news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



18 Чэрвеня 2000
 
Кіраўнікі турызму - "валадары мух".
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Некалі ў Вострай Браме мы распавядалі пра праекты рэарганізацыі беларускай прыроды, якія блукаюць у адміністрацыі прэзыдэнта, адзін за другі больш казусныя. Тады мы падрабязна разглядалі даволі паранаідальны праект нейкага Парфяновіча "Залатое кальцо", дзе прапаноўвалася стварыць у краіне цэлую індустрыю турызму - са сваімі аэрапортамі, на якіх, дзеля самаакупнасьці, будуць расфасоўваць бананы на шляху з Афрыкі ў Расею. Маўляў, мы ўсё гэта дзела паставім на сур'ёзную аснову, толькі аддайце нам усе помнікі архітэктуры і ўсе запаведнікі. Зразумела, ані глыбокім веданьнем сваёй зямлі, ані любоўю да яе ў тых праектах і ня пахла. Часовыя людзі, што мысьляць найбольш пэрпэктывай уласнае кар'еры, воляю лёсу прыўлашчваюць спрадвечныя скарбы Бацькаўшчыны і круцяць іх як хочуць, ня надта задумваючыся, што пасьля іх застанецца празь пяцьдзесят або сто гадоў. Бог зь імі, з тымі праектамі. Але ж высьвятлаецца, што сам прынцып, сам прывадны матыў дзеля стварэньня такіх вось пражэктаў, цалкам сугучны зь цяперашняй дзяржаўнай палітыкай у прыродаахоўнай сфэры, у галіне турызму, а ўрэшце ў стаўленьні да роднага краю. Калі натуральна гэта ўсё можна назваць дзяржаўнай палітыкай.

Паказальны зрэз адносінаў дзяржавы да ўласнае зямлі дае дзяржаўная палітыка ў галіне турызму. Тут паводзіны чынавенства нагадваюць паводзіны дзіцёнка, які атрымаў у падарунак цацку і імкнецца яе разабраць на часткі. Прыблізна такую выснову зрабіў Сяргей Харэўскі, прааналізаваўшы апошнія павевы ў арганізацыі беларускага турызму.

(Сяргей Харэўскі: ) "Я люблю пахі зямлі й травы. Люблю крочыць сабе па зямлі басанож, адчуваць, як угінаецца яна й выпростваецца за мною. Мая зямля.

Днямі йзноў давялося быць на азёрах. На Мястры, што каля Мядзела. Запаведны куток. Цішыня, лагода... Ажно зьнянацку пачуў вуркатаньне матораў. Зь лямантам узьняліся сотні птушак, зарабацела ад рыбіных сьпінаў сіняя вада. З букатага берагу проста ў ваду зьяжджалі дзіўныя нягеглыя машыны зь вялікімі коламі. Плясь, плясь... Сыплючы пырскамі й сіпеючы куродымам, машыны разьвярнуліся па возеры й порстка пакацілі назад. У Мядзел.

Паглядзець на гэткае дзіва сабараліся людзі. Аказалася, што гэта - навінка айчыннае індустрыі – усюдыходы Менскага падшыпнікавага заводу. Яны, як высьветлілася, пабывалі ўжо ў Антарктыдзе. А цяпер зь іх дапамогаю робіцца рэклямны тур па Беларусі. Паралельна вядзецца пошук турысцкіх маршрутаў, дзе гэтыя машыны маглі б выкарыстоўвацца. Усюдыходы могуць рухацца паўсюль, нават па вадзе. Вось і прайшліся яны па Мястры.

Гэткія здарэньні сталі ў нас сёлета нормаю. Менавіта ў самых чыстых і запаведных кутках Беларусі. Энтузіясты-інжынэры зь Менску сіламоц прасоўваюць у сфэру турызму свае ўсюдыходы на гэтак званых пнэўматыках звышнізкага ціску. На іх у траўні і сапраўды штурмаваўся Паўднёвы полюс, а ў чэрвені прайшла экспэдыцыяй адмыслова па раёнах Беларусі, там, дзе, як той казаў, "не ступала нага чалавека". Маршрут пралягаў празь Бярэзінскі біясфэрны запаведнік ды Нацыянальны парк "Нарачанскі". Ахоўныя мясьціны, што дзесяцігодзьдзямі ствараліся менавіта з мэтаю зьберагчы ў некранутым цывілізацыяй асяродзьдзі рэдкія віды жывёлаў ды расьлінаў. На іх стварэньне пайшлі высілкі пакаленьняў людзей.

