СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА
  Powered by Google TranslateTranslate

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА


Сяргей Дубавец, Вільня

“Што ў беларускай літаратуры апошняга часу прыцягнула Вашую ўвагу? Імёны, творы, падзеі...” – так гучала пытаньне да слухачоў нашага радыё на мінулым тыдні. “Сьмерць Васіля Быкава” – такі быў агульны адказ... Ці значыць гэта, што ў больш нічога істотнага ў літаратуры не адбывалася і не зьяўлялася? Безумоўна, не. Іншая рэч, колішні папулярны занятак – сачыць за літаратурным працэсам – сёньняшнюю публіку не займае. Нехта скажа, што дарагаватыя кнігі, нехта – што ў кнігарні не разьбярэсься, што варта набываць, а што не, нарэшце – час цяпер нібыта не такі, каб сядзець з кнігай. Водгук нашага слухача:

(Іосіф Навумчык: ) “Сярод твораў беларускіх літаратараў двух апошніх гадоў хачу адзначыць кнігу ўспамінаў Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, “Пляц волі” Алеся Пашкевіча, нізкі вершаў Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, гістарычныя раманы Вольгі Іпатавай. Але гэтыя і многія іншыя творы беларускіх пісьменьнікаў ня маюць шырокай чытацкай аўдыторыі. Яны калі й выдаюцца, то вельмі малымі накладамі, а беларускае тэлебачаньне наагул ігнаруе літаратурныя перадачы. Хачу прапанаваць беларускай рэдакцыі Радыё Свабода кожны тыдзень весьці літаратурную гасьцёўню, запрасіць да мікрафону нашых нацыянальных паэтаў і празаікаў, даць ім магчымасьць знаёміць са сваёй творчасьцю, у першую чаргу публіцыстычнымі творамі шырокую аўдыторыю слухачоў Радыё Свабода. Іосіф Навумчык, горад Віцебск”.

(Іван Фёдаравіч: ) “Пэнсіянэр Іван Фёдаравіч. Падтрымліваю прапанову выступоўцы аб тым, каб рэдакцыя Свабоды больш перадавала матэрыялаў беларускіх пісьменьнікаў, вытрымкі зь іх твораў. Мне зь беларускай літаратуры больш за ўсё падабаюцца гумарыстычныя творы, у якіх крытыкуюцца ўлады. Партрэты прэзыдэнта ва ўстановах, у некаторых вузах пачынаюць вывучаць рэчы і дэкрэты прэзыдэнта, далей: такія тэмы як вынішчэньне дэмакратычных сродкаў інфармацыі, ліквідацыя “абшчэсьцьвеных” арганізацый, барацьба ўладаў са свабоднымі прафсаюзамі. Усё гэта ў гумарыстычным жанры вельмі цікава”.

Заўважу, што ня пішуцца сёньня сатырычныя паэмы, як гэта было гадоў дзесяць таму. Прычына, па-мойму, у разьяднанасьці і раздробленасьці грамадзкае думкі, якая не гатовая кансалідавана рэагаваць на які-небудзь сьмешны вобраз ці выраз. Так ці інакш у Беларусі адбываецца інтэлектуальная дыфузія паміж рознымі сацыяльна-палітычнымі групамі людзей. Мы не гатовыя аднолькава ўспрымаць жарты і рэагуем на іх па-рознаму. Таму пра папулізм уладаў і аўтарытарныя паводзіны кіраўніка ў нас пішуць сур’ёзныя аналітыкі, а не сатырыкі з гумарыстамі.

Але вернемся да падзеяў беларускае літаратуры апошняга часу. Іх – важных і яркіх – хапала.

