультэт БДУ, каб папытацца ў студэнтаў пра Ігната Дамейку. Спадзяваўся пачуць нешта накшталт "Дамейка – наш беларускі Калюмб"...

– Скажы, калі ласка, ці чуў ты што-небудзь пра Ігната Дамейку?

– Чуў. Выкладчыкі адзін раз сказалі і потым ужо ня ўзгадвалі...

– ... Знаю. У Чылі напэўна нашмат больш вядомы, чым у нас.

– А чым ён вядомы ў Чылі?

– Ён там быў знакаміты вучоны... Карысныя выкапні... Гара там яго імем названа. Быў там ва ўнівэрсытэце рэктарам і вельмі шмат зрабіў для адукацыі Чылі.

– А дзе ён нарадзіўся?

– У Гродзенскай вобласьці недзе, магу памыляцца.

– А як ён патрапіў у Чылі?

– Эміграцыя была.

– Чаму ён эміграваў?

– З-за падзеяў, якія адбываліся...

– Паўстаньне 1831 году...

– Мінэрал яшчэ ў гонар яго назвалі – дамейкіт. І расьліну нейкую.

– Нацыянальны герой Дамейка ў Чылі. Нешта там зьвязана з карыснымі выкапнямі.

– Памятнік яму ў Чылі ўстаноўлены – чуў нядаўна на лекцыі па крыніцазнаўству.

– А ты што-небудзь чуў пра Дамейку?

– Шчыра кажучы, ня помню. Мы гэта ўжо здалі даўным-даўно.

Да параўнаньня з Калюмбам не дайшло. Месца Дамейкі ў галовах сучасных студэнтаў нагадвае гісторыю пра менскую сядзібу ягонага суайчыньніка Ваньковіча. Часам бывала хлопцы выбіралі месца, дзе папіць піва. І адзін прапаноўваў – а хадзем да Ваньковіча. І можна было пачуць адказ – дык я ж зь ім не знаёмы.

Можна параўнаць Ігната Дамейку з Хрыстафорам Калюмбам. А можна параўнаць Адама Мальдзіса зь Ігнатам Дамейкам. Вакол Мальдзіса ў новастворанай і недааформленай краіне жывуць крэолы і індзейцы, а сам Мальдзіс большасьць жыцьця правёў ва ўнутранай беларускай эміграцыі, дзе спрабаваў адукаваць дзікіх суайчыньнікаў".

(Дубавец: ) “Севярын Квяткоўскі параўноўвае цяперашніх беларусаў з араўканамі. Між іншым, Араўканія існуе і сёньня як адна зь некалькіх краінаў-фантомаў. Ёсьць такія, якіх няма ў афіцыйных пераліках, затое маюць сваю сымболіку, выпускаюць паштовыя маркі, у некаторых нават ёсьць свае спадчынныя манархі. Гэта краіны, якія, паводле выразу Васіля Быкава, спазьніліся на свой цягнік. Найбольш пэсымістычна настроеныя беларусы прадказваюць падобную будучыню і сваёй краіне, калі яна ўвойдзе ў склад Расеі.

Аднак вярнуся да тэмы засваеньня беларусамі сваіх гістарычных пэрсанажаў. Насамрэч гэткі інстынкт – засваеньня – разьвіты ў нас зусім ня горш, чым у іншых. Паглядзіце, зь якім спрытам выхапілі мы і прысвоілі лацініста Міколу Гусоўскага. Палякі і літоўцы, якія мелі тут роўныя правы, нават зьміргнуць не пасьпелі. Або што робіцца з Маркам Шагалам. Амэрыканскі прафэсар і літоўскі паэт Томас Венцлава, які нядаўна адведаў Беларусь, здаецца, найболей быў уражаны менавіта гэтым – зь якім спрытам і настойлівасьцю Шагал ператвараецца ў беларускага мастака. Дзіва, што ў апытаньні чытацкае аўдыторыі на тэму найбольш выбітных беларускіх дзеячоў ХХ ст. афіцыйная "Звязда" менавіта Шагала атрымала ў якасьці найслыньнейшага нашага мастака. Няма сумневу, што навучацца беларусы вымаўляць і "наш Дамейка". Праўда, калі тое адбудзецца і ад якіх чыньнікаў залежыць – гэта ўжо іншая тэма”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.