news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


29 Лістапада 2003
 
Суд над камунізмам
Ці застаецца для Беларусі актуальнай ідэя суду над камунізмам? Пра гэта ў перадачы “Вострая Брама” гавораць гісторыкі, журналісты і слухачы нашага радыё.
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Дэмакратычныя сілы Беларусі, якія і нарадзіліся ў канцы 80-х з асуджэньня злачынстваў камунізму, сёньня адыйшлі ад гэтае тэмы ў сваёй праграмнай дзейнасьці. Чаму? Ці тэма перастала быць актуальнай? Калі так, дык не таму, што суд над камунізмам адбыўся і не таму, што дэмакратычныя сілы дамагліся сваіх колішніх праграмных мэтаў. Тэму суду дэактуалізаваў цяперашні палітычны рэжым. Кампартыя падзялілася на шмат складнікаў, у тым ліку і апазыцыйных. Зь іншага боку, уся апазыцыйная дзейнасьць стала люстэркавым адбіткам дзейнасьці ўладаў. І калі ва ўлады няма фармальных зьнешніх прыкметаў камунізму са знакам плюс, дык няма іх і ў апазыцыі, адпаведна, са знакам мінус. Дэмакратычныя сілы ідуць сьледам за ўладамі, крытыкуючы іх, але зусім не сваім апрычоным шляхам, які некалі быў пазначаны галоўнаю тэмай – суду над камунізмам.

Але ці страціла ад гэтага ідэя сваю актуальнасьць для будучыні Беларусі? Ці можам мы сказаць, што пераадолелі камунізм і вызваліліся ад яго? Можа быць, камунізм перастаў быць актуальным сам сабою і больш ніяк не ўплывае на нашае жыцьцё? Але што ні вазьмі зь перашкодаў на шляху разьвіцьця краіны і нацыі – усё сягае каранямі туды, у камунізм. Пра тое ж кажуць і слухачы Радыё Свабода:

(Званок: ) “Ці актуальная для Беларусі праблема суду над камунізмам? Я думаю, што бяз гэтага суду ня можа быць нармальнага руху грамадзтва наперад”.

(Званок: ) “Суд, а лепей трыбунал, найлепей па Нюрнбэрскім сцэнары, над камунізмам і ягонымі прамымі дзеткамі – саветызмам і сучасным лукашызмам – ня толькі патрэбны. Бо столькі зла на зямлі нарабіў ён, гэты прывід, што Гітлер і Мусаліні ў параўнаньні зь ім – камарыкі, ня болей. Чым найхутчэй скончым канцом па концу, як гавораць, тым найхутчэй станем сапраўднай эўрапейскай нацыяй і дзяржавай”.

(Дубавец: ) На чале, так бы мовіць, ідэі суду над камунізмам, у канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя стаяла арганізацыя Мартыралёг Беларусі. Лёс Мартыралёгу – як індыкатар самой ідэі – з моцнага пачатку і ахопу ўсёй краіны і ўсіх дэмакратычных сілаў спакваля зьменшыўся да невялікай суполкі падзьвіжнікаў. Распавядае Ганна Соусь:

(Соусь: ) “Мартыралёг Беларусі быў афіцыйна зарэгістраваны толькі ў 2001 годзе, як суполка пры Таварыстве Беларускай мовы, у той час, калі пачыналася будаўніцтва кальцавой дарогі праз Курапаты. Яшчэ пры канцы 80-х Міністэрства юстыцыі не прыняло да рэгістрацыі Мартыралёг Беларусі. Але ж і незарэгістраваная ўладамі арганізацыя адыграла вялікую ролю ў адраджэньні беларускай незалежнасьці, фактычна зь яе паўстаў Беларускі Народны Фронт. Цяпер у суполку Мартыралёгу пры ТБМ уваходзіць каля пятнаццаці актывістаў, і ўзначальвае яе археоляг Мікола Крывальцэвіч. Найперш суполка займаецца Курапатамі: зьбірае сродкі на крыжы і праводзіць ва ўрочышчы талокі”.

(Крывальцэвіч: ) ”Першапачаткова Мартыралёг ствараўся на хвалі новага адраджэньня беларускага й на хвалі антысталінскай барацьбы. Я думаю, што паступова ён павінен быў пераўтварыцца ў тую арганізацыю, якая павінна была займацца дзейнасьцю прыблізна такой, як у Расеі “Мэмарыял”.

