news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



15 Кастрычніка 2000
 
Тапанімічная рэвалюцыя.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Беларускі лёс - наслаеньне акупацыяў, кожная зь якіх пакідае свой сьлед. Гуманітарныя адбіткі - у назвах вуліц, якія накладаюцца адна на адну, утвараючы такім чынам культурны слой. Нібы рэстаўратар, ты сашкрабаеш слой за слоем, і перад вачыма паўстаюць фрэскі, што пісаліся адна на адну. Расейская акупацыя, савецкая, нямецкая, польская, зноў савецкая, зноў нямецкая, зноў расейская... Ты ведаеш, што самая аўтэнтычная, самая "правільная" фрэска недзе пад усімі гэтымі наслаеньнямі. Так спазнаецца гісторыя краіны і нацыі, і горада. Але ня толькі гісторыя. Па сёньняшніх назвах вуліц мы бачым, што ў душах тутэйшых людзей робіцца сёньня. Атрымліваем праўдзівыя зьвесткі таго, чым жыве край. Газэты і прамоўцы могуць хлусіць, розум насельнікаў можа быць затлумлены аблуднымі ідэямі ці памкненьнямі. Але назвы вуліц ня хлусяць, яны адлюстроўваюць гэты абсурд настрояў, як самыя жорсткія сьведкі. Сапраўды, мясцовыя жыхары могуць не задумвацца над дысгарманічнымі спалучэньнямі, калі распавядаюць, што трэба з вуліцы Леніна зьвярнуць на праспэкт Скарыны, а пасьля выйсьці на Камсамольскую. Яны могуць не задумвацца, але назвы ў такіх спалучэньнях выкрываюць усю праўду пра стан іхных розумаў і тое, як яны жывуць.

Я кажу пра ўсю краіну, бо ў справе назваў вуліц правінцыя ўся мэханічна паўтарае сталіцу. Таму гледзячы на Менск, мы можам гаварыць і пра ўсю Беларусь.

Менск не перажыў тапанімічную рэвалюцыю часоў перастройкі. Хоць былі і камісіі, і вялізныя сьпісы прапановаў з падрабязным абгрунтаваньнем. Сёе-тое зьмянілі, але бадай гэтым прыўнесьлі яшчэ больш эклектыкі ў гарадзкі кантэкст, які збольшага так і застаўся расейска-савецкім. Сёньня няма ўжо тых камісіяў, таго імпэту і тае выверанасьці ідэяў. Між тым, дзесяцігадовы досьвед суседніх краінаў засьведчыў, які прынцып пры пераназываньні вуліц мусіць быць галоўным. Якраз пра прынцыпы ў нас некалі і спрачаліся найболей. Дык вось, галоўнае, як высьвятляецца, гэта нават ня тое, які слой пасьлядоўна адкрываць. Галоўнае - тое, каб была гармонія гучаньня, зьместу назваў і каб яны не ўступалі адна з адной у недарэчныя спалучэньні. Вось жа сёньня ў Вострай Браме мы і будзем гаварыць пра тое, як гэтая ідэя шчасьліва ўвасобілася ў нашых посткамуністычных суседзяў.

Пачнем зь Вільні - старой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Пра віленскія вуліцы распавядае Сяргей Харэўскі.

(C.Харэўскі: ) "Неяк у юнацтве, начытаўшыся пра "белагаловага консула" у Японіі Язэпа Гашкевіча, паехаў я ў Вільню, каб знайсьці ягоную магілу. З пошукам могілак някіх праблемаў ня ўзьнікла. Дарослыя віленчукі адразу скіравалі мяне на Ліпоўку, на старасьвецкія Спаса-Эўфрасінеўскія клады. Усе ведалі гэтыя назвы, а вуліца й тады й цяпер завецца Ліпоўкаю, адно што па-літоўску афіцыйна яна - Лепкальнё.

Паблукаўшы колькі гадзінаў, перагледзеўшы сотні надмагільляў, я гэтак і не знайшоў магілы славутага менчука, што колісь абаплыў вакол сьвету й стаў першым стваральнікам японскага слоўніка. Я тады наўпрост зьвярнуўся да старое кабеты, што парадкавала цьвінтар вакол царквы. Яна гэткага Гашкевіча нешта не прыгадала, але параіла паехаць у інвэнтарызацыйнае бюро віленскіх могілкаў. Гэта, - кажа, - на Кам'яўніма, 18. Я пасмакаваў у роце чужое слова, што па-літоўску значыць Камсамольская, і зьбянтэжыўся, засумняваўшыся, ці слушна я яго паўтараю. А старая кабета мне й кажа: ты ня бойся, спытай дзе вуліца Завальная, і табе там падкажуць.

