news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



1 Жніўня 1999
 
Забытыя адрасы беларушчыны: Фальварак Мігаўка, Дом П.Сергіевіча ў Вільні.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
На мяжы 70-х і 80-х сярод маіх раўналеткаў, тады студэнтаў, была такая завядзёнка - наведвацца да патрыярхаў беларушчыны, слухаць іхныя ўспаміны, можа часам і дапамагчы ў гаспадарцы. Такія вандроўкі былі падобныя да паломніцтва, бо мелі на мэце і даведацца праўды пра Беларусь, і набрацца духу, душэўнай энэргіі. Бадай, самым папулярным месцам была Лясная хатка ў Віленскіх Панарах, дзе жыла 90-гадовая Зоська Верас, якая памятала жывога Максіма Багдановіча і да якой па заблытаных сьцежках прыводзіў нас Лявон Луцкевіч - краязнаўца, які, дарэчы, пазьней рабіў радыёсюжэты і для беларускай "Свабоды". Цяпер ужо няма ні Зоські Верас, ні Лявона Луцкевіча, згарэла Лясная хатка, але памяць пра тое, упэўнены, захавалася ў тысячаў людзей.

Больш небясьпечным месцам за савецкім часам лічыўся дом Ларысы Геніюш у Зэльве, які быў пад сталым наглядам КГБ, і ў які, тым ня менш, таксама не спыняўся паток паломнікаў. Сьпіс месцаў колішніх вандровак кожны з маіх раўналеткаў можа працягваць па-свойму. Бо я назваў толькі цэнтральныя, так бы мовіць, маршруты, а ў кожнага былі і свае прыстанішчы духу, у тым ліку і не абавязкова агульнанацыянальныя, але й прыватныя, сямейныя. Гэтак многія сталелі розумам і сэрцам, наведваючы сваіх вясковых бабуляў, дзе раптам высьвятлялася, што беларуская мова - не такая ўжо і прыдумка нацыяналістаў-філёлягаў, а зусім нармальны і жывы, а часам і безальтэрнатыўны сродак зносінаў. На гэтым выхаваліся многія. Але самі падарожжы такога кшталту з часам перапыніліся. Можа таму, што гадоў дваццаць назад сьвядомых беларусаў была жменька і адрасы паломніцтва можна было пералічыць на пальцах. А можа віхура апошняга дзесяцігодзьдзя сарвала ўсіх зь месцаў, кінула ў палітычныя перажываньні, і ўжо не стае часу на тое, каб прыпыніцца, задумацца, наведаць колішнія мясьціны ды адчуць іхную аўру, набрацца душэўных сілаў. З такіх развагаў паўстала ідэя прысьвяціць некалькі радыёперадачаў забытым беларускім адрасам - зьезьдзіць на колішняе месца паломніцтва ды паглядзець, што там цяпер і ці захавалася тая сьвятарная аўра колішніх часоў.

Пачаць наведаньне забытых адрасоў мы вырашылі з фальварка Мігаўка пад Радашкавічамі. У гэтым маляўнічым месцы ў міжваенным часе жыў рэдактар колішняй "Нашай Нівы" Аляксандар Уласаў. Дарэчы, неўзабаве, 16 жніўня мы будзем адзначаць 125-я ўгодкі Ўласава. Чалавек гэты быў надзвычай калярытны. У Радашкавічах ён заснаваў беларускую гімназію, а ў Мігаўцы ладзіў вечарыны ды тэатральныя дзействы. Можна сабе ўявіць прыўзьнятую атмасфэру тых часоў... Зьміцер Бартосік наведаў сёньняшнюю Мігаўку ды сустрэўся зь яе жыхарамі.

