№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Яніна Арлоў

Старамодна думаць, што нейкая тэма складаная для дзіцячага ўспрыняцця

8 жніўня 2012

Старамодна думаць, што нейкая тэма складаная для дзіцячага ўспрыняцця
Выраз “феномен шведскай дзіцячай літаратуры” разумеюць і прымаюць і тыя, хто вывучае дзіцячую літаратуру на прафесійным узроўні, і тыя, хто абірае кнігі для чытання сваім дзецям ва ўсім свеце.

Згодна са статыстыкай, з 2003 году адзначаецца істотнае ажыўленне, а па выніках 2006 году канстатуецца, што выданне дзіцячых кніг у Швецыі пабіла ўсе рэкорды. Самі шведы лічаць, што гэтаму спрыяла некалькі істотных фактараў: кампаніі па прапагандзе чытання, зніжэнне падаткаў на кнігавыданне, рост нараджальнасці і агульны пад’ём дабрабыту.

— Спадарыня Яніна, падчас удзелу ў семінары па дзіцячай літаратуры ў Стакгольме (2009 год) я зрабіла для сябе нечаканае адкрыццё. У Швецыі, дзе штогод выходзіць 1500-1800 кніг для дзяцей, дзе працуе Інстытут дзіцячай кнігі, дзе самыя буйныя газеты краіны штотыдзень даюць агляд дзіцячай літаратуры, дзе ёсць Юнібакен — незвычайны музей дзіцячай кнігі, урэшце, там, дзе заснаваная прэстыжная міжнародная прэмія па дзіцячай літаратуры імя Астрыд Ліндгрэн, што па значнасці прыраўноўваецца да Нобелеўскай, — гучалі скаргі крытыкаў на тое, што дзіцячай літаратуры ў вас надаецца не столькі ўвагі, колькі хацелася б. А Вы падзяляеце гэтую незадаволенасць?

— Гэта праўда і няпраўда адначасова. Заўжды афіцыйна лічыцца, што дзіцячая літаратура — вельмі важная справа, ёй трэба займацца, развіваць, падтрымліваць. Аднак ёсць розніца паміж тым, што канстатуюць і як насамрэч ставяцца да дзіцячай літаратуры. Я кажу сваім студэнтам, што мы не павінныя гэтага нават падкрэсліваць, бо кожны раз, калі мы такое паўтараем, факт пацвярджаецца і замацоўваецца.

 
 Але, бясспрэчна, такая праблема ёсць. І гэта датычыць не толькі рэцэнзій на дзіцячыя кнігі. Напрыклад, шведская Акадэмія навук, найпершая задача якой — праца са шведскай мовай, дапамога ў яе развіцці, выдае вельмі шмат стыпендый і грантаў. А каб дзіцячы пісьменнік атрымаў гэтыя грошы — такое рэдка здараецца. І гэта вельмі дзіўна.

— А ў чым Вы бачыце праблему такога стаўлення?

Мне здаецца, яны проста зусім не разбіраюцца ў дзіцячай літаратуры, не разумеюць, што гэта такое, хаця вельмі любяць паразважаць пра тое, як гэта важна. Дадатковая праблема палягае яшчэ ў тым, што да дзіцячай літаратуры наогул ставяцца як да нейкага маналіту. Гэта найвялікшая памылка спецыялістаў: вылучэнне дзіцячай літаратуры як асобнага жанру. Дзіцячая літаратура шматжанравая, як і літаратура для дарослых. І ў гэтым сэнсе тут ёсць рэчы добрыя і дрэнныя.

— А падтрымка Шведскай акадэміяй роднай мовы — гэта вымушаная мера? Ангельская ў Швецыі — як другая родная...

Не, я б не сказала, што ёсць пагроза выцяснення шведскай мовы ангельскай, асабліва калі гэта датычыць правінцыі. У вялікіх гарадах, канечне, ангельскай карыстаюцца вельмі актыўна, але ўсё адно варта гаварыць не пра пагрозу, а толькі пра значны ўплыў ангельскай мовы. Моўнай праблемы ў нас, на шчасце, не існуе.

