Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

славянская ідэя


Вук Драшкавiч
Нож

Вук Драшкавiч (нар. 1946) — з адукацыi юрыст, пасьля журналiст, пiсьменьнiк-дысыдэнт. Цяпер лiдэр памяркоўна-нацыяналiстычнай апазыцыi, Сэрбскага Руху Аднаўленьня. Перад вамi першы разьдзел яго раману „Нож" (1982), эпiчны зачын твору. Далей дзея разьвiваецца ўжо праз шмат гадоў, у сацыялiстычнай Югаславii. Галоўны герой, басьняк-мусульманiн Алiя Асманавiч праходзiць доўгi шлях да самапазнаньня, то бо ўсьведамленьня сваёй сэрбскасьцi. Раман трохi падобны да памфлету з эмацыйным пералiчэньнем „гiстарычных крыўдаў" i „крыўдзiцеляў" сэрбскага народу. Для многiх сэрбаў гэты мастацкi твор стаў „гiстарычным" падмацаваньнем права на зьвядзеньне рахункаў з суседзямi, моцна паспрыяўшы ўздыму шавiнiзму. Дабро ў рамане, безумоўна, толькi на адным баку, а ўсё зло сканцэнтравана на другiм. Наратар iснуе ў мiталягiчнай прасторы герояў сэрбскага гiстарычнага эпасу. Час спынiўся — там заўсёды прысутнiчае Косава, дзейнiчаюць Абiлiчы й Бранкавiчы, а сьвет падзелены на „сваiх" i „ворагаў". Ёсьць абсалютныя ворагi - туркi, альбанцы, швабы, зь iмi ня можа быць кампрамiсу. У стаўленьні да народаў-суседзяў аўтар кіруецца прынцыпам „Каiн-Абэль" — усе яны або заблукалi, або здрадзiлi братам-сэрбам. Славяне-каталiкi цi славяне-мусульмане — iстоты, сапсаваныя чужымi ўплывамi, якiх трэба „выправiць", то бо вярнуць у сэрбскае ўлоньне, а сэрбаў, сапраўдных славянаў, абраны Богам чысты i пакутны народ, акружае нянавiсьць i здрада.

 
Прысьвячаецца старому Вукашыну зь вёскi Клепац у Герцэговiне.
Калi ўсташоўскi кат у Ясэнаўцы1 адсёк яму вуха, Вукашын са спакоем сьвятога адказаў: „А ты, сыне, рабi сваю працу!“ Калi ўсташ адарваў яму i другое вуха, а потым нос, i калi яму i вочы выбраў, атрымаў ад старога той самы адказ: „А ты, сыне, рабi сваю працу!“

Згарэлая зямля, як шнар на дне душы,
Забылiся аб ёй багi ў сваiм паходзе,
Яна жыве i змагаецца,
                                каб яе крынiцы не перасохлi,
Крумкач цiкуе над хлявом, iзноў чуючы нягоды,
Згарэлая зямля, як шнар на дне душы!

(Мiлiмiр Мiлошавiч.
„У краiне Герцэговiнскай“)

Паганятыя валоў, самотнiкi!
Летуценьнiкi, гаротнiкi!
Цяжка нам памiж вамi,
Ад зла чакаючы дабра!

(Надпiс на адным з прыдарожных
памятных знакаў паблiзу Гацка)

Адна за адною запальваюцца ў вёсцы газоўкi. Зь цiшынi i змроку вынырваюць слаба асьветленыя i заледзянелыя вакенцы, больш падобныя да мiгатлiвых i мутных лiхтарыкаў.

Узялося на мароз, вецер сьвiшча, анi сьледу ад сьцежкi, пратаптанай учора ў сьнезе. Нiчога не чуваць. Анi кот ня мяўкне, анi сабака не забрэша, анi чалавек не загаворыць.

Толькi мiргаюць газоўкi, i здаецца, што на ўзгорыстай белi параскiданыя сьветлякi альбо пэрлiны. Колькi сьветлякоў — столькi й хатаў у вёсцы, ды толькi хто схоча пералiчваць iх у такую страшную замець?

З аднаго боку вёскi ўздымаюцца стромкiя скалы: у цiхую ноч яны гудуць, у iх адбiваюцца рэхам выцьцё ваўкоў i галасы людзей. Але гэтым ранкам чуваць адно завiруху, яна перакрывае ўсё, i першых пеўнiкаў чуе толькi вецер.

Дый Нэрэтва, якая звычайна шумiць у цясьнiне, нiбы спынiлася й прыцiхла: не чуваць анi як падаюць гурбкi сьнегу ў ваду, анi шолаху дрэваў на беразе.

Днее, i з боку Вучава i Зэленгоры разьлiваецца на небе чырвань.

 

 
Серада, 7 студзеня 1942 году.

У хаце двох братоў, старога пратапопа Нiчыфара й дзеда Станоі Югавiчаў, за вялiкаю софраю2 сабралiся ўсе шаснаццаць дамачадцаў. У галаве стала, як належыць па ягоных гадох i старшынстве, хударлявы й кашчавы пратапоп Нiчыфар. У мiнулым месяцы яму споўнiлася семдзесят дзевяць гадоў. „Пагнаў восьмы дзясятак“, — казаў ён жартам сваякам i суседзям.

Пратапоп, адзiн зь нямногiх пiсьменных людзей у блiзкім навакольлi, быў чалавекам моцнага здароўя, меў востры розум, шмат чаго перажыў у жыцьцi, i памяць ягоная сягала далёка. У такiя ночы запрашалi яго па вёсках, садзiлi на пачэснае месца й першым частавалi.

Нават жанчыны й дзецi годзе ўжо былi балбатаць, цапы вязаць i пляткарыць па кутох, калi пратапоп пачынаў аб нечым распавядаць альбо браў у рукi гуслы3 i, падмазаўшы смык ладанам, прыплюшчваў вочы, падымаў правае брыво, закiдваў галаву i, даючы волю голасу, пачынаў сьпяваць.

I сьпяваў, i распавядаў ён роўна спрытна й цiкава. Зважаў на тое, каб не паўтарацца, заўсёды казаў нешта новае, а калi да яго чаплялiся, каб iзноў апавёў ён тое, што ўжо чулi, рабiў гэта iншымi словамi, у iншай пасьлядоўнасьцi, з новымi падрабязнасьцямi, i выглядала гэта як новы аповед i зусiм новая прыгода.

Калi выбухнула Нэвэсiнскае паўстаньне4, пратапопу мiнуў чатырнаццаты год, а калi пала Турцыя й парадным крокам, з барабанамi, увайшлi ў Герцэговiну аўстрыйскiя жаўнеры5, быў ён ужо хлопцам, здатным для жанiцьбы. Расказваў, што ў тыя даўнiя й смутныя часы хату ягонага бацькi Божыдара наведвалi Васа Пэлагiч, Мiца Любiбрацiч, а таксама князь i сьвятар Богдан Зiмонiч6 з Гацка. Зазiрнуў аднойчы, мiмаходзь, i Пэтар Мрконiч, унук Караджорджы й будучы кароль Сэрбii7.

Ведаў пратапоп i Нэдэльку Чабрынавiча8: пазнаёмiў iх у Трэбiнi пратапоп Парэжанiн, за паўгода якраз перад тым, як у Сараеве, на бульвары побач зь Мiляцкай вулiцай, Чабрынавiч кiнуў бомбу ў аўстрыйскага эрцгерцага Франца-Фэрдынанда.

Часта гаварыў ён пра гэтую ды iншыя падзеi, маляўнiча апiсваў, хто й як быў апрануты, як выглядаў i што каму казаў. Слухачы ягоныя сядзелi разявiўшы рот i стрымаўшы подых. I каб у гэты момант якое дзiця раптам пачало сьмяяцца цi плакаць, добра б яму папала ад бацькоў.

Памятаў ён i адсочваў у глыбi стагодзьдзяў шмат розных рэчаў i падзеяў, пачынаючы ад звычаяў, якiя панавалi ў гады ягонай маладосьцi, i аж да сямейных радаводаў ды гiсторыi паўстаньня вёсак. Калi нехта ў Югавiчах альбо ў навакольлi хацеў ажанiцца, пратапопу досыць было толькi даведацца, хто бацькi маладой, каб адразу прыгадаць увесь род i па бацькоўскай, i па матчынай лiнii на сто гадоў таму, а часта й да самога Косава9. Пра заснаваньне вёсак, пра паходжаньне сем’яў у iхным павеце, ды шырэй, па ўсёй Герцэговiне, вёў пратапоп i нейкiя свае нататкi, але невядома, наколькi дакладна i рэгулярна.

Запрашалi яго й цанiлi далёка за Югавiчамi. Перад вайною клiкалi пратапопа нават у Стоц, Фочу, Калiновiк i Нэвэсiне, каб ахрысьцiў дзяцей i завязаў новыя кумоўствы. У першыя гады пасьля распаду Аўстрыi і паўстаньня Югаславii10 дзеля кумоўства й пабрацiмства часта запрашалi яго землякi i мусульманскае, i каталiцкае веры, i рабiлi гэта бяз страху, што за iмi будуць потым шпегаваць з Мостару, Сараева, Рыму цi Стамбулу, як гэта было ў турэцкiя цi швабскiя11 часiны. Але паступова гэтых запрашэньняў рабiлася ўсё меней, а пачынаючы з гэтае вясны, калi ня стала Югаславii й стварылi Незалежную Дзяржаву Харватыю12, яны і ўвогуле зьвялiся. Прыйшлi новыя кепскiя часы, i стары Нiчыфар у свой нататнiк, якi хаваў пад падушкаю, замест новых сваяцкiх повязяў, заносiў цяпер зацемкi пра братнія магілы, панажоўшчыну й разьню.

На ўвесь сьвет было абвешчана, што iтальянцы й немцы зруйнавалi Югаславiю. Але пратапоп, тымчасам, у самiх Югавiчах i вакол iх за ўсе дзевяць месяцаў, як iшла вайна, ня бачыў яшчэ нiводнага чалавека ў швабскай альбо iтальянскай форме. Чуў ён, што ёсьць яны ў гарадох, але ж i там не было iх так шмат, каб сьцьвярджаць, што менавiта яны трымалi Герцэговiну на каленях у страху. Рабiла гэта, сьпiсваючы ўсе грахi свае на немцаў ды iтальянцаў, iншае войска, тое, якое — куды б ня рушыла — пакiдала за сабою руiны i крывавыя сьляды.

„Нашае галоўнае няшчасьце ў тым, здаецца, што нашыя найбольшыя ворагi гавораць з намi адною моваю“, — запiсаў сабе ў нататнiк колькi дзён таму пратапоп Нiчыфар.

Пратапоп ня меў дзяцей, ягоная жонка маладою памерла ад сухотаў, а ў яго зь цягам часу прайшло жаданьне новага шлюбу й пачатку. Неадданую бацькоўскую любоў замянiў ён частымi вандроўкамi, новымi знаёмствамi й цiкавымi размовамi, а ўвагу й клопаты, якiмi калiсьцi хацеў адарыць сваiх нашчадкаў, перанёс на дзяцей брата Станоi, зь сям’ёю якога жыў разам i ў згодзе, без анiводнага горкага слова альбо дакорлiвага погляду. Станоя быў маладзейшы ад пратапопа на тры гады, але — мо таму, што быў задышлiвы й згорблены, — выглядаў на старэйшага. Гэтай ранiцай, за софраю, сядзiць ён праваруч ад пратапопа Нiчыфара. Побач са Станоем — ягоны старэйшы сын Страхiня, каля Нiчыфара — малодшы Драгiша. Сярэднi, Радаван, памёр ад кохлiку ў два годзiкi.

Страхiня i Драгiша — яшчэ дужыя мужыкi, хаця абодвум ужо за пяцьдзясят, таму i не было iх у сьпiсах тых, каго палiчылi досыць спрытным i моцным, каб баранiць бацькаўшчыну гэтай вясною, пад час красавiцкае вайны13. Гэты абавязак i гонар выпаў iхным дзецям: адзiнаму сыну Страхiнi Братамiру й байцом Драгiшы — Войку i Боiцы. Трэцi, Трыфка, таксама дасьпеў да зброi, але, дзякуючы сувязям пратапопа, яго пакiнулi дома як адзiную падпору i адзiны мужчынскi парастак у сям’i. Пратапоп гэта зрабiў умела й патаемна, каб не даведаўся нi Трыфка, нi хто iншы зь сямейнiкаў.

На вайну йшлi сьцяўшы зубы, але зь песьняю. Сорамам лiчылася выказаць боязь, унiкнуць прызыву й не апрануць вайсковае формы. Так рабiлi ў Югавiчах, можа, нясьведама, але без ваганьняў i ў адпаведнасьцi з тым, што тыя хлопцы, прастадушныя й збольшага неадукаваныя, адчувалi да сваёй раднi й бацькаўшчыны. Тымчасам iхныя гадкi зь некаторых суседнiх вёсак рабiлi ўсё, каб пазьбегнуць мабiлiзацыi й ня браць стрэльбы ў рукi. Многiя з тых, хто ўсё ж такi рушыў насустрач непрыяцелю, пiльнавалi зручнага моманту, каб драпануць з калёны альбо пры першай стралянiне падняць рукi й перакiнуцца да працiўнiка. З Асманавiчаў, суседняй вялiкай вёскi, якая ляжыць вышэй на Нэрэтве, на вайну пайшло ўсяго трыццаць хлопцаў, а прызывалi разоў у пяць болей. Астатнiя схавалiся па навакольных лясох i равох, забiлiся ў ямы й варыўнi ды аб’явiлiся, з трыюмфам i песьнямi, толькi тады, калi да iх дайшла вестка, што вайна скончаная, а Югаславii няма.

Тры ўнукi пратапопа залiчаныя былi ў Зэцкую дывiзiю й накiраваныя пад Шкодар, у Альбанiю. Нiчыфар, асядлаўшы каня, правёў iх да Гацка i там разьвiтаўся. Панесьлi яны з дому ў сваiх вайсковых заплечнiках пару шкарпэтак, трохi зьменнага нацелiва, шматок сала й кавалак пшанiчнае погачы14, якую iм на добры шлях выпекла жонка Страхiнi Мара, якая, хоць i не была старэйшаю памiж жанчынамi, лiчылася за гаспадыню дому. Да таго як падзялiць погачу, Мара, агледзеўшы нейкiя ўзоры й знакi на скарынцы і прасачыўшы, як куды разыходзяцца трэшчынкi, сказала: „Угледзела тры шляхi, i кожны вяртаецца дадому, уратуюць i абароняць вас Госпад Бог i Сьвяты Васiль“.

Дадому яны вярнулiся на чацьверты дзень пасьля капiтуляцыi, сьпярша Войка й Боiца, а ўвечары, калi таго найменш чакалi, i Братамiр. Прыйшлi галодныя, няголеныя й прыгнечаныя няслаўем. Яны атрымалi загад аб капiтуляцыi пад Шкодарам, калi iтальянцы як зайцы ўцякалi ад iх у глыбiню Альбанii. Трох афiцэраў з палка Братамiра ня зьнесьлi ганьбы, павымалi пiсталеты й на вачох у жаўнераў вынесьлi сабе прысуд.

Прыйшлi браты пешшу, ад Шкодара, праз Зэцкую Банавiну: iшлi рэчышчам Бояны, потым выйшлi на лысыя ўзгоркi пад Лоўчанам, абмiнулi Цэціне i Падгорыцу, потым цераз Востраг дабралiся да Банянаў. Хавалiся ад рэдкiх iтальянскiх аддзелаў, якiя траплялiся на пыльных дарогах, пазьбягалi сустрэчаў са старымi чарнагорцамi, якiя, зьняважаныя паразаю, адварочвалiся ад iх, рабiлi выгляд, што не заўважаюць, нешта бурчэлi пад нос i плявалiся. Калi браты адчулi пад сабою герцэговiнскую глебу i прыкмецiлi знаёмыя шляхi наперадзе, адразу прайшлi ў iх i стома, i крыўда, i дрэнны настрой. Уздыхнулi на поўныя грудзi: паўсюль пахла вясною, на навакольных верхавiнах i на Гацкiм полi пасьвiлiся авечкi й каровы. Ня верылася iм, што тутака, на родным парозе, ля Сарычавай грады, напаткае iх засада.

