Калгаснае шчасьце і электаральныя настроі – “Філязофія травы”
  Powered by Google TranslateTranslate

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Калгаснае шчасьце і электаральныя настроі – “Філязофія травы”

Калгаснае шчасьце і электаральныя настроі – “Філязофія травы”


Сяргей Дубавец, Вільня Працяг гутаркі пра калгаснае шчасьце і электаральныя настроі – да 75-х угодкаў Дня калектывізацыі ў БССР.

Тыдзень таму ў “Вострай Браме” мы гаварылі пра прыроду калгаснага аптымізму і настальгію па гэтым аптымізьме. Жылі бедна, ня мелі ні правоў, ні дакумэнтаў, ні маёмасьці, але жылі шчасьліва, радасна, весела. Твары старых калгасьнікаў, які згадваюць сваю маладосьць, сьвятлеюць. Цяпер ня тое. Сапраўды, сустрэць шчасьлівага чалавека цяпер нашмат цяжэй, чым тады. Цяпер людзі рэдка бываюць радасныя. Яны – заклапочаныя і насьцярожаныя, быццам ахоўваюць нажытыя правы і маёмасьць. Ім ёсьць што губляць, акрамя сваіх ланцугоў.

Але ў тым жа і заключалася ідэя тэарэтыкаў камунізму – каб зрабіць людзей шчасьлівымі, збудаваць для іх рай на зямлі. Чалавек самастойны і заможны – вечна ў клопатах. Якое тут шчасьце! А чалавек, пазбаўлены ўласнага розуму, правоў і маёмасьці – зусім іншая справа. Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! Хто не хацеў, тых – усіх да аднаго – закапалі, а каб у тых, што засталіся, адчуваньне зямнога раю было стопрацэнтовае, рай нябесны ўзялі ды адмянілі. Замест абразоў сьвятога заступніка Міколы ў сялянскіх хатах зьявіліся партрэты нямецкага эканаміста Карла Маркса. Тэарэтык марксізму насіў пухматую бараду, быццам здагадваўся, на што спатрэбіцца ягоны партрэт...

Калгасная рэвалюцыя была менавіта рэвалюцыяй усеагульнага шчасьця, а ня вузкааграрным мерапрыемствам. Таму і запанавала яна ня толькі ў вёсцы, але і ў горадзе. І ў горадзе адбылося адсячэньне “ўсяго лішняга” – уласнага розуму, правоў і маёмасьці чалавека, а таксама і “ўсяго лішняга” – у маштабах нацыі.

Дастаткова згадаць, што перад кампаніяй калектывізацыі ў БССР праводзілася палітыка хутарызацыі, або, па сучаснаму, стварэньне фэрмэрскіх гаспадарак. У шырокім, усесаюзным маштабе – нэп. Паралельна з гэтай палітыкай у нас ішла кампанія беларусізацыі. Гэта зусім ня тое, што мэханічны перавод усяго і ўся на беларускую мову. Гэта перш за ўсё – стварэньне сыстэмы адукацыі ўсіх узроўняў, імклівае разьвіцьцё навукі, літаратуры, мастацтва. Калі хутарызацыю адмянілі і асудзілі, калі ўсіх заможных сялян расстрэльвалі або вывозілі ў ГУЛАГ, паралельна з гэтым адбываўся працэс вынішчэньня эліты нацыі. Іншымі словамі, да сьценкі ставілі побач кулака і акадэміка, у Сыбір ішлі побач серадняк і народны артыст. Паводле самых сьціплых падлікаў, ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў сталі 600 тысячаў грамадзянаў Беларусі.

Пра кулака і акадэміка я кажу для таго, каб падкрэсьліць адзінства гэтага працэсу стварэньня калгаснага раю на ўсёй беларускай зямлі. Бо калгас, паўтаруся, – гэта зусім ня нейкая там абагуленая гаспадарка. Гэта сынонім таго ладу, у якім мы з вамі, па вялікім рахунку, жывем дагэтуль. Наш час – час яшчэ крыху па-савецку пэрманэнтнага шчасьця.

