news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Мэлёдыя дня

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


23 Лютага 2003
 
Публічная мова
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Публічная мова сёньняшняй Беларусі выглядае праекцыяй таго ладу, які ўсталяваны ў краіне. Іншы раз можна падумаць, што гаворыць толькі адзін чалавек. Бо і сапраўды толькі адзін гаворыць ярка, хлёстка, запамінальна. Быццам ён адзін сабраў у сваю гаворку энэргію маўленьня ўсіх астатніх. Баццам разам з канцэнтрацыяй улады ў адных руках увесь беларускі досьціп зьвёўся да мовы аднае асобы. Усе астатнія – дзеячы ўлады і дзеячы апазыцыі, журналісты і нават дзеячы культуры – гавораць блякла і невыразна, іх словы не трапляюць у розумы і не запальваюць сэрцы. Быццам яны і не гавораць наагул, а выступаюць маўклівым фонам для блёсткіх недарэчнасьцяў аднаго прамоўцы.

Гісторыя такога "выцьвітаньня" публічнае мовы неадрыўная ад найноўшай гісторыі Беларусі. Многія памятаюць сьмешныя "афарызмы" старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея – што міжволі рабілі ягонае імя папулярным у народзе, а знакаміты "шастой мікрафон" і сёньня выклікае ўсьмешку. У тыя часы мова мітынгаў і газэт літаральна стракацела парадоксамі і вынаходкамі. Афарыстычна гаварылі міністры і лідэры апазыцыі – тады гэта залежала ад таленту прамоўцы. Былі і такія лідэры, якія, нагаварыўшы шмат, па вялікім рахунку нічога і не сказалі. Не запомнілася. І так цягнулася, бадай, да 1996 году, калі на вуліцах сталіцы скандавалі лёзунгі дзясяткі тысяч людзей. Вось жа разам са спадам гэтай актыўнасьці і энэргія слова прапала з нашага публічнага жыцьця. Мова ўлады належыць толькі аднаму чалавеку, а мова апазыцыі – як тое "Он должен уйті", напісанае на сьцяне – анэмічнае выказваньне, нібы хворае і бясьсільнае, ня будзіць думкі і не запальвае сэрца. Штосьці падобнае назіраецца і ў сродках масавае інфармацыі, быццам тое, што гаворыцца, гаворыцца адно па інэрцыі. Гэткім чынам характар публічнае мовы падказвае нам, які ў краіне ўвесь характар грамадзкага жыцьця.

Тымчасам, выказваньні кіраўніка ўжо могуць скласьці кнігу цытат. І пра Гітлера, і пра яйцы з малаком, і пра цывілізаваны сьвет... Колькі іх было, ёсьць і яшчэ будзе. Мне падумалася, а ці ня будзе першым знакам пераменаў у нашым жыцьці зьяўленьне новага прамоўцы ці многіх прамоўцаў – з дасьціпным і трапным словам? А можа быць, гэта якраз перадумова пераменаў? І калі дэмакратычныя сілы ў Беларусі замест чарговых анэмічных заяваў стануць выказвацца ярка і афарыстычна – гэта і будзе канцом канцэнтрацыі ўлады ў адных руках?

Так ці інакш, а прырода афарызму, ягоная цяпершчына і будучыня падаліся мне вартымі размовы ў "Вострай Браме". Што думаюць пра дасьціпнае і трапнае слова нашы літаратары і палітыкі, журналісты і музыкі?

Менавіта музыкі, якія граюць сучасную музыку, утвараюць той асяродак, дзе жыве альтэрнатыўны досьціп. Так было заўсёды і так ёсьць. У адрозьненьне ад палітыкаў і журналістаў, ад мітынговых трыбунаў і газэт, рокерскія пляцоўкі – найбольш вольныя ад цэнзуры і самацэнзуры. Менавіта свабода спрыяе нараджэньню трапнага слова. У адрозьненьне ад літаратараў, музыкі маюць публіку, якая сёньня ж падхопіць дасьціпную фразу. У гэтым сэнсе беларускія рокеры – сёньня адзіны сур'ёзны канкурэнт таму адзінаму ў краіне прамоўцу. Севярын Квяткоўскі размаўляў з рокерамі пра іхныя афарызмы.

(Квяткоўскі: ) "У Беларусі слэнг жыве. Прынамсі, у асяродку рок-музыкаў і музычных фанатаў".

(Івашын: ) “На шчасьце, мы не перанялі аж зашмат гэтых навамодных расейскіх слаўцоў, гэтага слэнгу маскальскага, скажам так. Увогуле, можна казаць пра існаваньне беларускага, менскага ці тутэйшага слэнгу”.

(Квяткоўскі: ) "Так мяркуе Макс Івашын, музыкант “Нэўрадзюбэля”. Уласна беларускі слэнг, а разам зь ім сучасныя выслоўі ды афарызмы пачалі выходзіць да публікі з закрытых культурніцкіх асяродкаў ў 1980-я. Найперш праз рок-сцэны. Пэўна, большасьць фанатаў сёньняшняга NRM, калі слухаюць песьню з рэфрэнам “Нам усім гамон!”, ня ведаюць, што “гамон” –старадаўняе беларускае слова. Лявон Вольскі ўзгадвае, што ягоныя сябры адкрылі для сябе слова на пачатку 1980-х. У свае студэнцкія часы".

(Вольскі:) “Патрэбны быў аналяг расейскай лаянкі – ну, усё, гамон! Цяпер вельмі актыўна разыйшлося гэтае слова. Я не скажу, што мы самі прыдумалі, але мы далі яму “пуцёўку ў жызьнь”, канечне”.

(Квяткоўскі: ) "Другі культавы рокер Аляксандар Кулінковіч прыгадвае, што ці не ад дзяцінства размаўляў выслоўямі й афарызмамі".

(Кулінковіч:) “Гэта некалькі словаў на роздум. Людзі размаўляюць некалькімі словамі”.

(Квяткоўскі: ) "Паводле Кулінковіча ў малой форме – вялікі абшар для думкі, магчымасьць дадумаць самаму. Можна дадаць, і стаць суаўтарам. Песьні Кулінковіча, асабліва раньнія – гэта песьні афарызмы, альбо песьні, сатканыя з афарызмаў. Што такое вайна? Калі ня важна, што напісана на афішы. Альбо абстрактнае “ехалі ўроды на памінкі”, якое пачалі ўжываць канкрэтна, пра пэўныя картэжы".

