|
|
22 Жніўня 1999
|
Восеньскі мінор. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Сёлетняя раньняя восень схіляе да мінорнага настрою. Жухлая трава і да часу пажоўклае лісьце на вуліцах Менску і на вуліцах Вільні. Колішняя беларуская сталіца рыхтуецца да нашых згадак у верасьні, калі споўніцца 60 гадоў узьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі. Мінорна гучаць і развагі пра страчаную спадчыну. Што зь ёй сталася ў выніку таго, што яе страцілі мы, а найперш, што ў выніку сталася з намі і ці не была гэта страта самых сябе як нацыі, з-за чаго мы й блукаем цяпер бяз вызначаных арыенціраў, як тыя пахаджане з апошняй быкаўскай прыпавесьці - бяз мовы, без уяўленьня пра тое, куды нам ісьці і без дастатковага ўяўленьня пра саміх сябе.
Вільня таксама па вялікім рахунку ня выйграла нічога. Вонкава яна крыху літуанізавалася ў шыльдах. Але, скажам, адзіны сапраўды літоўскі помнік князю Гедыміну на Катэдральным пляцы, устаноўлены некалькі гадоў таму, развальваецца і патрабуе пэрманэнтнага рамонту. Апроч гэтага, тое, што нам мярэсьціцца як паўночныя Атэны, вечны горад і падобнае, у транскантынэнтальных турыстычных даведніках называюць "маленькім эўрапейскім гарадком", ні больш, ні менш, быццам гэта якое Заслаўе, Мір або Мсьціслаў - тое, што ў нашым уяўленьні - гарадок.
Яшчэ больш мінорнымі робяцца высновы, калі разумееш, што беларусы страцілі Вільню сьвядома, фактычна памяняўшы яе на сваю адданасьць камунізму. Гэты сьвядомы выбар увасобіўся ўжо хоць бы і ў творах аднаго з найвялікшых паэтаў нацыі Максіма Танка, калі ён - наскрозь віленскі беларускі творца - пачаў у вершах называць горад па-літоўску.
Ня знаю, што магло расчуліць
Мяне між вільнюсскіх муроў.
Мо тое, што тут столькі вуліц
З імёнамі маіх сяброў?
Дарэчы сказаць, ужо сёньня ў Вільні, здаецца, і не засталося вуліц з імёнамі сяброў Максіма Танка - як правіла, камуністаў. Вуліцам вернутыя іх спрадвечныя назвы, праўда, перакладзеныя на літоўскую мову. Аднак вернемся да нашага восеньскага мінору.
Менавіта зь мінорным настроем чытаў Андранік Антанян новую кнігу Вячаслава Адамчыка "Разьвітальная аповесьць". Вяртаючыся з вучобы ў Вільні ў родны Магілёў, малады беларускі паэт раз-пораз пазіраў у вакно аўтобуса, дзе краявід усё болей напаўняла адчуваньне нязбытнасьці, паныласьці і смутку.
Opus citatum
(А.Антанян: ) "Ці не заўважаў ты, чытачу, што палісаднік, у якім ты ў дзяцінстве разам зь суседзкімі аднагодкамі дні навылёт гуляў у хованкі, прыкметна зьменшыўся у памерах, і на тваё сёньняшняе вока зусім не прыдатны ані для тарзанаў, ані для казакоў-разбойнікаў? Ці не заўважыў, што ў прынцыпе, усё ў гэтым жыцьці склалася зусім ня так, як было задумана, што сьвет ня тое, што перакуліўся з ног на галаву, але проста шчыміць і душыць думка, ці то гэта ўсё вакол счужэла ці ты сам? І здарылася гэта толькі з табою. Калі цябе, чытачу, хоць на хвіліну ахіналі падобныя настроі, дык у новай аповесьці Вячаслава Адамчыка, ты зможаш пачуць, а галоўнае, пазнаць, знаёмую мэлёдыю.
