|
Беларушчына і кланаваньне |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Пытаньне, ці кланаваць чалавека ці не – зусім не навуковае, а цывілізацыйнае, гэта значыць культурнае. Навука тут адказвае на пытаньне – як? І ўжо сёньня відаць, што вырашыцца спрэчка на карысьць кланаваньня, дакладней, нам проста давядзецца жыць у эпоху клонаў. Каб не рабіць гэтага, людзям трэба было б зноў жа зьмяніць сваю прыроду, толькі гэта было б нашмат больш ненатуральна. Бясплодныя бацькі павінны перастаць хацець дзяцей, а інвалід не павінен спадзявацца, што яму трансплянтуюць здаровае сэрца або нырку, урэшце ўсе астатнія мусілі б цалкам прыдушыць у сабе такое пачуцьцё як цікаўнасьць і прага поступу. І гэта былі б ужо ня людзі, не такія як мы з вамі людзі.
Так ці інакш, эпоха кланаваньня настала і мы з вамі – жыхары гэтай эпохі, незалежна ад нашага жаданьня. Боязь новых тэхналёгіяў ідзе найчасьцей ад недастатковага веданьня і кінематаграфічных страшылак. Іншы раз тую боязь апраўдваюць, маўляў, грамадзтва не гатовае быць яшчэ больш свабодным, а значыць, яшчэ больш адкрытым, у тым ліку і да нечаканасьцяў, што можа прынесьці новая эпоха. Скажам, у Расеі кланаваньне чалавека афіцыйна забаранілі, але толькі на пяць гадоў. А ў Швэцыі ўводзяць карныя меры да ўсіх, хто будзе перашкаджаць навукоўцам рабіць клонаў. Няма сумневу, што празь некалькі гадоў тэма кланаваньня ўвойдзе і ў беларускі штодзённы інфармацыйны ўжытак. Пакуль жа наша культура і наша нацыянальная ідэя амаль ніяк не рэагуюць на новую рэальнасьць. А менавіта ж сьветапоглядны аспэкт мусіць тут апярэджваць навуковыя экспэрымэнты. Бо зьяўленьне чалавечых клонаў будзе ўплываць на беларушчыну ва ўсіх сэнсах – зьмяняць генафонд, а таксама традыцыйныя ўяўленьні пра сябе як нацыю. У сёньняшняй перадачы я паспрабую падступіцца да новае тэмы, хоць бы адчуць яе ў тым ліку сваёй, беларускай, а не далёкай і чужой тэмай паведамленьняў расейскіх тэлеканалаў з заморскіх краін.
Пазалетась апытаньне на тэму чалавечых клонаў правяла газэта "Наша Ніва". Гаворка ішла, так бы мовіць, у першым набліжэньні і галоўны сэнс яе быў у тым, каб растлумачыць, што гэта такое – кланаваньне і што здарыцца, калі яно ўвойдзе ў нашае жыцьцё.
"Значыць, неістотна будзе, колькі нас, беларусаў. Істотным зробіцца, якія мы: ці ёмісты розум маем, ці здаровыя, ці дужыя? Каго зь беларусаў варта было б кланаваць? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да менчукоў. З больш чым дваццаці апытаных на вуліцы ніводзін ня выказаў прапановаў. Усе супраць кланаваньня ў любым выглядзе й для любых патрэбаў".
Галоўныя аргумэнты – тыя самыя, што і паўсюль у сьвеце: кланаваньне супраць Бога, супраць прыроды, нарэшце, гэта злачынства супраць чалавецтва, супраць чалавечае індывідуальнасьці.
Выснова дасьведчанага акадэміка Мікалая Кастэля гучала так:
"Зрэшты, нам пакуль гэтага рана баяцца. Экспэрымэнты па кланаваньні чалавечай клеткі ў Беларусі пачнуцца не раней, чым за 10—20 гадоў. Цяпер мы толькі спрабуем стварыць сумесны з расейскімі вучонымі праект па вывядзеньні коз, якія б утрымлівалі гены, неабходныя для лячэньня гемафіліі ў людзей. Але гэта не кланаваньне, а звычайная генная інжынэрыя".