Гэта праўда, што далейшая капіталізацыя шчасьця нам не прыбавіць. Прыбавіць клопату з усімі гэтымі ўласнымі правамі, з маёмасьцю, з патрэбаю ўвесь час рабіць самастойны выбар. Якое тут шчасьце!

На рэфэрэндуме 1996 году мы з вамі большасьцю галасоў адмовіліся ведаць, адкуль у нас фінансуюцца органы ўлады. Мы адчулі тут замах на нашае шчасьце. Хіба можа быць радасны той, хто падлічвае грошы зь дзяржаўнага бюджэту і разважае, ці ня шмат ён плаціць падаткаў на ўтрыманьне, напрыклад, міліцыі, КГБ і яшчэ добрага дзясятку ўсялякіх сілавых структураў? Якая тут радасьць – адныя клопаты. Праўда, страчваючы калгаснае шчасьце, ты набываеш узамен сякія-такія правы і сякую-такую маёмасьць. Ты нават вольны прадаць сваё жытло, якое калісьці нічога не каштавала, а зараз – цэлы капітал. Цэлы дадатковы галаўны боль – што з гэтым рабіць, бо ў прынцыпе рабіць можна шмат чаго, але гэты выбар не дае табе спаць спакойна.

Мы завісьлі недзе на палове шляху паміж калгасам і Эўропай. Адна частка народу з настальгіяй глядзіць на колішняе шчасьце, якое тае на вачах, а другая рушыць у заўтрашні сьвет бясконцых клопатаў і бяссонных начэй. Што рухае першымі, мы ўжо ведаем. А што рухае тымі, якім захацелася свабоды і заманілася ў Эўропу? Цаною калгаснага шчасьця яны хочуць быць гаспадарамі свайго ўласнага жыцьця – самі выбіраць ды вырашаць, што ім патрэбна. Але нават і ня гэта галоўнае. Яны ведаюць, што менавіта такі парадак вядзе да эфэктыўнае эканомікі, плады якой дастаюцца кожнаму грамадзяніну. Інакш кажучы, паміж безумоўным шчасьцем і самастойнасьцю яны выбіраюць другое. І гэта філязофскі выбар. Бо людзі, ведаеце, розныя. І заўсёды нараджаюцца тыя, каму лепей было б у калгасе, і тыя, каму туды ні за што ня хочацца. А гісторыя вучыць, што першыя, шчасьлівыя, заўсёды вынішчаюць другіх, нешчасьлівых, каб абараніць ад іх сваю бестурботную і безмаетную бяспраўнасьць. Затое нешчасьлівыя калгасьнікаў не расстрэльваюць і ў НКВД даносы на іх ня пішуць, бо занятыя іншым – яны рухаюць наперад прагрэс, культуру, грамадзтва. Нявольнікі могуць нешта прымножыць толькі з-пад палкі, а ў свабодных такое прымнажэньне – натуральная патрэбнасьць.

Сёньняшняя ўнутраная палітыка ў Беларусі – гэта ня столькі рэцыдыў савецкіх парадкаў часоў Леаніда Брэжнева, колькі рэцыдыў менавіта калектывізацыі. Калясальнае павелічэньне колькасьці й вагі органаў бясьпекі, закрыцьцё недзяржаўных структураў – як пасьля нэпу, забойства Ўрыцкага і Кірава (таксама, дарэчы, стваральнікаў і функцыянэраў новага рэжыму)... Увядзеньне ідэалёгіі, якая ўжо сёньня адкрыта называе ворагаў народу, нацдэмаў, трацкістаў... Яшчэ крыху і пачнецца глябальнае раскулачваньне, а разам зь ім – адкрытыя паказальныя працэсы над якімі-небудзь шахцёрамі... Гучыць нібыта неверагодна, гэтаксама неверагодна, як гучала б у 1925-м. Што вы, у нас нэп, і мы такая маленькая каіна ў самым цэнтры Эўропы... Цікава, што б сказалі пра такую неверагоднасьць Ганчар і Захаранка, калі б можна было нейкім фантастычным чынам выйсьці зь імі на сувязь?..

