|
|
28 Жніўня 2000
|
10 гадоў Закону аб мовах у Беларусі. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
1 верасьня 2000 году мусіў цалкам уступіць у сілу Закон аб мовах. Гэта значыць, што мы павінны былі б жыць у зьмененай краіне - беларускамоўнай і, верагодна, дэмакратычнай, арыентаванай на Эўропу, без калгасаў, з усеагульнай пашанай да прыватнае ўласнасьці, а значыць, і з рэстытуцыяй, калі экспрапыяваная маёмасьць была б вернутая колішнім гаспадарам. Беларускамоўныя адукацыя, абслуга, дзяржаўны апарат - а менавіта такімі яны мусілі стаць пасьля поўнага ўступленьня Закону ў сілу - і не прадугледжвалі іншага разьвіцьця агульнага ляндшафту краіны. Ну сапраўды, беларуская мова тут павінна была адыграць ня столькі нават фармальную ролю, колькі псыха-лінгвістычную. Бо цяжка ўявіць сабе вэтэрана-сталініста, які б афармляў свае штампы-сэнтэнцыі ў беларускую моўную абалонку. Або - прарасейскае рабалепства афіцыйнай праваслаўнай царквы, якое б выказвалася беларускімі словамі. Ды й тыя сэлектарныя нарады зь іхнай непачцівасьцю да ўзросту і досьведу ўдзельнікаў, чынавенскім хамствам. Беларушчына мусіла зьмяніць традыцыйны савецкі лад дачыненьняў, заснаваны на вялікай і малой хлусьні, бо тая хлусьня, якую неяк прыладкаваліся перакладаць на гэткую ж хлусьлівую наркомаўку (якой ніхто зь перакладчыкаў у жыцьці й не карыстаўся), надта б тырчала пры перакладзе на жывую мову. Тут бы выявілася, да прыкладу, і розная эмацыйная афарбаванасьць беларускае і расейскае лексыкі. Прыблізна так, як гэта можна назіраць у Польшчы або ў Літве, дзе, скажам, расейскія ппсэўдапатрыятычныя сэнтэнцыі пра чачэнскіх бандытаў у перакладзе на польскую або літоўскую страчваюць свой накал і гучаць недарэчна і непераканаўча. Як непераканаўча гучаць і папулісцкія сэнтэнцыі Лукашэнкі, пераказаныя беларускімі словамі.
Але закон аб мовах, на ўступленьне якога ў поўную сілу адводзілася 10 гадоў і які мусіў такі запрацаваць 1 верасьня сёлета, у сілу не ўступіў. Верагодна таму і не ўступіў, што інакш было б зьмененае палітычнае, культурнае, а нават і эканамічнае аблічча краіны. Зь іншага боку, ягоная параза пераканала нас, што без такога закону, бяз мовы Беларусь ніколі ня вырвецца з чэпкіх абдымкаў постсавецкае стагнацыі. Менавіта мова - наш шанец разьвітацца зь мінулым і зрабіць крок у будучыню. Прашу гэтыя словы ўспрымаць не як патасны лёзунг, а як тэхнічны дыягназ.
Такім чынам, неўступленьне ў сілу беларускага Закону аб мовах стала прычынай і вынікам нашага цывілізацыйнага адставаньня ад суседзяў, якія даўно пераадолелі многія заганы савецкага паўнявольніцкага быту. Чаму ж так здарылася і што адбылося з самым законам, куды прапала ягоная юрыдычная сіла? Адказ на гэтыя пытаньні ўзяўся адшукаць Зьміцер Бартосік.
(Зьміцер Бартосік: ) "Наўрад ці здагадваліся дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІ скліканьня, якія ў студзені 1990 году прымалі Закон аб мовах у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, што першымі, хто пацерпіць ад іхнай прагрэсіўнай ініцыятывы, будуць узбэкі. Так, так, канкрэтныя ўзбэкі ў адной з вайскова-будаўнічых частак, што дысьлякаваліся ў Волагдзе, і дзе я праходзіў сваю тэрміновую службу. У так званых "страйбатах" не было дзедаўшчыны. Пераважала "зямляцтва" - парадак, пры якім панавалі тыя, чыя нацыя пераважала ў казарме. Дзякуй Богу, апошні год маёй службы прыпаў на "беларускую ўласьць". Менавіта так гэта называлася.
