news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


11 Кастрычніка 2003
 
Ці зьяўляюцца расейцы ў Беларусі нацыянальнай меншасьцю?
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Простае пытаньне пра тое, ці зьяўляюцца расейцы ў Беларусі нацыянальнай меншасьцю, патрабавала гэткага ж простага адказу – так, зьяўляюцца, бо складаюць 10% насельніцтва краіны. Гэта значыць, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязкамі Беларусі правы расейскае грамады ва ўсіх галінах жыцьця павінны шанавацца і дзяржавай, і тытульнай нацыяй. Так бы гучаў адказ на пытаньне ў стандартах ААН ці АБСЭ. Але ў адказах слухачоў, якія тэлефанавалі на радыё цягам мінулага тыдня, пераважалі эмоцыі. Адныя сварыліся на расейцаў, другія на беларускіх нацыяналістаў, а трэція – на самое пытаньне, якое нібыта распальвае нацыянальную варожасьць. Канстытуцыйная норма падалася ім правакацыйнай. Стэрэатыпы ўзялі верх над правам, што ў сёньняшняй Беларусі здараецца, на жаль, нярэдка.

У нас дагэтуль, з савецкіх часоў людзі лічаць патрэбным падкрэсьліць – а мне ня важна, якой ён нацыянальнасьці, важна, што і як ён робіць. Хоць гэткі пасыл насамрэч пакідае месца для ксэнафобіі. Бо толькі тады, калі мне гэта важна, я магу з пашанай ставіцца да ягонай культуры і традыцыі, а не глядзець на яго як на абстрактны “чалавечы матэрыял”, чым, дарэчы, магу выклікаць ягоную крыўду.

Можна, вядома, сказаць, што ў Беларусі жывуць людзі. Проста людзі. Але для дарослага і адказнага грамадзяніна такое сьцьверджаньне было б праяваю інфантылізму. Можна сказаць і так: у лесе растуць дрэвы. Але варта займець з гэтым лесам дачыненьні, як адразу ўсё трэба акрэсьліць. Гэты лес-– сьветлы, грыбны, а гэты – яловы, цёмны, тут мы нічога ня знойдзем. Альховаму лесу патрабуецца вільготная глеба, а сасновы можа расьці і на пяску. Мы любуемся восеньскім лесам, назіраючы, як бялёсае лісьце таполяў спалучаецца з чырвонымі шатамі клёнаў...

Нацыянальныя адрозьненьні ўтвараюць спалучэньні культураў – галоўнае багацьце краіны і гонар тытульнае нацыі. Ёсьць, натуральна, і такія людзі, якія нацыянальныя адрозьненьні бачаць найперш у даўжыні насоў і колеры валасоў, але гэта ня робіць ім гонару і наадварот – зьбядняе краіну і тытульную нацыю. Калі кажуць пра нацыянальныя адрозьненьні як нешта саромнае, – думаюць менавіта пра насы з валасамі, а не пра мовы, традыцыі і стракатую прыгажосьць восеньскага лесу. Калі тэму нацыянальных адрозьненьняў замоўчваюць, дык робяць гэта з тых самых прычынаў, бачачы ў нашых адрозьненьнях не патэнцыйнае багацьце краіны, а толькі патэнцыйную нянавісьць.

Сёньняшнія стэрэатыпы, што выказалі нашыя слухачы, народжаныя менавіта замоўчваньнем тэмы. Гэта няпраўда, што ўся сыстэма ўлады ў Беларусі трымаецца на расейцах, і што ўсе расейцы супраць незалежнасьці Беларусі, а тым больш, што мільён беларускіх расейцаў мае са свае нацыянальнасьці нейкія прывілеі. Хутчэй наадварот. Але гэта такая ж няпраўда, як і тое, што за Шушкевічам зь Беларусі праганялі расейцаў. Такіх фактаў не было і не магло быць.

Не ўгрунтаваныя ні на чым стэрэатыпы на руку папулісцкай уладзе. Кажы што хочаш – людзі павераць. Калі б, да прыкладу, Беларусь выйшла на шлях эўрапейскае інтэграцыі, дык пытаньне нацыянальных меншасьцяў стала б тэмаю нумар адзін. Кожны факт і факцік дыскрымінацыі быў бы расьпісаны па ўсіх парамэтрах. Месца для падману б не засталося. Краіна мусіла бы стварыць вялікае мноства нарматыўных дакумэнтаў – цэлую заканадаўчую базу ўзаемнай павагі і падтрымкі кожнае меншасьці. Калі ж усяго гэтага няма, на замоўчваньні можна спэкуляваць.

