news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



30 Ліпеня 2000
 
Замаўляйце па-беларуску...
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Беларусы - паміж сьмехам і плачам, апошняга незраўнана болей. Плач па мове, нацыі, гістарычнай праўдзе. Напавер гэта ня столькі паказчык чужынскага прыгнёту ці нейкай найвышэйшай справядлівасьці, колькі ўзроставая адзнака. Кожная нацыя ў рамантычны пэрыяд свайго дзяцінства схільная болей плакаць або сьмяяцца, чым па-даросламу засяроджана рабіць сваю справу. Усё дваццатае стагодзьдзе мы плачам і заклікаем плакаць іншых. Праўда, ёсьць і намёкі на сталеньне. Як той казаў, "кінь вечны плач свой аб старонцы". Гэтак дзіцяці кажуць - ня трэба плакаць. Для нацыянальнага станаўленьня гэткія словы - этап, прарыў, пераход на новы ўзровень. Калі заклікаецца не шукаць вонкавых прычынаў уласных крыўд і бед, зрэшты не заклікаецца шукаць гэтыя прычыны і ў сабе, а проста - перастаць плакаць. Ты ўжо не маленькі, як табе ня сорамна...

Маўляў, мы ўжо нацыя, значыць, мусім паводзіць сябе дыпляматычна, а не эмацыйна па-дзіцячаму.

Але ж па-першае, плакаць ад несусьветнае крыўды, іншымі словамі, дзяцініцца нашмат лягчэй, чым рабіць прадуманае суб'ектнае дзеяньне. Па-другое, вонкавыя абставіны сапраўды не спрыялі хуткаму станаўленьню, і гэтых абставінаў у ХХ ст. было процьма. Праўда, што да сёньняшняга дня, дык сіла ўплыву тых абставінаў найбольш залежыць ад нашых уласных інтэрпрэтацыяў. Можна і сёньня разжаліцца ды расплакацца. А можна, напрыклад, з усёй пасьлядоўнасьцю і рашучасьцю пайсьці ў кавярню ды замовіць тую славутую філіжанку кавы, пра якую столькі казана-пераказана.

І вось які тут парадокс. За апошнія дзесяць гадоў колькасьць рэальных носьбітаў беларускай мовы ў адным Менску павялічылася "на вока" разоў у дзесяць, найменей. Магчыма, і ў сто разоў. Бо пазьяўляліся цэлыя беларускамоўныя партыі, рухі, асяродкі моладзі, шматлюдныя дэманстрацыі праводзяцца і канцэрты. А праблема "філіжанкі кавы" засталася. Болей гаварыць па-беларуску ў публічных месцах ня сталі. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец заклікае несьці беларушчыну ва ўсе маладзёжныя тусоўкі з прыязным тварам ды-джэяў Адраджэньня. Лідэр Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў стварае цэлы беларускамоўны ўнівэрсытэт. Працуюць калегіюмы і сэмінары. Па-беларуску загаварылі многія ўчорашнія проста дэмакраты. Ажно не гучыць "філіжанка кавы". І наш герой, як той прафэсар у дваццацігадовае даўніны анэкдоце, замысьліўшы выпіць філіжанку кавы, раптам міжволі замаўляе сабе "стаканчик чая".

Не гавораць у нас па-за тусоўкамі па-беларуску - вось у чым праблема. Ня ўсе, вядома, але нават самыя заўзятыя плакальшчыкі па мове - не гавораць. Каб ня быць галаслоўным, я перадаю слова Зьмітру Бартосіку, які пайшоў па менскіх кавярнях з мэтай пацьвердзіць або абвергнуць маё сьцьверджаньне.