(Кулінковіч: ) “Апошнія гады песьню “Ехалі ўроды на памінкі” мы сьпяваем “ехалі ўроды на “Дажынкі”. Таму гэтая песьня нідзе не апублікаваная ў такім варыянце й пры гэтай уладзе”.

(Квяткоўскі: ) "Як нараджаецца афарызм?"

(Кулінковіч: ) “Паперш пісаў, пасьля думаў. А зараз наадварот – пачаў думаць. Пасталеў”.

(Квяткоўскі: ) "Кулінковіч параўноўвае нараджэньне афарызму з рок-канцэртам, калі паперадзе думкі ляціць асацыяцыя, пачуцьцё, калі нараджаецца адрэналін. Кулінковіч мяркуе, што цяпер у Беларусі толькі адзін чалавек можа дазволіць сабе публічна выказвацца, а пасьля ўжо думаць".

(Вольскі:) “Яму нічога ня трэба прыдумляць. Ён сам абсалютна геніяльна прыдумляе пярліны. Пярлінаў гэтых столькі, што ўжо ня хочацца паўтараць. Мала таго, што дзяяч гэты… Ён нарадзіў цэлую стылістыку. Гэта называецца “трасяначны сьцёб”.

(Квяткоўскі: ) "І Вольскі, і Кулінковіч гавораць пра сум беларускага тэле– радыё– этэру. Бо ўжо ня сьмешна слухаць і глядзець “тэатар аднаго актора”.

(Вольскі:) “Выкарыстаньне частае аднаго й таго ж для мяне ня вельмі прыемнае. Таму што ў нас у народзе ёсьць такія словазлучэньні, якія выкарыстоўваюцца па-просту дзесяцігодзьдзямі: “Чай ня водка, многа ня вып’еш”, альбо “вы мне павінны, як зямля калхозу”, “чым дальшэ ў лес, тым толшчэ партызаны” і гэтак далей”.

(Квяткоўскі: ) "Гэтаксама ўспрымаюцца афарызмы кшталту “я за цывілізаваным сьветам свой народ не павяду”, “узяўся за яйцы, масла ісчэзла”.

Калі для Кулінковіча выслоўе, прымаўка ці афарызм маюць самадастатковую сілу, дык для Вольскага важны экшн, пэрформанс, узмоцнены словам".

(Вольскі:) “Мяне больш цікавяць ня гэтыя – “крышталёвасьць думкі й нечаканы падыход да ўсім вядомых рэчаў”. Таму што гэта па-просту форма. А мяне цікавіць, каб было сьмешна, больш абсурдовыя рэчы. “Песьні пратэсту”. Хтосьці гаворыць: “Пра цеста?” А Сяргей Канановіч з “Крамбамбулі” гаворыць: “Пра це сто, што былі ўчора”.

(Квяткоўскі: ) "Лявон любіць жанр абсурду, які дазваляе бараніцца ад абсурду жыцьця. Вось напрыклад, пра трасяначную стылістыку".

(Вольскі:) “Мы ўвесь час размаўлялі на гэтай ідыятычнай мове. І яшчэ ў такім абсалютна ідыятычным жанры размова, местачкова-намэнклятурнымі фразамі перакідваючыся: каб я каму калі якое, дык я нікому нічога ніякага. А калі што там якое, дык што там якое? Гэта сапраўды народная творчасьць, на колькі я ведаю. Вось я ў Барысаве, напрыклад, чуў”.

(Квяткоўскі: ) "Жарты нараджаюцца ў часе гастроляў, бо што рабіць людзям ў цягніку, якія за дваццаць гадоў ведаюць адзін аднога як аблупленых? Пярліны жартаў пасьля ідуць у народ. Напрыклад, у якасьці перабівак між песьнямі ў альбоме “Тры чарапахі”.

Калі Лявон Вольскі сьмяецца з трасяначнае стылістыкі, дык расейскамоўны у жыцьці Аляксандар Кулінковіч да беларускай мовы ставіцца зь піетэтам. Ён ня можа дазволіць сабе жартаваць на мове, у якую нядаўна закахаўся.

(Кулінковіч:) “Фраза “прячься в картошку” ні для каго нічога не азначае. “Хавайся ў бульбу” – гэта ад “капец усяму” да “ўсё добра”. “Бачыў заўчора канцэрт – хавайся ў бульбу!!! Бачыў заўчора канцэрт… хавайся ў бульбу… О, дрэнна, вельмі дрэнна”.

(Квяткоўскі: ) "Паводле Кулінковіча, калямбур, афарызм – гэта мова. Ёсьць словы й выслоўі, якія немагчыма перакласьці з аднае мовы на іншую, хаця іх можна патлумачыць малюнкам, мімікай ці жэстам. Афарызмы – гэта гіерогліфы з словаў, ствараць і разумець якія могуць усе, але толькі маючы спэцыяльную падрыхтоўку. Чым больш думаеш, тым лепш разумееш".

(Кулінковіч:) “Шчасьце – калі цябе разумеюць, няшчасьце – калі цябе раскусілі. Шчасьце, калі непазьбежнае супадае з жаданым”.

(Дубавец: ) Тое, што беларускія рокеры ў трапнасьці і дасьціпнасьці – адзіныя рэальныя канкурэнты кіраўніка краіны – уплывае на характар іхнае творчасьці, робіць іх палітычна ангажаванымі і ўплывовымі, хоць яны самі, магчыма, і не падзеляць такую думку.

У адрозьненьне ад музыкаў, пісьменьнікі-літаратары ня маюць такой шырокай публікі, а трансьляцыя і ўспрыманьне іхнае творчасьці не супадаюць у часе. Тым ня менш, жанр афарызму ў беларускай літаратуры карыстаецца немалой увагай. Пачынаючы ад мэтра Рыгора Барадуліна да літаратараў-пачаткоўцаў – афарызмы пішуць многія. Зусім нядаўна закончыў кнігу сваіх афарызмаў Сяргей Абламейка. Я папрасіў яго адказаць на мае пытаньні.