Адзін слухач у адказ на нашае пытаньне сказаў, што беларус – перш за ўсё, інтэрнацыяналіст. Гэта яшчэ адзін стэрэатып. Хто такі інтэрнацыяналіст? Які закон апісвае гэты панятак і бароніць правы гэтага чалавека? Якая гэта мова і якая культура? Ці можа інтэрнацыяналіст у Беларусі гаварыць па-беларуску? Ці – толькі па-расейску? Урэшце, чым ён, інтэрнацыяналіст – карысны і цікавы іншым людзям і ўсяму сьвету?

Асабіста я ведаю адну сфэру, дзе інтэрнацыяналізм рэальна перамог. Гэта сфэра крыміналу, якая жыве не па законах, а “па паняціях”.

Што да беларускага інтэрнацыяналізму, трэба мець на ўвазе, што ў гэтай характарыстыцы заключаная далёка ня лепшая ацэнка нацыі: Тамаш, які ня помніць свайго роду і любіць усіх без разбору, але толькі на словах.

Інтэрнацыяналізм беларуса насамрэч абяртаецца зьніжэньнем інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню жыцьця, тое, што гэтак трапна высьмеялі расейскія даваенныя сатырыкі – згадаем булгакаўскіх швондэраў і шарыкавых. Урэшце самі расейцы бачылі ў гэтым невысокім узроўні чыста сацыяльны аспэкт, які не дэфармаваў паняткаў расейскае ідэнтычнасьці, культуры і мовы, а ў Беларусі швондэраўшчына прышчаплялася як аспэкт не сацыяльны, а як нацыянальны – на пакаленьні.

Калі хочаце, мы проста не дацягваем да таго, каб лічыцца прававым грамадзтвам, і замест юрыдычных тэрмінаў “карэнная нацыянальнасьць” і “нацыянальная меншасьць” карыстаемся паняткамі, якіх няма і ня можа быць у законах. Такімі, як гэты самы “інтэрнацыяналіст”.

Шляхам эвалюцыі мы непазьбежна прыйдзем да вызначэньня правоў грамадзян, пачнем жыць не паводле “паняцій”, а паводле закону. І нашы дыскусіі пра русіфікацыю і нацыянальнае адраджэньне перастануць здавацца такімі абстрактнымі і бясконцымі.

Усе без выключэньня краіны постсавецкае прасторы, якія ўсталі на шлях эўрапейскае пэрспэктывы, пачалі менавіта з гэтага – з вызначэньня і ўшанаваньня правоў сваіх нацыянальных меншасьцяў. Такім чынам кожная тытульная нацыя імкнулася акрэсьліць сябе, убачыць сябе і зразумець сябе. А гэта тое, чаго беларусы з сабою яшчэ не зрабілі.

У адрозьненьне ад савецкіх часоў, сёньняшні сьвет патрабуе ад чалавека назвацца. Нельга быць нікім або ўсім, калі ты актыўны ўдзельнік жыцьця і разьлічваеш на большае, чым сацыяльны прытулак. Хочацца нам гэтага альбо не, але такі парадак заведзены і ў разьвітых краінах сьвету і ў міжнароднай супольнасьці ў цэлым. Інакш навошта, скажам, на Алімпійскіх гульнях паказваць сьцягі і сьпяваць нацыянальныя гімны, калі галоўнае там – як хутка ты прабег ці як далёка скокнуў. Аж не – важна, хто ты, адкуль і якую нацыю прадстаўляеш.

Каб карэнная нацыя паважала правы сваіх нацыянальных меншасьцяў, трэба, каб яна гэтыя меншасьці бачыла і ведала. Інакш усе развагі пра тое “абы чалавек быў добры” – гэта самападман і глеба для ксэнафобіі. Да прыкладу, існуе стэрэатып пра дыскрымінацыю расейцаў у Прыбалтыцы. Нічога дзіўнага, бо ў сьвядомасьці многіх людзей, якія прывыклі пачувацца большасьцю, зусім ня проста адбываўся гэты пералом – адчуць сябе меншасьцю. Але што зробіш, калі гісторыя выбрала сабе гэткі шлях, і замест пачуваньня сябе расейцам у СССР ты мусіш адчуць сябе расейцам у Эстоніі або Латвіі. А гэта, згадзіцеся, розныя рэчы. Камусьці такое даецца лягчэй, камусьці цяжэй. Але няма падставаў казаць, што, да прыкладу, у Літве расейцы сталі жыць горш, чым жылі ў СССР толькі таму, што яны расейцы. Наадварот. Яны ўжо прайшлі гэты перавал і сёньня іх становішча нашмат больш выразнае і, бадай, выйгрышнае, чым становішча нашых, беларускіх расейцаў. Распавядае Тацяна Поклад:

(Поклад: ) “Калі Літва перастала быць часткай вялікай краіны з цэнтрам у Маскве, найцяжэй самавызначэньне далося расейцам – яны з большасьці ператварыліся ў меншасьць.