(Зьміцер Бартосік: ) "Як на маё адчуваньне, дык ні Лукашэнка, ні чырвоны сьцяг і ні акупацыйны рэжым - ня ёсьць галоўнымі чыньнікамі паразы апошняга дзесяцігодзьдзя. А вось адсутнасьць беларускага слова ў побыце... Здаецца, размаўляць па-беларуску ніхто нікому не забараняў. Бываюць, зразумела, нязручнасьці, сытуацыйныя і псыхалягічныя перашкоды, якія даводзіцца пераадольваць. Але ж што урэшце як ня гэта адрозьнівае беларускага адраджэнца ў натоўпе.

Цягам гэткіх развагаў вырашыў я прайсьціся па кавярнях у цэнтры беларускай сталіцы - па тых месцах збору нацыянальнае інтэлігенцыі і маладзёжных тусовак, дзе пад каву або піва абмяркоўваецца будучыня нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны і дзе зусім нефармальна мусіць гучаць жывое беларускае слова. Свае простыя пытаньні на гэтую тэму я адрасаваў афіцыянтам і бармэнам: Ці часта кліенты зьвяртаюцца да іх па-беларуску? І як яны самі гэта ўспрымаюць, як да гэтага ставяцца? Вынікі былі ашаламляльныя.

Пачаў я сваё падарожжа зь недарагога бістро "Бярозка", што на Круглай плошчы - у самым эпіцэнтры беларускамоўных, паводле вызначэньня, інтэлігенцкіх асяродкаў. Непадалёк - Саюз Пісьменьнікаў, рэдакцыі часопісаў "Полымя", "Беларусь" і тыднёвіка "ЛіМ", побач з штаб-кватэрай ТБМ, дзе працуе беларускамоўная відэазаля. І вось, што я пачуў ад афіцыянткі - прыгожай жанчыны бальзакаўскага веку:
- Ці часта да вас зьвяртаюцца па-беларуску?

- Нет. Очень редко. Один единственный раз это было. Недели две тому назад. Пришел молодой человек и обратился на чисто белорусском языке. Больше этого не было никогда.

- Скажыце, вам было прыемна?

- Да. Это было очень приятно и красиво.

Цяжка паверыць, каб сотні адраджэнцаў шырокай плынёю абцякалі гэтую "Бярозку", так ніколі й не завітаўшы ў яе. Але маем, што маем.

Далей мой шлях пралёг праз Траецкае прадмесьце, дзе я зазірнуў у піўны бар каля "Траецкае карчмы". Дзе не без задавальненьня выпіў халоднай "Аліварыі" й пагутарыў з тыповай карчмаркай - вясёлай, мажнай й гаварлівай цёткаю.
- Ці часта да вас зьвяртаюцца кліенты на беларускай мове?

- Ну, в общем-то не часто, но есть такие люди.

- Колькі такіх трапляецца на месяц? Адзін-два выпадкі?

- Не. Ну человек до десяти-пятнадцати.

- Гэта маладыя людзі, ці сталага веку?

- Вы знаете, есть среднего возраста, приходят тут не однажды. Постоянные какие-то у меня гости. Ну а вот недавно случилось так, што пришли совсем молодые ребята. И я спрашивала их - интересно, говорю, как это вы так разговариваете на чисто белорусском языке. А они говорят: «Да. Вот мы такие».

- А Вам гэта прыемна, ці не?

- А вы знаете што, я не против. Я сама же белоруска. Но однако как-то вот если люди со мной разговаривают на белорусском, я сама стараюсь с ними тоже в ответ... на беларускай мове, как говориться.

- Добра, дзякуй Вам.

- Пожалуйста.

Гэта ўжо абнадзейвала. Зрэшты, няцяжка было здагадацца - хто тыя немаладыя беларускамоўныя кліенты. Праз пару дамоў ад бара знаходзіцца рэдакцыя часопіса "Спадчына", у якой гаварыць не па-беларуску было б мавэтонам. Верагодна, і стаўленьне да беларушчыны там больш прынцыповае, чым у канторах вакол Круглай плошчы.
Далей я накіраваўся ў рэстаран "Крыніца". Месца дарагое й досыць піжонскае. Аб'ектам свайго допыту на гэты раз я абраў высокага, прыгожага афіцыянта.
- Скажыце, хто-небудзь з кліентаў калі-небудзь да вас зьвяртаўся па-беларуску?

