|
Мэтамарфоза Менску: горад, складзены зь вёсак |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
У адрозьненьне ад большасьці эўрапейскіх сталіц, "вечна малады" Менск ня мае свайго гістарычнага цэнтру, свайго Старога Гораду. У Менску ня цэняць і не зьберагаюць помнікі архітэктуры, колішнія вуліцы ды кварталы і прыродны ляндшафт. Адзінкавыя выключэньні толькі пацьвярджаюць агульнае правіла. У выніку не пасьпявае вырасьці чарговае пакаленьне менчукоў, як незваротна зьмяняецца сам дух гораду, у якім тое пакаленьне нарадзілася. Менск ня ведае і ня любіць сваёй мінуўшчыны.
Так адбываецца зусім не таму, што менчукі горшыя за парыжан або варшавякаў ці віленчукоў. Некалі ж і Менск быў горадам магдэбурскім, ганзейскім, партовым. Але было тое надта даўно. Мінулае ХХ стагодзьдзе канчаткова ператварыла сталіцу Беларусі ў мэгаполіс, складзены зь вёсак. Грушаўка і Ляхаўка, Цівалі і Дразды, Лошыца, Курасоўшчына, Сьляпянка, Зялёны Луг, Карзюкі ды шмат-шмат іншых вёсак апынуліся пад адной назваю "Менск", які ня стаў ад гэтага горадам, падобным да іншых сталіц сьвету.
Дух і традыцыя вёскі, якая паводле прыроды сваёй ня дбае пра помнікі архітэктуры і гістарычны цэнтар, запанаваў у Менску. Гэты дух і сёньня нясуць у сабе менчукі – у большасьці гараджане першага ці другога пакаленьня, учорашнія вяскоўцы. Гэты дух – у самым ладзе жыцьця, у культурным і палітычным выбары менчукоў, у іхным спэцыфічным стаўленьні да роднае мовы.
Як сьвет стаіць на трох чарапахах, як Рым – на сямі ўзгорках, так Менск стаіць на сваіх вёсках. Вёсак ня сем, а сямнаццаць ці, можа быць, дваццаць сем. Але сутнасьць ад гэтага не зьмяняецца. З даўніх часоў у Менску змагаюцца між сабою два пачаткі – вясковы і гарадзкі.
Калі тое змаганьне пачалося, напэўна, ніхто ўжо ня скажа. Бо звычайна адбываецца наадварот – вёска паступова вырастае ў горад. І справа тут ня ў тым, што зьмянецца аблічча, што дамы вышэйшыя і каменныя, што жыхароў болей. Нашмат важнейшыя зьмены ў сьветапоглядзе насельнікаў. Вось жа ў Менску, які вырас да памераў мэгаполісу, пануе гэты самы вясковы сьветапогляд. Ад таго і сам горад пачуваецца ня цэлым горадам, а населеным пунктам, складзеным, злучаным, зьлепленым у адно з мноства вёсак.
Ці гэтак было заўсёды?
Апісваючы Менск сярэдзіны 19-га стагодзьдзя, Уладзіслаў Сыракомля ўвесь час параўноўвае яго зь Вільняй:
"Заўважым, што… на адзін дом прыпадае 16 жыхароў, у той час як у Вільні – 34 жыхары; але разам з тым у Менску няма такіх вялікіх дамоў, як у Вільні…"
"Важнейшая вуліца места – Койданаўская, на якой раней было некалькі касьцёлаў і цэркваў, а цяпер мала хто можа паказаць, дзе яны стаялі".
"Вуліца Саборная… і яе працяг – Фэліцыянская, ужо найбольш забудаваныя адна- і двухпавярховымі драўлянымі дамамі і дамкамі, што ўціснуліся ў асяродак сваіх арыстакратычных братоў, як тыя вяскоўцы, што, трапіўшы на відовішча, праціскваюцца, як могуць, бліжэй да сцэны, не зважаючы на грамаду вяльможных паноў".
Хоць у пару Сыракомлі, паўтараста гадоў таму, і былі прыкметныя рысы будучае менскае мэтамарфозы, але выглядалі яны як атавізмы, ад якіх горад непазьбежна пазбавіцца. Паўстануць вялікія гмахі, а драўляныя хаты зьнікнуць, а галоўнае – зьявіцца памяць пра тое, што і калі было, зьявіцца зусім іншае разуменьне часу, зьявіцца гарадзкая гісторыя.
Але адбылося па-іншаму. Менск разрастаўся ў вялікі горад, з кожным пакаленьнем руйнуючы тое, што было створана папярэднікамі. Зноў і зноў малады горад вынішчаў цэлыя вуліцы і кварталы свае памяці, свае гарадзкое гісторыі. Калі зруйнаваная Варшава пасьля вайны наноў адбудоўвала сваю Старуўку, у Менску ўсё старое пайшло пад знос, які цягнецца да нашых дзён. Менск адбудоўваць свой Стары Горад ня стаў.
Сьветапогляд вяскоўца падказваў, што хата або дом ня маюць каштоўнасьці толькі таму, што яны старыя. Наадварот, захоўваць або паднаўляць староцьце было б непрактычна. Яго трэба перарабіць або зьнесьці. Вёска ня ведае рэстаўрацыі.
Захапленьне згібам крывой вулкі, маляўнічай шчылінай у сьцяне, пахам цэглы, вясёлкай на дзікім бруку пасьля дажджу – тое, што знаёмае месьцічу, для вяскоўца няважнае, бескарыснае. І знос найстарэйшае менскае вуліцы Нямігі ў 60-я гады быў зусім прагрэсіўным у вачох гараджанаў першага пакаленьня. І знос вуліцы Замкавай пазалетась – таксама.
Мабыць, галоўнай прычынай Менскае мэтамарфозы сталася ператварэньне губэрнскага цэнтру ў сталіцу краіны, якой ён стаў з заснаваньнем БССР. Вось калі вясковы пачатак перамог. Ня стаўшы па сутнасьці сучасным самадастатковым горадам, Менск прыпадобіўся да таго навабранца, якому раптам пачапілі генэральскія пагоны. Калі ты сталіца, ці варта табе задумляцца пра тое, наколькі ты – горад? Гэта нібы і так зразумела.
У адрозьненьне ад гораду, вёска ня мае гісторыі, а толькі традыцыю, яе культура – этнаграфія. Вясковы паэт, складальнік песень, казак і прымавак – народ, а не Янка Купала ці Ўладзімер Караткевіч. Вёска не пэрсаналізуецца так, як горад. Можна сказаць: адна баба, адзін мужык – і ўжо ясна, пра каго гаворка.