Нейкі час на пачатку незалежнасьці у Літве яшчэ гаварылі не “расейцы”, але “расейскамоўныя” – бо да іх далучаліся і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, у тым ліку і частка беларусаў. Аднак расейскамоўнасьць не вызначае нацыянальнасьці або культуры, таму даволі хутка кожная нацыя знайшла ў новай незалежнай Літве сваю нішу. Расейцы сталіся адной зь ліку многіх іншых нацыянальных мяншыняў. У гэтым статусе нічога не зьмяняе і тое, што іх мова дагэтуль яшчэ зразумелая літоўцам і тое, што яны – найбольшая зь меншасьцяў. Расейцаў у Літве столькі ж, колькі і ў Беларусі – прыблізна 10 адсоткаў.

Для нацыянальных мяншыняў Літва мае сучасныя дэмакратычныя законы, якія называюць найбольш спрыяльнымі ў параўнаньні зь іншымі краінамі Прыбалтыкі. Тут нават стварылі іншы тэрмін для афіцыйнага ужытку, які, мяркуюць, больш ветлівы ў дачыненьні да людзей не літоўскай нацыянальнасьці – не “меншыня”, а “грамада, супольнасьць”.

Расейцы Літвы на поўніцу выкарыстоўваюць усе юрыдычныя правы і свабоды, што магчымыя паводле заканадаўства краіны. Апрача шматлікіх грамадзкіх арганізацыяў, у Літве дзейнічае і палітычная партыя, якая прадстаўляе іх інтарэсы у парляманце – Саюз Расейцаў Літвы (гэтая партыя цяпер ўваходзіць у кіраўнічую сацыял-дэмкратычную кааліцыю). У Літве існуе Расейскі Драматычны тэатар, для расейскамоўных праграмаў на дзяржаўным радыё і тэлевізіі вылучаецца столькі ж этэрнага часу, колькі і іншым прадстаўнікам нацыянальных мяншыняў – беларусам, палякам, украінцам. Рэлігійныя расейскія арганізацыі, найперш праваслаўныя, займаюцца і дабрачыннасьцю, і адукацыйна-асьветніцкай дзейнасьцю. Па ўсёй Літве – дзясяткі расейскіх праваслаўных і пратэстанцкіх цэркваў. Уся гэтая разнастайная дзейнасьць – грамадзкая, культурная, асьветніцкая, палітычная – зарганізаваная як дзейнасьць нацыянальнай меншыні паводле адпаведных законаў. Частка гэтае дзейнасьці фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту – гэтаксама, як і для іншых мяншыняў.

Што да адукацыі, дык – адпаведна магчымасьцям, якія дае Канстытуцыя і законы, – расейцы ў Літве маюць адукацыйныя ўстановы ўсіх узроўняў (як, дарэчы, і беларусы і палякі). Гэта азначае, ад дашкольнай да вышэйшай адукацыі. Колькасьць сярэдніх расейскамоўных школаў ды дзіцячых садкоў за гады незалежнасьці зьменшылася ў чатыры разы, бо цяпер яна вызначаецца ня ўладамі, а паводле колькасьці заяваў ахвотных вучыцца па-расейску. Колькі ахвотных – столькі школаў і садкоў.

Дзеці іншых нацыянальнасьцяў, якія раней вучыліся па-расейску, цяпер звычайна абіраюць альбо школы на сваіх родных мовах, альбо – літоўскамоўныя. Так што цяпер у Літве расейскамоўныя школы пакрысе робяцца расейскімі, а не па-савецку інтэрнацыянальнымі, як было раней. Найлепш гэта атрымоўваецца, бадай, у прыватных школаў – але такіх няшмат, бо ў іх навучаньне платнае і каштуе нямала. Іншыя – дзяржаўныя расейскія школы Літвы, – працуюць паводле падручнікаў і прагарамаў, створаных у Літве. (Магчыма, менавіта гэта спрыяе больш яснаму культурнаму нацыянальнаму вызначэньню адукацыі расейскай мяншыні, якая мае немалы клопат – як пазбавіцца савецкай інтэрнацыянальнай спадчыны.) Па ўсіх дысцыплінах, апрача “нацыянальных”, яны такія ж самыя, як і ва ўсіх іншых школах краіны, незалежна ад мовы навучаньня. Для “родных нацыянальных” прадметаў падручнікі ствараліся таксама ў Літве – яны інтэграваныя зь “літоўскімі” тэмамі і арыентаваныя на мясцовыя рэаліі, што вымагае і большую нацыянальную вызначанасьць, больш акрэсьленыя нацыянальныя акцэнты”.

