|
|
13 Чэрвеня 1999
|
Сучасная моўная палітыка. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Галоўная спрэчка на леташнім судзе "Нашай Нівы" супраць Дзяржаўнага камітэту па друку за права карыстацца ў газэце клясычным беларускім правапісам разгарэлася вакол тэрміну агульнапрынятых або "общепрінятых" нормаў мовы. Ці могуць уяўленьні расейскамоўнага чынавенства пра беларускую мову быць агульнапрынятымі нормамі. І ўвогуле ЯКІМ агулам для беларускай мовы могуць быць прынятыя тыя нормы. Пра гэтыя рытарычныя пытаньні сваёй назвай нагадаў мне зусім нядаўна выдадзены ў Менску расейска-беларускі слоўнік "общеупотребительной лексики". А яшчэ ён нагадаў пра выступы ў прэсе канца 80-х, якія тычыліся русіфікацыі беларускай мовы. Тады кожны такі артыкул рабіўся падзеяй, напрыклад, "Час одуму" Пятра Садоўскага, надрукаваны ў "Полымі", або ЛіМаўскія выступы, у якіх патрабавалася адмовіцца ад русізмаў і шырэй - ад наступстваў рэпрэсіўнай моўнай рэформы 1933 году.
Гэта было, нагадаю, у канцы 80-х. Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі ў 91-м праблема мовы замыкнулася ў камісіях Вярхоўнага Савету, перакінулася на школы. Але ніводнага знакавага артыкула ў прэсе тых часоў на згаданую тэму я не прыгадваю. Гэта быў час, калі адраджэнцы-рамантыкі перадавалі сваю адказнасьць дзяржаўным структурам у спадзеве на пераемнасьць. Нейкі час бачнасьць такой пераемнасьці сапраўды была.
Што ж зьмянілася ў лексычным складзе беларушчыны за прамінулыя 10 гадоў. Здавалася б, у краіне, якая атрымала самастойнасьць, выкрыла праўду пра камуністычны таталітарызм і з тымі ці іншымі агаворкамі абрала дэмакратычны шлях разьвіцьця, мусіў быў распачацца сапраўдны рэнэсанс беларускай мовы, падрыхтаваны выступамі 80-х. А калі ён і не распачаўся ў грамадзтве, дык мусіў адчуцца прынамсі ў акадэмічнай навуцы, якая дыхнула паветра свабоды. Аднак разгорнем новы тоўсты расейска-беларускі слоўнік "общеупотребительной лексики", выдадзены сёлета масавым накладам на падставе акадэмічных слоўнікаў і найноўшых навуковых распрацовак. Ці адбіліся ў ім тыя шматлікія прэтэнзіі і прапановы, што выказваліся на старонках друку 10 гадоў таму, а таксама лексычныя тэндэнцыі дня сёньняшняга?
Пачнем з новых словаў, якія шырока прыйшлі ў сёньняшні наш быт з падачы дзяржаўных установаў і прэсы. Найперш гэта слова "спадар", уведзенае як адпаведнік расейскага "господина". Спадар сапраўды зьявіўся і ў слоўніку, але на першым месцы па-ранейшаму пан. Цяпер "мытня" - слова, якое неверагодна хутка пранікла з традыцыйнай беларускай лексыкі ў афіцыйныя дакумэнты. Ёсьць у слоўніку і мытня, прычым без паметы "састарэлае", але зноў жа - на другім месцы пасьля "таможні". Яшчэ адно слова - "крама", так і не замяніла сабою ў даведніку магазін, хоць у жыцьці такая замена адбылася шмат дзе.
Бязь зьменаў засталася падставовая тэндэнцыя расейска-беларускіх слоўнікаў - даваць на адно расейскае слова два беларускія пераклады - адзін сугучны расейскаму, а другі - уласна беларускі. Мэтазгоднасьць гэтага можа быць толькі адна, пра што сьведчаць і наступствы гэткай моўнай палітыкі - прышчапляць грэблівае стаўленьне да беларушчыны, як да чагосьці другаснага. Бо, згадзіцеся, які інакш быў бы сэнс перакладаць слова "посуда" двума эквівалентамі - пасуда і посуд, калі паміж імі не існуе ніякай сэнсавай розьніцы.