(Соусь: ) “Што да таго, што ўжо зроблена суполкай Мартыралёгу пры ТБМ, дык Мікола Крывальцэвіч адзначае падрыхтаваны сьпіс усіх памятных знакаў на месцах гібелі людзей, а такіх у Беларусі болей за 40, выдадзеныя ў архіве Мартыралёгу асобныя ўспаміны людзей, матэрыялы па Курапатах, шэраг публікацыяў і артыкулаў у самых розных зборніках, удзел у канфэрэнцыях. Нягледзячы на тое, што няшмат людзей цяпер займаецца справамі Мартыралёгу, ідэя суду над камунізмам падаецца Міколу Крывальцэвічу актуальнай”.

(Крывальцэвіч: ) ”Гэтая ідэя заўсёды была актуальная. Я думаю, што яна актуальнай застаецца й цяпер, і яе актуальнасьць ня страціцца і ў будучыні. Фармальна сам акт павінен адбыцца. Ён можа адбыцца ў любы час і ён будзе актуальным для нас, бо бяз гэтага проста рухацца далей нельга”.

(Соусь: ) “Адна з найбольш актыўных сяброў Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная была ўдзельніцай вядомага працэсу асуджэньня камунізму, які адбыўся ў Вільні”.

(Кляшторная: ) ”Беларусі было вельмі складана, бо іншыя краіны мелі канкрэтныя дакумэнты на канкрэтныя падзеі. А ў Беларусі… У нас ёсьць сьпісы забітых людзей па тых ці іншых рэгіёнах, але яны далёка ня поўныя. Працуюць асобныя людзі, напрыклад, гісторыкі з Акадэміі Навук высьветлілі гісторыю рэпрэсаваных археолягаў. Але я ня ўпэўненая, што гэта да канца ўсё раскрыта. У Саюзе пісьменьнікаў была суполка Мартыралёгу. Яны выявілі прозьвішчы тых пісьменьнікаў, якія былі расстраляныя 29-30 кастрычніка 1937 году. Але ж і да таго й пасьля таго меўся працяг гэтых рэпрэсіяў. Вось мы зараз адзначаем, што Хатынь ды іншыя вёскі згарэлі. А тое, што ўжо былі зьнішчаныя вёскі да вайны, таму што людзі ў іх былі проста забітыя, то гэта нідзе не падаецца”.

(Соусь: ) “Мая Кляшторная лічыць, што ў далейшым Мартыралёг павінен распаўсюджвацца на ўсю гісторыю Беларусі, але пакуль арганізацыя ўсё яшчэ займаецца пэрыядам сталінізму, бо дагэтуль няма даступу да архіваў КГБ”.

(Кляшторная: ) “Працяг павінен быць. Добраахвотна людзі павінны далучацца. Але самае галоўнае, трэба, каб на дзяржаўным узроўні Мартыралёг адраджаўся й рабіў сур’ёзныя справы. Дакумэнтацыі шмат, яе трэба зьбіраць, апрацоўваць. У мяне шмат матэрыялаў ёсьць, але нават апрацоўку іх цяжка рабіць, таму што ні кампутара, нічога няма, а ў гэтай справе трэба падключаць і тэхніку, і адкрываць свой музэй, які б зьбіраў інфармацыю, падаваў яе”.

(Соусь: ) “Мая Кляшторная сама больш за 18 гадоў правяла ў сталінскіх лягерах. Часам яе называюць кіраўніцай Мартыралёгу Беларусі. Мая Тодараўна гаворыць, што ёй не патрэбныя ніякія пасады, яна проста сумленна й пасьлядоўна робіць сваю справу, ушаноўваючы памяць ахвяраў рэпрэсіяў й складаючы сьпісы ахвяраў камунізму”.

(Дубавец: ) Лёс Мартыралёгу Беларусі – нібы адлюстраваньне ўсёй грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі. Узрушэньня, якое стваралі масавыя дэманстрацыі ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, сёньня няма, на зьмену эпічным паходам на Курапаты прыйшла кабінэтная праца асобных падзьвіжнікаў. Шмат хто адчувае расчараваньне ад такое перамены.

