|
|
19 Сакавіка 2000
|
"Дзень Волі". |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
10 гадоў таму на 25-га сакавіка ў Беларусі зьявілася газэта, назва якой урэшце стала назваю сьвята - Дзень Волі, а само выданьне - фактычна першым нумарам газэты "Свабода". За гэты час шмат чаго зьмянілася ў нас і вакол нас, але старонкі таго "Дня Волі" не пажоўклі - ці то папера папалася адмысловая, ці то зьмест таго сьвяточнага нумару яшчэ рана сьпісваць у архіў. Тры ўстаўныя граматы БНР, гістарычныя экскурсы Анатоля Сідарэвіча і Генадзя Сагановіча, эсэ Ўладзімера Арлова "Незалежнасьць - гэта...", якое пасьля шматкроць на розных мовах будуць перадрукоўваць іншыя выданьні ў розных краінах. Усё гэта чытаецца, нібы напісанае сёньня. Але такая выснова ня столькі цешыць стваральнікаў, колькі засмучае. Бо гэта значыць, што наш клопат за гэтыя дзесяць гадоў не пераадолены і тыя самыя думкі і мары хвалююць сэрца - ці будзе яна, наша Беларусь, ці збудзецца.
Вось жа гісторыі таго "Дня Волі", папярэдніх і наступных часоў будзе прысьвечаны сёньняшні выпуск "Вострае Брамы".
Але пачнем мы не з гістарычнага экскурсу, а якраз з агляду сёньняшніх падзеяў - таго, што адбываецца ў беларускай мове. Сяргей Шупа ўважліва сочыць за мовазнаўчымі і моватворчымі працэсамі. Я папрасіў яго акрэсьліць асноўныя тэндэнцыі.
(Сяргей Шупа: ) "Распачатая ў "Вострай Браме" і на старонках "Нашай Нівы" дыскусійная акцыя «Мова-2000» набірае хаду - водгукі звычайнай і электроннай поштай мы атрымваем літаральна штодня. Што важна - не было яшчэ ніводнага допісу, дзе ідэя моўнага абнаўленьня была б рашуча адпрэчаная як недарэчная і непатрэбная. Паспрабуем выявіць паасобныя элемэнты новага беларускага лінгвістычнага дыскурсу.
Не сьціхаюць спрэчкі прыхільнікаў наркомаўкі і тарашкевіцы. Нядаўна новая хваля аргумэнтаў і контараргумэнтаў выплеснулася на старонкі гасьцявой кнігі інтэрнэтных «Дранікаў». Прычым дыскусія, як сталася звычайным, аднабаковая - наркомаўцы нападаюць на тарашкеўцаў. Тарашкеўцы, як заўсёды, радыя за тых, хто шчыра трымаецца хоць нечага беларускага, хоць бы і ў наркомаўскай форме. Да згоды далёка. Зноў жа заўважаецца, што кола артадаксальных наркомаўцаў даволі вузкае — прафэсійныя постсавецкія карыстальнікі мовы: некаторыя настаўнікі, рэдактары, пісьменьнікі.
Зноў жа ў Інтэрнэце, але ўжо ў іншым месцы - у г. зв. сьпісе рассылкі, ці то электронна-паштовым клюбе «Беларусь», абмяркоўваецца яшчэ адно доўга вырашанае, але дагэтуль ня вырашанае пытаньне - як падаваць беларускія ўласныя імёны ў іншых мовах. У афіцыйнай Беларусі пэўнай нормы няма, хоць і існуюць спэцыяльныя інструкцыі, прыкладам, для пашпартных службаў. У шырокім сьвеце пішуць усе як хто хоча. У некаторых амэрыканскіх установах, як прыкладам, на Радыё Свабода, ужываецца практычны варыянт англамоўнай транскрыпцыі, распрацаваны Янам Максімюком — г. зв. Максоўка (па-ангельску Maxese). Аднак для іншых моваў яна не надаецца — трэба было б ствараць нешта падобнае для кожнай паасобку. Альтэрнатываю было б ужываць беларускую лацінку. Аднак апанэнты ўважаюць, што яна занадта абцяжараная рознымі птушкамі й дужкамі, што робіць яе малапрыдатнай для моваў, дзе дыякрытыкі не ўжываюцца, а таксама - дзеля тых самых прычынаў - у Інтэрнэце.
