news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



23 Красавіка 2000
 
Мова - 2000. Агляд пошты.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Ёсьць вялікая розьніца паміж маторнай фізіялягічнай рэакцыяй на ўсё чужароднае і ўслухоўваньнем ва ўласную генэтычную сутнасьць. Гэтую розьніцу трэба мець на ўвазе, калі чуеш ацэнкі моваў і асобных словаў: гэтая мова грубая, а гэтае слова брыдкое, яно мне не падабаецца... Калі ж прыслухоўваесься да ўласнае душы, заўсёды шукаеш аргумэнтаў - чаму тое падабаецца ці не падабаецца, чаму тая або іншая зьява ўспрымаецца табою як чужая. У гэтым выпадку чужое ставіцца на службу нашаму самапазнаньню. Вячка Васілёнак зь Менску піша нам: "У афіцыйных выданьнях даводзіцца сустракацца і з "чугуначным вакзалам" і з "сахарным дыябэтам" і з "апрэлем" (гэта такі месяц году), ад чаго ўжо зусім цагне на ваніты".

Моўную тэму "Вострае Брамы", якая прагучала ў этэры тры месяцы таму, мы працягнем сёньня - аглядам чытацкіх водгукаў, што прыйшлі на адрас рэдакцыі "Нашай Нівы".

Сапраўды, калі на Менскім чыгуначным вакзале чуеш аб'яву дыспэчаркі "Скоры поезд нумар два адправіцца з трэцяга пуці", адчуваеш прыліў усялякай адмоўнасьці ў душы. Здаецца, хай бы лепей толькі па-расейску, абы не крыўлялі мову. У такіх выпадках мы мусім пратэставаць рознымі спосабамі ці падказваць, раіць, калі, натуральна, нехта захоча нас пачуць. Аднак такая рэакцыя ніяк не надаецца ў моватворчасьці, у калектыўнай працы над нашым сучасным слоўнікам. Тут вельмі важныя матывацыі - як эмацыйныя, скажам так, паэтычныя, так і аргумэнты досьведу - лягічныя. Згаданы ўжо спадар Вячка Васілёнак свой ліст прысьвяціў ня новым словам, а тым, якіх, на ягоную думку, у мове не павінна быць:

"Калі гаварыць аб словах, якія "не падабаюцца" (у двукосьсях) у сучаснай беларускай мове, дык асабіста мне "не падабаюцца" гэткія словы і словазлучэньні, як "узрыўное прыстасаваньне", "пятнаццаць кускоў", "футляр", "астравы", "трусьліва" (без аніякага дачыненьня да труса як жывёлы) і г.д. Усё гэта ды шмат падобнага можна яшчэ вычытаць у газэтах, якія называюць сябе беларускамоўнымі і незалежнымі".

Дазволю сабе зрабіць дапушчэньне, што спадар Васілёнак толькі дападае цяпер да беларушчыны, што ў розны час зрабіў кожны цяперашні беларускамоўны чалавек. Напачатку, калі ты яшчэ ня стаў гаспадаром моўнае стыхіі і моўнага духу, але імкнесься да гэтага, ты раўніва бароніш сваё ад чужога, і тваё пачуцьцё настолькі моцнае, што можаш іншы раз у прыватнасьцях сваё з чужым і пераблытаць. Гэта я ў абарону "астравоў", якія не падабаюцца Вячку Васілёнку. Моўны пурызм - вельмі карысная ў нашай сытуацыі штука, але праводзіцца ён мусіць для сябе, а не для іншых і, тым больш, не для мовы. Прычым рабіць гэта трэба вельмі асьцярожна, каб, крый Божа, нічога ня страціць. Інакш пурызм ператвараецца ў "зачыстку", якая прыводзіць да спрашчэньня і прымітыву.

