кніга |
Вацлаў Чэрны
|
Частка пятая „Але калi славянскiя народы… будуць вызвалены з-пад ярма… i зажывуць новым, свабодным i, магчыма, самастойным жыцьцём, тады, на маё глыбокае перакананьне, пэўнае i непахiснае, ня будзе мець Расея, i нiколi яшчэ ня мела, большых ненавiсьнiкаў, зайздросьнiкаў, паклёпнiкаў, нават яўных ворагаў, нiж усе гэтыя славянскiя народы, варта iх толькi Расеi вызвалiць, а Эўропе наважыцца за вызваленыя прызнаць. I не пярэчце мне, не адмаўляйце i не крычыце, што я перабольшваю цi што я ненавiсьнiк славянаў! Наадварот, я вельмi люблю славянаў, але я ня буду нават абараняцца, бо ведаю, што ўсё здарыцца менавiта так, як я кажу… Славяне, калi будуць вызваленыя, пачнуць сваё новае жыцьцё — паўтараю — менавiта з таго, што выпрасяць ад Эўропы, напрыклад, ад Ангельшчыны i Нямеччыны, гарантыю абароны сваёй свабоды, i хай у канцэрце эўрапейскiх дзяржаваў будзе й Расея, усё ж славяне гэтак учыняць толькi дзеля абароны ад Расеi. Славяне пачнуць сваё новае жыцьцё, без усякага сумневу, з таго, што ў думках — а можа i ўголас! — скажуць сабе (i будуць у тым перакананыя), што яны не абавязаныя Расеi анi найменшай падзякi, наадварот, што пры заключэньнi мiру яны ледзь уратавалiся ад уладалюбнасьцi Расеi дзякуючы ўступленьню эўрапейскага канцэрту, i што — не ўступiся Эўропа — Расея, вызвалiўшы iх ад туркаў, адразу б iх праглынула, „каб пашырыць свае межы i заснаваць вялiкую ўсеславянскую iмпэрыю, падначалiўшы славянаў хцiваму, падступнаму i барбарскаму народу вялiкарускаму“. Доўга, о, доўга яшчэ славяне ня будуць у стане прызнаць бескарысьлiвасьць Расеi i яе ўзьнёслую, сьвятую, нечуваную ў сьвеце вайну за перамогу найузьнёсьлейшай з усiх думак, якiмi жывы чалавек i безь якiх чалавецтва, калi думкi тыя перастаюць у iм жыць, марнее i памiрае, пакрытае ранамi i зьнясiленае. Дапрыкладу, цi зразумелi нарэшце славяне цяперашнюю ўсенародную вайну расейскую, вайну нашага народу расейскага i цара яго, узьнятую супраць вырадкаў чалавецтва за вызваленьне няшчасных народаў? Як вы думаеце? Але ня буду казаць пра цяпершчыну; цяпер мы славянам яшчэ патрэбныя, бо мы iх вызваляем, аднак потым, калi мы iх вызвалiм i яны ў сябе больш-менш уладкуюцца, — цi прызнаюць яны тады вайну гэтую за вялiкi чын, ажыцьцёўлены дзеля iхнага вызваленьня?.. Не, не прызнаюць нi за што на сьвеце!.. Яшчэ цэлых сто год, а можа i больш, будуць славяне безупынна трэсьцiся за свабоду сваю i баяцца расейскае ўладалюбнасьцi; будуць лашчыцца да эўрапейскiх дзяржаваў, будуць лаяць Расею, паклёпнiчаць на яе i строiць супраць яе падкопы… усё наступнае стагодзьдзе, вiдаць, будзе Расея змагацца з абмежаванасьцю i ўпартасьцю славянаў, зь iх дурнымi звычкамi, зь iх беспахiбнай i блiзкай здрадай, якую тыя ўчыняць славянскай справе дзеля эўрапейскiх формаў палiтычнага i сацыяльнага ўладкаваньня, да якiх яны прагна пацягнуцца…“ Ф.М.