— Вы выдатна ведаеце скандынаўскую і рускую дзіцячую літаратуру. Вы прызнаваліся, што марыце вывучыць беларускую мову — і тады ўжо пачытаць нашыя дзіцячыя кнігі. І ўсё ж, паколькі Беларусь — частка постсавецкай прасторы, а таму ў нас ёсць агульнае савецкае мінулае і агульныя традыцыі ў дзіцячай савецкай літаратуры, хацелася б пачуць пра прынцыповыя адрозненні і агульныя рысы паміж скандынаўскай і нашай літаратурай для дзяцей.

Вельмі шмат агульнага. Але, як мне падаецца, скандынаўская дзіцячая літаратура знаходзіцца на ўзроўні дзіцяці. Тое ж, што я чытала па-руску, — часцей за ўсё павучальная літаратура, калі дзіця трэба чамусьці навучыць. Гэта выхаваўчая літаратура. Але не ўся, ёсць выключэнні...

— Гэтыя выключэнні, як правіла, і робяцца пасля любімымі кнігамі.

У тым і рэч. Ёсць, да прыкладу, расійскі казачнік Сяргей Сядоў — вельмі смешны, крыху абсурдны, у стылі Данііла Хармса. Але такіх імёнаў у рускай дзіцячай літаратуры няшмат. Я ўвесь час чакаю, што нешта адбудзецца.

— Шведская дзіцячая літаратура таксама пачыналася з павучальнай: “Прыгожае і надзвычайнае для паненак” — кніга, выдадзеная ў Швецыі ў 1591 годзе, ад якой вядзе адлік гісторыя дзіцячай шведскай кнігі. Пасля была Сельма Лагерлёф, якая зрабіла важкі ўнёсак у развіццё літаратуры для дзяцей... Наогул, якія этапы вылучаеце Вы?

Адкрыю вам сакрэт: я цяпер пішу гісторыю шведскай дзіцячай літаратуры і спрабую даказаць, што насамрэч ёй нават больш чым 400 гадоў: ёсць факты, якія кнігу “Прыгожае і надзвычайнае для паненак” адсоўваюць на другое месца. Але падрабязнасцяў пакуль што не буду расказваць.

Пераломным жа этапам у шведскай дзіцячай літаратуры лічыцца 1945 год, калі ўпершыню выступілі Астрыд Ліндгрэн, Тувэ Янсан, Ленард Хельсінг... Гэтыя аўтары стварылі пазітыўныя, радасныя, у мастацкім сэнсе якасныя творы для дзяцей. Яны не столькі павучаюць, колькі звяртаюць увагу на свабоду дзіцяці, яго індывідуальнасць, гуляюць з мовай.

У пасляваенны час гэта было асабліва важна. Шведскае грамадства не жадала больш вайны, не хацела выхоўваць дзяцей у прыгнечанай атмасферы, расціць з іх салдатаў.

У нас вялікае развіццё атрымала кніжка-карцінка, а таксама літаратура для падлеткаў (у якой, трэба прызнаць, адчуваецца вялікі ўплыў амерыканскай літаратуры).

Да гэтага часу на дзіцячую літаратуру Швецыі велізарны ўплыў робіць Астрыд Ліндгрэн. Яна — сапраўдная зорка. Пра кожнага шведскага дзіцячага пісьменніка можна сказаць, што Ліндгрэн на яго паўплывала — незалежна ад таго, любіў ён яе ці не.

— А сёння ў вас ёсць зоркі такой жа велічыні, як Ліндгрэн? Усё ж 1500-1700 кніг для дзяцей штогод, з іх 40% — перакладныя, а 60% — арыгінальныя шведскія кнігі. Гэта шмат. Відаць, выдаюцца ўсе, хто піша для дзяцей.

Дзе там!Багата і тых, хто піша ў стол або выдаецца за свой кошт невялікімі накладамі не ў сапраўдных выдавецтвах.

— У такім разе хто цяпер складае ядро дзіцячай літаратуры Швецыі?

