СКАЗ ПРА ЛЫСУЮ ГАРУ Нiл ГIЛЕВIЧ Раздзел першы. Дзяльба Наш век наогул вельмi тлумны, Мы з гэтым звыклiся даўно: Футбол i бокс, i джаз бяздумны, I п'янкi з сексам заадно. Але такога крыку-гвалту, Што цэлы дзень хiстаў той дом, Дзе не сабраў касцей гаўляйтар, — Не чулi ў Мiнску шмат гадоў. Спачатку цiха памiж люду Размовы-чуткi папаўзлi, Што пад сады-гароды будуць Даваць па лапiку зямлi. Пасля, як заклiк да атакi, Як звон магутны вечавы, Пранёсся клiч: "На сход, пiсакi! На сход, пiсакi, хто жывы!" "Дык значыць праўда, братцы? Дзеляць?" I вось, штурхаючы народ, Пабеглi аўтары i чэлядзь У дом пiсьменнiкаў на сход. Ляцелi жонкi, дочкi, цешчы, Дзядзькi i дзядзiны, швагры, I хто з бальнiцы мог уцекчы — Джгаў — не дагналi дактары. Усiм здавалася: хто першы Падыме голас на дзяльбе — Той i адхопiць кус найлепшы I тым узвысiць ён сябе. Яшчэ ж глыбока ў сэрцы кожны Хаваў надзею ўсiх надзей, Што абразаць пачнуць заможных — I ўдасца з iх урваць надзел. Куды лацвей схапiць не пустку, А ўжо дагледжаны гарод: I хрэн гатовы, i капустку, I нават бубкi на кампот. Шамякiн, праўда, быў спакойны: Яму паспелi ўжо сказаць — Адтуль, з гары: "У вас нiколi Мы не дазволiм абразаць!" Сёй-той жа быў i азадачан: А што, як гэта галыцьба Расшкуматае нашы дачы? Якая ж будзе тут дзяльба? Але ўладальнiкi фальваркаў Дарма дрыжэлi па дамах: Нiхто не думаў бiць па карку, На iх дабро рабiць замах. Паўнюткi дом гудзеў, як вулей, I нецярпенне ўсё расло, Пакуль нарэшце не пачулi Святую праўду "вешчых" слоў. Адкрыў прафорг Шушкевiч веча: — Сябры! Вы ведаеце, што? Каля Заслаўя, на пустэчы, Далi гародаў роўна сто! Сябры! Паўстаў непераможны — З-пад тоўшчы часу ў дзвесце год — Кандзiдаў лозунг: "Хай жа кожны Капае сам свой агарод!.." Тады ўскiпеў паэт з народа: "Мне срам, потомку кузнецов: Какие ж это огороды, Коль без готовых огурцов?!" Ды прыступiлi ўсё ж да торгу, Дзяльба пайшла сваёй чаргой, I Валасевiч на прафорга У наступ рушыў з качаргой: — Дзялi, птамаць, сумленна й чэсна, Бо калi будзеш махляваць — Па голым чэрапе як трэсну — Дык i пакоцiшся, птамаць!.. Шушкевiч, глянуўшы з дакорам, Парадак абвясцiў такi: — Спярша давайце пагаворым, Пасля пацягнем жарабкi. Антон Бялевiч, хоць i моргаў, Рвануўся першы слова ўзяць I на няшчаснага прафорга, Рукой махнуўшы, крыкнуў: — Сядзь! Я — не Шамякiн i не Броўка! Я не вазьму сабе грады! Пакуль на свеце ёсць Дуброўка — Яе песняр я назаўжды!.. I так махнуў рукою бурна I крутануўся так Антон, Што па iнерцыi з трыбуны Пайшоў на публiку вiнтом. Ды ў той жа мiг падняўся Ставер (Ста-ры, iначай, вер-шаплёт). Як кавялу, нагу адставiў I даў фантазii палёт: — Ў мяне ў любым раёне грады, У кожнай вёсцы — свой народ! Куды прыеду — там