№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Кліру цвет незраўнаны

Лацінамоўная паэзія Сярэднявечча

Пераклад з лацінскай Антон Францішак Брыль

Эпітафія гальярда

(Qui iacet hic, plenus fuit ingeniis, sed egenus…)


Тут апачылы ў многім быў можным, а ў грошах — убогім:
Кліру цвет незраўнаны, скарбонка ўсякай заганы,
Служка вантробаў бяздонных; а што да званняў ягоных —
Муж той, адданы ведам, зваўся паўсюль Ненаедам.
Розуму поўная чаша, свой нораў на памяці нашай
Быў ён адолець не ў стане; прабач і прымі яго, Пане!



***

(Andecavis abas esse dicitur…)


Пра абата чуў я Андэгаўскага:
З чалавечых першае імя ў яго,
І ў любові да віна, казалі мне,
Андэгаўца роўнага няма яму.
Эйя, эйя, эйя, славу,
Эйя, славу спявайма Бахусу!

П'е віно ён, час не абіраючы:
Дня такога і начы не бачылі
Каб, наліты хмелем, не хістаўся ён,
Роўна дрэўца пад павевам ветрыкаў.
Эйя, эйя, эйя, славу,
Эйя, славу спявайма Бахусу!

Цела ж мае той абат нятленнае,
Зберагае, бы альяс, віно яго:
І як скуры міраю захоўваюць,
Так гаючым ён віном насычаны.
Эйя, эйя, эйя, славу,
Эйя, славу спявайма Бахусу!

Не за келіх пры стале бярэцца ён
Каб удосталь віны піць з уцехаю,
А за місы ды збаны гліняныя,
І між імі — толькі за найбольшыя.
Эйя, эйя, эйя, славу,
Эйя, славу спявайма Бахусу!

Як памрэ ён, горад Андэгавія
Ўжо не знойдзе іншага, падобнага
Да такога жлукты несупыннага,
Пра чые ты дзеі помні, горадзе!
Эйя, эйя, эйя, славу,
Эйя, славу спявайма Бахусу!

пераклад з лацінскайАнтон Францішак Брыль


Пераклад з лацінскай – Антон Францішак Брыль © 2012

Чытайце таксама

Джэймс Мэцью Бары

Джэймс Мэцью Бары

Шатландскі драматург і празаік, найбольш вядомы дзякуючы казцы “Пітэр Пэн”

Давід Шульман

Давід Шульман

Празаік, піша па-беларуску і па-руску.

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст

Іда Хегазі Хёер

Іда Хегазі Хёер

Нарвежская пісьменніца.

644