(Абламейка: ) "Калі ты папрасіў сказаць некалькі словаў пра афарызм як жанр і пра сэнтэнцыю як частку грамадзкага жыцьця, я раптам зразумеў, што мяне гэта раней мала цікавіла. Хаця я напісаў кнігу афарызмаў, якая праз пару тыдняў выйдзе ў сэрыі “Вострая Брама”. Прычым у кнігу увайшла толькі траціна зь дзьвюх з паловай тысяч сэнтэнцыяў, напісаных на гэты момант.

Калі б нехта спытаўся, чаму я абраў жанр афарызму, я б адказаў, што не абіраў яго. Хутчэй гэты жанр абраў мяне. “Нельга выціснуць зь сябе афарызм. Да яго трэба дажыць”. Відаць, я да іх і дажыў. Я практычна ніколі не пісаў сэнтэнцыяў, я іх проста запісваў. Гэта мая асабістая форма рэфлексіі. Прычым яны зьяўляліся ў галаве гэтак настойліва, што і не запісваць нельга было. Урэшце я захапіўся і стаў пільнаваць, каб не забыліся. Сэнтэнцыі ўзьнікалі ў галаве бывала ў нязручны час – напрыклад, калі я засынаў. Часта афарызм быў настолькі ўдалы і трапны, што я спакойна засынаў, упэўнены, што нараніцу запішу. Прасынаўся – і нічога ня памятаў, думка страчвалася назаўсёды. Я не запісаў далёка ня горшыя са сваіх сэнтэнцыяў..."

(Дубавец: ) Калі харызматычная асоба гаворыць сэнтэнцыямі – які ў гэтым глыбінны сэнс? Словы часам гучаць бязглузда, але яны гучаць і запамінаюцца. Ці то прамоўца такім чынам імкнецца пагасіць у народзе ўсе магчымыя сумневы? Ці ён хоча схаваць свой уласны страх і таму гаворыць гіпэрбалізавана "сьмела"? Можа быць, ён хоча схавацца за афарызмам, каб ніхто не заўважыў таго, што кароль – голы?

(Абламейка: ) “Ці можна схаваць асобу аўтара за ляканізмам формы? Хіба, не. Хіба наадварот. Асоба даволі адкрыта выяўляецца і рэалізуецца ў сэнтэнцыях. Тут яна аголеная. Я паспрабаваў асэнсаваць сьвет, жыцьцё і людзей вакол мяне ў гэтых кароткіх думках. І мне ня хочацца пісаць пра гэта доўга. Я сказаў тое, што хацеў, і так, як хацеў.

Але я жыву і думаю далей. У выніку некаторыя з афарызмаў мне хочацца паправіць, некаторыя скасаваць, а пра нешта напісаць інакш і наноў. Так што сваю кнігу сэнтэнцыяў я буду пісаць усё жыцьцё.

Рыхтуючы кнігу афарызмаў (ці, як я іх называю, каротак і канстатацыяў), можна, вядома, паразважаць пра ўзровень разьвіцьця беларускай культуры, якая зараз праходзіць тое, што Францыя прайшла прынамсі 250 гадоў таму. Але мне па вялікім рахунку ўсё роўна.

У чалавечым і жыцьцёвым сэнсе – я аптыміст, бо веру ў Бога. У грамадзкім сэнсе – я пэсыміст і скептык. Наагул кнігі такога жанру пішуцца для невялікага кола чытачоў, і я ня бачу іх вялікага грамадзкага значэньня. Прычым, менавіта ў беларускай сытуацыі. Чалавек, які піша па-беларуску, мае надзвычай абмежаваную аўдыторыю. Аўтар кнігі афарызмаў – тым больш. Беларуская мова сёньня, на жаль, – рэзэрвацыя для творцы. І нам, магчыма, ужо ніколі зь яе ня вырвацца. Праслойцы творча актыўных беларусаў не хапае прадпрымальнасьці, актыўнасьці і адзінства. “Беларусы ня ўмеюць хваліць сваіх” – запісаў я ў разьдзеле “Vita Patriae” сваёй кнігі. А побач дадаў “Беларусам не хапае да таго, як трэба”. Прычына – у неглыбокім засваеньні хрысьціянскіх каштоўнасьцяў беларускім сялянствам, зь якога спрэс паходзяць нашыя дзеячы. На Захадзе Эўропы адукаваныя людзі атрымліваюць гэтыя каштоўнасьці з выхаваньнем, нават забыўшыся на іх хрысьціянскую першакрыніцу. У выніку, гэта адбіваецца ня толькі на культуры, але і на паводзінах – асабістых, творчых і грамадзкіх. Зрэшты, магчыма, два разьдзелы кнігі – “Vita Patriae” і “Vita vicinorum” (“Жыцьцё Радзімы” і “Жыцьцё суседзяў”) прымусяць некага ўбачыць грамадзкі сэнс у пісаньні сэнтэнцыяў і саміх сэнтэнцыях.

Для мяне ж грамадзкі сэнс афарызму і сэнтэнцыі – у маштабе пранікненьня іх аўтара ў таямніцу пад назвай “Жыцьцё”. Гэта значыць, сэнс той самы, што і ў пісаньні вершаў, прозы, музыкі і маляваньні карцінаў. Сэнс – у прыгажосьці. Пры гэтым вядома, што “Той, хто здольны ацаніць, звычайна сам застаецца недацэненым”.

(Дубавец: ) У адрозьненьне ад музыкаў, трапнае слова літаратараў – непалітызаванае, бо яно непублічнае. Тым ня менш, менавіта пісьменьнікі мусяць ведаць прыроду малое формы і схаваныя ў ёй магчымасьці.

Галоўная рыса афарызму і ягонае адрозьненьне ад іншых жанраў – ён патрабуе ад чытача думаць. Не перажываць нейкую эмоцыю, а толькі думаць.
Таму афарызмы не чытаюцца тамамі – над кожным трэба задумацца гэтаксама, як над цэлай прачытанай кнігай. Афарызм і ёсьць кніга, тэкст якой скарочаны, сьціснуты да галоўнага сэнсу. Калі ж мы над нечым задумляемся, мы робімся саўдзельнікамі працэсу. Вельмі часта хочацца падправіць афарыста, удакладніць яго або дапоўніць.