У слоўніках 80-х расейскае "карандаш" перакладалася як карандаш і аловак, резина - як рызіна і гума, фрукты - як фрукты і садавіна. Памятаю, тагачасныя спрэчкі ў рэдакцыях газэт. Газэты былі беларускамоўныя, а ўсе журналісты гаварылі міжсобку па-расейску. І існавала негалоснае правіла - абіраць між двух слоўнікавых варыянтаў перакладу першы.
У найноўшым слоўніку "общеупотребительной лексики" гэтая палітыка захавалася. Тут і знакамітыя мінута, а пасьля хвіліна, і яйцы, а пасьля яйкі. Уявіце сабе дыспэчарку на чыгуначным вакзале, якая мусіць па-беларуску аб'явіць "скорый поезд прівыбает на пятый путь". Дыспэчарка разгортвае слоўнік і бачыць там наступнае - скоры (у дужках - хуткі), поезд (у дужках - цягнік) прыбывае на пяты пуць (у дужках шлях). Заўважу, што ў даўнейшай беларускай мове для абазначэньня пуці існавала яшчэ слова "тор". Няма сумневу, што рускамоўная дыспэчарка абярэ першыя варыянты, а ня тыя, што ў дужках. Але што яна пры гэтым падумае? Па-першае, яна зробіць адкрыцьцё - пра штучнасьць, надуманасьць перакладу, па-другое, - пра штучнасьць і надуманасьць беларускай мовы, безь якой цалкам можна абысьціся, бо ўсё панятна і так, безь перакладу.
Такім чынам, слоўнікавая тэндэнцыя выхаваньня грэблівых адносінаў да мовы не зьмяняецца. Тысячы й тысячы людзей штодня ненавязьліва падштурхоўваюцца да высновы пра другаснасьць і непаўнавартасьць беларушчыны. І гэта, у сутнасьці сваёй, дзяржаўная палітыка сувэрэннай Рэспублікі Беларусі, у поўным аб'ёме перанятая ад БээСэСэРаўскіх русіфікатараў. Як гэтаму супрацьстаяць? Грамадзкія ініцыятывы, у тым ліку і нашаніўскі Дзень без чужога слова - занадта слабыя побач зь дзяржаўнай машынай, якая выдае слоўнікі масавымі накладамі. Цяжка паверыць, што і на ўзроўні міжчалавечых дачыненьняў гэтую праблему можна вырашыць у поўным аб'ёме. Зрэшты, ад людзей, бывае, залежыць ня так і мала. Зьміцер Бартосік распавёў гісторыю пра тое, як тры беларусафобскія лукамольцы раптам запаважалі беларускую мову.
(З.Бартосік: ) "Кампанiя беларускiх рок-музыкаў мiрна папiвала пiўко ля начной крамы ў цэнтры сталiцы. Блюзавая салiстка абмяркоўвала з хэвi-мэталёвым ударнiкам канцэптуальны уплыў мясцовага фальклёру на адметнасьць іхнае музыкі. Дыскусія, натуральна, гучна вялася на самай рок-н-рольнай мове. Што нiяк не магло не далучыць новых удзельнiкаў. Размову падтрымаў адзiн з трох камсоргаўскага выгляду маладых людзей, што праходзiлi побач. "Э-там, харэ па-бульбашскi базарыць". Заўвага вельмi зацiкавiла ўдарнiка, i той ветлiва й па-расейску прапанаваў маладым людзям адысьцi ў двор. Выгляд беларускага музыкi - барада ў яго пераходзіла ў шавялюру, татуяваныя сымбалi хрысьцiянства на грудзях i рамёнах, далiкатныя ўпрыгожаньнi з чорнага чыгуну на шыi ды запясьцях - не ўнушыў юнакам ў шэрых гарнiтурах нядобрых думак. Тым больш iх было трое. Як мушкецёраў.
У прыцемках двара той, што зьняважыў мову, махнуў перад музыкавым носам чырвонымi коркамi з чатырма вялiзнымi лiтарамi Б, П, С i М. "Вапросы ешчо есьць?" "Вапросаў" у музыкi не было. Толькi просьба. "А дай паглядзець". Лукамолец горда працягнуў пасьведчаньне. Хвiлiну бубнач вывучаў магiчную кнiжыцу, пасьля чаго, сказаўшы "клас", пачаў павольна разьдзiраць яе на кавалкі. З прыязнай усьмешкаю пазiраючы ў анямелыя камсамольскiя вочы.