Акрамя Войкi i Боiцы, было iх яшчэ васьмёра: двое з Фойнiцы, адзiн хлапец з Рыбара, двое з Калешанiна i трое са Сьлiўля. Усiм загадалi падняць рукi й кiнуць зброю. „У iмя нашага правадыра Антэ Павэлiча15 й Незалежнай Дзяржавы Харватыi!“ — закрычаў нейкi мужчына й высунуўся з-за каменя, наставiўшы на iх стрэльбу. Першым, зблытаўшы i сваiх, i чужых, адрэагаваў адзiн са сьлiўлянаў. Скiнуў стрэльбу з пляча ды бухнуў наўздагад, i гэтага было дастаткова, каб i астатнiя скочылi ў роў, падаставалi гранаты й разагналi хеўру па навакольных мусульманскiх халупах.

Зброю прынесьлi з сабою дадому, але ўладам не здалi, хоць i быў такi загад. Са зброяю адчувалi сябе больш пэўна: разумелi, што вайна толькi пачынаецца i што шкодарскiя вiнтоўкi ды патроны хутка яшчэ прыдадуцца.

На няшчасьце, не прадбачылi яны, што памiж паўстанцамi — „кукардамi“ i „чырваназорнымi“16 — пачнуцца звады, а неўзабаве i разьня. Сьпярша са сваёй зброяю йшлi яны пад сьцягi й тых, i другiх — хто першы клiкаў, бо лiчылi барацьбу з усташамi больш важнаю, чым бязглуздыя сутычкi й спрэчкi наконт таго, у чыё iмя — караля цi партыi — зь iмi змагацца.

Потым, калi палiлася кроў i брат пачаў лупiць з брата скуру, калi людзей сталi жыўцом кiдаць у равы, яны зноў вярнулiся дахаты, выйшаўшы з гэтага забойчага кола, а зброю сваю, каб не ржавела й чакала на больш разумныя часы, пачапiлi на цьвiк.

I была б яна там, напэўна, i да гэтае ранiцы, калi б месяц зь нечым таму не ўвалiлiся ў хату пратапопаву партызаны. Пратапоп хаваўся ад iх у лесе, атрымаўшы нейкiм чынам знак, што па яго прыйдуць, бо ведаюць пра ягоныя сувязi з чэтнiцкiм ваяводам Мiтрам Жэравiцам, i што, пэўна, прыйдуць забiваць.

„Сяброўства з ваяводам, — казаў пратапоп брату Станою, — для iх толькi падстава. Вырашылi б мяне зьлiквiдаваць i бяз гэтага: кажуць пра iх, што пачалi ўжо гамузам забiваць усiх самавiтых людзей i заможных гаспадароў. Распавёў мне адзiн чалавек, што прыйшлi яны нават да хворага князя Сэкулы Тошкавiча, узьнялi яго са сьмяротнае пасьцелi, пасадзiлi на каня і застрэлiлi ў першай лагчыне. Забiлi, а быў ён ад мяне старэйшы на адзiнаццаць гадоў“.

Пратапоп ня меў ахвоты чакаць на iх, седзячы ўдома, але не таму, паводле ягоных словаў, што баяўся за сваё жыцьцё й не хацеў дражнiць лёс:

„Калi б мяне забiлi, я б i мёртвы саромеўся iхнага злачынства. Iхнага, але разам з тым i свайго, i нашага, бо мы зь iмi адной косткi й мяса, i ў гэтым, а не ў маёй сьмерцi, гора нашае i бяда“.

Пратапоп казаў тады брату, што калi б даведаўся, што прыйдуць яго рэзаць усташы, ня стаў бы ад iх уцякаць.

„Няхай на iх, а не на нас, назаўсёды застанецца ганебнае кляймо забойцаў невiнаватых людзей“.

Партызаны яго тады не знайшлi, хоць ператрэсьлi ўсю хату, зазiрнулi ў лёх ды ясьлi, нават на вышкi залезьлi і тыкалi штыхамi ў сена. Знайшлi яны нешта iншае, тое, на што не спадзявалiся: тры стрэльбы, дзевяць гранатаў i торбу з патронамi. Усё забралi сабе.

„Навошта гэта iм, баязьлiўцам, — казаў адзiн з партызанаў, — народным мсьцiўцам зброя больш трэба“.

З таго часу не надаралася выпадку, каб набыць зброю. Пратапоп, праўду кажучы, думаў, што ў гэтым i патрэбы няма. Вёска iхная была ў глушы, далёка ад места i ад шляхоў, якiмi рухаюцца войскi, а ў моцныя завiрухi дык у яе толькi ваўкi й наведвалiся. Ваўкi ды Асманавiчы — адзiныя суседзi Югавiчаў. Першыя бяз дай прычыны на людзей ня кiдалiся, а другiя цяпер далёка ад сваёй вёскi не адыходзiлi: рукi ў iх былi па локаць у крывi, i таму кожны раз, калi яны выходзiлi з сваiх умацаваных cядзiбаў, рызыкавалi трапiць на сваяка каго з забiтых, якi толькi й чакаў моманту, каб зь iмi палiчыцца.

Былi яны вiнныя i партызанам, i чэтнiкам, дык дзесяць дзён запар сядзелi ў аблозе, у абцугох, без усялякае надзеi на дапамогу. Завiруха й моцны сьнег прымусiлi мсьцiўцаў адступiць, i зараз Асманавiчы цешацца спакоем, хаваюць мёртвых, перавязваюць параненых i латаюць дзiркi ў абароне. Але каб i не сядзелi яны ў аблозе, ня верыў пратапоп, што суседзi маглi б рушыць на Югавiчы. Патрэбна было б iм, перадусiм, дзьве гадзiны брысьцi праз гурбы сьнегу ды ў гэткую непагадзь. Было й яшчэ нешта ў iх на шляху, адна неадольная перашкода, адна кроўная повязь, пра якую напрыканцы месяца казаў пратапоп чэтнiцкаму ваяводу, калi той прасiў яго сьцерагчыся й берагчыся асманавiцкiх стрэльбаў.

 

— Цi ўсе сабралiся тут? — запытаўся дзед Станоя.

— Усе, дзякуй Богу, тутака, — кажа Нiчыфар. — Мара, хай цябе лiха возьме, цi ж мы дачакаем калi цыцвары17?

— Яшчэ крышачку, толькi даб’ю масла, пачакайце хвiлiнку, яшчэ цукар у вадзе не разышоўся.

— Гэй, дзеўкi, падвядзiцеся, дапамажыце крыху, будзе вам сiдма сядзець ды пазяхаць, — накiнуўся Станоя на сваiх чатырох унучак, якiя, седзячы з жаночага краю, паапускалi галовы, змораныя сном.

Нiводная зь iх яшчэ не была замужам. Старэйшай, Косi, было дзевятнаццаць, найменшай, Сiмане, пятнаццаць гадоў. Дзьве сярэднiя, блiзьнючкi, Анджа i Вэра, хоць i нарадзiлiся ў адзiн дзень, былi ня надта падобныя адна да адной. Анджа — смуглявая, дзябёлая і для сваiх гадоў вялiкая й разьвiтая. Вэра — маленькая, хударлявая, з рэдкiмi каштанавымi валасамi, блядая на твар.

— Не крычы сёньня на дзетак, — баронячы iх, падала голас жонка Станоi, баба Стана, i прытулiлася да малой Сiманы.

— Вэра, дачушка, падай цётцы шклянку вады, нешта ў мяне ў роце перасохла, — адазвалася Драгiшава жонка Ёка.

— Не памрэш, падымiся й вазьмi сама, — з гатоўнасьцю ўблытаўся Драгiша.

— Любiца, здаецца мне, што малы прачнуўся, крычыць, схадзi, паглядзi, што зь iм, — зьвярнуўся да сваёй жонкi Братамiр.

Любiца ўскочыла з-за стала, змучаная, жоўтая, як воск, ледзь трымаючыся на нагах. Учора ўвечары нарадзiла, перад самаю вячэраю, калi была нанесеная салома ў пакой i пратапоп Нiчыфар паклаў быў на вогнiшча дубовае палена. Баба Мара адрэзала й завязала дзiцёнку пупавiну, выкупала яго ў драўляных начоўках зь цёплаю вадою, пацягнула тры разы за нос, перажагнала й спавiла. Потым паклала ўнука каля мацi, пацалавала яе ў шчаку й сказала: „Адпачнi, насьпiся, дачушка, каб заўтра, калi Бог дасьць, паднялася да царквы“.

Салому ў хату гаспадыня ўчора прынесла з клунi на сьпiне. Пераскочыўшы зь ёю праз парог, пачала квахтаць, нiбы тая курыца. За ёю прынадзiлiся, папiскваючы, бы кураняты, чатыры дачкi Страхiнi ды сыны Драгiшы, Трыфка i Боiца. На раскiданую па хаце салому пратапоп кiнуў дзьве жменi арэхаў. Вяроўку, у якой прынесьлi вязку саломы, Мара вынесла з хаты й кiнула на дварэ неразьвязанаю. З ранiцы, як толькi разьвiднелася, яна на вяроўцы, як патрабуе звычай, насыпала жменьку пшанiчных зярнятак курам, i пакуль яны дзяўблi, голасна паўтарала: „Колькi ў маёй вяроўцы дзяўбецца, гэтулькi ж у курнiку нясецца“.

 
Як скончылi з саломаю, Мара з сынам Братамiрам па сьнезе й голым лёдзе пайшлi па ваду да прыледзянелай крынiчкi Зьмiйкавiцы. Братамiр пасыпаў крынiчку пшанiцай, якую трымаў у прыгаршчы, потым нахiлiўся, разьбiў лёд, захапiў вады ў далонi й тры разы лiнуў сабе на твар. Толькi пасьля гэтага набрала Мара вады ў вядро. На вадзе гэтай потым гатавалi ўсю ежу на калядную вячэру, на ёй замяшаны быў і вялiкi калядны пiрог, якi, гарачы, дыхаў параю цяпер на стале перад дзедам Станоем i пратапопам Нiчыфарам.

— Цяжкi сон прысьнiў, братку, вось усё раздумваю, цi распавесьцi табе яго? — раптам зьвярнуўся Станоя да брата Нiчыфара.

— Мабыць, ты проста ляжаў няёмка альбо ногi твае тырчалi з-пад коўдры, — паспрабаваў пажартаваць пратапоп.

— Не, вось паслухай, Нiчыфар: зьявiлася перад маiмi вачыма, — пачынае Станоя, — нейкая бясконцая вада альбо паляна, а на ёй усё толькi дзiцячыя галовы й нажы. Апынуўся аднекуль на сярэдзiне тае паляны драўляны трыножак, а на трыножку — нябожчык наш дзед Вук, вялiкi, з доўгiм сiвым вусам, у аблямаваным золатам чарнагорскiм строi і з кляновымi гусламi ў руках. Пагладжвае й закручвае свой вус, нацягвае струны на гуслах, i разносiцца па той паляне альбо па возеры нейкая добра знаёмая мне песьня, нават здаецца мне, што я яе ў дзяцiнстве безьлiч разоў чуў.

— Цi прыгадаў ты, што гэта была за песьня? — перапыняе яго Нiчыфар.

— Песьня гэтая была пра Паўла, пра ягоную жонку й сястру, варанога каня й шэрага сокала… Памятаеш, пэўна, колькi разоў мы яе чулi ад нябожчыка-бацькi.

— I я гэтую песьню ведаю, — зь цiкаўнасьцю ўмешваецца малая Сiмана. — Прачытала яе ў адной старой кнiзе, на гарышчы.

— А ну, памаўчы, што ты тамака можаш ведаць? — асадзiў яе Братамiр.

— А вось ведаю, хочаце, распавяду? — абурылася дзiця й пакрыўджана нахiлiла галаву.

— Распавядзi, распавядзi, дачка, слухайма, — падышоў i пагладзiў яе па валасох Страхiня.

— Ну, дык вось… Паўле быў такi юнак, якi меў найлепшыя срэбраныя нажы і найлепшых каня й сокала. Тыя нажы падараваў ён сястры сваёй Елiцы, якая была вельмi добрая і надта яго любiла…

— Што ты тамака, малая, можаш ведаць, хто, каго й як любiць, — зьдзеклiва сказала Мара, яе мацi, якая ўсё яшчэ вазiлася з цыцвараю.

— Гэй, няхай дзiцё дагаворыць, — махнуў рукою пратапоп Нiчыфар.

— Ну вось, жонка Паўла зайздросьцiла праз той падарунак і таму аднойчы ноччу, пакуль Елiца спала, выкрала ў яе срэбраныя нажы, выцягнуўшы iх з-пад падушкi, ды забiла iмi Паўлавых каня й сокала. Хацела пасварыць сястру з братам, каб сястру ў гэтым абвiнавацiлi. Калi ж i гэта не дапамагло, Паўлiха зноў выкрала нажы ў Елiцы і зарэзала свайго сына ў калысцы, паклала нажы пад падушку Елiцы й пабегла да Паўла, галосячы, што ягоная сястра забiла дзiцё ў калысцы..

— Дакладна так, дачушка, — не дае ёй працягнуць дзед Станоя. — Дапамагла ты мне прыпомнiць, як далей iдуць вершы… Там далей Паўлiха зарвалася да мужа й загаласiла:

На зло, Паўле, ты сястру любiў,
На бяду ёй мiласьць даваў.
Зарэзала тваё дзiцятка ў калысцы!

— Сапраўды, так, — iзноў умяшалася малая Сiмана. — А потым Паўле загадаў разьдзерцi Елiцу, прывязаўшы яе да конскiх хвастоў…

— Якая ж ты спрытная, — засьмяяўся Станоя, — ну, зараз бачым, што ўсё ведаеш i што вельмi разумная. А цяперака памаўчы трошкi, дазволь дзеду скончыць… Якраз тую частку, дзе разьдзiралi Елiцу, гэтай ноччу i сьпяваў дзед Вук, бачыў я ягоныя сьлёзы, калi граў ён на гуслах:

Дзе кроплi яе крывi ўпалi,
Там цьмен i базылiк усталi.
А дзе яна сама ўпала,
Там царква ўстала!

— Божухна, чаго толькi ты ня памятаеш, няшчасны ты Станоя, — перабiла яго жонка Стана, захiтала галавою й скрыгатнула зубамi.

— Паслухай, старая! — узьняў ён бровы. — Рабi сваё й ня тыкай носу туды, куды ня трэба… Ну вось, больш ня памятаю вершаў, выцерла мне iх жонка з памяцi, апруцянела б, каб ня ўлезла, марна я зь ёй размаўляю вось ужо шэсьцьдзесят гадоў: усё адно, што зь ёю, што з каменем. Ну, карацей, Паўлiха раскаялася ў сваiм граху і просiць яна… Ат, успомнiў я песьню:

Праляцеў час,
Расхварэлася маладая Паўлiха,
I хварэла дзевяць год.
Скрозь косьцi ёй трава прарасла,
У траве гэтай лютыя зьмеi хаваюцца,
Вочы яе п’юць, па траве поўзаюць,
Моцна сумуе маладая Паўлiха!

— Ну дык вось, ня буду больш марудзiць, — працягвае дзед Станоя, — Паўлiха бачыць, што спасьцiгнула яе Боская кара i не дапамагаюць ёй анi малiтвы, анi зельле. Клiча яна Паўла й молiць яго ды заклiнае, каб яе, як колiсь Елiцу, прывязаў ён да конскiх хвастоў… Трыножак пад нябожчыкам-дзедам усё глыбей i глыбей правальваецца ў зямлю, паўсюль вакол яго зьмеi з высалапленымi языкамi, а ён сьпявае й сьпявае, колькi яму хапае голасу, i патанае разам з гусламi… Чакайце, як гэтая песьня сканчаецца? А, так, у канцы, як Паўлiху разьдзiраюць:

Дзе кроплi яе крывi ўпалi,
Там крапiва й цёран усталi,
А дзе яна сама ўпала,
Там возера стала.
Па возеры вараны конь плыве,
А за iм залатая калыска.
На калысцы сядзiць шэры сокал,
У калысцы той хлопчык,
На горле ягоным рука матчына,
А ў руцэ цётчыны нажы!