Скажам, Сяргей Абламейка запісаў такое назіраньне: "Чым далей на ўсход, тым больш пляскатыя дахі". Адразу хочацца дадаць, маючы на ўвазе Беларусь і яе эўрапейскую гісторыю: "Чым далей на ўсход і – чым бліжэй да нас", бо сярэднявечныя беларускія дахі не саступалі ў вышыні заходнеэўрапейскім, а вось ужо расейскае панаваньне пакінула ў нас свой сьлед у выглядзе абніжаных дахаў.

Жаданьне разьвіць і ўдакладніць узьнікае ня толькі пры чытаньні афарызмаў сучасьнікаў, але й чытаючы клясыкаў. Вось я наўздагад разгарнуў кнігу француза Жыльбэра Сэсборна і прачытаў: "Цень чалавека можа быць вельмі вялікім або таму, што чалавек сам вялікі, або таму, што на яго падае яркае сьвятло". Адразу ж захацелася ўдакладніць – нізкае сьвятло.

Часам з дапаўненьняў да афарызмаў паўстаюць новыя кнігі афарызмаў – кантамінацыі. Кніга Адама Глёбуса ў гэткім жанры і пад назвай "Post Scriptum" выйшла ў сэрыі "Вострая Брама" тры гады таму. Наагул жа Глёбус вядомы як выдавец афарызмаў.

Спакушаюся ўнесьці яснасьць у тэрміналёгію, маўляў, тое што гаворыць кіраўнік краіны – зусім не афарызмы. Але зараз жа спакушаюся і адваротным – гаварыць пра яркасьць, дасьціпнасьць, трапнасьць і запамінальнасьць публічнае мовы, не падзяляючы жанраў малых формаў, якія і ствараюць тую яркасьць ды запамінальнасьць. Пра дакладнасьць тэрмінаў кажуць літаратары – згаданы Адам Глёбус, зь якім пра гэта размаўляў Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) "Згадваючы такую фразу, як “беларускі народ будзе жыць кепска, але нядоўга”, я прыходжу да высновы, што афарызм нельга прыдумаць мазгамі. Што гэта такая штука, якая нараджаецца міжволі. Якую трэба хуценька запісаць, і якая адразу з вуснаў у вусны пачынае пераходзіць, становіцца папулярнай".

(Глёбус: ) "Тут блытаніна жанраў адразу, на мой погляд. Ёсьць показкі, ёсьць прыказкі, ёсьць прымаўкі, а ёсьць уласна афарызм. Тое, што ты сказаў, гэта ну ніяк не афарызм. Гэта залепа, можна сказаць. Можна сказаць модна, брэнд. Можна слоганам назваць. Ну ніяк не афарызм. Афарызм – гэта зусім іншы жанр. І нарадзіўся ён у Францыі ў часы абсалютызму, пад час Людовіка 14-га. Калі інтэлектуальная публіка, якая зьбіралася вакол імпэратара, якраз і не магла сабе дазволіць вось такога каструбаватага хамства, не магла дазволіць сабе расказаць пахабную показку. Ну а вельмі ж хацелася. Хацелася прыкалоцца, укалоць. І афарызм – гэта не кувалдай па галаве, гэта ўдар рапірай, востры, дакладны. І таму, калі гаварыць пра афарызм як жанр і пра ягоную папулярнасьць на сёньняшні дзень у грамадзтве, у нашым, у расейскім, у суседніх дзяржавах, то я б сказаў, што запатрабаванасьць афарызма якраз у тым, што час харызматычных асобаў, час людзей, якія ня ўмеюць выказваць свае думкі, якраз адыходзіць. Зьмяняецца ўлада, зьмяняецца структура ўлады. І тое, што можна было казаць учора, ну не кантраляваць сябе, не задумвацца над тым, што ты гаворыш, гэты час адыходзіць. І школа якраз размовы, школа дакладна, далікатна выказанай думкі прымушае нашых палітдзеячоў зьвяртацца да афарызмаў. Таму я не зьдзіўлюся, што ў нашай палітэліты, якая б яна ні была – апазыцыйная, прыўладная – зьявіліся калекцыі кніжак афарызмаў. Таму, што напісаць прамову без цытаты… А дзе ўзяць цытату? У кніжцы афарызмаў. Юрыст, які будзе гаварыць нейкую прамову, павінен абапірацца на Цыцэрона, гэта нармальна, гэта ва ўсім сьвеце так. І вось якраз у нас улада спрабуе, і грамадзтва патрабуе ад улады адукацыі. А самы просты шлях, вонкавы, гэта зьвярнуцца да афарызмаў. Гэта маё назіраньне".

(Бартосік: ) "Афарызм – гэта арыстакратычны жанр?"

(Глёбус: ) "Так. Гэта арыстакратычны жанр. Больш за тое, гэта жанр, які вымагае вялікай падрыхтоўкі. Афарызм рыхтуецца. І, я думаю, на тэлебачаньні зразумелі, што трэба рыхтавацца. Трэба сказаць каротка… Ёсьць такі момант – насычанасьць інфармацыі, табе даюць мала часу, напрыклад на выступленьне на радыё, тэлебачаньні. Ты павінен падрыхтавацца і сказаць дакладна. Парадаксальна, ясна выказаць сваю думку. Парадаксальна ў сэнсе, каб яна зачапіла нейкую, на першы погляд нябачную струну".

(Бартосік: ) "Беларусаў не назавеш нацыяй з багатымі арыстакратычнымі традыцыямі. Ці значыць гэта, што гэта жанар у нас мёртвы?"