Дарэчы, для даведкі: Бярэзінскі запаведнік быў утвораны яшчэ ў 1925 годзе дзеля захаваньня адзінай на той час у Эўропе калёніі дзікіх баброў. Цяпер ён займае плошчу больш за 90 тысячаў гектараў і лічыцца найбуйнейшым у Эўропе. Бярэзінскі запаведнік зь некранутымі ляндшафтамі, якім больш за 200 гадоў, дзе зьберагаюцца 10 відаў жывёлаў з Чырвонае кнігі, занесены ў сусьветны кадастар эталённых тэрыторыў Зямлі. А Нарачанскія азёры пачалі ахоўваць яшчэ за палякамі. Гэта не падабалася тутэйшым жыхарам. Памятаеце - паўстаньне рыбакоў на возеры Нарач? Але палякі на сваім стаялі. Спынілі неўтаймаваны адлоў рыбы, засадзілі лясы, разьвялі дзічыну... Здавалася, карыстайся, беларус, радуйся. Але часы цяпер нетакоўскія. Сёньняшняму ўладнаму рэжыму патрэбна ўсё болей грошай. Хоць адкуль... І міністар спорту й турызму кажа, што кіраўніцтва запаведнікаў ня супраць зарабіць валюту на замежніках, арганізуючы для іх экскурсіі.

Проста экскурсіі - гэта на густы беларускага чынавенства нецікава. Як яны ўяўляюць сябе на месцы тых японцаў ці швэйцарцаў? Ну, вядома ж, на ўсюдыходах, а яшчэ лепей на БелАзах ці на БТРах. І каб аж у вушах закладала! Зь вецярком, з іскрамі, з дымам! А дзе? Натуральна, там, дзе да іх было ціха! Дарэчы, на самой Нарачы ўжо колькі гадоў плавае цеплаход з начным рэстаранам на 230 чалавек і дыскатэкаю. Сёлета Лукашэнка падараваў гэты цеплаход БПСМу. Пад аховаю АМОНУ тут, заплаціўшы за ўваход 3 даляры, можна адпачыць за якіх даляраў 50 ды слухаць усю ноч расейскую папсу з гэткім грукатам, што чуваць ад Мядзела да Кабыльніка. Той жа БПСМ выдае сёньня тут на пракат матацыклы й кацяры. Адным словам, беларускія запаведнікі перастаюць быць ахоўнымі тэрыторыямі. На мінулым тыдні, падчас прэсавае кафэрэнцыі, начальнік Упраўленьня турызму Міністэрства спорту і турызму Ўладзімір Кушчэенка, сказаў пра рэклямны тур усюдыходаў:

"Запаведнікі менавіта й былі прыхільнікамі, і мы ўзгаднялі гэтую экпэдыцыю, яна прайшла зь іхным удзелам. Пазыцыя Ўпраўленьня справаў прэзыдэнта і Ўпраўленьня ахоўных тэрыторыяў, яна адназначная: так, разам зь Міністэрствам спорту й турызму будзем займацца гэтай праблемаю, паколькі нельга падзяліць прыродныя рэсурсы на запаведнікі й незапаведнікі. Нельга іх абляцець, аб'ехаць і гэтак далей. Гэта - няправільна, калі вельмі проста сказаць".

Ну вельмі проста сказаў. Зьдзіўляе ня толькі цемрашальства чыноўніка, але й колькасьць тых паразытычных установаў, якія абліваюцца ў прадчуваньні тлустых кавалкаў. Тых кавалкаў нашае зямлі, дзе хоць нешта ацалела пасьля камуністаў. Дзеля справядлівасьці, зазначым, што менавіта за савецкім часам была створаная даволі жорсткая сыстэма аховы запаведнікаў. Нагадаем таксама, што за гады Лукашэнкавага панаваньня запаведнага статусу пазбавілася Белавеская пушча й Прыпяцкі запаведнік. Цяпер там пілуюць лес ды страляюць зуброў. Цяпер дайшла чарга й да Бярэзінскага біясфэрнага запаведніка, найстарэйшага ва ўсім былым СССР. Цяпер тут, нібы па сібірскай тундры будуць гойсаць тыя ўсюдыходы, разганяючы аленяў ды баброў.