"Ну што, цiперь даволен", - толькi й змог плаксівым голасам вымавiць нашчадак Карчагiна. Замест адказу ён атрымаў удар у скiвiцу. Кроў залiла сьветлую кашулю. "Вось цяпер даволен цалкам", - сказаў служыцель муз i спакойна пайшоў дапiваць сваё пiва, не баючыся працягу размовы. Мушкецёры ж караля кiнулiся да патрульнай машыны мiлiцыi. Дзе iх, не даслухаўшы, проста й па-расейску паслалi на тры лiтары. Не фiгуральна, а прамым тэкстам.
"Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе. Усё расказаў, што ня знаў i што знаў", - казаў, вяртаючыся да перарванай размовы, хэвi-мэталiст.
Дзеля чаго я ўсё гэта распавядаю? А дзеля таго, што за пяць хвiлiнаў у горадзе на тры чалавечкi стала больш тых, хто ставiцца да нашай мовы з павагаю. І потым, ня так шмат у нас перамогаў, каб iгнараваць гэтую. Хай невялiчкую, але забаўную ўжо тым, як паводзіла сябе мiлiцыя...
Неяк пасьля сумеснага з Шалкевiчам удалага канцэрту ў школе алiмпiйскага рэзэрву, калi будучыя баксэры й штангiсты накiнулiся на нашага чалавека зь вiдэакамэрай, каб высьветлiць, для якой канторы здымаецца кiно, Вiктар сказаў мне: "Ведаеш, яны й самi не заўважаць, як тутэйшая меншасьць стане большасьцю". А мне хочацца, каб заўважалi".
(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік распавёў пра эфэктыўны спосаб выхаваньня павагі да беларускай мовы. Аднак цяжка ўявіць, каб такі спосаб мог стаць масавым. На агульнанацыянальным узроўні ўсё ж безь дзяржаўнай палітыкі абысьціся цяжка. Ды хоць бы ўжо тая дзяржава не вяла ў гэтым сэнсе ніякай палітыкі. Тады, магчыма, і трэці сэктар, грамадзкія арганізацыі далі б рады. Але дзяржава з савецкіх часоў вядзе плянамерную русіфікацыю, у тым ліку і праз выданьне расейска-беларускіх слоўнікаў, апошні зь якіх - слоўнік "общеупотребительной лексики" мы сёньня разьбіраем.
Новых і разумных зьменаў тут у параўнаньні з такімі слоўнікамі 80-х гадоў настолькі няшмат, што казаць пра іх амаль што не выпадае. Вось, дзякуй Богу, Міоры і Ліёзна сталі нарэшце не чужароднымі, на францускі манер, а нашымі Мёрамі і Лёзнам. Зьнікла і ўдабрэньне, якое яшчэ 10 гадоў назад стаяла на першай пазыцыі перад угнаеньнем. Аднак пры сёньняшніх тэндэнцыях няма ніякіх гарантыяў, што ўжо ў наступным выданьні усе словы паставяць "на сваё месца".
Каб крыху падсаладзіць уражаньне ад новага слоўніка, згадаю, што ёсьць у нас некалькі сфэраў, у якіх калярытная беларуская лексыка ўсё ж пасьпела за апошнія гады ўмацавацца, пацясьніўшы калькаваныя з расейскай мовы трасянкавыя словы. Гэта сфэра гастранаміі, дзе пашырыліся ўсялякія сочывы ды печывы. І сфэра турызму зь яе пляцакамі, заплечнікамі ды намётамі. Яшчэ адна галіна дзейнасьці - архітэктура, можа быць, самая пасьпяховая ў сэнсе беларусізацыі тэрміналёгіі. Пра гэта распавядае Сяргей Харэўскі.
(С.Харэўскі: ) "Уздым цікавасьці да культурнае спадчыны ў сярэдзіне 80-х пацягнуў за сабою і беларусізацыю тэрмінаў у архітэктуры ды археалёгіі. Мастацтвазнаўцы й рэстаўратары, перад якімі тады адкрыліся шырокія пэрспэктывы, пачалі дбаць і пра ўласную мову.