Так пісала "Наша Ніва" пазалетась, яшчэ да таго, як прагучалі першыя паведамленьні пра зьяўленьне чалавечых клонаў.
Адна рэч – гаварыць пра фантастычныя прагнозы і зусім іншая – аналізаваць рэчаіснасьць. Напавер кланаваньне – гэта зусім не праява чыйгосьці злога намеру. Гэта эвалюцыя. Тым больш, што сам працэс адбываецца, як на наш сёньняшні розум, зусім натуральна. Па вялікім рахунку, кланаваньне ня больш адрозьніваецца ад штучнага апладненьня, чым апошняе ад апладненьня натуральнага. Прынамсі, у этычным пляне гэта так.
Сам тэрмін "клон" – галінка або каліва, па-нашаму. Кланаваньнем расьлінаў чалавек займаецца ўжо шмат тысячаў гадоў, гэта звычайная практыка. І прышчэпленыя чаранкамі яблыкі – самыя сапраўдныя клоны, якія ад гэтага ня робяцца штучнымі або нясмачнымі.
Першыя кланаваныя жывёлы – лябараторныя жабы і мышы. А тыя, што прыцягнулі ўвагу публікі – шатляндзкая авечка Долі, амэрыканскі бычок Джэфэрсан, і сьледам за імі – новыя бычкі і сьвіньні ў розных канцах сьвету – гэта ўжо навародкі нашага часу. Прагназуюць, што кланаваныя парасяты дапамогуць вырашыць ужо чалавечыя праблемы зь недахопам органаў для трансплянтацыі або нават з дыябэтам.
Часопіс “The Times” паведаміў, што японскія вучоныя пачалі падрыхтоўку да кланаваньня маманта, якога знайшлі ў Сыбіры. Яго будзе выношваць індыйская сланіха, што нарадзілася праз трыццаць тысяч гадоў пасьля яго трагічнае гібелі.
І вось нарэшце пад самы новы год усе інфармацыйныя агенцтвы паведамілі пра зьяўленьне першага кланаванага чалавека – зусім здаровай дзяўчынкі. Наступная сэнсацыя адбылася ў Галяндыі, а самая апошняя – на мінулым тыдні – мела месца ў Японіі. Выказваючы масу сумневаў наконт сапраўднасьці нараджэньня клонаў, журналісты, тым ня менш, паведамляюць, што апоўні навародак – гэта клон двухгадовага хлопчыка, які загінуў у аўтамабільнай катастрофе.
Цяпер самы час паглядзець, што такое гэты клон, кланаваны чалавек.
Прынцып ягонага зьяўленьня на сьвет такі – бярэцца неаплодненая яйкаклетка, зь яе выдаляецца ядро, а на ягонае месца ўжыўляюць ядро клеткі скуры – так прынамсі стваралася і авечка Долі, і гэтыя тры дзіцёнкі.
Клон – зусім ня монстар і ня робат. Гэта ўсяго толькі ідэнтычны блізьнюк іншага чалавека, народжаны ў іншы час. Скажам, адзін з блізьнятаў нарадзіўся сёньня, а другі – праз год ці праз сто гадоў. Ён – звычайны чалавек, якога звычайная жанчына выношвае на працягу звычайных 9 месяцаў. Ён нараджаецца і выхоўваецца ў сям"і, як і любое іншае дзіця. Гэтаксама як у блізьнятаў, у клона і арыгінала розныя адбіткі пальцаў, клон не пяройме ў спадчыну нічога з успамінаў арыгінальнага індывіда. Словам, клон – гэта зусім не ксэракопія ці зомбі, а толькі малодшы ідэнтычны блізьнюк. З такімі самымі правамі і абавязкамі грамадзяніна. Чалавек, у самым поўным сэнсе гэтага слова.
Нельга ўявіць сабе штампоўку клонаў як нейкіх бяздушных робатаў, што гатовыя выканаць любую каманду. Бо яны такія самыя робаты, якіх прадукуе звычайны беларускі радзільны дом.