i рады, Там i вядуць мяне ў гарод. Там рэдзьку з хрэнам ем ад пуза, Турнэпсы ўволю храбашчу, А як налопаецца Муза — Да ночы вершамi трашчу! У баразне й начую часам — I снiцца розная херня: То Скрыпка з Эвентавым разам, То нейкi Чавускi-Вiрня!.. Тут Дзеружынскага заела: — Я ж першы ў спеўнiках стаю! Мне балбатня ўжо надаела — Лепш я вам песню прапяю!.. Тады змянiўся з твару Вiтка, Нервова шкелачкi працёр, Яму, напэўна, стала брыдка, Бо выйшаў цiха ў калiдор. "Ну i актыўнасць, — думаў горка, — Такая зроду не была. О, каб i творчая гаворка На ўздыме гэтакiм iшла!.." I Лупсякоў, якога жонка Прывалакла сiлком на сход, I ён адчуў сябе няёмка I плiтануў праз чорны ход. З балючай скрухай на аблiччы, Спыняў сустрэчных: — Слухай, брат! Яны ж мяне вар'ятам лiчаць, А дзе — вар'яты? Хто — вар'ят?.. Мiж тым, далёка ў заднiм радзе Сядзеў вядомы драматург, I ясна ўсё было ў паглядзе, Што думаў ён пра тлумны гурт. "Чаго гавэнда гэта варта? Увесь ваш крык — адна камедзь. Такога хутара-фальварка, Як мой — нiколi вам не мець!.." Ды вось падняўся Хведаровiч — Сiвагаловы аксакал — I песiмiстам нездаровым Рэвалюцыйны даў запал: — Прашу, таварышы, паверыць, Што калектыў — адзiны шлях, I я пайду вам грады мераць З чырвоным бантам на грудзях! Я ў тундры марыў, як аб цудзе, Што прыйдзе гэтакi дзянёк. А тут — такая закусь будзе! Свая цыбулька! Свой часнок!.. Як заўжды, з месца — Барадулiн Перагукнуўся думкай з iм: — Да часнаку i да цыбулi Патрэбен побач магазiн!.. Ды гэту рэплiку паэта Не ўчуў узнёслы Гаўрусёў: — Мой агарод — мая планета! А грады — глупства гэта ўсё! Ну, каб узяў сабе Скапараў — I я б адвёў калi душу. А так — пакуль iх ускапаю, Дык лепш паэму напiшу!.. Макаль з Вярцiнскiм меркавалi: "Спакусны ўвогуле раён! I мы б не раз падначавалi, Каб там адкрыўся пансiён..." Тады падняўся ва ўсю велiч, Пад пахай сцiснуўшы саф'ян, Паэт-вучоны Нiл Гiлевiч — Вялiкi друг усiх славян. — Мяне, браткi, хвалюе гэта Не больш, чым Ставераў "сцiшок", Хоць для сям'i i я штолета Здымаю ў Купе катушок. Дык там жа Нарач нас купае, Як мацi дзетак-галышоў, Ды i кампанiя якая: Сам Танк, Лынькоў i Куляшоў! А ў гэтым гамузе вялiзным Мяне й не ўбачаць i затруць, Дый як жа будзе з камунiзмам, Калi ўсе грады пабяруць?.. Шушкевiч глянуў на гадзiннiк: Цi не даволi ўжо размоў? — Сябры! Дык вывад наш адзiны: Падзелiм грады — i дамоў!.. I вось, штурхаючы ў гаворцы Адзiн другога пад бакi, Наперад рынулiся творцы Цягнуць на шчасце нумаркi. Цягнулi творцы i не зналi, Б'ючы пярэднiх у каршэнь, Што ўжо найлепшае каклалi Арганiзатары ў кiшэнь. Што быў усцешаны ўжо досыць Увесь часопiс "Беларусь": Шаўня, Шыловiч, Гроднеў, Досiн — Магутны аўтарскi хаўрус!.. А ўвечар, позна