Газэты й часопісы на нацыянальных мовах прыходзілі ў частку хоць і са спазьненьнем, але рэгулярна. У пачатку сьнежня прыйшла й тая "Звязда", дзе быў надрукаваны "Закон аб мовах". На маё немалое зьдзіўленьне, газэта сярод "бульбашоў" карысталася надзвычайнай папулярнасьцю. Раптам высьветлілася, што мае расейскамоўныя саслужбоўцы з Магілёшчыны й Віцебшчыны ведаюць даволі шмат беларускіх словаў. А дваццаціпяцігадовы сяржант Толік Тумашэўскі з Воршы, акрамя высачэзнага росту й прыхільнасьці да алькаголю, вылучаецца яшчэ й немалым дарам пэдагогікі. Менавіта ён і наладзіў бясплатныя ўрокі беларускай мовы для воінаў Ісламу. Ужо праз тыдзень сярэднеазіяты ведалі сэнс такіх словаў, як ануча і "калы ласка, запалка, таварыша сяржант".
Наша служба кацілася да канца, і любая навіна з дому успрымалася намі ў крыху гіпэртрафаваным выглядзе. Памятаю тыя дэмбэльскія дыскусіі. "Дык што, калі вернемся, там ўжо усе па-беларуску базараць?" "Ды не. Па закону ж усе даўжны гаварыць толькі ў двухтысячным". "А, ну тагда нічаго. Да двухтысячнага яшчо жыць і жыць..." Ён здаваўся такім далёкім і загадкавым, той двухтысячны. Дзе ўсё будзе так фантастычна й незнаёма. А тое, што ў Беларусі ўсе будуць гаварыць па-свойму, нам, дарэчы, не здавалася фантастыкай.
Той час узгадвае старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў.
- Справа ў тым, што к гэтаму часу людзі ўспрымалі ўсё станоўча. Таму што хваля адраджэньня пачалася раней. Гэта дзесьці з восемдзесят восьмага году. Гэта ўжо былі стотысячныя мітынгі БНФ. Гэта былі ўжо тысячы адраджэнцаў, якія на вуліцах размаўлялі па-беларуску. Гэта быў нават рух нацыянал-камуністаў на чале з Пятром Краўчанкам. Калі пераводзіліся партыйныя арганізацыі на беларускую мову. Таму людзі ўспрынялі ў васноўным станоўча. Тым больш ня трэба забываць, што адбылась перабудова ў межах СССР. І многія рэспублікі ўжо прынялі адпаведныя законы. І людзі ведалі. Таму прыхільнікаў было намнога больш, чым адмоўнікаў. Больш таго, упершыню камуністы наладзілі грамадскае абмеркаваньне Закона аб мовах, думаючы, што яно праваліцца. Паступіла па-мойму там чатырнаццаць альбо пятнаццаць тысяч лістоў грамадзян у падтрымку й аказалася, што працэнтаў восемдзесят "за" і працэнтаў дваццаць "супраць". І гэта быў козыр для дэпутатаў. Так што, народ к гэтаму закону быў гатовы. Тым больш, што закон быў даволі слабы, даволі памяркоўны. Тым больш, што усе іншыя суседзі давалі пяць гадоў. Мы давалі дзесяць. Наш закон быў самым мяккім з усіх законаў СССР. Чаму радыкальная інтэлігенцыя была супраць, напрыклад. Я й сам лічыў, што зашмат дзесяць гадоў. Лічыў, што трэба пяць-шэсьць. І зараз так лічу. Што, каб далі менш, хутчэй бы за гэтыя пяць гадоў беларусізаваліся.
Далёка ня ўсе, дарэчы, ведаюць пра ролю дэпутатаў расейскай культуры ў лёсе таго закону. Сёньня, празь дзесяць гадоў некаторым фактам ды імёнам гісторыя пачынае плаціць удзячнасьцю. Для мяне, напрыклад, быў прыемным адкрыцьцём той факт, што наш Закон аб мовах, які ўжо было зьбіраліся заваліць, выратаваў актор расейскага тэатра Расьціслаў Янкоўскі. Вось што ўспамінае Алег Трусаў:
- Калі прымалі Закон аб мовах супраць выступалі бюракраты мясцовай гадоўлі. І калі Янкоўскі выступіў са сваім шармам і сказаў: "Ды што вы робіце! Ды давайце прымем" - толькі чалавек дваццаць прагаласавала супраць. Тое самае было й у нас. Калі канчаткова прымалася канстытуцыя, ветэраны не хацелі галасаваць за беларускую мову - толькі дзьве мовы. І калі выступіў іх нефармальны лідар генэрал, баявы генэрал Гетц. Які ў танку гарэў, калі вызваляў Беларусь. Ён, канечне, быў чалавек сталінскіх паглядаў, але вельмі сумленны. Ён сказаў: "Ды навошта нам раскалваць грамадства? Сябры, давайце прымем - дзяржаўная мова - беларуская, а руская - мова міжнацыянальных зносін. Авацыя ў залі, і на табло дзьве трэціх. Таму і Янкоўскі, і Гетц - гэта людзі, якіх трэба ну такімі залатымі літарамі... Гэта людзі, якія вартыя, каб іх імёны засталіся на скрыжалях беларускага пісьменства.