Асобныя імёны не хачу называць, скажу пра тэндэнцыі. Цяпер у нас вельмі папулярны жанр дэтэктыву. На жаль, вельмі часта гэта слабыя кнігі. Яны як цукерка для дзіцяці — ён яе з’есць, але вяртацца да яе не будзе. Гэта танная літаратура — гэта ёсць паўсюль у свеце, ёсць і ў нас.

А вось лідарства ў скандынаўскай дзіцячай літаратуры належыць цяпер не Швецыі, а Нарвегіі і Даніі; гэта кніжкі-карцінкі.

— Гэтыя кнігі такія папулярныя таму, што ўзроставыя, для маленькіх чытачоў?

Наогул, так. Але менавіта нарвежскія і дацкія кніжкі-карцінкі перайшлі ўсе ўзроставыя межы. Гэтыя кніжкі-карцінкі ўжо нельга назваць дзіцячымі. Я тут не буду называць імёны аўтараў, скажу толькі, што гэта творчы дуэт — муж і жонка, яна мастачка, ён паэт. У іх цяпер з’явілася пяць кніг на такія тэмы, і нават у Швецыі іх прадаюць з-пад прылаўка.

— Раскажыце, што гэта за кнігі.

Адна з кніг называецца “Лагер”. Выкарыстоўваць тэму канцлагера ў дзіцячай кнізе надзвычай цяжка. Аўтары наогул даводзяць, што тэма канцлагера ў іх — гэта метафара, што яны хацелі абудзіць дарослых і паказаць ім, якое дзяцінства патрэбнае дзецям, а якое — не. Насамрэч атрымалася жудасная кніга. І яны дадумаліся з прэзентацыяй гэтай кнігі ехаць у Польшчу, дзе тэма канцлагераў надзвычай балючая. Не дзіва, што публіка там іх не прыняла.

Другая кніга гэтых жа аўтараў называецца “Ідыёт” і расказвае пра жудасную сямейную сітуацыю. Сын дэбільны, маці не вытрымлівае жыцця з ім, таму труціць сына таблеткамі і сама іх п’е. У выніку — два трупы. Прабачце, гэта інструкцыя па тым, як знішчыць уласнае дзіця? Як растлумачыць, навошта такая літаратура? А крытыкі захапляюцца...

І ў Нарвегіі ёсць такі рух, але там усё ж крыху спакайней. Там у жанры кніжкі-карцінкі таксама працуе сямейная пара. Іх кніга пра вельмі складанае жыццё ў сям’і, дзе бацька п’е, б’е маці, а хлопчык шкадуе бацьку ды імкнецца зразумець яго, — страшная, але харошая.

— Вяртаючыся да кнігавыдання ў Швецыі… Як шведскія кнігавыдаўцы абіраюць кнігі для выдання? Ці вядуцца на густ масавага чытача?

Добрае пытанне. У Швецыі шмат старых буйных выдавецтваў. Вось яны ў асноўным і друкуюць кнігі для масавага чытання. А ёсць маленькія выдавецтвы, яны больш адважныя. У асноўным гэта яны выдаюць сёння добрую літаратуру. Гэта здзіўляе, таму што ім цяжэй на рынку. Але разам з тым яны аказваюцца больш мабільнымі.

— А Вы можаце сказаць, што ў сучаснай шведскай дзіцячай літаратуры кніга для масавага чытача пераважае?

О, так! Я б нават сказала, што ў нас штогод выходзіць зашмат кніг, можна было б напалову меней

— Акрэсліце, калі ласка, задачы крытыкаў дзіцячай літаратуры ў Швецыі. Як даць рады такому патоку кніг, як дапамагчы чытачам зарыентавацца?

У Швецыі сёння на дастаткова добрым узроўні крытыка дзіцячай літаратуры. У буйных газетах кожны тыдзень выходзіць агляд дзіцячых кніг, у сеціве шмат рэцэнзій. Вялікія газеты ў асноўным пішуць пра добрыя дзіцячыя кнігі. Рэцэнзія ў салідным выданні. — як своеасаблівы знак якасці. Таму шмат пакрыўджаных аўтараў, якія не разумеюць, чаму пра адны кнігі пішуць і пішуць шмат, а іншыя зусім не згадваюцца. Адвечная праблема.