(Зьміцер Бартосік: ) "Ёсьць такi рэдкi тып людзей, да якiх пранiкаесься сымпатыяй ужо завочна. Дастаткова нейкай гiсторыі з жыцьця альбо аднаго фотаздымка, i ўжо нiякая розьнiца ў эпохах не адыгрывае ролі. I хай сымпатычны табе чалавек сыйшоў задоўга да твайго нараджэньня, цябе ўсё адно прывабліваюць тыя мясьцiны, дзе ён жыў i дзейнiчаў. I дзе, дзякуючы ягонай колiшняй прысутнасьцi, усё павiнна быць крыху ня так, як паўсюль. Рукапiсы гараць, людзкая памяць сьцiраецца, але нешта ня можа не застацца. Лягчэй за ўсё назваць гэтае "нешта" аўрай. Але мне здаецца, у нашым выпадку гэта - Беларусь, пра якую мы марым, працягваючы мары й справы тых, хто верыў у яе задоўга да нашага прыходу.

З асобаю першага рэдактара-выдаўца "Нашай Нiвы", пасьля - сэнатара польскага сэйму і заснавальнiка Радашкавiцкай беларускай гiмназii я ўпершыню пазнаёмiўся на старонках рамана Якуба Коласа "На ростанях". З той кнiжкi шмат чаго пасьпеў забыць, але толькi не эпiзод зьяўленьня Аляксандра Уласава, у Коласавым варыянце - Мікіты Ўласюка.

"Якраз у самы разгар Ясевага ўзьнёслага красамоўства з другiх дзьвярэй высунуўся Мiкiта Аляксандравiч, босы, у адной толькi нiжняй кароценькай сарочцы. Уся яго постаць нагадвала дзябёлую чыгунную тумбу. Нельга было бязь сьмеху глядзець на гэтую амаль зусiм голую фiгуру. Пад носам Уласюка красавалiся навусьнiкi, канцы якiх былi завязаныя на патылiцы. Такi "ўрачысты" выхад рэдактара абразiў эстэтычны густ Яся Лiскоўскага. Нiчога ня кажучы, ён шпарка выйшаў у свой пакой, зьняў са сьцяны адну са старасьвецкiх шабель. Не вымаючы
клiнка, пляснуў разоў пару ножнамi па рэдактарскаму заду. Рэдактар нiколечкi не пакрыўдзiўся i толькi сказаў: - Не паненкi ж тут сядзяць! - павярнуўся i пайшоў у свой пакой.
Там у яго былi гiры i штанга, i ён прыступiў да гiмнастычных практыкаваньняў, а потым заняўся туалетам".

Гэты эпізод з раману "На ростанях" узяты зь віленскага пэрыяду жыцьця рэдактара "Нашай Нівы" Аляксандра Ўласава. Колькi пасьля я ні чытаў пра гэтага вусатага велiкана, якi з
усьмешкаю пазiрае зь любога фотаздымку, сымпатыi да яго толькi большала. Вось, што ўспамiнае пра Ўласава ягоная пляменьнiца Вера Нiжанкоўская. Тут ужо дзея адбываецца ў Мігаўцы - фальварку непадалёк ад Радашкавічаў:

"Калi было горача, дзядзька хадзiў у адных шортах (тады гэта была рэдкасьць), а такi волат, як ён, выглядаў досыць арыгiнальна. Нават здаралiся зь iм анэкдоты. Прыехаў нейкi беларус з ваколiцаў Вiльнi й пайшоў зь дзядзькам у сад. Тым часам прыйшоў нейкi селянiн па раду. Яго паслалi ў сад, але ён хутка вярнуўся перапалоханы ды кажа: "Там нейкi голы вар'ят ходзiць, а каля яго, мусi, фэльчар круцiцца i ўсё яго ўгаворвае!" Аднаго разу прыйшла нейкая дзяўчына, i яе паслалi ў сад. Яна пайшла й паклiкала: "Пан сэнатар!" I раптам пачула аднекуль з гары: "Гоп, гоп!" Узьняла галаву, а на дрэве нейкае вялiзнае, праве, голае цела. Ад нечаканасьцi амаль не самлела".

Вёска Мiгаўка, дзе прайшлi апошнiя гады Аляксандра Ўласава, ляжыць адразу за Радашкавiчамi. Ад Вiленскай шашы да яе вядзе грунтоўка, шляхетна абсаджаная таполямi. На гэтыя прысады мiжволi зьвяртаеш увагу, як на жывую прыкмету колiшняй, несавецкай тэрыторыi.