І сапраўды, старыя людзі, ані каліва ня дзівячыся, паказалі мне слушны адрас. Кам'яўніма сама па сабе, Завальная сама па сабе. Цяпер яна завецца Піліма.

У Максіма Лужаніна ёсьць гэткія радкі:

На зялёнай Піліме
На Завальнай калішняй
За сяброўства пілі мы
Старасьвецкім кілішкам.

Пасьля гэтага я пачаў уважліва прыслухоўвацца да гутарак віленчукоў, пільней вывучаць старую віленскую тапаграфію. Вось п'яніцы радасна вітаюць адзін аднаго "Як мы рады, як мы рады, што вы ўсе із Добрай Рады". Добрая Рада гэта такая вуліца на ўскрайку, і яе ваколіцы завуцца гэтаксама. Тамака ж і наркалягічны дыспансэр. Па-літоўску гэтая вуліца завецца Гяросёс Вільцес.

З 1990-га па 91-ы амаль усе віленскія вуліцы былі пераназваныя. Радыкальна. Тады тут выдаваліся самыя розныя брашуркі, кшталтам: "Сто перайменаваньняў за год", дзе падрабязна, на ўсіх тутэйшых мовах, вытлумачвалася, дзеля чаго зробленае тое ці іншае перайменаваньне. З таго часу назвы віленскіх вуліц больш не мяняліся, за выключэньнем некалькіх.

Трэба зазначыць, што й за саветамі большасьць старых віленскіх вуліц захоўвала свае гістарычныя назвы - Субач, Бакшта, Галубовіч, Полацкая, Галяндзкая ды гэтак далей. Праз стагодзьдзі, у розным вымаўленьні, але засталіся. Найбольш дасталося з перайменаваньнямі галоўным вуліцам. Як і паўсюль у СССР, галоўны праспэкт насіў імя Леніна. Хрэстаматыйны прыклад. Былы Юраўскі (па-беларуску), ён быў то Свято-Георгіевскім, то каротка Гедыміна, пасьля Міцкевіча, пасьля Сталіна, затым Гітлера, ізноў Сталіна, Леніна і, нарэшце ён ізноў носіць імя Гедыміна... Між іншым, яшчэ і за Саветамі літоўцы панадавалі віленскім вуліцам імёны сваіх князёў. Былая Мураўёва, пасьля Пілсудзкага, адразу па вайне была перайменавана ў Мяндоўга, тут у доме пад лічбаю 13 месьціцца сёньня беларускае пасольства. Былі ў Вільні ў глыбока камуністычныя часы й вуліцы Вітаўта, Кейстута, і таго ж Гедыміна. Як былі тады, гэтак і засталіся ў незалежнай Літве. У тым жа Менску як не было вуліцы Рагвалода ці Ўсяслава Чарадзея, гэтак няма й дасёньня. Таму параўноўваць не выпадае.

Хоць і ў Вільні былі свае перагібы. Гэтак Наваградзкую за саветамі звалі Партызану або Партызанскай. А колішнія вуліцы Вастрабрамскую, Вялікую й Замкавую, у тыя ж часы, злучылі ў адну - Горкага, як дарэчы, паўсюль у Заходняй Беларусі адсюль і да Пінска. Цяпер гэтыя вуліцы ў Вільні носяць кожная сваё імя. Адно што па-літоўску Вялікая, дзе стаіць друкарня Скарыны, завецца Дыджёйі. І яшчэ адну вуліцу падзялілі назвамі. Былая Танкістаў цяпер завецца часткова Беларускай, часткова Польскай. А вось за камуністамі гэткіх назваў не было. Былі Руская, Жыдоўская, Татарская, Караімская...

