Літаратура.org » Неабавязковыя чытаньні » Сяргей Шупа, Сяргей Шупа пра бабруйскі раман

Сяргей Шупа пра бабруйскі раман

Сяргей Шупа

Florian Czarnyszewicz. Nadberezyńcy

Чэслаў Мілаш напісаў пра гэтую кнігу: «Мне хапіла адной старонкі, каб я паддаўся ўплыву гэтага наркотыку і прачытаў адным духам 577 старонак вялікага фармату». Прызнаюся: ну адным не адным, але і мне ад гэтай кнігі было цяжка адарвацца. Уявіце сабе трылягіста Генрыка Сянкевіча і новазямельнага Якуба Коласа ў адной асобе, які апісвае падзеі (усяго толькі) стогадовай даўнасьці, якія адбываюцца ў глыбіннай Беларусі, ня так далёка ад караткевіцкага Рагачова. Пры гэтым тэма, падзеі, людзі, іх штодзённае жыцьцё, мары і памкненьні — абсалютна нечаканыя і невядомыя, непрысутныя ў нашым уяўленьні пра Беларусь пачатку ХХ стагодзьдзя.

Для мяне гэта было адкрыцьцё новага сьвету. Сьвет гэты — архіпэляг засьценкаў дробнай шляхты на глыбокім усходзе Беларусі, у міжрэччы Дняпра і Бярэзіны, ад Барысава да Бабруйску. Сьвет, які ціха існаваў і амаль незаўважна памёр у віхурах войнаў, рэвалюцыяў і тэрораў ХХ стагодзьдзя. Апошні фарпост польскасьці на Ўсходзе, прычым польскасьці безь ніякіх знакаў «краёвасьці» — цяжка ўявіць сабе ў вуснах герояў гэтай кнігі Міцкевічава «Litwo, Ojczyzno moja!». Усе іх спадзяваньні і мары зьвязаныя з далёкай у прасторы і часе Рэччу Паспалітай, яны - асколак паўмітычнай, дападзельнай, "сармацкай" Польшчы.

Раман, адчувальна аўтабіяграфічны, апісвае лёс маладога паляка Стаха Балашэвіча, аднагодка стагодзьдзя, ад 1911 да 1920 году на фоне шырокай панарамы жыцьця гэтай забытай польскай выспы ў самае драматычнае дзесяцігодзьдзе тутэйшай гісторыі — расейскі нацыянальны і рэлігійны ўціск, сусьветная вайна, нямецкая акупацыя, бальшавіцкая рэвалюцыя, польска-расейская вайна... Эмацыйная кульмінацыя палітычных падзеяў у рамане — аднаўленьне Польшчы на тэрыторыі аднаго асобна ўзятага Бабруйскага павету, цьмяна вядомае нам пад назвай «мяцеж Доўбар-Мусьніцкага».

Усё гэта апісваецца так яскрава, маляўніча і фатаграфічна дакладна, што цяжка паверыць: гэтая «біблія крэсаў», «энцыкляпэдыя засьцянковага жыцьця» была створаная аўтарам праз дзесяцігодзьдзі пасьля падзеяў і за многія тысячы кілямэтраў ад ягоных родных мясьцінаў.

Флярыян Чарнышэвіч нарадзіўся ў 1900 годзе ў Бабруйску і правёў дзяцінства ў яго ваколіцах, паралельна з навучаньнем у расейскай школе атрымваў польскую адукацыю ў падпольных хатніх школках. Быў выведнікам падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 году. Пасьля таго, як Рыскі мір пакінуў ягоныя мясьціны на ўсход ад новай мяжы, пераехаў у Вільню, дзе служыў паліцыянтам. У 1924 годзе, расчараваны новай адроджанай Польшчай, выяжджае на эміграцыю ў Аргентыну, дзе на працягу 30 гадоў працуе ў мясной крамцы ў мястэчку Бэрыса каля Ля-Пляты.

Літаратурай Чарнышэвіч займаўся вечарамі, нацягаўшыся за дзень каровіных тушаў. Раман «Надбярэзынцы» — ягоны літаратурны дэбют, кніга выйшла ў 1942 у польскім выдавецтве ў Буэнас Айрэсе і доўгі час заставалася незаўважанай. У 50-я гады яе «адкрыла» польская эміграцыя, кнігу параўноўвалі і з «Панам Тадэвушам», і з «Вайной і мірам», і зь «Ціхім Донам». Напісаная квяцістай крэсовай мовай, якую месцамі беларусам будзе лягчэй зразумець, чым «каронным» палякам, кніга гэтая заставалася фактычна невядомая ў сацыялістычнай Польшчы — з прычыны яе выразнага антысаветызму. Аўтар памёр у 1964 годзе, так і не дачакаўшыся шырокага прызнаньня. Першае польскае выданьне выйшла ў 1990 годзе — і таксама засталося амаль незаўважаным. Другое — у 2011-м, гэтым разам яго суправаджала адпаведная рэкляма і прамоцыя, таму цяпер гэтая кніга нарэшце заняла сваё належнае месца.

І тут мы сутыкаемся з сакрамэнтальным пытаньнем — што ёсьць гэтая кніга для Беларусі? Ці гэта іншамоўная беларуская літаратура — паводле месца дзеяньня, краю паходжаньня аўтара, урэшце паводле мовы? (Апісаньнем беларускай прыроды ў найменшых дробязях і адценьнях аўтар можа параўнацца з найлепшымі беларускімі пісьменьнікамі і паэтамі.) Хто для нас Флярыян Чарнышэвіч — Іншы Свой ці Свой Іншы? Пакіну гэтыя пытаньні без адказу...

Асобная тэма — беларусы ў «Надбярэзынцах». У Чарнышэвіча гэта — дзікаватая неадукаваная маса, чужая аўтару рэлігіяй, мовай і — галоўнае — яе патрыятычным выбарам за «веру, цара і ацечэства». Незалежная Беларусь у аўтаравай пэрспэктыве яшчэ схаваная ў імгле. Але мяне не пакідае думка, што будучыя беларускія незалежнікі вырасталі хутчэй зь недабітых Стахаў Балашэвічаў, чым з бальшавізаваных сялянаў з суседняй вёскі.

Літаратура.org — https://litaratura.org/neabavyazkovyya-chytanni?artid=140 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Сяргей Шупа пра бабруйскі раман

Сяргей Шупа

Для друку   /   Неабавязковыя чытаньні

Флярыян Чарнышэвіч, Аргентына 1950-я гг.
Флярыян Чарнышэвіч, Аргентына 1950-я гг.