Вёска не ўнікальная – яна тыповая. Для горада гэта – сьмерць. Ён пачуваецца адзіным у сьвеце, асабліва калі ён – сталіца. Вёска – аб’ект, горад – суб’ект, прынамсі, мусіць такім быць. Вёска – асяродзьдзе, а горад – чалавек у гэтым асяродзьдзі. Вось чаму тое, што добра для вёскі, для горада часьцяком блага. Бо міталёгія гораду складаецца з фактаў гісторыі і канкрэтных пэрсанажаў. Менскія вёскі забралі ў сталіцы яе гісторыю і яе герояў тады, калі вясковы пачатак перамог.
Горад рос, разбухаў, напаўняўся патокамі насельніцтва і паступова сам станавіўся вобразам гэтага памкненьня вяскоўцаў у сталіцу. Часьцяком за такі пераезд яны плацілі сваёй мовай, мяняючы яе на нібыта гарадзкую менскую, а то й памяцьцю пра сваіх пакінутых недзе ў вёсцы бацькоў. Гэтую здраду без пакаяньня і цяпер можна разгледзець у вачох менскага вулічнага натоўпу.
Зроблены сталіцай, Менск перанес сваю вясковасьць і “вечную маладосьць” на ўсю краіну. Пад сталічную “моду” пачалі перарабляць і іншыя цэнтры. Уплыў распаўсюдзіўся на ўсё грамадзкае жыцьцё Беларусі. І калі абвешчаньне незалежнасьці ў 1991 годзе было перамогай гораду – г.зн. гісторыі, культуры і асобаў, дык абраньне першага прэзыдэнта стала рэваншам традыцыі, этнаграфіі і тыповасьці. Вось чаму так пабляклі сёньня ўчорашнія імёны: дзяржаўныя мужы, акадэмікі ды народныя пісьменьнікі. Вось чаму ўлада ня лічыцца зь іхнымі заслугамі і не бярэ пад увагу іхнае меркаваньне. Абраньне першага прэзыдэнта стала рэваншам вёскі над горадам-суб’ектам. Уся краіна пагрузілася ў бясчасьсе з дажынкамі і стала аб’ектам дзейнасьці аднаго чалавека – войта, старасты ці дырэктара саўгаса – сутнасна тое самае – таго, хто мае ўсю паўнату ўлады ў вёсцы.
Натуральна, усё сказанае будзе адно толькі дапушчэньнем, калі словы не падмацаваць фактамі ды назіраньнем з натуры. У падарожжа па вёсках, зь якіх складаецца цяперашняя беларуская сталіца, выправіўся Зьміцер Бартосік.
(Бартосік: ) “Тое, што Менск – вялікая вёска, я чуў неаднойчы. Але на свае вочы ўбачыў толькі з самалётнага ілюмінатара. Зьверху на беларускую сталіцу адкрываецца дзіўная карціна. Не разглядзіш тых паштовачных сюжэтаў з Плошчай Перамогі ды праспэктам Скарыны. Але пабачыш нашмат цікавейшае, тое, чаго зь зямлі не заўважаецца. Паміж жылымі масівамі, паабапал шырокіх трасаў, уздоўж чыгунак і рэк, па ўсёй сталічнай прасторы раскінуліся вёскі. Нават цяжка вызначыць, дзе сканчаецца тая вёска і пачынаецца ўласна Менск.
СУХАРАВА
Ніякавата стаяць на вясковай вуліцы і ня чуць характэрных вясковых гукаў. Ні мычаньня кароў, ні крыкаў пеўня, хіба што сабака забрэша. Адчуваеш сябе альбо глухім, альбо акупантам, ад якога пахаваліся вяскоўцы. Альбо незнаёмцам, які бяз справы зайшоў у чужую хату. Менавіта так я адчуў сябе, калі ўвайшоў у Сухарава. Вялізную вёску, палову якой ужо зьеў горад Менск. Шматпавярховікі абышлі могілкі на пагорку і спыніліся перад старымі хатамі. Малады сухаравец Мікола, які вяртаўся з гарадзкой крамы, аказаўся вельмі гаваркім.
– Ці вёска жыве, як вёска? Тут трымаюць жыўнасьць, сьвіньні, быдла?
– Ужэ не трымаюць. Таму, што карміць няма чым. Горад акружыў нас. Хаця трава тут есьць, дзе накасіць. Але ж яна загажана выхлапнымі газамі. Сад там калхозны за горкай быў, там зьдзелалі парк. А кароў тут трымалі, дык траву ня сталі есьці, бо сабакі там усё загадзілі. Вот так і жывём. Уродзе бы горад, а як была дзярэўня, так нас дажэ ніхто... у райспалкоме ілі ў паліклініке гавораць – эта дзярэўня і асталась.
– Гэта не прынесла Вам ніякіх выгодаў?
– Гэта прынесла нам бальшыя выгады. Раньшэ плацілі капейкі за зямлю, а шчас плоцім тысячы. Налог вырас і больш нічога, усе выгады.
Пра былыя ліхія часіны Мікола ўзгадвае з гумарам:
– Сухарава было ня беднае сяло. Бацька мой з маці да вайны дзесяць гектар зямлі меў. А калхоз як пачаўся, усё гэта ў калхоз здаў. Расказваў бацька, калі калхоза не было, рабілі такія камуны былі. Ну сабралі ўсё ў камуну, значыць – жывёлу там. І рашылі, пастанавілі – як будзем жыць у гэтай камуне. Ну, сталі купляць адзежу сабе з гэтых обшчых грошай, разам ежу там варылі, кагда парэзалі ўвесь скот, растрацілі ўсе грошы, камуна гэтая разьбеглася. Такая вось вясёлая гісторыя была...
ПЯТРОЎШЧЫНА
Пралятаючы па шырокіх і простых менскіх праспэктах, мы не заўважаем і нават не здагадваемся пра прыродны ляндшафт тых мясьцінаў, што мільгаюць за вокнамі. Але варта толькі збочыць з вуліцы Чыгуначнай у вёску Пятроўшчына, каб зразумець колькі сіл і сродкаў пакладзена горадам на нівэляваньне і выраўніваньне ўсяго, што замінае праехаць. Якая сотня мэтраў убок, і вы быццам ня ў Менску. Адкуль такія горы і ўпадзіны. Якая пастаральная маляўнічасьць ў краявідзе, складзеным з дамка на гары, азярка ў нізіне, зьвілістай дарогі, што губляецца за новым пад'ёмам. А за ім – таполевыя прысады, сьляды шляхецкай сядзібы. Калі б яшчэ не тралейбусны бразгат з вуліцы Сямашкі і невясковая цішыня падворкаў, дык і не паверыш адразу, што сёлета у двух кроках пачнецца будаўніцтва станцыі мэтро "Пятроўшчына".
