news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



14 Траўня 2000
 
Суд "Нашай Нівы".
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
У мінулы чацьвер адбыўся суд рэдакцыі газэты "Нашае Нівы" супраць Дзяржаўнага камітэту па друку РБ. У сёньняшняй "Вострай Браме" я ня буду стамляць слухачоў пратакольнымі справаздачамі з таго працэсу, а распавяду пра пэўныя асаблівасьці сучаснага беларускага погляду і погляду на беларускія праблемы, якія, на маю думку, ці на мой слых прагучалі на тым працэсе па-новаму.

Суд адмовіў рэдакцыі, адхіліўшы яе іск да Міністэрства друку. Нагадаю, з чаго гэта ўсё пачалося. Ведамства Міхаіла Падгайнага вынесла газэце папярэджаньне за распальваньне міжнацыянальнае варожасьці. Нагодаю стаў апублікаваны ў "Нашай Ніве" ліст чытачкі Судзілоўскай (яна, дарэчы, была на працэсе), дзе чытачка эмацыйна распавядала пра адчай беларускамоўнага чалавека ў цяперашняй Беларусі. Такі чалавек увесь час церпіць прыніжэньне і абразы як ад суграмадзянаў, так і -- найперш -- ад органаў улады.

"Ненавіджу расейцаў і зайздрошчу Чачэніі", -- пісала спадарыня Судзілоўская і працягвала:

"Ня ведаю дакладна, калі гэта пачалося. Зараз гэта ўва мне сядзіць крывавым комам, які патрабуе выйсьця. А выхад адзін -- дзейнічаць, бо слова ўжо ня дзейнічае, бо яно пэўна толькі ў Бога.

Я жанчына, архітэктар драўлянага дойлідзтва. Я люблю дрэвы і ўсё тое, што робяць рукі чалавечыя ў згодзе з прыродай і дазволам Божым. Зьнішчыць лес і згвалціць народ -- гэта тое самае.

Калі мяне схапілі ў Курапатах, на тамтыя Дзяды, пасадзілі ў камэру на Прылуцкай, на наступны дзень чатыры гадзіны вазілі невядома дзе ў спэцшафе бяз вокан пад гукі "чісто рускіх" радыё "Альфа" ці то "Біэй". Мяне гвалтавалі маральна -- у пастарунку, калі распранулі дагала, апісваючы мае рэчы, у судзе, калі судзьдзя ніяк ня мог зразумець, што за месяц такі, у якім я нарадзілася -- студзень. Кожны дзень гвалтуюць у транспарце, калі крывяць расейскімі насамі на пытаньні ці адказ па-беларуску. Учора прылюдна старая расейка згвалціла нашу жанчыну, якая заступала ёй дарогу ў тралейбусе.

-- "Понаехалі, деревня, жізні от вас нет".

А наша толькі ціхенька ёй адказвала -- "прабачце, калі ласка, я хутка выйду". Так і выйшла са словамі -- "Прабачце, калі ласка". А тая, старая -- "деревня! алкоголічка". І я ня здолела расквасіць ёй нос! Яны, расейцы, згвалцілі нашых дзяцей, якія цяпер саромяцца "деревенскай" мовы, мовы сваіх бацькоў. Згвалцілі ўсіх беларускіх жанчын, самых прыгожых у сьвеце і самых працаздольных. Згвалцілі нашых мужыкоў, самых лагодных у сьвеце, што тыя ня могуць абараніць сваіх жанчынаў. Абразілі мову! Зьнішчылі культуру і гісторыю. Жывую крыніцу пераўтварылі ў крініцу. Яны, расейцы, згвалцілі нашы імёны і прозьвішчы, назвы гарадоў і вёсак.

Калі Бог зробіць сьпіс усяго згвалчанага і зьнішчанага на маёй Радзіме? Я ведаю, хто такія расейцы, і таму я ведаю, што робіцца ў Чачэніі, і я ёй зайздрошчу".

