Літаратура.org » Чытальня » Патрык Мадыяно, Прызнаньне ў каханьні

Прызнаньне ў каханьні

Патрык Мадыяно — Француская — Ян Максімюк

Я пішу вам з нармандзкага ўзьбярэжжа, дзе сяджу ўжо добры месяц. Наогул я жыву ў Парыжы, але нейкі час таму абачлівасьць падказала мне пакінуць гэты горад як мага хутчэй. Я не хацеў бы заглыбляцца ў дэталі: скажу толькі, што мне там жадалі зла. І адзін даўні знаёмы ахвотна даў мне ключы ад свайго дома на беразе мора.

Гэта даволі сьціплы курорт, куды ў пачатку стагодзьдзя прыяжджалі цэлымі сем’ямі, і на пляжы з таго часу застаўся шэраг паўразваленых кабінак. Дом пабудаваны ў англа-нармандзкім стылі, ён носіць назву “Віла Альбэра І-шага”. Празь яго вокны відаць Ля-Манш, праспэкт, які вядзе да мола, і малое казіно ў выглядзе кітайскай пагады, там нанізе. Ні адной жывой душы, калі не лічыць чаек. Суседнія вілы пазамыканыя. А мора цяпер, у сьнежні, мае дзівотнае крывава-шэрае адценьне. Вось я і апісаў вам сцэнаграфію. Найчасьцей я прабываю ў малым пакойчыку на трэцім паверсе. Сьцены пакойчыка абклееныя палопанымі шпалерамі ў палоскі. Падлога загрувашчаная стосамі старых часопісаў. Гартаючы іх цэлымі днямі, я знайшоў у адным вялікі артыкул пра вас. Артыкул адносіцца да пяцідзясятых гадоў, да часоў вашага дэбюту. Загаловак абвяшчае: “Нарадзілася новая зорка”. Там зьмясьцілі і вашы партрэты, у тры чацьвертыя, тварам наўпрост і ў профіль, чорна-белыя і каляровыя. “Яна атрымлівае тысячу лістоў штодня і адказвае на іх уласнаручна”. Несумненна гэтая фраза схіліла мяне напісаць вам, пасьля таго як я выразаў ваш вялікі здымак з вокладкі і прыляпіў яго на дзьвярах насупраць сябе.

Разглядаючы гэты здымак цягам доўгіх гадзін, я зразумеў, штó мне ў вас падабаецца найбольш: безумоўна, гэта ваша краса, але перш за ўсё смутак у вашым позірку і крайняя шчырасьць у вашым выглядзе. Гэта мяне заўсёды хвалявала, калі я хадзіў глядзець вашы фільмы. Магчыма, вы з гэтым не пагодзіцеся, але такое маё сьціплае меркаваньне.

Ваш здымак на дзьвярах складае мне кампанію, бо я павінен вам прызнацца, што адчуваю сябе самотным (асабліва пасьля таго, як яны забілі майго сабаку, але пра гэта я раскажу ніжэй). Дык вось, я пачаў быў пісаць вам ліст з думкай, каб расказаць сваю гісторыю. Але я парваў яго, напісаўшы ўсяго некалькі радкоў. Я пабаяўся, што вам будзе нецікава: гэта і няветліва, і недарэчна пісаць лісты камусьці, з кім ты не знаёмы.

Але сёньня вечарам, бачыце, я не магу вам не напісаць. Я толькі што ўсьвядоміў сабе, што акрамя вас у мяне няма ніводнага іншага чалавека на зямлі, якому я магу даверыцца. Мой стары калега, пра якога я вам згадаў і які ветліва даў мне прытулак у сваім доме, не зразумеў усёй жахлівасьці маёй сытуацыі. Не, ён не зразумеў.

