news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



19 Сьнежаня 1999
 
Няміга.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Сёньняшняя перадача прысьвечана Нямізе, самай старой менскай вуліцы. Але гутарка пойдзе не пра славутую бітву, што адбылася тысячу гадоў таму на берагах аднайменнай рэчкі і не пра трагедыю мінулага лета ў станцыі мэтро. Між іншым, калі дадаць да згаданых фактаў этымалягічнае вытлумачэньне слова Няміга, якое ў літоўскай мове азначае бяссоньне ці бяссонную ноч, можна лёгка зьбіцца на выснову пра фатальнае наканаваньне гэтае вуліцы, а можа быць і ўсяго Менску - бясконца цярпець разбурэньне і бясконца аднаўляцца зноў. Вось пра гэты самы лёс знакавае, бадай, нават для сусьветнае гісторыі вуліцы, а таксама пра лёс яе насельнікаў, будынкаў і агульнага вобразу пойдзе гутарка сёньня.

Калісьці паэт Адам Глёбус выказаў думку пра архітэктурную ці, дакладней горадабудаўнічую перадвызначанасьць Менску, які арыентаваны толькі на ўсход. Маўляў чалавек едзе з Масквы, шаша незаўважна ператвараецца ў гарадзкі праспэкт, абстаўлены дамамі ў духу сталінскага ампіру. Чалавек прамінае цэнтар гораду аж да плошчы Незалежнасьці і тут упіраецца ў тупік. Просты як струна шлях далей, на захад, распадаецца на мноства скрывуленых вулак, паваротаў і разгалінаваньняў. Каб не ўнікаць у гэтыя хітраспляценьні, нашаму падарожніку прасьцей зрабіць кола на плошчы Незалежнасьці і рушыць у адваротным накірунку - на Маскву. Гэткая тут выходзіць ці то пятля, ці то пастка.

Наш сталы аўтар Зьміцер Бартосік з гэтым пагадзіўся, але прапанаваў сваю вэрсію. У процівагу сталінскаму праспэкту ў Менску ёсьць вуліца Няміга, якая гэтаксама проста выводзіць на захад, а на ўсходнім кірунку ўпіраецца ў шматлікія разьезды. Калі гэта сапраўды так, дык, улічваючы ўзрост тысячагадовай Нямігі і паўвекавога сталінскага праспэкту, можна зрабіць выснову пра спрадвечную заходнюю, а ня ўсходнюю арыентацыю гораду.

Спэцыяльна для сёньняшняе "Вострае Брамы" Зьміцер Бартосік сустрэўся з рознымі людзьмі, якія маюць непасрэднае дачыненьне да лёсу старое Нямігі.

(Змьцер Бартосік: ) "Самае моцнае ўражаньне Менск зрабіў на мяне ня нейкім маляўнічым кварталам ці будынкам, а звычайнай чорна-белай фатаграфіяй у юбілейным альбоме да 900-х угодкаў гораду. Сярод знаёмых сталінскіх краявідаў з ГУМамі ды КГБ там было і некалькі здымкаў старога Менску. Я доўга разглядаў адзін зь іх, намагаючыся прыпомніць адлюстраваную мясьціну. Зьняты з вышыні фрагмэнт гарадзкой забудовы нагадваў хутчэй старую Вільню. Крывізною вулак, перапляценьнем прахадных двароў, і душэўнай прыземленасьцю дамкоў. Але я дарэмна напружваў сваю памяць. Гэта была зьнесеная на пачатку сямідзясятых вуліца Няміга.

Пасьля таго завочнага знаёмства я проста захварэў на тую, незнаёмую мне Нямігу. Я зайздросьціў тым, хто калісьці хадзіў па яе тратуарах, хто некалі нешта набыў у яе крамках, ці, як Адам Глёбус, шпурляў камяні ў яе ўжо нежывыя вокны 72-га году. Увесь сталінска-машэраўскі Менск не дараўноўваў Нямізе. Я гадзінамі прастойваў на мосьце каля Дому мадэляў і мадэляваў, якая б гэта вуліца магла быць сёньня. Каб пазбавіцца сваёй настальгіі, я пайшоў да старога менскага інтэлігента, паэта Валянціна Тараса".