— Дай Божа, каб сон гэты быў на дабро, — казаў, як бы сам сабе, пратапоп Нiчыфар. — Кожны раз, калi мне сьнiцца дзед Вук, чакай добрых навiнаў i прыемных падзеяў.

— Ня ведаю, Нiчыфар, цi быў гэта дзед Вук альбо сам сатана. На хвiлiну пазнаў я дзедавы голас i вус. Але потым здалося мне, што на Вукаву шыю ды насаджаная галава д’ябла.

— Кiнь, не ўспамiнай д’ябла, хай бы ён там i быў, не кажы ты пра яго за софраю ды пры ўсёй раднi, — працэдзiла Ёка скрозь зубы й тры разы перахрысьцiлася.

— Праўду кажаш, — задуменна ўсьмiхнуўся пратапоп Нiчыфар. — Ану, падай мне мае рызманы, Братамiру.

Шукае Нiчыфар у кiшэнi белую хустаўку, каб сьцерцi пот з iлба i броваў. Ад нядаўна б’е яго гарачынь ды напала зьнямогласьць, абцяжэлi ногi, падрыгваюць каленi. Хавае гэта ад родных, каб не прыкмецiлi.

Замест хустаўкi намацаў пакамечаны кавалак паперы, крыху падумаў, а потым хутка адхiнуў руку, быццам дакрануўся да гадзiны.

На памяць ведае ён, што напiсана на гэтай паперцы. Прынёс яе пратапопу тыдзень таму нейкi маладзён з Чэмэрны, ня памятае ягонага iмя.

„Ойча пратапопе! — казаў хлапец. — Шчыра вiтае цябе спадар ваявода“.

Запрасiў пратапоп яго на падвячорак, пачаставаў ракiяй18. Той выпiў дзьве чаркi, але сесьцi пад’есьцi адмовiўся.

„Дзякуй табе, ойча, я не галодны, а да таго ж мушу засьветла дайсьцi да Чэмэрны. Ты толькi скажы мне, што перадаць ваяводу?“

„Пачакай, сынок, пагляджу толькi, пра што гэта мне паведамляе ваявода й чаго ад мяне хоча“, — адказаў Нiчыфар.

Чытаў сам сабе, каля вакна, сур’ёзны, нахмурыўшы маршчынiсты лоб зь белымi брывамi:

„Дарагi браце Нiчыфару! Апошнi раз табе кажу: падымай сям’ю, падымай вёску й бяжы зь Югавiчаў! Паведамi, калi прыедзеш, буду чакаць цябе з войскам у Чэмэрне. Калi ня можаш, тады я прыйду ў Югавiчы. Але ж хачу табе нагадаць, што войска ў мяне няшмат, галоўная частка адышла ў кiрунку Фочы i Горажды, а з партызанамi б’емся мы мала ня кожны дзень. З усташамi калi-нiкалi, а памiж сабою штодня. Нож, якi мы ўзьнялi адзiн на аднаго, больш, на нашае гора, у похвы не вяртаецца. Вабяць нас, як наканаваньне, Косаўская вячэра i лёс Абiлiча з Бранкавiчам19. Казаў я табе пра гэта апошнiм разам. Рады быў бы цябе ўбачыць як мага хутчэй, тады й пагутарым. Перадай мне праз гэтага хлапца, калi рушыце й дзе вас трэба чакаць. Цi трэба пасылаць людзей у Югавiчы? Баюся, каб ня высачылi нас усташоўскiя шпегi або Асманавiчы не падрыхтавалi пастку, помсьцячы за марную аблогу. Небясьпечныя яны, а зараз небясьпечнейшыя, чым калi-кольвек. Не падманвайся, не спадзявайся на сваяцтва, Нiчыфар. Калi б ведаў, што партызаны ня ўдараць нам у сьпiну, заўтра б рушыў на Асманавiчы, хаця й рызыкоўна па гэткiм сьнезе ды ў непагадзь штурхаць людзей у котла. Выходзьце ноччу, калi вас ня змогуць высачыць i калi Асманавiчам у галаву ня прыйдзе вас чакаць. Чакаю цябе не пазьней як праз тры днi ў Чэмэрне. Паведамi праз гэтага хлапца, калi вы выйдзеце. Твой Мiтар“.

Паклаў пратапоп тады лiст у кiшэню, пачухаў галаву, пагладзiў доўгую й сiвую бараду, выдраў балонку з аднаго iз сваiх сшыткаў i коратка адказаў:

„Вялiкi дзякуй за павагу й клопат, спадару ваяводзе! Можа, усё так яно й ёсьць, як ты кажаш, але мы не пабяжым, мы адсюль нiкуды ня пойдзем. Анiкога не пасылай сюды й не чакай нас у Чэмэрне. Ня буду палохаць сваiх i ня веру ў тое, што ты пiшаш, ваяводзе. Дзякуй табе яшчэ раз за брацкi клопат. Твой Нiчыфар“.

Пратапоп стаiў ад сваiх i ад вёскi i лiст ваяводы, i свой адказ. Не хацеў палохаць людзей i нiшчыць iхныя спадзяваньнi ды псаваць калядныя сьвяты. Брату Станою сказаў, што клiча яго ваявода на кумоўства ў Чэмэрну i што падзякаваў ён яму за павагу ды адказаў, што ў чэтнiцкiм войску альбо ў навакольных вёсках ёсьць багата маладзейшых, больш адукаваных i ня менш шанаваных сьвятароў. Распавёў гэта брату нiбы церазь сiлу i толькi тады, калi ваяводаў лiстаноша пакiнуў iхную хату й Югавiчы.

Сон Станоi цяпер нагадаў яму пра гэты лiст. А таксама пра нейкае чорнае й дрэннае прадчуваньне, што зьнянацку ўвайшло ў яго й лягло на цела каменем, з-пад якога нiяк ён ня можа вырвацца. Ня можа пратапоп зразумець усе спружыны гэтага непакою, якi перацякае ў страх, у нядужасьць, у боязь, што ўсё тое, што напiсаў ваявода пра суседзяў i крэўных Асманавiчаў i пра што яго два з паловай месяцы таму ў гэтым самым пакоi i за гэтым самым сталом папярэджваў, — праўда.

 

Узгадваецца яму: сядзiць ваявода на ложку, скiнуў боты, на нагах — белыя шкарпэткi й сiнiя суконныя сялянскiя чакшыры20. Барада ў ваяводы невялiкая, але густая й шорсткая. Рэдка калi сiвiзна забялее ў гэтым чорным лесе, што аточвае выцягнуты й змучаны твар селянiна-земляроба, якому ўжо за пяцьдзясят. Ваявода скулаты, нос у яго вялiкi, лоб маршчынiсты, вочы вадзянiстыя й стомленыя. На шырокiх плячох Мiтра афiцэрскi кiцель, якi да вайны насiлi каралеўскiя гвардзейцы (гэты кiцель яму падарыў адзiн з афiцэраў, якiмi зараз Мiтар камандуе). На галаве — чорная кучма, а на ёй — вялiкая кукарда каралеўскага войска. Калi ваявода здымае шапку i афiцэрскi кiцель, ён нi ў чым не падобны да жаўнера, а тым больш да камандзiра. Нiчога тады не адрозьнiвае яго ад герцэговiнскiх земляробаў, якiх можна сустрэць тут на кожным кроку i якiм быў да вайны ён сам. З тых часоў пратапоп яго й ведаў. Ваявода быў сябрам Сялянска-Работнiцкай Партыi і адным з самых вядомых i паважаных гаспадароў. Цягнуў, праўду кажучы, заўсёды трохi ў бок, не любiў вадзiцца з уладамi, агiтаваў, каб зямлёю надзялялi i безьзямельных, нават шапталi пра яго, што ён „чырвоны“ i водзiць шашнi з камунiстымi. У школу ваявода нiколi не хадзiў, а почырк меў — казалi — як нiхто з жандараў альбо настаўнiкаў у Нэвэсiні. Пад час кароткай i сумнай красавiцкай вайны яго не паклiкалi ў войска. Для гэткiх справаў палiчылi яго застарым i недасьведчаным. Папраўдзе, ён i цяпер, ваяводзтвуючы, не насiў пры сабе зброi. Можа, толькi пiсталет, хаця й яго ў ваяводы нiхто ня бачыў. Камандзiраваў ён у сялянскай вопратцы, без чыноў, бразготак i ордэнаў. Неахвотна згадзiўся, ледзь яго ўгаварылi, каб апрануў гэты афiцэрскi кiцель; ня можа прызвычаiцца да яго ваявода, цiсьне ён яму ў плячох. Не было ў яго i асаблiвага жаданьня рабiцца ваяводаю. Ня вабяць яго нi чыны, нi ўхвалы. Гэтае глупства ён i да вайны ахвотна саступаў iншым. Але людзi чамусьцi заўсёды гуртавалiся вакол яго i давяралi яму. Мо за тое, што ўмеў ён знайсьцi патрэбнае моцнае слова i заваражыць пры размове.

I вось сядзiць ваявода на ложку й кажа Нiчыфару:

— Прыемна цябе паслухаць, але ў дабро, на якое ты спадзяешся, i ў моц, якую згадваеш, я асаблiва ня веру. Калi сьцены ў хаце трухлявыя, не дапаможа пабелка i шалёўка.

— Хата была ў нас новая, а сьцены за дваццаць год не трухлеюць, спадару ваяводзе.

— Была яна хаця й новая, але ж толькi з аднаго боку мела падвалiны. Таму, як толькi наляцеў мацнейшы вецер, так лёгка й завалiлася.

— Браце Мiтру, цi ня хочаш ты сказаць, што й Францыя была без падмурку? I Чэхiя, i Польшча, i… выбач мне, i гэтая нашая спустошаная й гаротная Расея?

— Францыя, пратапопе, толькi занятая, не зруйнаваная, ня зрынутая, не паваленая. Хоць i акупаваная, але i далей застаецца Францыяй. Нiхто яе, як гэтую нашую гаротную хату, не разьбiваў на некалькi малых i дробных дзяржаваў.

— А Расея, што з Расеяю, ваяводзе?

— Ведаю толькi адно: карак сабе ламаў кожны, хто налятаў на Расею.

— Тады, дзякуй Богу, хутка ўсё зьменіцца. Цi верыш ты ў гэта, ваяводзе?

— Пакiнуў нас Бог, даўно ўжо мы пад д’яблам ходзiм! Швабы ды iтальянцы яшчэ не перайшлi нашай мяжы, а ўжо знутры пачалi сыпацца нашыя сьцены. Маленькая Сэрбiя ў чатырнаццатым годзе, як адна душа, сустрэла зь мячом два швабскiя каралеўствы. Войска рабiла немагчымае. Ведала, што баронiць i чаго хоча, было заадно i мела надзейны тыл. А што адбылося гэтаю вясною, Нiчыфару? За тыдзень да капiтуляцыi Югаславii Павэлiч абвесьцiў Незалежную Дзяржаву Харватыю! Ня мог вытрываць, каб хаця сьпярша завалiлася старая хата, а толькi тады пачынаць будаваць новую. Арнавуты21 загаманiлi аб Вялiкай Альбанii, вугорцы — аб Вялiкай Вугоршчыне, а гэтыя нашыя гаротнiкi, гэтае нашае лiхое семя ўскочыла нам на шыю раней, чым мы разабралiся ў тым, што адбываецца!

— Цi гэта ты пра Асманавiчаў?

— Эх, ня можна, браце мой, — саскочыў ваявода з ложку i гэтак басанож пачаў хадзiць па пакоi, — уздымаць агульны дом толькi на сэрбскай крывi i сэрбскiм падмурку! Ня можна й годзе, Нiчыфару!

— Тады што ж нам рабiць, ваяводзе?

— Падымай сваiх, падымай вёску i ўцякай у лес! Вось што я ведаю i табе раю. Бяжы, схавайся дзе, зьберажы галаву, пакуль усё гэта ня скончыцца!

— Каб я ўцякаў ад Асманавiчаў? Дык яны гэтага, браце Мiтру, толькi й чакаюць!

— Беражы галаву на плячох, а то яны яе адрэжуць табе, як пеўню, Нiчыфару! Кiнь ганарыцца ды харабрыцца, ня маем часу на гэта, цi не разумееш ты, хто мы i хто яны, ты ж разумны чалавек, не павiнен, можа, табе гэтага тлумачыць.

— Але ж мы мацнейшыя за iх, нас болей, сорам уцякаць, ваяводзе!

— Сорам — гэта нешта iншае, Нiчыфару ты мой! Сорам — гэта, браце, тое, што мы б’ем адзiн аднаго, што самi адзiн адному вочы выбiраем, што дзелiмся на Абiлiчаў i Бранкавiчаў, i таму мы Богам праклятыя, таму толькi мы адзiныя такiя i ёсьць, што памiж сабою, як людажэрцы, грыземся!

— Ваявода, скажы, а хто ж з нас Абiлiчы, а хто Бранкавiчы? Партызаны кажуць, што гэта вы здрайцы.

— Ня ведаю, далiбог, ня ведаю, гэта час пакажа. Але ведаю, што трэба зрабiць усё, каб любым чынам замiрылiся мы. Каб не стралялi адзiн у аднаго, каб хоць мiналi адзiн аднаго. Паглядзi на харватаў i на гэтых нашых патурэчаных братоў, якiя яны зьяднаныя i як спрытна i хiтра сьцерагуцца нашых шляхоў.

— Не, браце Мiтру, я ведаю i чуў, што сярод iх таксама няшмат людзей, якiя стаяць за ўсташоў. I ў iх ёсьць прыстойныя людзi i розная дрэнь.

— Ёсьць, напэўна ёсьць, мой Нiчыфар. Вось, браце ты мой, у гацкiм i нэвэсiнскiм паветах ёсьць колькi камунiстых-мусульманаў, якiя супраць усташоў i разьнi сэрбаў. Астатнiя ж альбо маўчаць ды абыякава паглядаюць, як лiецца наша кроў, альбо самi з ахвотаю яе пралiваюць. Не хачу браць грэх на душу, ёсьць, акрамя камунiстых, i некалькi прыстойных гаспадароў, якiя пры ўсiх плюнулi на ўсташоўскi нож i не захацелi ўхваляць злачынствы. Гэта, браце мой, у Нэвэсiні Смая Вргiч i Муса Мэўлiч, а ў Гацку Осман Кврджыч, Хайра Бэскiч i Сiктэр Эфэндзiя. Можа, каго й прапусьцiў, але кажу пра тых, каго ведаю i пра каго мiж людзямi кажуць. Усе iншыя спакойна церпяць усташоў або зь iмi заадно. Зараз ты, мой Нiчыфару, параўнаў гэта з нашымi бедамi i нашым Косавам. Палова вёскi прышыла зоркi, а палова кукарды, i забiваюць адзiн аднаго… Адзiн брат у партызанах, а другi ў чэтнiках. Бацька ў чэтнiках, а сыны-камунiстыя засуджваюць яго на сьмерць i плююць на яго труп на шыбенiцы. Брат брату вочы выдзiрае i кiдае ў роў: вось, якiя мы ёсьць, гэта нашая пагiбель i праклён, мой Нiчыфару!

— А калi былi б мы зьяднаныя, думаеш, было б iнакш? Думаеш, каб не было ўсташоў, нас швабы пакiнулi б у спакоi?

— Меней было б бяды й крывi, Нiчыфару!

 

— Мо ведаеш, цi ваявода Мiтар з войскам яшчэ ў Чэмэрне? — перашкодзiў пратапопу ў думках дзед Станоя.