(Глёбус: ) "Я б сказаў ня так. Ясна, што ніякага імпэратара ў нас не было. Цара-бацькі ўласна беларускага ў нас таксама не было. Са зьяўленьнем структуры прэзыдэнта ў нас як раз і зьявілася магчымасьць стылістычна зьмяніць нашыя показкі, прымаўкі і залепы на жанар афарызму. Тое ж самае адбываецца і ў Расеі з прыходам такой пірамідальнай улады, адпаведна зьмяняецца і стылістыка мовы. Стылістыка выказваньняў. Так збудавана ўлада, што б першая асоба ні сказала, да гэтага ўсе прыслухоўваюцца. За гэтым сочаць. Але што раней было? Яшчэ пяць гадоў назад тэлебачаньне працавала на пошлых мэтафарах. Сказаць і не сказаць. Наводзіўся флёр на розных параўнаньнях… нас з кімсьці…

Дзе ў нас і калі зьявіўся і зьяўляўся афарызм? Хто ў нас мог зрабіць нечаканае выказваньне? Я аналізаваў гэтую сытуацыю. І я зразумеў, што лепш за ўсіх – гэта Ігнат Абдзіраловіч. Канчэўскі. “Адвечным шляхам” – гэта суцэльная кніжка афарызмаў. Там разгортваеш і яна вельмі добра раскладаецца. Наагул, жанр філязофскага эсэ – ён суцэльна складаецца з розных афарызмаў, з розных парадаксальных ідэй. І мне вельмі падабаюцца там чыста эканамічныя выкладкі таго ж Канчэўскага. Што Беларусь чакае шлях каапэрацыі. У нас захавалася каапэратыўная форма маёмасьці. А тое, што так слухаюць першую асобу? Дык дзякуй Богу, што хоць некага слухаюць”.

(Бартосік: ) "А вось цытата зь верша, яна ж можа быць афарызмам? Напрыклад, “няма таго, што раньш было”. Можа, гэта ня так глыбока. Але затое прыгожа".

(Глёбус: ) "Чаму? Гэта вельмі глыбока. Як “Мой родны кут, як ты мне мілы. Забыць цябе ня маю сілы”. Вядома, што можа быць. Актуалізацыя новага жанра літаратурнага дае магчымасьць зірнуць на ўсю нашу літаратуру іншым позіркам. І атрымліваецца, што мэтафарычны, афарыстычны пісьменьнік Канчэўскі. Афарыстычны Багдановіч. Афарыстычны, урэшце, Колас. А пісьменьнікі “вось і білет твой, сказаў ён ласкава”, гэта… не афарызм. Тое ж самае “камуністы – гэта слова, як са сталі”. Састарэла гэта ўсё і на мой погляд не афарызмы".

(Бартосік: ) “А як ты лічыш, які час найбольш спрыяльны для нараджэньня афарызмаў?"

(Глёбус: ) "Калі ёсьць абсалютысцкая ўлада, калі ёсьць шмат абмежаваньняў. Абмежаваньне часовае, калі ты будзеш дапушчаны да першай асобы на нейкі кароткі тэрмін. Ты павінен ясна і хутка выкласьці свае думкі. Гэта сьцісканьне ў часе, сьцісканьне формы. Калі ёсьць абсалютная ўлада, тады і квітнее афарызм, жанр такі. І ў нас так склалася, што ў нас ёсьць моцная дзяржава, структурыраваная дзяржава, і яна запатрабавала гэтага жанру. І мы нават любы жарт, любы парадокс, любую моўную хібу згодны ўспрымаць, як афарызм. Любы жарт мы згодны ўспрымаць, як афарызм".

(Дубавец: ) Можа быць, так адбываецца ад тугі па яскравай публічнай мове? Па запамінальнай фразе? А ад таго, што прапануецца такая фраза, але ніяк не кладзецца на сэрца, туга робіцца яшчэ большай? Эх, дзе той новы а мудры палітык...

Афарызмы ў Беларусі ня толькі складаюцца пісьменьнікамі, але й перакладаюцца зь іншых моваў. Невядома, якая традыцыя тут даўнейшая – пісаць ці перакладаць. Асабліва любяць у нас перакладаць польскага афарыста Станіслава Ежы Леца. Не пазьбегнуў такога захапленьня ў свой час і журналіст Віталь Тарас. А я ў сваю чаргу ня мог і ў яго распытацца пра ягонае бачаньне прыроды афарызму і ягонае ролі ў грамадзкім жыцьці.

(Тарас: ) "Неяк патрапіў у рукі зборнік афарызмаў, якіх зараз выпускаецца ў сьвет безьліч. Дык вось складальнік гэтага зборніку прыводзіць усім вядомае: “Беларускі народ будзе жыць цяжка, але нядоўга” і дадае: “прыпісваецца Аляксандру Лукашэнку”. І гэта правільна. Той факт, што мне асабіста разам зь іншымі журналістамі давялося прысутнічаць пры нараджэньні гэтай пярліны, нічога не мяняе. Рэальная асоба, дзейны палітык ня можа быць аўатарам афарызмаў, нават калі ён Лукашэнка, або Чарнамырдзін. Славутыя “Хацелі, як лепей, а атрымалася, як заўжды”, альбо “Не пасьпелі мы ўзяцца за яйкі – зьнікла малако” даўно належаць ужо не рэальным асобам і нават не гісторыі, але пэрсанажам фальклёру – такім самым, як Васілій Іванавіч, альбо Хрушчоў, альбо Брэжнеў. Славутае Veni, vidi, vici таксама ж “прыпісваецца” Гаю Юлію Цэзару. А хто чуў? Хто запісваў? І ці не сказіў пры напісаньні? Усе Эвангельлі ў чымсьці адрозьніваюцца паміж сабой. Але ж вучэньне Хрыста ўсё адно разыйшлося на афарызмы, якія прыкладна аднолькава гучаць на ўсіх мовах.

Праўда, здараюцца і накладкі. Усім вядомае "Лягчэй вярблюду пралезьці ў вушка іголкі, чым грэшніку патрапіць у рай" ёсьць прыкладам перакладчыцкай памылкі. Вярблюдам, аказваецца, на арабскай мове называлася колісь тоўстая пятля на вяроўцы.

Мова ж улады зусім не афарыстычная – яна антыафарыстычная па сваёй прыродзе. Заклікі й лёзунгі кшталту “Усе на барацьбу зь Дзянікіным!” альбо “Зьбярэм урадажай у закрама радзімы”, “Наша цэль – камунізм”, “Эканоміка павінна быць эканомнай” – гэта ніякія не афарызмы, гэта плоскія, пазбаўленыя рэальнага сэнсу труізмы, толькі ў загадным склоне, кшталту “Волга павінна ўпадаць у Касьпійскае мора”. Зноў жа, сутнасьць гэтых лёзунгаў цудоўна адлюстраваны ў парадыйным “фабрыкі – заводам!” Сапраўды, лепей ня скажаш.

