№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Уладзімір Сіўчыкаў

Спачатку было не натхненне, а вытворчая неабходнасць

6 снежня 2008

Спачатку было не натхненне, а вытворчая неабходнасць
Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самая любімая?
 

Першыя тры гады я правучыўся ў Жодзінскай школе-інтэрнаце і не скажу, што чытанне тым часам заўсёды прыносіла асалоду. Нават у трэцякласніка па сьпіне часам прабягаў халадок перад здачаю чарговае кнігі ў інтэрнатаўскую бібліятэку: строгія бібліятэкаркі не толькі правяралі, ці ацалела кніжка, але й задавалі пытанні, каб праверыць, ці напраўду ўсё прачытана.

Калі стаў школьнікам мой малодшы брат, дык маці перавяла мяне ў СШ №3, у будынках якой працуе цяпер адзіная ў краіне жаночая гімназія. З таго часу я чакаў дзён перад вакацыямі, бо надыктоўваліся і спісы абавязковай да прачытання літаратуры, і наіўна верылася, што кнігі тыя – найлепшыя, самыя цікавыя. Але, здаецца, паспяваў прачытваць нашмат болей, таму, можа, і праз гэта нашу акуляры яшчэ з пятага класа. А з кніг, не сказаць каб самых любімых, а, хутчэй, з тых, што ўразілі і запомніліся як цэльныя творы, назаву “Рабінзона Круза” Даніэля Дэфо (страшэнна шкадаваў небараку, які пражыў на выспе на самоце дваццаць восем гадоў!) і “Падарожжы Гулівера” Джонатана Свіфта. Праўда, куды пазней, ужо студэнтам-філолагам, дазнаўся, што былі тое “дарослыя” творы, але скарочаныя і адаптаваныя для дзяцей! Ну і казкі, казкі братоў Грым і Ханса Крысціяна Андэрсэна.

Мабыць, найперш праз беларускія народныя казкі прыйшоў і да беларускага прыгожага пісьменства. А найяскравей запомніліся лынькоўскі “Міколка-паравоз” (відаць, праз тое, што быў галоўны герой, як і я, сынам чыгуначнікаў) ды маўраўскія “Палескія рабінзоны”.

 
 

Што падштурхнула Вас перакладаць менавіта гэты твор?

 

Калі маюцца на ўвазе пераклады ў кнізе “Качка-дзівачка. Польская паэзія дзецям: выбраныя старонкі з паэтаў ХІХ – пачатку ХХІ ст. Kaczka-dziwaczka. Polska poezja dziecieca: wybór z poetów XIX – początku XXI w.”, дык спачатку было не натхненне, а вытворчая неабходнасць. У выдавецкай справе вельмі шчыльна пераплятаюцца творчыя і вытворчыя моманты. Так было і тым разам. Укладальніца і перакладчыца, нібыта паштальён Печкін, да апошняга не здавала рукапіс, а калі рэдактары пабачылі прапанаванае да друку, дык жахнуліся, тым болей што яна катэгарычна адмовілася штосьці правіць і дапрацоўваць.

 

Давялося ў аўральным парадку рыхтаваць новы рукапіс. Разам з Лявонам Баршчэўскім падняў і падрэдагаваў перакладзенае раней Анатолем Вялюгіным і Сяргеем Дзергаём, а таксама Петрусём Макалём, Уладзімірам Мархелем, Алегам Мінкіным. Сем вершаў са спадчыны Яна Бжэхвы бліскуча перастварыў на заказ Рыгор Барадулін, а рэшту давялося перакладаць мне самому і зноў жа Лявону Баршчэўскаму.

Таму ў выпадку з вершамі з “Качкі-дзівачкі” натхнялі абставіны і тэрміны. Гэта быў выпадак, калі, як кажа адзін мой аднагодак-празаік, проста неабходна было ўперціся пузам ў стальніцу.

 

З чым Вы звязваеце сучасную тэндэнцыю з'яўлення цэлага шэрагу беларускіх перакладаў дзіцячай літаратуры?

 

Згадайма, што пасля сталінскага тэрору і ваеннага ліхалецця пісьменніцкі саюз налічваў менш за паўсотню сяброў, і далёка не кожны з іх займаўся перакладам. Нацыі спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб выгадаваць перакладчыцкія кадры. А сталася гэта магчымым дзякуючы намаганням выкладчыкаў айчынных універсітэтаў і маскоўскіх ВЛК, секцыі перакладу і літаратурных сувязяў СБП, літаратурных суполак “Вавілон”, “Тутэйшыя” і інш., а таксама майстроў-практыкаў і выдавецкіх рэдактараў.