Што да слова "астравы", дык яно рэжа слых толькі на тле расейскае моўнае стыхіі. Гэтаксама, скажам, як "два білеты", якія часьцяком выклікаюць пагардлівую грымасу касіркі ў кінатэатры або на вакзале. Калі ж нашыя "астравы" адпісаць на карысьць расейскае мовы, дык іхная альтэрнатыва - "выспы" - зь яшчэ большай лёгкасьцю адпісваюцца на карысьць мовы польскай. Вось чаму свае моўныя зьявы трэба разглядаць у кантэксьце сваёй мовы - яе гармоніі, а не на тле іншых моваў. Мова мусіць быць суб'ектнай, гэтаксама як гісторыя і краіна. У жывым гаварэньні наша гармонія ствараецца вымаўленьнем. Паслухайце аўтэнтычную беларускую гаворку і ані русізмы, ані палянізмы ў ёй вас не зьбянтэжаць. У пісьмовым варыяньце такая гармонія ствараецца правапісам. Менавіта для гэтага столькі дзідаў апошнім часам зламанае ў абарону тарашкевіцы, таму што наркамаўка не перадае моўнае стыхіі і душы, не стварае на пісьме асобнае моўнае тэрыторыі, яна не суб'ектная. Гэта як паўсувэрэнітэт БССР у палітыцы. Калі ж браць клясычны правапіс, дык ён выразна акрэсьлівае незалежнасьць беларускае мовы - што ад расейскай, што ад польскай. Тарашкевіца, у адрозьненьне ад наркамаўкі, не баіцца русізмаў ці палянізмаў, бо не яны ў гэтым выпадку яе разбураюць, а яна іх праглынае. У яе адзін крытэры - унутраная моўная гармонія.

Вось чаму ня можна прыняць закідаў спадара Зьмітруся Баброўца, калі ён іранічна пытаецца: як будзе "ізумруд" па-беларуску? Калі мова кантралюецца ўласнай гармоніяй, тады, як кажуць, хоць гаршчком назаві, хоць смарагдам. А вось "ізумруд", канкрэтны ізумруд, - слова ў беларускай культуры канца ХХ ст. вельмі важнае, і паходзіць яно зь вядомага верша Ўладзімера Караткевіча, які многія газэты друкавалі на першых палосах і які называецца "Багдановічу":

Сьцюжны час, бязьмежна-суровы.
Сьпіць народ, нібы зерне ў ральлі.
Ты прыйшоў
І гарачым словам
Рунь узьняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
"Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсьць і ў вас, як у іншых, сьвятыня.
Не давайце сьвятыні псам!
Не давайце зь яе глуміцца,
Бо прасьпіць яна ясну зару,
Бо сьвяты ізумруд заімгліцца
У пярсьцёнку тваім, Беларусь".

Ужываньне клясычнага беларускага правапісу і клясычнага вымаўленьня дазваляе нам не займацца адловам блых, хто ў каго болей памылак знойдзе (у што за савецкім часам была татальна ператвораная такая дысцыпліна як Культура Мовы), а ўвесь час ствараць і ўвесь час адукоўвацца, ляпіць сваю моўную гармонію, якая адчувае ня меншы наступ і ня меншыя дэфармацыі, чымся ўся беларуская культура і беларуская незалежнасьць. І тут нас чакае мноства цікавых адкрыцьцяў. Вось толькі адно зь іх. Правіла, якое, здаецца, не ўжываецца ў самых нацыянальна сьведамых колах. Прынамсі, масава, не ўжываецца.

Напрыклад, я загуду, а вы што зробіце? Не загудзіце, а загудзяце. Я састрыгу, вы - састрыжаце. Я нясу, вы несяце. Я завалаку, вы завалачаце, распастраце, абамраце... І г.д.

У адной гэтай форме — важны вузел моўнага генатыпу. Гэта, дарэчы, добра разумелі аўтары наркамаўскай рэформы 1933 году, якія адмянілі клясычныя народныя формы: (вы) несяцЁ або несяцЕ (ужываліся абедзьве) і нясЕце (загадны лад), замяніўшы іх амаль ідэнтычнымі да расейскіх (вы) нясЕце і нясІце (у загадным ладзе). У 1956 годзе стараньнямі Якуба Коласа несяцЕ і берацЕ былі вернутыя. І гэтыя формы значна больш надаюць нашай мове адметнасьці, чым усе выспы ды амбасады, а тым часам у штодзённым ужытку сёньняшніх беларускамоўных людзей яны амаль ня чуюцца. Можна сабе ўявіць, што пасьлядоўнае ўжываньне гэтых формаў падкарэктуе і ўсю карціну беларускае мовы ў кірунку яе гармоніі і незалежнасьці.