А пачытаць, ці паслухаць камуністычных клясыкаў – Леніна, Сталіна, Брэжнева, альбо таго ж Машэрава. У аднаго лаянка напалам з трызьненьнем, набор лёзунгаў, у другога – пагрозы й таўталёгія, у двух апошніх – ад нудоцьця проста мухі канаюць. Калі Лукашэнка гаворыць, слухаць троху весялей. Але паспрабуй пачытаць яго: гэта пакараньне з разраду сярэднявечных катаваньняў. Спытайце любога селяніна: што ён зразумеў пра “сацыялістычны рынак”, аб якім гаворыць Лукашэнка. Або: саюзная дзяржава Беларусі і Расеі пры безумоўным захаваньні сувэрэнітэту суб'ектаў... Аднойчы ў бабулькі, якая слухала па радыё кіраўніка дзяржавы, запыталіся: пра што ён гаворыць? А ня ведаю – адказала тая бабулька, – але ж слухала б і слухала.

Дык ці ўласьцівая афарыстычнасьць беларусам? Калі гаварыць пра літаратуру, усё–ткі, бадай, не. Адзін Барадулін сытуацыю не выратоўвае. А тлумачыцца гэта проста. Да беларускай літаратуры, пісьменьнікаў асабліва, у народзе стаўленьне заўсёды было насьцярожанае. (“Ну, калі здароўя няма – яно можна і ў газэтцы працаваць”, – казаў колісь адзін вясковец. І самому пісьменьніку, як правіла, былому селяніну, было ясна – кароткімі вершыкамі не пражывеш. (Танк, хіба, быў выключэньнем. Алё ён – заходнік, і гэта многае тлумачыць). Калі ўжо пісаць, дык трылёгію, ці тэтралёгію. Тут табе і ганарар, і слава, і наагул, салідна выглядае на паліцы: творы на вякі, што называецца. Ну, а як народная творчасьць, жанр карацелек ніколі не зьнікаў.

Стаю на асфальце, у лыжы абуты.
Ці лыжы ня едуць – ці я...

Далей, мабыць, усе памятаюць. Кажуць, што вершык напісаў адзін даволі знакаміты паэт. Але якое гэта мае значэньне?"

(Дубавец: ) Віталь Тарас ня схільны разглядаць беларускую літаратуру як афарыстычную. Вось рэчаіснасьць, жыцьцё – іншая рэч. Можна з гэтым спрачацца, але сёньняшняя размова – менавіта пра жыцьцё, і тут канфлікту няма. Больш за тое, мы гаворым пра грамадзкае, публічнае жыцьцё, і пра тое, наколькі яркая і запамінальная мова фігурантаў гэтага жыцьця.

Ёсьць даволі пашыранае ўяўленьне, што найбольшай дасьціпнасьцю вылучалася заўсёды мова габрэяў. Шукаючы крыніцы трапнага слова ў сёньняшняй Беларусі, я ня мог не закрануць і гэты асяродак. Але – нічога не знайшоў. Магчыма, гэта зусім іншая тэма, прычым настолькі вялікая, што заслугоўвае асобнае гаворкі. Ну, насамрэч, варта зірнуць на эстраду суседняе Расеі, дзе ў жанры досьціпу выступаюць ці не адны габрэі, сапраўдныя народныя любімцы. А ведаючы, што гістарычна габрэі жывуць у Расеі ня так даўно, крыху болей за стагодзьдзе, і што перабраліся яны туды якраз з нашых краёў, можна па-сапраўднаму зьдзівіцца поўнай адсутнасьці габрэйскага досьціпу ў цяперашняй Беларусі. Падкрэсьліваю – цяперашняй, бо яшчэ дзясятак гадоў таму сытуацыя была зусім іншая. На маю просьбу, пра гэта згадвае мой калега, віленскі журналіст Віталь Каракорскі.

(Каракорскі: ) "З афарызмаў, якія ідуць праз усё маё жыцьцё, найчасьцей гучыць адзін, якія я пачуў шмат гадоў таму ў Бабруйску, ва ўласнай хаце. Але ён таксама і зь Вільняй зьвязаны. Прыехалі дзесьці годзе ў 80-м да мяне сябры-віленчукі, сярод іх і Міша Гальперын, які зараз у Штатах жыве. А калі ўжо такія госьці падвалілі хаця і з савецкай на той момант, але ўсё роўна – буржуазна-нацыяналістычнай Літвы, дык як тут гарэлкі ня выпіць! Тым больш, што пілася яна, гарэлка, у тыя часы са смакам і пры значна меншых нагодах. Ну і, натуральна, сказаць штосьці трэба, калі доўгі шлях госьці шаноўныя праехалі і напоў у кілішках астыгае. Вось Міша і кажа: "Вып'ем, хлопцы, хутчэй, бо чарка табе – не мікрафон".

Ці сам ён прыдумаў пра мікрафон гэты, ці пачуў дзе, я ня ведаю. Як, дарэчы, ня ведаю, адкуль у сьвядомасьці майго Мішы ўзьнікла такое параўнаньне. Бадай што ўспомніў бясконцыя прамовы савецкіх кіраўнікоў у тэлевізары. Сам жа ён хоць і скончыў эканамічную кібэрнэтыку ва ўнівэрсытэце, але працаваў фатографам па дзіцячых садках, бо сядзеў у гэтак званай адмове, гэта значыць, не атрымаў ад уладаў дазволу на ад'езд у Ізраіль. Але як толькі савецкая ўлада (ці Соф'я Ўладзімераўна, як мы яе называлі) памерла, Міша зваліў, як той казаў, спачатку на гістарычную радзіму, а потым – у горад жоўтага д'ябла, у Нью-Ёрк. А я, наадварот, прыехаў у Вільню. І, на жаль, маё жыцьцё тут зьвязанае ўсё менш з чаркай, а ўсё больш зь мікрафонам.