Стары чалавек, гэта той, хто стаіць ля вакна, пільна ўзіраецца ў тлумны дарожны рух, але зусім не цікавіцца, тым, ШТО адбываецца на той пыльнай вуліцы. Герой "Развітальнай аповесьці" Генрык Самец, сам удзельнік тлумнага руху. Ён вяртаецца, вяртаецца на Радзіму, на Бацькаўшчыну, але ягонае вяртаньне зусім не падобнае на адысееўскую мадэль вяртаньня, бо ён адно імітуе, што ягоны рух мае мэту, да якой можна дакрануцца рукою. Герой едзе не НА Бацькаўшчыну. Ня ДА бацькавай і матчынай магілы, ня ДА сваякоў і суседзяў, а МІМА іх. Ён абмінае непазьбежныя сустрэчы й прыпынкі, разумеючы, што, па вялікім рахунку, гэтыя абавязковыя складнікі альгарытму вяртаньня, зусім не дададуць ані яснасьці, ані вычарпальнага адказу на пытаньні, што хвалююць цябе ладны адрэзак часу, а калі быць дакладным, палову стагодзьдзя. Эўрыстычнасьць назіраньня пра рэчкі, у якія нельга ўвайсьці двойчы, з часам зацёрлася, стала банальнасьцю. Герой не баіцца наступіць на граблі, што схаваў лёс, у траве паплавоў нашага маленства, ён пра іх ня думае, калі імкнецца заставацца на недасягальнай адлегласьці ад людзей, сярод якіх пачаў сваё жыцьцё. Той магніт, што не дазваляе Генрыку Самцу наблізіцца ДА гэтых людзей і зрабіць іх рэальнымі саўдзельнікамі сваёй вандроўкі - гэта магніт няёмкасьці перад імі, за тое, што ня можаш прыгадаць імёны, за тое, што калісьці зусім неадэкватна зразумеў іхныя намеры ды ці мала за што яшчэ. І едзе герой у тлумным аўтобусе па пыльных дарогах беларускай правінцыі, і толькі ён сам сабе можа прызнацца ў тым, што дарога ягоная, па сутнасьці, гэта ўцёкі ад свае самоты і (цытую) "гнятлівага адчуваньня свае блізкае сьмерці".
У новай кнізе мне хацелася б яшчэ вылучыць твор "На крыльлях смутку й адзіноты", жанар якога сам Вячаслаў Адамчык акрэсьліў як "Старонкі зь дзёньнікаў". У адрозьненьне ад вельмі бэлетрызаваных нататак у "Бэрлінскім дзёньніку", якія таксама ўвашлі ў гэты том, "На крыльлях..." маюць усе прыкметы прыватных зацемак, не разьлічаных для публікацыі, і напісаныя зусім яшчэ не заўважаным, а таму няўпэўненым у сабе аўтарам. Няхай дзёньнікавыя запісы й былі перапрацаваныя Вячаславам Адамчыкам для гэтае публікацыі, але, тым ня менш, захавалі цымус "нататак для сябе".
(С.Дубавец: ) Гэткія думкі выклікала ў Андраніка Антаняна новая кніга Вячаслава Адамчыка "Разьвітальная аповесьць". Калі дадаць да гэтага тое, што за савецкім часам Адамчык уяўляўся амаль сымбалем пісьменьніцкага посьпеху, якому ўсё даецца лёгка і з натхненьнем, дык сёньняшнія думкі нашага рэцэнзэнта можна распаўсюдзіць на ўсю постсавецкую беларускую літаратуру. Яна, як гэта ні парадаксальна гучыць, сапраўды скіраваная на Бецькаўшчыну і ні да каго канкрэтна.
Каб трохі разбавіць раньні восеньскі настрой сёньняшняе перадачы, зьвернемся да справаў юбілейных, у прыватнасьці да амэрыканскай статуі Свабоды, якой сёлета спаўняецца ажно сто дзесяць гадоў. Сяргей Харэўскі паспрабаваў убачыць вядомы ва ўсім сьвеце сымбаль у беларускім кантэксьце.