(Званок: ) “Суд над камунізмам у Беларусі пакуль ажыцьцявіць немагчыма, бо народ так атручаны камуністычнай ідэалёгіяй, што не пратэстуе супраць назваў вуліц, пасёлкаў і калгасаў, што ўвасабляюць камуністычны рэжым. Ленін і яго наступнікі па-зьверску зьнішчалі народ, а яго выявы дагэтуль узвышаюцца на пастамэнтах вуліц Беларусі. Хтосьці ня ведае, хтосьці лічыць, што выйшаў тэрмін даўнасьці, хтосьці яшчэ спадзяецца на вяртаньне камуністычнай улады, калі зноў можна будзе пісаць даносы, красьці і распраўляцца зь няўгоднымі людзьмі”.

(Званок: ) “Наконт суду над камуністычнай партыяй, павінна гэта было быць абавязкова. Але ўпушчаны быў момант. Трэба было гэта зрабіць напачатку 90-х гадоў”.

(Дубавец: ) Ёсьць такое меркаваньне, што іншыя постсавецкія краіны ўжо пераадолелі інэрцыю камунізму і праблема суду можа стаяць толькі ў Беларусі, як у самай у гэтым сэнсе адсталай. Насамрэч усё ня так проста. Мой калега журналіст Віталь Каракорскі сочыць за падзеямі ў Беларусі зь Літвы, для якой, на ягоную думку, гэтая праблема таксама актуальная. Як, зрэшты, і для Польшчы, і для Чэхіі, і для іншых краінаў рэгіёну.

(Каракорскі: ) “На маю думку, яна безумоўна актуальная, і па-рознаму актуальная. Для Беларусі – таму што тыя палітычныя працэсы, якія адбываюцца – гэта частка таго самага камунізму, стадыя пэўная. У Літве трохі інакш, і ў іншых краінах постсавецкай прасторы таксама па-рознаму. Камунізм – гэта найвялікшае злачынства ня толькі ў 20 ст., але ва ўсёй гісторыі людзтва. Сёньня, калі ахвяры і каты быццам бы за адным сталом, само пачуцьцё справядлівасьці страчанае ў гэтай супольнасьці постсавецкай – ці ў Беларусі, ці ў Літве, ці ў Грузіі, ці нават у Польшчы, Чэхіі. Не асуджана сама ідэалёгія”.

(Дубавец: ) Але ў Літве адбылася люстрацыя...

(Каракорскі: ) “Люстрацыя вельмі частковая. І яна датычыць толькі кадравых афіцэраў КГБ. Але савецкай намэнклятуры – ніякім чынам. І таму Бразаўскас спачатку прэзыдэнт і зараз прэм’ер...”

(Дубавец: ) У Літве адбыўся грамадзкі трыбунал – у 2000-м годзе ў Вільні... Праўда, усё гэта неяк прайшло...

(Каракорскі: ) “Калі гэта ня высілкі дзяржавы ці міжнародных арганізацыяў, дык тым і скончылася... Асудзілі, безумоўна. І нават пэўныя знакавыя фігуры прыяжджалі. Лех Валэнса, Сяргей Кавалёў... Ну і што?”

(Дубавец: ) Таго, што мы разумеем пад судом над камунізмам, ня здарылася. А ў якой у прынцыпе форме такі суд мог бы адбыцца? Пра гэта кажа яшчэ адзін удзельнік нашай сёньняшняй перадачы, аўтар кніг пра злачынствы сталінізму журналіст Аляксандар Лукашук.

(Лукашук: ) “У канцы 80-х – пачатку 90-х суд над камунізмам уяўляўся Нюрнбэргам – што цьвік ў вечка труны. Нябожчык, як высьветлілася, аказаўся нашмат больш жывы і жвавы. Суд не адбыўся і ў форме юрыдычнага працэсу наўрад ці адбудзецца. Гістарычны прысуд камунізму, як і фашызму, нацызму вынесены – будзем спадзявацца, канчаткова.

Але палітычна камунізм працягвае даваць моцныя рэцыдывы – і тут розныя прычыны. Адна – занадта мала гістарычнага часу мінула. Некалі Алесь Адамовіч мне казаў: усе стогнуць, вось разваліўся Савецкі Саюз і незалежнасьць, рынак, рэформы прыдушылі людзей. Насамрэч прыдушылі іх абломкі савецкай таталітаранай сыстэмы, яны з-пад іх ніяк ня выкараскаюцца.