Што да рэалізацыі самога праекту «Мова-2000», дык тут таксама назіраюцца розныя падыходы. Адныя кажуць, і даволі слушна, што перш чым вынаходзіць новае, трэба як сьлед актывізаваць наяўнае, іншымі словамі як мага павысіць культуру мовы. Іншыя кідаюцца прапаноўваць словы, якія ўжо й так ёсьць - трэба толькі часьцей зазіраць у слоўнікі, нават і ў самыя афіцыйныя. А ёсьць яшчэ й гэткія, хто прапануе пазамяняць і нармальныя беларускія словы - фактычна стварыць іншую мову, якую варта было б і пераназваць у нешта іншае.
А ў беларускім друку адбываецца і яшчэ адна дыскусія - «унутрынаркамаўская», у якасьці рэакцыі на афіцыйны праект рэформы правапісу, запрапанаваны Інстытутам Мовазнаўства. Неакадэмічныя мовазнаўцы рэзка крытыкуюць праект, які падрыхтаваны вельмі неахайна і ніякіх праблем правапісу не вырашае.
Урэшце у стане прыхільнікаў тарашкевіцы чакаецца новы прарыў - пад лета мае быць падрыхтаваны нарматыўны слоўнік клясычнага правапісу, у якім будуць улічаныя ўсе напрацоўкі карыстальнікаў тарашкевіцы апошніх дзесяцігодзьдзяў. Гэта нарэшце дасьць магчымасьць кожнаму ахвочаму пісаць тарашкевіцай не баючыся ні памылак, ні разнабою".
(С.Дубавец: ) “Сяргей Шупа зрабіў агляд тых тэндэнцыяў, што заўважныя цяпер у полі бытнаваньня беларускае мовы.
Трэба сказаць, што рэдакцыя "Нашай Нівы" сапраўды штодзённа атрымлівае некалькі лістоў з прапановамі замены тых ці іншых чужародных словаў сваімі, беларускімі. І тыя працэсы, пра якія казаў Шупа, набываюць выгляд адкрытае канкурэнцыі, часам амаль што змаганьня. Усё адбываецца нібыта ціха, але насамрэч жарсьці тут кіпяць ніяк ня меншыя, чым у палітыцы. Больш за тое, моўныя працэсы шмат чым нагадваюць працэсы палітычныя з арганізацыяй шырокага дыялёгу і патрабаваньнем перамоваў. Варта ўлічваць і тое, што моўная сфэра больш глыбокая і падзеі ў ёй не забываюцца праз пару-тройку гадоў, а пакідаюць глыбокі сьлед.
Зь іншага боку, у моўнай сфэры за гэтыя дзесяць гадоў зьмянілася шмат болей, чым у грамадзкай. Дастаткова згадаць, што клясычны правапіс перастаў быць табу і на абарону яго выступаюць самыя што ні ёсьць сапраўдныя акадэмікі. А зусім ужо неўзабаве тарашкевіца атрымае поўнае мовазнаўчае абгрунтаваньне і зь нечага паўпадпольнага ды паўзабароненага ператворыцца ў роўнага канкурэнта наркамаўкі. Асабіста ў мяне няма ніякага сумневу, што пры роўных магчымасьцях яна, у адрозьненьне ад савецкага правапісу, стане папулярнай і зробіць папулярнай самую беларушчыну.
Цяпер зьвернемся да 10-е гадавіны "Дня Волі" ў яго газэтным варыянце.