Краявід
(С.Харэўскі: ) "Гэтую статую Злучаным Штатам Амэрыкі падараваў урад Францускай Рэспублікі. Гісторыя павучальная, месцамі анэкдатычная.
Аўтарам скульптуры быў вядомы францускі скульптар часоў Напалеона ІІІ Агюст Бартольдзі. Той самы, што аздобіў тэатар Гран-Опэра ў Парыжы. Падчас адкрыцьця тэатру Бартольдзі ўвіхаўся каля імпэратрыцы. Жонка Напалеона ІІІ, агледзеўшы бурапеннае ўбраньне Опэры, запыталася ў мастака, чаму яна ня можа падабраць словаў, каб вызначыць стыль. Сьціпла схіліўшы галаву, скульптар сказаў: "Гэта стыль імпэратара Напалеона ІІІ, мадам". Мадам была ў захапленьні... Але, як кажуць, Свабода для французаў вышэй за ўсё. Egalite, Fraternite, Liberte et cetera... Таму было вырашана падараваць Штатам усё ж ня помнік імпэратара, а Свабоду.
Як дарыць, дык дарыць! Падарунак мусіў пераўзысьці памерамі ўсё, створанае раней. Тут цяму аднаго Бартольдзі было малавата. Дзеля вырашэньня ўнікальнае канструктыўнае задачы быў запрошаны інжынэр Эйфэль. Той самы, які пабудаваў у Парыжы знакамітую вежу, што стала гэткім жа неад'емным сымбалем Францыі, як статуя Свабоды - сымбалем Амэрыкі. Статую паставіў на пастамэнт вядомы архітэктар, ангелец Рычард Морыс Хант. Дарэчы, жонка Ханта была надзвычай калярытнаю жанчынай. Яе твар мае і статуя Свабоды.
Каб падрыхтавацца да працы, Хант паехаў у Эгіпэт, дзе вывучаў дойлідзтва старажытных. Рабіць дык рабіць! На вякі вечныя. Год ён вывучаў, пасьля год праектаваў ды яшчэ год будавалі той нечуваны пастамэнт. І нарэшце, у 1889 годзе Свабода заняла сваё месца.
Гэты манумэнт натхняў сотні мастакоў, ад Сальвадора Далі да Эндзі Ўорхала. У беларусаў са Свабодаю склаліся няпростыя дчыненьні. Да апошняй вайны ў нас мала хто пра яе і ведаў. А па вайне гэтая статуя, нацыянальны сымбаль ЗША, стала для савецкіх людзей сымбалем амэрыканскага імпэрыялізму. Беларускія карыкатурысты на ўсе лады выяўлялі гэты манумэнт, стварылі цэлую свабадзіяну на старонках часопіса "Вожык". Свабода магла ў беларускіх карыкатурах ціха плакаць ці хмурыць бровы. Імпэрыялісты завязвалі ёй вочы, як на плякаце Ліпы Кроля, альбо сама яна размахвала дубінаю, як у карыкатурах Аскольда Чуркіна.
Між тым, па той бок жалезнае запавесы беларусы ставіліся да гэтага помніка па-іншаму. Амэрыканскія беларускі-мастачкі Галіна Русак і Тамара Стагановіч пісалі Свабоду зь піетэтам і спадзевам. Трыпціх Стагановіч "Любоў, Вера, Надзея", напісаны яшчэ ў 70-я гады, выяўляе славуты манумэнт у розных ракурсах побач са старажытнымі беларускімі абразамі ды партрэтамі беларусак у народным убраньні. Для мастачкі Надзея - гэта Свабода, якая моцна сьціскае паходню, сьвятло якой мусіць даляцець калі-небудзь і да нашай краіны. Гэты твор, на шчасьце, патрапіў у апошнія беларускія энцыкляпэдыі, у адрозьненьне ад савецкіх карыкатураў".