— А як Вы ставіцеся да знішчальнай крытыкі?

Знішчаць — гэта вельмі проста і ні да чога добрага не вядзе, толькі можа забіць чалавека. Наогул, такая крытыка — ад прафесійнай непісьменнасці.

— Наколькі я ведаю, тэма вайны ў шведскай літаратуры для дзяцей зусім не развітая. Ці, магчыма, яна забароненая?

Не, што Вы, у нас няма забаронаў. Іншая рэч, што пра вайну не пішуць з аб’ектыўных прычын: усё ж у Швецыі 200 гадоў не было вайны. Я сама родам з Фінляндыі і час ад часу здзіўляюся няведанню шведаў пра вайну. Але сучасная Швецыя сатканая з розных культур, тут жыве шмат бежанцаў, таму будзе няпраўдаю сцвярджаць, што гэтая тэма не актуальная для нашага грамадства. Тэмы вайны сапраўды няма ў шведскай дзіцячай літаратуры. Але калі няма досведу, не варта пра гэта пісаць, каб пазбегнуць фальшу. Бо заўжды паўстае пытанне, як апісваць цяжкія тэмы. А тэма вайны належыць да цяжкіх, таму калі няма асабістага досведу, перажыванняў — лепей не пісаць. Вось шведы і не ведаюць, як падступіцца да гэтай тэмы.

— У нас з шэрагу прычын папулярная фальклорная літаратура — кнігі прыказак, прымавак, народных казак... А ў Швецыі?

Фальклорныя творы ў нас таксама выдаюцца, але не сказаць каб яны былі папулярныя.

— Ці праўда, што шведы насцярожана ставяцца да прысутнасці твораў іншых культур у кантэксце свайго літаратурнага працэсу?

На жаль, гэта сапраўды так. Выдаюцца кнігі, блізкія нам менталітэтам — у асноўным пераклады англамоўнай літаратуры, тых народаў, культуру якіх мы ведаем. Выдаўцы не рызыкуюць, лічаць, што астатняе — чужое, чужароднае. Насамрэч гэта глупства, і шкада, што яно існуе. Я лічу, гэта старамодна — думаць, што нейкая тэма складаная для дзіцячага ўспрыняцця.

— Я ведаю, што ў сучаснай Германіі, дзе шмат імігрантаў, выдаецца шмат кніг, наўмысна напісаных спрошчанай нямецкай мовай — для людзей, якім яна не родная. Ці ёсць такія кнігі ў Швецыі?

Так, ёсць.

— На маю думку, беларусам варта было б звярнуць увагу на гэтую практыку, але ўжо не дзеля таго каб нас разумелі не толькі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, а самі ж беларусы...

Прынамсі, рэаліямі жыцця нельга пагарджаць. Неабходна ўлічваць ўзровень валодання мовай пры стварэнні кніг.

— Вы ўжо другі раз у Беларусі і сустракаліся з беларускімі чытачамі ў Пінску, Магілёве, Мінску. Гэтым разам у вас надзвычай прыемная нагода для візіту — кніга славутага шведскага пісьменніка Ульфа Старка “Дыктатар” перакладзеная на беларускую мову і выйшла ў выдавецтве “Логвінаў”. На ўсіх мерапрыемствах прысутнічаюць дзеці. Што, на вашую думку, родніць і адрознівае беларускіх і шведскіх дзяцей?

Вельмі шмат агульнага. Дзеці (як і дарослыя) самі па сабе розныя. Калі ім сумна, яны сыходзяць з сустрэчы. Таму не варта перад імі прыкідвацца, яны адразу гэта адчуваюць. Хаця з іншага боку, у дзяцей таксама можа быць кепскі густ.

— І што з гэтым рабіць? Як абмінуць гэтую праблему? Як тут не займацца выхаваннем?