Да таго часу ў нас "не было праблемаў" з помнікамі, як і з рэлігіяй... "Беларуская савецкая энцыкляпэдыя", зьмяшчаючы артыкул пра той ці іншы помнік, спасылалася найперш на... "Всеобщую историю архитектуры", выдадзеную ў Маскве, у 1968 годзе. Да 80-х гадоў нічога больш аўтарытэтнага ў гісторыі беларускай архітэктуры не йснавала. Спасылацца на рэпрэсаванага камуністамі Міколу Шчакаціхіна, альбо на палякаў тады было "не прынята"... Амаль уся сучасная тэрміналёгія ў гісторыі нашае архітэктуры была створана за апошнія пятнаццаць гадоў.
Як называць будынак, у якім служаць Богу? У 60-я гады ў афіцыйнай беларускай мове не было слова кляштар, ня кажучы пра бажніцу. Адкрыўшы сёньня новую энцыкляпэдыю "Архітэктура Беларусі", можна пабачыць і бажніцу, і храм, і кляштар з манастыром. Загучала забытае слова збор - для азначэньня кальвінскіх сьвятыняў. У палякаў яно ўважаецца за гістарызм, а ў астатніх нашых суседзяў адпаведнікаў наогул няма. У сучаснай беларускай літаратуры цяпер паралельна суіснуюць сынанімічныя пары: рызьніца і сакрыстыя, прыдзел і бакавая капліца. Слова бажніца стаіць па-над усімі. Бажніца - дом Бога. Для любога вызнаньня.Чамусьці няма толькі слова сьвятыня, якое пакуль яшчэ не ўважаецца за тэрмін.
Тэрміналягічнае разьвядзеньне заходняй і ўсходняй традыцыяў у беларускай мове - зьява настолькі натуральная, што міжволі патрапіла і ў расейскамоўныя выданьні. Калегі з Расеі ўсё бурчэлі ды круцілі галовамі ад усіх гэтых кляшторов са зборами, устаўленых ў расейскі тэкст. Група маладых архітэктараў на чале з Вадзімам Гліньнікам напрыканцы 80-х гадоў плённа папрацавала над беларускімі тэрмінамі ў расейшчыне, робячы рубрыку "Словарь зодчего" у часопісе "Строительство и архитектура Белоруссии". Гэтак у расейскай мове ў Беларусі пазьяўляліся альтанки, каплицы ды шпитали.
Дваістасьць стала характэрнай рысаю архітэктурнай лексыкі. Хто б уставіў у савецкую энцыкляпэдыю тэрмін "прускі мур"? А сёньня яго ўжываюць паралельна са словам фахвэрк. Выбірай на густ... Штандара ці паля, амбон ці казальніца, спавядальня ці кафэсіяналь, урэшце можна абіраць і паміж бабінцам, нартэксам і прытворам, якія раней зваліся паперцю.
Археолягі Пазьняк, Трусаў, Кушнярэвіч, Краўцэвіч ды іншыя разам з гісторыкамі аднавілі, перагортваючы пласты зямлі, і пласт паўзабытых словаў: дзіда, тарча, кварта, імбрык, дахоўка... У асяродку рэстаўратараў было рэанімаванае і слова гзымс. Цяпер яно суіснуе ў слоўніках паралельна з карнізам. Археолягі ж увялі й трапныя нэалягізмы. Напрыклад пальчатка - буйнапамерная цэгла з барознамі, зробленымі пальцамі майстра... І гэтае слова зажыло. Цяпер і ў энцыкляпэдыях.
А вось слова дахоўка, ужо даўно прышчэпленае ў гутарковай мове, чамусьці не замяніла сабою ў энцыкляпэдыі "Архітэктура" чарапіцу. У гэтай жа кнізе фігуруе пакуль і глазура, хоць у большасьці выданьняў яна замененая на паліву. Ня здолелі пакуль памяняць і чарцёж на красьлюнак. Але ўвогуле зроблена шмат. Замацаваліся трывала гэткія словы як бленда замест несапраўднага вакна, цьвінтар замест абходу й пагосту, фундатар замест заснавальніка. Беларуская архітэктура й археалёгія загаварылі на ўласнай мове. Па-беларуску..."