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў пра вядомы ва ўсім сьвеце амэрыканскі сымбаль Свабоды. Дарэчы, сваю прапагандысцкую злосьць на славутую статую абрушвалі ня толькі беларускія савецкія карыкатурысты, але і паэты, і пісьменьнікі, якім сяды-тады перападалі паездкі за акіян. З Амэрыкі майстры прыгожага пісьменства вярталіся, як правіла, з новай кніжкай патэтычнага антыімпэрыялізму. Зрэшты, і тыя, каму не перападалі паездкі, пісалі такія кніжкі таксама. Іронія была ў тым, што іранізаваць і кпіць даводзілася са слова Свабода... У выніку і гэтыя творы, як і тыя згаданыя карыкатуры, не патрапілі ў энцыкляпэдыі.
І ўсё ж мінорны настрой раньняй восені бярэ сваё. Ён глыбейшы за сымбалі, юбілеі і карыкатуры. Зьміцеру Бартосіку згадаўся адзін чалавечы лёс - жыцьцё беларускага пісьменьніка Леаніда Пракопчыка, само больш падобнае да літаратуры.
Патрэт
(З.Бартосік: ) "Мiнулым сьнежнем зь Менску адлятаў рэйсавы самалёт на Захад. Амэрыканскiя шпiёны вярталiся на радзiму, а беларускiя буржуi сьпяшалiся на калядныя кiрмашы. Але адно месца ў салёне засталося незанятым. Той, каму яно належала, наўрад цi ўпiсаўся б у гэтую вясёлую падвыпiтую кампанiю iншамоўных людзей.
Мы пазнаёмiлiся зь ім на кухнi ў адной маёй менскай сяброўкi. Кампанiя была невялiкая: вядомы мне тэатральны рэжысэр, менш вядомы кампазытар i зусiм невядомы дзядзечка з
позiркам, зь якiм звычайна просяць прабачэньня. Мяне перш-наперш зьдзiвiла ягоная вопратка. Здавалася, што дзядзечка даношваў гарнiтур свайго юнацтва й чаравiкi дзядулi. Ад бамжоўскага выгляду ратавала сьвежавымытасьць тканiны, хоць гузiкi на пiльчаку ўсё ж былi розныя. "Гэта хто?" - спытаўся я ў знаёмай. "Пiсьменьнiк",
- адказала яна.
З аднаго боку, мне стала шчыра шкада беларускай лiтаратры, прэзэнтаванай такiм горкiм чынам. Зь iншага боку, я разумеў, што мне пашанцавала. Я ўпершыню ў жыцьцi сустрэў жывога пiсьменьнiка, творцу той лiтаратуры, якую я тады толькі пачынаў асвойваць. Калi ён назваў сваё прозьвiшча, я з прыкрасьцю адзначыў, што яно мне ні аб чым не гаворыць. З тае
хвіліны я вырашыў больш нiколi не знаёмiцца зь пiсьменьнiкамi, ня ведаючы хоць бы адной назвы напiсанай iмi кнiжкi. Каб неяк выказаць сваю павагу да чалавека беларускага слова, я, як мага больш пранiкнёна, спытаў: "Як Вы лiчыце, цi загаворыць беларускi народ на сваёй роднай мове?" Адказ быў імгненны: "Не, не загаворыць". Пасьля, падумаўшы, ён дадаў: "Але цi варта з-за гэтага сумаваць?"