А тое, што пілуюць там лес, дык гэта ўжо ў рамках нядаўняга праекту нацыянальнае канцэпцыі разьвіцьця лясной гаспадаркі да 2015 году. Паводле яе да таго году агульныя запасы драўніны ў краіне ўзрастуць на 215 млн. кубамэтраў і павялічацца да леташняга ўзроўню на 19 працэнтаў. А вось каштоўнай драўніны стане 194 млн. кубамэтраў. У выніку чаго можна будзе высякаць да 19 млн. кубічных мэтраў штогод. Атрымліваецца, што хопіць... на 10 гадоў. Бо нават за 10 гадоў ніводнае дрэва ня вырасьце да прамысловага аб'ёму. А там... Хоць трава не расьці.

Заўважце, размова вядзецца пра экспарт неапрацаванае драўніны. Бо беларуская мэбля на Захадзе не патрэбная. А грошы ўладзе патрэбныя сёньня. І адпраўляюць беларускі лес у Літву за кошт электраэнэргіі і ў Фінляндыю ў абмен на... паперу. Напэўна для таго, каб запісваць геніяльныя думкі беларускага чынавенства менавіта на фінскую паперу. І зьвіняць пілы па ўсёй Беларусі. Хутчэй, хутчэй. Грошы, грошы, грошы... Між тым, у большасьці краінаў Афрыкі й Лацінскай Амэрыкі, нацыянальныя ўрады пазабаранялі вываз неапрацаванае драўніны. Менавіта дзеля таго, каб падахвоціць інвэстараў будаваць свае прадпрыемствы ў гэтых краёх дзеля глыбокае пераапрацоўкі драўніны. Тубыльцы атрымліваюць працу і новую кваліфікацыю. У Беларусі ўсё па-іншаму. Па свойму".

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі распавядае пра абсурдную сытуацыю, калі Рэспубліка Беларусь прадае ў Фінляндыю лес, а купляе там паперу. Натуральна, фінская папера добрая, але цяпер ўжо і літоўская ня горшая, і расейская таксама. Ня трэба казаць і пра тое, дзе тая папера таньнейшая. Яшчэ больш відавочным робіцца абсурд, калі згадаць, што не абы якую драўніну фіны купляюць. Ім нашыя бярозы ды сосны не патрэбныя. Ім давай беларускія векавечныя дубы, зь якіх надта добрая выходзіць фінская мэбля. Вось і параўнайце - няхай найлепшую ў сьвеце паперу зь векавечным дубам. Ці раўнацэнны гэта абмен і хто тут кім выглядае. Хто тут увогуле нешта набывае, а хто толькі страчвае. Але вернемся да турызму. Сяргей Харэўскі працягвае:

(Сяргей Харэўскі: ) "Але вернемся да турызму.

Новы мэтад, які міністэрства празь беларускія фірмы ды свае замежныя прадстаўніцтвы зьбіраецца праводзіць у жыцьцё, - на цьвярозы розум - проста бязглузьдзіца...У ідэале беларускага начальства - каб натоўпы турыстаў гойсалі па запаведных і чыстых пакуль мясьцінах на машынах. І яшчэ зьбіраюцца вазіць замежнікаў на... паветраных шарах і матораплянах. І гэта гаворыцца ўсур'ёз. Хоць што гэта будуць за людзі, што ўсьлед за забітымі ў Беларусі амэрыканскімі пэнсіянэрамі, захочуць пакатацца на паветраных шарах, уявіць цяжка.... Як сабе беларускі чыноўнік уяўляе гэткага кліента? Напрыклад, нейкі Такуноў, загадчык аддзела маркетынгу й экскурсійна-мэтадычнай работы канцэрну "Белинтурист", нібы галоўны спэцыяліст у краіне, на іншай прэсавай канфэрэцыі, сказаў літаральна наступнае:

"Так, нялёгка... Але турысты пасьля Нарачы ў выніку задаволеныя. Дзякуючы нашай падрыхтоўцы і, не пабаюся сказаць, абаяльнасьці. Беларусь для заходніх турыстаў выключна транзытная краіна. Асноўны від турыстаў, якія едуць канкрэтна да нас - жыды. Яны наведваюць сьвятыя для ўсялякага жыда мясьціны: радзімы заснавальнікаў жыдоўскае дзяржавы й хасыдскае рэлігіі і брацкія магілы часоў вайны. Наша Беларусь - прыгожы й непачаты край работы".