Аднойчы я ўжо распавядаў пра тое, што ідэя аднаўленьня першай беларускай газэты "Наша Ніва" выношвалася некалькі гадоў. І пакуль калектыў аднаўляльнікаў не пачуваўся здольным зрабіць гэты акт на поўную моц, з адказнасьцю перад культавай назвай, было вырашана аднавіць падпольную папярэдніцу "Нашай Нівы" - праект, які быў задуманы, але не рэалізаваны ў самым пачатку ХХ ст. - газэту "Свабода". Мы даволі добра вывучылі сытуацыю той "Свабоды", якую браты Іваноўскія выдалі на хутары Лябёдка каля Ліды. (Праўда, увесь наклад зараз жа сканфіскавала паліцыя.) Сяргей Астраўцоў нават напісаў пра гэта сваю дыплёмную журналісцкую працу. Па матывах дыплёму ў ЛіМе быў надрукаваны артыкул, які аўтар назваў "Кароткі век Свабоды", а рэдактары абачліва паправілі - "Кароткі век выданьня". Дык вось, і Свабоду мы вырашылі распачаць своеасаблівым нулявым, спробным нумарам. Набліжаўся дзень 25 сакавіка, у Менску меўся быць вялікі мітынг. Так і зьявілася ідэя "Дня Волі" - гэткага агітацыйна-асьветнага ці то буклета ці то часопіса, дзе сабранае ўсё самае неабходнае, што кожны беларус мусіць ведаць пра БНР і дзень 25 сакавіка. Аўтарскія тэксты і крыху актуаліяў надавалі выданьню падабенства да газэты.
Не бяда, што фармат быў замалы - як стандартны аркуш паперы. Тады бадай уся незалежная прэса выходзіла гэтак. Дарэчы, пачынаючы з часоў прэс-цэнтру першага зьезду Беларускага Народнага Фронту амаль усе ўдзельнікі новага праекту дзейнічалі ў рамках гэтае арганізацыі. Пісалі і выдавалі ўлёткі, першыя пэрыёдыкі, урэшце - Навіны БНФ. Выданьне Дня Волі супала з пачаткам адыходу інтэлігенцыі ад Фронту. Новая партыйнасьць выглядала часам навязьліва, і прагныя свабоды мастакі ды літаратары дыстанцыяваліся ад БНФ. У газэтнай справе тая навязьлівасьць выглядала і зусім гіпэртрафавана. Да таго ж мы трымаліся думкі, што Фронту не патрэбная буйная партыйная газэта, а патрэбныя газэты ўплыву, рэдакцыі якіх стаяць на тых самых пазыцыях, што і Фронт. Такім чынам "Дзень Волі", а сьледам за ім "Свабода", адразу сталі канкурэнтамі "Навінаў БНФ". Навіны неўзабаве зьніклі ці то з-за ўнутраных фронтаўскіх разборак, ці то з-за аб'ектыўнае немагчымасьці партыйнай газэце разьвівацца ў папулярнае выданьне. Свабода ж наадварот - набірала абароты. Пакуль не пачала губляць уласныя прынцыпы.
Выглядае, што інтэлігенцыі, якая пакінула Фронт, не хапіла якраз партыйнасьці, самастойнасьці - цьвёрдасьці гэтых самых прынцыпаў. Спачатку ў Свабодзе зьявілася расейская мова, потым беларуская з клясычнага правапісу была пераведзеная на наркамаўку і пайшло-паехала. Калі Свабоду закрылі, у рэдакцыі ўжо не было ўнутранага поклічу праігнараваць рэпрэсіі ўладаў і выходзіць падпольна. Словам, той покліч, зь якім выдаваўся "Дзень Волі", быў страчаны.
Аднак, вернемся ў той час, на дзесяць гадоў назад і паспрабуем адчуць атмасфэру таго часу. Мастак Сяргей Харэўскі прыгадвае, як ён афармляў "Дзень Волі".