Наступным разам мы пабачылiся на прэм'еры ў Менскай Оперы. Спэктакаль быў паводле п'есы майго пiсьменьнiка і распавядаў пра Вялiкае Княства Лiтоўскае. Басавiтыя мужыкi на сцэне ўдавалi князёў, партэр зьзяў тварамi апазыцыi. Як толькi з каласьнiкоў апускалася аграмадная фанерная "Пагоня", нашчадкi ВКЛ з партэру пачыналi скандаваць: "Жыве Беларусь!" Такое непасрэднае ўспрыняцьце мастацтва мяне проста зачаравала. У антракце я заўважыў пiсьменьнiка. На iм быў апрануты ўсё той жа патрапаны векам гарнiтурчык. Мне здалося, што ён расчараваны пастаноўкаю, i я пасьпяшаўся рассыпацца ў камлiмэнтах. Маўляў, музыка так сабе, але вос сюжэтная канва ды кампазыцыя... Ён толькi сумна мне пасьмiхнуўся...
Апошнi раз я сустрэў яго неяк улетку. Я нават не адразу пазнаў свайго пiсьменьнiка. Ён быў у белых штанах, загарэлы і выглядаў зусім рэспэктабэльна. Толькi ягоная прабачлiвая ўсьмешка нiкуды не падзелася. "Ну, у Вас няйначай выйшла нешта новенькае", - сказаў я. "Тое-сёе выйшла".
Пра тое, што ў яго выйшла, я даведаўся ад агульных сяброў...
Вам нiколi не хацелася пажыць нарэшце так, як падабаецца? Калi падабаецца, уставаць. Куды падабаецца, зьехаць. Спынiцца ў самым нечаканым гатэлi, замовiць у рэстарацыi самую неверагодную страву. I хоць у гэтым малым адчуць свабоду. Наведаць у Парыжы Луўр i абыйсьцi бокам Манмартр. Таму, што "не пацягнула". Заснуць у вечным горадзе на ўслончыку каля Калiзею, каб упэўнiцца, што зоркi над Рымам ня больш вечныя за небасхiл над Менскам. Вам нiколi ня было страшна не пасьпець?
Менавiта страхам спазьнiцца я тлумачыў ягонае хуткае рашэньне прадаць сваю трохпакаёўку ды кiнуцца ў белы сьвет. А што яшчэ магло стаць павАжнаю прычынаю для адпачынку ад
папярэдняга жыцьця?
Пра ягоную сьмерць я даведаўся зусiм нядаўна. Памёр ён перад Калядамi, калі зьбiраўся пераляцець Атлянтыку. Памёр цiха, як i жыў. Раднi ў яго не засталося, нешматлiкiя чытачы наўрад цi заўважылi ягоны сыход. Чалавек пяць сяброў праводзiла яго ў апошнi шлях.
Нядаўна ў букiнiстычнай кнiгарнi я заўважыў знаёмае прозьвiшча. Мяне парадавала тое, што кнiжка майго пiсьменьнiка была парадкам патрапаная. Як гарнiтур яе аўтара. Калi-небудзь я яе абавязкова прачытаю".
(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік распавёў пра лёс беларускага пісьменьніка Леаніда Пракопчыка і ягоны неардынарны па нашым часе ўчынак, варты апавяданьня.
А мы тымчасам вяртаемся ў старажытную Вільню. Вяртаемся, каб скончыць сёньняшнюю перадачу і нагадаць, што мы, ды й ня толькі мы, яшчэ ня раз будзем згадваць імя гэтага гораду сёлета ў верасьні, калі споўніцца 60 гадоў знакамітага ўзьяднаньня Ўсходняй і Заходняй Беларусі. У тагачаснай рэальнасьці Вільня і была, і негалосна лічылася сталіцай Заходняй Беларусі, старажытным цэнтрам беларускай культуры. Менавіта ў Вільні прадстаўнікі іншых нацыяў - пераважна палякі і жыды - атаясамлівалі тагачасных беларусаў з бальшавікамі, настолькі папулярнымі былі ў нашых культурных асяродках камуністычныя ідэі і настолькі моцны быў уплыў савецкага Менску. Калі не лічыць мільёнаў да часу страчаных жыцьцяў і паламаных лёсаў, менавіта Вільня стала сымбалем расплаты нашае нацыі за камунізм.
|
|
|
|
|
|
|