Пятроўшчына разрэзаная на тры часткі. Адна за Чыгуначнай вуліцай, другая – за праспэктам Дзяржынскага. А трэцяя паміж імі. Адзін толькі дом, але ў аблозе двух ажыўленых трасаў ён выглядае няскоранай крэпасьцю. Антыподам вясковай хаце сьвеціцца нэонамі яркая аўтазапраўка, што разьмясьцілася насупраць. Я пагрукаўся ў дом. Гаспадар супакоіў сабаку і прыемна зьдзівіўся маёй мове.
– Па беларускі? Усё раўно мы размаўляем на трасянцы. Просім тагда ў хату. Удаставерэніе есьць? А то, патом паглядзіш, р-р-аз, і каўра ня стане.
Усяго чакаў, але толькі не такога разьвіцьця сюжэту. Напэўна, зьдзічэў я ў далёкім Менску, калі як нейкае дзіва ўспрымаю запрашэньне за стол. За сталом вялікая бяседа. У гаспадароў, сям'і Мялешкаў, госьці зь іншага канца гораду. А такое адчуваньне, што зь іншага гораду. Бо і віно, і закуска, і абстаноўка ў хаце абсалютна вясковая. Сьвятло запраўкі, што б'е ў вокны, па гэты бок выглядае, як зьзяньне нейкага НЛА.
– Віно! Будзеце піць, а патом яшчо можам даць і з сабой. За знакомства. Давайце. Нас тут зь месца ніхто ня строне, толькі чацьвёртая ўласьць.
Чым болей я адаграваўся вясковым віном у гэтых мілых людзей, тым больш адчуваў сябе стомленым падарожнікам у якім старадаўнім заежджым двары. Пэрсанажам з аповесьці Яна Баршчэўскага. Загаварыла гаспадыня:
– Мы жывём как у вёсцы. Дажэ ішчо хужэ, чым у вёсцы. Бо няма нікакіх условій, і не прыдвідзіцца, што б как нібудзь улучшыць сваю жызнь. Хазяйства я не магу дзяржаць, бо газ не магу правесьці, вадаправод я не магу сабе правесьці, бо нас зносяць з 80-га года.
– А вы б хацелі памяняць гэтую хату на кватэру? – спытаўся я ў гаспадара.
– На кватэру? Чэсна гавара, я б з удавольствіем памяняў бы на благаустроены дом. Таму, што я прывык на зямлі жыць, і как пают нашы "Песьняры", "в земле нашы корні, в земле наша правда, а сіла ў плячах лугоў і палей". Лучшэ жыў бы на земле... Давайце, я лучшэ раскажу другую гісторыю. Нальём толькі віна пад гэта дзела… Сам та я точна не помню. Са старыны пайшо. Чаго называецца Пятроўшчына, а чаго называецца Рылаўшчына. Тут у нас Рылаўшчына, дзярэўня Дружба, але называлась Рылаўшчына. Эта ў це ўрэмена, відзіма, кагда была Северная вайна. Мінск меў Магдэбурскае права, а Пятроўшчына была ўжэ населена, патаму, што тут была очэнь харошая рэка. Так случылась, ехаў цар Пётр, у каком гаду не скажу, сам там не быў, ня знаю. І жыцелі выйшлі цара Пятра встрачаць. Чарку, шкварку. Ну цар праехаў. А жыхары той дзярэўні выйшлі, з-за хат паглядаюць, толькі рылы павысоўваюць. Ну цар і сказаў: "Вунь тая першая дзярэўня, дзе чаркай-шкваркай, хай будзе маім імем названая – Пятроўшчына. А та, дзе рылы... Рылаўшчынай і будзе”. Так яно было да ўрамён нядаўніх.
Адсьмяяўшыся, гаспадыня ўзгадала, якая раней была ў Пятроўшчыне рэчка. Тая самая, якую сёньня не разгледзіш з аўтамабільнага вакна.
– Кагда начала хадзіць у школу ў 60-х гадах, край горада быў завод санцехазагатовак. Дальшэ ўжэ нічэво не была. Дальшэ шлі паля, абычныя паля калхозныя. Пшаніца, лён, хадзілі з мамай лён палоць. І яшчо было ўрэмя, хадзілі рэчку палоць. Прачышчаць рэчку граблямі. Ой, какая рэчка прэкрасная была. Луга заліўныя якія былі. А вот места там, яго нету ўжэ, там первы Юга-Запад, Шума называлась. Там вясной встрачалісь два патока. Роў стаяў, што здзесь была слышна.
Размову падтрымаў госьць хаты, стары зь іншага канца Пятроўшчыны, Мікалай Васільевіч:
– Шума – гэта рэчка наша. Рэчка была чыстая, таму што працякала па нізу, крынічная, крыніца на крыніцы была. Вадаправодаў у нас нікакіх не была. Па весьне рэчка наша разьлівалась, зь берагоў выхадзіла, метраў 50 разьлівалась. І кагда вясна наступала, вада ішла, там чаму Шума называлась. Такое цячэніе быстрае была, бальшой шум. Што зьдзесь вот слышна была.
Дзень сёньняшні ў Мікалая Васільевіча асацыюецца зь немцамі:
– Кагда Юга-Запад начаў строіцца, пастроіўся і людзі жылі. І тут жа к нам апяць немцы. І ці немцы пастроілі січас, і мой агарод прабурылі, обшчэабразавацельны, ілі междунарордны, как там яго... А ў нас у Пятроўшчыне яго называюць нямецкая казарма. "А дзе нямецкая казарма?" "А во казарма нямецкая". І там немцы. Чэм яны там занімаюцца? Я не заходжу туды. Там міліцыя і долары нада. А долараў у мяне нету.
На разьвітаньне гаспадар гэтага гасьціннага двара сказаў наступнае:
– Праблема ў тым, што я тут радзіўся, тут жыву, і гэты кусок зямлі мне вельмі дораг. Я прэкрасна знаю, што гэты кусок зямлі намнога дарожэ стоіт, чэм двухкомнатная кварціра ці што там мне палагаецца. Таму што я на этам куске зямлі, калі гэта будзе мой кусок, я магу такі фальварак адстроіць. Але ж не даюць. Я вішу праміж небам і зямлёй. На гэтым уся справа заключаецца.
Гледзячы на спадара Мурашку, я ня думаю, што горад Менск так лёгка пераламае гэтага вясёлага пятроўца. Бо пятровец выдатна зь дзяцінства ведае, хто на ягонай зямлі госьці, а хто гаспадар”.
