№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Вера Бурлак

Паэт, які часам перакладае

18 верасня 2010

Паэт, які часам перакладае
— Вера Бурлак вядомая беларускаму чытачу хутчэй як паэтка, чым як перакладчыца. Наколькі значнай для Вас самой перакладчыцкая дзейнасць? Вы лічыце сябе паэтам-перакладчыкам ці ўсё ж паэтам, які проста час ад часу бярэцца за пераклады?
 

— Мабыць, усё ж другое — паэтам, які часам перакладае, бо паэт-перакладчык — гэта, на маю думку, іншы лад жыцця. Але для мяне пераклады вельмі важныя і часам робяцца галоўнымі. Асабліва калі ўласнае не надта пішацца (з розных прычынаў: стома, недахоп часу, натхненне здрадзіла і інш.). З перакладам праблемы “здраднага натхнення” няма: тут апетыт прыходзіць падчас ежы.

 

Ёсць яшчэ і геаграфія, якую дыктуе мова. Асноўная частка маіх перакладаў — з ангельскай і ўкраінскай. З ангельскай ёсць і ўлюбёны час: другая палова XIX — пачатак ХХ стагоддзя. Аднак ёсць яшчэ мовы ў запасе. Самая экзатычная з іх — сярэднеегіпецкая, класічная мова старажытных егіпцян. Даўно мару паспрабаваць перакласці нешта з яе — так даўно мару, што ўжо мову, вывучаную па кніжках, падзабыла.

 

— Вы перакладаеце вельмі розных аўтараў. Як Вы абіраеце “ахвяру”?

 

— Насамрэч у мяне даволі абмежаванае кола цікаўнасці. Па-першае, форма: гэта літаратура гульні, абсурду. Мадэрнісцкі і авангардысцкі эксперымент. Іронія — яна выяўляецца сродкамі стылю, яе пераклад таксама часам набывае характар гульні. Усё гэта — поле для ўласнай гульні і для развіцця тэхнікі, гэта мне цікава і прыемна — лепей за крыжаванкі. Да таго ж, мне даспадобы складаныя задачкі — я лёгка паддаюся на такі выклік.

 

Па-другое, змест. Гісторыі аб прывідах, незвычайных з’явах — асабліва калі яны не вычэрпваюцца аповедам толькі пра гэта — заўсёды прыцягваюць. Дзівосныя казкі — як кэралаўскія — таксама. Некаторыя аўтары самі па сабе — незвычайная з’ява, напрыклад, Марыя Мараўская, пра якую я цяпер актыўна думаю.

 

Але здараецца перакладаць і не на ўласны выбар. І, што цікава, гэта захапляе не менш! Трохі адхіліцца ад уласнага шляху, пабыць трохі болей “не сабой”, чым калі перакладаеш тое, што выбраў сам, — вельмі прывабная задача. Да таго ж, дапамагае ў сабе адкрыць нешта новае або амаль чужымі вуснамі выказаць тое, што ў табе ёсць, але для чаго няма ўласных словаў.

 

— У трэцім нумары “ПрайдзіСвета” выйшаў Ваш пераклад апавядання Мантэгю Родса Джэймса “Студня стогнаў”. Гэта проста эпізадычны пераклад ці Джэймс — Вашае зацікаўленне, якім Вы збіраецеся займацца і далей? Чым выкліканая цікавасць да Джэймса?

 

— Да М. Р. Джэймса хацелася б звярнуцца яшчэ. Ён няшмат напісаў, гэта, вядома ж, стварае спакусу замахнуцца на “поўны збор твораў”, але час пакажа, ці атрымаецца. Я даведалася пра яго з “НЛА”, там быў артыкул з аналізам ягоных апавяданняў. І з гэтага артыкула я зразумела, што яго абавязкова трэба пачытаць... а потым (зразумела, пачытаўшы) і перакласці. Для мяне ён вельмі прывабны і як аўтар, і як асоба. Мая ўлюбёная тэматыка — прывіды. Вытанчаны, трохі іранічны, трохі адцягнены стыль. Сам аўтар — навуковец, гісторык-медыевіст (мая ўлюбёная закрытая “кабінетная” прастора; зварот да “памерлых” часоў, якія, аказваецца, вяртаюцца). Для мяне ён якраз не самы блізкі па характары аўтар (хоць ёсць і значна далейшыя), але гэтае разыходжанне робіць задачу яшчэ больш цікавай.