Неадназначныя, але важныя для літаратуры падзеі: выезд за мяжу Алеся Разанава і Славаміра Адамовіча; стварэньне літаратурна-мастацкага голдынгу, які намагаецца ў карыкатурным выглядзе аднавіць савецкую сыстэму дачыненьняў пісьменьніка і ўлады; зьяўленьне сталых аглядаў беларускай літаратуры ў афіцыёзнай газэце “Беларусь сегодня”. А яшчэ – публічная спрэчка двух Дамавікоў Лысагорскіх – Міколы Аўрамчыка і Ніла Гілевіча – за аўтарства ананімнай паэмы “Сказ пра Лысую гару”. Справа гатовая дайсьці да суду. Праўда, як паведаміў мне адзін інфармаваны калега, неўзабаве ў сьпісе прэтэндэнтаў на аўтарства зьявіцца як мінімум яшчэ адно імя, і тады суд Аўрамчыка і Гілевіча страціць сэнс, затое не прыўлашчаны нікім твор так і застанецца ананімным, ад чаго толькі выйграе – як літаратурны помнік свайго часу, а не адна з многіх паэм аднаго пэўнага аўтара.

І нарэшце – падзеі адназначна станоўчыя, пазытыўныя, дадатныя.

Гэта зьяўленьне прафэсійнага літаратурнага часопісу “Дзеяслоў”. Выйшаўшы з голдынгавага скандалу, гэтае выданьне ня стала альтэрнатывай цяперашняму “Полымю” і ўсяму голдынгу. Яго стала пэўным творчым канкурэнтам часопісу Arche, і гэтая здаровая канкурэнцыя абяцае плённую інтрыгу для ўсяго літаратурнага працэсу.

Беспрэцэдэнтная “Анталёгія беларускай паэзіі” Міхася Скоблы – таксама зьява апошніх гадоў – адначасова і кніжка вершаў і энцыкляпэдыя беларушчыны. А цэлая сэрыя кніжак выдавецтва Ігара Логвінава – яркіх і новых ва ўсіх сэнсах – што да імёнаў, тэмаў і жанраў. А інтэрнэтная старонка litara.net, дзе крытыкуецца і абмяркоўваецца ўсё, што адбываецца ў беларускай літаратуры – таксама беспрэцэдэнтная зьява апошняга часу. А некалькі адразу імёнаў новых дваццацігадовых драматургаў...

Як бачым, падставаў казаць пра адсутнасьць літаратурнага працэсу сёньня ня больш, чым 10, 20, 50 ці 100 гадоў таму. На маю прыватную думку, менавіта сёньня гэты працэс перажывае такі ўздым, якога беларуская літаратура ня ведала ніколі.

Вы скажаце – працэс працэсам, а дзе новыя шэдэўры і геніі? На што я спытаюся – а куды яны прыйдуць? Лягчэй тут таленавітаму драматургу, якога заўважылі ў модным маскоўскім тэатры, пасьля чаго ён робіцца героем прэсы і тэлевізіі. Нашмат цяжэй сёньня зьявіцца паэту, празаіку або крытыку. І справа тут вось у чым.

У нас усё яшчэ жывы стэрэатып чаканьня пасіянарнага творцы, якому нібыта дастаткова напісаць геніяльны твор, і ён загучыць, набудзе ўсеагульную вядомасьць. Гэты стэрэатып замацаваўся за савецкім часам. Варта было надрукавацца ў “Полымі”, атрымаць рэцэнзію ў “ЛІМе” і быць згаданым у маскоўскай “Литературной газете”, каб тваё імя ўжо было ва ўсіх на слыху. Але гэта была магутная савецкая інфрастуктура падтрымкі і, як цяпер кажуць, раскруткі. Сёньня яе няма. Згадайце, калі вы апошнім часам гарталі тыя “Полымя”, “ЛІМ” ці “Литературную газету” або чулі гэтыя назвы ад сваіх знаёмых і калег, калі вам раілі нешта там прачытаць. Словам, новаму імені, якое б геніяльнае яно ні было, папросту няма куды выйсьці. Вось чаму ўсё жывое, што сёньня ёсьць у беларускім пісьменстве міжволі лягае ў новую гаць, у новую інфраструктуру літаратурнага працэсу і носіць ня столькі пасіянарны, колькі тэхналягічны характар.

