ЛЁНДАНСКАЯ ЛЕКЦЫЯ ПРЭЗЫДЭНТА БНР
  Powered by Google TranslateTranslate

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁНДАНСКАЯ ЛЕКЦЫЯ ПРЭЗЫДЭНТА БНР


Сяргей Дубавец, Вільня

Заўважная асаблівасьць клясычных тэкстаў, якія маюць дачыненьне да беларускае ідэі, у тым, што яны ня страчваюць актуальнасьці. Яны непераўзыдзеныя. Пра месца беларускай нацыі і нацыянальны характар ніхто не сказаў лепш за Ігната Канчэўскага ў ягоным “Адвечным шляху”, пра старажытнасьць нашае культуры – ніхто лепш за Вацлава Ластоўскага ў ягонай “Крыўскай кнізе”, пра прыроднае багацьце Беларусі – ніхто лепш за Міколу Абрамчыка ў ягонай Лёнданскай лекцыі.

Магчыма, гэта таму, што ўсё яшчэ жывыя міты пра фіктыўнасьць беларусаў як нацыі, пра адсутнасьць беларускай гісторыі і пра нішчымнасьць беларускай зямлі, пра тое, што Беларусь палітычна, культурна і эканамічна ня выжыве без сваёй вялікай усходняй суседкі. І пакуль будзе жыць стары міт, нібы старая атрута, найлепшымі лекамі супраць яго будуць і старыя творы Канчэўскага, Ластоўскага, Абрамчыка.

“Пасьля таго, як наш народ пачаў, як кажуць, падымаць галаву, зь першых дзён нашага адраджэнча-вызвольнага руху, на нас пасыпаліся з усіх бакоў сыканьні: "Куды, чаго! Як вы сьмееце? З чаго будзеце жыць?" Нашыя праціўнікі парупіліся шырака "распапулярызаваць" аб нас "тэорыйкі", зь якіх выглядала, што Беларусь – гэта выняткова на цэлай зямной кулі якаясьці пляма, праклятая Богам, на якой ні зьверху, ні ўнутры ня маецца нічога карысна-гаспадарчага, неабходна-патрэбнага чалавеку.

Прапаганда гэтая мела адзіную мэту: укараніць зьнявер'е ў беларускім народзе й адбіць у яго ўсялякую ахвоту ў імкненьні да самастойнага, дзяржаўна-незалежніцкага жыцьця. Бо, як жа будзе выглядаць гэтая незалежная дзяржава, калі яна ня мае да гэтага ніякіх гаспадарчых падстаў?”


(Мікола Абрамчык. Лёнданская лекцыя Прэзыдэнта БНР.)

Кожнаму з сотні прысутных у залі слухачоў той лекцыі быў добра знаёмы гэты стэрэатып – пра беларускую беднасьць. Таму кожны навайстрыў слых, рыхтуючыся пачуць сапраўдную таямніцу. І таямніца прагучала.

А адбывалася ўсё гэта напачатку жніўня 1947 году. Прэзыдэнт БНР Абрамчык прыехаў у Лёндан з Парыжу. Там ён меў сваю штаб-кватэру і адтуль рабіў візыты па ўсім сьвеце, дзе арганізоўваліся беларускія паваенныя асяродкі.

Вось жа ў Лёндане яго чакала грамада Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі, галоўным чынам, маладых дзецюкоў – вэтэранаў мінулае вайны. Лёс іхны быў падобны і адначасова неверагодны. Пасьля далучэньня Заходняе Беларусі да БССР іхныя бацькі зь імі разам былі высланыя ў Сыбір. Адтуль, з высылкі, яны праўдамі-няпраўдамі далучаліся да польскай арміі генэрала Андэрса і ў самай страшнай бітве гэтай арміі зь немцамі – у Італіі, пад Монтэ-Касына – склалі касьцяк гэтай арміі.

Некалькі соцень іх так і засталіся на полі той бітвы. А тыя, што выжылі, разьехаліся пасьля вайны па сьвеце, бо вяртацца на радзіму было небясьпечна – кожны зь іх ужо ведаў, што такое камуністычны лад і ГУЛАГ і наколькі ён неласкавы.