Але вось жа ў зруйнаванай пасьляваеннай Нямеччыне ні палітыкі, ні народ не вінавацілі ў сваіх цяжкасьцях саюзьнікаў – на фашызьме і нацызьме стаяла юрыдычнае і маральнае кляймо Нюрнбэргу. Такога агульначалавечага кляйма на камунізьме няма – і палітычныя партыі не саромеюцца называць сябе гэтым імем ня толькі ў Беларусі ці Расеі, але і ў Чэхіі, Славакіі, Баўгарыі, а таксама ў Кітаі, Віетнаме, на Кубе. Няма, як кажуць, кансэнсусу – у падручніках, энцыкляпэдыях, помніках.

Тут у Празе гадоў сем таму мы абмяркоўвалі зь Зянонам Пазьняком праблему суду над камунізмам, якраз пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму, які прымусіў Беларусь рачкаваць у савецкі час. Вось тады ў гутарцы нарадзілася іншая ідэя – аўтарытэтны вырак можа вынесьці ААН – прыняць адмысловую рэзалюцыю, у якой даць ацэнку гэтай зьяве. Меркавалася, што ўключыць у парадак дня такое пытаньне дапамогуць прэзыдэнты-антыкамуністы – Лех Валэнса, Вацлаў Гавал, Ландсбергіс, магчыма, Барыс Ельцын.

Пакуль не ўдалося. Усё ж ААН, на мой погляд, самы верагодны форум для асуджэньня фундамэнталізму, які дае права на забойства іншадумцаў”.

(Дубавец: ) Аляксандар Лукашук кажа, што палітычныя партыі не саромеюцца і сёньня называць сябе камуністычнымі. З аднаго боку таму, што на камунізме няма агульначалавечага нюрнбэрскага кляйма. Зь іншага, існуе стэрэатып розных камуністаў – дрэнных і добрых. Напрыклад, у Францыі існуе кампартыя, але яна ня мела злачыннае практыкі. У сучаснай Літве кампартыя забароненая. Але, на думку майго суразмоўцы Віталя Каракорскага, і тут ня ўсё так адназначна.

(Каракорскі: ) “Французы напэўна не зразумеюць, чаму патрэбны суд над камунізмам. Але мы, якія тут жылі і ведаем, што можна было чытаць, слухаць і думаць і што будзе, калі ты будзеш гэта чытаць, слухаць і думаць... А тым больш нашыя бацькі, якія сталінскі яшчэ тэрор памятаюць... Дык вось мы і адрозьніваемся ад гэтых французаў, італьянцаў, якія цалкам інакш жылі і таму нас не разумеюць. І гэта адна з прычынаў, чаму гэты суд не адбываецца – Захад не разумее, чаму ён патрэбны”.

(Дубавец: ) Словам, няма разуменьня звонку і няма шырокага народнага разуменьня знутры. На самым паспалітым узроўні дагэтуль бытуе ўяўленьне пра камунізм як пра нейкую чыстую ідэю ўсеагульнага шчасьця. Маўляў, маральны кодэкс будаўніка камунізму – гэта амаль тое самае, што дзесяць прыказаньняў хрысьціянства. Вось што кажа пра гэта слухач нашага радыё:

(Званок: ) “Суд над камунізмам – гэта раўнасільна што суд над Богам. Бо камунізм і Ісус Хрыстос па Бібліі – гэта адно і тое. Другое дзела, што камуністы рэлігіі не шанавалі – гэта другое дзела. А то што камунізм і божая запаведзь – гэта адно і тое... Ні ў якім разе нельга камунізм судзіць”.

(Дубавец: ) Першародная чысьціня камуністычнай ідэі – гэта, можа быць, самая вялікая аблуда, якая не дазваляе чалавеку зьвязаць у адно камунізм як пэўную сьветлую фікцыю і камунізм як злачынную практыку.

(Каракорскі: ) “Па-першае, гэта ідэя цалкам утапічная, таму яна злачынная як ідэя. Утопію немагчыма ажыцьцяўляць, бо гэта супярэчыць чалавечай натуры. Узяць усё адабраць у багатых і аддаць бедным – вось і ўся ідэя. Ідэя, якая не паважае ўласнасьці як асновы чалавечае годнасьці. Свабоду чалавека не паважае. Вось і ўся ідэя, злачынная ідэя”.

(Дубавец: ) Ленін сьледам за Марксам любіў паўтараць, што крытэр тэорыі – практыка. А ў згаданай нашым слухачом Бібліі сказана, што не паводле казачных ідэяў трэба меркаваць пра іх носьбітаў. Маўляў, “па плёнах пазнаеце іх”. Інакш кажучы, тэорыі тэорыямі, а “плёны” камунізму – навідавоку.