Я наўмысна прывёў гэты ліст, гэты прадмет судовага разьбіральніцтва цалкам, каб слухачы самі маглі даць яму ацэнку, вызначыць, што гэта: распальваньне нецярпімасьці да іншых ці адчайная спроба абараніць сваё. Рэдакцыя "Нашай Нівы" настойвала на другім, а судзьдзя Федарэнскі салідарызаваўся з Дзяржкамдрукам, маўляў, тут усё ж першае -- распальваньне. У выніку іск рэдакцыі да Дзяржкамдруку быў адхілены. Папярэджаньне засталося ў сіле. Дастаткова на працягу году атрымаць яшчэ адно такое і спадар Падгайны можа ініцыяваць працэс закрыцьця "Нашай Нівы".

Па вялікім рахунку, гэта быў справядлівы суд. Нельга пісаць у газэце: ненавіджу расейцаў. Таму і спадар Падгайны, і ягоны прадстаўнік на працэсе Антонаў, і судзьдзя Федарэнскі маюць рацыю. Гэта абсалютная рацыя. І можна было б увогуле не ўсчынаць разьбіральніцтва. Але вось у чым праблема. Ніколі справядлівае рашэньне ў такой справе ня будзе вынесена на карысьць беларушчыны. Беларушчына паводле гэтай абсалютнай рацыі асуджаная на паразу і выміраньне.

Рэч у тым, што заканадаўства патрабуе аднолькавага стаўленьня як да беларускай мовы, так і да расейскай. У нейкіх чыста лябараторных умовах суд мусіць дбаць пра роўнасьць і пра тое, каб адныя не казалі, што іх душаць другія. І суд дбае. Толькі ж мы не існуем у лябараторных умовах. Мы існуем ва ўмовах сёньня ўжо абсалютна адкрытага дзяржаўнага перасьледу ўсяго беларускага і поўнага прыярытэту ўсяго расейскага. Гаварыць у такіх умовах пра роўнасьць -- значыць непазьбежна выносіць несправядлівае рашэньне. Што судзьдзя Федарэнскі і зрабіў.

Суд адмовіўся разглядаць кантэкст, у якім існуе беларускамоўны грамадзянін краіны, а таксама эмацыйны бок прадмету гаворкі -- ліста чытачкі. Суд адбыўся не ў імя паляпшэньне грамадзкіх узаемадачыненьняў, а ў імя літары закону. З чаго я , прызнаючы гэтую самую літару, раблю выснову, што нашае заканадаўства зь ягонымі пасажамі пра роўнасьць, насамрэч падтрымлівае русіфікацыю і скіраванае на задушэньне ўсяго беларускага.

Што гэта значыць? Гэта значыць, што пра беларушчыну ці, больш дакумэнтальна, пра беларускія нацыянальныя інтарэсы сёньня дбаюць і могуць дбаць толькі прыватныя асобы, якія дзяржаўнымі органамі разглядаюцца як варожыя. Зразумела, што прыдушанае за два стагодзьдзі русіфікацыі беларускае пытаньне: мова, культура, гістарычная памяць, -- усё гэта мусіла б сёньня мець прыярытэт у заканадаўстве. Бо гэта НАША, бо яно нікому, апроч нас, не патрэбнае, бо яно сёньня занядбанае і пастаўленае на мяжу выжываньня. Такія прыярытэты існуюць ва ўсіх цывілізаваных краінах, у тым ліку і ў былых савецкіх рэспубліках, дзе сваё, нацыянальнае, атрымала пасьля развалу СССР абсалютны заканадаўчы прыярытэт -- як кампэнсацыю за савецкія часы, за гады ўціску, за русіфікатарскую палітыку Масквы. Расейскую мову і культуру выдатна захаваюць, абароняць і прымножаць самі расейцы. Але ні расейцы, ні палякі, ні хто яшчэ ў сьвеце ня будзе захоўваць, бараніць і прымнажаць беларушчыну. Апроч самых беларусаў. Вось жа сёньня гэтай справай займаецца не дзяржава, а жменька нялюбых дзяржаве людзей, якія міжволі ператвараюцца ў апазыцыю, адно толькі гаворачы па-беларуску.

