|
|
8 Кастрычніка 2000
|
Гімн бяз мовы. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Працягваючы сёньня тэму Алімпійскіх гульняў і іхнага псыхалягічнага ды культурнага кантэксту, скажу некалькі словаў, чаму я гэта раблю. Беларуская супольнасьць сёньня існуе даволі ізалявана ад шырокага сьвету. Найчасьцей вакно ў гэты сьвет паказвае толькі далёкае расейскае жыцьцё або і зусім прыдуманыя і таксама ж чужыя твары і сытуацыі заакіянскіх сэрыялаў. Пра тое, каб паспаліты беларус жыў у стане заўсёднага суаднясеньня свайго з чужым, хоць бы так як гэта адбываецца паміж суседзямі ў вёсцы або гарадзкім пад'езьдзе, няма і гаворкі. У прынцыпе такая псыхалягічная сытуацыя, якая мае месца на асабовым бытавым узроўні, на ўзроўні нацыянальным у нас немагчымая. Адсюль і разьдзел сьвядомасьці, адказны за нацыянальнае, застаецца незапоўненым, нерабочым, нежывым. Ён наглуха забіты бяссэнсавымі фразамі пра нейкі свой адметны шлях, варожы Захад і родны Ўсход, якую-небудзь шматвэктарнасьць, бліжняе замежжа Туркменістан і дальняе - Польшчу - словам, цэлай кучай такога вось славаблудзтва, якое нават і захацеў бы прадумаць - не прадумаеш, бо за ім пустата.
Вось жа Алімпійскія гульні даюць абсалютна ўнікальную магчымасьць хоць на пару тыдняў адчуць сябе, сваю нацыяю і сваю краіну ў супольнасьці астатніх. На гэты час нібы вынімаецца зь сьвядомасьці той славаблудны корак і доступ да разьдзелу нацыянальных думак і пачуцьцяў, да самаідэнтыфікацыі - адкрыты. Гэта зусім ня значыць, што ён зараз жа будзе напаўняцца, бо занадта доўга быў у нерабочым стане. Хто ведае, магчыма, калі б Алімпіяда зь яе шырокімі тэлетрансьляцыямі цягнулася бясконца, магчыма ўжо гэтага было б дастаткова, каб узроўні нацыянальнае сьвядомасьці народаў выраўняліся - і тыя, хто адстаў, дагналі б пярэдніх, самых разьвітых. Бо што можа быць больш яскравым візуальным увасабленьнем нацыянальнага пачуцьця, чым змаганьне каманды тваёй краіны за перамогу, за якім ты сочыш у рэальным часе. І ня ты адзін, а ўся твая нацыя сочыць і перажывае падобныя пачуцьці. Тое, што адбываецца ў душах у Сыднэі нібы ў праекцыі адбываецца і ва ўсёй Беларусі. Словам, калі казаць прасьцей, гэта самы час, калі можна з паспалітым беларускім чалавекам гаварыць пра нацыянальнае і калі твае пытаньні ня будуць гучаць недарэчна або, скажам так, вузкаспэцыяльна. Вось жа ў сёньняшняй перадачы мы вырашылі гаварыць з паспалітым беларусам пра гімн. Пройдзе яшчэ пару тыдняй, падзеі Алімпіяды і выкліканы ёю спэцыфічны кароткатэрміновы агульны настрой скончыцца, людзі зноў замкнуцца ад таго, каб разважаць пра такія "пустыя" рэчы, як нацыянальная сымболіка. Пакуль жа ў іх уяўленьні жывыя тэлекадры іншых гімнаў і сымболік, тэма гэтая не падаецца ім "пустою" і яны гатовыя разважаць у адказ на нашае пытаньне.
Пытаньне крыху правакацыйнае: Чаму беларускія пераможцы ў Сыднэі не сьпявалі свой нацыянальны гімн? Правакацыя ў тым, што існуе элемэнтарны адказ - бо ў цяперашняга беларускага гімну няма словаў. Але тут ёсьць і правакацыя культуралягічная. Бо з амаль пяцідзесяці апытаных вулічных мінакоў толькі два, здаецца, здаволіліся такім адказам. Астатнія альбо проста ня ведаюць, у чым справа, альбо схільныя гаварыць пра рэчы не арытмэтычныя, а пра сутнасныя - пра тую самую нацыянальную сьвядомасьць альбо пра беларускі гімн, як пра недарэчную савецкую спадчыну. Дазволю сабе выказаць некалькі сваіх меркаваньняў пра нацыянальны гімн, пра які мы некалі гаварылі, але час ідзе, зьмяняюцца і некаторыя погляды.