Ну што ж паробіш! Мы маем права сказаць пра нейкую канкрэтную кнігу, што яна кепска напісаная, слабая. Але калі чалавеку падабаецца — калі ласка, няхай чытае, значыць, гэта кніга яго ўзроўню.

— Цяпер шмат гаворыцца пра тое, што дзеці мала чытаюць

Так, ёсць такая праблема. Але варта не забывацца што, калі яны не чытаюць кніг, то ўсё адно чытаюць тэксты — у сеціве, з мабільніка. Так што праблема з чытаннем складаная, але не настолькі.

— Дзе ў Швецыі вывучаюць дзіцячую літаратуру?

Дзіцячая літаратура вывучаецца курсамі ва ўсіх гуманітарных навучальных установах, абавязкова — усімі выкладчыкамі, у тым ліку і гісторыкамі, і матэматыкамі.

— У Швецыі ёсць праграма па літаратурным чытанні ці гэта рэкамендацыйны спіс?

Так, у Швецыі ёсць абавязковая праграма, але кожная школа выбірае сабе кнігі для чытання. Некалькі гадоў таму была размова, што трэба ствараць канон літаратуры для школьнікаў, але ён так і не створаны. У Даніі, напрыклад, такі канон ёсць. На маю думку, гэта не патрэбна. Сучасная Швецыя — шматнацыянальная краіна, прадстаўнікі шматлікіх культур насяляюць яе. Так што вельмі складана гаварыць пра тое, што такое нашая культурная спадчына і якія кнігі павінныя чытаць людзі.

— Як Вы лічыце, што спрыяе развіццю кнігавыдання ў Швецыі — нізкія падаткі, любоў да чытання?..

— Безумоўна, нізкія падаткі! (Падатак на дададзеную вартасць тавараў у Швецыі складае 25%, на прадукты харчавання 12%, а на кнігі 6%. Таму кнігавыданне ў Швецыі сапраўды выгадны бізнэс, і штогод на 9 мільёнаў жыхароў у гэтай краіне выдаецца толькі дзіцячых кніг да 1800 найменняў. — А. М.).

— Спадарыня Яніна, Вы можаце назваць складальнікі сапраўднай дзіцячай кнігі?

У маім разуменні літаратура не ёсць інструментам, з дапамогай якога нешта дасягаецца. Важна памятаць пра мову твора. Літаратура будуецца на мове, мы гэта ведаем. Важна, аднак, разумець, што мова — не толькі нешта сур’ёзнае: з мовай можна гуляць, эксперыментаваць, атрымліваць асалоду. Літаратура — гэта радасць.

— Пасля гэтага аптымістычнага сцверджання дазвольце запытацца: што б Вы пажадалі беларускім аўтарам і кнігавыдаўцам?

Не баяцца эксперыментаў і працаваць. Усё павінна атрымацца!

 Гутарыла Алена Масла

Фота АУ.

Упершыню апублікавана ў часопісе "Дзеяслоў" №58, 2012.

Чытайце таксама

Добрая брытанская кніжка

Антон Францішак Брыль

Добрая брытанская кніжка

26 красавіка адбылася прэзентацыя казкі Джона Рональда Руэла Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану”, перакладзенай на беларускую мову Антонам Францішкам Брылём. Перакладчык ласкава пагадзіўся адказаць на…

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

Марына Шода

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

Чаму беларускія кніжныя графікі не хочуць маляваць?

Чаму беларускія кніжныя графікі не хочуць маляваць?

"Затое не прагрызе!" — так на маіх вачах клапатлівая матуля выбірае ў кнігарні кніжку-цацку для свайго маленькага сына. Кніжка стракатая і безгустоўная, але з тоўстымі кардоннымі старонкамі. Яе, як і пераважную…

Згадкі пра 2009 год

Згадкі пра 2009 год

Набліжаецца заканчэнне году, і самы час цяпер скласці, нібы пазл, усе значныя падзеі, што адбыліся сёлета, каб паглядзець, якая атрымаецца карцінка. Вось і мы прапануем вам пагуляцца з намі ў складанку,…

806