— Ваявода Мiтар? Так, а дзе ж ён будзе? Зрэшты, у вайну нiколi ня ведаеш, дзе будзе вiднець, а дзе зьмяркацца.

— Нешта не чуваць апошнiя днi сьлiўлянаў. Кажуць, што прыцягнулi яны на Брняц гармату, якую захапiлi ў харватаў, i што адтуль будуць страляць па Асманавiчах.

— Завiруха, дзядуля, бура, вярнулiся iхныя людзi ў вёску, — умяшаўся Братамiр.

— А чаму пытаешся пра ваяводу? — зьвярнуўся да Станоi Нiчыфар.

— А нiчога, так толькi, прыйшло ў галаву. I не адыходзiць ад мяне гэты сон, увесь я быццам заламаны, так ён мяне змарыў.

— Тата, заўсёды табе мроiцца нейкая бяда, — падала голас нявестка Станоi Мара. — Выйдзi, дзеля Бога, Страхiня, з хаты, прыслухайся трохi i абыдзi вакол.

— Паглядзi, цi сабака спушчаны, нешта яго не чуваць, — дадала баязьлiва баба Стана.

 

Прыгадалася пратапопу, як ваявода выяжджаў зь Югавiчаў: асядлаў тады пратапоп Зэкана i паехаў яго правесьцi. Ехалi побач, у сярэдзiне доўгай калёны чэтнiкаў, якая кiравалася на Брняц, на Нэвэсiне. Дзьмуў асеньнi вецер, калмацiлiся нiзкiя хмары над iхнымi галовамi i гаргалi крумкачы, прадчуваючы завеi.

— Добра маешся, пратапопе! — казаў ваявода. — Калi б цябе ня ведаў, не паверыў бы, што пайшоў табе васьмiдзясяты.

— Зямля трымае, браце Мiтру. Але ж, урэшце, i мне здраджваюць ногi, i кроку не магу ступiць бяз кульбы, i на каня ня сяду, калi не падсадзяць, — сам бачыў.

— Колькi гадоў пражыў твой бацька Божыдар?

— Сто i дзевяць год — так занатавана ў царкоўных кнiгах.

— Э, перажывеш яго, i думаць няма чаго.

— Не да жартаў, спадару ваяводзе… Нязручна мне было перад сваякамi, то зараз хачу цябе аб нечым запытацца.

— Не бянтэжся, пытайся, што за бяда, Нiчыфару?

— Цi патрэбныя табе жаўнеры? Добрыя жаўнеры, ручаюся за iх.

— Цi патрэбны дождж сухой глебе? Пра гэта, браце ты мой, i не пытайся.

— Ты сам бачыў, быў у мяне дома, ёсьць у мяне чатыры ўнукi, усе прыдатныя да зброi. Вось, таму i прапаную: вазьмi двух, сам вырашы i выберы, ваяводзе!

Мiтар кашлянуў, моўчкi стаў глядзець у мутнае неба, якое амаль што лягло на Югавiчы. Падагнаўшы свайго каня блiжэй да Нiчыфаравага i загадаўшы iншым паехаць трохi наперад, ледзь чутно прашаптаў:

— Калi мяне пытаешся, адкажу: не адсылай iх у чэтнiкi!

— Не разумею… Цi ты гэткiм чынам мяне выпрабоўваеш? — прамармытаў Нiчыфар.

— Мы, браце ты мой, гэтую вайну прайграем. Iхная будзе перамога, i гэта вырашана!

— Кажаш пра партызанаў?

— Пра iх, пра Расею i пра Сталiна. Нашыя карты нявыйгрышныя, i вельмi далёка нашыя прыяцелi. А я й ня веру ў тое, што яны нам сапраўды прыяцелi. Пакiнулi нас, даўно яны нас пакiнулi, сябра.

— Ня верыш, што ангельцы нам прыяцелi?

— Нiкому я больш, браце ты мой, ня веру. Сумняюся i ў самым сабе, не магу паручыцца нават за тое, што сам сабе думаю. Прададуць яны нас мацнейшаму, галоўны пераможца будзе ставiць умовы.

— Расейцы?

— Адсюль i аж да Бэрлiну пройдуць сталiнскiя дывiзii!

— Але ж, браце Мiтру, палову Расеi немец пад сябе забраў. А Ангельшчына й Амэрыка некранутыя й на нагах.

— Калi б нават i ўся Расея была накрытая, тое самае табе казаў бы. Няма i нiколi ня будзе без Расеi перамогi. Скончана, скончана, зьмяняюцца царствы, брат Нiчыфар!

Мiтар iзноў замаўчаў, прайшоўся шурпатай далоньню па барадзе, павярнуў галаву некуды ў кiрунку Вучава. Бяз слоў ехалi яны побач, пакуль не прамiнулi лесу i ня выйшлi на голую верхавiну над Югавiчамi. Тут i спынiлiся, каб разьвiтацца.

— Тое, што казаў, казаў я толькi табе, гэта не для чужых вушэй, Нiчыфару! Нядобра, нават i сорамна, калi камандзiр прадчувае i прадказвае сваю пагiбель. Але з табою хачу размаўляць шчыра, без хлусьнi. Сам я пайшоў у чэтнiкi таму, што мусiў узяць нечы бок, павiнен быў вызначыцца. Зорка альбо кукарда — трэцяга ня меў. Выпала мне гэткая карта, можа й мiма волi маёй, i гэтая другая адзнака (ваявода дакрануўся рукою да кукарды на сваёй шапцы) — гэта знак i кляймо нашага падзелу.

— Мiтру, браце, сьпярша ж i ты быў з камунiстымi. I ты трымаў у руках чырвоны сьцяг, калi сёлета ў чэрвенi напалi вы на Нэвэсiне!

— Усе мы тады, браце мой, iшлi пад аднымi i тымi ж сьцягамi. Скраiлi мы iх сьпешна ў тую самую першую ноч, калi пачулi, што ў вайну ўступiла Расея. Нашыя сьцягi былi расейскага колеру, бо мы спадзявалiся, што сама позна за тыдзень-другi „бацюшкi“ прыйдуць у Нэвэсiне.

— Казалi пра цябе тады, што ты ў камунiстах. Таму ня мог даць веры, калi пачуў, што ты стаў ваяводаю.

— Шмат чаго пра мяне казалi й будуць казаць… А тады на нас як пярун жахнуў зь неба, ударыў у войска i разьдзёр сьцяг. Пачалi некаторыя гаварыць пра рэвалюцыю, без суду й вiны каб забiваць самых паважаных i добрых гаспадароў. Камiсары самавольна вызначалi, хто кулак, а ўначы высылалi тройкi для лiквiдацыi. Прасiў я тады а малiў iх спынiць усё гэтае, дарма казаў iм, што па ўсёй Герцэговiне няма нiкога, апроч беднякоў… Усе мы, кажу табе, былi напачатку за Расею, а яны з гэтай Расеi зрабiлi пудзiла. Замест каб бiць агульнага ворага, а толькi потым, калi ўжо так наканавана, вызначыцца, хто за караля, а хто за Сталiна, яны пасярод гэтае разьнi пачалi дзялiцца ды яшчэ горшымi зрабiлi няшчасьцi, што нас напаткалi.

— Цi брат твой, нябожчык Драга, быў у камунiстах?

— Быў, я гэтага не хаваю i ня сорам мне. Загiнуў прыстойна, у атацы, калi бралi Нэвэсiне. У сапраўдны i шчасьлiвы час загiнуў. Не дачакаў таго, як мы павярнулi стрэльбы адзiн супраць другога, як закрывавiлiся i, забiваючы, залеглi ў акопы па розныя бакi.

— Цябе, браце Мiтру — прынамсi, так кажуць — у чэтнiкi пагнала нейкае лiхое слова Вiды Ступiча: ляпнуў ён штосьцi, пакрыўдзiў цябе перад паважнымi людзьмi, цi то праўда?

— Гм… Праўда! А хто ведае, дзе тая праўда… Спрачалiся мы наконт таго, якое iмя будуць насiць нэвэсiнскiя паўстанцы. Дамовiлiся былi, што будзем мець чырвоныя сьцягi. Я сам гэта прапанаваў на сустрэчы ў Вiдавай хаце, i ўсе мяне падтрымалi.

— Чаму чырвоныя сьцягi, далiбог, ваявода?

— Бо гэта, пратапопе, расейскi сымбаль, а мы мусiлi быць з Расеяю. Так я тады казаў. Наш абавязак, казаў я, змагацца пад чырвонымi сьцягамi да поўнай расейскай перамогi. А пасьля пабачым, можа, нешта iншае будзе нам блiжэйшае i больш даспадобы. Вiда тады прапанаваў, каб паўстанцы называлiся Народнае Вызвольнае Войска Нэвэсiня. Запытаўся я ў яго, хто такiя гэтыя паўстанцы? „Як гэта хто?“ — адказаў той спахмурна. Запытаў я iзноў, цi можа ён памiж трыма тысячамi паўстанцаў налiчыць хаця б трох нясэрбаў. „Не магу, дык i што?“ — павысiў ён голас. Нiчога, кажу, толькi вось патрабую, каб паўстанцы назвалiся — Сэрбскае Народнае Вызвольнае Войска Нэвэсiня. На што сусед Ступiч ускiнуўся: „Паслухай, Мiтру, i мой рабенькi цуцык пад плотам, можа, таксама сэрб, за цябе ня горшы!“ Анiчога я яму не адказаў. Падняўся i выйшаў… Вось як гэта было, i Бог ведае, што ён яшчэ пра мяне кажа i прыбаўляе. Перайшоў я тады на другi бок i досыць людзей пацягнуў за сабою. Можа, я й памылiўся тады, можа, i здрадзiў!

— Крый Божа, каго-каго, а цябе ў гэтым нiхто ня вольны дакараць. Браце Мiтру, а ты, вiдаць, сябе зьненавiдзеў!

Ваявода скрывiў твар, як бы зараз званiтуе. Дакрануўся рукою да горла, наблiзiўся да Нiчыфара.

— Iтальянцы, iтальянцы, вось яны дзе ў мяне, калi б ткнуў пальцам у дыхалку, пачалi бы адтуль выскокваць, гэтулькi гэтага гаўна ўва мне! Зьвязаныя мы зь iмi, дасылаюць яны нам есьцi, трапiлi мы iм у казан.

— Трэба так, ваяводзе, на тое Боская воля.

— Трэба ня трэба, але гэта патыхае здрадаю! У гэтым партызаны чыстыя, i я iм зайздрошчу.

— Але ж, ваяводзе, i дзiвак ты: яны здрадзiлi каралю й веры, плююць на цэрквы, а народ, як быдла, гоняць да агульнага карыта!

— Так, так, Нiчыфару! Здрадзiлi каралю i каралеўству, але ж не Югаславii! А што да карыта, дык прыкра мне ўсё гэта, але ж тыя карыты, якiя яны нi ёсьць, усё ж нашыя, а не iтальянскiя!

— Робяць яны i горшыя справы, сам мне пра гэта крыху раней распавядаў!

— Казаў i не адракуся, але ж гэта не зьмяншае глупства, якое робiм мы. Кожны будзе адказваць за свае злачынствы i за свой унёсак у агульнае гора, за свае заслугi ў распадзе i расколе.

— Адказваць будуць толькi пераможаныя. Пераможцы будуць трымаць у руках ключы ад праўды, спадару ваяводзе!

— I яны стануць аднойчы перад судзьдзёю справядлiвым, i адны, i другiя. Нiшто ня вечнае, Нiчыфару!

— Цi палохае цябе, сябра мой, гэты суд?

— Ня рады я яму, больш прычынаў для сораму, чым для гонару. А найгорш тое, што я ўсё гэта ведаю i не магу нiчога зьмянiць. Нiчога, зусiм анiчога: увайшоў у чараду ды iду за званочкам, хаця й ведаю, што мы не на тым шляху i што туды, куды мы ймкнемся, нiколi не патрапiм. Нясе мяне плынь, назад не магу, а наперад няма куды.

Ваявода ўздыхнуў, нахiнуўся i палашчыў шыю свайго Беланогага.

— А дзе ж тады паратунак, i цi ёсьць ён? — разьвёў рукамi пратапоп Нiчыфар.

— Ёсьць, яшчэ раз табе кажу: бяжы зь Югавiчаў! Пашлi ўнукаў у партызаны, а сам схавайся ад нажа й стрэльбы Асманавiчаў.

— У партызаны? Каб што-што, а гэта мне раiў ваявода чэтнiкаў!

— Запомнi ўсё тое, што зараз табе скажу, Нiчыфару! Яны, а ня мы, зломяць Асманавiчаў. Яны, а ня мы, скiнуць з шыi народу сэрбскага тую вяроўку, што накiнулi яму швабы й харвацкая дзяржава…

— Накiнуць яму, калi перамогуць, на шыю iншую вяроўку, ваяводзе!

— Але сёньняшнюю скiнуць, у гэтым я ўпэўнены!.. Яны, а ня мы, адновяць Югаславiю. Яны яе адновяць, калi толькi хто-небудзь увогуле ў стане яе аднавiць. Ведаюць, чаго хочуць, i ня маюць лiтасьцi, а гэта для перамогi самае галоўнае. Мы зьбiлiся з дарогi, ня бачым, куды б’ем, нам няма куды iсьцi. Ня бачым ясна, чаго хочам, а чаго не, ногi ў нас заплятаюцца, яны спрытныя, а мы не пасьпяваем за падзеямi. За нас толькi сэрбы, а за iх i сэрбы, i нясэрбы. Калi ўсё ўсталюецца, пагодзяцца зь iмi i ўсе астатнiя. А ад нас тады адвернуцца самыя блiзкiя сябры. I кароль iм паклонiцца, змушаны будзе, гарантую!

Мiтар Жэравiца нечакана спынiў размову i працягнуў руку Нiчыфару:

— Ну, бывай, браце, давай расцалуемся!

Разьвiтаўшыся, павярнуў Беланогага да дружыны, якая чакала на яго. Раптам спынiўся i абярнуўся, быццам бы нешта згубiў.

— Забудзь, калi зможаш, усё, пра што мы гутарылi. Усё пройдзе i ўсё забудзецца, але нянавiсьць Асманавiчаў нiколi. Гэта ты памятай i трымай у галаве, Нiчыфару!

— Мы зь iмi кумы, ды i кроў у нас адна, на гэта ты забыўся. Больш за дзьвесьце год, як мы ў сваяцтве.

Ваявода даў знак рукою людзям, каб яшчэ крыху пачакалi. Вярнуўся, падагнаў свайго каня да пратапопава, нахiлiўся да пратапопа ды так, што iхныя шапкi датыкнулiся.

— Менавiта таму, што вы адной крывi, што яны паўсталi з вашага семенi, iхнай нянавiсьцi няма канца i краю. Менавiта таму ня мае межаў iх шаленства. Гэтае сваё паходжаньне ўспрымаюць яны як брудную пляму на сваiм iменi… Якую яны, браце ты мой, маюць повязь з Павэлiчам? Адкуль гэта яны паўсталi „кветкаю харвацкаю“, самымi шалёнымi змагарамi за ўсташоўскую дзяржаву? А таму i адтуль, што Павэлiч вынiшчэньне сэрбаў узьняў як першую й сьвятую прысягу на сваiм сьцягу! Толькi таму, мой Нiчыфар! Гэтаксама яны назаўтра прыядналiся б да самога д’ябла, да каго заўгодна, калi цаною гэтаму была б пагiбель сэрбскага народу. Агульныя каранi не даюць iм спакою, у сьне мучыць iх рана гэтая непазбыўная. Пакуль у Югавiчах ёсьць хаця б адно вуха — i яно будзе iм нагадваць мiнулае ды здраду!

— Несправядлiва казаць пра здраду, такi быў тады час, не было iншага шляху, каб пратрываць.

— Казаў што казаў i зноў паўтару: бяда цябе пiльнуе з таго боку, не давярай сваяцтву, Нiчыфару мой!