На жаль, не знайшоў я цяпер у Менску Расьціслава Янкоўскага, недзе ён у адпачынку. Але нагода сустрэцца зь ім, бадай, большая за каляндарныя прывязкі. Таму гутарка адкладаецца на пазьнейшы час.
Сёньня ж, гартаючы цененькую брашурку Закона аб мовах, набытую мною адразу пасьля дэмабілізацыі, я пачуваюся нават крыху сьмешна. Як з такім, больш чым памяркоўным законам, зьбіраліся пераламіць моўны рэжым савецкай рэспублікі? Відавочна, што гэты дакумэнт быў асуджаны на паразу ў бітве з нашмат больш важкімі законамі гісторыі. Усе гэтыя юрыдычныя лазейкі кшталту "або іншая прымальная мова" не пакідалі ніякіх шанцаў прыхільнікам моўнай рэвалюцыі. Зрэшты, пачатак быў пакладзены. Мэта таксама была бачная - 1 верасьня 2000 году, калі, згодна з Законам, па-беларуску павінны былі загаварыць суды й пракуратуры. Ім чамусьці далі самы вялікі тэрмін на навучаньне - як самым тупым, ці што... Пасьля ўсіх паштамтаў, крамаў ды даведачных бюро. Якім на вяртаньне сьвядомасьці даваліся першыя тры-пяць гадоў.
Сам я першага верасьня дзевяноста трэцяга году, так бы мовіць, першай чаргі Закону аб мовах, сустрэў у горадзе Слоніме, у кампаніі са сваім расейскім кузэнам, што прыехаў паглядзець на блізкае замежжа, пакуль яно яшчэ ня стала незваротна далёкім. Зрабіўшы сабе й братану невялічкі падарунак у выглядзе чорнай шапачкі з доўгім брылём і белаю "Пагоняй" над ім - плён нацыяналістычнага парыву мясцовай лёгкай прамысловасьці - мы, як два паліцаі заваліліся ў мясцовую рэстарацыю "Шчара". Дзе я вырашыў праверыць, як закон суадносіцца з рэыльным жыцьцём. І во дзіва! Закон дзейнічаў! Немаладая савецкая афіцыянтка выдатна мяне разумела, і без памылак адказвала. На яе фразу "зараз прынясу рэшту", я адказаў ад усёй душы - "Дзякуй! Рэшты ня трэба!" Кузэн пазіраў на мяне, як на жывога амерыканца. Сказаў толькі: "А я ведь ни хрена и не понял". "Это Белоруссия. Понял?", - адказаў я, вельмі горды за сваю краіну. Як вядома, верасень дзевяноста пятага году, калі павінна была ўступіць другая чарга Закону, быў адменены траўнем.
Даволі цяжка ўявіць карціну нашага жыцьця, калі б той закон выконваўся ўсімі. Мы б мелі ня толькі беларускамоўныя школкі й садочкі. Але й, магчыма, такія праблемы, як моўны раскол у войску, моўная дыскрымінацыя ў сфэры абслугоўваньня ці хуліганства на лінгвістычнай глебе. Можна нават пафантазіраваць. Вось радыёпаведамленьне: "Учора ў горадзе невядомымі асобамі былі разьбітыя яшчэ тры вітрыны, аформленыя ў рускамоўным варыянце. Крымінальная справа ўзбуджаная й сьледзтва ўжо вядзецца. Толькі ці ня лепш было адразу гаспадарам тых крамаў не ствараць сабе праблемаў з Законам аб мовах і ягонымі ня самымі лагоднымі прыхільнікамі". Гаворыць спадар Трусаў:
- Справа ў тым, што ён афіцыйна зьменены. Не адменены, а ў яго палата ўнесла такія зьмены, што фактычна яны яго скастрыравалі. Па-беларуску вылегчалі. Там увялі такія дробязі, якія яго зрабілі фактычна мёртвым. "Ці-або". Шыльды могуць быць ці па-беларуску, ці па-руску. і гэтак далей. І ўставіўшы вось гэтыя рэчы фактычна яны далі магчымасьць не ўжываць беларускую мову афіцыйна ўсім, хто ня хоча ёю карыстацца. Вось ганебная сутнасьць новых дадаткаў да старога закону. Адзінае, што нас зараз ратуе - гэта пяцідзясяты артыкул дзеючай канстытуцыі, апошняй. Там усётакі застаўся запіс, што кожны мае права валодаць роднай мовай і гэтак далей... І калі мы з чыноўнікамі вядзём перапіску, яны нам закон дасылаюць, а мы ім дасылаем артыкул канстытуцыі й мы выйграём, бо канстытуцыя вышэй. Таму, тое што яны зрабілі, яны фактычна амаль што яго зрабілі мёртвым.