Інакш кажучы, паводле фармальных прыкметаў наша краіна ператварылася ў нешта накшталт Тамбоўскай або Цьвярской губэрні. Менск -- кажуць -- моцна нагадвае Варонеж. А людзі, якім патрэбная Беларусь як такая -- з яе мовай і праўдзівай гісторыяй, зь яе будучыняй -- няхай такіх людзей і нямала -- яны ня толькі нацыянальная меншасьць, але яшчэ й непажаданая нацыянальная меншасьць.

Па інэрцыі мы яшчэ думаем, што варта зьмяніць уладу на сваю, беларускую, і наша меншасьць ператворыцца ў большасьць. Будуць прынятыя адпаведныя законы, у якіх прыярытэт будзе замацаваны не за расейшчынай, а за беларушчынай. Але праходзяць гады і надзея на альтэрнатыву тае як дым. Бо ёсьць улада, а ёсьць многія сотні тысячаў насельніцтва, якое шырокай масай ідзе па праспэкце Скарыны на 9 траўня.

Прызнаюся, што ніколі ў жыцьці ня бачыў на менскім праспэкце столькі народу, колькі сёлета на Дзень перамогі. Цемра, позьні вечар і сотні-сотні тысячаў шпарка рушаць кудысьці ў адным накірунку. Канца гэтаму патоку няма і не прадвачыцца ані з паўгадзіны, ані за гадзіну. Пераважна ідзе моладзь. Але вось пракульгаў і старэнькі дзядзечка. На тварах -- увесь спэктар грамадзва -- ад пячатак інтэлекту да распухлых бамжоўскіх плюхаў. Што яшчэ можа прыйсьці ў галаву, калі назіраеш такое, як не купалаўскі верш "А хто там ідзе ў агромністай грамадзе". У Купалы беларусы ішлі з мэтай занесьці сваю крыўду на сьвет цэлы і каб людзьмі звацца. А куды ж і навошта ідуць сёньняшнія беларусы?

Вось натурысты дзіцёнак, гадоў пяці, рашуча прысеў на броўку праезнай часткі. Ягоныя бацькі нэрвова хапаюць яго за рукі: "Пойдем". "Куда?" -- стомлена пытаецца дзіця. "Туда" -- цьвёрда адказваюць бацькі і я адчуваю, што для іх у гэтым адказе ўтрымліваецца нейкі сэнс, які я зразумець не магу.

Мабыць той сэнс зразумелы і для ўсёй гэтай чалавечай ракі, якая рашуча мкне ў адным накірунку па ходніках і па самім праспэкце. Урэшце спыняю дзецюка, які, здаецца, зможа растлумачыць, што тут адбываецца. "Куды ідуць усе гэтыя людзі?"

Ён паглядзеў на мяне адсалютна цьвярозым вокам і адказаў: "Куда-то в даль".

Назаўтра мне растлумачылі, што ўсе гэтыя сотні тысяч хадзілі глядзець салют, што пасьля яны вярталіся з салюту і па пешаходным у гэты час праспэкце і запаўнялі сабою ўваходы ў мэтро. У мэтро, кажуць, было ня ўбіцца. Знаёмы мастак спабаваў зайсьці ў сумнай памяці пераход на станцыі Няміга. Ня здолеў, бо гушчыня людзей утварыла чаргу, давялося б доўга стаяць, а мастак некуды сьпяшаўся.

Трэба абавязкова патрапіць на судовы працэс "Нашай Нівы", каб адчуць сваё месца ва ўласнай краіне і праўдзівыя адносіны да цябе з боку ўлады. Не судовай галіны ўлады, а проста ўлады -- адзінай цяпер у нас -- прэзыдэнцкай. Судзьдзя ня скажа вам -- не выпендрывайся са сваім языком, як могуць сказаць у тралейбусе або краме. Судзьдзя мусіць прымаць цябе такім, які ты ёсьць. Ён толькі перапытвае: "Скажите, значит расейцы і рускіе -- это разные вещи?"

Зьміцер Бартосік з гэтай нагоды зрабіў выснову, маўляў суд расплюшчыў яму вочы на тое, хто ёсьць хто: расейцы -- гэта русіфікатары, расіяне -- гэта жыхары Расеі, а рускія -- гэта проста рускія, якія жывуць у Беларусі, гавораць па-расейску і не выяўляюць агрэсіі да беларушчыны. Мы ў гэтай клясыфікацыі -- проста беларусы.