Цяпер яны слухалі свайго прэзыдэнта з увагаю. Псыхалягічна яны зь ім пачуваліся па-рознаму. Яны разумелі, што хутчэй за ўсё ніякіх пераменаў у геапалітыцы цяпер ня будзе і таму ім трэба асталёўвацца на эміграцыі. Ён жа быў сьвята перакананы, што паваенны парадак будзе неўзабаве перагледжаны і таму трэба сьпяшацца, каб вярнуцца ў незалежную Беларусь падрыхтаванымі будаўнікамі свае самастойнае краіны і дзяржавы. У 1947-м вельмі многія, калі ня большасьць беларусаў за мяжою верылі ў хуткія перамены.

Аднак чым была тая лёнданская прэзыдэнцкая лекцыя? На вызначэньне мяне наводзіць леташні выступ у Радыё Свабода Васіля Быкава, які раптам згадаў пра плян Маршала – плян паваеннага аднаўленьня Эўропы, дзякуючы якому Эўропа літаральна за некалькі гадоў паднялася з руін да свабоднага і забясьпечанага жыцьця. Нечаканымі ў Быкава падаліся словы пра тое, што Беларусь пляну Маршала не прыняла. Быццам хоць штосьці хоць паўнамёкам сьведчыла пра такую для яе магчымасьць. Але, аказваецца, сьведчыла. Бо акурат тая лекцыя прэзыдэнта Абрамчыка і была своеасаблівым плянам Маршала для разбуранае вайной краіны.

(Бартосік: ) “Калі вы воляю лёсу апынецеся ў Лёндане, і наблукаўшыся каля Букінгэмскага палацу, пашпацыраваўшы па Гайд-парку і адпачыўшы каля Кенсінгтонскага палацу, не палянуйцеся, знайдзіце вуліцу Ліндэн.

Гэтая невялікая, паўкруглая вулачка схавалася за стракатай, рознастылёвай забудовай Notting Hill Gate. Тут, на Ліндэн-стрыт амаль няма людзей. Нават гукі вялікага гораду сюды ледзь далятаюць. Тут, сярод спакою арыстакратычных дамоў, сярод пыхі рэспэктабэльных мармуровых сходаў, сярод бляску дзьвярных клямак і дасканалых газонаў, здаецца, нічога не нагадвае Беларусь.

Але менавіта на гэтай фанабэрыстай Ліндэн-стрыт знаходзіцца адзін цікавы адрас. Бачыце, ледзь не палову вуліцы займае агромністы, белы будынак, ад якога проста патыхае спадкаемнымі брытанскімі мільёнамі ды каляніяльнымі стагодзьдзямі. Перад пад’ездам гэтага дому вельмі хочацца апрануць цыліндар. Але мы ўявім не цыліндар, а патрапаную фуражку арміі генэрала Андэрса. Бо летам 1947-га году, тут, на Ліндэн-стрыт, 47 сабралася сотня маладых беларусаў, вэтэранаў другой сусьветнай, каб паслухаць прэзыдэнта сваёй краіны.

Лекцыю прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка аб прыродных багацьцях Беларусі. Тады, у 1947-м гэты дом купіла ўкраінская грамада. Больш заможныя суседзі аддалі адзін пакой братам-беларусам. За гэтыя гады, дарэчы, дом не памяняў сваіх гаспадароў. Ля ўваходу па-ранейшаму шыльда на ўкраінскай мове.

Той вечар 1947-га году ўзгадвае апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў, айцец Аляксандар Надсан”.

(Надсан: ) “Калі Абрамчык прыехаў першы раз у Англію, для нас гэта было дзіва. Мы ж былі маладыя падшыванцы яшчэ. Мне было 21 год толькі. Мы ніколі яго ня бачылі. Чулі пра такога Абрамчыка. І прыбеглі слухаць яго. Пабачылі – чалавек паважны такі, спакойны, паволі гаворыць. Пра што ён гаварыў, калі ласка, не пытайся, я ўжо ня памятаю.