Дарэчы, для гэткіх карэкцыяў ёсьць і іншыя нагоды. Калі аналізаваць склад сёньняшняга слоўніка, дык можна заўважыць, што беларуская мова вельмі адпавядае сучаснаму стану сьведамасьці і тым дэфармацыям, што адбыліся з народам за апошнія 200 гадоў. Гэта мова вясковая, сельскагаспадарчая, яшчэ больш дакладна - калхозная, пралетарская, саўковая. У ёй вельмі мала урбанізмаў, затое калгасныя рэаліі яна апісвае ва ўсіх дэталях.

Вазьміце, скажам, слова лён і вытворныя ад яго ў самым караценькім школьным слоўнічку і вы атрымаеце: льнаводзтва, льнамялка, льнапункт, льнасемя, льнасеялка, льнаткацкі, льнатрыер, льноачышчальнік, льновалакно, льнозавод, льнокамбайн, льнопрадзеньне, льнопрамысловасьць, льнотрапалка, льнотраста, льночасаньне, льняны. Тое самае з бульбай, насеньнем і г.д. Ніводная ўрбаністычная рэалія ня мае такога шырокага спэктру вытворных. Але цяжка ўявіць, што сёньняшняму школьніку зь ягонымі інтарэсамі і заняткамі могуць рэгулярна спатрэблівацца тыя льнотраста і льночасаньне.

Наўпрост пацьвярджае ўсё сказанае і такі шэраг: аграбіялёгія, агразаатэхніка, агралесамэліярацыя, аграмаксымум, аграмЭтэаралёгія, аграмінімум, аграном, аграномія, аграпрамысловы, аграрнiк, аграрны, агратэхніка, агратэхнічны, агрыкультура.

Выснова - гарадзкую лексыку нам трэба згадваць з часоў Вялікага Княства Літоўскага, пазычаць у суседзяў і проста ствараць нанова.

Таксама з часоў камунізму засталіся ў слоўніку рудымэнты кшталту "аксакала", "аленявода", "наўючыць". Калі ў сьвядомасьці існавала "шырака страна мая радная" і ўсялякія экзатычныя "вярблюджыя" рэаліі ўспрымаліся беларусамі як свае. Адтульсама блытаніна з канчаткамі -а і -у ў родным склоне. Пры жаданьні тут, міма расплывістых правіл, можна заўважыць ну проста генэтычную карэкцыю, калі "сур'ёзныя", "партыйныя" словы мусяць ужывацца з канчаткам -а, як у расейскай мове, а ўсялякія фрывольнасьці - з канчаткам -у. Код-падказка - капіталізму, але камунізма. І пайшло-паехала: карнавалу, але пленума; маскараду, але чэмпіяната... Загадка тут - слова "зьезду", хоць памятаю, што за савецкім часам газэты самі адмаўляліся пісаць "партыйнага зьезду" і пісалі канчатак -а. Няёмка ім было па-іншаму.

Нарэшце, больш дробныя адкрыцьці таго, што ёсьць і ў савецкім слоўніку, але што самымі сьведамымі людзьмі ўжываецца рэдка, хоць у гэтым забыцьці бачыцца просты ўплыў русіфікацыі. Заўважу, што такіх адкрыцьцяў кожны наробіць для сябе сам, калі возьмецца гартаць слоўнік. Ну, да прыкладу, слова не-пры-я-цель. Дзе, вы думаеце, у яго націск? На першым складзе: нЕпрыяцель. Або слова "цярпець". Я цярплю, а ты што робіш? ЦяпрІш! Чаму так - шчыра кажучы, ня ведаю, але мне гэта падабаецца.

Вось жа са словаў "мне падабаецца" варта б пачынаць усе нашыя моўныя навацыі і адкрыцьці. Гэта я ў адказ на чытачоўскі ліст, які пачынаўся са словаў "мне не падабаецца" і якім я адкрыў сёньняшнюю перадачу.

Увогуле пасьля гаворкі пра наватворы і Мову-2000 мы атрымалі дзясяткі лістоў - з прапановамі.