да паўночы, Навокал Лысае гары Пiсакi, вытрашчыўшы вочы, Шукалi ўчасткаў нумары. О, творчы пошук пад гарою! Калi б у гуле нашых дзён Свайго станоўчага героя Шукалi так — якi б быў плён! Раздзел другi. Праблема Адвеку знаюць у народзе, Што калi гною не дасi, То будзе пуста ў агародзе — I бога нават не прасi. Каб агароднiна буяла, Ва ўсю шугала на градзе — Патрэбен гной. Ды i нямала. А дзе ж узяць яго? Ну, дзе? Загаравалi лысагорцы Сярод няўгноеных палёў. I прыгадалi ў скрусе творцы: Якi шчаслiвец Кавалёў! Яму кругом пашанцавала — I тут пайшло ў яго на лад: За свата выбраў генерала, А ў генерала — шмат салдат. Таму гарод не быў пустэльняй: Абы прыходзiла пара — Салдаты з поўнаю цыстэрнай Так i газуюць да двара! А паспрабуйце даць вы рады Без генеральскае раднi! Ну, хоць ты сам кладзiся ў грады I загнiвай на каранi! Знайшлася першай паэтэса: Сярод пустых яшчэ сядзiб, На ейных сотках, поблiз лесу, Шпакоўня вырасла, як грыб. "Раз анiхто з iх не даўмеўся — Хай — дурнi — бегаюць сюды. Пакуль спахопяцца — за месяц I гною будзе для грады..." Тым часам iншыя шукалi: Хто — чарназём, хто — буры торф, Хто — проста смецце, хто — фекалiй, Каравякi збiраў прафорг. I кожны Кучару зайздросцiў I дэталёва ўспамiнаў, Як той у цырку па знаёмству Браў угнаенне з-пад слана. Як чуўся крытык вiнавата I ў цыркача сярод двара Пытаў: "Скажы, а цi багата Ён валiць гэтага дабра?" Цыркач скрывiўся, цыркнуў слiнай I даў блатмайстару адказ: "Ты i за плечы не закiнеш, Што ён нахляпае за раз!.." Адзiн рэдактар меў удачу: Купiць гуана бочку змог. Прыпёр упоцемку на дачу I начапiў цяжкi замок. Тады, на сорам чалавеку — Ад слаўных будняў убаку — I ўзнiк ганебны лозунг веку: "Гаўно трымайце на замку!" У звязку з гэтаю праблемай, Якой жылi гаспадары, Дыскусiй шмат было й палемiк На схiлах Лысае гары. — Абы дзярмо! — аднойчы ўвечар Сказаў Няхай i тут жа скiс. Але пiсаку запярэчыў Удумны Сачанка Барыс. — Ну, не кажыце: гной няроўны. Найлепшы той, што зробiш сам. Бо ён жа твой, уласны, кроўны, Як твор, якi ты напiсаў. Мне гной уласны найдарожшы За ўсякi куплены другi, Хоць, пэўна, добры гной у Прокшы, I ў Лукшы, мабыць, не благi. Ну, а вазьмi Шашкова з Гродневым? Хто знае, што яны ядуць I што за гной табе дадуць? Якая вырасце гароднiна? Калi глядзець на ўсё цвяроза, Дык можа ў iх i гной такi, Як iх няякасная проза, Дзе рост не ў клубень, а ў пукi. Ну, каб замучыла мiнтрэга, То я б адзiн-другi камяк Узяў бы толькi ў Санi Шлега — I то затое, што зямляк... Тым часам творцы зразумелi, Што ў паэтэсы выйгрыш ёсць, I пачалi шпакоўнi-келлi На ўласных сотках ставiць скрозь. Паколькi ўсе былi маэстры I тэарэтыкi былi — Пра адпаведнасць формы зместу Не дбаць пры гэтым не