Гэты закон даў нам пяць год. Гэта роўна столькі, колькі было ў нас у дваццатыя гады, пад час беларусізацыі. Але за гэтыя пяць год. Паколькі гэты закон прыпаў на незалежнасьць было зроблена ў пяць ці шэсьць разоў больш, чым у тыя пяць год другой паловы дваццатых. Я вас скажу статыстыку. За гэтыя пяць год зь дзевяностага па дзевяноста пяты беларускамоўных выданьняў валам было зроблена роўна столькі колькі за чатырыста год пачынаючы ад Скарыны. Мы палічылі. У гэты час выйшлі ўнікальныя энцыклапедыі. Выйшлі кнігі нашай эміграцыі, Упершыню наша беларуская плынь злучылася. І па-трэцяе, беларуская школа вярнулася ў горад. У Менску к дзевяноста пятаму году ўжо больш паловы вучняў вучылася па-беларуску. І гэты закон зрабіў незваротным працэс адраджэньня. Вось бачым вынікі перапісу. Вазьміце вынікі да закону, і пасьля. Пры тым пяць год усё зьнішчалася, а мы атрымалі трыццаць сем працэнтаў, якія заявілі, што кожны дзень па-беларуску гавораць.
Сярод гэтых хлусьліўцаў была й мая расейскамоўная маці. А, можа, рана нам яшчэ хаваць той папяровы закон? І першага верасьня двустысячнага году - добрая нагода не для таго, каб яго памянуць. А пачаць набліжаць яго да рэальнага жыцьця. Без усялякіх "або-або".
(Сяргей Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік прасачыў гісторыю беларускага Закону аб мовах, які пасьля ўмяшаньня ў тэкст цяперашняга непрызнанага ў сьвеце парлямэнту страціў сваю юрыдычную сілу.
Дарэчы будзе згадаць, што менавіта законы аб мовах сталі першымі здабыткамі постсавецкіх краінаў - ужо пасьля пайшлі сувэрэнітэты і незалежнасьці, разьвітаньні з сацыялізмам. Але найперш было зьнятае тое імпэрскае прыцягненьне, расьсечаны той ланцуг, якім калёніі былі прывязаныя да імпэрскае мэтраполіі.
Усё, што адбылося ў Беларусі за гэтыя дзесяць гадоў - было толькі вяртаньнем, у якім фактычная ліквідацыя закону аб мовах стала галоўнай вяхою. Але вяртаньне не прынесла ані здабыткаў, ані адчуваньня сатысфакцыі ці якога рэваншу ні ініцыятарам, ні ўсім астатнім. Бо таго, што можа і сагравала чыесьці душы за савецкім часам - ня вернеш. А беднаваты, шэраваты, аднастайны тагачасны антураж тых пачуцьцяў - зусім ня тое, да чаго б імкнуўся хоць хто, хоць бы і самы заўзяты цемрашал. Што гэта значыць? Гэта значыць, што любы поступ для Беларусі - краіны, нацыі, чалавека - ляжыць у тым самым накірунку, куды памкнуліся былі дзесяць гадоў таму. Гэта значыць, што рана ці позна давядзецца адмяняць усё наварочанае за мінулыя пяць гадоў і пачынаць той самы шлях спачатку. І зноў галоўнай вяхою будзе аднаўленьне дзейнасьці закону аб мовах. Калі тое будзе? Можа праз год, а можа і праз сто гадоў, калі Беларусь пагасьцюе ў складзе новастворанага расейскага саюзу. Пагасьцюе адно дзеля таго, каб пераканацца, што ня там яе шчасьце. Гісторыя яшчэ нічому нас як нацыю не навучыла. Дакладней, мы як нацыя яшчэ не гатовыя ўспрымаць яе ўрокі. Такі сабе дашкольны век. Але ж і ён рана ці позна скончыцца”.
|
|
|
|
|
|
|