news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Шматмоўе ў ХХІ ст.
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



25 Студзеня 1998
 
Уладзімер Высоцкі.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Сёньня, 25 студзеня, спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэньня расейскага сьпевака i актора Ўладзiмера Высоцкага. У гэтыя хвiлiны адначасова ў Маскве, Нью-Ёрку i Тэль-Авiве адбываюцца вечарыны памяцi славутага барда, якiя злучаюцца мiж сабою ў вiртуальнай прасторы сусьветнае павучыны. Расейская тэлевiзiя ўжо тыдзень круцiць фiльмы з Высоцкiм. Выйшлi прынагодныя артыкулы i кнiгi. Адна зь iх, даволi тоўстая, называецца "Высоцкi i Беларусь". Словам, i мы ў гэтым выпуску "Вострае Брамы" не ўтрымалiся ад таго, каб не пазмагацца са стэрэатыпамi.

Да характарыстыкi Высоцкага заўсёды ўжывалiся самыя моцныя словы. Слова "вялiкi" было занадта звычайным i высоцказнаўцы спаборнiчалi ў пераскокваньнi гэтае планкi. Ненарматыўны творца правакаваў на ненарматыўныя ацэнкi. Найбольш сьмелыя крытыкi адважвалiся на якое-небудзь "абалдзенны" i выляталi з кантэксту лiтаратуры, хоць безумоўна наблiжалiся да сутнасьцi зьявы. У межах жа нарматываў пра Высоцкага кажуць пад самую
завязку. У Беларусi так звычайна пiшуць хiба што пра народных песьняроў. У вынiку ствараецца настолькi непрабойны стэрэатып, а творца пакрываецца такiм слоем бронзы, што пачуць за гэтай коркаю жывое сэрцабiцьцё ўжо немагчыма.

Каб пазьбегнуць такое ўлады стэрэатыпаў, я папрасiў нашых аўтараў не гаварыць пра значэньне i велiч, а распавесьцi пра Высоцкага толькi асабiстае. Што ў душы кожнага адгукаецца на ягоны вобраз i ягоныя песьнi?

Легендарны беларускi бард Сяржук Сокалаў-Воюш паводле яшчэ аднаго, ужо мясцовага стэрэатыпу, лiтаральна вырас з Высоцкага i сам ледзьве не "беларускi Высоцкi". Я спытаўся, што гэта ў iм? Цi не дзiцячае захапленьне яшчэ савецкага хлопчыка Сярожы Сокалава, якое перадвызначыла ягоны жыцьцёвы шлях, ягоную ролю барда i, можа быць, ягоны беларускi патрыятызм? Але Сокалаў-Воюш адказаў на гэта адмоўна.

А вось Зьмiцер Бартосiк не адмаўляе, што ўзяў гiтару пад уплывам расейскага барда. Яму крытычна не стае
захапленьня Высоцкiм у Беларусi i ў нашым часе. Ну чаму, зьдзiўляецца ён, усе навокал ня любяць Высоцкага настолькi моцна, як я? Можа таму, што ня ведаюць?

(Зьміцер Бартосiк: ) "Кожнага 25 студзеня ды жнiўня, даты нараджэньня й сьмерцi Ўладзiмера Высоцкага, я зьбiраюся моцна напiцца. Выканаць, як мне здаецца, рытуал памяцi да канца й па-расейску. I кожнага разу задума не атрымлiваецца. Не знаходзiцца саўдзельнiка. Са злосьцi я выношу магнiтафон на гаўбец i ўрубаю на ўсю моц голас, якi так i не ўвайшоў, як мне здаецца, на ўсю поўнiцу ў душы беларусаў.

Мне было гады тры, калi я ўпершыню пачуў той голас. Калi запрацавала памяць, першае, што вывучыў, былi "Кони привередливые". Магнiтафона ў нас не было, таму я задавольваўся кружэлкамi з "дазволенымi" песьнямi.