Дастаеўскi, 1877 г. Панславiзм i саветызм Вось жа, прадказаньне амаль генiяльнае! (N’en voilа-t-il pas une…)48 Нас, славянаў, Дастаеўскi сапраўды ведае добра, гэта варта адзначыць! Але, магчыма, гэта толькi праз тое, што ён ведае натуру чалавечую ўвогуле. А што калi гэта, наадварот, праз тое, што яшчэ лепей, чым натуру славянаў, ён ведае праўдзiвую натуру расейскай палiтычнай улады? Бо хоць i зьдзiўляе беспамылковае прадказаньне, што „вызваленыя“ славяне сваiх расейскiх вызвольнiкаў жорстка аблаюць i будуць дзейнiчаць супраць iх разам з „Эўропай“, але калi гэтае абвiнавачаньне a priori49 мае цаляць у самы цэнтар i несьцi ў сабе апраўдальны сэнс, яно мусiць увадначас прыносiць i доказ, што славянскiя „намовы“ будуць iлжывымi i неправамоцнымi. Гэта Дастаеўскi адчувае надзвычай добра (i надзвычай добра ведае магчымыя прычыны славянскiх нараканьняў), таму ў зьвязку з абвiнавачаньнем у сваiм артыкуле „Досыць асаблiвае слоўца пра славянаў, якое я даўно ўжо хацеў сказаць“ ён дае Расеi параду, якую мы ня можам з кантэксту выдалiць: „Па-першае, Расея… ня будзе нават думаць пра тое — i нiколi такога ня здарыцца, — каб за кошт славянаў пашырыць сваю тэрыторыю, далучыць iх да сябе палiтычна, зрабiць зь iхных земляў расейскiя губэрнi i г.д. Усе славяне, як i ўся Эўропа, яшчэ й цяпер падазраюць Расею, што яна да гэтага ймкнецца, i будуць яе ў гэтым падазраваць яшчэ цэлых сто год. Але баранi Бог Расею ад гэтых памкненьняў! Чым больш чыстае палiтычнае бескарысьлiвасьцi выкажа Расея што да славянаў, тым хутчэй ёй удасца злучыць iх вакол сябе — пазьней, праз гады, праз сто год. I наадварот, калi Расея адразу ж славянам дасьць як мага больш палiтычнай свабоды i адмовiцца ад усякага апякунства й прызору над iмi, паабяцаўшы, што заўжды аголiць меч супраць тых, хто зробiць замах на свабоду i народнасьць славянаў, тады Расея пазбудзецца надзвычайных намаганьняў i клопатаў, якiя б узьнiклi, калi б яна хацела ўтрымлiваць гвалтам гэтае апякунства над славянамi i свой палiтычны на iх уплыў, але ўвадначас яна, безумоўна, выклiкала б да сябе ў славянаў нянавiсьць, а ў Эўропы пастаяннае падазрэньне. Вось жа, варта Расеi выказаць поўную бескарысьлiвасьць, i яна падначалiць сабе славянаў i ўрэшце iх да сябе прывабiць; спачатку яны прыбягуць да яе ў бядзе, але потым канчаткова ўсе да яе вернуцца i прыгорнуцца, ужо з поўным, дзiцячым даверам. Усе вернуцца ў роднае гняздо“. |
Як бы там нi было, перад намi нядаўнi наш лёс ставiць пытаньне стасункаў панславiзму i саветызму цi савецкага панславiзму! |
Якое багатае ўяўленьне трэба мець, каб заснаваць нейкi адменьнiк славiзму на падмурку марксiзму — афiцыйнай iдэалёгii Саветаў! Iншымi словамi, злучыць агонь i ваду. Гэта прадпрыемства, вартае бiзантыйскага мысьленьня. Бо погляды Карла Маркса на славянаў вядомыя. Пра нацыянальныя памкненьнi славянаў ён выказваецца ўжо ў кнiзе „Рэвалюцыя i контрарэвалюцыя ў Нямеччыне 1848 г.