Яшчэ раз працягнуў ён пратапопу руку й сьцебануў Беланогага. Наблiжалася навальнiца, грымела i блiскала ў далiне Суцьескi, цямнела на ўзгорках i лагчынах каля Зэленгоры.

 

— Мара, далiбог, давай, нарэшце, гэтую цыцвару, — iзноў падаў голас пратапоп, бо ўжо вызвалiўся ад аблiчча i голасу ваяводы.

— Зараз, зараз, масла блiшчыць, бы шкло, — сьпяшаецца яна з гаршчком у руках.

Пад парывiстымi i iмклiвымi ўдарамi ветру дрыжаць шыбы. На шкле зь сярэдзiны прыхапiлiся ледзяныя карункi. Ёка ўзьнялася з-за стала, дыхнула колькi разоў у шкло, растапляючы корку, i паглядзела ў сьнежную бель i холад, адкуль даносiўся прыглушаны брэх зьмерзлых сабакаў, якiя круцiлiся вакол дамоў па замеценых сьцежках.

Пратапоп Нiчыфар узяў вялiкую калядную погачу, блаславiў яе тры разы i пераламiў над галавою старэйшага Станоевага сына Страхiнi. Адну палову погачы перадаў брату. I пачалi яны ўдвох рукамi дзялiць хлеб на больш-менш роўныя кавалкi: на сямнаццаць частак, каб кожнаму дасталася аднолькавая, нават i таму дзiцёнку, якое ўчора нарадзiлася.

Апроч пiрага й каляднай цыцвары на стале было яшчэ досыць пiтва ды ежы, самага лепшага i смачнага, што толькi было ў хаце i што толькi раз на год, на „Сьвята славы“22, на Сьвятога Мiколу, выносiла на софру сям’я дзеда Станоi i пратапопа Нiчыфара. Тры гатункi вiна, ракiя „прэпэчэнiца“23 зь Пiўскага манастыра, ракiя з Умiну, зь нiжняе Герцэговiны, i, нарэшце, хатняя „забойная“, якую з гацкiх сьлiваў прыгатаваў пад сьвята дзед Станоя. Чатыры зь верхам круглыя бляхi са смажанай казьляцiнай ды баранiнай, два кавалы сушанае вяндлiны, каймак24, сыр, хатняе масла, дзьве талеркi сухiх i марынаваных iгрушаў, кiслая капуста, пяць мiсаў зь печывам i смажаная бульба.

Належала, згодна са звычаем, перад тым як зьесьцi й выпiць, кожнаму з дамачадцаў нахiлiцца над гаршчком, дзе ў масьле плавала цыцвара, i паглядзець на сябе, як у люстэрка. Калi ўбачыш сваю галаву — гэта Боскi знак, што жывы й здаровы дачакаешся наступных Калядаў i наступных агледзiнаў у цыцвары. Пасьля гэтага, пацалаваўшы адзiн аднаго тры разы са словамi „Мiр, Божа, Каляды!“, усе малiлiся.

Першым, па старшынстве, перахрысьцiўся i падышоў да цыцвары пратапоп Нiчыфар.

У тое ж самае iмгненьне трэснула шыба, i кавалак шкла пляснуўся на калядны стол!

З-за шыбаў ашчэрылiся рулямi стрэльбы!

Адазвалiся, страшна i павольна:

— Хрыстос нарадзiўся, кумкi й браткi Югавiчы!

I ў той самы момант перад дзьвярыма пачулася стралянiна, зь дзьвярэй зьляцела засаўка, i з аўтаматам у руках у пакой увалiўся Хусэйн Асманавiч, увесь белы ад сьнегу, як млынар. А за iм ягоны бацька Кемаль.

— Хрыстос нарадзiўся, куме Нiчыфару! — зароў Кемаль, трасучыся ад рогату, паказваючы гнiлыя, скурадымленыя зубы, i заазiраўся вакол сябе, як вар’ят.

Сьнег зацярушыў ягоныя панчохi i драўляныя чаравiкi, ён трасе нагамi, але раптам супакойваецца i глядзiць на пратапопа Нiчыфара.

Хусэйн мiргае, утаропiўся ў Любiцу, на ягоным абутку й на вопратцы растапiўся сьнег, пад iм — там, дзе стаiць, — лужына, быццам ён усiкаўся.

З вокнаў зьнiклi рулi. У пакой уляцелi яшчэ два Асманавiчы — Кемалеў брат Фазьлiя i вуяк Зульфiкар.

Югавiчы ня рухаюцца. З узьнятымi дагары рукамi стаяць каля софры й каляднай цыцвары.

Першым азваўся дрыготкiм голасам дзед Станоя:

— Цi з дабром вы, што добрае прынесьлi з сабою, куме Кемалю?

— Ха-ха, прыгожа кажаш, кумок. А з чаго б гэта мы ды ў такую завiруху, дарагi мой, да вас прыходзiлi?

Кульгавы на правую нагу Зульфiкар накiраваўся да софры, сунуў руку ў кiшэню шынэлю, спынiў Кемаля i сказаў зь нянавiсьцю й выклiкам:

— Мы ж вашыя старыя знаёмыя, калядоўшчыкi, няўжо ж на каго iншага чакалi?!

Зульфiкар высунуў з кiшэнi руку, поўную пшанiцы, i, кiнуўшы яе, як сейбiт па нiве, у напрамку Югавiчаў, прамовiў, усьмiхаючыся:

— Хрыстос родзiцца, сёньня народзiцца i, Бог дасьць, больш нiколi!

А пасьля, зьвяртаючыся да пляменьнiка Хусэйна:

— Ану, хутка, вiншуй кумоў!

Хусэйн адскочыў у бок, хiстаючыся, быццам п’яны, насунуўся пагрозьлiва на Любiцу i Братамiра. Потым падышоў да печкi, адчынiў абцугамi дзьверцы, выцягнуў галавешку i, удараючы ёю па распаленым жалезе, сыплючы iскры, пачаў лiчыць:

— Колькi вылецiць iскраў з галавешкi, столькi няхай галоваў югавiцкiх зьляцiць, столькi няхай дзяцей iхных ва ўлоньнях матчыных Аллаг зморыць, столькi вужакаў няхай iм вочы высьсе, столькi магiлак без крыжоў i надпiсаў паўстане, столькi крывавых ручаёў на сьвяточную сьвечку пралiецца, столькi нiваў iхных пустазельлем парасьце, столькi перуном дзяцей заб’е, столькi… столькi ўдавiцаў i бясплодных матак, як пракажоных, па сьвеце пацягнецца!

— Нiчога, няшчасны ты Хусэйне, ня значаць для цябе, даруй Божа, пабрацiмства, кумоўства, суседзтва і кроў Iльлiна! — не сьцярпеў Нiчыфар. Падаўся наперад i плюнуў на яго.

„Бач ты, брыкаецца поп! — падумаў Зульфiкар. — Клянуся Аллагам, насяру яму сёньня на бараду й вусы. Ня будзеш болей хросту даваць, налiю табе на нос матчынага малака. Абрэзаць бы яго! I абрэжу, клянуся Аллагам, абрэжу, абы было калi“.

За вокнамi на ймгненьне сьцiхла завiруха. З суседнiх дамоў даляцелi плач i крыкi аб дапамозе. Час ад часу чулася стралянiна.

— Што кажа кум, нешта я аглух ад шуму й холаду!? — падаў голас Фазьлiя.

— Любiца! Любiца, дачка мая! — раптам жаласна загаварыў дзед Станоя. — Ідзi да Станiнага куфру, выцягнi чатыры кашулi i чатыры пары панчох, адары гэтых каляднiкаў, братоў i кумоў нашых!

Пасьля выпрастаўся i зьвярнуўся да Кемаля:

— Мы пад вашаю ўладаю, куме! Але ж прысядзь да софры, мо вып’ем разам трошкi.

„Iншага каго паклiч, сабака, глядзi, каб мяне не расчулiць. Жаласнае маю сэрца, вось ужо сьлёзы пацяклi, па сьпiне i па дупе цякуць. Баюся толькi, што нас вы не пашкадавалi б, ведаю добра, што пра нас думаеце i чаго жадаеце яшчэ ад самага Косава. I што ты цяперака пхаеш мне ў нос тое пабрацiмства і клiчаш пiць з табою, нiбы я да цябе ў сваты прыйшоў, што мне хочаш давесьцi тым, сабака ты гарбаты!“

— Вяжыце iх! — схамянуўся Кемаль. — Першымi Драгiшавых сыноў i Братамiра.

Кемаль i Зульфiкар наставiлi на iх свае аўтаматы.

Хусэйн i Фазьлiя падскочылi да Братамiра, схапiлi яго пад пахi, крычаць яму штосьцi, сьлiна сьцякае па вуснах. Цягнуць Братамiра на сярэдзiну пакоя, ён вырываецца — хлапец дужы — аж ня могуць яму даць рады. Хусэйн выцягнуў нож, прыставiў Братамiру да горла, даў драўляным чаравiком у нагу, Братамiр спатыкнуўся, падаўся наперад, больш не адбiваецца.

„Зарэжуць мяне, Божа ж мой! — праляцела ў яго галаве. — Сьнiў наконаднi, што хаджу без галавы i галава мая ў торбе Хусэйнавай. Зарэжуць! Канцы мне, няма паратунку, зараз жа пасярод хаты й зарэжуць!“

— Сюды, сюды, братка, сьпярша цябе зьвяжам, а потым ужо пап’ем, павесялiмся й пагутарым.

Зьвязалi Братамiра, заламаўшы яму рукi за сьпiну, канцы вяровак абкруцiлi дротам i зацягнулi абцугамi.

З такiмi ж тычкамi й пагрозамi хутка зьвязалi Трыфку, Войку i Боiцу. Потым Страхiню й Драгiшу. Апошнiмi — пратапопа Нiчыфара й дзеда Станою.

— Зацягвай мацней, я малады, поўны сiлы, разарву дрот, куме! — крычыць пратапоп, узбуджана скалячы зубы на Хусэйна.

— Сьмешна, вох, сьмешна, — адказвае Хусэйн. — Паказычы мяне, поп, каб я расьсьмяяўся.

— Дык вось як ты мне аддзячыў, Хуса, за тое, што я цябе, параненага, цягнуў праз усю Альбанiю? — зьдзеклiва пытаецца зьвязаны Братамiр.

„Так, нёс мяне, уратаваў мне жыцьцё, не магу ад таго адрачыся. Раздушылi б мяне тады ў тым пекле грузавiкi й танкi… А можа i не, нiчога б i не было, узялi б мяне ў палон iтальянцы ды выправiлi ў шпiталь. Сказаў бы iм, што ненавiджу сэрбаў i Югаславiю, напэўна б мяне пусьцiлi! Але што ж з таго, калi i ўратаваў. Ратаваў не з прыязнасьцi, а каб потым выхваляцца й да самай труны мне гэтым у нос тыкаць i згадваць“.

— А цi прасiў я цябе, каб ты мяне нёс? — выдыхнуў ён у твар Братамiру.

— Ты ж непрытомны быў, адной нагой на тым сьвеце, Хусэйне!

— Дык я ўдаваў, дурань, не хацеў загiнацца за дзяржаву вашу ўласкую25!

— Удаваў, бадай, не ўдаваў! — скалiць жоўтыя зубы Кемаль Асманавiч. — А ён цябе, куме, замест каня цi асла выкарыстаў.

— Ха-ха-ха! — рагатаў Фазьлiя.

— I чаму я ня кiнуў цябе тамака, навошта мучыўся, Божа ж мой! — скрыгатаў зубамi Братамiр.

— А хто ж тады прыйшоў бы да цябе сёньня калядаваць, калi б не ўратаваў ты Хусэйна! — выпрастаўся Зульфiкар.

— Думай, што кажаш! — прыгразiў Братамiру Кемаль. — Зараз вось гэтым нажом адсяку твой паганы язык!

А Стана й Мара б’юць сябе рукамi ў грудзi, Ёка самлела й павалiлася побач з софраю, лямантуюць i енчаць Любiца ды чатыры дачкi Страхiнi. Коса, старэйшая, кiнулася пад ногi Кемалю, цалуе яго смуродныя ад поту, мокрыя чаравiкi:

— Не, куме, Богам прашу! Не рабi гэтага, прашу цябе!

— Устань, Коса, ня пэцкайся ў гаўне! — закрычаў пратапоп Нiчыфар. — Не дамо сукiным дзецям, каб з нашае пагiбелi шчэ й цешылiся!

— Праўду кажаш, куме Нiчыфару, клянуся Аллагам! — iзноў разрагатаўся Фазьлiя. — Заўжды вы былi героямi ў сваiх пакутах, яшчэ ад Косава!

— I тады, калi мы з вашымi жонкамi, дзякуй Аллагу, спалi! I калi вашых дзяцей атурэчвалi! — умешваецца Зульфiкар.

— I калi мы вас, дзякуй Аллагу, на кол падсаджвалi! — падхапiў Кемаль i тыцнуў аўтаматам у сьпiну Братамiра.

— Любiца, горачка маё, цi прынясеш ты тое, што я табе казаў? — выкрыкнуў дзед Станоя.

Перапалоханая й зусiм ашалелая Любiца кiнулася ў кут да старога чорнага куфра, цяжкога дубовага куфра, якi шэсьцьдзесят год таму баба Стана прынесла з пасагам, што складаўся з жменькi дукатаў i засушанага пахучага зельля. Любiца ледзьве ўзьняла цяжкую накрыўку i пачала шукаць падарункаў.

— Добры ты чалавек, што тут казаць, куме Станоя! — паляпаў яго па плячы Фазьлiя. — Заўсёды я казаў, браты, што iхная хата самая гасьцiнная ва ўсiх Югавiчах.

— Так, так, дачка! А зараз, як належыць, раздай падарункi кумам. Кожнаму шкарпэткi й кашулi, як я табе й казаў. А Хусэйну, ад Братамiра, яшчэ й хустку.

„Адкуль у iх столькi мужнасьцi, — падумаў Хусэйн, — каб так трымацца? Я на iхным месцы даўно б усраўся! Плакаў бы, кленчыў, усё б рабiў. А ты паглядзi на iх, паглядзi на гэтых сьвiньняў!“

— Ня трэба мне хусткi, сраў я на тваю хустку! — вырвалася ў Хусэйна.

— Звычай, сынку, таго патрабуе. А ты рабi зь ёй, што хочаш, куме Хусэйне!

— Хачу Любiцу, ябаў я твае шкарпэткi й хустку!

— А я Косу, каб ёй вярнуць клятвы i пацалункi! — крыкнуў Кемаль.

— Клянуся Аллагам, братка, i я б Любiцу! — падскочыў Фазьлiя.

I ў той самы момант Хусэйн як бык накiнуўся на Любiцу. Схапiў яе рукамi за грудзi, тузае i дзярэ пацеркi, агалiў ёй плечы й цыцкi, прыцiскаецца да яе, пачаў яе лапаць i кусаць.

— Балiя26! — зароў Братамiр ды рвануўся да Хусэйна, за iм Войка i Страхiня. — Балiя, заб’ю цябе!

Фазьлiя нацiснуў на курок.

Войка i Страхiня захiсталiся, словы застраглi iм у роце, кроў пырснула на калядную цыцвару, адзiн струмень акрапiў i сiвую бараду пратапопа Нiчыфара. Упаў на стол i Боiца. Куля, прызначаная Братамiру, прайшла яму праз горла, разадрала гартань, не пасьпеў нават i ахнуць.

— Эх, шкада куляў, лепей нажом, мы ж дамовiлiся, — вырвалася ў Кемаля. — Куля для людзей, а гэтыя не заслужылi нават i нажа!

— Куля, браток, для мядзьведзяў ды iншых зьвяроў, толькi не для ўлахаў! — дадаў Зульфiкар.

— Трэба ўсё рабiць паволi, пацiху, па-кумску, мерна, памятаеце, што казаў Фiкрэт, — iзноў кажа задаволены Кемаль. — I ходжа, ведаеце, што казаў: бязь сьпеху, па-людзку, каб нiхто потым не дакараў.