Трэба сказаць, што пэўныя афарызмы, цытаты, анэкдоты ці нават асобныя фразы зь іх былі для нас за савецкім часам своеасаблівым кодам, як на вайсковых самалётах: "свой" – "чужы". Толькі ў авіяцыі камбінацыя агеньчыкаў ды радыёсыгналаў сьведчыць пра тое, што ляціць самалёт, які зьбіваць ня трэба, а ў цывільных умовах па пэўных словах Ільфа і Пятрова ці Булгакава, ці, напрыклад, Гашка мы ведалі, што з гэтым чалавекам можна выпіць усё той жа гарэлкі, што ён прыйшоў да цябе, як той казаў, безь мікрафону. Праўда, камбінат гарадзкога быту (ці, скарочана, КГБ) прапанаваў насельніцтву "мікрабэтон" ці, пашырана, сьцены з умантаванымі мікрафонамі. Але хто тут зьвяртаў увагу...

Сярод маіх жыдоўскіх сяброў асаблівай папулярнасьцю карысталіся цытаты з Бабеля, фразы Жванецкага, радкі Высоцкага. Неабавязкова пра жыдоў і неабавязкова з нагоды жыдоўскага паходжаньня аўтараў. Але і гэтыя моманты мелі сэнс. Вось, напрыклад, Бабель: "Вялікай памылкай Госпада было пасяліць жыдоў у Расеі. Жылі б сабе ў Швайцарыі, дзе горнае паветра і вакол – цалкам табе французы. Ці, скажам, радок Высоцкага – пра жырафа, які вялікі і таму бачыць лепш за ўсіх – прыгадваўся, калі мы чулі пра чарговую гістарычную, а насамрэч абсурдную пастанову ЦК. Ці – Жванецкі, цытую: "Табе не падабаецца, дык адыйдзі, ня стой ва ўсім у гэтым". Хто хацеў, чуў гэткім чынам: не падабаецца Соф'я Ўладзімераўна – падавай дакумэнты ў АВІР.

Дарэчы, кожны савецкі жыд ведаў фразу: "Я ня ведаю, пра што тут ідзецца". Гэта з анэкдоту, які цалкам гучыць так. Стаяць Хаймовіч з Абрамовічам ды размаўляюць невядома пра што. Набліжаецца да іх Рабіновіч і кажа: "Я ня ведаю, пра што тут ідзецца, але ехаць – трэба". Сёньня дадам, што калі справа была ў той час у Гомелі, напрыклад, дык Хаймовіч такі паехаў ды працуе ў кібуцы пад Хайфай, Рабіновіч – алігарх у Кіеве, а Абрамовіч – у Маскве. Але гэта сёньня, а на той момант нават слыннае гагарынскае "Паехалі!" ўспрымалі як заклік. Казалі нават, у цэнтры Тэль-Авіву стаіць помнік савецкаму касманаўту – за сіянісцкую агітацыю.

Ці быў хто з вас сьведкам таго, як ствараюцца анэкдоты? Як той сказаў, сядзяць сабе й прыдумляюць. Не, сказаў іншы, спачатку прыдумляюць, потым ужо сядзяць. Той другі быў, напэўна, аптымістам у цывільным. А можа ён быў пэсымістам? Бо пэсыміст – гэта добра інфармаваны аптыміст. А хто будзе лепей інфармаваны за мастацтвазнаўцу ў цывільным?

Але я пра тое, як ствараюцца анэкдоты. Аднойчы мне пашэнціла. Пайшоў я ў Бабруйску да галярні. У тыя дні з таго, што расьце ў мяне на галаве, яшчэ магчыма было зрабіць фрызуру. Майстар Барыс ужо скончыў сваю працу, а майстар Сымон якраз ваяваў з маімі лохмамі. Раптам Барыс кажа:

– Сёма, прастата – гэта што такое?

– Прастата, – кажа той, – гэта, каб ты ведаў, Бора, мачавы пухір. А што такое?

– Ды вось кажуць, апэрацыю трэба рабіць, у два этапы.

– Чаму менавіта ў два? Калі чалавек здаровы, дык можна і ў адзін".

(Дубавец: ) Са згадак Віталя Каракорскага відаць, што дзесяць ці дваццаць гадоў таму беларускія габрэі былі акурат такімі дасьціпнікамі, якія яны ёсьць у пашыраным народным уяўленьні. Толькі ж сапраўды, у сёньняшнім жыцьці гэтага не відаць. У Беларусі няма такіх гумарыстаў, артыстаў, палітыкаў ці іншых публічных асобаў, мова якіх гучэла б ярка і запамінальна. Апроч аднога чалавека.

Тое, што афарызм прымушае думаць, зрабіла яго самым папулярным літаратурным жанрам, які выкарыстоўваюць палітыкі. І чым больш харызматычны палітык, тым больш у яго афарызмаў. Чэрчыль… Мао… Лукашэнка... Шукаючы альтэрнатыву аўтарытарызму, магчыма, варта шукаць афарызмы? Аднак – слова самім палітыкам. Што пра сваю мову думаюць яны самі? Тут мне зноў дапамагае Севярын Квяткоўскі:

(Квяткоўскі: ) "У беларускай публічнай прасторы не нараджаюцца афарызмы, бо прасторы як такой няма. Афарызм нараджаецца ў часе публічнай дыскусіі, ці нават сутыкненьня, бойкі. Няма байцоў – няма афарызмаў. Так мяркуе мой калега-журналіст Мікалай Халезін:

(Халезін:) “Няма чым карыстацца ў літаратурнай ці журналісцкай працы. Было, напрыклад, выдатнае выказваньне спадара Шушкевіча, які дзесьці ў годзе 1995-96 казаў: “Аляксандар Лукашэнка – гэта той палітык, які гуляе ў шахматы не фігурамі, а дошкай”. Такія выразы вельмі-вельмі рэдка патрапляюцца ў нашай працы. Таму што няма дзе распаўсюджваць гэтыя выразы. Таму што нажаль сёньня адсутнічаюць і СМІ як такія. Засталося радыё “Свабода”, паўтары-дзьве газэты, і больш нічога няма. Гэта як у музыцы. Калі няма тэлеканалаў, няма радыёстанцый, няма добрай музыкі”.

(Квяткоўскі: ) "Тым ня менш, фразы згаданага Аляксандра Лукашэнкі шырокавядомыя й паўтараюцца ў народзе".