“ (пiсанай у 1851-1852 гадох): „Спробы славянаў аднавiць у Нямеччыне [разумей: у iмпэрыi, то бок перадусiм у Аўстрыi] сваё незалежнае нацыянальнае iснаваньне пакуль што i, праўдападобна, назаўжды скончылiся. Параскiданыя рэшткi шматлiкiх народаў, чыя народнасьць i палiтычная жыцьцяздольнасьць даўно адумерлi i якiя тысячу год былi змушаны крочыць па сьлядах мацнейшага [разумей: нямецкага], перамогшага iх, народу; <…> народы гэтыя, якiя ўжа мала ня вымерлi, — чэхi, славяне карынцкiя, далмацкiя i г.д. — паспрабавалi скарыстацца ўсеагульным бязладзьдзем 1848 г., каб аднавiць свой палiтычны status quo тысячагадовае даўнасьцi. Гiсторыя аднаго тысячагодзьдзя мела iх навучыць, што такi крок назад немагчымы, а той факт, што ўся тэрыторыя на ўсход ад Эльбы i Заале была калiсьцi занятая роднаснымi славянскiмi плямёнамi, папросту даказвае гiстарычную тэндэнцыю i ўвадначас фiзычную i iнтэлектуальную здатнасьць нямецкага народу падначалiць сабе, паглынуць i асымiляваць сваiх былых усходнiх суседзяў. Гэтая паглынальная тэндэнцыя з боку немцаў заўсёды была i ўсё яшчэ ёсьць адным з наймагутнейшых сродкаў, якiмi цывiлiзацыя заходняй Эўропы пашыралася на ўсходзе нашага кантынэнту; яна можа спынiцца толькi тады, калi германiзацыйны працэс дасягне межаў вялiкiх, згуртаваных i неразьяднаных народаў, здатных для незалежнага нацыянальнага жыцьця, якiмi ёсьць мадзяры i, у пэўнай ступенi, палякi. Такiм чынам, народам гэтым, ад якiх ужо мала што засталося, не выпадае нiчога iншага, як прыняць натуральны i немiнучы свой лёс, то бок даць скончыцца працэсу iх раскладаньня i паглынаньня мацнейшымi суседзьмi. <…> Здраднiкi народнай справе — абаронцы й стаўпы зламыснай аўстрыйскай палiтыкi — самi сябе ў вачох усiх рэвалюцыйных народаў паставiлi па-за законам. <…> Нiколi ня будзе забыта, што ў Празе, напаўнямецкiм горадзе, натоўпы славянскiх фанатыкаў захоплена крычалi: „Лепей расейскую пугу, чым нямецкую свабоду!“ Па iх першым, хутка згаслым, намаганьнi 1848 г. i па навуцы, якую дала iм аўстрыйская ўлада, непраўдападобна, што пры пазьнейшай аказii будзе зроблена наступная спроба. А калi б яны зноў усё ж паспрабавалi на падобных падставах злучыцца з антырэвалюцыйнымi сiламi — абавязак Нямеччыны ясны. Нiводная краiна ў стане рэвалюцыi, якая ўвадначас змагаецца супраць замежнага ворага, ня можа стрываць Вандэю ў самым сваiм сэрцы!“ Гэтая старонка — сапраўдная сымфонiя расавай нянавiсьцi, гiстарычнага фальшаваньня i журналiсцкага скандалiзаваньня. Яе сутаргавую, квазiпатэтычную гратэскнасьць утаймоўвае толькi нюанс сапраўднае комiкi, якой яна афарбоўваецца, калi мы зiрнем на рэальны развой пазьнейшай гiсторыi, гэтак кепска разабраны i прадказаны заснавальнiкам „гiстарычнага“ матэрыялiзму. Словы пра „фiзычную i iнтэлектуальную здатнасьць нямецкага народу падначалiць сабе, паглынуць i асымiляваць сваiх былых [!] усходнiх суседзяў“ <…> ды пра тое, што славянскiм народам „натуральна i немiнуча“ не застаецца нiчога iншага, як, дзеля ўласнага выратаваньня, „даць скончыцца працэсу iх раскладаньня i паглынаньня мацнейшымi суседзьмi“, вельмi нагадваюць Гiтлеравы тэорыi нямецкага Lebensraum’у. <…> Т.