(Дубавец: ) Пакуль Зьміцер Бартосік гаворыць зь вяскоўцамі-менчукамі, я гартаю стары польскі Геаграфічны слоўнік, што выдаваўся таўшчэзнымі тамамі напрыканцы ХІХ ст. І першае, што спыняе маю ўвагу – тагачасныя варшаўскія выдаўцы не перакручвалі назвы менскіх вёсак на польскі лад. А зьдзіўляе гэта таму, што такі факт цалкам супярэчыць стэрэатыпу, быццам гэта ў спадчыну ад падступных палянізатараў дасталіся нам сёньняшнія назвы многіх беларускіх гарадоў і вёсак. У выніку Берасьце мы называем Брэстам, Горадню – Гроднам, а Менск – Мінскам. Дык вось, гартаньне Геаграфічнага слоўніка пераконвае, што гэта не зусім так. Скажам, менская вёска, якую сучасны энцыкляпэдычны даведнік пра сталіцу на расейскай мове падае як "Вильковщина", гэта значыць, у польскай інтэрпрэтацыі, у польскім Геаграфічным слоўніку называецца Волкаўшчынай. Дык можа і самім апалячаным словам Мінск мы абавязаныя зусім не палякам, а нейкім іншым гульцам у палітыку з тапанімікай?
Зусім "дзіцячае" пытаньне: чаму беларуская сталіца дагэтуль называецца не на беларускі, а на польскі манер? – сустракае ў адказ зацятае маўчаньне "дарослых". Дарэчы, апошнім часам "дзіцячае" пытаньне перастала падымацца наагул. Верагодна, таму, што яно невырашальнае ў стане аб'ектнасьці і з новай сілай загучыць толькі тады, калі горад перастане напавер быць скопішчам вёсак.
Стары польскі Геарафічны слоўнік ляпідарна фіксуе знаёмыя менскія назвы. Часам, як з той Волкаўшчынай, іх удакладняючы. Скажам, засьценак Будзілава ў гміне Сеньніца, тры вярсты ад Менску, трэба насамрэч называць Будзілавічамі.
А вось Весьнінка – ці ня той гэта раён на праспэкце Машэрава, які менчукі называюць "каменнымі джунглямі”? У Слоўніку гэта фальварак, 5 вёрстаў ад Менску, збудаваны ў прыгожым месцы, над шырокім ставом; глеба гліністая, ураджайная, лугі адборныя, лясы сысновыя. Спадчынная маёмасьць Вярыгаў Дарэўскіх. Недалёка ад фальварку ў лесе ёсьць сьляды старажытнага замку і тое месца называецца Замчышчам, а ў самым фальварку на дзядзінцы знаходзяць часта манэты з часоў Жыгімонта Аўгуста.
А вось Зялёны Луг. Іх цяпер шмат, і тады было тры. Адна зь іх і ня вёска нават, а прыдарожная карчма на шляху да Ташкевіцкага Гарадка, 7 вёрст ад Менску.
Кальварыя. Стары прыгожы могільнік пад губэрнскім Менскам – піша аўтар артыкулу Аляксандар Ельскі. Цяпер гэта амаль што цэнтар гораду. – Мураваны касьцёл мае ўнутры карціны вядомага Яна Дамеля. Тут спачывае мноства асобаў, заслужаных для мясцовасьці і краю ўвогуле. Але іх імёны мала каму сёньня нешта гавораць – дадаю я ад сябе.
Побач з Кальварыяй – вёска Цівалі. Пра яе назву ня так даўна пісала "Наша Ніва":
"Цівалі. Такую ж назву мае каскад вадаспадаў вышынёю 160 мэтраў на рацэ Аньён, прытоку Цібра ў Цэнтральнай Італіі. Менавіта там імпэратар Андрыян і патрыцый Мэцэнат, чыё імя стала назыўным, мелі свае вілы. Там быў разьбіты парк з каскаднаю сыстэмай фантанаў. Вось адкуль Цівалі – ад вадаспадаў. Гэткую ж назву меў і маёнтачак пад Менскам, побач з Кальварыяй. Рамантычныя прыхільнасці ўладальніка і, пэўна, прыродныя асаблівасьці паўплывалі на выбар назвы".
Цівалі апетыя сучаснымі менскімі бардамі. У Лявона Вольскага ёсьць адмысловы верш:
Я жыў ля вёскі Цівалі
ці мелі вы калісь мажлівасьць
вось так – правесьці
ўсё дзяцінства
паблізу вёскі Цівалі?
Ці Валя там са мной гуляла
ў пясочны замак,
ці ня Валя?
Ці не! Бадай што Віялета.
На жаль, забыўся я на гэта.
На жаль, я шмат на што забыўся.
Напрыклад, на сваё дзяцінства:
на школу, на садок дзіцячы,
на парты, дзёньнікі, задачы,
на зорку, ны чырвоны гальштук -
на ўсё забыўся я амаль што.
На ўсё
Адно што толькі помню:
Я жыў ля вёскі Цівалі.
Ці то над прорваю, ці ў жыце
я жыў...
Нікому не кажыце.
А вось Крупцы, дзе Аляксандар Лукашэнка пасяліў сваю маці ў адмыслова збудаваным для яе доме. Гэта на праспэкце Машэрава, побач з новым футбольным манежам. Вёска Крупцы слынная тым, што там зьявіўся людзям цудадзейны абраз і цяпер будуецца храм. А яшчэ побач – вёска Дразды.
Дразды – вядомыя сёньня дыпляматычным скандалам і тым, што там жыве прэзыдэнт, у выніку чаго Дразды патрапілі ў песьню Віктара Шалкевіча пра таварышча Сапегу.
Між іншым, рэзыдэнцыя прэзыдэнта ў Драздах пабудаваная на месцы былога канцлягеру. І калі з Драздоў высялялі замежных дыпляматаў, прафэсар Мальдзіс зьвяртаўся да Ўрала Латыпава з прапановай вынесьці адтуль усе рэзыдэнцыі і зрабіць мэмарыял ахвярам нацызму. Маўляў, тады ня трэба было б тлумачыць замежным паслам, чаму іх адтуль выгналі. Аднак голас слыннага вучонага ня быў пачуты. Лукашэнка ў Драздах застаўся, а паслам патлумачылі іхнае выгнаньне прарывам каналізацыі. Вясковая фантазія і тут аддала перавагу рэчам канкрэтным і практычным, а не гарадзкой гісторыі і міталёгіі.
* * *
Настальгія ў Менску па Вільні – зьява вядомая. Яна ў тым ліку і ад таго, што ў старой сталіцы ёсьць Стары Горад – вялізны і амаль нязьменны зь мінулых стагодзьдзяў. Дух там захоўваецца. "Вузкія вулкі ды ўтульныя кавярні", – як кажуць менскія аматары Вільні пра тое, што іх туды вабіць.
