№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Кшыштаф Каміль Бачыньскі (Krzysztof Kamil Baczyński)

1921 - 1944

Кшыштаф Каміль Бачыньскі
Самы значны польскі паэт з “пакалення калумбаў” Кшыштаф Каміль Бачыньскі (пісаў пад псеўданімамі Ян Бугай (Jan Bugaj), Пётр Смугаш (Piotr Smugosz), Кшыштаф Зяліньскі (Krzysztof Zieliński), Кшысь (Krzyś), Эміль (Emil) і інш.) нарадзіўся ў Варшаве 22 студзеня 1921 году. Яго бацька, Станіслаў Бачыньскі, быў польскім пісьменнікам і літаратурным крытыкам, маці, Стэфанія Зяленьчык (паходзіла з акаталічаных габрэяў), – педагогам, аўтарам некалькіх школьных падручнікаў. У дзяцінстве хлопчык пакутаваў на астму, меў слабое сэрца і ўсё жыццё знаходзіўся пад пагрозай захварэць на туберкулёз. У 1931 годзе ён паступіў у гімназію імя Стэфана Баторыя і ў траўні 1939 году атрымаў атэстат сталасці. Падчас навучання Кшыштаф зацікавіўся літаратурай (усе свае творы таго часу ён падпісваў псеўданімам Эміль), адным з яго самых улюбёных твораў стала “Фердыдурка” Гамбровіча, і будучы паэт напісаў уласную версію гэтага твора – “Гімназія імя Баабалка І” (Gimnazjum imienia Boobalka I). Тады ж Кшыштаф уступіў у моладзевую сацыялістычную арганізацыю “Спартак”. На занятках хлопец з’яўляўся рэдка, і яго адзнакі збольшага былі нізкімі.

Пасля заканчэння школы Бачыньскі марыў вучыцца ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і зрабіцца графікам ці ілюстратарам, але пачатак вайны перашкодзіў яму рэалізаваць гэтую мару. У 1940 годзе было створанае габрэйскае гета, але Кшыштаф разам з маці застаецца жыць па-за ім, рызыкуючы ў выпадку выкрыцця іх паходжання быць расстралянымі на месцы. З восені 1942 году паэт паступіў у падпольны Варшаўскі універсітэт, дзе вывучаў паланістыку. У той жа час ён шукаў хоць якую працу: шкліў вокны, працаваў вугольшчыкам і тэлефаністам, а таксама вучыўся ў школе дэкаратыўнага мастацтва і жывапісу.

6 ліпеня 1942 году Бачыньскі ажаніўся з Барбарай Драпчыньскай (нарадзілася 13 лістапада 1922 году), таксама студэнткай аддзялення паланістыкі падпольнага Варшаўскага універсітэта. Паэт прысвяціў жонцы серыю эротыкаў, якія дагэтуль лічацца найвыбітнейшымі творамі гэтага жанру ў польскай літатаруры. Маці і жонка былі для паэта самымі дарагімі і блізкімі людзьмі.

У ліпені 1943 году Бачыньскі трапіў у батальён “Зоська” Арміі Краёвай у чыне яфрэйтара пад імем Кшыштаф Зяліньскі. Тады ж ён кінуў навучанне ва універсітэце і заняўся выключна падпольнай дзейнасцю і паэзіяй, кажучы, што калі яму будзе лёсіць, то ён вернецца і да навучання.

Падчас нямецкай акупацыі Бачыньскі выдаў 4 томікі вершаў: “Замкнёны рэхам” (Zamknięty echem, лета 1940), “Дзве любові” (Dwie miłości, восень 1940), “Выбраныя вершы” (Wiersze wybrane, май 1942), “Паэтычны аркуш №1” (Arkusz poetycki Nr 1, 1944) і зборнік “Спеў з пажарышча” (Śpiew z pożogi, 1944). Таксама яго вершы друкаваліся ў падпольных анталогіях “Незалежная песня” (Pieśn niepodległa, 1942) і “Праўдзівае слова” (Słowo prawdziwe, 1942). Аднак большая частка яго твораў, якая ўлучае каля 500 вершаў, некалькі паэм і два дзесяткі апавяданняў, была надрукаваная пасля вайны.

Кшыштаф Бачыньскі загінуў на чацверты дзень Варшаўскага паўстання 4 жніўня 1944 году, смяротна паранены нямецкім стралком. А 1 верасня таго ж году загінула і жонка Бачыньскага.

Кшыштаф Бачыньскі – адзін з самых легендарных творцаў у польскай літаратуры. Створаная паэтычная прэмія яго імя. Песні на яго вершы спяваюць многія барды, у тым ліку Эва Дэмарчык. Паэт з’яўляецца патронам шэрагу школаў, бібліятэк, скаўцкіх дружынаў і інш. Кшыштафу Бачыньскаму прысвечаная кніга апавяданняў Ежы Анджэеўскага “Нос”. У 1984 годзе быў зняты фільм “Чацверты дзень”, прысвечаны апошнім чатыром дням яго жыцця.

Чытайце таксама

Жан Както

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці.

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

948