Я добра ведаю, што злоўжываю вашай цярплівасьцю. Ці дачытаеце вы гэты ліст да канца? Вы ж напэўна атрымліваеце мноства лістоў з нагоды Калядаў і Новага году... Але, калі ласка, пачытайце далей. Я паспрабую быць як мага больш ясным і сьціслым. Да таго ж, мяне падганяе час. Усё пачалося, мадмуазэль, надвячоркам, калі я выйшаў зь вілы, каб прагуляцца вулачкамі гэтага невялікага курорту. Ішоў дождж, я схаваўся ад яго ў кавярні і спачатку іх не заўважыў. Яны ўчатырох сядзелі пры століку ў глыбіні. Я некалькі доўгіх хвілін сядзеў пры бары, абапершыся локцямі на стойку, але ніхто не падыходзіў. Урэшце наймалодшы зь іх зь цяжкасьцю перамясьціўся і ўзьнік перада мною. На ім было нешта накшталт вайсковага плашча, завялікага на яго. Я замовіў сюз. Ён прыкінуўся, што не пачуў. Упёр у мяне пашклянелы позірк, фанабэрыста прыўзьняўшы падбародак. І раптам, зусім нечакана для мяне, без якога-колечы выгуку, без якога-колечы слова, садануў кулаком у мой страўнік. І потым сеў за стойкай, як атупелы. Потым ягоныя вусны скрывіла дурнаватая ўсьмешка. Трое астатніх пры століку ў глыбіні глядзелі на мяне з выглядам адначасова злым і разьвяселеным, бляндын з вусікам і мордачкай пацука дык адкрыта рагатаў. Піжон з нашмараванымі брыльянтынам валасамі кінуў: “Не забівай яго сёньня, Жаклін (ён зьвярнуўся да майго нападніка), у нас яшчэ даволі часу”... “Жаклін” вярнуўся да іх і сеў пры століку, і яны ўжо не зьвярталі на мяне ніякай увагі. Я выйшаў на дождж. Пачынаючы з гэтага дня, яны не пераставалі мяне перасьледаваць і спрычыняць мне кучу непрыемнасьцяў. На выпадак, калі са мною здарыцца нешта СУР’ЁЗНАЕ (а гэта практычна непазьбежнае), я падаю вам іхныя імёны і некаторыя дэталі пра іх, якія мне ўдалося выведаць. (Калі ласка, перадайце іх паліцыі, каб аблегчыць сьледзтва. Хоць я прадчуваю, што такі паварот справы вас хутчэй адштурхне. Зрэшты, ужо запозна і ўсё гэта ня будзе мець ніякага значэньня). Тым ня менш я падаю вам гэтыя зьвесткі.

Значыць, наймалодшага завуць Жаклінам. Гэта імя ці прозьвішча? Няважна. Яму прыблізна дваццаць пяць гадоў. Галава як у самнамбулічнай жывёліны. Вельмі сьветлыя вочы. Крыху малочныя. Быў загадчыкам бару “Прыстань”, таго, дзе ён напаў на мяне першы раз.

Гамаз, Анры: сорак гадоў. Дробны бляндын з вусікам. Колішні кіраўнік аддзяленьня ў Галерэі сучаснага мастацтва ў Гаўры, звольнены, як здаецца, за грубыя паводзіны.

Зізі Фор: трыццаць пяць гадоў. Колішні баксэр, некалі нават чэмпіён паўвострава Катантэн у лёгкай вазе. Стройны брунэт, змазаны брыльянтынам, доўгія вейкі і шаўковістыя вочы, у якіх часам відаць пробліск мэлянхоліі. Спрабуе тапіць сваю нэўрастэнію былога спартоўца ў вэрмуце.