(С.Харэўскі: ) "Усе гарады маюць свае водары, што ўласьцівыя толькі ім. Вільня, напрыклад, пахне тарфяным дымам з комінаў у адлігі й хвояй у цёплыя летнія ночы. У Мсьціславе вас спаткае густы пах хлеба, які ў любы час разьліваецца над горадам ад тутэйшых пякарняў. Адзін мой прыяцель з Рыгі недзе напрыканцы 80-х заўважыў, што ў Менску пахне ліпаю. У тыя гады ліпаю у гарадзкім жаргоне называлі й падробку. Выйшаў дасьціпны латыскі жарт. А й сапраўды ўсе летнія месяцы над Менскам лунае ліпавы водар. Калі вы не заўважаеце пах гораду, знычыць, вы жывяце ў ім...
Напачатку сакавіка 90-га году ў Менску патыхала адлігаю. Кіслотны смог ад заводзкіх ліцеек перамешваўся з чорным дымам аўтобусаў і цэлым букетам пахаў чыгункі й трамваяў. Тады шпалы былі яшчэ драўляныя. І пах шпалавае прапіткі пасьля маразоў доўга вісеў у паветры, ажно пакуль не зьяўлялася лісьце на дрэвах. І прыватных легкавых машынаў у 90-м было ці не ўтрая меней. У Менску было цішэй.
Адным гэткім адліжным днём мы з прыяцелем, архітэктарам Уладзіславам Рутам, заседзеліся ў Ленінскай бібліятэцы. Мы перагортвалі стосы беларускіх пэрыёдыкаў 10-20-х гадоў, шукаючы ідэяў для афармленьня першае газэты "Дзень Волі". Нас лучыла тады й атмасфэра падпольшчыны, і нэафіцкая радасьць першаадкрывальнікаў, якія шукалі сябе ў беларушчыне. Бо тады знайсьці што-небудзь сапраўды "БНРаўскае" было амаль немагчыма. Нарабілі багата эскізаў. Ажно праз колькі часу Ўладзіслаў, сын эмігрантаў-вяртанцаў з Аргэнтыны, рашуча заявіў мне, што ўсялякае "рэтра" не пасуе да найноўшага выданьня. "Дзень Волі" мусіць выглядаць сучасна, а не як выцягнуты з гарышча. Адзінай саступкаю гістарызму застаўся надпіс на маім малюнку: "НЕЖАЛЕЗНАЯ", напісаны нейкім гомельскім шрыфтом 20-х гадоў. А лягатып атрымаўся йстужкавы, які, на нашую задуму, на белым тле паперы мусіў асацыявацца са сьцягам.
Што да самога малюнку, які як постар быў вынесены на першую паласу, дык яго пасьля нават рэцэнзавалі ў камуністычным друку. Напрыклад, у "Политическом собеседнике":"Ананімны, але "дэмакратычна"(у двукосьсі) настроены мастак намаляваў Леніна на бранявіку пасярод балота. А мне помніцца іншая карціна. Тысячы рабочых, салдатаў і матросаў віталі правадыра рэвалюцыі на Фінскім вакзале...". (Канец цытаты.) Як кажуць, тое, што помніцца... Але сьмех ня толькі ў незвычайнай памяці рэцэнзэнта, але і ў тым, што на малюнку былі толькі... ногі " правадыра рэвалюцыі". Аднак жа пільныя камуністы адразу пазналі СВАЙГО.
А вось ананімнасьць нам, хто афармляў тую газэту, у 90-м годзе яшчэ была патрэбнаю. Я, напрыклад, не губляў надзеі паступіць у Акадэмію мастацтваў, а Ўладзіслаў толькі што знайшоў сабе добрую працу ў рэстаўрацыі. Камуністычныя арганізацыі ў кожнай установе з усёй жарсьцю змагаліся за ідэалягічную чысьціню кадраў.