Зь якім настроем тады слухалі Абрамчыка? Гэта была радасьць, што скончылася вайна, што мы засталіся жывыя і гэтак далей. Але чалавек распавядае пра магчымасьці Радзімы…

Галоўнае, яно падняло нам дух у тым сэнсе, што, ён казаў, што ўсе гэтыя байкі, казкі, быццам Беларусь ёсьць бедная, – няпраўда. Калі б мы былі свабодныя, мы б мелі з чаго жыць. Ня горш за іншых. Гэта падняло дух у людзей. І гэта Абрамчык умеў рабіць вельмі добра. А для нас безумоўна, для маладых, якія мала што зналі наогул, гэта было адкрыцьцё. Нам гэта падтрымала дух”.

(Бартосік: ) “Сёньня, у гэтым касмапалітычным, сытым, разнастайным, шумным Лёндане даволі нялёгка ўявіць той Лёндан, у які прыехалі маладыя беларускія салдаты. Дапамагчы аднавіць карціну пасьляваеннай брытанскай сталіцы я папрасіў ангельца францускага паходжаньня, беларусіста Гая дэ Пікарду.

Ці Лёндан ня быў вельмі разбураны?”

(Дэ Пікарда: ) “Не. Зусім мала. Блізка Сіці. Там зруйнавалі, але ня вельмі многа, ведаеце. І немцы былі больш асьцярожныя, чым амэрыканцы. Амэрыканцы лёталі на вышыні 10000 мэтраў. А немцы толькі можа 6-7 тысяч мэтраў. Ня так высока. І яны былі больш акуратныя. Калі яны бамбардзіравалі, дык яны бамбардзіравалі докі, а ня горад”.

(Бартосік: ) “Наколькі цяжкае было жыцьцё ў Лёндане пасьля вайны?”

(Дэ Пікарда: ) “Былі праблемы. Былі купоны на ўсё. Мяса, масла. Я памятаю 1947-мы год. Ён быў вельмі-вельмі халодны. Халодная зіма. Мы ня мелі вугалю. Таму што яго экспартавалі, каб заплаціць за нашыя парты. Нам было вельмі халодна, я памятаю. Газ, давалі вельмі маленькі агонь. Мы мусілі трымаць на сабе тры-чатыры палітоны. Купоны былі на цукар. Хлеб – не. Хлеб ніколі ня быў па купонах. Але мяса, цукар, масла, сала, а таксама вопраткі. Каб купіць касьцюм. Можна было купіць толькі два на год. І таксама кашулькі. І, натуральна, мы атрымалі тут шмат эмігрантаў. Польская армія генэрала Андэрса”.

(Бартосік: ) “Якое стаўленьне да іх было з боку ангельцаў?”

(Дэ Пікарда: ) “Яны жылі ў лягерах. Таму што ў час вайны тут было шмат амэрыканцаў. Амэрыканцы выехалі ў Амэрыку. І гэтыя лягеры былі пустыя”.

(Бартосік: ) “Ці была няпрыязь з боку ангельцаў да новых эмігрантаў?”

(Дэ Пікарда: ) “Натуральна, казалі: “Чаму яны прыехалі да нас? Каб есьці нашую бульбу?” Яны не хацелі. Асабліва таму, што людзі былі ня вельмі дысцыплінаваныя. Некультурны польскі жаўнер. Але беларускі жаўнер, украінцы – яшчэ горш. І кожны раз быў “штрайк” на вуліцы дзеля дзяўчыны, людзі, якія зашмат выпілі. Заўжды былі там палякі. Але якія палякі былі, такія і ўкраінцы, і беларусы”.

(Бартосік: ) “Пры ўсёй гасьціннасьці гаспадароў-ангельцаў у дачыненьні да новых эмігрантаў, для беларусаў існавала адна старая, даўно знаёмая, праблема. Куды горшая за ангельскую зіму ды адзеньне па талёнах. Гаворыць Аляксандар Надсан”.

(Надсан: ) “Нас тут лічылі проста за расейцаў. Нам трэба было прабівацца сілай. Вельмі было крыўдна, калі скажаш, што ты не расеец, а беларус. “Чаму ты ня хочаш быць расейцам?” Такое пытаньне. Пры чым тут хацець, ці не хацець. Я такім ёсьць. Для іх увесь Савецкі Саюз – гэта была Расея. І Расея – гэта нешта містычнае, яшчэ зь 19-га стагодзьдзя. Нейкая дзіўная, таямнічая. “Сьвятая Русь”. І тут нейкія беларусы зьяўляюцца, кажуць, што яны ня хочуць быць расейцамі”.

