news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



29 Кастрычніка 2000
 
Магіла Крышталевіча.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Паўгода таму ў "Вострай Браме" мы гаварылі пра невядомага беларускага пiсьменьнiка ХІХ ст. Васiля фон Роткiрха, якi пад псэўдонiмам Тэабальд апiсваў усялякiя незвычайнасьцi з тагачаснага вiленскага i шырэй беларускага жыцьця. У прыватнасьцi, Роткiрх прысьвяцiў некалькi апавяданьняў вiленскаму дзiваку Яцку Крышталевiчу, вулiчнаму iмправiзатару вершаў. Прычым сярод расейскамоўных апавяданьняў Крышталевіч нязьменна гаворыць па-беларуску. Такiм чынам, постаць Яцка Крышталевiча зьявiлася ў нас у беларускiм кантэксьце i высьветлiлася, што гэта менавiта яе кантэкст. Ні ў польскай, ні ў літоўскай, ні ў расейскай традыцыі Крышталевіч незапатрабаваны.

З тае красавіцкае перадачы мінуў час. I вось надоечы, акурат нiбыта пад Дзяды, зусім выпадкова мне ўдалося знайсьці магiлу гэтага культурнага героя ХIХ ст. Натуральна, такая знаходка - сама сабою стымул для далейшых пошукаў праўды пра вiленскага iмправiзатара вершаў - сучасьнiка Крашэўскага i Сыракомлi, якога, як высьветлiлася, добра ведалi абодва клясыкi.

Яцак Крышталевіч пахаваны ў 1840 годзе на Бэрнардынскіх могілках, на Зарэччы. А Зарэчча - гэта найстарэйшае вiленскае прадмесьце, якое ад сёньняшняга старога гораду аддзяляе рэчка-Вялейка. Маляўнічае Зарэчча параўноўваюць хто з Мон-Мартрам, хто з Вэнэцыяй. Тым ня менш, гэта самая Вільня, дзе няшмат бывае турыстаў, але дзе перахаваўся віленскі дух. Знаўца гораду нябожчык Лявон Луцкевіч казаў, што менавіта на Зарэччы найлепей захавалася беларушчына старой сталіцы Вялікага Княства. Між іншым, на Зарэччы жылі Фэрдынанд Рушчыц, у якога зьбіралася віленская інтэлігенцыя, і слынны беларускі кс. Адам Станкевіч, якога адсюль, проста з кватэры забрала назаўсёды НКВД.

Вось жа яшчэ напачатку ХІХ ст. на Зарэччы адкрыліся Бэрнардынскія могілкі. Належалі яны кляштару бэрнардынаў - таму самаму, якому належыць і ўсім вядомы касьцёл сьв. Ганны. Тут ляжыць шмат слынных людзей, і кожная культура - літоўская, польская, расейская - выбірае і згадвае сваіх. Ёсьць тут і беларускія магілы. Але гаворка пра іх пойдзе калі-небудзь іншым разам. А сёньня зьвернемся да постаці Крышталевіча, якога ніводная з гэтых культураў да сябе не прызнае. Пакуль што ён застаецца проста віленскім - валацугам і жартаўніком, вар'ятам і ўлюбёнцам публікі, бажаволкам і імправізатарам вершаў.

Яцка Крышталевiча на "сур'ёзны лад" розныя выданьнi называюць па-рознаму - хто Юзафам, хто Iгнатам. Верагодна, гэта з-за таго, што ў ягонай асобе гiстарычная пэрсона i лiтаратурны пэрсанаж сталi аднолькава даставернымi.

Распавядаюць, што паэт са зьвіхнутымі мазгамі прыбыў у Вільню з Валыні і, ня маючы ў горадзе нікога, стомлены заснуў на лаве каля ратушы, а раніцою прачнуўся, пабачыў, што яго абрабавалі і, ня здолеўшы перанесьці гэткага ўдару лёсу, страціў сьвядомасьць. Наіўная гісторыя. І гісторыкі, як правіла, распавядаюць яе са шкадаваньнем. Маўляў, Крышталевіч быў нязлы вар'ят і на пытаньні адказваў досыць дарэчна. Штосьці ў гэтай наіўнасьці насьцярожвае. Можа тое, што кожны імкнецца падкрэсьліць у Крышталевічу менавіта наіўнасьць. Ці тое, што вядомы мастак Кукевіч намаляваў ягоны партрэт, а купец Вэйс, ведаючы папулярнасьць віленскага вар'ята, гэты партрэт сотнямі асобнікаў распаўсюдзіў па ўсім краі і меў з гэтага даход?