Я вельмi шкадую, што ня збочыў на Мiгаўку выпадкова. Напрыклад, напiцца вады, цi купiць малака. Я б усё роўна пагрукаў у самую старую хату. А насустрач мне выйшаў бы стары хутаранiн. Твар, пастава i гаворка якога ўсё роўна прымусiлi б мяне затрымацца ў Мiгаўцы крыху долей, чым толькi для каштаваньня вады зь мясцовае крынiцы. Карэнная беларуская шляхетнасьць, не прыдбаная з кнiжак, а перададзеная з крывёй, адклiкалася ў кожным позiрку, жэсьце ды слове прыгожага чалавека зь нямецкiм прозьвiшчам Шнэйдэр i беларускiм iмем Мiхал. "У Беларусi - ён сказаў - ня прынята па отчаству".

- Уласава? Вядома, памятаю. Росту прыкладна - мэтар дзевяноста. Сама яго рука - далонь узяць - дык нармальнага чалавека слажыць дзьве даланi. Сiлiшчы быў незвычайнай.
Памятаю, рэзалi бярвеньнi на дошкi. Козлы былi высачэнныя. I калi трох парабкоў не маглi калоду падняць туды, дык ён кажа: "Вы адыйдзiцеся, хлопцы". I адзiн закiнуў тую калодку. Жыў ён вунь на тым узгорку. Хата была прыкладна дзесяць на чатырнаццаць. Але на ўласны конт эканамiчаскi ня быў заiнтарасаваны. За свае крэўныя ладзiў вечарыны, пастаноўкi.
Каб, ну як гэта сказаць, мець задавальненьне сабе й сялянам. Прама на ўласным падворку. Як апранаўся. Ён не любiў гальштучка. Кашуля там прырасшпiленая, цi жакетка. Яго за гэта не лiбiлi некаторыя памешчыкi за гэтую "паказуху". За гэты стыль адзежы, сялянскi. Хоць усе гiмназii, каторыя на тэрыторыi Беларусi iснавалi, былi пад ведам яго. Тое, што ў яго ў мысьлях было, тое й ў практыцы рабiў. Калi яго забралi ў трыццаць дзявятым, вядома, не адабралi. Гэта факт. Але пратэст пры Саветах... Гэты не пры Польшчы, i не пры дземакрацii. Кожны глядзеў, каб на высылку не папасьцiся, цi каб уночы не прыехаў варанок. Мы й да iх прыходу ведалi, чым пахне сталiнская свабода. А як яны перайшлi гранiцу мы ўсе былi падаўлены маральна. Хто хадзiў пад гальшуком, дык пачалi ськiдаць".

Я слухаў колiшняга сына арандатара, колiшняга варшаўскага студэнта, падпiсанта "Ле Фiгаро", стажора ў гiтлераўскай Нямеччыне. Колiшняга сталiнскага вязьня, колiшняга пчаляра. I
заўсёднага беларуса. "Са звычайным беларускiм лёсам" асацыявалася зь цяжкасьцю. "Вы не сумуеце па тым шчасьлiвым часе?" "Па часох сумуюць толькi няверуючыя". Я яму паверыў. На разьвiтаньне стары мне пацiснуў руку. Поцiск рукi быў нечакана моцны для чалавека такога веку. Міхалу Шнэйдэру 84.