А вось практыка дзяліць вуліцы, трансфармуючы іхныя назвы, у Вільні сябе апраўдала. Напрыклад, была вуліца Пятраса Цьвіркі, ці не найбуйнейшага літоўскага, але наскрозь савецкага пісьменьніка ХХ стагодзьдзя. Што было рабіць? Зносіць помнік? Вырашылі помнік Цьвірку пакінуць, сквэр ягонага імя пакінуць, назву тралейбуснага прыпынку пакінуць. Затое частка вуліцы цяпер носіць імя Якуба Ясінскага, а частка завецца Паменкальнё, гэта штосьці кшталтам Гары Зьзяньня, поўны наватвор. Што да Ясінскага, дык тут адбылося вяртаньне назвы 30-х гадоў, гэта значыць з польскага часу. Але як нармальны герой, дык і літоўцам хапіла цяму не камплексаваць ад "польскае" назвы. А тых "польскіх" назваў у Вільні пазаствалася багата. Напрыклад, вуліца Тадэвуша Касьцюшкі вось ужо хутка 80 гадоў як не мяняла назвы. Тое і з імёнамі Канарскага, Манюшкі, Вівульскага, Урублеўскага, Нарбута... Усе на сваіх месцах, што за Польшчаю, што за саветамі, што за Літвою.

Больш складана зь беларускай тапаграфіяй. Беларусы былі моцна пакрыўдзіліся, калі літоўцы ў 90-м годзе ліквідавалі вуліцу імя Янкі Купалы ў цэнтры. І гэта ў Вільні! Але неяк і тут выкруціліся. Цяпер імя Купалы носіць былая вуліца Чарняхоўскага, імя Цёткі - былая вуліца палкаводца Кутузава, далі адной вуліцы імя Якуба Коласа, іншай Францішка Скарыны, а Каліноўскага ўжо й не чапалі. Засталіся ў Вільні й вуліцы Слуцкая, Віцебская, Беластоцкая, Менская ды яшчэ з тузін беларускіх назваў.

Ну нібы ўсё ў парадку. Аднак я ня ўпэўнены, што Малая Пагулянка мусіць насіць імя Кастуся Каліноўскага. Па-першае, канкрэтная вуліца нічога канкрэтнага да Каліноўскага ня мае. А вось Пагулянкі ў Вільні сёньня няма. У таго ж Лужаніна ёсьць гэткі сэнтымэнтальны матыў:

А калi ад сяброў -
Зачарованы восеньскiм ранкам -
Я цiшком адышоў
I падаўся на ўсход Пагулянкай -
Там у шэрай жакетцы такая красуня стаяла,
Што нiколi
На гэтым
На белым
На сьвеце
Зямля не трымала.

Можа гэта Лужанін напісаў пра Ганку з Пагулянкі, пра якую яшчэ і Шалкевіч сьпявае.

А днямі старую вуліцу Праскокі, дзе пабудаваў цэлы квартал дамоў слынны беларускі архітэктар Леў Вітан-Дубейкаўскі, перайменавалі ў гонар Мсьціслава Дабужынскага. На вуліцы тры дамы й яна сама шырынёю ў пару мэтраў. Праскокі натуральныя. А як для Дабужынскага, клясыка нашага мастацтва, дык і несалідна.

Але збольшага ў Вільні зроблена ўсё слушна. Як зь літоўскага гледзішча. Вернутыя ўсе гістрычныя назвы, што былі да расейскае акупацыі ў 18 стагодзьдзі. Навейшым кварталам і вуліцам вернутыя назвы, што бытавалі ў размоўнай традыцыі да савецкага часу. Пакінутыя ўдалыя назвы, што прыклеіліся за савецкім часам. Напрыклад, вуліца імя Тараса Шаўчэнкі, што за царом называлі Бухарскай. Ці вуліца Архітэктараў. Ці вуліца Міра, па-літоўску Тайкос. Ну што ў іх кепскага?