 

— Ці няма ў Вас жадання зрабіць свой пераклад “Алісы ў краіне цудаў”?

 

— Жаданне ёсць. І нават нейкія спробы рабіліся. Але пакуль спыняе наяўнасць двух ужо гатовых перакладаў (а можа, іх нават больш). Калі я вазьмуся за гэты пераклад, буду рабіць яго найперш для сябе.

 

— Які эпізод кэралаўскага “Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса” даўся Вам цяжэй за ўсё? Як Вы з ім змагаліся?

 

— Цяжэй за ўсё даўся момант, які я так і не перамагла, — замяшаныя на гістарычным і культурным кантэксце і, да таго ж, на аўтацытацыі “англасаксонскія” Ганцы Караля з іх “англасаксонскімі паставамі”. Гэты эпізод нават для многіх сучасных носьбітаў ангельскай мовы, напэўна, патрабуе тлумачэння, ён заўсёды каментуецца ў перакладах. З ім звязаная і праблема адаптацыі тэксту, неабходнасці яго культурнага “транспанавання”. Пра яго шмат пісалі, паспрабую каротка перадаць сутнасць праблемы. З’яўленне гэтых персанажаў у казцы звязанае з цікавасцю Кэрала да англасаксонскай даўніны — і адначасова з іранічным стаўленнем да моды на гэтую даўніну, якая панавала тады ў інтэлектуальных колах. Адсюль дзіўныя “англасаксонскія паставы”, якія прымаюць Ганцы: яны “змаляваныя” з папулярнага тады этнаграфічнага выдання.

 

— Мне хацелася ўсё ж, каб у тэксце не заставалася нічога незразумелага, нематываванага для чытача — прынамсі, у ідэале. А тут варта было спадзявацца толькі на разумную зноску з каментарамі. На дапамогу прыйшоў Андрэй Хадановіч (ён рэдагаваў тэкст для выдання ў “Архэ”) і прапанаваў выдатны варыянт — лепшага я пакуль не бачыла. “Англасаксонскія” (чаму “англасаксонскія”? Навошта гэтае ўдакладненне?) Ганцы ператварыліся ў “першых англасаксонцаў з рысункамі”, як “Наша Ніва” 1900-х гадоў — “першая беларуская газета з рысункамі” (нават малюнкі ў ангельскай энцыклапедыі тут “гукнуліся”). Вядома ж, таксама загадка для знаўцаў, але значна лягчэйшая і часткова “свая”. За гэта я вельмі ўдзячная Андрэю Хадановічу. Як, дарэчы, яшчэ за шэраг падказак, атрыманых на Перакладчыцкай майстэрні ў Беларускім Калегіюме — вырашэнне некаторых задач яны зрушылі з мёртвай кропкі.

 

Кэрал любіць “нанізваць” адну на адну (другую на другую, трэцюю на трэцюю...) слоўныя і сэнсавыя гульні. Тут таксама даводзілася пазавіхацца, але такія задачы збольшага вырашальныя, некаторымі рашэннямі я нават сама вельмі задаволеная — не чакала ад сябе, што здолею.

 

Пра гэта я магла б многа расказаць — у тым ліку пра свае дробныя і не вельмі дробныя перамогі — але, мабыць, час спыніцца.

 

— Вы займаліся даследаваннем дзіцячай літаратуры Срэбнага веку. Чым яна вас прывабіла? Ці браліся вы перакладаць штосьці з гэтага літаратурнага перыяду?