У кароткі пэрыяд алімпійскіх тэлетрансьляцыяў мы са Зьмітром Бартосікам паспрабавалі правакацыйным чынам пранікнуць у прачыненыя на гэты час душы беларусаў і адшукаць там нацыянальнае пачуцьцё. Звычайна, калі ў паветры няма такога кантэксту, які даюць міжнародныя спаборніцтвы, пытаньні пра сваё нацыянальнае менскія мінакі ўспрымаюць як пустыя або вузкаспэцыяльныя.
Калі глядзіш на алімпійскага чэмпіёна, які стоячы на залатой прыступцы варушыць вуснамі пад музыку свайго нацыянальнага гімну, разумееш, што ў душы ён сьпявае на поўную сілу, прычым адзін сьпявае як ўсе хары бацькаўшчыны разам узятыя, і сьпеў ягоны роднасны малітве. Афіцыйная бязмоўнасьць дзяржаўнага гімну ў такім кантэксьце выглядае не па-людзку ў дачыненьні да пераможцы, які абдзелены на галоўны спосаб выказваньня свайго шчасьця і падзякі той краіне, якую прадстаўляе.
Гісторыя бязмоўнасьці беларускага гімну доўжыцца ўжо дзесяць гадоў. З тых часоў, калі словы "Мы беларусы з братняю русьсю" і "Леніна імя" і "партыі слава" сталі гучаць у зьмененай краіне недарэчна. Пасьля пачаліся ўсялякія конкурсы і дыскусіі, калі найперш на ўшанаваньне прэтэндавалі клясычныя беларускія гімны самага рознага кшталту - ваяцкая песьня "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", што была гімнам БНР, гімн-песьня "Пагоня", малітва "Магутны Божа" і ўсё той жа бээсэсэраўскі гімн "Мы беларусы", але толькі музыкай Нестара Сакалоўскага і са зьмененымі словамі. Натуральна, пасьля 95 году гэтыя дыскусіі страцілі сэнс, сіламоц была вернутая савецкая сымболіка разам з гімнам бяз словаў. Так яно ўсё і застаецца дагэтуль.
У алімпійскім кантэксьце гімн бяз словаў прадстаўляе краіну бяз мовы, нейкую недавершаную, недафармаваную краіну. Ёсьць, праўда, і іншыя варыянты, як у выпадку з Расеяй. Але Расея складаецца з мноства народаў і краінаў і там бясслоўе сьведчыць не пра недавершанасьць, а пра пэўны ўнівэрсалізм. Што да Беларусі, дык гімн стаўся выразным вобразам краіны. Дакладней тым вобразам, які з упартасьцю прыдае ёй кіраўніцтва на працягу апошніх шасьці гадоў. Гэта сапраўды краіна бяз мовы, без нацыянальных пачуцьцяў, з паўразбуранай незалежнасьцю. Я ўжо не кажу пра эканоміку, сацыяльную сфэру, культуру, дзе з абсалютнай пасьлядоўнасьцю фармуецца гэткі самы вобраз - паўразбуранасьці. А нават тыя паўрэпрэсіі, якія кіраўніцтва ўжывае ў дачыненьні да сваіх апанэнтаў - і яны цалкам адпавядаюць гэтаму нашаму паўгімну. І не відаць жа ніякага канца ідэалёгіі паўразбуранасьці. Праўда, не відаць і яе працягу. Яна якбы паўжывая - ні жывая, ні мёртвая. Верагодна, для ўладаў гэта найпрасьцейшы спосаб існаваньня, каб прэтэндаваць на вечнасьць.
Але вярнуся да колішняе дыскусіі пра выбар гімну.
