№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Фільм паводле кнігі С. Алексіевіч намінаваны на “Оскар”

4 лютага 2010

Фільм паводле кнігі С. Алексіевіч намінаваны на “Оскар”
Ён зняты паводле аднаго апавядання з кнігі Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”.

Апрача яго, на галоўную штогадовую прэмію Амерыканскай акадэміі кінамастацтва прэтэндуюць стваральнікі яшчэ чатырох кароткаметражных стужак, у якіх апавядаюцца сапраўдныя людскія гісторыі.

Навіна заспела Святлану Алексіевіч у Берліне, дзе тая апошнім часам жыве. Пісьменніца не хавае сваіх пачуццяў з гэтай нагоды, хаця і не перастае здзіўляцца, чаму Хуаніта Ўілсан выбрала для свайго кінасцэнару менавіта “Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах”.

“Мне было цікава, чаму яна выбрала менавіта гэтае апавяданне, бо па ўсім свеце ідуць дзесяткі п’ес і шмат фільмаў розных здымаецца па “Чарнобыльскай малітве”. Але ніхто да яе на гэтым апавяданні не спыняўся, а вось яе зацікавіла менавіта гэтае. І яна знайшла свой ход – гэта не дакументальны фільм, а такі новы дакументальна-мастацкі паварот. Сцэнар зроблены пад дакумент, і ў той жа час граюць акторы. І гэта ўжо яе бачанне майго дакумэнту”.

Фільм здымаўся на Прыпяці. У аснову пакладзеная гісторыя перасяленца, у якога ад радыяцыі памірае дачка. Перад пахаваннем бацька хоча, згодна з даўнім звычаем, пакласці яе на дзверы роднай хаты, дзеля чаго яму трэба вярнуцца ў сваю адселеную вёску. Гэтая гісторыя ў свой час моцна ўразіла пісьменніцу, а потым і ірландскага кінарэжысёра.

“Калі я ездзіла па Прыпяці, мяне дзве гісторыі ўразілі. Першая – пра тое, як чалавек вывез з зоны адсялення дзверы, якія памятаюць усё ягонае жыццё. І другая – як жанчына, ад’язджаючы, пакінула запавет, каб яе пасля смерці прывезлі назад і пахавалі ў той загінулай вёсцы. Але яна гаравала пра тое, што не будуць пры гэтым выкананыя ўсе тыя звычаі, якія заўсёды ў іх сям’і выконваліся”.

Дакументальныя фільмы паводле кнігі “Чарнобыльская малітва” знятыя рэжысёрамі Нямеччыны, Францыі, Швецыі, Японіі ды іншых краін. Багата стужак атрымлівалі ўзнагароды, але такой высокай намінацыі ніводная яшчэ не мела. На пытанне, ці паедзе пісьменніца 7 сакавіка на цырымонію ўручэння “Оскара”, спадарыня Алексіевіч сказала:

“Не ведаю. Пакуль мяне ніхто не запрашаў”.
паводле svaboda.org

Чытайце таксама

Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай

У шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай 2018 увайшлі дзевяць паэтычных кніг

Адкрыты прыём заявак на прэмію Шэрмана

Прэмія Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Пераможца атрымае чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а. Падаць заяўку можна да 10 ліпеня.

Найлепшая перакладная проза за 2017 па версіі Андрэя Хадановіча

Перакладной прозы за мінулы год у нас выйшла столькі, што і літаратурныя крытыкі звярнулі ўвагу, і некаторыя арыгінальныя празаікі спалохаліся: а ці такія яны ўжо арыгінальныя, каб вытрымаць гэту канкурэнцыю.

Абвешчаны Доўгі спіс Прэміі імя Ежы Гедройца

Журы Прэміі імя Ежы Гедройца прачытала 32 пададзеныя на Прэмію кнігі і пасля абмеркавання зацвердзіла Доўгі спіс.

іншыя навіны
494