Першыя зьвесткi пра Крышталевіча знаходзiм у апiсаньнi прадпрыемства Юзафа Завадзкага - арганiзатара вiленскага кнiгавыдавецкага i кнiгагандлёвага працэсу. Завадзкi так добра паставiў справу, што плацiў ганарар - гэта нязьменна адзначаюць мэмуарысты, а ягоная кнiгарня служыла ўвадначасьсе лiтаратурным салёнам. Адзiн мэмуарыст Станiслаў Мараўскi згадваў пра зьвязаны з гэтым эпiзод свае маладосьцi:

"Кнiгарня Завадзкага, калi я ўжо пачаў пра яе казаць, была тады rendez-vous навукоўцаў, лiтаратараў, мастакоў, дасьцiпнiкаў. За вялiкiм сталом сядзеў сам Завадзкi, каротка стрыжаны брунэт, малы i тоўсты, зь мiлым павабным тварам. Каля вокнаў або пад дзьвярыма з вулiцы стаяў адзiн з знаёмых усёй Вiльнi вар'ятаў: альбо Шурлоўскi, або Крышталевiч, альбо абодва разам. Абодва яны, нi для каго ня шкодныя, сфiксаваныя былi на паэзii. Бесьперастанку пiсалi вершы. I былi вельмi надатныя ў тыя вясёлыя часы. Калi каму ў кнiгарнi ўдавалася з гэтай нагоды або зь якой плёткi скласьцi эпiграмку, вершык, сатырку, а такое здаралася часта, дык гэта зараз жа аддавалася Шурлоўскаму або Крышталевiчу, каб запусьцiлi гэта ў сьвет, выдаючы за сваё..."

Асабіста ў мяне ацэначны бок гэтых сьведчаньняў не выклiкае даверу. Па-першае, легкаважнае стаўленьне аўтара да паэзii, як да вар'яцтва ў прынцыпе, па-другое - заўсёды цяжка ацэньваць сучасьнiкаў. Хто вар'ят і графаман урэшце не вызначае часам нават сама гісторыя. Скажам, польскі паэт Цыпрыян Норвід, сучасьнік Крышталевіча, быў пры жыцьці агульнапрызнаным вар'ятам. Надрукавалі яго толькі празь 50 гадоў пасьля сьмерці, а праз сто гадоў ягоныя вершы пісаў на сваіх лёзунгах польскі прафсаюз "Салідарнасьць". Ідзі тут разьбярыся...

А потым - мова, беларуская мова, у якой нязьменна цытуецца Крышталевіч. Вулічная мова тагачаснай Вільні. Але настолькі не салённая, не літаратурная, што каб складаць на ёй вершы, трэба было набыць імідж або вясковага лірніка, або фальклярыста. Што да абсалютна урбаністычнай постаці Крышталевіча, дык яшчэ не прыйшоў час.

А дадайце да гэтага iнтрыгi памiж лiтаратарамi, змаганьне за праўдзiвую славу i прызнаньне. Зусім нескладана было ў паэтычных колах ХІХ стагодзьдзя праславіцца графаманам і вар'ятам.

Мiж тым, ёсьць сьведчаньнi, што слава цi няслаўе Крышталевiча разьлягалiся далёка за межы кнiгарнi Завадзкага, Вiльнi i ўсёй тагачаснай Беларусi. Вось гiсторыя пра сапсаваныя адносіны Юзафа Крашэўскага з часопiсам "Тыгоднiк Пецярбурскi". У гэтым самым Тыгоднiку выйшла зьедлiвая рэцэнзiя на паэтычную трылёгiю Крашэўскага "Анафеляс" (Anafielas). Аўтар рэцэнзіі высьмейваў стылёвую манеру пiсьменьнiка, граматычныя памылкi, моўнае ўбоства, брак яснасьцi i псыхалягiчную ненатуральнасьць. Увесь гэты бульдозэрны наезд да клясыка i цяперашняга фаварыта польскiх школьных праграмаў, быў падпiсаны скаротам "Ф.Кол". Неўзабаве высьветлiлася, што Ф.Кол - гэта Ян Чачот. Толькi ягоную рэцэнзiю у Тыгоднiку Пецярбурскiм перакруцiлi, дадалi ў яе кпiнаў i таму Чачот мусiў выдаць свой арыгiнал асобнай брашурай з апраўданьнямі. Але вось дэталь той пецярбурскай рэцэнзii. Крашэўскi там называецца графаманам, у параўнаньнi зь якiм Шурлоўскi i Крышталевiч - сапраўдныя пiгмеi. Згадзiцеся, такое, хай сабе i прынiжальнае параўнаньне з аўтарам двухста раманаў у Пецярбурскiм часопiсе - нешта ды значыць.