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў пра посьпехі ў беларускай архітэктурнай тэрміналёгіі. Аднак вернемся да лексыкі агульнаўжывальнай, якая прадстаўленая ў новым расейс ка-беларускім слоўніку. Тут колькасьць адмоўных прыкладаў проста зашкальвае. Быццам не прайшло гэтых пятнаццаць гадоў. Быццам нічога ня можа зьмяняцца да лепшага. Русіфікатарскі кантэкст слоўніка шчыльна спалучаецца зь непрафесіяналізмам.
Расейскія ворота ў нас традыцыйна перакладалі варотамі, калі зьверху не было перакладзіны і брамай, калі такая перакладзіна была. Цяпер брамай можна называць толькі "ворота глухие, крытые сверху". Другое зразумела, але што такое "глухіе" - можа закрытыя наглуха? Шматзначнасьць у слоўнікавых паметах недапушчальная. Аднак у кожным разе слова брама будзе ўсё радзей ужывацца ў беларускай мове. Дарэчы, футбольныя "ворота" з савецкіх часоў засталіся варотамі, хоць яны і глухія, і перакрытыя зьверху, і ў іншых славянскіх мовах даўно называюцца брамай.
Марфалёгія таксама працягвае стаяць на службе русіфікацыі. Так і не легалізаваўся "наведнік", які даўно гуляе ў прэсе. Замест яго - па-ранейшаму грувасткі наведвальнік. Землетрасеньне і прапанаваньне засталіся на першых месцах, затуліўшы сабою землятрус і прапанову. Нязначныя зьмены адбыліся і зь перакладам расейскіх "нежності", "одіночества" і "предательства". У першым выпадку пасьля слова "пяшчотнасьць" усё ж зьявілася на другім месцы пяшчота, "адзіноцтва" перайшло на другое месца, саступіўшы адзіноце, а вось "здрадніцтва" засталося без варыянтаў, нібы наўмысна хаваючы пад сабою ёмкую беларускую "здраду".
Нічога не зьмянілася і ў наступных, нічым не матываваных парах: кіпячэньне і гатаваньне, меткі і трапны. У парах крэсла і стул, страта і ўрон, кава і кофе беларускае слова першае, але навошта ў прынцыпе другое. Таксама як і ў перакладзе Дняпра - Дняпро і Днепр, нават пры тым, што беларускі варыянт захапіў лідэрства. Ёсьць і адваротныя прыклады. Кропля пераехала на другое месца, саступіўшы каплі.
Як бачым, прыкладаў нядобрае пераемнасьці шмат і, паверце, можа быць шматкроць болей. Дробныя сьведчаньні навізны ніяк не перабіваюць агульную русіфікатарскую тэндэнцыю, закладзеную яшчэ за часоў Сталіна. Чаму так адбываецца? Адказ на гэтае пытаньне таксама даў леташні суд Нашай Нівы зь Дзяржаўным камітэтам па друку. На баку Дзяржкамдруку выступіў амаль увесь акадэмічны інстытут мовазнаўства. Абсалютна палітызаванае імкненьне адабраць у газэты клясычны правапіс ва ўлік ня браўся - ні судом, ні намі. Ва ўлік бралася пазыцыя, якая мусіла выявіцца ў часе дыскусіі. Далібог, я гатовы прыняць пункт гледжаньня стваральнікаў слоўніка і іхную філязофію, калі яна прагучыць пераканаўча. Я гатовы ўжываць карандаш замест алоўка і рызіну замест гумы, як зрэшты і ахвяравацца мяккімі знакамі, але для гэтага мушу зразумець - навошта. Можа быць гэта і не русіфікацыя ўвогуле, а нешта глыбейшае ці нават хітрэйшае.
Аднак раскрыцьця ідэалёгіі мы так і не пачулі. У палеміцы гучалі адно юрыдычныя, дакладней, казуістычныя аргумэнты, і ні слова пра патрэбу моўнае гармоніі, пра захаваньне традыцыяў і пра будучыню беларушчыны, лёс якой усё яшчэ вызначаецца сёньня.
|
|
|
|
|
|
|