(Валянцiн Тарас: ) "Гэта быў адзiн з самых страшэнных раёнаў, у асноўным камянiцы. Вельмi такiя простыя, звыклыя, без анiякiх выгодаў. Без архiтэктурных упрыгожваньняў. Былi напоўдраўляныя дамкi - першы паверх цагляны, другi паверх драўляны, невялiчкiя балькончыкi. Гэта быў вельмi брудны й вельмi скучаны раён. Там у асноўным жыла габрэйская бедната. Ну й ня толькi бедната. Там жылi й рамесьнiкi габрэйскiя, i ювэлiры, i тыя, якiя гадзiньнiкi рамантавалi, i шаўцы, i краўцы, i цырульнiкi. Канечне там былi ўкрапленьнi й беларускага насельнiцтва, але не ў вялiкай колькасьцi. Дарэчы, на Нямiзе нарадзiўся й жыў паэт Сяргей Сьцяпанавiч Дзяргай. Дык ён мне вельмi многа расказваў, якая гэта была бядота, што iх акружала. Кажа, што прыходзiла суседка пазычыць на Пасху палову яйка. Гэта значыць бялок. "Таму, што я не магу ў цябе ўсё яйка ўзяць. Як я аддам. Дык яна толькi бялочак вылiвала, пазычала. Купляла запалкi адна сям'я, дык яны дзялiлi адну запалку ножычкам альбо лязом на дзьве палавiны. I гэта ня выдумкi. Гэта дробязi, якiя паказваюць ступень галечы гэтых людзей. Людзi якiя сапраўды елi адны селядцы з поснай бульбай. Толькi на вялiкае сьвята гаспадыня пазычала бялок ад яйка.

У час вайны там склаўся такi асяродак, дзе зьявiлiся розныя прыватныя прадпрыемствы. Ну, канечне, габрэi ўсе пайшлi ў гета. Дарэчы да габрэйства. Шмат прыватных рамесьнiкаў Нямiгi загрымела ў трыццаць сёмым годзе. Iх маёмасьць была канфiскаваная, i яны ўсе зь сем'ямi былi высланыя. У асноўным ва Ўзбекскую, чамусьцi, ССР. На бераг Аральскага мора. Але вось гэтая нямiская традыцыя захавалася нiбы ў паветры. I вось у час вайны там аднавiлiся розныя прыватныя майстэрнi. Нават iснавала некалькi кафэшак невялiчкiх.

Я не скажу, што гэта была прыгожая мясьцiна горада. Але яна была вельмi сваеасаблiвая. Яна была надзвычай калярытная перш за ўсё сваiм чалавечым асяродкам. Там жыцьцё лiтаральна вiравала. I вось калi пасьля вайны пайшла страшэнная нiвелiроўка ўсяго нашага, усяго самаснага. А яна пачалася са страшэннай сiлай менавiта пасьля вайны, калi панаехалi... Разбураны горад, разбураныя вёскi, усё паспалена. Загiнуў сапраўды кожны чацьверты, калi ня кожны трэцi. I панаехалi з Расеi спэцыялiсты самых розных накiрункаў i прафесiй. Iнжынеры, будаўнiкi, настаўнiкi й шматлюднае чыноўнiцтва. I пачалася нiвелiроўка горада. Мiнск адбудоўваўся адразу па клясычнаму iмперскаму сталiнскаму тыпу. Цяжкавагавыя гэтыя будынiны. КГБ - адзiн з першых будынкаў, якiя былi пабудаваныя.

Але вось калi зьнiкла Нямiга, зьнiкла i вельмi цiкавая, нейкая шчымлiвая такая нота. З жыцьця горада. Зь яго адметнасьцi. Хоць ён нiколi вялiкай прыгажосьцю не адрозьнiваўся. Але ўсё ж такi былi нейкiя акцэнты... менавiта нашы. Старога беларускага горада. Дзе, на жаль, па аб'ектыўных прычынах было мала беларусаў. Было больш габрэеў, палякаў, расейцаў. I ў той жа час гэта ўсё ж быў беларускi горад. I вёска беларуская, i мястэчка прыўносiлi сюды калярыт такой правiнцыяльнасьцi, крыху вясковасьцi. Але ў гэтым i была мiласьць. Вось гэтай мэлёдыi. Прыемнасьць гэтай гарадзкой мэлёдыi.

А потым зрабiлi спачатку бравурны сталiнскi марш. А Нямiга вельмi доўга яшчэ заставалася, i асобныя будынкi й па сёньняшнi дзень засталiся. I я думаю, што было б правiльна ў свой час калi б яны захавалi Нямiгу. Усё ж такi гэта былi мураваныя будынкi, прычым там была вельмi трывалая такая будоўля. Ня вельмi прыгожая, не выкшталтаная, а такая звычайная. Але гэта было вельмi трывала. Там можна было парабiць добрыя кватэры, зрабiць там выгоды, падвесьцi ўсё што трэба. I сёньня ў атачэньнi гэтай новай i найноўшай архiтэктуры Няміга была б разынкаю".