Сьмяяліся мы шмат пазьней. Напрыклад, з расейскага перакладу ў нейкай латыскай газэце эсэ Арлова "Незалежнасьць - гэта...". "Независимость - это когда твоя девушка говорит, што хочет на уик-энд в вену...". Слова "вена" было напісанае з малой літары. Выглядала, замест жаданьня наведаць аўстрыяцкі пасад, дзяўчына-наркаманка хоча ўкалоцца, каб быць хоць як незалежнаю... А ў красавіку 90-га было не да сьмеху. Газэту надрукаваць у Беларусі было немагчыма. І таму давялося ехаць у Латвію, пад эстонскую мяжу, у маленькае мястэчка Валміера. Ад Менску гэта 700 з гакам кілямэтраў. Каб усё было як сьлед, паехалі ўначы. І на кожным прыстанку нас сустракалі новыя водары гарадоў. Вільня, Панявеж, Баўска, Рыга, Сігулда. Тутака ўжо ўсё поўным ходам мянялася. Тут пахла незнаёмым нам тады паветрам свабоды.
Друкарня была ў адным мястэчку, а набор адлівалі ў іншым, у Лімбажы, амаль каля мора. Там я й намаляваў "пячатку БНР", бо здалося, што разварот газэты недастаткова расквечаны. Чырвоныя пячаткі расставілі па палосах. А вось жа фарбу на тую чырвань давялося купляць у... суседняй Эстоніі. І глыбока ўначы "Дзень Волі" патрапіў у Беларусь".
(С.Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі распавёў пра абставіны выданьня ў 1990 годзе газэты "Дзень Волі" - фактычна нулявога нумару газэты "Свабода".
Гаворачы пра падзеі 10-гадовае даўніны, я думаю пра тое, як мала чаго зьмянілася ў сытуацыі беларускай нацыянальнай ідэі. Натуральна, стала шматкроць болей сьвядомых носьбітаў беларушчыны, але якасныя зьмены, відавочна, яшчэ наперадзе. Між іншым, беларусізацыя апошняга Маршу Свабоды дазваляе прагназаваць, што нас чакаюць цікавыя трансфармацыі. Але пра адну такую зьмену ўжо сёньня можна гаварыць як пра факт. За гэтыя 10 гадоў у дня 25 сакавіка зьявілася і наша гісторыя. Маю на ўвазе ня толькі штогадовыя шэсьці, але найперш адсоны да гэтага знаку як да свайго ў поўнай меры.
Так не было 20 гадоў назад, калі мы толькі дакраналіся да гэтага знаку - выразна несавецкага і моцна эмігранцкага, у большай ступені дапасоўнага да Мюнхену і Аўстраліі, чым да нас. Тады, праўда, шмат дапамагла ў зьмене такога ракурсу Ларыса Геніюш - зусім не эмігрантка, але пры тым непасрэдна датычны да Дня незалежнасьці чалавек. Для яе гэты дзень быў наскрозь сваім, родным, а мы, студэнтамі, імкнуліся адчуць гэткую каштоўнасьць і, урэшце, адчувалі. Так было 20 гадоў назад.
Калі ж я пазіраю на дзесяцігадовую гісторыю, дык ня бачу там ужо ні антысавецкага адценьня, ані эмігранцкага. Затое, гэтае сьвята стала належаць гісторыі - таму 18-му году, калі яно і нарадзілася. Гэта былі часы знаёмства з матэрыяламі, з кнігамі. Умоўна, дата стала ў шэраг гістарычных датаў поруч з Грунвальдам або бітвай пад Мілавідамі. Пры ўсім разуменьні важнасьці падзеі, яна ўсё ж не набыла для нас пакуль і сымбалічнага значэньня. І вось - дзесяць гадоў пісаньня, маляваньня і маніфэстацыяў зрабілі сваю справу. 25 сакавіка набыло сваю нашу гісторыю і ўжо безь ніякіх агаворак успрымаецца як галоўнае нацыянальнае сьвята беларусаў на Бацькаўшчыне. Сьвята, якое ня можна ані перанесьці, ані адняміць, ані тым больш забараніць. Бо яно ўжо і ў нашай крыві”.
|
|
|
|
|
|
|