А вось настальгія ў Вільні па Менску – яшчэ, бадай, нідзе толкам не апісаная і не разгледжаная. Па чым у Менску можна тужыць, апроч сваякоў, сяброў ці ўласнага дзяцінства? Па чым уласна гарадзкім? Амаль беспамылкова гэта будзе настальгія па вёсцы, па фармальных вясковых прыкметах, што сабраныя ў адным месцы пад адною назвай. Пра гэта – наступны сюжэт, які падрыхтавала Тацяна Сапач:
(Сапач: ) "Усе дакумэнты іхнае сям'і, у тым ліку і ейная мэтрыка, згарэлі ў часе бамбёжкі. Калі надышла пара паўналецьця, і трэба было браць пашпарт, маці сказала ёй: "Год памятаю і памятаю, што ты нарадзілася на вялікае праваслаўнае сьвята, а ці то на Раство, а можа на вадохрышча..." Так што свае 76 гадоў Вера Васілеўна Хамянюк адзначыла тыдзень таму, у прыблізна дакладную дату свайго нараджэньня. Адзначыла тым, што наведала службу ў віленскай Сьвята-Духавай царкве, шчыра памалілася і прынесла дахаты асьвечанай вадзіцы – на ўвесь год, на ўсялякую патрэбу. А гасьцей не дачакалася. Бо родныя людзі хто далёка, а хто заняты, а сяброў няма. Бо ці ж трэба каму тлумачыць, што ў сябры паэту мала хто надаецца. Хіба вольны вецер ці таемная ноч, ці высокая мара... Дзе ўжо там раўналеткам зь іхнымі расповедамі пра хваробы ды нараканьнямі на малыя пэнсіі".
(Хамянюк: ) "Сьляпянская вуліца роднага Менска
Маім успамінам заўсёды жыла.
Згарэўшы вайною, ні добра ні кепска
Яна б углядацца цяпер не змагла.
Турбот гарадзкіх на усіх тут хапала,
То харчу у крамах зусім не было,
То ноччу кагось ГПУ забірала,
То хтосьці і сам адыходзіў на зло..."
(Сапач: ) "Пасьля вайны Вера Хамянюк атрымала вышэйшую юрыдычную адукацыю, працавала на розных пасадах: і памочнікам пракурора, і юрыдычным кансультантам і натарыюсам. У Вільню разам зь сям'ёю пераехала ў 1964 годзе. Кола ейных віленскіх знаёмцаў, сярод якіх, вядома, і беларусы, гэтае кола досыць шырокае, але яна трымаецца асобна. Ня тое, каб цуралася віленчукоў, проста гэтак выйшла, што яна як бы крыху іншая, ня віленская. Ня Вільня горад ейнай любові, іншы горад, Менск".
(Хамянюк: ) "Самога Коласа я ня бачыла і зь ім не размаўляла. Але я вельмі любіла ягоныя творы. Калі я была ў пятай клясе, настаўніца беларускай мовы… мы тады праходзілі паэму Якуба Коласа “Сымон-музыка”… яна задала нам такое хатняе заданьне, сказала: “Дзеці, напішэце другі канец да паэмы, хто як зможа”. І ўсе напісалі, хто як змог, а я напісала вершам – на дзьвюх старонках. А потым… здаецца, ейны муж працаваў у Саюзе беларускага пісьменьніка, ці хтось другі… і гэты мой твор празь яго папаў да Якуба Коласа. Ён прачытаў. І потым яна мне яго вярнула, а Колас напісаў: “Выдатна, каб заўсёды пісала на карысьць беларускаму народу!” І я пісала вершы на беларускай мове…
Як пачалася вайна, гэта ўсё згарэла. Але потым я напісала яшчэ адную рэч – “Сон дзядзькі Антося”. Дзядзьку Антося з “Новай зямлі” я перанесла ў нашыя дні, у Вільню.
– А чаго ваш дзядзька Антось прыязджае ў Вільню?
– У Зямельны банк, каб ссуду атрымаць, і ў маім варыянце таксама, і яму далі гэтую ссуду…
– Дадзена ж вам па жыцьці бясконца перарабляць Коласа…
– … але ў канцы напісана, што гэта толькі сон дзядзькі Антося. І я напісала гэта да стагодзьдзя Коласа, але ніхто гэтага не надрукаваў. Я прыйшла ў Саюз беларускага пісьменьніка, і прачытала там, ня памятаю зараз, каму, а мне сказалі: “І гэта ўсё, што дзядзька Антось убачыў у Вільні – пры сацыялізьме?”
– Значыць, з самім Коласам вы ня бачыліся?
– Не, але запавет ягоны выконваю. Ён для мяне – самы лепшы беларускі пісьменьнік.
Школа мая – 21-ая менская беларуская школа – і зараз стаіць, чатырохпавярховая, яе не разбамбілі ў вайну. Я ў ёй бывала пасьля, хадзіла па ўсіх паверхах... Усе разам – і беларускія, і польскія, і габрэйскія дзеці – усе, хто жыў непадалёк, там зьбіраліся й вучыліся, і ўсе размаўлялі на беларускай мове. Дырэктарка была – Рыва Абрамаўна, габрэйка, гаварыла па-беларуску, а мужык ейны выкладаў фізыку, таксама на беларускай мове".
(Сапач: ) "Свае вершы Вера Хамянюк падпісвае, дадаючы псэўдонім – Сьляпянская, паводле назвы тае менскае вуліцы, дзе яны жылі да вайны. У гэтых вершах – ціхая рэчка, драўляны дамок, сад, засеяная ніва. Ці ня дзіўны вобразны антураж для гараджанкі? Болей за тое, мянчанкі? Вядома, можна растлумачыць гэта ўплывам улюбёнага Коласа, але ўсё роўна дзіўна. Ды на ўсялякае зьдзіўленьне ёсьць успаміны. І дамок, і сад, і ніва – гэта Менск".