У чым жа тады сэнс нараджэньня клонаў, калі яны – самыя звычайныя людзі? Артыкул у навуковым часопісе “Nature” тлумачыць наступным чынам:
"Зьнешне клон практычна цалкам паўтарае арыгінальнага індывіда, мае такі самы рост і склад цела. Для вядомых супэрмадэляў і кіназорак гэта можа быць найбольш важнымі якасьцямі. Ідэнтычныя блізьняты маюць 70-адсоткавую карэляцыю ў інтэлекце і 50-адсоткавую карэляцыю ў рысах характару. Гэта значыць, што калі кланаваць выдатнага вучонага, дык ягоны блізьнюк можа быць яшчэ больш разумным".
Праўда, можа і ня быць. Усё ж такі апошняе слова застаецца за прыродай, зьбегам абставінаў і, калі заўгодна, Богам. Практычныя амэрыканцы пішуць пра тое, што кланаваньне выдатнага спартоўца, які каштуе мільёны даляраў, у будучыні прынясе новыя мільёны. Але, агаворваюцца – можа і не прынесьці. Калі клону не захочацца займацца спортам. Як бачым, клон – гэта зусім не мэханічнае паўтарэньне і ў духоўным пляне – такі самы чалавек, як і любы іншы, які разьвіваецца з той самай доляй непрадказальнасьці. А гэта якраз тое, чаго ў згаданым нашаніўскім апытаньні найбольш баяўся філёзаф Валянцін Акудовіч – маўляў, спантаннае разьвіцьцё чалавечае натуры можа быць адкінутае на дзесяцігодзьдзі назад.
Любыя развагі пра ўплыў кланаваньня на сытуацыю ў Беларусі маюць сёньня фантазійны характар. Па-першае, цяжка ўявіць, каб пра такія рэчы думала дзяржава, па-другое, гэта неверагодна дорага. Па-трэцяе, як той казаў, гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу. Тым ня менш, разважаючы пра гэта, міжволі пачынаеш перабіраць у думках страчаныя магчымасьці нашае мінулае гісторыі – тыя выпадкі, калі касою касіўся сам дух нацыі, калі наймацнейшыя духам падалі пад гэтай касою і заўчасна і несправядліва, калі заставаліся самыя ціхія або бязвольныя, несамастойныя. Колькі пра гэта чытана-перачытана ў публіцыстыцы і ў мастацкай літаратуры, дзе рэпрэсіі супраць самых гаспадарлівых і ўзьнясеньне да ўлады самых няздатных – сталі мэтафарай, якая тлумачыць сёньняшнюю негатовасьць грамадзтва да рэформаў.
Праўда, кланаваньне наўрад ці здольнае нагэтулькі паправіць заўтрашні генафонд, вярнуць грамадзтву людзей прынцыповых, здольных і моцных духам.
Цяжка ўявіць, каб праз сто гадоў па вуліцах Менску хадзілі толькі ўсім вядомыя пэрсанажы гісторыі. Янкі Купалы віталіся б зь Якубамі Коласамі, а шматлікія Касьцюшкі заводзілі гаворку з таксама шматлікімі Пятрамі Машэравымі. Ва ўсіх канцэртах сьпявалі б Мулявіны, а па дынамаўскім полі гойсалі Пракапенкі ды Гоцманавы. Напэўна, кланаваньне заўсёды будзе зьявай малапрыкметнай на тле натуральнага дзетароднага поступу і заўсёды будзе мець меней прыхільнікаў, чым праціўнікаў. І калі сярод тысячаў навародкаў прамільгне адзін падобны да Янкі Купалы – гэта пэўна нікому не наробіць шкоды.
Затое колькі раптам новага матэрыялу зьявіцца ў пісьменьнікаў і ў гісторыкаў! І колькі падставаў для гуртаваньня ўзьнікне ў саміх Купалаў! І колькі ўвагі – абсалютнае цікавасьці да жыцьця і творчасьці свайго папярэдніка! А колькі "вераадступнікаў"!