- Знаете, несколько человек у нас таких было. Причем, были люди, которые конкретно так вот говорят чисто на белорусском языке. Да, парнишка вот в институте учится, вот он приходит сюда со своими друзьями и разговаривает исключительно на белорусском языке.

- Ці часта гэта здараецца?

- Ну, раз, наверно, в месяц точно. В основном одни и те же. Очень редко бывает, что кто-то новый приходит. У нас в основном иностранцы как-бы. Белорусский язык мы слышим тут очень редко.

- І яны шмат пакідаюць грошай тут?

- Я считаю, что не в количестве денег дело. А дело в том, что приятно слышать человека, который говорит на моём родном, допустим, языке. Мне на самом деле это приятно. Потому, что я язык этот знаю на пятьдесят процентов.

- А Вы ім адказваеце па-беларуску, ці не?

- Нет. Я говорю по-русски. Мне просто удобней говорить по-русски. Что-б не выглядеть идиотом скажем прямо так. Но хотелось-бы говорить, конечно, по-белорусски... Я понимаю всё прекрасно, но... так красиво ответить ему, как он говорит мне, я, допустим, не могу. Но мне приятно. конечно...

Праходзячы паўз адкрытую кавярню каля Цэнтральнага ўнівэрсаму, дзе ледзь не па тры разы на дні пасьпяваеш павітацца з тым ці іншым знаёмым па-беларуску, я быў упэўнены, што ўжо тут мой запыт да клясычнай савецкай афіцыянткі знойдзе самы станоўчы й жывы несавецкі адказ. Ажно памыліўся. І на гэты раз адраджэнцы расчаравалі.
- Ці часта кліенты да вас зьвяртаюцца па-беларуску?

- Нет. Не часто.

- Ну як ня чатста? Раз на месяц, раз на год?

- Ну так очень редко. Может раз в неделю, вот так вот.

- Гэта маладыя людзі, ці сталага веку?

- Сталага веку.

- Скажыце, вам прыемна чуць ад іх беларускую мову, ці не?

- Канечна, эта ж наша ўсё такі. Ну інцірэсна очань. Да...

- А вось уся моладзь, якая тут тусуецца... Вы ад яе беларускай мовы ня чулі.

- Нет. Никогда не слышала. Все говорят только на русском языке.

Усялякае чакаў пачуць, але каб тут - "раз на тыдзень"... Дзеля падняцьця моўнага тонусу я рызыкнуў зайсьці ў "Тэатральны разьезд". Дзе ў паўзмроку за стойкай сумавала жалобнага выгляду бармэнка.
- Ці часта ў вас замаўляюць па-беларуску?

- Нет. Довольно редко.

- Ну рэдка. Раз на тыдзень, раз на месяц, раз на год?

- Не, ну у нас как-бы цеатралы здесь часто присутствуют. Поэтому общаюцца они тоже иногда на белорусской мове. Они как-то часть на русском, часть на белорусском. Поэтому, чисто на белорусском языке я не слышала ни от одного артиста.

Заліць сваю кручыну, з нагоды таго, як мала нашых у горадзе, я пайшоў у рэстарацыю "Патио-пицца". Таму, што толькі ў гэтай рэстарацыі ёсьць цудоўны кактэйль з такой адпаведнай нашаму дню назвай - "Уайт раша". Зрэшты, кактэйль смачны. Яго мне прынес двухмэтровы кораткастрыжаны "гангстэр" у чырвонай камізэльцы. У ягоных адказах я ўжо не сумняваўся.
- Ці часта да Вас кліенты зьвяртаюцца па-беларуску?

- Нет. В основном на русском. Ну русский язык, иногда иностранцы еще заходят.

- А беларускую мову Вы тут ня чулі ў прынцыпе.