Але самае йстотнае, што літоўцы, у гістарычным калейдаскопе старых віленскіх назваў, імкнуцца іх зразумець і вытлумачыць для сябе. Цяпер у Вільні выдаецца энцыкляпэдыя тутэйшых вуліцаў. У адным томе - расповед пра тры-чатыры вуліцы, у наступным пра пяць. І гэтак крок за крокам. Вядома, я не магу без усьмешкі глядзець на рэпрадукцыі старых плянаў, мапаў, красьлюнкаў ад цара Гароха, дзе ўсе назвы па-лаціне, па-польску, па-беларуску, ахайна зарэтушаваныя й перапісаныя ў той самай старасьвецкай стылістыцы па-літоўску. Напрыклад, як у факсымільным выданьні кнігі Адама Кіркора "Вільня". І там усё на літоўскі манер перакручана. Але, іранізуючы зь літоўцаў, разумею таксама, што беларусы пра такое нават пакуль і ня думалі. Выдаць Кіркора па-беларуску. Хоць сёньня м'о й праўда не да пацераў... А там, там чакае нас Вільня. Яе беларускія назвы й нашае іх вытлумачэньне".

(С.Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі разважае пра літоўскі досьвед пераназываньня віленскіх вуліц і робіць выснову пра тое, што яны, назвы, не ўступаюць міжсобку ў недарэчныя эклектычныя спалучэньні. Нават калі яны зусім зь іншых сфэраў, яны, дакладней іхныя прататыпы - абавязкова належаць да гуманістычнай, сьветлай часткі чалавечае гісторыі. А ўсё людзкае заўсёды знаходзіць роднасныя рысы і ў часе і ў прасторы.

Нешта падобнае адбылося цягам апошніх 10 гадоў і ў Расеі. Тамтэйшыя месьцічы ўжо звыкліся з новымі назвамі, з тым як аднавіўся дух гарадоў і з тым, што нешта важнае зьмянілася ў душы. Зьміцер Бартосік распавядае пра расейскую сытуацыю”.

(З.Бартосік: ) "Неяк сябра папрасіў звазіць яго на Сьвятую гару. Маўляў, як жыць у Беларусі і не пабываць на самай высокай кропцы. Я з радасьцю пагадзіўся. Мы ехалі па праспэкце Дзяржынскага, праз горад Дзяржынск. І прыехалі на гару Дзяржынскую. "Ды ён што, нарадзіўся тут, ці што?" - абураўся недасьведчаны сябра. Я пацьвердзіў гэты сумны факт. "Божа! - усклікнуў прыяцель. - Якое шчасьце, што тут хоць Берыя не нарадзіўся! Калі ўжо скончыцца гэты ідыятызм!" Калісьці і мне здавалася, што гэты ідыятызм скончыцца вельмі хутка.

Памятаю, як у часы перабудовы першай савецкай вуліцы вярталі яе спрадвечную назву. Гонар выпаў вуліцы Мэтрастроеўцаў у Маскве, колішняй Астожанцы. У модным тады стылі галоснасьці цэнтральнае тэлебачаньне разгарнула інсцэнізаваную палеміку вакол гэтай гістарычнай падзеі. Памятаю, у ролі праціўнікаў выступалі нейкія мітычныя "простыя мэтрастроеўцы", якіх да глыбіні душы закранала гэткая абраза іхнае прафэсійнае годнасьці. Але грамадзкая думка была яўна не на баку праходчыкаў падземкі. Стваральнікі праграмы "Взгляд" адшукалі на гэтай самай вуліцы неверагодна прыгожую бабульку са шляхетнымі рысамі твару, якая, ледзь ня плачучы, паведаміла народу пра тое, што яна нарадзілася на Астожанцы, і менавіта на ёй скончыць свой зямны шлях.

Калі мне ня здраджвае памяць, гэта быў год восемдзесят сёмы. Яшчэ на геаграфічных мапах працягвалі сваё сумнае жыцьцё ня толькі Горкі з Куйбышавым, але і Ўсьцінаў з Брэжневам. Але тая невялічкая маскоўская вуліца Астожанка сваёю ўваскрошанаю назвай сталася нібы перадвесьніцай вялікіх і незваротных пераменаў. Празь некалькі гадоў у Расеі, і ня толькі ў ёй, пачалася сапраўдная тапанімічная рэвалюцыя. Старажытныя гарады ўзгадвалі свае сапраўдныя назовы, бясконцыя акцябарскія ды дзяржынскія вуліцы з радасьцю й азартам ськідвалі зь сябе штучныя шыльды, і зноў, нібы й не было гэтай эпохі, станавіліся Пакроўкамі ды Раждзесьвенкамі.