Калгас застаецца вызначальным у нашым жыцьці ня толькі як камуністычны жупел, але і як форма землекарыстаньня. Магчыма, адсюль усё і пачынаецца. Прынамсі, Фёдар Дастаеўскі ўпэўнены, што прычына ў гэтым:

“Гэта ўжо якісьці закон прыроды, ня толькі ў Расеі, але і ва ўсім сьвеце: хто ў краіне валодае зямлёй, тыя і гаспадары той краіны, ва ўсіх сэнсах. Так было паўсюль і заўсёды... Калі ў краіне уладаньне зямлёй сур’ёзнае, дык і ўсё ў гэтай краіне будзе сур’ёзнае, ува ўсіх значыць сэнсах, і ў самым агульным і ў прыватнасьцях. Турбуюцца, напрыклад, у нас цяпер пра асьвету, пра народныя школы, а я вось веру толькі таму, што школы тады толькі прымуцца ў нас сур’ёзна і грунтоўна, калі землеўладаньне і земляробства наша арганізуюцца ў нас сур’ёзна і грунтоўна, і што хутчэй не ад школы атрымаецца добрае земляробства, а, наадварот, ад добрага толькі земляробства (гэта значыць ад правільнага землеўладаньня) атрымаецца добрая школа, але ніяк не раней. А паралельна з гэтым прыкладам і ўсё: і парадкі, і законы, і маральнасьць, і нават самы розум нацыяў, і ўсё, урэшце, усякае правільнае функцыянаваньне нацыянальнага арганізму арганізуецца толькі тады, калі ў краіне зацьвердзіцца трывалае землеўладаньне. Тое самае можна сказаць і пра характар землеўладаньня: будзь характар арыстакратычны, будзь дэмакратычны, але які характар землеўладаньня, такі і ўвесь характар нацыі”.

Паводле Дастаеўскага ў цяперашняй беларускай нацыі характар калгасны. Прынамсі ў вялікай часткі яе. І гэта пацьвярджаецца ня толькі тым, якія ў нас уладныя ды прадстаўнічыя органы, ня толькі адносінамі ўлады да інтэлігенцыі, да нацыянальнай гісторыі і культуры ўвогуле. Гэта пацьвярджаецца і настальгіяй па калгасе, па тым калгасным шчасьці.

У чым тут прычына? Ды бадай, усё ў тым жа, пра што гаварылася ня раз. У нас не асудзілі камунізм. Нават за тыя 600 тысяч простых ахвяраў, ворагаў народу, ніхто не пакаяўся. Ня кажучы ўжо пра зламаную псыхіку, татальную русыфікацыю і панявечаныя грамадзкія дачыненьні. Не асудзілі, не пераступілі праз гэтую рысу, не пайшлі далей. І пакуль не адбудзецца такога адкрытага і зразумелага для ўсіх суду, вялікая частка беларусаў так і будзе заставацца ў палоне калгаснага шчасьця і марыць пра няведаньне, бяспраўнасьць ды безмаетнасьць, як гарантаў бясконцае і штохвіліннае радасьці жыцьця.

Ці можна абысьціся без суду над камунізмам, без асуджэньня і пакаяньня? Не. Рэч у тым, што людзі сапраўды нараджаюцца з інстынктам свабоды, але частка людзей усё адно прагне калгаснага шчасьця. Як кажуць у войску, “жыцьцё ламае”. Або як любяць пісаць пра такіх публіцысты – “філязофія травы”. Гэтая частка, гэтая “трава” і вызначае сёньня электаральныя настроі. Дакладней, яна сьлепа давяраецца таму, што скажа начальства, забіваючы гэтай сваёй сьлепатой усялякі іншы электаральны настрой. Павінна адбыцца зьмена каштоўнасьцяў і прыярытэтаў усяго грамадзтва. Хто ня хоча ведаць пра бюджэт, той ня мусіць адымаць такую магчымасьць у тых, хто займае актыўную жыцьцёвую пазыцыю. І менавіта суд над камунізмам стаў бы такой зьменай прыярытэтаў. Каб невуцтва і пасіўнасьць, безмаетнасьць і бяспраўнасьць сталі зьявамі непрэстыжнымі, каб выстаўляцца імі было сорамна.