(Халезін:) “Тут трэба ўсё раскласьці ўсё па паліцах. Выказваньне Шушкевіча ляжа на тую паліцу, дзе ляжаць афарызмы. А ў А.Лукашэнкі поная паліца глупстваў”.

(Квяткоўскі: ) "Але ж, дзяржаўныя чыноўнікі маюць доступ да дзяржаўных мэдыяў".

(Халезін:) “Сярод іх няма яркіх асобаў. Яны праходзяць праз адно, другое, трэцяе сіта. І на выхадзе застаюцца самыя “несмышлёныя”. Яны ня могуць даць такую думку, якая б працавала. Павінна быць дыскусія, ці нават бойка. Для таго, каб нарадзіўся крэпкі афарызм, той, хто яго выкажа, павінен быць злым у той момант, калі ён гэта скажа”.

(Квяткоўскі: ) "Адсутнасьць этэру, сумнае лідэрства Лукашэнкі і сьветлыя часы Шушкевіча ўзгадвае Анатоль Лябедзька".

(Лябедзька:) “Аляксандар Рыгоравіч натуральна, таму што ў яго ёсьць вельмі вялікая мажлівасьць рэтрансляваць, тое што ён гаворыць. А так, я ўзгадваю Дземянцея. Такая мова ў яго была выразная. “Ня стойце ў зўаднім праходзе” і г.д. Хаця, калі-некалі трапныя выразы былі ў Шушкевіча. Праходзіла галасаваньне, заўсёды падымаўся Малафееў, і казаў: “А што, мы ўжо прагаласавалі? А я так нічога й не зразумеў”. І гэта сталася традыцыяй. Усе ведалі, што пасьля галасаваньня, якое не задавальняла камуністаў, уздымаўся Малафееў, і казаў адную й тую ж фразу. І вось, пасьля аднаго такога выступу Шушкевіч гучна пракамэнтаваў: “Людзі, забярыце ў гэтага старога запалкі, бо нічога ня памятае, зараз хату спаліць”. Менавіта такія выразы, яны зьяўляюцца падчас палемікі. У нас гэтага няма, і таму падаецца, што й выразаў такіх няма”.

(Квяткоўскі: ) "Каардынатар “Хартыі’97” не сумняецца ў таленце беларусаў, што да вуснае творчасьці".

(Бандарэнка:) “Магчыма, гэтых людзей багата, але калі ў чалавека няма аўдыторыі, то ён не становіцца афарызмам. Скажам, “маркетынг мацней за прапаганду” – неяк я ўжыў, сябры сказалі: “Во, афарызм!” Іншыя павінны ацэньваць тваю размову і казаць, гэта афарыстычна, ці не”.

(Квяткоўскі: ) "Зьміцер Бандарэнка, як і Анатоль Лябедзька мае багаты досьвед вулічнага трыбуна. Вуліца – галоўная аўдыторыя апазыцыйных палітыкаў. Ці магчымы жанр мітынговага афарызма?"

(Бандарэнка:) “На мітынгах чалавек зьдзяйсьняе камунікацыю ў рэжыме маналогу. Можа чалавек рыхтаваць нейкія вобразныя выразы, якія ён загадзя падрыхтваў. Але невядома ці стане гэта афарызмам, ці не. Але я кажу: у нашай краіне – часьцяком афарызмы-недарэчнасьці, яны адпавядаюць больш людзям ад улады”.

(Квяткоўскі: ) “Экс-міністар замежных справаў Пятро Краўчанка як ніхто іншы ведае беларускіх чыноўнікаў”.

(Краўчанка:) “Я не магу адразу назваць прыклады афарыстычнасьці. Усе выступаюць дастаткова казённа. Казённа й абыдзенна. Нават бязь веданьня беларускае літаратуры. У мяне практычна ўсе публічныя выступы, асабліва калі я быў міністрам, яны пабудаваныя на зваротах да беларускай літаратуры, і сусьветнай літаратуры. 1990 год. Я цытую Ўладзімера Дубоўку: “О, Беларусь, мая шыпшына!” 1992 год: на раздарожжы – “На ростанях”. Увесь выступ у ААН, і першы, і другі, пабудаваны на пытаньні, куды пойдзе Беларусь? Яна сёньня на раздарожжы. Які гістарычны шлях у 1990-я гады і ў пачатку наступнага стагодзьдзя. У мяне былі некаторыя выразы, якія я лічу сваімі. Напрыклад, “сорамна быць бедным, але яшчэ больш прыкра быць злодзеем”.

(Дубавец: ) Беларускія палітыкі ня маюць сёньня такой публічнай прасторы, на якой нараджалася б слова, што будзіць думку і запальвае сэрца. Тую прастору апанаваў адзін чалавек. Якім афарызмам ці трапным выразам можна ахарактарызаваць гэтую сытуацыю? Такі выраз ёсьць. Прычым вы пачуеце яго па ўсёй краіне і на ўсіх узроўнях – ад заўзятых прыхільнікаў Лукашэнкі, ад яго праціўнікаў і тых, каму ўсё адно, аж жынчын і мужчын усіх узростаў – вось дзе ўнікальнае адзінства народу, дасягнутае, можа быць, упершыню ў гісторыі. Гэтай фразай пачынаюцца і сканчаюцца ўсе нашы спрэчкі і яна сапраўды вартая таго, каб задумацца над ёю.

А хто, калі ня ён?

Рытарычнае пытаньне, якое аб'яднала ўсіх беларусаў напачатку трэцяга тысячагодзьдзя. На яго часам і адказваюць у анэкдатычнай манеры, напрыклад: "Хто? Конь у паліто!" Хоць насамрэч самое гэтае пытаньне ёсьць трапным народным адказам і на тыя "яйцы з малаком" і на "Гітлера" і на "жыць кепска, але нядоўга" і на "за цывілізаваным сьветам свой народ не павяду". Усё гэта – мэтафара беларускага доўгацярпеньня. Хто ведае, можа быць, калі ў публічнай мове многіх дзеячоў нацыі зьявяцца яркія, дасьціпныя, трапныя словы і афарызмы, тады гэтае рытарычнае пытаньне перастане дамінаваць – як абсалютная вяршыня цяперашняй народнай творчасьці. – А хто, калі ня ён?


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.