(Хамянюк: ) "Я Менск памятаю драўляным горадам. На тым месцы, дзе зараз Опэрны тэатар, быў вялікі рынак, я памятаю, як дзяўчынкай са сваёй матуляй я хадзіла на гэты рынак. З вазамі туды прыяжджалі зь вёсак людзі, і там гандлявалі. Такі быў Менск. На нашай вуліцы Сьляпянскай былі драўляныя дамочкі, драўляныя ходнічкі, калодзежы стаялі, бралі ваду… А за дамамі быў вялікі сад. За нашым плотам, за весьніцамі, стаяла вялікая лаўка, на той лаўцы зьбіраліся людзі вечарамі, зьбіраліся ўсе – дзеці, мужчыны, жанчыны – размаўлялі, і песьні сьпявалі, глядзелі, як праходжыя йдуць…
Розныя жылі людзі: за намі жыў гадзіньнікавы майстар, а мой бацька шофэрам працаваў, мама нідзе не працавала. У нашай сям’і было трое дзяцей: я, брат і сястра, а ў адной сям’і ў габрэяў было сем дочак, бацька працаваў печніком, а маці нідзе не працавала, у сваім сараі трымалі карову. Адна суседка казу трымала… За гэтымі кватэрамі быў сад, і кожная кватэра мела гародчык – грады дзьве-тры. Вось так жылі, было вельмі добра й вельмі весела.
Зараз на тым месцы вуліцы няма, і нават цяжка ўявіць, што яна была тут калісьці – усё забудавана, увесь гэты раён, што выгарэў у вайну, забудаваны шматпавярховымі дамамі.
Гэтая вуліца была доўгая. Яна адыходзіла з правага боку і йшла далей невялікай вулачкай – паралельна вуліцы Савецкай – цягнулася да самай Камароўкі.
У садзе расьлі яблыкі, ігрушы і сьлівы. Ніхто іх ня рваў, да самай восені сядзелі. А ўвосень, калі яны высьпявалі, суседзі зьбіраліся ў гэты сад, страсалі дрэвы – і ўраджай дзялілі паміж сабою. На вагі – важылі, ня памятаю, колькі тых яблыкаў на кожную кватэру давалася. Усе разам дзялілі…"
(Сапач: ) "Менск, які ведаю я, ня стаўся горадам маёй любові. Як той казаў, і колер іншы, і памер ня мой. Але гэткі – з садам і з драўлянымі дамамі, і са студняю праз дарогу – Менск з успамінаў Веры Хамянюк-Сьляпянскай – палюбіць змагла б. Я, зусім вясковая, зусім вясковы Менск".
(Дубавец: ) Вуліцы Сьляпянскай – той самай – у Менску няма, але была яна ў самым сёньняшнім цэнтры, паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа…
* * *
Козырава і Курасоўшчына, Лошыца і Малінаўка, Мядзьвежына і Пагулянка, Пярэспа і Серабранка, Чыжоўка і Шэпічы... Не відаць канца гэтаму сьпісу.
А Грушаўка? – хіба ж ня вёска, пасярод якой разьлёгся аграмадністы комплекс былога НКВД, а пасьля Менскага апэратыўнага палка савецкіх унутраных войскаў? Тады, калі давялося там служыць, памятаю, галоўным прадметам гонару тамтэйшых абітальнікаў былі расповеды пра тое, як Менскі апэратыўны полк аднойчы ў 1968-м проста сярод ночы ўзьняўся з ложкаў і вылецеў у Прагу. Уся апэрацыя – ад пад’ёму да вылету – заняла літаральна пятнаццаць хвілін!
Тады начныя трывогі з выездам былі ўлюбёным заняткам палкавых камандзіраў. І ўсё гэта моцна кантраставала з навакольным паўсонным рытмам жыцьця Грушаўкі – вёскі-вёскаю, што хавалася паміж страхавітымі гмахамі колішняга НКВД і баракамі Менскае тытунёвае фабрыкі.
А Шабаны? – таксама ўвайшлі ў бардаўскую песьню, на гэты раз – у песьню Зьмітра Бартосіка – як сымбаль менскай ускраіны і глухамані.
КАРЗЮКІ
Ну вось нагадаў пра сябе яшчэ адзін аўтар нашае праграмы. Прычым знаходзіцца ён цяпер не абы-дзе, а ў Карзюках.
Плаўна Сьвіслач-рэчка
Ўдаль плыве, бяжыць;
Над крутым абрывам
Панскі дом стаіць.
Зелянеюць вольхі
Па краях ракі,
Высяцца над імі
Сумна Карзюкі.
Відзен горад здаля,
Горад Менск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.
Гулка далятае
Дзікі сьвіст машын
Ды прыпеўкі жабаў
З рэчкі і лагчын.
Гэта, між іншым, Янка Купала, 1911 год. Што ён рабіў у тых Карзюках, цяжка сказаць. Даведнікі пішуць – адпачываў. Працягвае Зьміцер Бартосік.
(Бартосік: ) “Чым прыцягнула ўвагу Янкі Купалы вёска Карзюкі, зараз можна маляваць толькі ў сваім уяўленьні. Бо той Сьвіслачы, на беразе якой стаяла некалі вёска, ужо няма. А ёсьць Чыжоўскае вадасховішча. І панскага дому, а меў на ўвазе паэт, думаю, Лошыцкую сядзібу, ужо не відаць з-за дахаў вуліцы Чыжэўскіх. Колішняга Ігуменскага тракту. І Менск ужо паўсюль і вакол. Дыміць кальцавая аўтатраса, шуміць Чыжоўка, далягляд закрыты кварталамі Серабранкі. А карзюкоўзкая старажылка Ганна Аляксееўна, да якой я завітаў, да гэтае пары ня можа назваць сябе гараджанкай:
– Якой я магу быць гараджанкай. Я ў дзярэўні радзілася, я ў дзярэўні работала. Ну, безуслоўна, мы блізка горада жывём, мы не такія і адсталыя людзі. Мы ж відзім, як гаварыцца, вядуць сябе людзі. Дык можна была навучыцца. Ну вадаправода ў нас няма канечне, гэта нада бальшыя дзеньгі, штоб ваду правесьці. У нас во калодзец ва дварэ. Целефон канечне ест. І нікакіх большэ ўдобств у нас канечне нету. Ні вады, ні ваннай, нічога. Жывём как прадзеды і дзяды. Горад слішкам многа трэбует ад нас. Як жа, радам зямля. Радам з домам адкрыю я крыльцо, радам у мяне зямля і што б бур'ян рос пад носам? А горад гэтага хоча. Яны нам адводзяць 15 сотак, а астальное хай бур'янее. Мы вас трогаць, гаварат, ня будзем, будзеце пользавацца. Ну хто ж нам задарам дасьць пользавацца зямлёй. Зямля ж гасударственная, за яе ж нада плаціць. Дык што ж, мы саўсем такія глупенькія, не панімаем. Ня знаю, калі яны ўжо прыйдуць тутака рэзаць. Ну што ўжо будзеш рабіць. Трэба неяк дажываць век.
– Дык атрымліваецца, што лепш бы горад сюды і ня шоў?