Тое спэцыфічнае месца, якое займае ў нашым грамадзтве апазыцыя, таксама абумоўленае калгасным характарам сьвядомасьці. У калгасе і ў калгаснай краіне ніякай апазыцыі папросту ня можа быць. Калі ёсьць нехта, хто выступае супраць курсу, – гэта не апазыцыя, а ворагі. Яны падлягаюць зьнішчэньню. Мы з вамі можам пратэставаць супраць такога парадку і нават самі ўваходзіць у склад апазыцыі, але нават мы з вамі ўспрымаем апазыцыю як эклектычны элемэнт зь іншае опэры, які не адпавядае агульнаму складу навакольнага жыцьця. Мы разумеем, што выступаем за тое, што не прадугледжана ў сцэнарыі такога грамадзкага жыцьця. Што да большасьці, дык яны кажуць: чым крычаць на пляцах, паехалі б лепей у калгас, дапамаглі сялянам убіраць хлеб.

У такой сытуацыі наракаць на апазыцыю, на яе памылкі ці недахопы, няма ніякага сэнсу. Па-першае, таму, што апазыцыя сама па сабе ёсьць памылкай у калгасным грамадзтве. Па-другое, таму, што апазыцыя – гэта мы з вамі. Яна такая, якой яе нарадзіла зь сябе тая частка грамадзтва, якая хацела б іншага жыцьця. Гэта наша з вамі незадаволенасьць выяўляецца менавіта ў такіх формах і абліччах, у якіх выяўляецца.

Калі працягваць аналіз суб’екту, мы прыйдзем да сябе саміх – гэта значыць, нам яшчэ не захацелася так моцна апазыцыі ў іншых формах і зь іншымі тварамі, каб яна іншая зьявілася. Хочучы перамен, мы адначасова ня хочам і занадта адрывацца ад народа, ад той калгаснай рэчаіснасьці, у якой жыве народ. Мы гатовыя крытыкаваць галадоўку дэпутатаў ці акцыю 21 ліпеня, ня думаючы, што гэта былі нашы з вамі акцыі і ўдаліся яны настолькі, наколькі нам з вамі гэтага захацелася. Гаворачы словамі клясыкаў марксізму, нізы ў нас ня хочуць жыць па-старому, але не настолькі, каб захацець жыць па-новаму. Адсюль і такая апазыцыя. Цяпер – пра вярхі.

Паколькі нізы не дасьпелі, застаецца спадзявацца на вярхі, якія рана ці позна ня змогуць кіраваць па-старому. Можа, адбудзецца які-небудзь “палацавы пераварот”, аформіцца намэнклятурная апазыцыя, якая скіне ненавіснага дыктатара, альбо нейкае радыкальнае рашэньне прымуць у Маскве... Але. Рэвалюцыйная сытуацыя ня створыцца толькі ў вярхах ці толькі ў нізах. Вярхі могуць нешта рабіць, каля ёсьць імпульс зьнізу. І спадар Дамашкевіч можа па-сапраўднаму абурыцца на прэзыдэнта за публічныя абразы толькі тады, калі ў нізах будзе рэальны пратэст вялікіх масаў народу. Аднак бунту сялян у нашым калгасе няма. І брыгадзір мэханізатараў будзе моўчкі выслухоўваць крыўдныя папрокі старшыні. Заўтра старшыня яго абавязкова разжалуе ў сяляне ці проста зьнішчыць. Народ паабураецца і на тым усё.

Вы скажаце, што гэта беспрасьвецьце. Але беспрасьвецьце прадугледжанае правіламі гульні ў калгаснае грамадзтва. Таму многія апусьцілі рукі і вераць у цудоўную зьмену дрэннага старшыні на добрага. Як у часы савецкае перастройкі, павінна суйсьціся вельмі шмат фактараў і абставінаў, што перапынілі б калгаснае жыцьцё, якое ўжо пачынае здавацца нам вечным, нібы той сацыялізм пры Брэжневе.