Г.Масарык гаворыць (у „Пытаньнi сацыяльным“, 1898 г.), што Маркс i Энгельс справаў славянскiх зусiм не разумеюць, славянскае пытаньне атаясамлiваюць з панславiзмам i ацэньваюць народы спрошчана, выключна „паводле ступенi iхнай рэвалюцыйнасьцi“; Маркса да гэтага, апрача ўсяго iншага, вядуць i „антыпатыi чыста асабiстыя“, найперш яго даўняя нянавiсьць да славянiна Бакунiна. <…> Расею, як галоўную апору эўрапейскай рэакцыi, ён ненавiдзiць. Да палякаў ён мае сымпатыi, зважаючы на iхную рэвалюцыйнасьць. Пра чэхаў i балканскiх славянаў гаворыць з дробязнай перадузятасьцю, а часта й нянавiсьцю пангерманiста, нават не даючы сабе клопату паспрабаваць адрозьнiць дэмакратычны славiзм Палацкага i iмпэрскi панрусiзм маскоўскi, хоць i iдзецца пра канцэпцыi зусiм процiлеглыя. <…> Як бы там нi было, робiцца вiдавочна, што марксiзм i панславiзм адзiн аднаго выключаюць; i ня мае значэньня, што Марксавы вучнi шчыра iмкнулiся выправiць — асаблiва ў дачыненьнi да расейцаў i чэхаў — Марксавы нянавiдныя памылкi i пазбавiць вастрынi ягоны антыславiзм (К.Каўцкi, Адлер i iнш.). Савецкi марксiзм ня можа паладзiць з панславiзмам анi ў якiм сваiм выглядзе, i савецкая палiтыка гэтую аксыёму ад пачатку толькi пацьвярджала, варта згадаць хоць бы тое, што ўласную рэвалюцыю яна доўга i ўпарта разумела адно як „пралёгавую“ да рэвалюцыi нямецкай, адзiна вырашальнай у Эўропе, або тое, якую пазыцыю яна займала (а ў 1940 г. i паводзiла сябе) у дачыненьнi да Польшчы цi да нацыянальнага i дзяржаўнага адзiнства чэхаў ды славакаў. Польшча, Чэхаславакiя, дый Югаславiя, на працягу двух дзесяцiгодзьдзяў для афiцыйнай савецкай палiтыкi былi толькi „вязьнiцамi прыгнечаных неславянскiх народаў“, якiя пераможная пралетарская рэвалюцыя павiнная разбурыць; гэтаксама выглядала й пазыцыя камунiстычных партыяў у самiх гэтых дзяржавах. Малым славянскiм (i неславянскiм) народам не было чаго спадзявацца ад маскоўскай палiтыкi, чый хвалёны нацыянальны рэжым можна каротка выказаць формулай, вынайдзенай Дзюранам: „Accorder aux nationalitйs tout ce qui est opportun, exceptй le pouvoir“51. Гэтае „tout ce qui est opportun“ рэзюмуецца проста: бясшкодны фальклёр. Рэальная ўлада застаецца манаполiяй iнтэрнацыянальнай рэвалюцыйнай партыi — у гэтым уся сутнасьць рашэньня. Яно было прынятае на самым пачатку рэвалюцыi, на VIII зьезьдзе бальшавiцкае партыi, у сакавiку 1919 г. Зьезд разважыў так: „Украiна, Латвiя, Лiтва i Беларусь ёсьць на сёньняшнi дзень асобнымi савецкiмi рэспублiкамi. Гэтым пакуль вырашаецца пытаньне формаў адмiнiстратыўнага жыцьця. Але гэта нi ў якiм разе ня значыць, што i расейская камунiстычная партыя адначасова мусiць рэарганiзавацца ў фэдэрацыю самастойных камунiстычных партыяў. VIII зьезд партыi пастанаўляе: неабходна, каб была адзiная цэнтралiзаваная камунiстычная партыя з