(Бартосік: ) “Беларусы тады, у 1947-м годзе, яны ўпісваліся ў гэты лёнданскі лад жыцьця?”

(Надсан: ) “Так. Усе беларусы любяць піва... Беларусы якраз упісваліся. Урэшце, іх не было так шмат. Хутка яны вучыліся ангельскай мовы. Маладыя хлапцы многія пажаніліся з ангелькамі. Ужо сем’і былі ангельскія. Тут не было праблемы. Пасьля вайны было шмат будаваньня, бо ўсё разбурана. Працы было шмат. Магчыма, ня ўся яна была добрааплатная. Але ж пасьля людзі суладзіліся. І ўжо праз пару гадоў пачалі купляць свае хаты. Машыны зьявіліся. Ужо жылі, як усе іншыя. Пасьля вайны было шмат працы. Беспрацоўя тут ня было.”

(Бартосік: ) “Што ўразіла ў Англіі беларусаў?”

(Надсан: ) “Мы былі маладыя тады, калі я прыехаў. Нас больш за ўсё ўразіла тое, што тут жыцьцё больш нуднае, як у Італіі, дзе мы былі раней. Там было весялей і цяплей. А тут туман, дождж, холад. Асабліва, калі прыходзіцца жыць у бараках вайсковых. Безумоўна, было шмат і добрага. Тут парадак лепшы быў. Спакой быў. Нас добра прынялі”.

(Бартосік: ) “З фэшэнэбэльнай лёнданскай вуліцы зусім, як высьветлілася, не выглядае Беларусь ніякай ні забітаю, ні ўбогаю. Хутчэй, адарванаю. Вырванаю са свайго часу і свайго шляху.

Празь які год пасьля той лекцыі беларусы пакінулі гасьцінныя сьцены Ўкраінскага дому на Ліндэн-стрыт. Бо набылі свой дом. Вялікую камяніцу на Пэн-роўд”.

Зрабіўшы агляд гісторыі стварэньня міту пра беларускую беднасьць, прэзыдэнт Абрамчык перайшоў да асноўнае часткі свае лекцыі – да праўды пра беларускае багацьце.

У сельскай гаспадарцы ён пачаў з самое зямлі і распавёў, як дысбалянс угнаеньняў прыводзіць да перападаў ураджайнасьці, пра тое, што для росквіту жывёлагадоўлі беларускія ўмовы яшчэ доўгі час будуць даваць магчымасьць экстэнсіўнага гаспадараньня, пра лён, які ў Беларусі вырастае найлепшае ў сьвеце якасьці.

(Абрамчык: ) “З тэхнічных культураў Беларусі, што заваявалі сабе вялікае рэномэ на міжнародным рынку і маюць для экспарту паважнае значэньне – ёсьць лён. Зь беларускім ільном ня можа канкураваць ніводная дзяржава. Францыя, Нямеччына, Англія й іншыя тэкстыльныя цэнтры для свае льняной індустрыі купляюць, у першую чаргу, беларускі лён, а іншы толькі тады, калі беларускага не хапае. Францускія прамыслоўцы й гандляры ведаюць на'т беларускія словы "галавасьцік" і "даўгунец", якія яны ўжо ўжываюць як францускія словы, вымаўляючы "алявасік" і "даўюнец". Чаму ж так высока цэніцца беларускі лён? А таму, што ён ні ў воднай краіне не расьце такой добрай якасьці. Валакно беларускага лёну доўгае, далікатнае, амаль як вата, толькі што за вату мацнейшае й лепш уцягвае ў сябе пот чалавека”.

Але пра лён прысутныя ведалі. Пра каноплі таксама. Уразіла іх наступная расьліна – кок-са-гыз, што добра расьце на палескіх балотах і дае высокі працэнт прыроднага каўчуку. Ён танны і цалкам забясьпечыць патрэбы краіны ў гуме.