Гэтую эпоху я засьпеў у Ніжнім Ноўгарадзе, які яшчэ ўчора быў горадам Горкім. Якое тады панавала акрыленьне сярод гараджанаў! Мы ўсе наноў станавіліся ніжагародцамі. Якою шалёнаю папулярнасьцю тады карысталася любая літаратура, толькі б пра "нашу гісторыю". Які зайздросны артыстычны шарм раптам адкрыўся ў некалі вечна азлобленых трамвайных кіроўцаў. Зь якім імпэтам яны аб'яўлялі прыпынкі. "Вуліца Вялікая Пакроўская. Наступны Прыпынак Пячорская". Але самы пік эмоцыяў я адчуў на шэраговым футбольным матчы. Народ лена папіваў на трыбунах піўко, чакаючы выхаду гульцоў. І раптам уключылі электроннае табло. Па чорным полі пабеглі літары. Пасьля слова «Лакаматыў» пачало загарацца новае слова «Ніжні». Ужо не чакаючы зьяўленьня поўнай назвы, усе, хто быў на стадыёне, усталі. Ня ведаю, ці чуў ніжагародзкі стадыён калі-небудзь такую авацыю, зь якой людзі віталі натуральную назву свайго места, умомант перастаючы быць савецкімі «гаркаўчанамі».

Пасьля падзеньня Ленінграду тапанімічная рэвалюцыя пакацілася з новымі тэмпамі па ўсёй Расеі. І, як любая расейская рэвалюцыя, прыняла характар абвальны й бескампрамісны. Здавалася, пераймяноўвалася ўсё, што можна было перайменаваць. З асаблівым імпэтам гэта рабілі ў маскоўскім мэтро. Мяне да гэтае пары працінае, калі дыктарка падземкі ласкава аб'яўляе "Наступная станцыя «Лубянка». Бедныя госьці расейскай сталіцы нямала напакутаваліся ў той час, дарэмна чакаючы сваіх станцыяў "Плошча Сьвярдлова», «Лермантаўская» ці «Праспэкт Маркса», і праяжджалі міма «Тэатральнай», «Красных варотаў» і «Ахотнага раду». У вялікіх гарадах усьлед за сталіцамі вуліцы мяняліся па дзесяць за дзень. Што ўносіла блытаніну ў працу пошты і ў неакрэплыя постсавецкія мазгі. Мяне вельмі весяліў адзін чытацкі водгук зь лямантам аб густах, на вяртаньне вуліцы Фігнэр яе назвы ВарвАрская. Савецкі чалавек прачытаў назву як ВАрварская. У той час я сыйшоўся ў спрэчцы з родным бацькам, які выступіў на абарону сваёй вуліцы Калініна, былой Зосімаўскай, што ў добрай сотні іншых валагодзкіх вуліц таксама чакала свайго зорнага часу. «Вы ж горш за бальшавікоў са сваім дурным жаданьнем памяняць усё адным махам. Якая мне розьніца, вернецца Засімаўская заўтра, праз год ці ніколі. Галоўнае, каб мой ліст прыйшоў у мой дом своечасова". Але я лічыў, што мяняць трэба ўсё і, прычым, адным махам. А ліст можа й пачакаць пару дзён.

Сёньня тая далёкая спрэчка выразна сьведчыць на маю карысьць. Расейскія гарады пазбавіліся некалі абавязковых бясконцых вуліцаў Леніна, Дзяржынскага, Сьвярдлова ды іншых бацькоў рэвалюцыі, чыімі імёнамі «ўпрыгожвалі» менавіта цэнтральныя й старажытныя гарадзкія раёны. І сёньняшнім маленькім самарцам ды іжэўцам іх беларускія аднагодкі могуць адно пазайздросьціць.

Беларусь тая рэвалюцыя абмінула. Зараз можна толькі ўяўляць, якія маглі б быць яе наступствы. Мы жылі б у цалкам іншых па духу гарадах і мяняліся самі, гаворачы, на першы погляд, самыя звычайныя фразы. Напрыклад, таксісту: «Шэф. Зараз едзем на Дамініканскую, але на Валоцкай прыспыніся». Ці прызначаючы спатканьне: «Чакаю цябе, родная, каля аптэкі на Францішканскай». А адно чытаньне навюткіх шыльдаў ператваралася б па першым часе ў гістарычнае чытво. Фэліцыянаўская, Зборавая, Койданаўская. І як у такой аблямоўцы не адчуць сябе самога гістарычнай асобай?"