(Недазволеныя даляталi да мяне толькi з адчыненых вокнаў. Куды б я нi сьпяшаўся, уставаў як укапаны ды слухаў. Хоць такiм чынам намагаючыся задаволiць сваю цiкавасьць да апальнага барда. Разумеў мала, але неверагодна прыгожы голас i напятая да немагчымага манера выкананьня ўражвалi.)

Магнiтафон у хаце завёўся толькi праз пару гадоў пасьля ягонага сыходу. Ягоная сьмерць у маёй сьвядомасьцi быццам адцягнулася ў часе й прасторы, дзякуючы майму няведаньню большасьцi напiсанага iм. Недзе была Масква й Ваганькава зь ягонаю магiлаю, але пакуль у
мяне ў запасе заставалiся непраслуханыя бабiны й непачутыя песьнi, мёртвае Ваганькава лёгка адцясьнялася жывым голасам. Толькi калi скончылiся стужкi, што я пазьбiраў ад усiх сяброў
ды знаёмых, ягоны канчатковы сыход раптам стаў для мяне самай сапраўднай рэальнасьцю. Ад раптоўнасьцi зразуметага я, памятаю, тады плакаў.

(З тае пары мне цяжка зразумець людзей, якiя могуць абыякава слухаць той голас. Голас, якi не ўва мне адным зарадзiў жаданьне авалодаць трыма акордамi ды апрабаваць свае пяшчотныя зьвязкi.)

Парою я дзiўлюся з самога сябе. Чым далей ягоная сьмерць, ягоны голас не становiцца для мяне цiшэй. Загадак таксама менш не становiцца. Напрыклад, нiяк не магу зразумець ягоную прагу афiцыйнага прызнаньня. Гэта пры ягонай папулярнасьцi! Але, таксама для мяне загадка, не ў Беларусi. Хоць у свой час у любога жлаба на магнiтафоне круцiлася "Послушай, Зин, не
трогай шурина". Але, што мяне працягвае зьдзiўляць дагэтуль - мае высокаадукаваныя беларускiя сябры таксама акрамя таго "шурина" нiчога, па вялiкiм рахунку, ня чулi. Цi не было
жаданьня? Цi, можа, я, стварыўшы сабе кумiра, ня чуў больш значныя галасы? А, можа, ён сапраўды занадта гучны для беларускага ляндшафту? Ня так даўно расейскiя кiнадакумэнталiсты любiлi ягоным голасам расквечваць свае стужкi. Па-над даляглядамi Валдая, Волгi, Сiбiры грымеў ягоны барытон - даволi просты ход станавiўся казырным i ратаваў любую карцiну. Ды вось на тле Менскага ўзвышша цi Палескiх балотаў той голас гучаў бы, мякка кажучы, ня ў кадар.

Хоць Беларусь не была абыйдзена ягонаю ўвагаю. Якую ён, яшчэ ў 79-м годзе, будучы з тэатрам у Менску на гастролях, на адным са сваiх выступаў назваў краiнаю. "Я вельмi добра ведаю гэтую краiну. Я шмат чым зьвязаны зь Беларусяй, зь Менскам". Дарэчы, у яго тут мусiлi быць памятныя мясьцiны. Наваградчына, адкуль каранi ягонай францускай жонкi, менскi раён "Усход", дзе жыў ягоны лепшы сябра Вiктар Тураў, Дом афiцэраў, дзе гастраляваў ягоны Тэатар. Аднак беларускiх вобразаў у ягонай спадчыне ня так i шмат. Узгадваюцца "будь то Мiнск, будь то Брест - в холода, в холода". Нашыя гарады супрацьпастаўляюцца халадам як полюс цеплынi. Таксама згадваюцца беларускiя словы, якiя ён часам выкарыстовываў у сваiх вершах. Напрыклад: "вяртайся" ў дарожным дзёньнiку. Тамсама ён апiсаў Курган Славы: "Два огромных штыка полоснули морозом по коже. Остриями по мирному к верху, а не накренясь". I цi ня дзякуючы ягонаму ўдзелу, нашыя кiнакрытыкi назвалi карцiну Вiктара Турава "Я родам зь дзяцiнства" лепшым творам "Беларусьфiльма"?