(Дубавец: ) “Сёньня быць расейцам у Літве – гэта значыць, пачувацца паўнавартасным грамадзянінам – такім як расеец у Францыі ці немец у Бэльгіі. Гэта зусім ня тое самае, што быць прадстаўніком “рускаязычнай” масы. Чалавек ад прыроды і выхаваньня найболей каштоўны сьвету менавіта сваёй прыналежнасьцю да пэўнай культуры, а не да соцыюму. І цяпер самы час зьвярнуцца да пачуцьцяў расейскага чалавека ў Беларусі. Пра гэта – сталы аўтар нашае перадачы Зьміцер Бартосік.”

(Бартосік: ) “У тэлевізійным ток-шоў "Выбар", прысьвечаным беларускай мове, кіраўнікамі ОНТ быў выразаны адзін цікавы эпізод. Акторка Менскага расейскага тэатру, ілюструючы экзатычнасьць гарадзкой беларускай мовы, прывяла такі яскравы, на яе думку, прыклад. "Еслі па-беларускі разгаваріваць в тралейбусе, то все пасажыры будут оглядывацца". На што прысутны пісьменьнік Адам Глёбус парыраваў. "А если я чисто по-русски заговорю, оглядываться будут не меньше".

Сапраўды, жывучы ў Беларусі ўжо дваццаць пяць гадоў, я як этнічны расеец да гэтае пары не магу знайсьці агульнай мовы з асноўнай масаю яе грамадзянаў. У мяне ніколі не атрымаецца так маляўніча вымавіць "прасьціце" альбо "захадзіце". Мне ніколі ня прыйдзе ў галаву пайсьці "в грібы". Ніколі не павернецца язык свёклу назваць “буряком”. Я не кажу ўжо пра такі мясцовы лінгвістычны пэрл, як "этсамае". Сапраўды, выдумаць такую фразэму мог толькі іншаземец. І таму мяне пэрыядычна цягне ў Расею. Проста "наговориться".

Пасьля ўсіх нашых перапісаў мяне займае адно пытаньне. Дзе ўсе гэтыя загадкавыя расейцы, якіх тут ажно мільён? Дзе іхная культурная прысутнасьць? Дзе газэты? Дзе школы? Дзе галерэі? Дзе расейскія кабакі, урэшце. "Трактір на Парковой"? "Печкі-лавочкі"? Каб назваць гэтыя ўстановы "расейскімі", трэба ўвогуле ніколі не бываць у Расеі.

Падобна на тое, што расейская меншасьць яшчэ меншая за беларускамоўную. Зрэшты, ці можа быць інакш у краіне, дзе нацыянальнасьць так і засталася для большасьці на пятым пункце. Ці на дзясятым месцы. Галоўны аргумэнт гэтай "рускаязычнай" большасьці – "а какая разніца, глаўнае штоб чалавек быў харошы". У гэтай большасьці ёсьць усё. І расейскамоўныя газэты, і школы, і нават тэатры. Але найбольш яскрава розьніца паміж расейскім і нашым "рускаязычным" выяўляецца на тэлеэкране. Асабіста мяне зусім не хвалюе перавод бэтэшных навінаў на "обшчэпрынятый язык". Гэты канал стаў яшчэ больш арганічны і адпаведны сваёй аўдыторыі. Не беларускі. Не расейскі. Ніякі.

На добры лад, тыя расейцы, якія ня хочуць губляць свой нацыянальны твар – патэнцыйныя саюзьнікі сьвядомых беларусаў. Бо той пяты пункцік у іх на першым месцы. І "разніцу" адчуваюць выдатна. І ведаюць, што дзякуючы менавіта той "разніцы", ніколі ня згубяць свой твар. І менавіта таму я ніколі не аддам сваё дзіця ў “рускаязычный” садзік. За адсутнасьцю расейскага пойдзе ў беларускі. А пра гістарычную радзіму я ўжо сам і раскажу, і пакажу. Безь мясцовых пасярэднікаў.