— Цi пад’ямо зь iмi, мо было б добра, га? — запытаў Фазьлiя.

— Пасьля, пасьля, маем час. Грэбуюць намi, гiдзяцца туркаў, ня любяць з намi сядзець пры софры, сьмярдзiм мы iм, га, сьмярдзiм, кумку? — рыкае на Братамiра Кемаль.

— I не скачы больш, сядзi цiха, а то бач, ледзь не загiнуў! — рагоча Фазьлiя.

— Не бяжы, добра табе чалавек раiць, нельга ад сьмерцi ўцячы, анi табе, анi мне, усiх нас чакае, нiкога не выракалася! — ласкавым голасам паўтарае Зульфiкар.

„Што ж гэта робiцца, цi ўсё гэта сьнiцца мне, Божа ж мой! — пранеслася ў галаве Нiчыфара. Капае кроў зь ягонае барады, у крывi ягоныя пальцы, чырвоная кашуля. — Разьня, колюць, як парсюкоў, як быдла, за софраю, мацi галасiла й нагаласiла, я вiнаваты, гэта я зрабiў, возьмуць маю галаву, але ж хаця б толькi маю, усiх нас зарэжуць, усё, няхай будуць праклятыя, Богу заплацяць, зямлi заплацяць, што гэта я блею, якi Бог, чый Бог, няма Бога, няма нi партызанаў, дзе вы, чаму сёньня мяне не шукаеце, няма й ваяводы Мiтра, чаму яго не паслухаў, Бог мяне ня выслухаў, зямля мяне ня прыме, якi Бог, паглядзi, паглядзi ты на гэтага ката, на кума, на пароду Iльлiну, паглядзi ты на гэтых забойцаў, ябаць iх усiх да дзявятага калена, брашы, брашы, як сабака, што ты шчэ можаш, вось табе пабрацiмства, якое такое пабрацiмства, з кiм брацiмства, накiнуўся на куму, рэж мяне, зараз жа, зараз жа, каб ня бачыць, цi цяжка мне i цi гаротны я, адыдзi ад Любiцы, адпусьцi Анджу, паганец, што ж гэта, Мiтру, браце родны, што ж тутака казаць, залаты ты чалавеча, адкуль было ведаць, мiлы браце, усё пройдзе, усё пяройдзе, але нянавiсьць iхная, злосьць iхная, лiха iхнае нiколi, дзе ж быў мой розум, няма адказу, забiў усю сям’ю, забiў кожны свайго, рэжуць па ўсёй вёсцы, рэжуць, рэжуць, няўжо яшчэ не нарэзалiся, а пазычыў я Кемалю сёлета грошай i даў яму валоў араць, i бедалагу Боiцу, каб вадзiў тых валоў, Боiца, сынку дзедаў, Боiца, рана сьмяротная, глянь на гаротнага Страхiню, разьбiлi яму галаву, разьбiла яе маланка нябесная, цi ты чуеш мяне, Божа, дзе ты, Божа, цi ёсьць ты, не было цябе, выбачай, Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяцiся iмя Тваё, цi чуе мяне хто-небудзь, цi бачыць мяне хто-небудзь, дзе вы, чарнагорцы, партызаны, браты мае, партызаны, цi саграшыў я перад вамi, перад кожным, дзецi мае, няўжо сёньня ранiцай, няўжо на Каляды, апошнi раз нам разьвiднела, пры софры, сьпi, няшчасны Станоя, дапамажы Сьвяты Васiль Астроскi, дапамажы й пачуй мой праклён, а што дасьць мне той праклён, што мне, што дасьць, партызаны далёка, Мiтар далёка, чарнагорцы далёка, расейцы далёка, сонца далёка, Сэрбiя далёка, усё далёка, толькi Кемаль паблiзу, толькi яны паблiзу, Божа мой, цi яны гэта, хто гэта, што гэта такое, што гэта я хрышчуся, баюся, каб ня ўбачылi, няма Бога, няма яго сёньня ранiцою, Бог невiнаваты, ня бачыць ён усяго, ня можа бачыць усяго, Ойча наш, каторы ёсьць у небе, дзьме вецер, iрвецца, чуеш, як трасецца дах, зруйнуецца, упадзе неба, правалiцца зямля, хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, гаротны хлеб, крывавы хлеб, а быў Братамiр у Хусэйна сватам, у Бахоры, Божа ж мой, а тыя песьнi, а тое вясельле, чуеш, Братамiр, дык i я быў у Хусэйна сватам, вiтаў Дэдага, адкуль нам гэтыя беды, не скавычыце, жанчыны, дзеля iменi Боскага, адкуль вам толькi такая глотка, спынiся, Мара, толькi iх дражнiш, дзе ж тая Любiца, што гэта зь Любiцай, чаго плачаш, куранятка дзедава, Бог твайго дзеда цяжка пакараў, усё гэта дзед заварыў, Сiмана, галовушка ты мая разумная й чорная, так, вось як гэта было, далi мне чару, ня ведаю хто, можа, Кемаль, а можа, Дэдаг, а Рабiя маладзенькая, прыгожая, што ж рабiць, ведаю столькi тостаў, але ж ведаю толькi нашыя, няёмка мне, каб не ўпiкнулi, бач Фазьлiю, бач Зульфу, што ўтаропiўся, Зульфага, рэж, няшчасны, рэж, паскуда, заплацiш, заплацiш, а чаму гэта ён будзе плацiць, каму, каму, няма нiдзе нiкога, цi кiнуцца мне на яго, каб мяне забiў, куды кiнуцца, а можа й ня будзе, пакiне каго-небудзь, лепей яго не дражнiць, разадралi вы мне вушы, жанчыны, Ёка, Стана, ды дзе ж гэтая Любiца, п’яныя, вар’яты, не зрабiлi б таго цьвярозыя, п’яныя, як на вясельлi, а я падняў тады чару, першы выпiў Дэдаг, потым я кажу, што ж iншае мог тады прыпомнiць, жадаю, каб было добра iм i нам, ды яшчэ, так, так, было, казаў гэта, каб келiх вялiкi быў, як поўны ручай, а памiж намi любоў доўгая, каб Бог працягнуў жыцьцё й здароўе, шчасьце i квiтненьне, добра селi, прыстойна ўсталi, добрую памяць прынесьлi, а лепшую з сабою аднесьлi, дай жа лiтасьцiвы Божа, паслухай, лiтасьцiвы, каб ты быў лiтасьцiвы, не адбылося б гэтага сёньня ранiцаю, i ня толькi сёньня, ты звар’яцеў, Нiчыфар, ты п’яны, а яны не, як гэта сёньня ранiцаю, як гэта толькi з ранiцы, што ж ты зачапiўся за гэтую ранiцу, рэжуць нас зь лета, ад распаду Югаславii, нiчога не засталося, ад нашага распаду, Бог нас пакiнуў, цi сьпiць Станоя, цi жывы ён, у беднага Драгiшы крывавае вока, калi ж гэта яго пабiлi, не варухнецца Драгiша, паслухай, з ранiцы, паслухай, ад лета, заўсёды рэзалi, заўсёды, з тых часоў, як Iльля патурэчыўся, заўсёды, заўсёды, дзе ж гэта быў мой розум, Мiтру, браце, Мiтру, ваяводзе, няма ў мяне брата, вось гэта мае браты, гэтыя ёсьць маiмi братамi, ня маю нiкога блiжэйшага, што ты вызьверыўся, чаго ж ты хочаш, чаго ж ты хочаш, спынiся, спынiся, што ты намерыўся, Кемалю!“

— Ябi, чаго чакаеш, сыне Хусэйне! — крыкнуў Кемаль i накiнуўся на Косу, схапiў за валасы старэйшую Страхiневу дачку. Потым павярнуў галаву да Зульфiкара:

— Выберы i ты сабе якую курвiну! Iншых забi, адразу, няма калi!

— Зарэзаць цi застрэлiць? — пытаецца Зульфiкар.

— Беражы кулi, цюхцяй! — адказаў яму Фазьлiя.

Адным махам Зульфiкар апынуўся за софраю, памiж жанчынамi. Аддзялiў Анджу ад мацi й сясьцёр, кiнуў яе Кемалю i Фазьлii… блiснулi клiнкi!

Братамiр хацеў нешта сказаць i кудысьцi рушыць, ды здрадзiў яму голас, бы прыкавалi яго да падлогi, ня бачыць анiчога, перакулiўся пакой, здаецца яму, што столь у яго пад нагамi, спынiлiся думкi, глядзiць несьвядома, тупа i бяз выразу на твары. У галаве ягонай каламуцiцца толькi адна паўдумка, кiдаецца, б’ецца аб сьценкi чэрапа, i сам ён хiстаецца ў такт гэтым ударам: „Стрэльбы, гранаты, няма стрэльбы, няма гранаты, у сенцах сякера, усе зьвязаныя, у сенцах сякера, нiдзе няма стрэльбы, на софры нож, усе зьвязаныя, чым, няма нiдзе гранаты, у сенцах сякера…“

Менш чым за паўхвiлiны сьцiхлi енкi i крыкi „ратуйце“. Чуваць толькi сьвiст крывi i хрыпы.

У Братамiра трошкi расчысьцiлася ў вачох, бачыць ён нейкiя ценi, рухаюцца нейкiя ценi, а дзе ж Любiца, няма Любiцы, ён трасе галавою, каб вытрасьцi зь яе сякеру й гранаты, яму патрэбны розум, а розум яго пакiнуў, толькi вось гэтая сякера й гранаты круцяцца ў галаве, iзноў узьняў галаву, заўважыў Нiчыфара.

„Крывавая ў дзеда барада, уся кашуля ў крывi, зарэзалi яго, а ён жывы i стаiць, мёртвы, а стаiць, не паддаецца iм, так i трэба, так i трэба, дзед Нiчыфар, каб толькi мы былi незьвязаныя, што ж гэта я дазволiў сябе зьвязаць, мацi Божая, думаў, што яны не наважацца, нiчога мы iм не зрабiлi, сьвятая Тройца, цi гэта Сiманiна галава, а дзе Сiмана, вось яе галава, а чые гэта ногi, мацi, мацi, усе маўчаць, што ж гэта так усё зьнянацку, Божа, цi сапраўды мёртвы дзед Нiчыфар, а дзе ж Станоя, тата, што з татам, гранаты й стрэльбы, няма нi стрэльбаў, нi гранатаў, сякера ў сенцах, сякера ў сенцах, няма гранатаў, а мы зьвязаныя!“

У пратапопа Нiчыфара здубела крывавая барада, падрыгвае й стукае ён зубамi, круцiцца софра наўкола яго, цемра, усё гусьцейшы змрок, ня думае ён нi пра што, ня бачыць анiкога, чуе адно, як крычыць дзiцё, захлiпнулася ад плачу, амаль што задушылася.

Дзед Станоя адкрыў шырока рот, уперыў зрэнкi ў столь, твар скрывiўся, хоча завыць, няма моцы, язык здранцьвеў. Здаецца яму, што гэта не галава малой Сiманы, а галава iхнай авечкi, двугодкi Зырны, якую ўчора ўвечары, перад хатаю, на сьнезе закалолi Драгiша й Братамiр. I яна, калi ёй перарэзалi горла, таксама бiлася. Дый нож, якi аблiзвае Зульфiкар i зь якога зьбiрае кроў зь ляза i похваў, такi ж самы, як i Братамiраў: з доўгiм і блiскучым канцом, трошкi выгнуты наперад, похвы з бычыных рагоў, з прыгожаю срэбранаю аправаю. Падалося дзеду Станою яшчэ, што гэткi альбо падобны нож бачыў ён раней, нашмат раней, у дзяцiнстве, пад туркамi, на пасе свайго бацькi Божыдара i дзеда Вука Югавiчаў. Меў той нож, згадвае ён, восем срэбных зашпiлек на похвах i быў доўгi, аж на 26 пальцаў, i не абы-якiх, а Вукавых i Божыдаравых. Першым, раней за ўсё астатняе, раней за велiкодныя сьвечкi, раней за бутлi зь вiном, на Сьвятога Мiкалая клалi на софру гэты нож, i не абы куды, а туды, дзе было месца гаспадара i дзе мусiла быць месца толькi для гаспадара. Заходзiлi, — пранеслася ў галаве Станоi, — у дом розныя турэцкiя агi i дармаеды. Заходзiў i бэк Мустафа Асманавiч, прадзед Зульфiкара, i ён меў на поясе такi самы нож, можа нават i гэты, менавiта гэты, якiм Зульфа, ужо яго аблiзаўшы, спрабуе адсячы бараду пратапопа Нiчыфара.

Кашулю, якую падаравала яму Любiца, Хусэйн забiў ёй у рот, каб не верашчэла й не кусалася. Разяпiў штаны, спусьцiў iх да каленяў, паказалася ягонае голае вахлатае гузло, працiскаецца ёй прамiж ног, махтае нажом перад яе вачыма, гразiцца, што зарэжа. Яна раптам сьцiхла, толькi енкнула праз кашулю ў роце, зьняможана падалася i перастала торгацца. Хусэйн пачаў, уверх-унiз, увесь час нешта мармычучы, выгiнаецца, круцiць гузлом, захапiў яго юр, забыў усё ад асалоды, выпусьцiў нож з рукi, пачаў Любiцу хапаць за косы, грызьцi за шыю й шчокi. Пацякла з-пад iх кроў, нашмат шчадрэй i мацней, чым з шыi Сiманiнай.

— Машала27! Сыне, ты ж яе распароў! — ашалела, бы не ў сабе, ускрыкнуў Кемаль. — Цячэ, пырскае, лiецца, як з бочкi.

Не заўважыў Кемаль, як Любiца, пакуль Хусэйн стагнаў ад жарсьцi, намацала нож у сябе ля галавы, ухапiла яго за цаўё, падцягнула пад Хусэйна, пад самы пупок, прыцiснула моцна i адразу адчула вадкасьць i цеплыню пад пальцамi. Падалося ёй, што яна працяла вялiкi бурдзюк.

Хусэйн зарыпеў, дрыгануў азадкам, падняў галаву, iзноў енкнуў, Кемалю ўсё здавалася, што ад уцехi й задавальненьня.

— Афэрым28, сынок! Сыходзь, няхай цяпер асядлаюць Зульфа альбо Фазьлiя!

Любiца пакруцiла нажом у бурдзюку, з напругаю й гiдлiвасьцю. Потым торгнулася й выкруцiлася з-пад Хусэйна.

Пакусаная i зьбiтая, скрываўленая i раскудлачаная, яна ўскочыла на ногi i з нажом у руцэ рынулася на Кемаля. Ён спрытна адскочыў у бок, i яна, прамахнуўшыся, страцiла моц ды ўпала нiцма. Нож вылецеў з рук, грукнуў на падлогу i зьнiк у саломе.

Выпрастаўся й Хусэйн, вывалiў язык, сьлiна цячэ, споднi спаўзьлi на лыткi, кiшкi выпадаюць, ён падтрымвае iх рукамi. Мычыць, кроў лiецца яму па сьцёгнах, спрабуе рухацца, падае на каленi, як калода, бяз гуку. Лопнуў, вывалiўшыся, страўнiк i пацягнула смуродам каля забiтых i зьвязаных Югавiчаў.

— Хусэйне, сонейка маё! Шчасьце маё, надзея мая пахаваная! — завыў Кемаль Асманавiч.

Укленчыў ён каля мёртвага сына, перавярнуў на сьпiну, зьбiрае ягоныя скручаныя крывавыя трыбухi, пхне назад у распоратую нутробу.

— Забiлi цябе сукiны дзецi, ябаў я iх у душу мацер, усiх выебу да дзявятага калена!

Раптам ускоквае, у вачох шал, сьлёзы ня можа стрымаць, хiстаецца, як хворы, выцягвае з похваў нож, кiдаецца на Любiцу i, схапiўшы за валасы, шпурляе яе побач з Хусэйнам.