Алесь Шэд прапануе аэрапорт і аэрадром называць лётнішчам, баскетбол - кошкаўкай ці кошыкаўкай. Відавочны ўплыў заходніх славянскіх моваў.

Галіна Рабянкова зь Менску дадае:

"Шаноўнае спадарства, дасылаю ў слоўнік словы, якія ўжо існуюць і ўжываюцца ў пэўным асяродку, але вядомыя ня ўсім: вітальня - прихожая, гасьцёўня - зал (гостинная), душнік - вентилятор, букач - графін, кніжня - библиотека, чаплік - кручок, камы - картофельное пюре, апякач - тостер, філіжанка - чайная ложка, імбрЫк - чайнік".

Гэта, дарэчы, ужо досыць пашыраная сытуацыя, калі ў розных невялікіх і адасобленых беларускамоўных асяродках нараджаюцца свае словы. І прыйшоўшы то да адных, то да другіх калегаў, можаш пачуць пра адно тоесамае то гАплік, то гаплІк, то - як цяпер - чаплік; то Імбрык, то імбрЫк, то варэльня, то варыўня, то варэнная - гэта пра кухню. Надзіва шырока стаў ужывацца гаўбец, хоць напачатку можна было сумнявацца, што ён здолее замяніць балькон. Такіх прыкладаў шмат.

Ёсьць таксама лісты, дзе нашыя аўтары дасытаюць наватворы ў чыстым выглядзе - так бы мовіць, тое, што прыдумалася. Сяргей Балахонаў, які цяпер служыць у Ваўкавыску прапануе наступныя заменьнікі: тэлевізар - далябАч, зЕрла ці зярло, глядло ці глядно; тэлефон - далягук і перамаўляч; фатаграфія - сьвятлопіс, здЫм'е; цэнтар - серадол, а центральны - серадольшы. А яшчэ спадар Балахонаў прапануе слова "чмыбнуцца" - на ўсе жыцьцёвыя аказіі.

Кастусь Травень зь Менску пачаў свае прапановы з удакладненьня раней прапанаванага слова "квіткар" замест "касір". Спадар Травень піша:

"Лепш яно падыйшло б да вызначэньня таго, хто абілечвае, прадае ці правярае білеты. Касір - гэта чалавек, які прымае і выдае грошы. Тут патрэбна іншае слова.

У сваю чаргу прапаную шаноўнаму спадарству некалькі наватвораў: плян - дзеявод (Урад падрыхтаваў дзеявод эканамічнага разьвіцьця), кнопка - гуза (ад словаў гузік і гузак; дырэктар націзнуў гузу выкліку сакратара)".

Спадар Кастусь Верабей з Амэрыкі зьвяртае ўвагу на тое, што слова "хакей" па-беларуску мусіць пачынацца зь літары і гуку "г", што найлепей адпавядала б арыгінальнаму ангельскаму слову. У расейскай мове такога гуку няма, таму там карыстаюцца гукам "х", і ўжо ў такім выглядзе гэтае слова праз расейскія сродкі масавае інфармацыі трапляе да нас.

А вось ліст Aleksa зь Менску. Ён прапануе:

"Частку слова "відэа" можна замяніць на "візія": візіякасэта, візіякамэра, візіяфон, візіяфільм.

Адразу заўважу, што "пыласос", наколькі мне вядома, заўсёды быў пыласмокам, і дома я пыласмочу, а не пыласошу".

Спадар Аlex кажа пра словы, якія ён ужывае ва ўласным побыце. Напрыклад, "стиральную машину" ён называе "пральня". Але тут бачыцца ўжо пэўны "перабор", бо ўсе існыя слоўнікі пральняю называюць расейскую "прачечную", а тую машыну, пра якую кажа сп. Alex, як мне даводзілася чуць, называюць пралкай. Слова не якое-небудзь анамальнае ці нязвыклае, каб разглядаць яго як экспэрымэнт. Лядоўня і лядоўка, пра якія піша сп. Alex наўзамен халадзільніка таксама даволі шырока ўжываецца ў беларускім побыце.