Тэхналёгія спакваля выходзіць на першы плян ці не ва ўсіх сфэрах беларускага жыцьця. Таму цяжка ўявіць сабе, напрыклад, 100-тысячны мітынг, гатовы рушыць адзіным патокам, пачуўшы гарачае слова правадыра. Затое ў сваіх паўпадпольных умовах беларускія партыі спрабуюць набыць парлямэнцкі выгляд, каб заўтра на зьмену аднаму аўтарытарнаму кіраўніку прыйшоў не такі самы, а прыйшла нармальная палітычная сыстэма зь яе эўрапейскімі стандартамі і выглядам.

Тэхналягічным, а не пасіянарным дасягненьнем стала на музычнай сцэне такая папулярная сёньня “Крамбамбуля”. Бо ў Беларусі бракуе і беларускай папсы, і беларускага шоў-бізнэсу, а да апошняга часу іх месца займаюць і папса, і шоў-бізнэс расейскія.

Альбо вазьміце зноў жа беспрэцэдэнтную кнігу “Краіна Беларусь” – таксама новы тэхналягічны ўзровень беларускага кнігавыданьня. Такіх альбомаў у кнігарнях нашых суседзяў дзясяткі. У нас жа, як і ва ўсіх астатніх сфэрах, цывілізацыйны зрух адбываецца высілкамі саміх людзей.

Новыя тэхналёгіі – гэта перадвесьнікі рынку, якога пакуль няма. Рынку, як такога, у Беларусі няма ў прынцыпе. Гэта значыць, што ня ён дыктуе нам тэхналягічныя зьмены, а нейкая падсьведамая нацыянальная ды творчая жывучасьць рыхтуе беларушчыну да рынку – палітычнага, музычнага, кніжнага, літаратурнага. Культура нібы заднім розумам адчувае, што бяз гэтага яна ня выжыве.

Адсутнасьць кніжнага рынку – гэта адсутнасьць рэгуляванага попыту, адэкватнае прапановы і чытача. Не чытача як аматара роднае літаратуры, а чытача як спажыўца.

Тэхналёгіі набліжаюць час замовы, час попыту. Нездарма так багата ў сеціве спрачаюцца пра Гары Потэра па-беларуску і пра прыгодніцкую літаратуру. Здавалася б, што прасьцей – ёсьць у нас і таленавітыя перакладчыкі, і добрыя фабулісты. Тэхналёгія не патрабуе геніяльнасьці, бо тая толькі замінала б на тым месцы, дзе патрабуецца добрае рамяство. А добрае рамяство патрабуе добрага замоўцы і добрай аплаты. З усіх бакоў гэта справа выгадная, калі замоўца, выдаўшы кнігу, зможа ад продажу пакрыць выдаткі і зарабіць на новыя наклады і замовы. У цяперашняй Беларусі зрабіць гэта неверагодна цяжка. Ня кожная кнігарня возьме. Яшчэ жывы стэрэатып непрадавальнасьці беларускае кнігі, створаны ў савецкія часы самімі выдаўцамі гэтае кнігі.

У тыя часы было выгадна падтрымваць такі стэрэатып, бо дзяржава з палітычных матываў усё адно аплочвала бязьбеднае існаваньне расьпешчанага літаратурнага істэблішмэнту, які зусім ня думаў пра тое, як прадасца кніга імянітага графамана. Абы том быў таўсьцейшы, вокладка цьвярдзейшая і наклад ня крыўдны для аўтара. Пісьменьнікі навучыліся пераконваць уладу, што на паказчыкі продажаў зьвяртаць увагу ня варта, маўляў, літаратура ж беларуская, а гэта значыць усё адно непрыбытковая. У выніку ганарары браліся зь бюджэту нібы са столі, а не з кнігарневай касы, бо ў касе не хапіла б і на вокладку. Гэтак ствараўся ці ня самы каварны літаратурны стэрэатып, бо пад агульную шыльду беларускага пісьменства разам з графаманамі траплялі і Багдановіч, якога вечна было не купіць, і Караткевіч, 60-тысячныя наклады якога раскупляліся ў чэргах і траплялі на прэстыжныя паліцы кнігаабмену і дзясяткі іншых, зусім прыбытковых і камэрцыйна выгадных творцаў.

Сёньня той савецкі жывучы стэрэатып непрыбытковасьці бумэрангам б’е па незалежных выдавецтвах, што ўжо гатовыя працаваць ва ўмовах рынку. Калі б такі былі.