А потым, уявiце сабе, каб вас параўналi з кiм-небудзь з шырокае абоймы сёньняшнiх графаманаў - нават на вашу карысьць - i вы адчуеце тое, што мусiў адчуваць Крашэўскi, у прыватнасьцi, да Крышталевiча. I Крашэўскi адпомсьцiў. У сваiм "Рамане бяз нязвы", апiсваючы Вiльню свае маладосьцi, ён згадвае, памiж iншым, як у акадэмiчнай кавярнi студэнты бавiлiся дэклямацыямi праславутага графамана Iгната Крышталевiча, амаль сымбалiчнай постацi для мясцовага калярыту. Вось так. Кропка.

Працяг нечакана знаходзiм у Сыракомлi. Вясковы лiрнiк і ўлюбёнец публікі, мусiць, таксама пакрыўджаны параўнаньнем з Крышталевiчам, цi падазрэньнем у такiм параўнаньнi, пiша Лiст Крышталевiча зь Елiсейскiх Палёў да Рамуальда Бараноўскага, а сьледам - Адказ Бараноўскага на лiст Крышталевiча. I тут вельмi iстотная дэталь. Сыракомля зьдзекваўся з сымбаля вiленскiх вершаплётаў тады, калi Крышталевiча ўжо не было на сьвеце. Жарты жартамi, а трэба мець сур'ёзныя падставы i матывацыi, каб iсьцi на такi ўчынак. Бiёграфы тлумачаць гэта юначай дурасьлiвасьцю Сыракомлі, маладым выбрыкам. Няхай так. Будзем паблажлiвымi, як ня раз заклiкаў нас ставiцца да сваiх твораў сам Сыракомля.

Але ж вернемся i да першага сьведчаньня - з кнiгарнi Завадзкага, адкуль Крышталевiч нiбыта разносiў падслуханыя iмправiзацыi i выдаваў iх за свае. Вершыкi Сыракомлi сьведчаць пра тое, што гэта ўжо Сыракомля панёс па сьвеце вобраз Крышталевiча як свой.

Але ня толькі Крашэўскі і Сыракомля былі закранутыя за жывое самой наяўнасьцю ў віленскім экстэр'еры паэта-імправізатара, які рыфмаваў той моваю, якой яны гаварылі ў жыцьці, але не насьмельваліся карыстацца ў літаратуры, бо адчувалі страшны цяжар гэткага першапраходзтва і рызыку ня стаць клясыкамі чужой, але ўжо распрацаванай літаратуры. Вобраз Крышталевіча перасьледаваў і пісьменьніка менш вядомага, але ня менш пладавітага, чыё імя было Васіль фон Роткірх.

Вось эпізод з апавяданьня Роткірха "Яцак Крышталевіч, віленскі бажаволак".

"У гарадзкім тэатры Крышталевіч таксама нярэдка заяўляў пра сябе. Трагічнай акторкай была тады спадарыня Ашпэргер, прадмет захапленьня ўсіх тэатральных партыяў. Аднойчы ішла ў бэнэфіс яе трагедыя "Вар'ятка". Дамы рыдалі. Настаў страшны момант 5 акту, калі вар'ятка, што ўцякла з вар'ятні, у адной кашулі, з расплеценымі косамі, з кінжалам у адной руцэ і зь дзіцёнкам пад пахаю ў другой, кідаецца ў спачывальню свайго спакусьніка. Усе чакаюць, што яна выскачыць з спачывальні з акрываўленым кінжалам і зь дзікім рогатам, што ёй удалося нарэшце забіць яго. У чаканьні гэтага кульмінацыйнага моманту сцэна бывае пустая і ў публіцы запаноўвае такая глыбокая цішыня, што здаецца, чуваць біцьцё сэрцаў. Раптам у адным канцы райка нехта чыхнуў.

- На здароўе! - прарэзаў цішыню гучны голас Крышталевіча з другога канца райка.

- Дзякуй! - пачуўся ў адказ дзіцячы голас - і публіка пакацілася са сьмеху.

Акторка зараз жа выскачыла з спачывальні забітага - але ўвесь эфэкт ужо прапаў.