Аднаго я зразумець ня мог. Стары мне расказваў, што ў Мiгаўцы цудоўна ведалi пра парадкi па той бок мяжы. Уцекачоў са сталiнскага раю з кожным годам большала. Дык няўжо Ўласаў не даваў iм веры? Цi, можа, хавацца й панiкаваць было не ў ягоных правiлах? Вось, як выглядае фатальны верасень ва ўспамiнах Веры Нiжанкоўскай:

"17 верасьня 1939-га, калi ў Радашкавiчы прыйшла Красная Армiя, ён прыйшоў да мяне поўны энтузiязму, маўляў, вось калi ён будзе пiсаць i друкавацца, як эканамiст! Аляксандар Мiкiтавiч паехаў у Маладэчна прапанаваць свае паслугi ў рэдакцыю тамтэйшай газэты. Стуль яго накiравалi ў НКВД на зацьверджаньне, як супрацоўнiка. У НКВД яго папрасiлi напiсаць аўтабiяграфiю. Дзядзька на 17 старонках апiсаў усе свае заслугi ў беларускiм i рэвалюцыйным руху... З НКВД ён ужо ня выйшаў i, здаецца, напiсаная iм аўтабiяграфiя фiгуравала, як акт абвiнавачаньня... Калi жонка вазiла яму ў Маладэчна падаянкi й пыталася ў турэмнага вартаўнiка, цi здаровы ейны муж, той адказваў: "Такi вялiкi, вусаты? Дык жа ад ягоных расказаў рагоча ўся камэра!"

Я ўзьняўся на той пагорак, дзе ўжо нiчога не нагадвае пра сядзiбу заснавальнiка "Нашай Нiвы". Але адна карцiна прамiнулага часу намалявалася маёй фантазіяй так ярка, нібы я быў сьведкам. Летняе зьмярканьне. Ружовае беларускае сонца паволi хаваецца ў заходнiх лясах. Зь вялiкага падворку пана сэнатара ва ўсе стораны разносiцца "Чаму ж мне ня пець". Падтрыманая гаспадаром дому, песьня сьпяваецца лёгка, на поўны голас. Каб песьню гэтай зямлi на гэтай зямлi чуваць было як мага далей па абодва бакi мяжы. Польскiя памежнiкi на хвiлю адарвалiся ад прэфэрансу, расейскiя жаўнеры, парушаючы правiлы маскiроўкi, закурылi папяросы. Да верасьня засталося ня так i шмат часу. Але ўсiм здаецца, што песьня будзе гучаць бясконца. "Калi ў нашай хатаньцы парадак iдзець"...

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік ня здолеў адказаць сабе на пытаньне, чаму Аляксандар Уласаў радасна вітаў Чыровную армію ў 39-м годзе, калі выдатна ведаў, як жыве за мяжой калгасная савецкая Беларусь. Адказ на гэтае пытаньне я знайшоў ва ўспамінах жонкі Ўласава, якія запісаў у яе ў сярэдзіне 80-х у Гомелі. У гутарках зь сялянамі, згадвала спадарыня Аляксандра, Уласаў пераканана казаў, цытую яе, што "Польшча хутка здохне, і палі будуць араць трактары. Будуць калгасы, саўгасы. Адкрыецца праклятая мяжа, і будзем жыць у адной сям'і". Верагодна, так яно і было ва ўяўленьні былога рэдактара "Нашай Нівы" з эканамічнай адукацыяй і рамантычнай душою. Ня мог ён уявіць сабе той ступені чалавечага падзеньня, якую нёс з сабою сталінскі рэжым.

Яшчэ адзін забыты адрас, пра які пойдзе гаворка ў нашай перадачы, гэтым разам гарадзкі. Магчыма, гэта нават ня столькі забыты адрас, колькі менавіта месца паломніцтва беларусаў у 70-80-я гады. Туды нядаўна наведаўся Сяргей Харэўскі.

(С.Харэўскі: ) "Нейкі час я быў забыўся на гэтую гісторыю. Але днямі, ідучы па Вільні, ізноў пабачыў дом, у якім некалі жыў мастак Пётра Сергіевіч. Цяпер дом ужо іншы з выгляду, фэшэнэбэльны.

Калісьці ў кватэры мастака перагасьцявала ці ня ўся паваенная беларушчына. Сюды прыяжджалі калегі-мастакі і філёлягі, літаратары й гісторыкі. Уладзімер Караткевіч і Яўген Кулік, Арсень Ліс і Алесь Марачкін, Адам Мальдзіс і многія іншыя. Пётра Сергіевіч жыў тут бесьперапынна з 38-га году. Дарэчы, па вайне суседам Сергіевіча быў Янка Шутовіч, колішні рэдактар часопіса "Калосьсе", апошні дырэктар Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.