Кажа выканаўчы дырэктар “Беларускага кнігазбору” Генадзь Вінярскі:

(Вінярскі: ) “Мы стварыліся, пачалі выпускаць кнігі ў 1996-м годзе. І дзесьці да 1998 году, 1999 можна нават захапіць, кнігі ў нас разыходзіліся імгненна. Напрыклад, кнігу Ул. Жылкі мы прадалі літаральна за месяц. А пасьля з кожным годам стала ўсё цяжэй, цяжэй, цяжэй... Цяпер наклады зьнізіліся да дзьвюх тысяч. І зараз праблема з рэалізацыяй кніг устае. Чаму? Бо ідзе татальная русіфікацыя. Калі раней у школах вывучалася ўсё беларускае, то цяпер усё менш і менш”.

(Дубавец: ) “Прадукцыя “Беларускага кнігазбору” – гэта ня толькі кнігі тытульнай сэрыі. Якраз большасьць выданьняў ідуць па-за сэрыяй. І паколькі кнігазбораўскія кнігі – гэта перадусім клясыка ў больш-менш акадэмічным выкананьні, дык менавіта “левыя” кнігі – гэта, як правіла, творы сучасьнікаў ці маладых аўтараў. І вось тут ужо дастаткова зьвестак, каб назваць “лідэраў продажу”.”

(Вінярскі: ) “У нас дзесьці 50 кніг на год, зь іх 4-5 сэрыйных, значыць, выходзіць 45 пазасэрыйных. Зь іх адсоткаў 75-80 на беларускай мове. З пазасэрыйных кніг, якія імгненна разыходзіліся і карысталіся вялікім попытам, магу назваць, напрыклад, анталёгію “Беларускія пісьменьнікі Польшчы”, мэмуары Антона Семяновіча “З пражытага і перажытага”, дзьве кнігі Міхася Скоблы: паэтычная кніга і зборнік эсэ “Дзярэчынскі дыярыюш”, кніга Арнольда Макміліна “Беларуская літаратура ў 50-60-я гады 20 ст.” – гэта пераклад з ангельскай мовы, Уладзімер Высоцкі – зборнік “Я не падману” па-беларуску і па-расейску, кніга Антона Луцкевіча “Да гісторыі беларускага руху”, якую ўклаў Анатоль Сідарэвіч, кніга Валянціна Дубатоўкі, прадпрымальніка і краязнаўцы з Горадні “Архіпэлаг Сапегаў”.”

(Дубавец: ) “Спэцыфічны, трэба сказаць, сьпіс лідэраў. Збольшага гэтыя кнігі належаць да гуманітарнае навукі. І гэта сьведчыць пра тое, што беларусы па-ранейшаму адчуваюць самаідэнтыфікацыйны голад. За мінулыя 20 гадоў мала чаго зьмянілася. Хіба што, як заўважыў Генадзь Вінярскі, русыфікацыя стала ў апошнія гады татальнай.

Тым часам і шматлікія інтэрнэтныя абмеркаваньні пра папулярную літаратуру, культавую кнігу і модных пісьменьнікаў ні да якога выніку не прыходзяць. А выдавец самых маладых і амбіцыёзных аўтараў Ігар Логвінаў наагул ня верыць, што ў Беларусі магчымая прыбытковая беларуская кніжка.”

(Логвінаў: ) “Калі пайсьці шляхам – узяць свае грошы і ўкласьці ў кніжку і вярнуць – тады гэта малаверагодна. А калі разгортваць выданьне ў рамках нейкага вялікага праекту, тады на акупляльнасьць дакладна выходзім, магчымы і прыбытак”.

(Дубавец: ) “Гэта значыць, што калі выдаваць не адну кнігу, а дваццаць, зьяўляецца шанец эканамічнага выжываньня, бо адна кніга прыцягне большыя інвэстыцыі, другая – меншыя, адна лепей прадасца, другая – горш. Але дыфэрэнцыяцыі пад чытачоўскі попыт выдавецтва Логвінава ня робіць. Бо ў Беларусі няма модных пісьменьнікаў...”