Каб зразумець, які мэханізм забясьпечвае пераход ад калгаснага ладу да ладу дэмакратычнага, дастаткова зірнуць на прыклад усіх нашых суседзяў і ўсіх увогуле народаў, якія такі пераход ужо ажыцьцявілі. Інструмэнт быццам бы просты, хоць называецца як на наша вуха – патасна. Гэта – воля нацыі. Згадайце моманты, калі ўся радня апынаецца раптам перад цяжкім выпрабаваньнем або няпростым рашэньнем, яна перажывае абвостранае пачуцьцё адзінства. Тое самае з нацыяй. Раптам забываюцца нейкія спрэчкі і крыўды, бо ўсе стаяць перад адной задачай. Усе адчуваюць сябе адным асобным арганізмам – сям’ёю.

Але беларусы сёньня рэдка адчуваюць сябе сям’ёю. Быццам генэтычная памяць нагадвае ім пра часы раскулачваньня, калі сем’і, што адпраўляліся ў ГУЛАГ, абавязкова падзяляліся па розных канцлягерах: асобна мужчыны, асобна мужчыны, асобна дзеці.

Я недарэмна прыгадаў, што хутарызацыя ў БССР адбывалася паралельна зь беларусізацыяй. Калі першая была спыненая, зламаная і БССР стала зонай суцэльнай калектывізацыі, дык і беларушчына была спыненая, зламаная. Былі брутальна разгромленыя навуковыя, культурныя, творчыя асяродкі. І калі замест фэрмаў пачаліся калгасы, а замест беларусізацыі пачалася русыфікацыя, дык што прыйшло на зьмену нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў? Менавіта – калгасная сьведамасьць. Вось чаму Мікіта Хрушчоў сказаў, што беларусы адмовіліся ад сваёй мовы, таму яны будуць першымі жыць пры камунізьме, гэта значыць, у поўным калгасе. Вось чаму мы дагэтуль ня можам разьвітацца з калгасамі, у адрозьненьне ад расейцаў, якія ўжо й забыліся, што гэта такое. Хоць гэта ж з Расеі прыйшлі ў Беларусь калгасы. Але ў расейцаў яны не замянілі сабою нацыянальную сьвядомасьць, якую ніхто не адмяняў, а ў беларусаў – замянілі. Мы сталі самай калгаснай нацыяй у сьвеце. І ў гэтым самая глыбокая прычына нашых сёньняшніх праблем з дэмакратызацыяй і свабодай.

У нас занядбанае гэтае пачуцьцё – адзінства і волі нацыі. І занядбанае яно ня толькі ў паспалітага чалавека, ня толькі ва ўладаў, якія гэты чалавек выбірае, але і ў апазыцыі таксама. Яе акцыі, якія яна часьцяком праводзіць у рамках калгаснага ладу, паводле калгасных парадкаў цягнуць на дробнае хуліганства. Воля нацыі выяўлялася ў 1996 годзе, чаму і зьбірала на дэманстрацыі дзясяткі тысяч людзей. А сёньняшняя апазыцыя ў большай ступені не беларуская. Яна – памылка калгаснага ладу. І перадумовай яе ўзвышэньня была б поўная беларусізацыя.

У нас часта апраўдваюцца – маўляў, мы пішам лёзунгі й выступаем па-расейску, каб нас лепей зразумелі людзі. Але гэта няпраўда. Людзі адмаўляюцца разумець калгасную апазыцыю, бо адчуваюць, што апазыцыі ў калгасе ня можа быць. Адначасова яны не перажываюць таго раптоўнага пачуцьця адзінства з апазыцыяй, якое перажывалі, да прыкладу на пахаваньні Васіля Быкава. Тады ўсе адчулі, што такое воля нацыі. Яна вышэй за калгас, і толькі яна ўрэшце можа раз і назаўсёды пакончыць з гэтым станам рабскага шчасьця.
XS
SM
MD
LG

Original text