Я таксама пабываў у кватэры Сергіевічаў, на запрашэньне ўдавы мастака, пані Станіславы. Тут было багата кніг, пераважна па мастацтву й рэлігіі. Віселі палотны, Сергіевіча ды ягоных эўрапейскіх і літоўскіх калегаў 20-х, 30-х, 40-х гадоў. Мяне ўразіў краявід мора перад навальніцаю, швэдзкага мастака Эргстрэма, напісаны перад вайною. У найбольшым пакоі мясьцілася майстэрня з высокімі, пад пяць мэтраў угару, стэлажамі, забітымі халстамі, кардонамі, малюнкамі. Стаялі й мальбэрты, станкі, скрыні з фарбамі. Узяў пушачку пастэлі, прачытаў: "Paris, anne 1929". У парадным пакоі - вялікая дзяжа са старой пальмаю, у засені якое - старасьвецкі круглы стол. Наогул, тут было шмат антыкварных рэчаў, ад камодаў да чайных лыжачак. Нават у дрывотніку ляжалі падшыўкі нямецкіх мэдычных часопісаў 20 - 30-х гадоў, скульптура Глебава і... сапраўдная шыльда Беларускага музэю імя Луцкевіча, мусіць, ад Шутовіча. Пані Стася распавядала пра ўсё з ахвотаю. Кожная рэч тут была рэліквіяй. Неўзабаве гаспадыня памерла. Паводле тэстамэнту яна пакінула частку кватэры сваёй пляменьніцы, якая жыве ў Польшчы...

У іншай, меншай частцы, жыла чужая жанчына, аднекуль з Расеі, якую падсялілі да Сергіевічаў па вайне. Пані Стася была перакананая, што тая кабета працавала на КГБ...

Калі пляменьніца Сергіевічавай пачала вывозіць рэчы, віленчукі забілі трывогу. Беларусы дамагліся часовай забароны на вываз твораў і рэчаў мастака. Старшыня Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, сп. Нюнька распавядае:

"Пляменьніца Сергіевіча жыве ў Гданьску. І паводле тэстамэнту гэтая кватэра завяшчалася пляменьніцы. І калі мы адмовіліся купляць - яны прадалі. А потым усе карціны забралі і я ня ведаю, куды яны дзеліся. Там было шмат карцінаў. І найбольш каштоўныя, як казаў Лявон Луцкевіч, яна ахвяравала то на касьцёл, то недзе прадала. Беларускія мастакі нешта пабралі. Сергіевічава моцна ўкрыўдавала за гэта. Далейшы лёс быў такі: нешта звозілася да іхных сваякоў тут, у Вільні. Мы зьвярнуліся ў дэпартамэнт, каб не дазволіць вываз карцінаў. Але нам сказалі, што гэта немагчыма, бо гэткі тэстамэнт. І дзе цяпер гэтыя карціны - невядома..."

Творчай спадчынай мастака ўсё ж заапекавалася літоўскае Міністэрства культуры. Бо Сергіевіч быў заслужаным дзеячом мастацтваў Літвы. Пасьпелі прымацаваць на дом мэмарыяльную табліцу. Але як ні ўвіхаліся віленскія беларусы, музэю тут гэтак і не зрабілі....

Першы афіцыйны пасланец Беларусі ў Літве, сп. Шчасны, здолеў перакупіць частку гэтай кватэры, дзе жыла суседка Сергіевіча. Была ідэя выкупіць увесь дамок і зрабіць там культурны цэнтар Рэспублікі Беларусь. Але патрабаваўся сур'ёзны рамонт. У той час беларускім амбасадарам у Літве стаў Яўген Вайтовіч, былы міністар культуры. Беларусы чакалі зь ягонага боку разуменьня праблемаў. Але абставіны былі ўжо іншымі... Палову, дзе жылі Сергіевічы, нашчадкі прадалі бізнэсоўцу з Грузіі, спадару Гелашвілі. Яўген Вайтовіч мне распавёў, як гэта адбывалася...