Жыд Поль: алкаш з выглядам, як быццам яму ў любую хвіліну пагражаў інсульт. Атлусьцелы, каржакаваты пяцідзясятнік. Рыжыя валасы. Моцны голас. Буркун. Гаваркі як базарная баба. Некалі працаваў у аўтобуснай кампаніі. Прабачце мне, мадмуазэль, што я вас знаёмлю з гэтымі падазронымі суб’ектамі. Мне сорамна. Чым больш я гляджу на ваш далікатны твар, на вашы “чулыя” вусны (як пішуць у часопісах), тым больш адчуваю, што такія гісторыі не для вас. Я вам яшчэ не сказаў пра свайго сабаку. Ён бы вам спадабаўся. Лабрадор, які клаўся каля маіх ног і сачыў за мною безупынна вачыма, якія вільгатнелі ад нейкай цыганскай пяшчоты. Я забраў яго з сабою ў сваё выгнаньне на гэтым нармандзкім узьбярэжжы. Аднойчы папалудні, калі я вырушыў на свой шпацыр, яны ўвайшлі праз бальконныя дзьверы і перарэзалі яму горла. Гэта зрабіў Жаклін. Вярнуўшыся, я ўбачыў іх усіх: Жаклін абапіраўся сьпінай аб агароджу вілы і зьвягаў. Гамаз, Жыд і Зізі Фор сядзелі на лаўцы. Звычайна сабака выходзіў мне насустрач. Я адразу ўсё зразумеў.

Гэткія рэчы сапраўды адчуваюцца, калі вы ў чужых краях.

Аднаго вечара я пайшоў у казіно, якое, як я ўжо вам казаў, знадворным выглядам нагадвае кітайскую пагаду. (Насамрэч курорт перажываў свой узьлёт каля 1880 году, дзякуючы афіцэру-вэтэрану марскога флёту, які стаў мільянэрам. Далёкі Ўсход зрабіў на ім моцнае ўражаньне, і ён уласнаручна накрэсьліў праект казіно.) Гэта была субота. У запыленай залі, сярэдзіну якой займаў кегельбан, Жаклін, на маё вялікае зьдзіўленьне, выконваў ролю круп’е. Як звычайна, ён быў у сваім вайсковым плашчы, завялікім на яго. Анры Гамаз, трымаючыся крыху ззаду, жаваў запалку. Жырандоля пралівала на іх такое сьвятло, якое нагадала мне загаловак раману, які я калісьці чытаў: “У халодным бляску”. Гамаз падняў галаву і ўтаропіўся на мяне зьдзеклівым позіркам. Жаклін падыйшоў да мяне і жорстка піхнуў мяне ў кірунку выхаду. Зізі Фор тузануў мяне за руку, і я пачуў картавы голас Жыда: “Гэтым разам ён заплаціць свой рахунак, га, Анры?” Зізі Фор схапіў мяне за запясьце і час ад часу лыпаў на мяне мутнымі вачыма. Ён расьсейваў вакол сябе водар фіялкаў, магчыма, гэта быў ягоны брылянтын або пах ягонай парфумы. Я атрымаў удар нагою ў ніз жывата. Ад Жакліна. Яны павалаклі мяне на мол. І калі б мы не перасекліся з раварыстам, які папрасіў агню (я пакарыстаўся гэтай нагодай і пазбавіўся ад іхнай кампаніі, пусьціўшыся з усіх ног), мне здаецца, я нават ўпэўнены, што яны мяне забілі б. Напэўна. Я некалькі разоў хадзіў у жандармэрыю расказаць пра мой выпадак і папрасіць аховы, але яны заўсёды ветліва і непахісна адпраўлялі мяне адтуль зь нічым. Паводле іх, Гамаз, Жыд, Фор і Жаклін зьяўляюцца людзьмі вартымі пашаны і звыш усялякага падазрэньня. Сабаку забіў нейкі валацуга. Яны лічаць, што я занадта нэрвовы і зашмат сабе ўяўляю. Апошнім разам, калі я там быў, я адчуў, што вывеў зь сябе камэнданта пастарунку. Так, ён сумняецца, ці ў мяне ўсе дома. Ён мяне ветліва просіць перастаць яму дакучаць, бо інакш ён “прыме меры”. Якія?