адным цэнтральным камiтэтам, што мае кiраваць усёй працай партыi ва ўсiх частках РСФСР. Усе рашэньнi расейскай камунiстычнай партыi i яе кiраўнiчых органаў без выключэньняў абавязковыя для ўсiх частак партыi незалежна ад iх нацыянальнага складу…“ Абсалютна вiдавочна, што сыстэма будзе дазаваць i камбiнаваць фэдэралiзм нацыянальны з найжорсткiм цэнтралiзмам адзiнае партыi, партыi мiжнароднага камунiзму, выключна якой належыць фактычная ўлада. |
|
„Пытаньне, — гаворыць Эдвард Бэнэш, — вядома, усё ж застаецца: цi ня вернецца па вайне расейская камунiстычная партыя, а пад ейным уплывам i Савецкi саюз, да чыстай камунiстычнай дактрыны i цi не застанецца ў вынiку гэтага яе славянства часоў вайны адно звычайнаю тактыкай? З гэтым, як адной з мажлiвасьцяў, трэба лiчыцца, бо нельга забыцца на два iстотныя i прынцыповыя элемэнты камунiстычнай дактрыны, якiя будуць абумоўлiваць практычную палiтыку Савецкага саюзу, калi тэарэтычным арыенцiрам для ягонай практычнай палiтыкi i надалей застанецца камунiстычная тэорыя: а) Зыходзячы з прынцыпаў марксiсцка-ленiнскай фiлязофска-гiстарычнай матэрыялiстычнай канцэпцыi, камунiстычная партыя ставiць па-над усiмi астатнiмi iдэалёгiямi праблемы сацыяльна-эканамiчныя, а значыць, яна заўжды будзе ставiць iнтарэсы сацыяльна-эканамiчныя па-над усiмi iнтарэсамi нацыянальнымi i славянскiмi, якiмi пры неабходнасьцi можна ахвяраваць iнтарэсам сацыяльна-палiтычным. б) Зыходзячы з рэлятывiсцкай канцэпцыi грамадзкай духоўнасьцi i маралi ўвогуле (вынiку свайго фiлязофска-гiстарычнага матэрыялiзму), камунiстычная тэорыя i практыка за найвышэйшую сацыяльную вартасьць уважае камунiстычны рэжым грамадзянскi i дзяржаўны; гэты рэжым, такiм чынам, для кожнай маральнай канцэпцыi ёсьць найвышэйшым крытэрам, паводле якога ацэньваецца практычны прагрэс кожнага чалавека ў сваiм прыватным i грамадзкiм жыцьцi. Значыць, гэтаму крытэру будзе падпарадкоўвацца i ўсякая нацыянальная i славянская iдэалёгiя… У такiм разе, аднак, для спрыяльнага разгортваньня гэтага прагрэсу ў… народаў славянскiх адразу ж зьяўляюцца дзьве перашкоды: а) Як заўсёды ў мiнуўшчыне пры дыскусii пра славянскую палiтыку, так i сёньня малыя дзяржавы славянскiя — а разам зь iмi i амаль усе неславянскiя — пытаюцца, цi ня значыць, урэшце, савецкi славянскi рух распушчэньня малых славянскiх дзяржаваў у вялiкiм саюзе дзяржаваў савецкiх. Цяпер супраць такога вынiку новага славянства выступае пераважная бальшыня насельнiцтва адпаведных славянскiх дзяржаваў i прынамсi гэтак жа рашуча ўся астатняя Эўропа i астатнi сьвет; б) Гэтаксама, як у мiнуўшчыне пад сьцягам славянскай палiтыкi iшлося пра расейскi мэсiянiзм правы, цяпер бы iшлося пра расейскi (савецкi) мэсiянiзм левы. Не сакрэт, што ўсе славянскiя мэсiянiзмы, якiя дагэтуль ужо iснавалi (мэсiянiзм Колараў, мэсiянiзм польскi, мэсiянiзм славянафiльскi) i мелi за мэту вышэйшую ступень нейкай славянскай культурнае i палiтычнае лучнасьцi, славянаў расчаравалi. Вiдавочна, ня меў бы посьпеху i славянскi мэсiянiзм камунiстычны, калi б ён ставiў перад сабой тыя дзьве мэты, якiя яму прыпiсваюць ягоныя супрацiўнiкi з вышэйпрыведзеных асьцярогаў (то бок паглынаньня дзяржаваў славянскiх Савецкiм саюзам i камунiзацыi славянскiх народаў паводле савецкага ўзору). |