- Нет, почему... Было. Приходилось пару раз. Редко очень.

- Ну як рэдка?

- Ну раз в два месяца, может больше. Может еще реже.

- Гэта маладыя людзі, ці сталага веку?

- Ну, пожилиые - порядка так лет сорок-пятьдесят. Где-то так. Видно которые в оппозиции где-то там работают, какое-то отношение к ней имеют. Вот они и разговаривают на белорусском языке.

- І як гэта ўспрымаецца асабіста Вамі?

- Вполне естественно. Тут каждый день разговаривают на разных языках. Много людей заходит разных. Ничего особенного в этом нету, по-моему. Ну, родной язык... Надо уважаць...

Болей нікуды ісьці не хацелася. Адкрыцьцяў мне хапіла. Першае, гэта тое, што нас сапраўды вельмі мала. Беларускамоўнай моладзі дый ня моладзі таксама. І гэта сумна. А другое, што міт пра страшных афіцыянтаў ды іншы сэрвісны пэрсанал, які ніколі нас не зразумее і заўжды гатовы нахаміць нам, культурным і беларускамоўным, - усяго толькі ілжывы міт. Прыдуманы, нібы адмыслова дзеля апраўданьня уласных комплексаў".

(Сяргей Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік задаваў афіцыянтам менскіх кавярняў пытаньне: ці часта іхныя кліенты замаўляюць ім па-беларуску. Аказалася, нячаста, амаль ніколі.

А вось каб тыя дзьве-тры тысячы актывістаў, што на 25 Саквіка зьбіраюцца каля помніка Янку Купалу, заўсёды і паўсюль замаўлялі па-беларуску, а бармэны з афіцыянтамі навучаліся ім па-беларуску адказваць - уявіце, як бы зьмяніўся клімат у беларускай сталіцы, а можа быць і сама сталіца. У прынцыпе гаворка ідзе пра тое, што ўсе ахвочыя да беларушчыны могуць зараз жа ісьці і замовіць сабе мову. Для гэтага няма асаблівых аб'ектыўных перашкодаў. Перашкода толькі суб'ектыўная - у сабе.

Праўда, сказаць, што моўная непасьлядоўнасьць беларускіх адраджэнцаў мае выключна псыхалягічную прычыну, было б не зусім дакладна. Хутчэй за ўсё, тут ёсьць яшчэ прычына эвалюцыйная. Выглядае, што беларускія адраджэнцы чытаюць і завучваюць вершы любімага паэта нацыі Максіма Багдановіча.

Народ, Беларускі Народ!
Ты - цёмны сьляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі
Цябе не пушчалі зь ярма
І душу тваю абакралі, -
У ёй нават мовы няма.

Бязьмежная і салодкая крыўда на сьвет цэлы перапаўняе душу сучасьніка, хоць ты заліся тымі сьлязьмі, разрыдайся, так невыносна робіцца на душы, але й так хораша! Натуральна, завучаны верш сваёй плянэтарнаю крыўдай узносіцца і ўзносіць цябе па-над мізэрным бытам, і яшчэ саладзей робіцца ад таго, што замест "філіжанкі кавы" само-сабою выскоквае зь цябе "чашечка чаю" - нібы яшчэ адно найкрыўднейшае пацьверджаньне таго, што душу тваю народную - абакралі.

Але ж перагарні старонку. Прыйшоў час завучваць напамяць іншы верш клясыка.

Кінь вечны плач свой аб старонцы!
Няўжо ж у цёмнай ночы ты
Ня бачыш, што глядзіцца сонца
Ў люстэрка - месяц залаты?

Ня згасла сонца! Сонца гляне,
Усіх падыйме ада сна.
Ён, гэты дзень, яшчэ настане, -
І "ачуняе старана"!

Я пад яе зімовай маскай -
Пад сьнегам - бачу твар вясны,
І вее верш мой дзіўнай казкай,
І ясны ён, як зорак сны”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.