(Логвінаў: ) “Моднае мае на ўвазе моцны public relation пад гэтым. У Беларусі гэтым у прынцыпе ніхто не займаецца. Імёны ўсплываюць самі сабою, нейкі час круцяцца, потым згасаюць. У нас выдавец не займаецца “паблікам”, бо ў прынцыпе немагчыма збудаваць на беларускай літаратуры эканоміку, напрыклад, як ужо ў Расеі. У нас 10 мільёнаў, зь іх чытачоў набярэцца тысяч пяцьсот, і вось у гэты сэктар рынку немагчыма ўкласьці добрыя грошы, каб атрымліваць добры прыбытак, як з расейскай, з англамоўнай літаратуры. Яно проста асуджанае на няўдачу. Гэта літаратура моваў невялікіх народаў”.

Ігар Логвінаў выдае ў пэўным сэнсе анамальную літаратуру, не разьлічаную на шырокі попыт і ня верыць у прыбытковасьць беларускага літаратурнага рынку. Магчыма, у такую прыбытковасьць, як у Расеі, верыць і сапраўды няма падставаў. Але можна перавесьці позірк на суседнюю Польшчу або Літву, або нават на Эстонію, дзе адзін мільён спажыўцоў і зусім жывы літаратурны рынак. Што да “паблік рылэйшн”, які так пасьпяхова працуе ў Расеі, дык у нас гэтую ролю цалкам магла б выконваць прафэсійная крытыка.

З уласнага выдавецкага досьведу ў рэдакцыі “Нашай Нівы”, дзе за гэтыя гады выйшла два дзясяткі кніг, ведаю, што для Беларусі ў сярэднім пяцітысячны наклад ужо дазваляе прадаваць кнігу за поўны сабекошт і цана пры гэтым ня будзе недаступная для беднага студэнта, а большыя наклады дадуць гарантаваны прыбытак выдаўцу. Праблема ня ў тым, што беларуская кніжка нібыта не прадаецца. Праблема ў тым, што ў краіне няма нармальных рынкавых дачыненьняў і проста прадаць кнігу пры двухбаковым жаданьні выдаўца і пакупніка – зусім няпроста. То інструкцыі не дазваляюць, то кнігарня заломіць несувымерны працэнт, а яшчэ й грошы верне тады, калі яны абясцэняцца.

Зробім высновы. Беларускія літаратары сёньня ня столькі сочаць за боскаю зоркай у небе, колькі асвойваюць тэхналёгіі. Тэхналёгіі ў самым шырокім сэнсе – ад літаратурных жанраў да рынкавых схемаў попыту і прапановы. Яны ствараюць тую пляцоўку, на якой пры спрыяльных умовах імёны пасіянарных творцаў не прападуць у невядомасьці.

Заўважу напрыканцы, што адказы наведнікаў нацыянальнай бібліятэкі, якіх апытваў карэспандэнт нашага радыё, былі шчадрэйшыя на імёны, чым званкі на Свабоду. Нехта згадаў п’есу Андрэя Курэйчыка “Згублены рай”, нехта творы Адама Глёбуса, Юрыя Станкевіча, Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, Віктара Жыбуля. Для кагосьці раптам адкрыцьцём сталася паэзія Ігара Бабкова.

Але напоўніцу пазнаёміцца з гэтымі творамі ды яшчэ й атрымаць пэўныя парады – што варта чытаць, а што – не, зусім немагчыма ў колішняй савецкай інфраструктуры, якая для многіх чытачоў засталася стэрэатыпнай, хоць даўно ўжо не працуе. А новая інфраструктура толькі фармуецца. Тым ня менш, варта назваць яе адрасы для тых, хто хоча па-сапраўднаму сачыць за літаратурным працэсам. Гэта часопісы “Дзеяслоў” і “Arche”, газэта “Наша Ніва” і іншыя незалежныя выданьні, агляды Людмілы Рублеўскай у “Беларуси сегодня”, а таксама літаратурныя перадачы і паведамленьні беларускае службы Радыё Свабода. Далібог, па-беларуску ёсьць што пачытаць на самыя розныя густы.
XS
SM
MD
LG

Original text