Цэлы слоўнік уласных наватвораў прапанаваў чалавек з калярытным імем Скіргайла Палянэцкі. Але такі матэрыял варты ўжо ня простага цытаваньня, а разгляду тэрміналягічнае камісіі.

Спадар Эдуард Харанека з Бабруйску лічыць, што слоўнік - не арэна для творчасьці. Увогуле нельга ставіць задачу штосьці ў слоўніку "замяняць", можна толькі "дапаўняць". Думка цалкам слушная, калі мець на ўвазе ўвесь беларускі слоўнік. Калі ж казаць пра канкрэтныя слоўнікі - спэцыялізаваныя, школьныя, кароткія, дык яны выконваюць нарматыўную функцыю, рэглямэнтуюць літаратурную лексыку, яе напісаньне. Што да наватвораў, дык яны прыходзяць у такія слоўнікі толькі пасьля таго, як сталі агульнаўжывальнымі. Напрыклад, Кандрат Крапіва прыдумаў слова "цемрашал", якое цяпер ня выкрэсьліш ні зь якага беларускага слоўніка, бо яно стала фактам мовы.

Але ўсё багацьце мовы сапраўды ня мусіць абмяжоўвацца нічым. Спадар Харанека піша:

"У школу я пайшоў у 46-м. Чытаю (у якой клясе, ня памятаю): "калгасьнік", "калгас", "чырвоныя", "нашы"; пры пераказе, праз колькі словаў я ўжо зьбіваюся з дарогі і сакачу сваё: "калхозьнікі", "красныя" (гэта пра расейцаў), яшчэ "красныя" (гэта замест "нашы"). Слова "чырвоны" ну ніяк не хацела ўкладацца ў той сэнс, які я ведаў пад другім найменьнем. Вось таму мне патрэбныя ўсе словы, якія ёсьць. Выбіраць буду заўсёды сам. Каля майго Койміна ёсьць Красная Дуброва, якую я ведаю як Чырвоная Дуброва, і ёсьць чырвоныя, якіх усе ў нас завуць і разумеюць як "красныя", а ня "нашы"... Я хачу зазірнуць у слоўнік і знайсьці сваё. Слоўнік - не арэна для творчасьці".

Так лічыць спадар Харанека з Бабруйску. На маю ж думку, слоўнік - гэта вынік творчасьці. Туды трапляе ўсё, што было рана ці позна прыдумана і ўрэшце сьцьвердзіла сваё права на жыцьцё.

Цяпер на хвалі моўнага пурызму ў беларушчыну прыходзіць вельмі шмат усялякіх навацыяў. Нібы ў адказ на дэфармацыі савецкага часу моўная стыхія імкнецца па-свойму дэфармаваць частаўжывальныя словы, якія "моцна нагадваюць" адпаведнікі ў расейскай мове. Да прыкладу, у лістах у "Нашу Ніву" чытачы амаль без выключэньня ўжываюць амбасаду замест пасольства, адрэсу замест адрасу, народзіны замест нараджэньня. У кожным нумары газэты карэктару даводзіцца выпраўляць такія словы дзясяткі разоў, бо, па вялікім рахунку, гэты працэс не назавеш канструктыўным. Палянізм "амбасада" замест беларускага "пасольства" апраўданы толькі ў тым выпадку, калі "пасольства" ўжываць у ягоным спрадвечным сэнсе - замест "дэлегацыі" ці "дэпутацыі". Скажам, пасол сойму, а не дэпутат сойму. Слова адрэса - чысты ўкраінізм. Слова народзіны замест нараджэньня - больш простае і менш "расейскае".

Перабіраючы чарговы раз чытацкія лісты, мы разумеем, што супрацьстаім даволі моцнай хвалі, якая зусім падсьведама, стыхійна хоча сьцьвердзіць іншыя нормы. Магчыма, гэта той выпадак, калі супрацьстаяць няма сэнсу. У беларускім слоўніку адбываецца штосьці накшталт натуральнага адбору. З аднаго боку, гэта вынік шырокага прыліву новых носьбітаў мовы, з другога боку, гэта сьведчыць пра слабасьць і разгубленасьць нашай цяперашняй мовазнаўчай школы”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.