(Званок: ) “Суд над камуністамі абавязкова павінен быць. Авантурысты пад кіраўніцтвам Леніна на нямецкія грошы зрабілі ў 1917 годзе пераварот. Скінулі прагнілую ўладу, разьвязалі грамадзянскую вайну. Потым Сталін працягваў крывавую справу – раскулачваньне, пошук і зьнішчэньне “ворагаў народу”. У выніку эліта народаў Саюзу была зьнішчаная. Пабрацім Сталіна Гітлер выкарыстаў гэта і напаў на Савецкі Саюз. Як і прадказваў наш зямляк Дастаеўскі, экспэрымэнты камуністаў абышліся народам Расейскай імпэрыі каля ста мільёнаў жыцьцяў. Для маральнага ачышчэньня нацыі суд над камуністамі абавязкова павінен быць. Жыве Беларусь! Ваенны пэнсіянэр Кавалёў, горад Асіповічы”.

(Дубавец: ) Менавіта суд над камунізмам і мусіў разбурыць гэтую дваістасьць – маўляў, сам сабою камунізм добры, гэта толькі справы ягоныя злачынныя.

Цяпер – пра самае, можа быць, істотнае ў тэме сёньняшняе перадачы. Пра яшчэ адзін стэрэатып паспалітае сьвядомасьці, але ўжо чыста беларускі. У нас дагэтуль ад людзей пажылага веку нярэдка пачуеш, што без рэвалюцыі 1917 году Беларусі б не было, а мы ўсе хадзілі б, як той казаў, без штаноў ды жылі ледзьве не ў зямлянках. Словам, лапці і калтун – вось якая была б наша доля.
Каб паверыць у гэта, трэба добра абстрагавацца ад уласнага месца знаходжаньня ў самым цэнтры Эропы і ад часу – пачатку 21 стагодзьдзя. Менавіта абстрагавацца ад гэтага нам дапамагае сыстэма адукацыі і так званая дзяржаўная ідэалёгія. Іх ключавая думка, якая мусіць трапляць у самыя сэрцы людзей: без кастрычніцкай рэвалюцыі беларусаў не было б як нацыі.

Думка ня новая. У прыватнасьці, уся беларуская савецкая літаратура і гістарычная навука культывавалі гэты вобраз нацыі, народжанай вялікім кастрычнікам і, само сабой, камунізмам. Усе, хто з гэтым быў нязгодны, зьнішчаліся фізычна. У выніку беларусы сталі адзінай у сваім рэгіёне нацыяй, у якой стрыжнем нацыянальнай ідэі на афіцыйным і даволі шырокім народным узроўні застаецца камунізм. Рыторыка цяперашніх уладаў і іх чапляньне за помнікі бальшавіцкіх правадыроў ды юбілеі камсамолу, за савецкую атрыбутыку – пры ўсёй недарэчнасьці такой палітыкі пасярод сучаснага сьвету – лішні раз пацьвярджае такую выснову.

Натуральна пачалося гэта ня сёньня, а яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя, калі ў нашым рэгіёне толькі паўставалі нацыянальныя ідэалёгіі. За тое, каб стаць стрыжнем гэтай ідэалёгіі, і ў нас і ў тых жа літоўцаў змагаліся два пачаткі: нацыянальная дзяржаўнасьць і ідэя сацыяльнага ператварэньня сьвету. Ужо ў 20-я гады ў літоўцаў перамагла дзяржаўнасьць, а ў нас – барацьба працягвалася. У савецкай Беларусі бальшавікі рэпрэсавалі нацдэмаў, а ў Заходняй Беларусі, якая апынулася пад акупацыяй буржуазнай Польшчы, нацыянальны рух камунізаваўся – і аб’ектыўна, бо быў апазыцыйным, і суб’ектыўна, бо існаваў на маскоўскія грошы. Словы беларус і бальшавік рабіліся сынонімамі. Сотні тысяч беларусаў не бальшавікоў патрапілі ў Курапаты і ў сыбірскую катаргу. У выніку ў 30-я гады стрыжнем беларускай нацыянальнай ідэі быў усталяваны камунізм.

Падобны працэс у Эўропе адбыўся яшчэ ў адной нацыі. У немцаў. Стрыжнем нямецкай нацыянальнай ідэі быў усталяваны нацыянал-сацыялізм.