Сёння, дзякуючы набытым незалежнасці і суверэнітэту, маладыя людзі могуць вучыцца не толькі ў ВНУ былога СССР, але і ў далёкіх краінах. Некаторыя з іх валодаюць некалькімі, у тым ліку і досыць экзатычнымі мовамі, жывуць за мяжою, непасрэдна кантактуюць з тамтэйшымі літаратарамі. Многія самі сталі бацькамі і хочуць, каб найлепшыя ўзоры сусветнай літаратуры прыходзілі да іх дзяцей без мовы-пасярэдніцы, каб гадаваліся іх дзеці са сваім нацыянальным менталітэтам.

І яшчэ адна акалічнасьць. Нам пашэнціла, што на Беларусі працуе некалькі амбасадараў, якія па-сапраўднаму прапагандуюць свае мовы, літаратуры і культуры. Я абсалютна перакананы, што калі б не трыванне і высілкі пасла Швецыі Стэфана Эрыксана, дык і сёння не былі б збеларушаныя “Карлсан-з-даху” і “Піпі Доўгаяпанчоха” леташняй юбіляркі Астрыд Ліндгрэн.

 

Ці трэба ў нечым здзяцінець, каб перакласці або напісаць дзіцячы твор?

 

Мімаволі прыгадваецца эсэ Андрэя Вазнясенскага “Мне четырнадцать лет” пра Барыса Пастарнака. У ім сцвярджаецца, што і сталы, уганараваны Нобелеўскай прэміяй паэт пачуваўся чатырнаццацігадовым хлапчуком, які не стамляўся рабіць адкрыцці і дзівіцца свету. І наадварот, была адваротная канстанта – не менш тонкі лірык Іван Бунін ужо ў юнацтве быў мудры і абазнаны, нібыта саракагадовы мужчына.

Не трэба літаратару здзяціньваць, бо нават само слова гэтае гучыць некарэктна, як сінонім выразу “ўпадаць у маразм”. Трэба заставацца самім сабою. Куды ўжо, да прыкладу, было здзяціньваць Аркадзю Гайдару, які напісаў аповесць “Р.В.С.” у дваццаць два гады?!

 

Ці ўплывае дзіцячая літаратура на свет дарослых і наадварот? Калі так, то якім чынам?

 

Натуральна, што ўплывае, і самымі разнастайнымі шляхамі. Разам з так званымі дзіцячымі творамі дзеці сталеюць, становяцца падлеткамі, а потым юнакамі і, нарэшце, дарослымі. А хто найчасцей чытае дзятве першыя кніжкі, як не бабулі з дзядулямі?

Дарослыя пішуць і перакладаюць для дзяцей, а нярэдка выступаюць і цэнзарамі – у арыгінальнай версіі літаратурнай казкі “Чырвоны Каптурок” Шарля Перо ўнучка несла сваёй бабулі не толькі піражкі і масліца, але і бутэлечку чырвонага вінца! Тыя ж дарослыя дагэтуль не парупіліся выправіць даўнія недарэчнасці ў перакладзе – дапытлівае дзіця мусіць запытацца, як Папялушка здолела танчыць, чаму яе крышталёвыя (у старафранцузскім тэксце хутчэй за ўсё было падобнае па гучанні слова са значэннем “аздобленыя вавёрчыным футрам”) пантофлікі не пабіліся ці не скрывавілі ёй ногі?!

Дый увогуле, трэба было б казаць аб літаратуры для дзяцей і аб літаратуры пра дзяцей, па магчымасьці размяжоўваць іх. Амаль што ва ўсіх рэчах Сэлінджэра ёсць героі-дзеці, але ці дзецям адрасаваныя яны?

З пытаннем размежавання і з не менш складанымі за яго давялося сутыкнуцца, калі прыйшоў я пасля універсітэта працаваць у часопіс для дзяцей і падлеткаў “Бярозка”, а таксама калі здаваў у выдавецтва дзіцячай літаратуры “Юнацтва” рукапіс сваёй першай кніжкі “Гульня ў тастамант”.