– Канечна. У сельсавеце нас ад дзядоў і прадзедаў зналі і нас уважалі. А горад думае, што мы нічога не заслужылі. А заслужылі мы большэ чэм хто. Майго ацца расстралялі, сына брата высылалі ў Германію, мяне ў 17 год вадзілі на расстрэл. Вось так. І чудам мяне проста, ад таго што папаўся такі немец, чалавечны чалавек, я асталась жыва. Ну а цяпер усім гэта напляваць. Очань абідна. Вось і ўсё”.
Рэчка, луг, гасьцінец,
Горад, Карзюкі
Разрываюць думкі
На усе бакі.
Сам сабой ня знаеш,
Што рабіць, як жыць:
Ці ляцець у горад,
Ці ў Карзюках сьніць?
Ці пайсьці гасьцінцам
Долі ў сьвет шукаць?
Ці рацэ, русалкам
Галаву аддаць?..
РЫЛАВІЧЫ
(Бартосік: ) “Божа, які жах! Гэта першае, што палумалася, як толькі я збочыў з праспэкту Дзяржынскага ў вёску Дружба. Былую Рылаўшчыну. Ці то новая назва паўплывала на яе лёс, але адразу хочацца разьвярнуцца і пакінуць ад граха далей гэтыя крывыя хаты, з выгляду якіх адразу і не разьбярэш – а ці жывуць у іх людзі? Перакошаныя плыты, запыленыя шыбы, счарнелыя ад часу дахі. Закінутая фэрма з расхрыстанай брамай ня рэжа тут вока. Пасярэдзіне вёскі панылая вуліца крута спускаецца да вазярца, на якім гуляюцца дзеці. Рылавец ці дружбавец гадоў сарака шпацыруе з маленькім сынам:
– Былі лугі. Во зьдзесь такія лугі былі і рачушка цякла. Ну небальшая такая, там у Лошыцу ўпадала. Патом, кагда началі строіць Юга-Запад, гэтую зямлю па пойме ракі бралі на азеляненіе. Трэст "Азеляненіе" накапаў ям, а патом хто засыпаў, хто не засыпаў, і палучылась вось такія... Кагда-та мы абрашчалісь, што ў нас будзе ў перспекціве. Сказалі, што будзе сісцема Лошыцкіх вадахранілішч. Так во палучылась, ссыпаюць мусар, там, там. Горад акружыў нас. Усё мяняецца.
– І ці шмат зьмянілася?
– На той горке былі курганы. Там былі зеніткі стаялі ва ўрэмя вайны, патом зарасло кустарнікам. Грыбы там сабіралі. Курганы былі. Патом, кагда паявілася мошная цехніка пасьля вайны, зраўнялі. Ну, в обшчэм, усё параўнялі. Курганоў няма цяпер.
– Бліжэйшыя вашыя суседзі – гэта Пятроўшчына?
– Пятроўшчына, Дворышча, многа дзеравень. Курасоўшчына. Па моладасьці, дзе цяпер ямы быў стадзіон у нас. І мы з акружнымі дзярэўнямі ў футбол гулялі. А цяпер адні ямы...
Спадар накіраваў мяне да дзеда Рыгора, які трымае пчол. Дзед Рыгор выглядае моцна. Аднаногі, каржакаваты, гучны, спрытны, нягледзячы на калецтва, стары больш паходзіў на колішняга пірата, чым на забітага калгасьніка.
– Скажыце, а хто-небудзь называе яшчэ вёску Рылаўшчына?
– Есьць. Я ў ёй радзіўся ў гэтай Рылаўшчыне, яна называецца Рылаўшчына. Правільна. Яе ў 61-м гаду перайменавалі на Дружбу.
– А навошта?
– Ну я не знаю навошта. Сьмяяліся – рыла, рыла, рыла. Гэта, наверна, пан быў Рылоўскі такі, па-майму такому мненьню. Можа быць, я паноў ужэ ня помню. Ну я ад старыкоў чуў, што ўродзе пан быў такі Рылоўскі, Маліноўскі – Малінаўка, Пятроўскі – Пятроўшчына. Па імені паноў давалі названіе.
Згадка пра дзень сённяшні ператварыла дзеда ў палымянага прамоўцу і выкрывальніка рэжыму:
– Лукашэнка ўродзе бы сразу ўзяўся, а цяпер ён дзелае тое ж, што дзелаў Сталін! Не баюся гэтага слова. За шчот калхозьніка выязджаў на шэе. Сталін. Вы знаеце, што Сталін вытвараў? Налогі плацілі за кусьцік, за курыцу, за яйцо, што курка зьнесла, нада было аддаць, сам ня есьці. Малачко карова падаіла, нада было аддаць у гасударства. Мяса, сьвіней дзержыш? Дык нада і мяса аддаць, і шкуру аддаць. А што калхозьнік цяпер мее? Вы б паглядзелі, як цяпер гуманітарная помашч прыходзіць. Чаму яе не даюць дзецям калхозным, людзям – на. Наце, людзі добрыя, насіця. Не, спекулянты, прывозяць на базары.
Пажадаўшы Дзеду Рыгору здароўя, я пакінуў Рылаўшчыну, наноў падзівіўшыся, якім кантрасным можа быць Менск. Пасьля перакошаных рылаўскіх трушчобаў разьмешчаны па другі бок праспэкту Дзяржынскага мікрараён Малінаўка выглядае сапраўдным "краем хмарачосаў і раскошных віл". Зь якім пачуцьцём абдзеленасьці павінна жыцца ў гэтай Дружбе, пазіраючы з-за брудных фіранак на пралётныя аўтамабілі!
МІХАЛОВА
Пасьля Рылаўшчыны-Дружбы вёска Міхалова ўражвае памерамі і багацьцем. Цагляныя дамы ў два паверхі, спадарожнікавыя антэны... Углыб вёска бяднее, але не да жабрацтва. Нават разваленая фэрма каля азярца не выклікае жалю. Хутчэй абуджае шляхетны сум. Маўляў "няма таго, што раньш было". Крэпкі мужык у паношаным беларускім, далукашэнкаўскім міліцэйскім кіцелі вядзе каня. Гэта былы міліцыянт, а сёньня пэнсіянэр, дзядзька Дзіма.
– Вы сталі гараджанінам, ці ўсё ж засталіся вяскоўцам?
– Па-мойму асталіся вяскоўцамі. У горадзе.
– А калі было лепш, калі была вёска, ці калі вёска акружаная мікрараёнамі?
– Нам град не мяшаіць, можна работаць, вясьці дамашнюю гаспадарку.
– А Вы трымаеце коней?
– Каня аднаго.
– І шмат хто апрацоўвае зямлю?
– Уся акруга. Дачнікаў многа. І так проста для душы харашо, пакатацца дзяцей, унукаў.