А цi не з Высоцкага пачалася ўся наша бардаўская песьня?

(Справа тут нават не ў ягонай супэрпапулярнасьцi, i тым больш не ў астранамiчнай колькасьцi напiсаных песень. А, здаецца мне, у той ступенi разьняволенасьцi, якой заўсёды бракавала
беларусам, i здольнасьцi размаўляць са слухачом на, быццам, "в доску" ягонай мове. Той бытавой мове, якую яшчэ нам трэба знайсьцi цi прыдумаць. Не безь ягонай, вядома, дапамогi.)

Наша культура здолела прабрацца на палiцы абываталя кнiжкамi Караткевiча й Быкава, але ў тых дамах беларускае слова з "намагниченных лент" пакуль яшчэ не загучала. Цi не таму
высоцкiя ноткi прарываюцца амаль ва ўсiх нашых бардаў? Калi для беларускай масы ён ня стаў кумiрам, а для элiты ня стаў паэтам, гэта ня значыць, што мы праехалi Высоцкага цi вырасьлi зь яго. А можа не дарасьлi?

Бадай, я адступлю ад свайго "приверженства к фатальным датам" ды часьцей буду выносiць свой магнiтафон на гаўбец. Хай слухаюць.

... Зноў, як у дзяцiнстве, да мяне вяртаецца адчуваньне далёкасьцi тае Масквы i недарэчнасьцi зьвестак пра ягоную сьмерць. А калi i вып'ю, дык за ягонае жыцьцё, i бяз суму. Ня п'ецца ў Беларусi за ягоны ўпакой".

(Сяргей Дубавец: ) Мне здаецца, што гэтая недастатковасьць любовi да Высоцкага паходзiць ад таго ж стэрэатыпу ненарматыўнасьцi. "Абалдзеннага" песьняра трэба i любiць неяк "абалдзенна", ненарматыўна, толькi тады будзе дастаткова.

Яшчэ адзiн стэрэатып Высоцкага - гэта ягоная фармальная беларускасьць. Зьмiцер Бартосiк згадаў некаторыя факты, пра тое ж згадвае мiж iншым i Сяргей Харэўскi.

(Сяргей Харэўскi: ) "Першае маё спатаньне з Высоцкiм-сьпеваком адбылося ў дзiцячым
санаторыi, у Крыме. Выхавальнiк, аквалянгiст-здаравяк, якi сваiм бясконцым аптымiзмам наводзiў нуду на бледных дзяцей з усяе шостае часткi сьвету, прышчапляў нам дзьве рэчы -
украiнскi патрыятызм i... любоў да Высоцкага. Кружэлкi зь песьнямi апошняга (а iх у яго было дзьве, маленькiх нейкiх i жахлiва заежджаных) ён ставiў на прайгравальнiк можа па дзесяць разоў на дзень. Урэшце, нават тыя дзеткi, што да прыезду ва ўсесаюзную здраўнiцу ведалi па-расейску толькi "здрасте" й "спасибо", пачыналi пакрысе балакаць па-харкаўску i на памяць сьпявалi тузiн песьняў маскоўскага барда. Здаровыя, мажныя цёткi з санаторнае абслугi таксама былi закаханыя ў сьпеў Высоцкага i дэманстратыўна размаўлялi з намi па-ўкраiнску. Наша дзiцячая сьведамасьць лавiла ўсё гэта хвацка. Расейскiя песьнi Высоцкага i нерасейская мова спляталiся ў адзiн камяк даўкага забароненага плада. Праўда, тады яшчэ ня было яснасьцi - адкуль гэтае адчуваньне забароненасьцi?.. Дзецi, нярускiя дзецi, раптам навыперадкi пачыналi хвалiцца сваiмi народамi. Праблемаў з украiнскай мовай у мяне амаль не было i неўзабаве, iмкнучыся дагадзiць сваiм выхавальнiкам, я паспрабаваў загаварыць па-беларуску... Гэтак з Крыму я вывез, апроч запасу здароўя, дзьве рэчы: няясную, прышчэпленую любоў да Высоцкага i беларускi патрыятызм...

... Пазьней, калi я гасьцяваў у Узьдзенскiм раёне ў сваiх сваякоў, паважаных i дэмакратычна настроеных вясковых настаўнiкаў, мне карцела распавесьцi iм сваю таямнiцу: па-першае, што я беларус, па-другое, што йснуе гэткi таленавiты сьпявак, якога ўпаўпотай слухаюць людзi, якiя разумеюць, што да чаго ў нашай краiне. Мае родныя, старыя людзi, якiя шмат чаго пачулi на сваiм поўным суворых выпрабаваньняў вяку, засяродзiлiся: "Ну i што ж пяе той Высоцкi?" Зь дзiцячае памяцi, як на злосьць, усплылi толькi песенькi пра жырафа "в желтой жаркой Африке..." i пра дурдом "... вся Канатчикова дача"... Старыя настаўнiкi расьсмяялiся.
Неўзабаве iхнае ўяўленьне пра Высоцкага ўзбагацiў, на маё зьдзiўленьне, мой бацька. Ужо ў ягонай iнтэрпэтацыi выглядала, што песьнi ў Высоцкага блатняцкiя - пра зэкаў ды прастытутак, але, вядома, гэта не падстава ўцiскаць хоць i гэткага творцу. Я быў, разьятраны, бо ня змог давесьцi свайго падлеткавага адчуваньня вышэйшае справядлiвасьцi. Мае вясковыя сваякi на разьвiтаньне падсумавалi: Высоцкiм не пераймайся, на сьвеце шмат лепшых паэтаў i музыкаў. Тое, што ты азваўся беларусам - гэта высакародна, але... i пра першае, i пра другое не распавядай чужым людзям.

Пра Высоцкага я, хоць i хацеў бы, забыць ня мог. Ягоны твар зьяўляўся то ў адным, то ў iншым кiнафiльме, ягоныя песьнi чуваць было ў кожным двары. Колькасьць Высоцкага расла разам з колькасьцю палiтычных анэкдотаў. Усiх хвалявалi чуткi пра ягонае асабiстае жыцьцё. Напрыклад, пра тое, што Высоцкi - беларус, i ягоная жонка Марына Ўладзi - беларуска. Адныя распавядалi, як ён езьдзiць да бацькоў недзе на Берасьцейшчыне, другiя - што чулi, як ён гаворыць па-беларуску. Хто сымпатызаваў беларушчыне - сымпатызаваў i слыннаму паўдысыдэнту зь беларускiм прозьвiшчам. Нам бракавала сваiх пакутнiкаў, асаблiва жывых... Беларускасьць Высоцкага была настолькi моцнай мiстыфiкацыяй, што першы нацыянальны рок-клюб назвалi ягоным iмем.

Пасьля ягонае сьмерцi пра гэта ўсё забылася. Высоцкi застаўся самым яркiм i шанаваным у Расеi культурным героем 70-х i 80-х гадоў. У нас зьявiлiся i ўласныя культурныя героi, якiя
таксама сталi нябожчыкамi. А нашыя рокеры свае колiшнiя дачыненьнi з iмем Высоцкага ўважаюць за прыкол.

З расейскiх паэтаў я сёньня больш цаню... хоць бы i Бродзкага. Як актора, я люблю Высоцкага як пэўны чалавечы тыпаж акрэсьленае эпохi, гэтаксама як i Габэна цi Дугласа. А ягоныя песьнi ("... слова выходят кор-р-ротки и смачны...") лепш слухаюцца ў расейскiх
цягнiках: тады доўгiя занудныя дарогi за закускай, картамi i Высоцкiм лятуць хутка i смачна. Сёньня я змог бы ўсё растлумачыць сваiм сваякам - вясковым настаўнiкам. Але iх ужо
няма. Што цяпер слухаюць у Крыме, я ня ведаю. А заставацца беларусам сёньня не лягчэй, чым колiсь".

(Сяргей Дубавец: ) Сяргей Харэўскi ў сваiм жыцьцi адводзiць для Высоцкага пэўныя час i месца. Андранiк Антанян разглядае яго як культурнага героя СВАЙГО часу.

(Андранік Антанян: ) "У 1981-ым годзе мае бацькi набылi прайгравальнiк "Вега-232" i разам зь iм цэлую кiпу кружэлак. Звычайны на той час набор складаўся з Алы Пугачовай, Сафii Ратару, Чырвоных Макаў, Джо Дасэна, "Аббы" ды Ўладзiмера Высоцкага. Прыкладна ў такiм
выглядзе мой музычны кругагляд праiснаваў да 1987 году. Натуральна, на ўроках музыкi я, у межах дадзенага мне прыродаю таленту гарланiў пра "во полi березка стояла, выпiла сто грам i
упала" ды пра Саўку з Грышкам, што змайстравалi бяз дай патрэбы дуду. Але ўсё гэта была мастацкая самадзейнасьць, удзельнiчаць у якой было калi не абавязкова, дык вельмi нават
пажадана. З бацькоўскага музычнага набору адзiным, што прыйшлося мне да густу, былi кружэлкi Высоцкага. Вяртаючыся са школы, я ставiў на "вяртак" падрапаныя грубай iголкай
кружэлкi i жыў пад гэтыя песьнi ажно да самага вяртаньня бацькоў з працы. У той час я мог бы даць такое вытлумачэньне слову "воля" - гэта той час, калi бацькоў няма ў хаце.

Фрэнк Запа неяк сказаў, што пiсаць пра музыку, гэта ўсё роўна, што танчыць пра архiтэктуру. Але цi быў Уладзiмер Высоцкi музыкантам? Калi даць станоўчы адказ на гэтае пытаньне, дык
трэба прызнаць музыкантам любога панка, у якога хапiла цярпеньня навучыцца рытмiчна торгаць дзьве струны на гiтары. Якасьцi паэтычных тэкстаў Высоцкага нiчым не вылучаюцца з аграмаднай лавiны вершаванай прадукцыi паэтаў "трэцяй рукi". Але дастаткова на кружэлцы надпiсу "Уладзiмер Высоцкi", каб забясьпечыць ёй немалы камэрцыйны посьпех. Я неяк паспрабаваў зрабiць сярод сваiх знаёмых невялiчкае сацыялягiчнае дасьледаваньне. Людзям з самым розным адукацыйным цэнзам i густам, з розных сацыяльных слаёў задаваў адно й тое
ж пытаньне "Цi падабаецца Вам Высоцкi?", i адказы былi абсалютна аднолькавыя - "Ну ня ўсё, вядома. Але сёе-тое з задавальненьнем слухаю".