"Нейкі грузін там... Мы зь ім гандляваліся, гандляваліся... Краўчанка сыйшоў - і ствараць музэй нам не выпадала... Потым, са згоды міністэрства, а то і пад ціскам зь яго, мы кватэру прадалі. За тыя грошы, што і купілі... Палову мы купілі, а другую палову не саступіла пляменьніца. Ці, дакладней, загнула вялікую лічбу. Нешта там было, куды яна тое дзела - я ня ведаю.

Палова кватэры прададзена, палова - не. Хто гэта так зрабіў - ня ведаю. Гэта да мяне куплялі. Там жа трэба было і калідор і пад'езд рамантаваць. Усё ў комплексе рабіць..."

Кватэра, на якую Беларусь не знайшла грошай, каштавала 24 тысячы даляраў... У 1996-м прадалі й выкупленую частку. Паводле словаў новага гаспадара з Грузіі, нічога вартага ў кватэры ўжо не заставалася. І неўзабаве грузавікі вывезьлі з таго дому апошні "хлуд". Тутэйшыя беларусы нешта яшчэ пасьпелі пахапаць. Напрыклад, алейныя эскізы да росьпісаў у касьцёлах Смаргоні, Солаў, Жодзішак, некалькі тэчак малюнкаў 30-50-х гадоў, шматлікія партрэты алоўкам, пастэльлю. Зараз гэтыя творы зьберагаюцца ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве. Але гэта малая частка... Тады ж з дому прапала й мэмарыяльная табліца пра тое, што тут жыў мастак Сергіевіч... Праз год яе вярнуў на месца сп. Скараходаў, аташэ па культуры беларускага пасольства. Вось што ён распавёў:

"Калі я прыехаў у Вільню, табліца прапала. Я пачаў яе шукаць. Пытаўся ў рабочых. Знайшоў недзе там... сярод цэглы ў падвале. І потым зрабіў усё неабходнае, каб прывесьці яе ў нармальны выгляд і вярнуць на дом... Гаспадар быў катэгарычна супраць. Мае першыя размовы сканчаліся практычна безвынікова. Ён быў супраць таго, каб вешаць гэтую шыльду на дом. Але пагадзіўся на тым, каб павесіць не на тым месцы, а побач. Але ўдалося дамовіцца з тым, каб яе вярнуць. Я лічу, што гэта добрае месца і што мы гэта добра ўладкавалі..."

Штосьці са спадчыны мастака цяпер у Польшчы, штосьці - у майстэрнях беларускіх мастакоў, а штосьці - у чужых руках. Толькі некаторыя палотны Сергіевіча ў рамах забралі ў Літоўскі мастацкі фонд. Дырэктар мастацкага музэю, Ёзас Будрыс, запэўніў, што ацалелыя працы Сергіевіча надзейна схаваныя. У міністэрствах паабяцалі калі-небудзь зрабіць у музэі беларускую залю... Калі небудзь.

Што да самога мэмарыяльнага дому, дык сёньня ў ім гаспадараць чужыя людзі і беларускі паломнік, прыехаўшы ў Вільню, можа хіба толькі звонку далучыцца да аўры памяці славутага мастака".

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў гісторыю дому Пятра Сергіевіча ў Вільні. Трэба сказаць, што спадчыну гэтага мастака напаткаў ня самы лепшы лёс. І сёньняшні расповед - гэта толькі пачатак расьсьледваньня, за якое ўзяўся Сяргей Харэўскі з мэтай высьветліць, дзе тыя раскіданыя па сьвеце творы славутага беларускага творцы. Магчыма, прыйшоў час зьбіраць камяні і адраджаць месцы колішняга беларускага паломніцтва. А гэта значыць, што мы яшчэ вернемся да гэтае тэмы ў нашых наступных перадачах.





archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.