а) Носьбiты новага славянскага руху ў Савецкiм саюзе i афiцыйная савецкая палiтыка (пры ўмове, што яна руху будзе адпавядаць), калi яны сапраўды iмкнуцца да таго, каб новае славянства падтрымаць, пашырыць i ўтрымаць навечна, мусяць паказаць астатнiм малым дзяржавам славянскiм, што новае славянства нiякiм чынам не пагражае i ня будзе пагражаць iх дзяржаўнай незалежнасьцi… б) Камунiсты, якiя новы славянскi рух прымаюць, прапагандуюць i падтрымлiваюць, павiнныя паказаць, што гэтая iхная чыннасьць цалкам незалежная ад iх унутранай палiтычнай i сацыяльнай дактрыны, што яна ня мае нiякiх беспасярэдне агiтацыйных унутраных мэтаў у асяродзьдзi свайго народу, што ня йдзецца пра камунiзацыю iншых народаў славянскiх, цi, iнакш кажучы, яны мусяць iмкнуцца да таго, каб г.зв. новая народная i дэмакратычная славянская палiтыка сапраўды была для самой сябе мэтай, у тым лiку i з гледзiшча мiжнароднага, i нi ў якiм разе ня сродкам цi прыладай для ўнутрыпалiтычных мэтаў адной палiтычнае партыi“. <…> На працягу ўсёй вайны i па вяртаньнi дадому доктар Эдвард Бэнэш пiльна i клапатлiва займаўся праблемай стасункаў Усходу i Захаду, Саветаў i сьвету, дэмакратыi i камунiзму. Для яго было ясна, што абодва бакi i па вайне мусяць працягваць рух па лiнii супрацоўнiцтва, запачаткаваны ў змаганьнi. „Я сам, — кажа ён, — на ўсе пытаньнi што да сёньняшняй агульнае мiжнароднае сытуацыi адказваю цалкам адназначна: я лiчу, што мiрнае супрацоўнiцтва абодвух бакоў магчымае i што яно слушнае i патрэбнае, каб — гэтаксама, як i ў вайну, — i сёньня абедзьве сыстэмы згодна маглi супрацоўнiчаць i талераваць адна да адной“. А крыху вышэй: „Урэшце, сам Савецкi саюз ад часоў свайго заснаваньня iстотна зьмянiўся, i змушаны будзе зьмяняцца i надалей. Бо й для Савецкага саюзу галоўным пытаньнем станецца пытаньне пра шлях, якiм яму трэба iсьцi далей, каб цьвёрда ўтрымацца на сваiх новых сусьветных пазыцыях. Натуральна, што ад iншых у крытыцы свайго рэжыму ды мэтадаў ён патрабуе разуменьня i талерантнасьцi. Аднак гэтак жа натуральна, што ў сваёй крытыцы iншых рэжымаў ды мэтадаў ён таксама мусiць праявiць тое самае разуменьне i тую самую талерантнасьць. Поўнае i канчатковае прызнаньне й рэспэкт прынцыпу, што кожная свабодная дзяржава мае iсьцi шляхам, якi яе найбольш здавальняе, ёсьць неабходнай умовай усякага мiрнага супрацоўнiцтва ў сьвеце. Iнакш увесь развой зноў прывядзе да вайны, прытым да вайны страшнейшай, чым была апошняя. Хочам мы таго цi ня хочам?“ |
|
|
|
48 N’en voilа-t-il pas une — акрамя таго, што яно ня надта пасуе (фр.).
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |