news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



28 Сакавіка 1999
 
Рэцэпт цуда.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Заезны тэатар з Варшавы паказаў аднаактоўку Пэтэра Гандке "Гадзіна, калі мы нічога ня ведалі адзін пра аднога". На працягу гэтай гадзіны сцэну перасякаюць розныя людзі, якія сапраўды нічога ня ведаюць адзін пра аднога, кожны заняты сваім. Пакаёўкі, бізнэсмэны, бабулькі з крамнымі кошыкамі, нейкія рамонтнікі, экстравагантныя дамы. Ніхто не гаворыць ні слова. Найболей запомніўся адзін - чалавек, які валачэ сьцяг. Выгляд у героя такі, быццам ён даўно пераступіў парог узросту і стомы, з аблічча сьцерліся рысы асобы. Змаганьне даўно скончылася і забылася, а герой працягвае несьці сьцяг - у зусім ужо іншых часе і прасторы. Але найболей уразіў не герой, а сьцяг. Вялізнае палотнішча, прабітае і падзёртае, за гады страціла свой колер. Гэта колер анучы, якой доўгі час мылі ў хаце падлогу - шэра-бура-малінавы. Вобраз наводзіць на думку пра грамадзкія ідэалы, якія, перажываючы самі сябе, страчваюць ня толькі сэнс але й свае адрозныя асаблівасьці. У сёньняшняй Беларусі ўсе ідэі грамадзкага разьвіцьця маюць выгляд сьцяга, які сам забыўся на свой колер.

Пытаньне, якой мусіла б быць наша краіна, не раскрываецца і не дыскутуецца. Палітыкі і журналісты робяць выгляд, што гэта й так зразумела. Дастаткова скінуць дыктатара, увесьці свабоды, пачаць рэформы і ўсё стане на свае месцы, вось вам і будзе Беларусь. Але гэтак ужо думалася ў 91-м годзе, і што з таго? Па-першае, такія спадзевы аказаліся нежыцьцяздольнымі, па-другое, Беларусь не сфармавалася ў вобраз - адзіны для ўсіх. Высьветлілася, што Беларусь у кожнага свая. Гэты ў душы сваёй жыве ў Северо-Западном крае, той у БССР, наступны ў Рэспубліцы Беларусь... Мы пагаворым пра гэта напрыканцы перадачы, а пачнем з традыцыйнага чытацкага апытаньня.

Што вы чытаеце і чаму? Пытаючыся пра гэта ў розных людзей, мы імкнемся лепей зразумець сёньняшні дзень.

OPUS CITATUM

Першае ўражаньне ад сёньняшняга апытаньня - ніхто не чытае мастацкую літаратуру. Паэт Сяржук Сокалаў-Воюш таксама, але пры гэтым ён імкнецца сваё нечытаньне абгрунтаваць тэарэтычна.

(С.Сокалаў-Воюш)

(С.Дубавец: ) Магчыма, гэта зьява ўзроставая, калі складваецца ўражаньне, што ўсё ўжо прачытаў і нават вось гэтыя радкі з кнігі, якой ніколі не трымаў у руках. Напэўна адбываецца працэс назапашваньня ведаў і іх тыпізацыі. Кожны новы аўтар ужо піша як пэўны аўтар стары. Зь іншага боку, ловіш сябе на думцы, што недзе ў сьвеце выходзяць новыя кнігі, якія чытаюцца далёка не аднымі падлеткамі і ўрэшце становяцца чарговым новым словам у літаратуры. А яшчэ я ведаю сваіх раўналеткаў, якія, наадварот, чытаюць і перачытваюць шмат менавіта мастацкіх твораў. Гэта дае ім пачуцьцё ўнутранае раўнавагі і пэўнага душэўнага камфорту ў тых сытуацыях, дзе іншы п'е гарэлку, плавае ў басэйне, крычыць на футболе або, што найгорш, згарае ад хваробаў. Адна мая знаёмая, пераяжджаючы ў новую кватэру, першым чынам пачынае ў гэтай кватэры шмат чытаць, такім чынам прысвойваючы жытло і выгнятаючы зь яго дух ранейшых гаспадароў.

З тых, каго нам сёньня ўдалося апытаць, ня толькі дзеля працы або абавязку, а яшчэ й для сябе пачытвае толькі Лявон Баршчэўскі, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту.

(Л.Баршчэўскі)

Гэта быў Лявон Баршчэўскі, які чытае Борхеса. Кіраўнік Беларускага Калегіюму Алесь Анціпенка чытае толькі профільную літаратуру, гэтаксама, як і кіраўнік Згуртаваньня Беларускай Шляхты Леанід Акаловіч.

(А.Анціпенка, Л.Акаловіч)

Алесь Анціпенка і Леанід Акаловіч чытаюць сёньня толькі спэцыяльную літаратуру - для працы або па абавязку.

Між іншым, ускосна, частата гэткіх адказаў, калі людзі не чытаюць кніг проста так і для сябе, таксама сьведчыць пра адсутнасьць адзінага вобразу краіны, у які гэтыя людзі мусілі б арганічна ўпісвацца. І я такім чынам вяртаюся да таго, з чаго гэтую перадачу пачаў.

Паспрабую сфармуляваць некалькі адказаў на гэтае пытаньне. Па-першае, КАГО Беларусь ёсьць. Ідучы за прыкладам нашых дэмакратычных суседзяў, якія будуюць сёньняшняе жыцьцё, аднавіўшы свае дасавецкія рэспублікі, мы мусім адказаць - БНР. Беларуская Народная Рэспубліка, чые 81-я ўгодкі працягваюць сьвяткуюцца ў гэтыя дні. Перакананы, што найлепшае ўяўленьне пра вобраз Беларусі маюць Барыс Рагуля і Івонка Сурвіла. Беларусь Рагулі і Беларусь Сурвілы ёсьць. Яе лёгка адчуць, адшукаць у гісторыі, яна схіляе жадаць сябе ў будучыні, бо яна ўся - для цябе. Але і Рагуля, і Сурвіла, на жаль, мала датычныя да рэальнай палітыкі на Бацькаўшчыне, дзе, у сваю чаргу, ні ў кога такога ўяўленьня няма.

Па-другое, варта паспрабаваць убачыць сябе і сваю краіну збоку. Іншы раз гэта дапамагае не памыліцца ўнутры. З гэтай мэтай прапаную вам экспэрымэнт. Я папрасіў сталага аўтара нашай перадачы, які нарадзіўся і да трэцяе клясы жыў глыбока ў Расеі, прыгадаць тыя крупінкі, зь якіх для яго тады, у расейскім дзяцінстве, ляпіўся вобраз Беларусі. Зьміцер Бартосік прыгадаў тое, што чуў ад дарослых - цёплую краіну, дзе добрыя людзі кожны дзень ядуць кілбасу і гавораць па-нямецку. Але пра ўсё па чарзе.

ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ

(З.Бартосік: ) "Я нарэшце еду ў Маскву. Ад нясьцерпнай радасьцi дзялюся гэтым фактам з кожным сустрэчным, але беларусы маю радасьць не падзяляюць. Для iх Масква гучыць амаль варожа. Я ж даўно зсумаваўся па гэтым вар'яцкiм, бандыцкiм, дарагiм i разам з тым рамантычным горадзе. Вось толькi адзiн пэўны момант маёй будучай выцечкi пачынае бянтэжыць мяне ўжо зараз.

Уяўляю, як седзячы ў якiм-небудзь багемным "найт-клабе" й папiваючы кактэйль пад назваю "Облом гаишника", я абавязкова зьвярну на сябе нечую ўвагу: "Адкуль прыехаў, брацiшка?" I, пачуўшы слова Беларусь, ён, цi можа, яна абавязкова, нiбы па гатовым сцэнары, крыху паблажлiва запытае: "Ну i як там ваш Лукашэнка?" Быццам там, адкуль я прыехаў, нiкога цiкавейшага больш не жыве, i акрамя прэзыдэнцкіх тэлеспэктакляў, больш нiчога вартага маскоўскае ўвагi не адбываецца.

Але злавацца й крыўдаваць на расейскага "брацiшку" я ня стану. Бо добра памятаю, якая была рэакцыя на гэтае слова ў маiх аднакрэўнiкаў гадоў дваццаць таму. Я жыў тады з мацi ў вялiкiм горадзе на Волзе. Даходжваў другую чвэртку трэцяй клясы, чакаў Новага 79-га году й зiмовых вакацыяў, ды насiўся з клюшкаю па двары разам з аднагодкамi. I аднойчы, загнаны мацi дадому, пачуў ад яе дзiўную навiну. Не зусiм зразумелую, але ад таго яшчэ больш радасную. Яна сказала, што Новы год мы будзем усёй сям'ёй сустракаць у Беларусi, дзе бацька атрымаў працу, i дзе мы цяпер будзем жыць.

"Эх i шанцуе ж некаторым", - менавiта такою была рэакцыя маiх знаёмых на гэтую навiну. I кожны дзень у чаканьнi ад'езду толькi павялiчваў дыстанцыю памiж намi: жыхарамi бруднай i даўно ўжо абрыдлай вулiцы i, амаль-што iншаземцам. Падарожнiкам. Прычым выключна ў цёплыя краi. Я дакладна памятаю, што слова "Белоруссия" ў мяне нiяк не асацыявалася са словам "Россия". У гэтай "руссii" на канчатку мне чулася нешта "з iтальянскай опэры". Экзатычны край з кнiжак Джанi Радары. Я нават асаблiва не задумваўся, а ў якiм гэта ўвогуле баку?

Але чаго я зусiм не чакаў - дык гэта ўвагi да маёй пэрсоны з боку дарослых, дзякуючы якiм тая загадкавая, далёкая "Белоруссия" пакрыху пачынала вымалёўвацца ў маiм уяўленьнi. Прадаўшчыца малочнай крамы адкрыла мне, што там, куды я еду, заўсёды ёсьць сьмятана й масла. Ня кажучы пра кiлбасу. Прычым такiя, што "с нашим-то говном и не сравнить". Настаўнiца з паралельнае клясы, як высьветлiлася, сама была адтуль, i ласкава мяне папярэдзiла, што ў беларусаў "очень грубый язык". Дагэтуль мне казалi, што самая грубая мова ў немцаў. Алкагалiчка-суседка, славутая тым, што забiла "па пьяне" ўласнага мужанька, паведамiла, што няма дабрэйшых людзей за беларусаў... Адным словам, я ехаў у цёплы край, дзе добрыя людзi штодня ядуць кiлбасу са сьмятанаю й размаўляюць амаль па-нямецку. Калi я знайшоў "Белоруссию" на мапе, то трохi зьнiякавеў. Мяне пакрыўдзiла ня тое, што поўдзень i мора ад гэтае зямлi былi далёка, а брудны, шэра-фiялетавы колер, якiм была пазначаная гэтая рэспублiка. Нiбы выпацканая. Уражаньнi ўратавала яе сталiца - Мiнск. Горад, якi я, чамусьцi, лiчыў замежным. У адным шэрагу зь нью-ёркамi ды мадрыдамi...

"Ну, дык як пожывае Лукашэнка?" - з далiкатна прыхаванаю кпiнай запытаеца ў мяне былы суайчыньнiк. Я выцягнуся ў струну, паддам свайму позiрку фанатычнага бляску й бязь ценю гiронii, гледзячы ў цынiчныя маскоўскiя вочы, адкажу для ўнушальнасьцi цiха й павольна: "Мы шчасьлiвыя мець такога прэзыдэнта. I готовыя разьдзялiць сваё шчасьце с вамi". Хай азадачыцца.

Але цi не таму я зараз так ірвуся ў Расею, каб хоць на момант вярнуць сабе той цьмяны вобраз невядомай і жаданай для мяне зямлi? Якая праявiлася на сусьветных мапах самымi яркiмi колерамi, але й па сёньня застаецца неразгаданым рэбусам. З Масквою усё ясна".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік едзе ў Расею, але ня хоча, каб там у яго спытвалі толькі пра Лукашэнку.

Нарэшце трэцяе, што, можа быць, найбліжэй да вобразу краіны - гэта верш пра тое, як стварыць Беларусь. Ён перакладзены з ангельскай (збоку, як кажуць, заўсёды відней) і належыць пяру знакамітай паэткі і перакладчыцы Веры Рыч. Мне думаецца, што гэты верш абавязкова трэба прачытаць усім, хто зьбіраецца кіраваць нашай краінай. На думку Веры Рыч, такі чалавек павінен пачувацца чараўніком, а задачу сваю разумець як цуд. Асабіста я зь ёй згодны. Верш так і называецца "Рэцэпт Цуда".

РЭЦЭПТ ЦУДА

Для гэтага трэба ўзяць краіну
(на мапе няма вольным месцаў, таму бярыце
тую, якой нібыта няма), гісторыю,
якую выкладаюць, як гісторыю іншых народаў, мову,
што ўважаюць за дыялект, дадаць сюды назву,
якою не карыстаюцца, потым - люд,
які ня помніць свайго імя...
На працягу няпэўнага часу дайце рошчыне падыходзіць...
Потым вазьміце
сьцяг, колеры якога дужа простыя,
колеры косьці й крыві,
хлеба й віна, вады й агню,
колеры веры й любові. Дадайце знак,
паводле якога лічаць народам
найперш суседзяў,
наліце туды поўную меру сьлёз, што праліліся зь нягод
былых і новых: там тры бярозкі стаяць,
дзе павінны стаяць чатыры,
там дзеці, зачатыя пад зоркай Палын,
там Курапаты... -
і ўсё гэта замясіце
ў вечным посудзе часу...
Затым у прызначаны дзень
(вы будзеце ведаць, калі ён настане),
асьцярожна
пераліце гэтую сумесь у рошчыну,
што акурат падышла,
а тады выпякайце ў чароўнай печы Кліо...
Калі хтосьці, хто зойдзе на пах,
каб даведацца, што тут гатуюць,
стане вам гаварыць пра ашчаднасьць,
пра абачлівасьць, пра суседзяў -
пра зайздросных, скупых суседзяў -
пасьміхніцеся!.. Бо гатовы
ваш дзівосны, сьвяты каравай.
Упрыгожаны васількамі, на стале,
застаўленым стравамі,
будзе ён за найлепшы цуд.
Зрэшты, лішне казаць пра гэта.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.