“Што далей? Лекарскія зёлкі і тытунь, цукровы бурак і вінаград. А садаводзтва? Нашы "Антонаўкі", "Вінныя", "Слуцкія Бэры", "Гарадзенскія Сапежанкі", вішні й розныя гатункі сьліваў. А пчалярства? У даўнія часы,” – казаў Абрамчык, – “гандаль Беларусі мёдам і воскам даваў шмат даходу дзяржаве. Зь мёду вырабляліся напіткі, падобныя да сяньняшніх густых лікёраў, як "Бэнэдыктын" да прыкладу, як так званы "Літоўскі мядок". Наш вялікі князь Вітаўт на каранацыі сваёй на Беларуска-Літоўскага караля зьдзівіў гэтым напіткам усіх манархаў Эўропы, што зьехаліся на ўрачыстасьць”.

А нашы вазёры...

(Абрамчык: ) “ “Калісь я, праходзячы празь Нямеччыну, бачыў адзін невялічкі ставок у Баварыі на некалькі сот мэтраў, у якім немец разводзіў фарэлі. Пры гэтым стаўку стаяла цудоўная двухпавярховая камяніца з багатымі мэблямі. Немец меў два аўтамабілі, адзін цяжкі, другі пасажырскі, двое яго дзяцей вучыліся ва ўнівэрсытэце – і ўсё гэта з таго стаўка. На нашых жа водных прасторах, рахуючы, што на адным гэктары можа жыць 10.000 экзэмпляраў рыбы – магло б у нас гадавацца 20.000.000.000 рыбаў”.

А рэкі...

(Абрамчык: ) “У 1919-м годзе адзін заходнеэўрапейскі эканаміст, інжынэр, распрацаваў праект, у якім, дарэчы, браў удзел ведамы наш дзеяч Антон Луцкевіч, для выкарыстаньня беларускіх рэк як шляху злучэньня Балтыйскага мора з Чорным. Фактычна былі распрацаваныя два праекты: адзін з Рыгі празь Дзьвіну, Бярэзіну, Дняпро. Другі – Кёнігсбэрг, Нёман, Аўгустоўскі Канал, Прыпяць, Дняпро. Абодва гэтыя праекты былі перададзеныя эканамічнай сэкцыі Лігі Нацый, якая мела дабіцца згоды ад гаспадароў Беларусі. Былі ўжо і ахвотнікі фінансаваць гэта так цікавае прадпрыемства, гутарылася ўжо аб магчымасьці расчысткі некаторых каналаў і рэк да такога разьмеру, што марскія параходы маглі б перасякаць усю Беларусь без перагрузак”.

Уяўляеце – пры сёньняшніх транзытных магчымасьцях на лініі Ўсход – Захад ажывіць яшчэ і спракаветную лінію Поўнач – Поўдзень... Беларусь становіцца транзытнай краінай у квадраце.

Далей – лес. Інжынэр Душэўскі абрахаваў, што калі падзяліць усю лясную плошчу Беларусі на 100 дзялянак з тым разрахункам, каб, прадаючы кожны год такую дзялянку на экспарт, можна было б зноў, вярнуўшыся за сто год, дастаць дарослы лес – дык з гэтага экспарту мы б маглі цалком пакрыць гадавы дзяржаўны бюджэт Беларусі.

(Абрамчык: ) “Запраўды, адна толькі француская фірма "Козэ і Сосіэтэ" – падпісала была ўмову з урадам БНР у 1918-м годзе на закуп беларускага лесу на суму 40.000.000 залатых франкаў. А колькі ж бы ад нас патрабавала ляснога матэрыялу Нямеччына, ці зусім бязьлесістая Ўкраіна, да сэрца якой, як распадзельчага гандлёвага цэнтру – Кіева – даплывае па Дняпры мноства беларускіх рэк і рэчак, абгібаючых ці проста праразаючых беларускія лясныя раёны”.

Аўдыторыя канчаткова прыціхае, ловячы кожнае слова прамоўцы. Перад іхнымі вачыма будуецца фантастычная будучыня іхнае забітае вясковае краіны, адкрываюцца неверагодныя магчымасьці. Але наперадзе – новыя факты.

Чаго толькі ня робіцца зь лесу – хоць табе мэбля, папера, сынтэтычны бэнзын, лекі. А расьліннасьць лясная, а жыўнасьць...