маглi. I кожны мучыўся маральна, Часова ходзячы за куст: Якой па форме прыбiральня Павiнна быць, каб чуўся густ? Каб не пароў у вочы ўсякi, Каму надарыцца зiрнуць: "Ну, вось — сучасныя пiсакi, А ад жыцця, бач, адстаюць!" Бо што стандартная шпакоўня? Даўно ўжо збрыдзела! Шаблон! Цi ў ёй падумаеш спакойна Над вiратлiвым бегам дзён? Не, тут стандарт — не суцяшэнне. Нялёгка, як ты нi круцi, Архiтэктурнае рашэнне Такой будынiны знайсцi! Ды ўсiх абставiў Сiла Гусеў: Зрабiў кабiну — будзь здароў! Пачырванець ажно прымусiў Прафесароў i дактароў. Ён форму ўзяў для туалета — Што аж зайздросна паглядзець: Як ёсць касмiчная ракета, Вось-вось гатовая ўзляцець! I гэтай формы сэнс быў ясны: Заходзь, садзiся i ўключай! Ну, а цi быў там змест сучасны — Ты ўжо, чытач, мне выбачай! Раздзел трэцi. Будаўнiцтва I грады ёсць, i прыбiральнi, I ўжо на градах узышло, Але i ў познi час i ў раннi Спакою творцам не было. Ну, скажам, вырасце радыска. А дзе гарантый плот i дрот, Што сам з'ясi? Сусед жа блiзка: Залезе ў творчы агарод! Цi ж прывыкаць да плагiяту Хапугам розным уначы? I калi ты не зробiш хату, Дык як жа грады сцерагчы? Сабаку й то патрэбна будка, Каб ён не мок i не калеў, I вось на ўчастку кожным хутка Закрасаваў часовы хлеў. Але ў часовым — надта ж мулка! Вунь колiсь быў Часовы ўрад — I той застаўся без прытулка, Як далi выспятка пад зад. Наш век суровы пэўнасць любiць, А пэўнасць — гэта не хляўчук. I дом з бярвенняў тут не зрубiш, Бо адбяруць сякеру з рук. Таму i кожны лысагорац Пачаў мазгамi варушыць, Каб як аполкаў дзе агораць, Зляпiць хацiну i зажыць. I неўзабаве стала ясна, Што ўсе цюхцяi-цельпукi, Калi датычыць справы ўласнай — Ого, якiя спрытнякi! Здзiвiла ўсiх актыўнасць Цвiркi: Займеўшы ўласны чарназём, Адолеў лёгка закавыркi I самы першы згрукаў дом. За iм услед маўчун Арочка Падважваў плашкi пакрысе. О, як ён важна, без сарочкi, Выглёндаў з кульбай на страсе! Няхай з Кiрэенкам глядзелi На гэтых выскачак маўчком, I ў Няхая душонка ў целе Аж закруцiлася ваўчком. I ён як зух-iнiцыятар Ва ўсякай "творчай" барацьбе, Зусiм аднолькавыя хаты Дастаў суседу i сабе. Але сусед падумаў сцiпла: "Зраўняцца хатай — проста жах!" I на бакiр, у стылi "сцiрта", Ён заламаў фацэтна дах. Тым часам Хомчанка змiкiцiў, Што маху даў, не ўзяўшы град. Адзеў свой пракурорскi кiцель — I зразу ўсё пайшло на лад. Ён прыхапiў дзялянку хмызу (Някепска знаць законаў дух!) I дом — з падмурка да карнiзу — Урваў па часцi бытпаслуг. I ў Сергiевiча быў вопыт: Былы калгасны старшыня, Ён на драўнiну ведаў попыт I знаў, што тут — з агнём гульня. Таму на самым касагоры, Дзе пры дзяльбе дастаўся пляц, З абломкаў шыферу агораў Стракаты казачны палац. Не па ранжыру, як