Можна з гэтым пагадзіцца, але няма адчуваньня, што мы гаспадары краіны. Ці то ад слабасьці нашай, нематлікасьці, неразьвітасьці. Наша апазыцыя вельмі добра пачуваецца на мітынгах, але не як альтэрнатыўная, а маргінальная сіла. Яшчэ лепш яна пачуваецца за мяжою. Кожнага лідэра вельмі лёгка ўявіць сабе паслом Беларусі. У асяродках, дзе зьбіраюцца беларускія эмігранты і беларускія апазыцыянэры ўжо зусім не адчуваецца мяжы, якая б падзяляла першых і другіх. На судовым працэсе гэта зьведваеш яшчэ лепей. Здаецца, прамаўляеш такія рэчы, якія складаюць ісьціну што для паляка, што для амэрыканца, а ў адказ сустракаеш няўцямны позірк судзьдзі. Толькі ж паводле ўсіх фармальных прыкметаў менавіта ён тут гаспадар. А хто тады ты? Эмігрант. Напэўна, эмігрант, бо лягчэй знаходзіш агульную мову з замежнікамі, чым з тутэйшымі.

Але ж і яны, што жывуць у Менску са сваімі Альфарадыямі, Роксамі ды Расейскімі тэлеканаламі, яеы таксама насамрэч жывуць не ў Беларусі, а ў Варонежы. У тым, што яны робяць і гавораць, няма ані каліва клопату або цікавасьці да спэцыфікі ГЭТАЕ зямлі. Яны таксама эмігранты. Толькі мы -- эмігранты з захаду, а яны -- з усходу, з Расеі. Расейцы. Мы якія-небудзь цэрэушнікі або натаўцы, а яны -- расейцы. Мы -- апазыцыя, а яны -- электарат усенароднае ўлады -- вялізнага корпусу чынавенства. Корпус гэты аднародны і ўвесь "заточаны" пад адзінаўладнага кіраўніка краіны. Нарэшце кіраўнік, для якога галоўны клопат -- бараніцт матушку Русь -- таксама ня мае ніякага дачыненьня да Беларусі як такой. Ён, праўда, не эмігрант, яму паводле статусу не паложана. Ён акупант.

Такая вось клясыфікацыя беларускага насельніцтва складаецца на працэсе ў Вышэйшым гаспадарчым судзе краіны з зусім адпаведнаю гэтай клясыфікацыі назвай -- Рэспублікі Беларусь. Паводле правілаў што беларускай, што расейскай мовы калі слова Беларусь у гэтым выпадку не скланяецца, яго трэба пісаць у двукосьсях. "Іменем Рэспублікі Беларусь" -- абвяшчае судзьдзя, і гэтыя двукосьці гучаць у ягоным голасе на поўную моц. Тое, што з-за абсурднасьці сытуацыі не перадаецца на пісьме, аказваецца, выдатна перадаецца вымаўленьнем. Праўда, коджны ўкладае сваё пачуцьцё -- хто іронію, хто сарказм. Так адбываецца таму, што ўсе разумеюць, што насамрэч мы жывем у Варонежы, калі хочаце, у Варонежы нумар два.

Зусім новае пачуцьцё, зь якім даводзіцца сустракацца -- асабліва сярод моладзі -- гэта неўсьвядомленая крыўда на згаданую другаснасьць. Бо раўналеткі з Варонежа нумар адзін слухаюць прафэсійнае прыкольнае Русское радио, а нашым даводзіцца спажываць сурагатныя падробкі пад яго ў вяглядзе ўсялякіх радыё бі-эй. Быццам мы горшыя. Старэйшае пакаленьне апошнім часам таксама неўсьвядомлена крыўдуе, што Пуцін ня наш. Прыдумалі гэтую саму РБ. Навошта? Нібы нейкі штучны бар'ер на шляху ўспрыманьня палітычных навінаў з суседняй Расейскай Фэдэрацыі. Між іншым, на ўзор Рэспублікі Беларусь, яна мусіла б называцца Расейскай Фэдэрацыя.