(С.Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік распавёў пра тое, як зьмянялі назвы вуліц у Расеі. Агульнае ўражаньне такое, што расейцы зусім лёгка, нашмат лягчэй за нас атрэсьлі зь сябе пыл камунізму. І гэта праўда. Адзін ускосны доказ даюць тыя самыя назвы вуліц. Расейцам дастаткова было вярнуць тыя, што былі да рэвалюцыі, і высьветлілася, што шмат хто яшчэ памятае колішнія назвы зь дзяцінства. У нас жа трэба здымаць не адзін слой, а два і тры, і чатыры. І калі дойдзеш да самых самых прадзядоў, натуральна, ніхто тых назваў не прыгадае. А гэта зусім не апошні чыньнік.

Таму асабіста мне тапанімічная рэвалюцыя ў Менску не ўяўляецца. Варта згадаць як зусім нармальную Рэвалюцыйную пераназвалі ў Раманаўскую слабаду - у гонар дому Раманавых. Надта ж шмат у нас усяго наблытана. Цэлыя гарадзкія раёны поўняцца ўсялякімі недарэчнасьцямі. Гэта менская сібір - раён Ангарскіх ды Байкальскіх ці заказьнікі расейскіх масткоў ці праспэкты газэтаў Правды і Ізьвесьцій. Тут працы і творчасьці на шмат гадоў. Але першым чынам варта было б замяніць тыя назвы, якія носяць сатанісцкія, антычалавечыя імёны. У Менску такіх процьма. Скажам, усім вядомая вуліца Гікалы. Жыва ўяўляю сабе, што дапытлівы школьнік разгорне энцыкляпэдыю Беларусь, каб высьвятліць, чаму ягоная вуліца носіць такое імя. Акажацца таму, што ўраджэнец Адэсы Мікалай Гікала ўдзельчаў у разгортваньні масавых рэпрэсіяў у БССР.

Альбо вось і зусім страшнаваты прыклад. Тыцнуўшы пальцам у выпадковае імя ў сьпісе гарадзкіх вуліц, я натрапіў на вуліцу Ваўпшасава - таксама вядомую ў горадзе магістраль. У найноўшую энцыкляпэдыю гэты дзяяч не ўвашоў, затое ёсьць у старэнькай БелСЭ. Паводле гучаньня прозьвішча наводзіць асацыяцыі зь нечым каўкаскім, але праўда літаральна апякае. Літовец Станіслаў Ваўпшас, ураджэнец Шавельскага павету - той унікальны для літоўцаў выпадак, калі да бацькавага прозьвішча на расейскі манер было прыстаўленае -ов. Парабскае паходжаньне і пралетарская сьвядомасьць зрабілі яго на ўсё жыцьцё верным энкавэдыстам, патрабавалі, каб абрусеў. Так нашыя Кавалі ды Новікі рабіліся Кавалёвымі й Новікавымі. Усё сьвядомае жыцьцё таварыша Ваўпшасава прайшло на перадавой, дакладней, за сьпінамі тых, каго гналі на перадавую. Бо што рабіў начальнік апэратыўнага атраду НКВД хоць на фронце, хоць у партызанах, хоць у далёкай Маньчжурыі - вядома. Ён ваяваў ня з ворагам, а са сваімі, тымі, на каго паступаў данос. Завяршыў свой жыцьцёвы шлях Ваўпшасаў у Маскве, абласканы ўладамі і грамадзкім ладам. Чэкіст-расстрэльшчык, камандзір заградатраду, увесь, да валасінкі ў чалавечай крыві, працягвае ціха праменіць у душы менчукоў сваю ідэйную бесчалавечнасьць. Здаецца, такую вуліцу дзеля адэкватнасьці варта было б пераназваць у якую Вампірскую ці Сатанінскую. Сутнасна гэта будзе тое самае. Шкада толькі людзей, якія на гэтай вуліцы жывуць.

Назвы вуліц адлюстроўваюць нашае сёньняшняе бязладнае збольшага жыцьцё. Іх ня зьменіш адным махам. Але пачынаць му мусім з выкараненьня антычалавечнасьці і д'ябальшчыны. Зьнікнуць яны са сталічнае тапанімікі, прасьцей будзе вычысьціць іх і з жыцьця”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.