Адным махам, як сьвiнячы кумпяк, адцяў ёй левую грудзь, яна завiшчэла, кроў пырскнула яму на лоб i шчокi. Адцяў нос, выцягнуў з роту язык i таксама адрэзаў. Убiў лязо ў вока, пракруцiў колькi разоў i, выдраўшы вока, кiнуў яго на стол перад пратапопам Нiчыфарам. Тады дабiў Любiцу!

Тымчасам Зульфiкар, трымаючы Анджу за валасы i заламiўшы яе галаву назад, спрактыкаваным рухам махануў нажом, i галава Анджы засталася ў ягонай руцэ — вочы вылупленыя, рот разяўлены, быццам сказаць штосьцi хоча.

Фазьлiя зрабiў iнакш: вылiчыўшы Косiна сэрца, дакладна пацэлiў мiж рэбрамi, прыцiснуў з усяе моцы i пачаў гуляць нажом, закручвае яго справа налева, задае ўдары.

А Кемаль усё плача, круцiцца на месцы, гразiцца ды паўтарае:

— Дорага заплацiш мне за Хусэйна, дорага, куме Нiчыфару!

Неўзабаве спынiўся, выцер сьлёзы рукавом шынэлю, плюнуў на Любiцу, схапiў адрэзаную грудзь i кiнуў яе на распалены круг плiты. Засквiрчэла сырое крывавае мяса, i Кемаль, з усьмешкаю, падышоў да Братамiра. Адразу, без прыкiдкi забiў яму нож у горла, а потым, сьцягнуўшы чару са стала, напоўнiў яе да краёў Братамiравай крывёю. Зарагатаў так гучна, што Фазьлiя пальцамi заткнуў вушы, каб ня лопнулi. Потым узяў Кемаль другую чару і, налiўшы вiна, падсунуў яе Нiчыфару.

— Вось, кумку, хачу выканаць тваё жаданьне, стукнуцца з табою й выпiць!

Выпiў, адным духам, чару з крывёю, аблiзнуў вусны i выгукнуў:

— Хрыстос нарадзiўся, кумку!

„Стоячы памрэм, стоячы, — апрытомнеў ад Кемалевага крыку пратапоп Нiчыфар. — Не баяцца, усё, усё, толькi не баяцца, чаму быць, таго не мiнуць, пагiбель, канец сьвету, канец усяму, няма нiчога пасьля гэтага, няма, хлусiць Бiблiя, няма, а шкада, што няма, сустрэлiся б, спаткалiся б з Асманавiчамi, чаго iх шукаць, яны нас знайшлi, заўсёды яны нас шукалi, а мы iх нiколi, хай не шукалi, вось жары цяпер гаўно, памры стоячы, Нiчыфар, сьпявай, сьпявай, было б найлепш, каб засьпяваў, паспрабую, хачу паспрабаваць, бачыць Бог, як хачу, на злосьць сукiным дзецям, на злосьць Богу, яму, яму на злосьць, звар’яцеў ты, звар’яцеў, як бы Бог у чым вiнаваты, каму гэта ты зьбiраешся рабiць на злосьць, выбачай, Усявышнi, Ойча наш, каторы ёсьць у небе, а я буду сьпяваць, дай падумаю, якую, якую ж, дзе гэтыя песьнi, уцяклi ад мяне ўсе песьнi, ня ведаю, да д’ябла, нiводнай, што гэта ранiцаю сьпявала Сiмана, каб мяне, сьпявай, сьпявай, старая кляча, успомнi, сьпявай, сьпявай, цi ведае няшчасны Станоя хаця б адну, а, Божа ж ты мой, якiя ж усе няшчасныя, нiчога няма мацнейшага ад песьнi, эх, як бы я засьпяваў, якiя такiя сваты, Хусэйнавы сваты, гэта я памятаю, а песьнi ня ведаю, забыў я кожную песьню, а ведаю тост, чый тост, адкуль мне ў галаву прыйшоў гэты тост, казаў яго Братамiр, павiтаў кума, эх, якi гэта быў тост, ведаю яго ад першага да апошняга слова, ведаю, ведаю, лепшы, чым песьня, якая такая песьня, прасьпявай iм тост, няхай успомняць, няхай успомняць, калi ўвогуле штосьцi памятаюць, а чым памятаюць, маюць яны чым, маюць, маюць, i памятаюць яны, толькi мы ня памятаем, толькi мы забываемся, хто такiя, хто такiя мы ўсе, вiншаваньне для Мiтра-ваяводы, ён таксама памятае, а можа й ня памятае, а толькi малоцiць языком, прабач, браце, прабач, Мiтру, няхай мне кожны выбачыць, кожны, кожны, выбачайце i вы, злачынцы, а што iншае магу я вам казаць, ня ведаю правiльных словаў, ня ведаю сапраўдных песень, толькi Братамiраў тост на Хусэйнавым вясельлi, слухайце, слухайце, слухайце, браты й крэўныя, зараз я засьпяваю, прачышчу горла, так, так, давай, ня бойся, няма нiчога такога, каб баяцца, кашлянi яшчэ раз, дарма, дарма, божа, а шкада, вельмi шкада, якое няшчасьце, якая бяда, здрадзiў мне голас, мелi б што пачуць, эх, як мне цяжка, ну як жа гэта было, а было гэта так, бачу Братамiра, эх, няшчасны Братамiр, стаiць у канцы софры, у Кемалевай хаце, вiншуе ўсiх, а глядзiць на Хусэйна й Дэдага, прыгожы, як з карцiнкi, а словамi слова даганяе, дай, кажа, Божа, каб прыйшоў я ў дом ваш сёлета, а й вы прыйшлi б у мой дом да канца гэтага году, i многiя гады добрага жыцьця, калi Бог дасьць, цалавалiся, як хлеб i вiно, лашчылiся, як сапраўдныя браты, заўсёды прыходзiлi i брацкую любоў дзялiлi, за здароўе i доўгае жыцьцё кожнага майго прыяцеля, i кума, i пабрацiма, амiнь, дай Божа, паднесьлi нам атруту, што iм на тое сказаць, бедны Братамiр, цi скажа iм калi-небудзь i хто-небудзь пра гэта, ня скажа нiхто, усiх нас заб’юць, усiх нас забiлi, заб’юць i гэтае дзiця, насяры мне, Мiтру, на труну, нiчога лепшага я не заслужыў, i труны не заслужыў, толькi ня бойся, толькi ня бойся, але ж што з таго, што нажом, няхай нажом, няхай нажом, забiвай, страляй, душы, толькi не нажом, кум Кемаль, паглядзi, якi ў цябе добры аўтамат, страляй у мяне, давай, давай, да каго гэта ён, да каго гэта ён, можа да мяне, а можа ня хоча, можа, я ператрываю, як жа я ператрываю, што гэта ты вярзеш, няшчасны Нiчыфару, сорам, Нiчыфару, спалохаўся ты за сваю сраку й дурную галаву, застаўся безь яе, а навошта табе галава, а навошта табе жыцьцё, як гэта навошта, гэта маё жыцьцё, маё, нiчыё iншае, анi тваё, Кемаль, анi тваё, Божа, адно ёсьць жыцьцё, i адзiн Бог, выбачай Усявышнi, Ойча наш, каторы ёсьць у небе, памры як чалавек, не хачу памiраць, спынiлася завiруха, Божа, цi насамрэч спынiлася завiруха, цi сьпявае нехта, сьпявае певень, сьпявае певень, а я не магу, а мне не сьпяваецца, i боязна мне, цi прыйдзе Мiтар, цi прыйдуць партызаны, што гэта казаў Мiтар пра партызанаў, яны адпомсьцяць Асманавiчам, яны, яны, але ж не, ня бойся, нiхто нiчога ня зробiць, яны мацнейшыя за ўсiх, толькi нажом, i нясьпешна, ня сёньня ранiцаю, ня тутака, а нiдзе, Божа, спынiлася завiруха, мусiць быць гожы дзень, сьпявае певень, ён нiчога ня ведае, яму ўсё роўна, заб’юць i яго, няхай засякуць, чый гэта певень, наш певень, няхай яго засякуць, ну, вось i адшукаў, што буду сьпяваць, добра Страхiню, нiчога ня бачыць, шчасьлiвая й ты, Мара, а цi шчасьлiвыя мёртвыя, сьмерць цудоўная, найлепшая ад усяго, забi, даражэнькi, не катуй мяне болей, Кемалю, удар, удар, турча, i нажом, i куляю, i зубамi, i плугам, чуеш, плугам, дзе гэта наш плуг, зламаўся лямеш, сёлета зламаўся на раскарчоўцы, цi хто яго паладзiў, ды до ўжо, до ўжо баяцца за сваю галаву, хто гэта страляе, дзе гэта страляюць, iржэ конь, Мiтроў конь, асёл Мiтроў, каб толькi не забiлi малога, не далi мы яму iмя, няма iменi, заб’юць яго бяз iменi, лiха маё, лiха нашае, засьпяваю, далiбог, каму гэта буду я сьпяваць, ня маю калi, ня дасьць Фазьлiя, ня дасьць Зульфа, зараз жа, зараз жа, што ж гэта робiць Зульфа, п’е кроў, лiжа нож, так i маю будзе, не маю, не, чаму не, вазьмi й маю, пi й маю, рэж, рэж, Ойча наш, выбачай, Ойча наш, каторы ёсьць у небе, толькi стоячы, толькi сьпявай, сьпявай, Нiчыфару!“

„Назiрай, назiрай, ёсьць на што паглядзець, — усё круцiцца па хаце i разважае пра сябе Кемаль Асманавiч. — Думалi, што мы ня прыйдзем, абложаныя мы, спалохаемся непагадзi й завiрухi. А яшчэ кажуць, што мы браты, парсюк вам брат, гэта мы ды вам братамi будзем, лепей бы ў мора скочыў. Ведаем мы вас, ведаем, заўсёды вы нас трымалi за вылюдкаў, за нiжэйшых ад сябе, сьмярдзiм вам салам, кажаце, што мы неачэсаныя, думалi, што вы нейкi асобны гатунак, паноў удавалi ды нават, калi былi нашымi сваякамi, i тады трымалiся гэтак, як бы былi вышэйшыя за нас, i глядзелi на нас з вышынi, як бы мы вашыя, а ня вы нашыя, як быццам мы рабы. Кумавалiся мы з вамi, бо мусiлi, бо былi вашая ўлада й ваш час, апошняя вашая ўлада, у гэтым вам прысягаю! Аллагам i мёртвым Хусэйнам вам прысягаю!“

Драгiшу здрадзiлi ногi, ён павалiўся на падлогу, адкiнуў галаву на левы бок, вусны ў яго сiнiя. Упаў, побач зь iм, i сын ягоны Трыфка, прычапiўся да бацькi, трасецца ад страху i плача, толькi ўсхлiпы ягоныя невыразныя, прыглушаныя, як бы здалёк, зь нейкай суседняй хаты, альбо з труны, цi з-пад гурбы сьнегу. Пасiнелi й апухлi Трыфкавы пальцы на зьвязаных руках, патануў дрот у мясе, i не прыкмецiш яго.

Зульфа штыхом тыкае ў твар Драгiшы, той ня рухаецца, ня стогне, як бы калолi камень. Рагоча Зульфага, расшпiльвае прарэху, сцыць на Драгiшу й Трыфку, гамонiць:

— Дык я цябе выцьверажу пасьля каляднай папойкi, байструча ты ўлахаў!

Дзед Станоя самлеў, упаў нiцма каля стала. Мроiцца яму, што ён на талацэ, што iдзе ён першым касцом, на Брнiцы, а можа нават на сьлiўлянскiх Брлявах. Адарваўся, аддзялiўся ад усiх, ляцiць над лугам, адсякаючы галоўкi чырвоным макам. Клiчуць яго, просяць спынiцца, крычаць, што прыгатаванае ўсё да полудня, ужо зь верхам мяса ляжыць на блясе, а яму дадуць галаву i лапатку, бо ён гэта любiць i належыць так першаму касцу. А ён ня можа спынiцца, павярнуў у кiрунку грады, у бок Крылаў. Пад iм велiзарныя мурашнiкi, а ў мурашоў крылы, яны ляцяць, ляцяць, даганяюць яго, ня мае ён моцы скiнуць iх зь сябе, усяго яго пакусалi. Гэта не мурашы, а пчолы, выйшлi на пашу, зьбеглi ад Панты Галубовiча, так, так, гэта Пантавы пчолы, цячэ мёд зь iхных крылаў, клеiцца да ягонага цела, ня можа больш ляцець, падае, падае, i ня можа нiяк спынiцца. Зараз пад iм тая самая паляна, i не паляна, а возера, пасярод вады — драўляны трыножак, ведамы яму гэты трыножак, на iм дзед Вук Югавiч, сьпявае:

Дзе яна сама ўпала,
Там возера стала.
Па возеры вараны конь плыве,
А за iм залатая калыска.
На калысцы сядзiць шэры сокал,
У калысцы той хлопчык,
На горле ягоным рука матчына,
А ў руцэ цётчыны нажы!

Правалiлася возера пад дзедам Вукам, пайшоў ён пад ваду разам зь песьняю i з гусламi, няма драўлянага трыножка, цяпер гэтая калыска поўная галоваў, насаджаны яны ўсе на калы i добра яму вядомыя. Iхныя, iхныя, ня могуць быць iншыя, iхныя, ну так, пазнае iх па ўсiм, асаблiва па вачох. Першая галава — малой Сiманы, затым галава Станы, потым Мары i Братамiра. Палiчыў iх, дакладна шаснаццаць, а зусiм ззаду пазнае й сваю галаву, а потым пратапопа Нiчыфара. Пад горлам у кожнага рукi Асманавiчаў i нажы. Брацкiя рукi i нажы, нiхто iншы, апроч свайго, так было спаконвеку, няма тут нiчога новага. Але дзе ж малое, ня бачыць ён яго, няма ягонай галавы, куды падзелася?

Абудзiўся ад стралянiны й крыкаў:

— Ганiце быдла ў царкву, Iбрагiiiiiме!

— Эй, Фэрыдээээ!

— Эй, Ахмэцееееее!

— Эй, Кемалюююю!

Зульфiкар тыкае штыхом Драгiшу, крычыць яму, што ўжо разьвiднела, што досыць ужо спаць, час падымацца, прыбылi суседзi, рэжа яму вуха, сячэ пальцы на руках. Потым кажа з жалем:

— Паглядзi ты на яго, як здранцьвеў! Шкада, клянуся Аллагам, а то карцела мне вельмi гэтую ягоную ўласкую рэч неабрэзаную адсекчы i запхнуць яму ў глотку!

Трыфка не адыходзiць ад бацькi, абняў за шыю, дрыжыць, нiбы ў падучцы. Кемаль страцiў цярпеньне, ударыў Трыфку нажом у сьпiну, памiж лапаткамi, прыбiў яго да грудзей Драгiшавых. Зрабiў гэтак два разы, тады толькi выпрастаўся i пхнуў перад сабою пратапопа Нiчыфара:

— У царкву, куме, каб Югавiчы маглi адсьвяткаваць Каляды i памалiцца за душу майго Хусэйна!

Праз рыпеньне сьнегу пад нагамi, праз шум i ўсташоўскiя загады, што даносiлiся з усiх бакоў, Кемаль не пачуў праклёнаў зморшчанага i акрываўленага пратапопа:

— Дай Божа, каб на вякi вякоў улоньне тваё развалiлася, дай Божа, каб вада твая высахла, а ўзгоркi ў моры патанулi, дай Божа, каб усе ямы пад табою правалiлiся, дай Божа, каб з твайго семенi толькi атрута ўзьнялася, каб пад вiльчыкам хаты тваёй толькi праказа радзiлася й памнажалася, зямля герцэговiнская! Дай Божа, каб апроч гэтага сабачага i лiхога паганскага семенi нiчога не магло ў цябе зачацца i нарадзiцца, а толькi б праказа праказу забiвала i зьнiшчала, пакуль уся ня вынiшчыцца ў нашым гноi, дай гэта Сьвяты Васiль Вялiкi!