Немагчыма ўявіць сабе ў дакладзе паваеннага бээсэсэраўскага кіраўніка самога слова “турызм”. У Абрамчыкавай лекцыі турызму прысьвечаны цэлы разьдзел. Да прыкладу, распавядаючы пра мінэральныя воды, ён кажа ня толькі пра пампаваньне гэтых водаў з-пад зямлі, але й пра інфраструктуру вакол крыніц – гатэлі, санаторыі і цэлыя курортныя гарады. У Беларусі ў надзвычай маляўнічых мясьцінах Абрамчык налічвае 26 толькі распрацаваных крыніцаў лекавае вады.

(Абрамчык: ) “Зіма Беларусі таксама надаецца добра для прывабленьня турыстых чужынцаў. Яна дось мяккая, пры тым маецца дось сьнегу з узгоркамі (у паўночнай і цэнтральнай Беларусі) для аматараў лыжнага спорту.

Вы бачыце цяпер, як кісла, нецікава ды няздорава выглядае ангельская зіма, мала цікавейшая й зіма француская. Я пэўны, што каб запрасіць адзін раз на зіму да нас ангельскіх турыстых, то на кожную наступную будуць прыяжджаць тысячамі. Турыстыка ж чужынцаў – гэта таксама даход дзяржаве.

Ужо на падставе толькі вышэй пералічаных мною багацьцяў Беларусі як крыніцаў для задавальненьня нашых нутраных жыцьцёвых патрэбаў і экспарту лішак на закуп нехапаючых у нас матэрыялаў, маглі б сьмела сказаць, што стаімо мы ў шмат разоў лепш за такія дзяржавы, як Італія, Швэйцарыя і дзясятак іншых эўрапейскіх народаў. Нават з гэткімі сваімі рэсурсамі мы б маглі ўтрымаць на людзкім узроўні жыцьцёвы стандарт нашага народу і ня быць дэфіцытнай дзяржавай. Але ж гэта яшчэ ня ўсё – і вельмі далёка ня ўсё”.

Далей, так бы мовіць, эксклюзіў. Тут прамоўца падступае да свае спэцыяльнасьці – геалёгіі. Беларускія балоты. Торф – як угнаеньне, як паліва, як электраэнэргія, як бэнзын, цукар, сьпірт ды як шмат чаго яшчэ, а пры тым, з нашымі запасамі, на тысячу гадоў наперад. Што толькі ні робяць з торфу! Будуюць дамы і вырабляюць ніткі, набіваюць матрацы і робяць лекавыя гразевыя ванны.

Каменны вугаль. У Беларусі няма чорнага, затое ёсьць руды. А скуль браць жалеза? Аказваецца перад самай вайной 1914-га году шмат дзе ў Беларусі быў знойдзены руды жалязьняк. Падчас так званай нацдэмаўшчыны ў БССР ужо існаваў плян самазабесьпячэньня краіны жалезам, але масавыя арышты навукоўцаў спынілі гэтую працу.

Што яшчэ? Соль, каштоўныя камяні – халцэдон, сэрдалік і горны крышталь. Горны воск, зь якога вырабляецца парафін. Фасфарыты. Бурштын.

Кожнаму з гэтых прадметаў дакладчык дае падрабязную характарыстыку, кажа колькі і дзе яго ёсьць у Беларусі. Аднак прыходзіць час на вынікі. Параўноўваючы Беларусь сучасную зь сярэднявечнай, а таксама з Чэхіяй, Францыяй, Канадай ды іншымі краінамі сьвету, Абрамчык робіць выснову, што паводле ўсіх парамэтраў Беларусь магла б стаць цалкам самазабясьпечанай сучаснай эўрапейскай краінай з насельніцтвам 50 мільёнаў чалавек.

Натуральна, пры адной умове. Што гэта будзе свабодная і незалежная краіна.

Шчыра кажучы, дагэтуль захоплівае дых, калі ўявіш яе такой у 1947 годзе разам з распрацаваным для яе сваім плянам Маршала. А хвалюе тэкст дагэтуль, бо дагэтуль многае ў ім прыдатнае для ажыцьцяўленьня. Бо дагэтуль не ажыцьцёўленая ідэя самастойнага адраджэньня краіны. Яе эканомікай доўгі час кіравалі чужыя людзі, робячы зь яе то зборачны цэх СССР, то прыдумляючы пляны драконаўскай мэліярацыі і непэрспэктыўных вёсак, але ніхто ня думаў пра яе самастойную будучыню. Абрамчык думаў.
XS
SM
MD
LG

Original text