(Званок: ) “Валеры Каралёў, Мёры. Для Беларусі па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема суду над камунізмам як палітычнай сыстэмай, эканамічнай мадэльлю і выкрыцьцё камунізму як злачыннай фашысцкай ідэі. У 1934 годзе ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Іван Паўлаў у лісьце да ўраду СССР вызначыў: Вы сееце не рэвалюцыю, а фашызм. Да вашай рэвалюцыі фашызму не было. Другі Нобэлеўскі ляўрэат Леў Давыдавіч Ландаў вызначыў: Тое, што Ленін быў першым фашыстам – гэта ясна. Як фашызм, так і камунізм – толькі два бакі адной зьявы – таталітарызму”.

(Званок: ) “Фашызм і камунізм – гэта блізьняты. Фашызм быў асуджаны, а камунізм – не. Безумоўна патрэбны міжнародны працэс, на якім будзе асуджаны камунізм і ягоны карны крывавы орган КГБ, на рахунку якога мільёны па-зьверску замучаных, забітых людзей. І меў рацыю вядомы расейскі палітык і бізнэсовец Канстанцін Баравой, калі казаў, што ў Прыбалтыцы судзяць не вэтэранаў вайны, як нам падае расейская тэлевізія, а судзяць камуністычных злачынцаў, якія па-зьверску забівалі мірных людзей. А сапраўдным вэтэранам вайны заўсёды будзе вечная памяць і пашана”.

(Дубавец: ) Што адбылося пасьля вайны? Нюрнбэрскі працэс, які для нямецкае нацыі стаў працэсам хірургічным. На месца нацыянал-сацыялісцкага стрыжня ў нямецкую сьвядомасьць быў ужыўлены стрыжань пакаяньня. Кожны немец адчуў сябе асабіста вінаватым. І тая вінаватасьць перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Можна безь перабольшаньня сказаць, што ніхто так не асуджаў немцаў, як яны асуджалі сябе самі. Гэта і было праўдзівае пакаяньне, якое адначасова вызваліла, ачысьціла душу, дазволіла з галавой заняцца сваёй краінай – абноўленай Нямеччынай.

У беларусаў замест Нюрнбэрга і пакаяньня засталіся сотні расстрэльных ямаў НКВД па ўсёй краіне, стагнацыя і крыўда на немцаў, маўляў, мы, пераможцы, жывем горш за пераможаных. Беларусы ахвотна эмігруюць у Нямеччыну, адваротнага працэсу няма і ня можа быць. Беларусы, нават тыя, што прымаюць ідэю суду над камунізмам, часьцяком рашуча адмаўляюць ідэю пакаяньня. А перад кім гэта і за што мы павінны каяцца? Ды не перад кім. Перад кім каяліся немцы? Гаворка ідзе пра хірургічны працэс – пра замену таго стрыжня нацыянальнае тоеснасьці – камунізму – які замінае нам жыць ня горш за пераможаных. У гэтым сэнсе беларусам, можа быць, як нікому патрэбны суд над камунізмам, другі Нюрнбэрг. У Беларусі, як нідзе, складаюцца сёньня перадумовы для такога суду. Вяртаньне савецкіх парадкаў, рэпрэсіі людзей за іхныя палітычныя перакананьні, непавага да прыватнае ўласнасьці і свабоды слова.

(Каракорскі: ) “У Беларусі такі міт створаны і вельмі моцна сядзіць. У такім выпадку гэта павінна быць воля палітычнай эліты, якая разумее, што ня можа камуністычная ідэя быць стрыжнем нацыі як такой. На маю думку, у Беларусі, калі яна стане дэмакратычнай краінай, будзе добры шанец. Які быў у Літве ў 91-м годзе, і які Літва страціла. На жаль. Будзе шанец, таму што гэта вось толькі-толькі скончылася і трэба пачынаць... Я ўсё ж такі спадзяюся, што найвялікшае злачынства ў гісторыі чалавецтва сваю ацэнку знойдзе. Юрыдычную. Калі няма гэтай ацэнкі, тады магчымыя ў будучыні якія хочаш злачынствы”.

(Званок: ) “Суд над камуністычным рэжымам адбудзецца абавязкова. Наведайце Курапаты, паглядзіце на вялікія яміны-магілы, дзе ляжаць амаль 250 тысяч забітых без суду людзей. У нармальным грамадзтве такое не забываецца ніколі. У Нюрнбэргу адбыўся суд над фашыстамі. У Менску адбудзецца суд над камунізмам”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.