Віленскі дасьледнік творчасьці Роткірха Павал Лаўрынец піша, што барон Васіль Аляксеевіч фон Роткірх належыць да старажытнага рыцарскага роду, карані якога губляюцца ў Сілезіі ХІІ ст., а адгалінаваньні ўнесеныя ў дваранскія матрыкулы Фінляндыі і Ліфляндыі, а дзед ягоны быў жанаты з малодшай дачкой Ганібала. І гэтак далей. Ня трэба мець шырокіх генэалягічных ведаў, каб пераканацца, што кожны шляхціц паходзіць ад Палемона і абавязкова недзе паджаніўся зь якой сусьветнай славутасьцю. Ёсьць свае законы даказваньня радавітасьці для публікі.

На зямлю з дваранскага зааблочча нас апускае наступны радок біяграфіі - Роткірх скончыў Магілёўскую гімназію і ў 1837 годзе паступіў юнкерам у Галіцкі егерскі полк. З той пары - ох як выдаюць гэтыя адступленьні на казку ці байку, асабліва спасярод сухой біяграфіі - служыў у частках, што кватаравалі ў заходніх губэрнях Расеі. Тут Роткірх пераклаў Міцкевічавых "Дзядоў" на расейскую мову і заслаў іх у расейскую прэсу, адкуль атрымаў адказ ад тагачаснае зоркі Майкова ж "Якія нялепыя паданьні захоўваюцца дагэтуль у Літве! І якія сумныя выходзяць зь іх паэмы". (канец цытаты). Гэта - заўважце - толькі пра сюжэт, якасьць перакладу тут ні пры чым. Ці не нагадвае вам прыведзеная ацэнка раней згадваных ацэнак Крашэўскага? Дык вось, перакладаў Роткірх і Крашэўскага. Водгук на пераклады Роткірха, які зьявіўся ў пецярбурскіх часопісах, моцна перагукаецца з тым, як дасталося Крашэўскаму ў Тыгодніку Пецярбурскім. Пацытую "Долго чіталі мы такую чушь, наконец вторые петухі пропелі, літовская поэма выпала у нас іх рук, і тяжелый сон оковал наші бренные вежды; целую ночь снілісь нам поэмы і ріфмоплеты".

Роткірх, Крышталевіч, Крашэўскі, Міцкевіч - сыйшліся ў адно кола для прадзьвінутага расейскага літаратурнага докі. Яны з сваімі віленскімі і літоўскімі або беларускімі праблемамі тут усе - пігмеі. Для паўнаты карціны варта нагадаць, што імя Міцкевіча на той час было па-за цэнзурай і Роткірх даваў пераклады, не называючы аўтара. Апроч таго, і сам Роткірх атрымліваў лісты з цэнзурнай адмовай, напрыклад на свае "Нататкі пра Друскенікі", якія даслаў быў у часопіс "Пантэон".

І тут задумляесься над наступнай зьявай - наколькі блізка адно ад аднога расейскі літаратурны снабізм і расейская цэнзура. У праекцыі на грамадзкае жыцьцё гэта можна растлумачыць татальнай падменай паняцьцяў, калі вам кажуць, што вы напісалі бяздарны твор, матывуючы гэтым чыста палітычную адмову. Або калі кажуць, што ў нас палітычных вязьняў няма, суцэльныя крымінальнікі. І гэтак далей.

Трэба разумець і сытуацыю трактоўкі Роткірха. У свой час ён сапраўды разглядаўся як правінцыйны графаман. Але сёньня, калі навукоўцы па крупіцах зьбіраюць усіх такіх графаманаў, каб паказаць, што ў Вільні існавала расейская літаратурная традыцыя і мараць пра тое, каб спаборнічаць з традыцыяй польскай, дык на такія дробязі не зьвяртаецца ўвагі. Тым больш, што кожная паперка за сто пяцьдзесят гадоў набывае гістарычную вартасьць.

Але вернемся да біяграфіі Роткірха, напісанай апалягетам расейшчыны ў Віленскім краі Паўлам Лаўрынцом. Пра апалягета я сказаў, каб падкрэсьліць сваё крытычнае стаўленьне да гэтых фактаў. Бо, скажам, наступны пасаж цалкам кантрастуе з тым, пра што мы казалі вышэй.