А каб гэты асноўны від турыстаў яшчэ і ва ўсюдыходы пасадзіць! Ці на маторапляны... У якасьці абгрунтаваньня бясшкоднасьці падобных ваяжоў па запаведных зонах, прыводзяцца тэхнічныя характарыстыкі новых усюдыходаў на пнэўматыках звышнізкага ціску, за коламі якіх нібы выпростваецца трава. Але як растлумачыць беларускаму чыноўніку, хціваму да грошай, што ад рокату гэтых машынаў пудзяцца птушкі, якія могуць пакінуць свае гнёзды назаўжды, і большыя жывёлы, якія таксама баяцца людзей, ня кажучы ўжо пра ўсюдыходы. Міністэрства спорту і турызму будзе ймкнуцца прывабіць замежнікаў на маршруты так званага "прыгодніцкага турызму", кшталту афрыканскага сафары. Бо для іх, людзей зь міністэрства, што Беларусь, што Сібір, што Афрыка... Але адкуль раптам узяўся гэткі зуд ва ўсякіх беларускіх калятурыстычных канторах? На мінулым тыдні перад журналістамі начальнік Упраўленьня турызму Уладзімір Кушчэенка такую заяву зрабіў:

"Прэзыдэнтам пастаўленая задача: Гэты год павінен стаць нейкім вызначальным для турызму: ці турызм - гэта галіна, ці так сабе, нешта другаснае, на яго ўсе глядзяць і нічога ад яго не атрымоўваюць. Таму задача міністэрству пастаўленая ў тым ліку й гэткімі мэтадамі, як гэтая экспэдыцыя, ініцыяваць распрацоўку турысцкіх маршрутаў, іхную рэкляму й прасоўваньне на зьнешнія рынкі."

Міністэрства спорту і турызму актывізуе дзейнасьць па прыцягненьні замежных турыстаў у Беларусь, бо гэтак загадаў Лукашэнка. Яны будуць мець за мяжою свае падстаўніцтвы, дзе зьявяцца маляўнічыя буклеты беларускай "глыбінкі"... Пры тым, што рабіць далей, чынавенства яшчэ ня думала. Напрыклад, намесьнік турыстычна-спартовага міністра спадар Шульга, які на пасадзе толькі два тыдні, канстатуе:

"Наогул у Беларусі звыш 15000 аб'ектаў, якія заслугоўваюць таго, каб іх паказваць. Аднак рэальна на сёньня паказваецца толькі 5 працэнтаў з гэтага ліку. Скажам, у раёне Браслаўскіх азёраў ёсьць 33 ўнікальныя аб'екты паказу, а людзей возяць толькі на 2. Адна з прычынаў - адсутнасьць рэклямных буклетаў. Пры тым любых, ня кажучы пра высокаякасныя. А таксама бракуе інвэстыцыяў. Гэта й будзе маёй і міністэрства задачаю. Трэба, каб у турызм, як адзін з варыянтаў, укладаў грошы прыватны бізнэс. Як у Вугоршчыне. А беларускія турыстычныя аб'екты патрабуюць сур'ёзных грошай, таму што знос іхнай матэрыяльнай базы складае 80 і больш працэнтаў. У сутнасьці, гэта разваліны, усе нашыя гасьцініцы, замкі і таму падобнае".

Складаецца ўражаньне, што гэта гаварыў чалавек, які наогул ня ведае, пра якую краіну ён гаворыць. Як у Вугоршчыне... Спадар Шульга яшчэ памарыў пра тое, што рэклямную прадукцыю беларускага турызму будзе выдаваць найбуйнейшае ў сьвеце спэцыялізаванае выдавецтва "Paskal"... А яшчэ ён сказаў: "Калі б удалося рэканструяваць Аўгустоўскі канал, дык зьявіўся б прамы водны шлях з Санкт-Пецярбургу ў Парыж". Во як! Адразу і ў Парыж. Нагадаю, што Аўгустоўскі канал злучае Нёман і Віслу і па ім можна патрапіць з Горадні ў Варшаву. Каб займацца гэтай справай, трэба хоць бы вывучыць геаграфію краіны, у якой жывеш і працуеш. Хоць няма сумневу, што той чыноўнік бываў і ў Пецярбургу і ў Парыжы. А канал Аўгустоўскі даўно адноўлены ў Польшчы і, як унікальны помнік культуры, прыцягвае да сябе мільёны турыстаў, якія пакідаюць у польскім бюджэце звыш мільёну даляраў у год. А беларускі ягоны адрэзак на рэчцы Чорная Ганча складае толькі 22 км. Каб яго аднавіць, хапіла б пары міністэрскіх гадавых акладаў. Але ў міністэрстве пра гэта, напэўна, ня ведаюць.