 

— Цікавасць да гэтага перыяду рускай літаратуры ў мяне яшчэ гадоў з 13, калі настаўніца па сальфеджыё дала мне пачытаць Мікалая Гумілёва — тоўстую зялёную кнігу з “Бібліятэкі паэта”. Я была зачараваная, я была загіпнатызаваная, я хадзіла і трызніла Гумілёвым, асабліва паэмай “Зорны жах”, у якой амаль нічога не зразумела — і ад таго палюбіла яе яшчэ больш. Таму, выбіраючы на філалагічным факультэце тэму для першай курсавой, я мэтаскіравана шукала і адшукала “нешта пра Гумілёва”. Праз усе студэнцкія гады я вывучала яго творчасць. А вось калі справа дайшла да кандыдацкай дысертацыі, выявілася, што Гумілёва ўжо досыць добра вывучылі іншыя даследчыкі. Трэба было шукаць новую тэму. Гумілёў і тут дапамог. У яго ёсць паэма “Мік”, якая лічыцца дзіцячай. І менавіта ёю даследчыкі не асабліва цікавіліся. Я задумалася: а хто і што яшчэ тады пісалі для дзяцей? Так і дайшла да сваёй тэмы — праяваў мадэрнізму ў рускай дзіцячай літаратуры мяжы XIX—ХХ стагоддзяў. Перакладаць спрабавала, нават таго ж Гумілёва, Валерыя Брусава. Праўда, гэта так і засталося спробамі. Згаданая раней Марыя Мараўская таксама пісала ў гэты час. Вабіць і сама атмасфера таго памежнага часу, і асобы, і творы самі па сабе. Думаю, гэты перыяд для мяне як перакладчыцы яшчэ не вычарпаны.

 

— У Вашай сям’і расце сын. Раскажыце, якія перакладныя кнігі на беларускую цікава чытаць яму. І што Вы б хацелі, каб ён пачытаў з сусветнага набытку дзіцячай літаратуры па-беларуску?

 

— Наш сын, якому чатыры з паловай гады, любіць вершы. З прозай у нас пакуль неяк не склалася. Але казку пра мумітроляў, напрыклад, мы за два дні адолелі — слухаў з цікавасцю. А вось з перакладамі вершаў праблема. З аднаго боку, такія пераклады рабіліся — з вядомых мне большасць руска-беларускія. Сярод іх ёсць вельмі добрыя, напрыклад, вольны “Мыйдадзір” А. Зіміёнкі (Кастусь ад яго якраз у захапленні). Але з другога боку, яны вельмі даўно не перавыдаваліся. Або, калі нешта выходзіла, то малымі накладамі — не адшукаць (так выпадкова я набываю ў букіністычных крамах перакладныя казкі — на будучыню — і кожную знаходку ўспрымаю як цуд). Можа, я адстала ад літаратуры, але нават не прыгадаю добрай дзіцячай кніжкі вершаў (падкрэсліваю — вершаў, з прозай становішча лепей) у перакладзе на беларускую, якая б выйшла за апошнія гады. Мне здаецца, чым больш перакладаў робіцца, тым лепш. Яны стануць у агульны шэраг з арыгінальнымі творамі (бо дзіця асабліва не разбіраецца, хто беларус этнічны, а хто “перакладзены” — галоўнае, што кніжка добрая, любімая і на роднай мове), і так пашырыцца і дыяпазон асваення сусветнай культуры беларусамі, і нашая свядомасць уздымецца з узроўню краіны (нават малой беларускамоўнай супольнасці ў межах краіны) на ўзровень сусвету.

Чытайце таксама

У Афрыку гадзіннік не бяру

Марэк Вадас

У Афрыку гадзіннік не бяру

Ён піша кнігі не дзеля выдання, а дзеля таго, каб сказаць штосьці важнае. Робіць гэта ўжо шэсць разоў. Атрымаў нават прэстыжную славацкую літаратурную прэмію Anasoft litera. Па сюжэты сваіх твораў ён…

Клаўс Элсбергс

Васіль Сёмуха

Клаўс Элсбергс

Паэт, якога любіла моладзь, паэт, які ўзляцеў імкліва, знянацку заспеўшы равеснікаў і старэйшых сталым разуменнем нашага часу, яркасцю, як Курзэмэ ў сонечны дзень, простай, нявыдуманай праўдай свайго жыцця…

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

Ульф Старк

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

— Мая першая дзіцячая кніга выйшла ў пачатку 1970-х. Да гэтага я напісаў два зборнікі вершаў і раман. Агульны культурны клімат быў такі, што я вырашыў пачаць пісаць для дзяцей.

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

821