У часе паўстаньня 1863 году Роткірх бярэ чынны ўдзел у задушэньні гэтага паўстаньня. За што падпольшчыкі арганізуюць на яго замах і раняць атручаным кінжалам. Але ці то кінжал аказаўся занадта тупым, ці атрута была пратэрмінаваная, але працягу гэты эпізод ня меў. Пярэварацень Роткірх, ня йначай як той Мураўёў дзекабрыст-вешальнік пачынае служыць у жандармэрыі. Праўда, у адрозьненьне ад Мураўёва, ён не прыехаў у гэты край у акупацыйным абозе, а быў цалкам тутэйшай гадоўлі. І ў жандармэрыі служыў, як бы цяпер сказалі, у лінейнай, гэта значыць, на чыгунцы. У 1873 годзе ён на пяць гадоў заняў пасаду начальніка Менскай жандарска-паліцыйнай управы на чыгунцы. А пасьля гэтага перабраўся ў Вільню. Вось тут ён і пачынае па-сапраўднаму пісаць - пад псэўдонімам Тэабальд. Ці таму, што літаратурнае балаўство было не да твару жандарскаму палкоўніку, як расцэньвае гэта біёграф Лаўрынец, ці таму... раблю гэтае дапушчэньне, што ўсё ягонае жандарства было чыста службовай функцыяй, тады як літаратура выглядала на сапраўднае жыцьцёвае захапленьне. Дый адносіны Роткірха з цэнзурай і пецярбурскімі літаратурнымі докамі да службы ў жандарах і пасьля яе не зьмяніліся. Ён піша аповесьць "Спартанка. Эпізод з падзеяў 1863 году", гістарычны твор "Возера Дзявочае вока", "Найпадобнейшая Эўфрасіня, княжна Полацкая". Да гэтага часу належыць і апавяданьне "Яцак Крышталевіч, віленскі бажаволак".

Выдаўшы ўсе свае творы, Роткірх пайшоў на пэнсію і празь нейкі час памёр. Пахавалі яго на Эўфрасінеўскіх могілках у Вільні - на Ліпоўцы, галоўных гарадзкіх праваслаўных могілках.

На Бэрнардынскіх могілках у гэты халодны восеньскі дзень у розных месцах корпаюцца чалавек пяць - прыбіраюць магілкі да Дзядоў. Голыя дрэвы не затуляюць болей касьмічны віленскі краявід які адкрываецца з гэтай гары. Унізе бяжыць стромая рачулка-Вялейка. І вецер шоргае лісьцем паміж урослымі ў зямлю надгробкамі, на якіх даўно сьцёрліся імёны герояў і простых сьмяротных.

Натуральна, магілу самага слыннага віленскага вар'ята, вершаплёта і бажаволка я не знайшоў. На гэтых закінутых кладах увогуле цяжка расчытаць і стогадовыя надпісы. А дата сьмерці Крышталевіча - 1840. Наглядчык могілак - дзядзька гадоў трыццаці, які, па ўсім ягоным выглядзе, п'е з маленства і цьвярозым не бываў ніколі, як мог, патлумачыў, што ўсе дакумэнты могілак захоўваюцца ў канторы на могілках Роса. Там, у славутым віленскім нэкропалі, дзе працуе цэлы штат навукоўцаў, у інвэнтарызацыйных кнігах Крышталевіча не знайшлі, але патлумачылі, што ў іх перапісаныя толькі тыя магілы, на якіх можна расчытаць прозьвішча. У тым, што на паўтарастагадовых не расчытаеш, я пераканаўся сам. Але апроч сучасных інвэнтароў існуюць так званыя пахавальныя кнігі, у якіх запісвалі ўсіх, каго ў прынцыпе хавалі. Дык вось, пахавальная кніга Бэрнардынскіх кладоў знаходзіцца цяпер у Польшчы, ва Ўроцлаве. Там яна і апублікаваная. Зь яе я і даведаўся пра апошні прыстанак віленскага вар'ята.

Вяртаючыся на Зарэчча, я спрабаваў уявіць сабе, хто і як хаваў Крышталевіча. Можа быць гэта была цэлая працэсія, якая сабрала ўвесь горад на сьмерць агульнавядомага культурнага героя. А можа гэта быў сьціплы вазок санітарнае службы, вазьніца і работнік, якія выканалі сваю непрыкметную работу.

Так ці інакш, а культурны герой лёг на ўдалым месцы. Рана ці позна будуць прыведзеныя ў парадак Бэрнардынскія могілкі. Гэта дакладна. Менш дакладна, што ў нашчадкаў хопіць энтузіязму і настрою ўспомніць таго вершаплёта як паэта і імправізатара, які выклікаў ўсеагульныя насьмешкі галоўным чынам з-за мовы сваіх твораў”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.