Аднак што ж гэта я хачу вам сказаць: вы сёньня тая самая. Вы не пастарэлі. Не. Я вяртаўся ў вілу, думаючы пра вас і пра цудоўны калядны падарунак, які ахвяраваў мне лёс: я паглядзеў чорна-белы фільм з вамі, тут, у гэтым курорце, мёртвым і варожым. Я прагульваўся берагам мора – прашу выбачэньня за манатоннасьць гэтага ліста, але, на жаль, я не магу нічога з гэтым зрабіць – калі яны яшчэ раз паспрабавалі мяне забіць. Гэтым разам яны былі ў чорнай “Фрэгаце”, адным з тых панылых аўтамабіляў пяцідзесятых гадоў. За рулём сядзеў Жаклін. Мэтраў за трыццаць ад мяне ён гвалтоўна прыбавіў хуткасьці, і я пазьбег сутыкненьня з “Фрэгатай” у самы апошні момант, амаль прыляпіўшыся да муру вакол адной зь вілаў. Аўтамабіль запаволіў, чапіўшы мяне зьлёгку. Праяжджаючы, Жыд выхіліўся з акна машыны і ўдарыў мяне кулаком. Зізі Фор распластаў нос на шкле шыбіны, і гэта надало яму страхотны выгляд нейкай пачварыны. Гамаз, на заднім сядзеньні, увесь час жаваў сваю запалку. Я бегма перасек прыморскі прамэнад. Жаклін рэзка даў задні ход і я ледзь пасьпеў скочыць на пясок, пазьбягаючы новага сутыкненьня з аўтамашынай. Яны поўным махам памчалі ў бок казіно.

Сёньня 31 сьнежня, восем гадзін вечара. Перастаў ісьці дождж, супакоіўся вецер. Я пішу вам, седзячы на белым драўляным услончыку у малым пакойчыку на трэцім паверсе. Час ад часу я кідаю позірк праз акно і бачу, як яны швэндаюцца вакол вілы. Аддаляюцца ад яе, потым вяртаюцца. Няўтомна. Іхная група на прагулцы над морам выглядае як нешта нерэальнае. Жаклін ідзе наперадзе ў сваім вайсковым плашчы, які матляецца і б’е ў ягоныя лыткі. Гамаз, з галавой уціснутай у плечы, рухаецца асьцярожным крокам. Зізі Фор ідзе выпрастаны, ён, як падаецца, ня страціў нічога са сваёй колішняй стройнасьці. Грузны Жыд пляцецца за імі, пахістваючыся і пасопваючы. Ліхтар пралівае на іх “халоднае сьвятло”. Мне нават ня трэба на іх глядзець. Я чую іхныя сьпевы. “Быў караблік малы”. “Асілкі ў месячную ноч”. “Мая прыгожая ялінка”. “Марсэльеза”... Іхныя галасы то мацнеюць, то заміраюць, у залежнасьці ад таго, прыбліжаюцца яны ці аддаляюцца. Я чую іх, сваіх забойцаў. Увесь час. Паспрабую пакарыстацца хвілінай іхнай няўвагі – хвілінай, калі ўзвыюць усе сырэны (ну так, я забыў вам сказаць, што ў гэтай дзівотнай мясціне надыход новага году абвяшчаюць сырэны) – пакарыстаюся гэтай хвілінай, каб зьбегаць на пошту і адправіць вам гэты ліст. А потым яны могуць мяне забіць. Хай ужо ўсё скончыцца. Аднак у гэтую пераднавагоднюю ноч, мадмуазэль, я апошні раз хацеў бы выказаць вам сваё шанаваньне і захапленьне вамі ды перадаць вам пажаданьні шчасьця і посьпехаў у новым годзе.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=164 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Прызнаньне ў каханьні

Патрык Мадыяно — Француская — Ян Максімюк

Для друку   /   Чытальня

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
Патрык Мадыяно
Патрык Мадыяно