(З.Бартосік: ) "Я слухаў старога менчука й ніяк ня мог зразумець - чаму Няміга не была апетая ў вершах? Я гартаў у бібліятэках беларускія кніжкі канца шасьцідзясятых у надзеі пачуць голас калі не пратэсту, дык шкадаваньня. Але ніякай трывогі. Супакойваў Панчанка: "Ты стаў ізноў відушчым, горад мой і нам ня сорам Мінскам пахваліцца Ды хочацца часамі нахіліцца Над скруткам старажытнасьці сівой. А з даўніны нічога не чуваць - Вайна спаліла помнікі і кнігі і берагоў няма на берагах Нямігі і Мінск стары ўжо нельга і пазнаць". Філязофстваваў ураджэнец Нямігі Дзяргай: "Праходжу вуліцамі, плошчамі: Мой родны Мінск... Здароў жывеш! Праводзіць шыны сьлед навошчаны Да раньняга дзяцінства меж. Іду на замчышча Нямігаю: Гляджу сюды, гляджу туды. У кожны кут знаёмы нігаю, Бубню сабе: "гады, гады..." Асабліва аптымістычна гучаў адзін абзац з кніжкі "Горад і годы", таксама прысьвечанай юбілею 67-га. Артыкул распавядаў пра пляны будучых стратаў:

"Вялiкае значэньне для разгрузкi руху ў цэнтры гораду мае арганiзацыя пасажырскага руху па лiнii, якая дублiруе Ленiнскi праспэкт. Такiм напрамкам з захаду, згодна з генэральным плянам зьяўляецца ланцуг магiстраляў у складзе вулiц Горкага, Нямiгi, Мясьнiкова, Люксэмбург, Савецкiх пагранiчнiкаў. Каб выкарыстаць гэтую лiнiю, неабходна пабудаваць мост цераз Сьвiслач (ён ужо будуецца), пашырыць вулiцу Нямiгу i пракласьцi пуцеправод па вулiцы Люксэмбург. Канкрэтныя тэрмiны ажыцьцяўленьня ўсяго гэтага будуць залежаць ад рэальных эканамiчных магчымасьцяў".


Адзіным творам, прысьвечаным лёсу вуліцы выглядаў артыкул у газэце "Правда" за 69-ты год Зянона Пазьняка й Лявона Баразны:

"Мiнск - горад з прамымi, шырокiмi вулiцамi, з сучаснымi шматпавярховымi дамамi, зусiм яшчэ юнымi паркамi й сквэрамi. Увесь ён так i сьвецiцца маладосьцю, хоць за плячыма ў яго ўжо дзевяць стагодзьдзяў i вялiкая слаўная гiсторыя. Каб хоць крышку пазнаёмiцца зь ёю, трэба спусьцiцца па Камсамольскай вулiцы ўнiз...

Тут цiхiя старыя вулiцы, нязвыкла вузкiя й нават крыху цесныя. Асфальту няма. Замест яго - шлiфаваны камень альбо проста брук. Тратуары аздобленыя плiткаю. Увечары спакойна гараць каваныя лiхтары ды мiгцiць сьветлавая рэкляма, запрашаючы зайсьцi ва ўтульныя кавярнi з самабытнымi й арыгiнальнымi iнтэр'ерамi. Адчыненыя дзьверы стылiзаваных у нацыянальным стылi крамаў, дзе прадаюцца сувэнiры, вырабы народных майстроў з жалеза, дрэва, скуры, непаўторныя й чыста "менскiя". Побач - букiнiстычная кнiгарня, музэй-майстэрня старажытнага рамяства, турыстычнае бюро, клюб фотааматараў.

Ступаць па гэтай вулiцы хочацца асьцярожна й чутка, - пад ёю ў трубах цячэ знакамiтая Нямiга, тая самая, што згадваецца ў бесьсмяротным "Слове аб палку Iгаравым".

Але ўсё гэта можа аказацца нязбытным. Стануць на месцы старых, з чырвонай цэглы дамкоў высокiя прыгажуны са шкла й бэтону, i можа быць, з часам нават вулiцу пераймянуюць - назавуць Нямiгу Сонечнай цi Паднябеснай... Прынамсi пакуль што архiтэктары зь нерадзiвасьцю канцылярыстаў закрэсьлiлi нашую фантазiю, якай мы толькi што падзялiлiся".