Яго слухалi й слухаюць у абшарпаных пралетарскiх маласямейках i на пасядзелках багемы, дзе п'юць трункi праз саломiнку ды пускаюць тонкiмi струменьчыкамi пад столь цыгарэтны дым. Фэномэн культавасьцi Ўладзiмера Высоцкага ў савецкай культуры трымаецца на ягонай прафэсii - акторстве. Ён хацеў i падабаўся вэтэранам вайны, грубым сталяварам i шахцёрам, швеям-матарысткам, у iнтэрнатах, заселеных прышчавымi пэтэвэшнiцамi, футбольным трэнэрам i iнжынэрам. Ягоныя досьцiпы, як тыя показкi пра Пецьку з Васiлём Iванавiчам, былi даступныя маленькiм дзецям, але ў той жа час сьмешныя для прафэсуры. Ён бездакорна капiяваваў жэсты, словы, манеру паводзiнаў людзей таго цi iншага сацыяльнага слою й паўсюдна станавiўся "сваiм мужыком". Франтавiком, альпiнiстам, фiзыкам, блазнаватым пралетарам - кiм заўгодна. Пражывi ён яшчэ гадоў дзесяць - дык касiў бы пад рокера й даваў бы супольныя канцэрты зь якiм-небудзь заклапочаным сацыяльнай праблематыкай Шаўчуком, сьпяваў бы жартоўныя песьнi пра новых рускiх, мо й пра ППРБ што-небудзь зарыфмаваў. I яго б любiлi й шанавалi. Як шануе наш народ таленты газэтных
мастакоў-карыкатурыстаў.

У Беларусi падобнай трываласьцю пасьмяротнай народнай любовi можа пахвалiцца другi Ўладзiмер Сямёнавiч... Караткевiч".

(Сяргей Дубавец: ) Да магii iмя, пра якую казаў Андранiк Антанян можна дадаць i магiю лiчбаў. Уладзiмер Караткевiч памёр у такі самы дзень, што i Уладзiмер Высоцкi, 25-га, лiпеня, на чатыры гады пазьней.

Калi ўсё ж вызвалiцца ад звышнарматыўных ацэнак, беларускiх фактаў бiяграфii i магiяў, якiя спадарожаць вобразу Высоцкага, мы бадай так нiчога i ня вызначылi ў сутнасьцi гэтае зьявы.
Вось з вуснаў Андранiка Антаняна ледзь не сарвалася штосьцi накшталт "блазан", гэткi Дарыё Фо, леташнi нобэлеўскi ляўрэат. А вось Сяргей Харэўскi ледзь не параўнаў Высоцкага з Чаплiнам. Нiчога дзiўнага, мы ж толькi наблiжаемся да асэнсаваньня. I вось ужо ў разьвiцьцi гэтых параўнаньняў мне бачыцца атмасфэра "Кабарэ" Боба Фоса, толькi перакладзеная на савецкую рэальнасьць, што, зрэшты, ня цяжка сабе ўявiць. Таленавiтыя артысты-блазны, якiя ўвесь час балянсуюць на канаце памiж жыцьцём i сьмерцю, дакладней, памiж жартам i забойствам, памiж хохмай i бесчалавечнасьцю. Iх атачае жорсткi i несправядлiвы сьвет. I яны дзецi гэтага сьвету, таксама жорсткiя i несправядлiвыя. Гэты тыпаж нагадвае мне з уласнага дзяцiнства дваравога падлетка-блазна, якi жорстка распраўляўся са слабейшымi раўналеткамi. Я памятаю некалькiх такiх. Звычайна яны працягвалi сваю бiяграфiю ў крымiнальным асяродку, зь якiм, дарэчы часта зьвязвалi i iмя Высоцкага. Апошнiм часам, калi схлынуў бруталiзм мiнулага часу, дык i такiх дваравых блазнаў-паханоў паменела. Пара-тройка сацрэалiстычных тыпажоў рассыпалася на тысячы непаўторнасьцяў, кожная зь якiх заяўляе
пра сваю спэцыфiчную вартасьць.

I мне здаецца, Высоцкi ўжо нiколi ня стане культавай фiгурай i культурным героем натупных пакаленьняў. Прынамсi ў атворы Вострае Брамы, у беларускiм культурным кантэксьце яго не
вiдно. Магчыма, калi мае рацыю Сокалаў-Воюш, ён застанецца як паэт, аўтар тэкстаў уласных песень. Але валадарыць над душамi мiльёнаў Высоцкi мог толькi там, у таталiтарным савецкiм
кабарэ, на канаце памiж жартам i забойствам, за крок ад цывiлiзаванага грамадзтва.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.