Парадаксальнае тое, што і ўласна расейская культура не выклікае ў душах нашых апанэнтаў ніякіх эмоцыяў і нават аўтарытэту. Даводзячы рацыю чытачкі Нашай Нівы, якая заявіла пра сваю нелюбоў да расейцаў, што было кваліфікавана як распальваньне нацыянальнае варожасьці, я згадаю фразу прафэсара Праабражэнскага з булгакаўскага раману "Сабачае сэрца", які сказаў -- Так, я не люблю пралетарыята. Аналягічны выпадак, які нікому не прыйдзе ў галаву трактаваць як распальваньне варожасьці сацыяльнае. Суд гэта не кранула. Чаму? Можа справа ў тым што Булгакаў даўно памёр? Ці таму, што зноў актуальнымі робяцца адносіны да Сабачага сэрца, якое за савецкім часам было забароненым творам. Тады патэнцыяльна ліст чытачкі Судзілоўскай праз сто гадоў можа трапіць у школьныя хрэстаматыі, а сёньня на парадку дня нас чакае новы Гулаг?

Прадстаўнік Дзяржкамдруку -- малады юрыст Антонаў -- настойвае на інтарэсах свайго ведамства. Нашыя праблемы яму проста незразумелыя. Ён са сваімі стэрыльнымі законамі выглядае ў нашых вачах марсіянінам. Але я разумею, што ў ягоных вачох праз усе гэтыя клопаты пра нікому непатрэбную родную мову і ўсе зьвязаныя з гэтым праблемамі марсіянамі выглядаем мы. Мы гаворым на розных мовах, на розных частотах, на розных хвалях, у розных канцах зямлі. Нашыя довады не перасякаюцца.

Судовы працэс канстатаваў радыкальны падзел паміж насельніцтвам Беларусі на эмігрантаў-эўрапейцаў і эмігрантаў-расейцаў. Эмігранты судзіліся з эмігрантамі. Розьніца была ў тым, што мы, хто прайграў гэты працэс, адчувалі поўную маральную перавагу. Няхай у іхных вачах мы нейкія дзівакі, эмігранты, непажаданая меншасьць. Важна, каб мы самі ня ставіліся да сябе гэтак, каб не перанялі іхны погляд на сябе як на ізгояў, што марна спрабуюць адрадзіць даўно памерлыя атрыбуты сканалае нацыі. Эмігранты з Варонежу нумар два не прапануюць нам ніякае альтэрнатывы, апрача расьліннага спажывецкага існаваньня без апазнавальных прыкметаў. Іхны шлях -- на Ўсход. Наш жа шлях -- з Захаду. Яны сыйдуць туды, куды імкнуцца. Мы -- вернемся на сваю родную, спаганеную імі зямлю. І станем на ёй гаспадарамі. Таму што будучы ў меншасьці цялеснай, мы складаем у Беларусі абсалютную духовую, маральную большасьць.

На працэсе я спрабаваў давесьці судзьдзю, што распальваньне варожасьці мусіць выяўляцца ў нейкіх закліках, чаго ў нашаніўскай публікацыі і блізка няма. Судзьдзя Федарэнскі запярэчыў: А как вы объясните слова: "выхад адзін -- дзейнічаць"? Баронячы расейшчыну, ён разгледзеў тут заклік да бойкі ці да пагромаў. Баронячы беларушчыну, мне такое і ў галаву не прыйшло. Я згадаў пра зачыненыя беларускія школы, а таксама пра рубрыку прыватных абвестак у газэце "Наша Ніва". Што-небудзь накшталт: "Сьвядомыя беларусы Лунінеччыны, адгукнецеся". Альбо: "ахвочыя аддаць дзіця ў беларускі садок, тэлефануйце". Вось што такое, у маім разуменьні, дзейнічаць. На жаль, свайго аптымізму, які я выношу з такіх абвестак, я ніколі не змагу перадаць судзьдзю Федарэнскаму. Бог яму судзьдзя. Нам жа і сапраўды пара дзейнічаць.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.