– Ці ёсьць у вас пачуцьцё зайздрасьці да тых, хто жыве ў кватэрах? Да чыста гарадзкіх.
– Асобай зайздрасьці нету. Можа, пака есьць здароўе, мы большэ іх трудзімся.
– А цяжка трымаць у горадзе каня? Гэта ж трэба выпас нейкі...
– Усё, што дзелаецца для душы, нічога цяжкім не бывает.
Гаспадар каня параіў мне зайсьці да міхалоўскага старажыла дзеда Сашы. Камяніца дзеда Сашы стаіць у прыгожым тупіку. Некалькі дамоў згрувасьціліся на гары, за якою ляжыць колішняе поле, на даляглядзе будуецца мікрараён Сухарава. Дзед Саша:
– Тут стаяў памешыцкі дом, тут во радам. Тут была рака ў нас, унізу працякала. Я купацца хадзіў. Тут былі ў памешчыкаў, я скажу, очань была культурна. Алея была адна сірэнь, ані прахаджваліся. А дальшэ былі прысады такія... клён. Ані хадзілі прагульвацца туды. Клён лісьця бальшыя, пад гэтымі прысадамі была ўсягда суха. І мы туда бегалі. Кагда лістапад ідзёт, мама застаўляла сабіраць кляновыя лісьця. І хлеб яна пякла... дзеравянная лапата, цеста, кляновыя лісьця і ў печ – шух. І яна хлеб пякла, булкі пякла. Эта было жуткае дзела, красата. І мы бралі гэтую скарынку, націралі часнок і нікагда зубы не балелі. Мама была мая красавіца жэншчына. Ана кагда-та была ў памешчыка, васпітывала дзяцей у іх. Пасле выйны адзін прыязджаў, маму любіў, сын памешчыцкі Вася. Памешчыкі ані самі не васпітывалі, ані нянькам аддавалі дзяцей. Ана любіла эціх дзяцей...
Дзед Саша шмат расказваў пра сваё жыцьцё, пра навакольле, пра партызанку. Але наймацнейшае ўражаньне, найбольш эмацыйнае, у яго пакінуў уласаўскі афіцэр, які ў кароткі тэрмін занядбаны саўгас ператварыў у бліскуючую нямецкую гаспадарку:
– І вот этат упраўляюшчы, такое хазяйства падняў. Што такіх уражаяў у нас, у Савецкім Саюзе не была. Прывезьлі зь Германіі зярно, жыта прывезьлі, і прывезьлі картофель. У нас картофель быў – такія бубачкі. Как пасеялі этат картофель, как убралі уражай. 30-40 цэнтнераў з гектара, во такія клубні. Эта страшна была, што дзелалася. Жыта пасеялі. А колас як боб. Нашы глянулі. Што гэта такое за зярно? Адкуда яно ўзялася? Такія цэнтнеры – страшнае дзела. Я посьле вайны эта зярно вазіў на здачу. Як прывязу туды – "Дзе ты ўзяў такое зярно? Адкуль ты ўзяў? А гэта тут у такім хазяйстве. Сарты якія былі, гэта невазможна!
Вырульваючы зь вёскі Міхалова на забудаваную бэтоннымі блізьнятамі вуліцу Рафіева, я шкадаваў аб адным. Гэтыя людзі забяруць з сабою ў невараць свае ўспаміны. Пакінуўшы бязьлікаму і бязьлітаснаму гораду пераварваць у сваім чэраве тое нешматлікае, што засталося ў яго ад прыроды”.
(Дубавец: ) Успаміны менскіх вяскоўцаў – таксама характэрныя вясковыя. Гараджане звычайна распавядаюць пра школу, пра нейкія культурныя падзеі і пра знакамітых людзей. Вёска ўспамінае зборныя або тыповыя вобразы і тое, што зьвязана зь зямлёй. Яна памятае толькі свой аб’ектны стан.
Таму вяскоўцы ня пішуць кніг, інакш гэта ўжо не вяскоўцы. Бо творца ў вёсцы – народ, а не паэт ці пісьменьнік. І гісторыі вёска, паўтаруся, ня мае. Яна мае традыцыю, якая і сыходзіць спакваля ў невараць. Менск ня стане большым горадам ад нашых сёньняшніх апавяданьняў пра ягоную вясковасьць. Ён хіба што можа лепей зразумець самога сябе, а сьледам за ім, за сталіцай, – і ўся Беларусь нібы зробіць тэст свайго немалога арганізму – дзе яна суб’ект, а значыць, гарадзкая, а дзе –аб’ект, асяродзьдзе, у якім пануе адзін усенародна ці ўсевяскова абраны гаспадар.
Што будзе далей? Ці так і застанецца Менск скопішчам вёсак з адпаведным характарам? Наўрад ці. Бо вёска ня ведае часу і разьвіцьця, яна нібы застыла ў вечным бясчасьсі, дзе гадзіны адлічваюцца выганам жывёлы, дні – адлегласьцю паміж царкоўнымі сьвятамі, а гады – нараджэньнем і сьмерцю сваякоў ды суседзяў. Горад усё ж мусіць разьвівацца, асабліва сёньня, калі грамадзтва, у якім мы жывем, называюць інфармацыйным.
На мінулым тыдні менскія ўлады разглядалі генэральны плян разьвіцьця сталіцы да 2003 году. У тым пляне сказана, што "ўжо ў блізкай будучыні Менск набудзе рысы сучаснага эўрапейскага мэгаполісу з дастаткова высокімі стандартамі жыцьця". Пра тое, што найперш ён мусіць набыць рысы гораду і перамагчы свой вяскова-аб'ектны стан, не сказана нічога. Чыноўнікі глядзяць павярхоўна – абы гмахі былі як у Эўропе – і дбаюць пра стандарты спажывецкага натоўпу.
Як сказаў адзін з аўтараў генэральнага пляну, у сваіх распрацоўках яны арыентаваліся на суседнія Варшаву, Будапешт і Прагу, (цытую) "найбольш блізкія нам па цэлым шэрагу парамэтраў. І менавіта з гэтымі гарадамі нам у бліжэйшыя гады трэба будзе канкураваць за прыцягненьне інвэстыцыяў".
Трэба думаць, што горад мусіць такі перамагаць сваю вясковую сутнасьць. І тады бясчасьсе адступіцца, да традыцыі дадасца гісторыя, а месца аднаго пэрсанажа зоймуць многія – дзяржаўныя мужы, акадэмікі, паэты. І калі тое пачне адбывацца ў сталіцы, яно зрушыць зь месца і ў іншых гарадох, а там і па ўсёй краіне. |
|
|
|
|