На маю думку, словазлучэньне "Русский Минск" павінна гучаць з той самаю нэўтральнаю афарбоўкаю, як і "Русский Париж" ці "Русский Бостон". Менавіта гэта сьведчыла б пра сталасьць беларускай нацыі, што нарэшце дарасла да таго ўзросту і кругагляду, каб не атаясамліваць расейскае з адназначна варожым. Для расейскага ж вуха "Русский Минск" гучаў бы, як просты факт, што за Смаленскам іншая зямля. Дзе таксама ёсьць расейцы. Вось толькі цікава, калі гэтая вялікая колькасьць расейскага насельніцтва, урэшце, пакажа сваю наяўнасьць і прысутнасьць. Відаць, не раней за той час, калі меншасьцю стануць “рускаязычныя”.

А як бы мог прывабна і цікава выглядаць той “Русский Минск”. Колькі тэмаў магло быць у расейскай газэты ці расейскай тэлеперадачы. Ад старавераў і новых эмігрантаў да забытых адрасоў Высоцкага ці Гіпіюс. Якая магла б быць расейская школа, апекаваная напрыклад Піцерскім унівэрсытэтам ці Шчукінскай вучэльняй. А расейскія бард-кавярні ды мастакоўскія галерэі. Адкрытыя для ўсіх і цікавыя не адным толькі выхадцам з Усходу. А сапраўдныя тракціры, дзе ў мэню абавязкова прысутнічае рыбны пірог, росстегай. І на эстрадзе абавязкова сьпяваюць цыганы. А рускія клюбы, зь вістам, більярдам ды шашкамі. Падазраю, што не адзін слухач зараз можа кінуць на мой адрас нешта кшталту: “Ну, размарыўся! Дай толькі волю маскалю. Зь Менску зробіць Кастраму”.

Не. Не зраблю. Бо разумею, што ўся гэтая палітра можа зайграць толькі на тле беларускага Менску. Зь беларускімі каналамі і газэтамі, беларускімі школамі, ды беларускімі корчмамі. Інакш… Этсамае… Какая разніца…”

(Дубавец: ) “Папулісцкія заявы пра тое, што ў Беларусі – міжэтнічны мір, гучаць павярхоўна і неабачліва. Мір – гэта зусім не адсутнасьць вайны. Мір – гэта яе немагчымасьць. Мір у палітыцы дасягаецца балянсам інтарэсаў. Мір – гэта дом, у якім паводле вызначаных правілаў суіснуюць розныя людзі, прыналежныя да розных веравызнаньняў і этнічных групаў. Калі іхных інтарэсаў ня тое, што ня ўлічваць, а папросту не заўважаць, гэта ня будзе значыць, што ў нас – мір. Вось жа беларуская міжэтнічная сытуацыя характарызуецца якраз гэтай самай нявызначанасьцю інтарэсаў і правоў нацыянальных групаў, якія жывуць у краіне.

Мір – складаная праца ўсіх дзяржаўных інстытутаў, структурызацыя грамадзтва з мэтаю ўсталяваньня балянсу інтарэсаў і правоў. Лічыцца, што ў нашым сёньняшнім постсавецкім бытнаваньні з адміністрацыйна-камандавай формай улады ёсьць тэмы больш важныя за міжнацыянальныя дачыненьні. Але варта толькі крануць гэтую тэму, як пасыплюцца ўзаемныя папрокі і зусім ня сьветлыя эмоцыі – што і паказала апытаньне мінулага тыдня.

Самае малое развальненьне чалавека, а таксама паляпшэньне ўмоваў ягонага жыцьця зараз жа прывядзе да выяўленьня міжнацыянальных праблем. А паколькі за мінулыя дзесяць гадоў яны ня мелі ніякага выхаду, дык іх эмацыйны патэнцыял толькі нарастае. І чым хутчэй яны будуць названыя, акрэсьленыя ў нарматыўных актах і збалянсаваныя з інтарэсамі дзяржавы, тым болей шанцаў пазьбегнуць іхнага абвастрэньня. Досьвед нашых суседзяў паказвае, што ў гэтай сфэры няма нічога горшага за маўчаньне і няма нічога лепшага за перавод сытуацыі з эмацыйнага ў прававое поле.

Тармозячы ўласнае нацыянальнае самавызначэньне, беларусы і ўсіх іншых жыхароў свае краіны так ці інакш цішком дыскрымінуюць, не даюць ім разьвівацца. Сапраўды, калі літоўская ці польская дыяспары яшчэ могуць разьлічваць на дапамогу мэтраполіі, дык расейцам у гэтым сэнсе найгорш. Іх проста не відаць – ані зь Менску, ані з Масквы.”


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.