Уяўляеце, зь якой цікавасьцю да двухсотгодзьдзя Купалы будзе чытацца ў газэце інтэрвію зь ягоным клонам!
Аднак, гаворка зусім не ідзе пра тое, каб кланаваць колішняга лідэра, які не давершыў справы і вось цяпер нібыта клон тыя справы давершыць. Клон будзе працягваць справы амаль з такой самай верагоднасьцю, як і любы іншы грамадзянін краіны. Гаворка ідзе хутчэй пра тып чалавека, а не пра канкрэтнага пэрсанажа.
Да прыкладу, у кожнай размове пра заўчасную сьмерць, што адбілася на беларускім адраджэньні фатальным чынам, асабіста мне ў першую чаргу згадваецца Іван Луцкевіч. Калі б не ягоная гібель ад сухотаў у 1919-м годзе, верагодна больш пасьпяхова мог скласьціся і лёс БНР і ўся наступная беларуская гісторыя не пайшла б пад сумневам – а ці мы нацыя і ці мы заслугоўваем самастойнага жыцьця і ці мова наша такая ж людзкая, як іншая якая. Сумневы мучаюць нашу грамаду дагэтуль. Але ня думаю, што разьвеяць гэты туман мог бы нейкі кланаваны Іван Луцкевіч. Усё ж і мы даўно ня тыя, і ён бы быў не зусім ён. Тое самае можна казаць і пра літаратараў, якія нечага не напісалі, бо не пасьпелі зрабіць гэта пры жыцьці. Гаворка можа быць адно пра чалавечы тыпаж.
Скажам, калі б нехта захацеў, каб ягонае дзіця было падобнае да Максіма Гарэцкага, дык што тут заганнага? У такім выпадку лёс дзіцяці, а значыць і ўвесь сьвет, рабіўся б хоць крыху больш прадказальным.
У самой гэтай рэвалюцыі вельмі шмат як нечаканасьцяў так і вяртаньня да нормы – свае нармальнае нацыі зь яе мэнтальнымі праявамі і жывой павагай да продкаў, да традыцыяў. Бо нават толькі думаючы – каго б кланаваць, мы мусім уважліва ўглядацца ў забытую ды перакручаную ў інтэрпрэтацыях мінуўшчыну. Мы гаворым пра тыпажы, якія ўяўляюцца нам ўзорам для перайманьня або проста дарагія. Хіба ж некаму не зажадаецца выгадаваць падабенства свайго ўласнага прадзеда?
Разумею, што можна рашуча запратэставаць супраць маіх фантазіяў. Але ўжо нават гэтыя фантазіі вымагаюць неаспрэчна важных рэчаў – прадметнага стаўленьня да гісторыі, саматоеснасьці, свае краіны і свае нацыі. А некаму захочацца кланаваць сябе самога, што само па сабе ніяк не ўзбагаціць і ня зьбедніць заўтрашні сьвет.
Клон – гэта зусім не несьмяротнасьць, гэта звычайнае дзіця, зьнешне і характарам падобнае да свайго правобразу. І кланаваны Купала быў бы ўсяго толькі дзіцём Купалы, мець якога пры жыцьці паэту не давялося. Ці не глядзім мы на сваіх уласных дзяцей, як на працяг сябе самых, як на адгалінаваньне роду, што па-грэцку і значыла б – як на клон! А колькі нашых людзей былі і ёсьць з той ці іншай прычыны пазбаўленыя магчымасьці мець свой чалавечы працяг!..
Калі ж спыніць мае няўстрымныя фантазіі, мы ўбачым, што прыкметы кланаваньня ці нават толькім думаньня пра яго заўважныя ў нашым жыцьці.
Газэтны загаловак, пад якім Беларусь увайшла ў 2003 год, гучыць сымбалічна – гэта загаловак навагодняга віншаваньня прэзыдэнта беларускаму народу "Мы стварылі краіну, будзем ствараць яе грамадзян!"