Нялёгкія дылемы ставіліся і летась на міжнароднай канферэнцыі па дзіцячай культуры “Думаеш пра будучыню – дзейнічай сёння!” на шведскай выспе Готланд, дзе пашчасціла пабываць (яшчэ раз публічны “дзякуй!” Стэфану Эрыксану). Дзяліліся дэлегаты і сваім пазітыўным досведам. Да прыкладу, палякі расказалі, што стварылі фундацыю “АВСХХІ”, адна з ініцыятываў якой – “Cala Polska czyta dzieciom” (“Уся Польшча чытае дзецям”). Калі спрошчана, дык сутнасць яе ў тым, што бацькі штодня павінныя чытаць услых сваім дзецям добрыя кнігі хаця б дваццаць хвілінаў. За гонар лічаць чытаць услых у дзіцячых калектывах і аўдыторыях знакамітыя педагогі, акторы, спартоўцы, палітыкі! Напэўна ж, згадваюць яны сваё дзяцінства і спрабуюць патлумачыць дзецям складанасці свету дарослых.

 

Ці плануеце Вы перакладаць і надалей? Ці будзе гэта зноў твор для дзяцей?

 

Устрымаюся ад катэгарычнасці наконт таго, што збіраюся перакладаць творы для дзяцей, а вось выдаваць іх буду напэўна. Практычна падрыхтаваныя ў выдавецтве “Радыёла-плюс” да друку два паэтычныя зборнікі: “Выпаў грук у грома з рук” Рыгора Барадуліна і “Выйшаў зайчык пагуляць” Артура Вольскага. У абодвух ёсць раздзелы арыгінальных вершаў і перастварэнняў з моваў блізкіх і далёкіх.

 

Якія дзіцячыя творы, на Вашую думку, яшчэ неабходна перакласці на беларускую мову?

 

За часамі савецкай імперыі віталіся найперш ідэалагічная і выхаваўчая ролі твораў, кнігі мусілі рыхтаваць да змагання. Эстэтычныя, мастацкія якасці нярэдка ігнараваліся. Дабрабытам, выгодамі і неверагоднымі тыражамі заахвочваліся найперш айчынныя і замежныя літаратары, творы якіх адпавядалі пэўным канонам. Да прыкладу, у бяскрыўднай, здавалася б, казачцы Джані Радары “Прыгоды Чыпаліна” ўсё было вытрымана як след: багатыя (Апельсіны, Мандарыны, Памідор...) выстаўляліся злымі і кепскімі, а бедныя (Чыпаліна-цыбуліна, Радыска...) – добрымі і кемлівымі пераможцамі.

Таму, нягледзячы на тое, што багаж перакладаў на беларускую мову робіцца ўсё больш важкім, супакойвацца нам не выпадае.

Але я не стаў бы называць канкрэтныя мастацкія творы. Куды важней, на маю думку, было б дбаць пра энцыклапедыі, слоўнікі, даведнікі, катэхізісы, дапаможнікі, кампедыюмы і іншую літаратуру non-fiction, у тым ліку і перакладную.

Чытайце таксама

Канцэпцыя “двайнога бачання” сусвету ў навэлістыцы Густава Майрынка

Наталля Ламека

Канцэпцыя “двайнога бачання” сусвету ў навэлістыцы Густава Майрынка

Аўстрыйская экспрэсіянісцкая культура пачатку ХХ стагоддзя вылучаецца асаблівай атмасферай патаемнага і містычнага. Так званы “чорны” экспрэсіянізм шырока эксплуатуе матывы падарожжа ў іншасвет, хваравітай…

Час одуму

Пётра Садоўскі

Час одуму

Прайшоў больш чым год з таго часу, як выйшла другая частка апошняга, 5-га тома Тлумачальнага слоўніка нашай роднай мовы, першага слоўніка такога памеру, складзенага не заўзятым адзінцом, а калектывам прафесійных…

Літаратурнае аб'яднанне Узвышша

"Узвышша"

“Узвышша” — літаратурна-мастацкі часопіс (“часопісь літаратуры, мастацтва і крытыкі”), створаны сябрамі аднайменнай літаратурнай суполкі. Лічыцца адным з самых адметных і значных літаратурна-мастацкіх…

Стыян Холе:

Стыян Холе: "Як шмат агульнага ў тэатра і кніжкі з карцінкамі!"

У невялікай кнігарні я заўважыла дзіўную кнігу з насупленым бялявым хлопчыкам на вокладцы. А раскрыўшы выданне, я яшчэ больш здзівілася бабулям па плечы ў траве ці на скейтбордзе, рэнтгенаўскім здымкам…

686