Хутчэй за ўсё, усе гэтыя канфэрэнцыі, выступы зь якіх я цытаваў, толькі й скончацца размовамі пра тое, што пара сканчаць з запаведнікамі, ды ў якой фірме трэба друкаваць буклеты. Але на тым, паводле Лукашэнкі, і мусіць скончыцца валтузьня вакол турызму ў Беларусі. Чыноўнікі здымуць напругу на цёплых далёкіх морах, ды й забудуцца пра той турызм. Але не забудуцца пра грошы. І праўда, прасьцей секчы наш лес на продаж у Эўропу ды забіваць на пацеху рэдкіх жывёлаў, якіх пакаленьні нашых папярэднікаў гадавалі й ахоўвалі...

Днямі я зноў выпраўлюся на прыроду. Трэ пасьпець хоць пабачыць хараство, што неўзабаве можа зьнікнуць бяз знаку. І не на ўсюдыходзе адпраўлюся. А пешкам. Каб адчуць пад сабою сваю зямлю".

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі распавёў пра цяперашнія павевы ў палітыцы Лукашэнкавай адміністрацыі што да турызму.
Паводзіны цяперашняга чынавенства РБ жыва нагадваюць сытуацыю дзяцей на бязьлюднай высьпе з раману Ўільяма Голдынга "Валадар мух". Дзеці тыя спрабавалі асвоіць востраў, увесьці на ім нейкі парадак дачыненьняў, але недасьведчанасьць разам з жывёльнымі інстынктамі ўзялі сваё. Яны перасварыліся і падпалілі востраў. Розьніца ў гэтым параўнаньні толькі тая, што Беларусь - не бязьлюдная выспа, што тут ёсьць яшчэ народ, культура і свае даўнія традыцыі. Магчыма, падлеткавае мысьленьне чыноўнікаў - гэта аб'ектыўны выдатак маладосьці нашае незалежнае краіны і трэба спадзявацца, што мала што з плянаў сёньняшняе адміністрацыі рэальна ажыцьцяўляецца. Але ж зноў і зноў думаеш пра маральны бок такога стаўленьня да роднай зямлі, калі людзі ў прынцыпе ня здольныя адчуць яе вечнасьць і ўспрыняць залатое правіла - ня кратай тое, што рабіў ня ты. Адказнасьць перад продкамі - якую так добра відаць па вёсках на Радуніцу, калі могілкі літаральна ажываюць ад соцень галасоў і самі нагадваюць вёску - гэтая адказнасьць начыста прападае ў чынавенскіх калідорах, быццам няма для тамтэйшых насельнікаў ніякіх продкаў, і не было ніколі. Зрэшты, можа быць, гэта выдаткі адкукацыі. Бо што для іх Беларусь? БССР, створаная ў рэвалюцыйным парыве 1919-га. Хто для іх продкі? Мясьнікоў, які адмаўляў самое існаваньне беларускай нацыі? Ці партызан Панамарэнка? Ці Машэраў, які паклаў канец беларускім школам у горадзе і зьнёс забудову на найстарэйшай у Менску вуліцы Нямізе? Усё гэта так. Ды толькі як супрацьстаяць гэтаму? На маю думку, толькі і выключна - наступам культуры, якая, падобна таму Бярэзінскаму запаведніку, мусіць вывяргаць залётныя ўсюдыходы. Толькі гэта можа прымусіць нашае чынавенства пасталець ды ўспрыняць як аксіёму нацыянальныя інтарэсы і сьвятасьць роднае зямлі. Маю на ўвазе аўтарытэт культурных зьяваў і прызнаньне іх у сьвеце, прызнаньне творцаў і твораў, што напісаныя зусім не абавязкова на фінскай паперы”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.