І сама “Советская Белорусския” стала клонам амэрыканскай “USA Today” – паводле назвы. Паводле мовы і рэдакцыйнай філязофіі яна хутчэй клон “Северо-Западного края” пачатку мінулага стагодзьдзя. Толькі тая больш пра Чэхава з Тургеневым пісала, а гэтая – пра Кіркорава з Пугачовай. Іншы час, іншыя куміры. А час, як гісторыя падказвае, часта забірае з сабой і куміраў і газэты. Варта параўнаць тагачасную “Нашу Ніву”, якая сёньня перавыдаецца і чытаецца як новая і той “Северо-Западный край”, які мы й ведаем, дзякуючы таму, што надрукаваў першы вершык Янкі Купалы – па-беларуску.
Безумоўна, “Беларусь Today” – гэта крок у лібэралізацыі газэты, гэта вам не вяртаньне ў шапку патускнелых і ўжо мала каму зразумелых сталінскіх мэдалёў. Аднак сутнасна “Беларусь сегодня” застаецца галоўным рупарам рэжыму, які лібэралізуецца ня гэтак хутка, а пры тым застаецца правадніком палітыкі русіфікацыі, усё менш на Маскву азіраючыся, а ўсё больш адсябяцінную русіфікацыю праводзячы. І собіць жа людзям гэтак упарта малявацца расейскімі правінцыяламі, што ўжо значыць – другаснымі, нецэнтравымі, неасноўнымі, калі пад рукой усе магчымасьці стаць і сталічнымі, і адзіна каштоўнымі ў гэтым сьвеце разам са сваёй краінай, народам, гісторыяй і мовай – на роўных і з расейцамі і з амэрыканцамі. Вось чаго нельга зразумець. Я думаю, што і не разумеюць. Ну як Пуціну зразумець, чаго Лукашэнка хоча, калі патрабуе беларуска-расейскага раўнапраўя, а сам сваю Краіну ператварае ў праўдзівую расейскую губэрню. Думаю, і Джорджу Бушу такія паводзіны пададуцца дзіўнымі. Што за прэзыдэнт, які свой уласны каласальны патэнцыял па прыёмніках-разьмеркавальніках расьпіхвае, каб ніхто ня бачыў?
Ну добра, можа быць, раней такое трэба было для адаптацыі пасьля СССР, для электаральнай падтрымкі з боку пэнсіянэраў, але цяпер гэта навошта? Хочаш быць большым расейцам за расейцаў, дык нашто табе сувэрэнітэт? Ужо ж запрасілі – якой там? – 90-й губэрняй. А хочаш быць самастойны – дык будзь жа сабою. А то, як вялікі рускі народ сваім вялікім языком кажа, хоча беларускі бацька і рыбку зьесьці, і… гэтак далей. Не разумеюць калегі-прэзыдэнты. Надта ж хітрая палітыка. Але, здаецца, і ёй, вяроўцы гэтай, віцца ў цёмнай вадзе доўга не выпадае. Мусіць “Советская Белорусския” ператварыцца ў Беларусь Today.
Што да дэклярацыі стварэньня новых грамадзян, дык тут прэзыдэнт пераўзыйшоў самую кампанію “Кланэйд”. Няясна толькі з навагодняга віншаваньня, якім чынам будуць ствараць новых грамадзянаў – ці шляхам перапрацоўкі нас, старых, ці шляхам кланаваньня, ці праз натуральнае дзетанараджэньне. Калі першым шляхам, дык тут намеры марныя. Толькі за мінулае стагодзьдзе беларусаў столькі разоў перараблялі пад грамадзянаў каротка- і доўгатэрміновых дзяржаваў, што сама гэтая здольнасьць перарабляцца вычарпаная, здаецца, канчаткова. Цяпер нас хіба што на манер кітайскіх канцлягераў для палітычных можна перарабляць толькі ў жабаў – шляхам доўгага і брутальнага фізычнага ўзьдзеяньня. Рэальнае кланаваньне ў Беларусь таксама прыйдзе ня хутка. А вось шляхам звыклага дзетанараджэньня – гэта, бадай, самы дэмакратычны спосаб. Толькі пра тое, якім чынам яго ўвасабляць у жыцьцё, прэзыдэнт нічога не сказаў. |
|
|
|
|