Уяўляю, якія паблажлівыя ўсьмешкі гэты артыкул мог выклікаць тады ў будаўнікоў сталіцы, якія плянавалі ўзьвесьці беларускае Чэлсі, "толькі лепш". Архітэктар Мусінскі так пра гэта й пісаў у часопісе "Строітельство і Архітектура Белоруссіі". Праўда, на вялікі жаль архітэктара, ягонаму праекту ня суджана было ажыцьцявіцца цалкам. "Чэлсі", толькі горш, паўстаў на заходнім баку вуліцы. А зь першымі павевамі дэмакратыі зьявілася і пытаньне пра далейшы лёс усходняга боку. На якім, згодна праекту Мусінскага, мусілі стаяць хмарачосы. Архітэктар няспраўджанага праекту дзяліўся сваімі думкамі:

"Я не гісторык архітэктуры. Але нават ня будучы ім, магу зь вядомай ступеньню аб'ектыўнасьці меркаваць пра каштоўнасьці падманныя і сапраўдныя. Па-мойму, кожнаму непрадузятаму чалавеку ясна, што ўзводзіць у ранг гістарычных помнікаў старыя сараі, адна- і двухпавярховыя дамы, разьмешчаныя паміж вуліцамі Няміга і Рэвалюцыйнай, проста несур'ёзна. Цяжка нават уявіць, як могуць гэтыя разваліны, у прамым і ўскосным сэнсе, гарманізаваць з сучасным комплексам заходняга боку".

Мы часта спрачаемся наконт права Менску на сталічны статус. Самым моцным аргумэнтам на гэтае права, мне думаецца, ёсьць якраз Няміга. Апетая стагодзьдзі таму назад рэчка, пасьля вуліца, што вырасла ўздоўж яе берагоў, пасьля дамы, што паўтаралі зьвілістую плынь тае рэчкі, а сёньня - тое, што маем і тое, пра што марыцца. Няміга на працягу сваёй гісторыі няўхільна адлюстроўвае ўяўленьні менчукоў аб прыгажосьці, аб тым, як павінна быць. Сёньня яна вось такая. Якою ёй быць заўтра?

Нядаўна прайшоў конкурс на пабудову шматузроўневай аўтастаянкі на ўсходнім баку насупраць Петрапаўлаўскага сабору. Але мяне гэта ня страшыць. За сваю гісторыю вуліца ня раз перабудоўвалася, і вельмі цяжка ўявіць, як праз сто ці пяцьдзясят гадоў менчукі паўстануць на абарону выдатнага помніка архітэктуры ХХ стагодзьдзя "Гандлёвы Дом на Нямізе" перад чарговай рэканструкцыяй. Калі ў горадзе зьявяцца менчукі, вуліца вернецца ў свае берагі. І слова "Няміга" ня будзе тады асацыявацца толькі з трагедыямі й стратамі".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік мяркуе, што ў будучыні на Нямізе больш не павінна быць трагедыяў і стратаў. Цяжка з гэтым не пагадзіцца, як і з тым, што Няміга - гэта вітрына менчукоў, іхных уяўленьняў пра гарадзкі ўтулак і прыгажосьць. Але вось тут і падымаецца ў душы хваля пратэсту. Хіба гэта мы? І хіба мы такія? У бэтонных прыцемках гандлёвага дому ці на прыступках мэтро мы выяўляемся навонкі, на людзі то бязладным домам Мусінскага, то шматпавярховай стаянкай аўто. Тут ужо нішто не нагадвае пра заходнюю арыентацыю. Яшчэ адзін ускосны доказ - новы рускамоўны літаратурны часопіс "Немига", душа якога блукае ў маскоўскіх літарацкіх тусоўках. А яшчэ - недабразычлівая штурханіна аўтобуснае перавалкі. Тут даўно няма цэльнага вобразу. Колькі трэба мазахістычнага жаданьня, каб прызнаць цяперашнюю Нямігу вітрынаю Менску. Цяжка нават уявіць сабе тых менчукоў - Дарыянаў Грэяў, калі ў іх такі "партрэт". Ці можа трэба ўспрымаць гэта як дрэнны прыклад, што вучыць нас, якімі ня варта быць?

Крывавыя берагі і бяссонныя ночы... Неяк занадта мала тых сувэнірных крамак ды кавярняў, пра якія марылі калісьці Баразна і Пазьняк, каб перакрыць або зьнівэляваць такое фатальнае наканаваньне. Адно можна сказаць з дакладнасьцю. Менавіта Няміга стане першай залатанай чорнай дзірой на целе адроджанае Беларусі. Калі, натуральна, зьявяцца на сьвет ня ўчорашнія мігранты, а новыя сапраўдныя менчукі. КАЛІ гэта адбудзецца, мы ўбачым адразу, ужо зь першага каменя, што будзе пакладзены не ў бязлад, а дзеля самай пачатковай гарманізацыі Нямігі. Гэта будзе азначаць, што ў горадзе і ў краіне зьявіліся гаспадары. Сачыце за зьменамі на Нямізе.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.