Пад акампанэмэнт аўстралійскіх урачыстасьцяў найлепей уяўлялася малітва. "Магутны Божа". Магутны Божа! Ўладар сусьветаў, вялізных сонцаў і сэрц малых... Сапраўды гімнавыя радкі, сакральныя... над Беларусяй ціхой і ветлай... "Ветлай" крыху дысануе, крыху "ад галавы", для рыфмы... рассып праменьне Свае хвалы... Зноў вельмі высока і ўрачыста... Дай спор у працы будзённай, шэрай... Апошняе слова крыху якбы "гарадзкое", праца ў вясковым кантэксьце часта бывае нуднай, толькі ня шэрай, але зусім не абавязкова мусіць быць гэткай. Цяжка ўявіць сабе, да прыкладу жнеек, што пяюць за шэрай працай. Шэрая - значыць ніякая. Магчыма, параўнаньне будзе некарэктным, але ўсё ж заўважу, што Геніюш бы так не напісала. Але працягнем... на хлеб штодзённы, на родны край. Павагу, сілу і веліч веры у нашу праўду, у прышласьць - дай!.. Тут надта публіцыстычная "веліч веры", яна ўспрымаецца як адкрыта прапагандысцкі пасыл, бо вера ёсьць або яе няма, яна вельмі інтымная, блізкая, свая. Нейкі тут далёкі водгук Тургенеўскага "великого и могучего русского языка", з чым эстэтычна ніяк нельга пагадзіцца. Дастаткова, скажам, перакласьці па-беларуску, каб гэта адчуць - вялікая і магутная мова! Гэта ў Караткевіча, здаецца, мова сінічкай азяблай цінькае. Хай сабе зноў некарэктнае параўнаньне, але тое ж зь верай. Мова і вера ў паэтычным тэксьце вельмі блізка. Далей... Дай урадлівасьць жытнёвым нівам, учынкам нашым пашлі ўмалот. Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай краіну нашу і наш народ!.. Фантастычна як для гімну. Такое ідэальна пасуе для сьпяваньня на залатой прыступцы. І мой караценькі разбор - чыста руцінны, калі б "Магутны Божа" разглядаўся як верш. Для гімну такі разбор не пасуе. І вось чаму.
Досьвед іншых краінаў сьведчыць, што словы гімну па вялікім рахунку нічога ня значаць, у сэнсе - не ўспрымаюцца як значэнныя. Калі б гэтак разважлівым вокам глядзець на тэксты, дык большасьць гімнаў, верагодна, трэба было б забракаваць альбо ўсчаць вакол іх бясконцую дыскусію і без канца праводзіць конкурсы. Да прыкладу, у літоўскім гімне я знайшоў толькі адзін радок, што нейкім чынам характарызуе нават не краіну, а можа быць мэнтальнасьць літоўцаў. Яны сьпяваюць - Літва, бацькаўшчына мая, ты волатаў зямля. І ўсё. Усе астатнія словы - абсалютна ўнівэрсальныя і пасуюць для любога іншага народу сьвету.
Але калі нічога ня значыць літаратурная частка гімну, дык тут ёсьць іншая незаменная дэталь. Словы дзяржаўнага гімну павінны быць на роднай мове. Вось самае істотнае патрабаваньне. Тому алімпійцу, што шэпча свой гімн самае істотнае менавіта гэта, а ня тое, пра што там ён шэпча. Гэта словы, на якія адгукаецца ягонае сэрца, бо яны чутыя з маленства і самым сваім гучаньнем вяртаюць яму ў далёкай Аўстраліі адчуваньне радзімы.
Цяпер я магу ўжо не карыстацца досьведам апошняе алімпіяды, а напрасткі перайсьці да нашае беларускае сытуацыі. Са сказанага пра няважнасьць зьместу, але важнасьць мовы гімну наўпрост можам зрабіць выснову пра тое, чаму сёньняшні беларускі гімн словаў ня мае. Сьведама ці падсьведама на гімне адбілася тая палітыка, якую праводзяць сёньняшнія ўлады. І рэч ня ў лепшых ці горшых словах, якія так і не знаходзяцца для сакалоўскага гімну, а ў беларускай мове, якой паўнавартаснае і шырокае існаваньне сёньня забароненае. А да таго, каб наляпіць на "Мы беларусы з братняю русьсю расейскія словы" сытуацыя яшчэ не дасьпела. Ідэалягічнаму атачэньню цяперашняга кіраўніка дзяржавы давядзецца яшчэ нямала папрацаваць над затаптаньнем беларушчыны і ўзьвелічэньнем расейшчыны, каб беларускі народ не адчуў дысанансу, сьпяваючы гімн сваёй Бацькаўшчыны на великом и могучем языке".
|
|
|
|
|
|
|