у войску, Але не горш, як каралi, Шыловiч, Калачынскi, Вольскi Свае харомiны ўзвялi. Ля iх, не любячы дарэмшчын, Рукамi ўласнымi, як маг, Стары сталяр-чырвонадрэўшчык, Адляскаў Звонак звонкi гмах. Александровiч дом, як пуню, Зрабiў, з паветкай заадно, А каб выходзiў дым — прасунуў Трубу, як гаўбiцу, ў акно. I Бугаёў, хоць быў вядомы Як апантаны кнiгаед, Аднак не меншую стадолу На ўскрайку выстукаў услед. А Куляшоў, мудрэц-прафесар, Каб сотку лiшнюю займець, Прыгарадзiў кавалак лесу I ў iм паставiў дом i клець. Ды ўсе прафесары й дацэнты Перад Навуменкам адным — Былi як дробязныя цэнты Перад далярам залатым. Другi маштаб — другая марка: Калi яму стаўлялi дом — Тры днi вiшчэла цыркулярка, Чатыры днi звiнела чарка, I цэлых пяць сквiрчэла скварка, I кожны дзень вялася сварка, — Былi Гамора i Садом! Астрэйка, той, што ў сотнях песняў Уславiў некалi будан, За кожнай кроквай клiкаў цесляў: — Ну, злазьце, хлопцы, кроплю дам! Стары празаiк Аляксееў — Ён генерал сапраўдны быў: Не ставiў хаты, град не сеяў — Склеп-бомбасховiшча зрабiў. Мiкола-праведнiк Аўрамчык Якiхсьцi хлопцаў прывалок — Яны не дом яму, а храмчык За тыдзень склалi да аблок. Будаўнiкоў тых незнаёмых — Без намаганняў i турбот — Ён адкрываў пасля iмёны У "Маладосцi" цэлы год. Калi ж свой церам Жычка ставiў, Дык, як нявольнiкi-рабы, Цягалi дошкi Чэрня й Ставер, У крук згiнаючы гарбы. А Семяжон, прыдбаўшы ўчастак, Апошнi ўзяўся будаваць: "Мая ж такая доля-шчасце: Я ж i жанiўся ў сорак пяць..." Ва ўсiх дамы, ва ўсiх палеткi, I толькi ў беднай Палтаран Стаяў хляўчук, сядзелi кветкi, Ляжаў нявораны дзiрван. Раздзел чацвёрты. Так i зажылi I вось — пасёлак як пасёлак: Гароды, вулiцы, дамы, Сям-там драты у восем столак... А як жа пiшуцца тамы? Пакуль змагу падкаравулiць, Цi творыць хто, скажу вам так: Я i па першых назвах вулiц Адчуў фантазiю пiсак. Гучалi назвы вельмi ёмка: Астрэйкаў пляц, Ласiны рог, Завулак Цвiркi, Няхаёўка I Пракурорскi хутарок! Але засведчу тут сумленна, Што хоць ад цэнтра i ўбаку — Было найболей ажыўлення У Калачынскiм тупiку. Жыццё iшло сваiм парадкам: Хто на калёсцах пёр ваду, Хто з жонкай корпаўся на градках — Палоў драсён i лебяду. Хто палiваў растворам дрэўцы, Хто падстрыгаў-раўняў кусты, А хто на сонцы лежма грэўся, Жывот падцiснуўшы пусты. Пра славу марыў i пра дзевак, З пакутнай думай на iлбе, — Пакуль са станцыi вандзэлак Прыцягне жонка на сабе. О, тыя з горада вiзiты! Як iх чакалi мужыкi! А як прасiлi: "Прывязi ты Хоць недапiтачак якi!.." Сябры прывозiлi звычайна — Напханы пляшкамi бавул, I жонкi ў роспачы-адчаi Крычалi "Гвалт!" i "Каравул!" У гмаху Звонака пiялы Звiнелi так, што чулi ўсе: Не чай зялёны аксакалы Смакталi ўслодыч пакрысе!