Мароз шчыпле за вушы й скулы, хвошча вятрыска ўздоўж вулiцы, дым, якi валiць ад спаленых хат, нiяк ня можа ўзьняцца ў неба i аддзялiцца ад гэтае пустое i страшнае зiмовае белi i згаслых вогнiшчаў; жахлiва, нiбыта выракаюць, выюць i скавычуць сабакi Югавiчаў, равуць каровы, гойсаюць перапуджаныя конi, блеюць авечкi, каты сноўдаюць па сьцежках i выгiнаюцца каля ног тых, хто жахлiвай чарадою, зь перадсьмяротнымi стогнамi, крочыць да царквы, не ўсьведамляючы, што адбываецца i куды гэта iх сёньня вядуць i цягнуць.

Завiруха ўсё мацнее, уздымае зь зямлi калючы сьнег, круцiць яго, сыпле на катоў, на сабак, на тлелыя вогнiшчы, на Югавiчы, на калёну зьвязаных людзей i на яе правадыроў.

Забiваецца гэты сьнег у вопратку i ў бялiзну, у бровы i ў косы, у замкi ўсташоўскай зброi, засыпае раны на сколатых шыях, замятае шнары на людзкiх тварах i на ўсё накiдвае плашч цудоўнага спакою i нявiннай белi.

Там, у лагчыне, у кiрунку Брняца, Вучава i Чэмэрны, у напрамку Зэленгоры i Думашаўскiх Градаў выбухнула таксама белая i густая завея, i невядома, i нябачна, цi крочаць адтуль да царквы ў Югавiчах такiя самыя калёны цi, можа, якiя-небудзь ратаўнiкi.

Але ж скуль, у гэтую ранiцу, прыйдуць ратаўнiкi?

I каго, калi б нават i дайшлi, сталi б ратаваць гэтыя нябачныя ратаўнiкi?

— Забылiся мы ў хаце, Кемалю, дзiцёнка Братамiрава, — вынырнуў з завiрухi, хукаючы на замерзлыя рукi, Фазьлiя.

— Бяжы, вяртайся ў хату ды накрый чымсьцi Хусэйна!

— А што з малым, забiць?

— Прынясi ў царкву, няхай ходжа вырашыць!

Цi мог бы пасярод гэтае бяды й завiрухi Кемалевы словы пачуць пратапоп Нiчыфар? Але ж спынiўся, выпрастаўся, як статуя, па-прароцку ўсьмiхнуўся i пачаў жалiцца ў завiруху:

Лютая клятва падзе на вылюдка!
Пракляне мiжволi мацi сына,
Пракляне Мара свайго сына Станiшу,
Прыкусiў ён ёй, смокчучы, грудзi,
Пралiў райскае ёй пiтво за пазуху!

Падбег да яго нехта з усташоў, запхнуў пратапопу рукавiцу ў рот i плюнуў у твар. Падышоў да Нiчыфара i малады ходжа, якi толькi той зiмою вярнуўся з школы з Каiру.

— Ала i вера, поп! Буду мужам мацi сваёй у гэткую непагадзь, калi гэтую тваю прагу да песьнi, як прыйдзем у царкву, не спаталю. Тады рыпi, унутры, памiж iконамi, равi, хрыпi, брашы i вый, скавычы, колькi табе глотка дасьць!

Галава доўгай калёны прайшла праз выдраныя i кiнутыя ў сумёты вароты царкоўнай агароджы. Нехта з Асманавiчаў нацiснуў на царкоўныя дзьверы, зьбiў засаўку, трэснуў нагою i зароў:

— Заганяйце быдла ўнутро, каб яго не працягло!

— I агонь запалiце, каб сагрэлася i павесялела! — дадаў малады ходжа Вэлiя.

Падышоў i Фазьлiя, задыханы, з калыскаю на плячох. Загадаў яму ходжа апусьцiць калыску на зямлю, потым адхiнуў чорную чабанскую накiдку i паглядзеў на зьмерзлае дзiця, якое дрыжэла i бяз плачу смактала палец левай рукi. Паклiкаў Кемаля. Паклiкаў i ўсташоўскага камандзiра, свайго стрыя, каржакаватага Фiкрэта Асманавiча, якi быў нападпiтку.

— Клянуся Аллагам, на штых яго трэба i ў агонь! — выдыхнуў Фазьлiя.

— А ты, Кемалю, што б ты зрабiў?

— За ногi ды гэтым гаўнюком аб царкоўныя сьцены, каб адпомсьцiць за Хусэйна!

Ходжа даў знак Фiкрэту, аддалiўся зь iм на пару крокаў у бок, пашаптаўся, а потым, вярнуўшыся да калыскi, сказаў Кемалю.

— I я, — павольна пачаў ходжа, — грукнуў бы яго аб царкву, калi б не было яшчэ больш страшнай, жахлiвай кары й помсты, мой Кемалю! Вазьмi яго, ён зараз твой, замест Хусэйна! Ня мусiм яго, слава Аллагу, нават атурэчваць, яшчэ неахрышчаны ён i неапаганены!

— Клянуся Аллагам i верай, мне гэта недаспадобы!

— А скажы мне дакладна, Кемалю, калi твая нявестка нарадзiла Хусэйну сына?

— Паўгода таму, калi мы паскiдвалi тых улахаў у яму каля Корыта i калi, браце, прыйшла вестка, што выбухнула сэрбскае паўстаньне ў Нэвэсінi29.

— Значыць, так, Кемалю. Твая нявестка Рабiя цяпер ля адной грудзi будзе трымаць Фахрудзiна, сына Хусэйнава, а ля другой гэтага байструка, сына Братамiрава, Алiю Асманавiча, вось я яму i iмя знайшоў!

— Чаму Алiя? I чаму ўсё ж не зарэзаць гэтае быдла?

— Увесь час яны нам наракалi, што, маўляў, паўсталi мы ад iхнага прапрапрадзеда Iльлi, якi патурэчыўся i перамянiў iмя на Алiя. Ну, што ж, калi гэта так, яшчэ раз, браты, мы зь iмi пабратаемся i пароднiмся. I вось што, яшчэ раз зь iхных крывi i семенi праб’ецца семя Алiёва!

— У цябе, ходжа, розуму багата! — падскочыў, незаўважна да iх далучыўшыся, Зульфiкар.

Скiнуўшы зь сябе шынэль, ён перакiнуў яго цераз калыску i сказаў з задавальненьнем:

— Аллаг цябе ўратаваў, Алiя Асманавiч.

Тымчасам у царкву з блiжняга хлява прынесьлi сена. Раскiдалi яго па каменных плiтах, па абразох, па драўляных жоўтых сходах, якiя вялi да званоў.

Сена кiнулi i на зьвязаных i пабiтых Югавiчаў.

Нiхто не баранiўся, нiхто не варухнуўся, не было нi плачу, нi сьпеваў. Не сьпяваў i пратапоп Нiчыфар, хаця ходжа i выцягнуў рукавiцу зь яго роту, схапiў за падрапаную бараду i сказаў:

— Ану, поп, зачынай гэтую, пра Стояна Кавачавiча, якую ты летась на Каляды сьпяваў у Югавiчах! Альбо, калi маеш ахвоту, гэтую наскую, турэцкую, пра агу Чэнгiча30 ды пра кроў вашую, што пралiў ён на Грахаве. Выбiрай, хаця мне, душа мая, гэтая апошняя больш даспадобы!

Пратапоп на яго й не паглядзеў. Толькi зусiм цiха, ледзь варушачы патрэсканымi й скрываўленымi вуснамi, шапнуў:

— Нiчога добрага ня будзе! Нiчога ня будзе добрага для цябе, чорная i спустошаная, праклятая зямля герцэговiнская!

Прыцягнулi ў царкву й гальлё, запалiлi агонь, завалiлi дзьверы бярвеньнем.

Узьняўся дым i полымя, пачаўся стогн, енк i вiск, як калi пастухi пякуць вужаку на вугольлi.

Ходжа ўзяў калыску, узьняў яе на плечы — высьветлiў яго агонь, абгарнула завiруха, i ўсе пачулi тое, што ён вымавiў:

— Вiншуй iх з Калядамi, Алiя Асманавiч!

 
Пераклала з сэрбскай Алена Арэшка паводле:
Вук Драшкович. Нож. Београд. Записи, 1982

 

ЗАЎВАГІ

1Калi яму ўсташоўскi кат у Ясэнаўцы… — Усташы — узброеныя фармаваньнi Незалежнай Дзяржавы Харватыi (НДХ), назва паходзiць ад „усташ“ (харв.) — паўстанец. На чале большасьцi аддзелаў стаялi сябры ўсташоўскай харвацкай рэвалюцыйнай арганiзацыi, якая была сфармаваная пасьля манархiсцкага дзяржаўнага перавароту ў Каралеўстве Сэрбаў, Харватаў i Славенцаў 6 студзеня 1929 году (пасьля перавароту — Каралеўства Югаславiя). Ясэнавац — усташоўскi канцэнтрацыйны лягер у Босьнii.

2Софра — нiзкi стол цi ўрачыстая трапэза.

3Гуслы — паўднёваславянскi смыкавы iнструмэнт, корпус грушападобны, струны, смык кароткi, трымаюць гуслы старчма.

4Нэвэсiнскае паўстаньне — адно з шэрагу антытурэцкiх паўстаньняў, якiя ахапiлi Босьнiю i Герцэговiну ў 1875—1878 гг.

5…калi пала Турцыя… увайшлi ў Герцэговiну аўстрыйскiя жаўнеры…— паводле Сан-Стэфанскай мiрнай дамовы (люты 1878 году) Босьнiя i Герцэговiна атрымалi аўтаномiю, паводле Бэрлiнскага трактату 1878 году Босьнiя i Герцэговiна адышлi да Аўстра-Вугоршчыны.

6…хату ягонага бацькi Божыдара наведвалi Васа Пэлагiч, Мiца Любiбрацiч, …Богдан Зiмонiч.. — Васа Пэлагiч — рэвалюцыянэр, першы прапагандыст сацыялiстычных iдэяў у Босьнii i Герцэговiне; Мiца Любiбрацiч, Богдан Зiмонiч — кiраўнiкi герцэговiнскiх паўстаньняў супраць туркаў другой паловы ХIХ стагодзьдзя.

7 Зазiрнуў аднойчы… i Пэтар Мрконiч, унук Караджорджы й будучы кароль Сэрбii…— Пэтар Мрконiч — Пэтар I, кароль сэрбскi, а пасьля Каралеўства Сэрбаў, Харватаў i Славенцаў з 1903 па 1921 год, Караджорджа (1768—1817) — нацыянальны герой сэрбаў, кiраўнiк Першага сэрбскага паўстаньня 1804—1813 гг. супраць Асманскай iмпэрыi, заснавальнiк каралеўскай дынастыi Караджорджавiчаў, забiты на загад Мiлаша Абрэнавiча, кiраўнiка Другога сэрбскага паўстаньня.

8Ведаў пратапоп i Нэдэльку Чабрынавiча… — Нэдэлька Чабрынавiч, сябра арганiзацыi „Млада Босна“, якая падрыхтавала замах на аўстрыйскага эрцгерцага Франца-Фэрдынанда ў Сараеве 28 чэрвеня 1914 году; бомба, кiнутая Чабрынавiчам, не пашкодзiла Францу-Фэрдынанду: ён загiнуў у той жа дзень ад кулi Гаўрылы Прынцыпа.

9…а часта й да самога Косава… — на Косавым полi 15 чэрвеня 1389 году сэрбска-басьнiйскае войска пацярпела паразу ад войска турэцкага султана Мурада I, i Сэрбiя стала васалам Асманскай iмпэрыi.

10…пасьля распаду Аўстрыi i паўстаньня Югаславii… — распад Аўстрыi адбыўся пасьля падпiсаньня Аўстра-Вугоршчынай мiру з Антантаю 28 кастрычнiка i капiтуляцыi 4 лiстапада 1918 году. У вынiку аддзяленьня паўднёваславянскiх тэрыторыяў ад Аўстра-Вугоршчыны 1 сьнежня 1918 году паўстала Каралеўства Сэрбаў, Харватаў i Славенцаў, пасьля манархiсцкага дзяржаўнага перавароту 1929 году — Каралеўства Югаславiя з „адзiным югаслаўскiм“ народам.

11Швабскi — тут аўстрыйскi.

12…калі ня стала Югаславii й стварылі Незалежную Дзяржаву Харватыю… — 10 красавiка 1941 году было абвешчана аб паўстаньнi на акупаванай немцамi й iтальянцамi тэрыторыi Незалежнае Дзяржавы Харватыi, якая ўключыла ў сябе Босьнiю i Герцэговiну.

13…пад час красавiцкае вайны… — Нямеччына напала на Югаславiю 6 красавiка 1941 году, 17 красавiка генэрал Калафатавiч ад iмя ўраду падпiсаў акт аб капiтуляцыi югаслаўскай армii.

14Погача — круглы прэсны хлеб.

15Антэ Павэлiч — кiраўнiк створанай пад акупацыяй (10 красавiка 1941 году) Незалежнай Дзяржавы Харватыi, яе „поглаўнiк“.

16…памiж „кукардамi“ i „чырваназорнымi“… — кукарды насiлi на шапках чэтнiкi, узброеныя сiлы эмiгранцкага каралеўскага ўраду, якiя на мэце мелi аднаўленьне Югаславii як канстытуцыйнай манархii, ад „чэта“ — аддзел (сэрб.); „чырваназорныя“ — чырвоную зорку на шапках насiлi партызаны-камунiсты. 4 лiпеня 1941 году Палiтбюро Камунiстычнай партыi Югаславii аддала загад пачаць узброеную барацьбу супраць акупантаў.

17Цыцвара — нацыянальная сэрбская страва з кукурузнай мукi, масла й сыру.

18Ракiя — гарэлка з садавiны альбо вiнаграду.

19…Косаўская вячэра i лёс Абiлiча з Бранкавiчам… — згодна з народным паданьнем, напярэдаднi Косаўскай бiтвы князь Лазар запрасiў вялiкiх сэрбскiх фэадалаў да сябе на вячэру, памiж iмi пачалiся спрэчкi, Вук Бранкавiч абвiнавацiў Мiлаша Абiлiча ў здрадзе, а наступнага дня Мiлаш Абiлiч прабраўся ў султанскi намёт i закалоў турэцкага султана Мурада I.

20Чакшыры — усходняе сподняе мужчынскае адзеньне, з вузкiмi нагавiцамi, якiя зашпiльваюцца на баку.

21Арнавуты (з гр.) — альбанцы.

22„Сьвята славы“ — сямейнае сьвята ў гонар сьвятога, патрона сям’i.

23Ракiя прэпэчэнiца“ — моцная ракiя, два разы перагнаная.

24Каймак — вяршкi.

25Улах — абразьлiвая назва праваслаўнага сэрба i чарнагорца.

26Балiя — абразьлiвая назва для басьнiйска-герцэговiнскiх мусульманаў.

27Машала — воклiч зьдзiўленьня й захапленьня.

38Афэрым (з пэрс.) — брава! выдатна!

29…выбухнула сэрбскае паўстаньне ў Нэвэсінi… — пачатак узброенай барацьбы чэтнiкаў супраць нямецкiх акупантаў у чэрвенi 1941 году ў Босьнii i Герцэговiне.

30…зачынай гэтую, пра Стояна Кавачавiча… гэтую наскую, турэцкую, пра агу Чэнгiча… — Стоян Кавачавiч (1821—1911), ваявода, гайдук, змагаўся з туркамi i аўстра-вугорцамi; герой народных паданьняў, Iзмайл-ага Чэнгiч (1788—1840), герцэговiнскi фэадал, змагаўся з сэрбскiмi паўстанцамi ў 1809—1810 гг., герой паэмы харвацкага паэта Iвана Мажуранiча „Сьмерць Iзмайла-агi Чэнгiча“.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList