news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Шматмоўе ў ХХІ ст.
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



11 Лютага 2001
 
Беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў
(эфір 11 лютага)

10 найважнейшых падзеяў 2-га тысячагодзьдзя
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Нядаўна адзін наш апазыцыйны дзяяч пашчыраваў: калі мы не пераможам на прэзыдэнцкіх выбарах -- гэта будзе канец, сьмерць усяму -- Беларусі, мове, дэмакратыі... Словам, час спЫніцца і ўсё страціць сэнс. А мне міжволі прыгадалася галоўная рыса савецкае намэнклятуры. Кожны начальнік гэтага кшталту глядзеў на сябе і на сьвет толькі сёньняшнімі вачыма і мысьліў, у найлепшым выпадку, у рамках сваёй службовай кар'еры. Адчуваньня гістарычнае пэрспэктывы не было. Вось жа апошнім часам такая беспэрспэктыўнасьць стала прыкметаю ня толькі вялікіх і малых начальнікаў, але і тых, хто зь імі змагаецца. Адсюль панылы настрой і зусім няма таго фантастычнага адчуваньня супольнасьці, жыцьця на "адной ноце", якое было ў нас у часы развалу імпэрыі. Нездарма Зянон Пазьняк кажа пра страту элітамі нацыянальнае ідэі. Гэта -- тая самая "адна нота". А я думаю, што пачынаецца яна менавіта з вычуваньня гістарычнае пэрспэктывы. Прычым зусім неабавязкова з дакладнасьцю ведаць даты жыцьця Давыда Гарадзенскага або тэму Андрусаўскага замірэньня. Як той казаў, я ведаю, што наша гісторыя багатая і слаўная і гэтага мне цалкам дастаткова, каб ганарыцца сваім народам і сваім краем. Хіба ж можна з такім пачуцьцём сур'ёзна казаць, што параза на прэзыдэнцкіх выбарах -- гэта канец усяго і ўсяму?
У сёньняшняй "Вострай Браме" -- галоўныя падзеі беларускай гісторыі мінулага тысячагодзьдзя. Прычым мы сьведама ня будзем казаць пра войны і паўстаньні. Безумоўна, яны паўплывалі на наша сёньняшняе жыцьцё. Але мы будзем казаць пра тое, што фармавала нас і наш край, што мацавала, а не разбурала. Такім чынам, мы ў Браме тысячагодзьдзя.
Ня думаю, што вулічнае апытаньне, якое правёў на праспэкце Скарыны Зьміцер Бартосік мае нейкую сацыялягічную вартасьць. Усё ж недасьведчанасьць беларусаў ва ўласнай гісторыі ў нас культывуецца і выхоўваецца яшчэ ў школе, а гэта значыць, датычыць усіх. Тым ня менш, варта паслухаць пра гэтыя яўна саматужным шляхам здабытыя веды пра айчынную мінуўшчыну ў людзей з цэнтральнага праспэкту краіны. Слова Зьмітру Бартосіку.
(Зьміцер Бартосік:)
Цікавы занятак -- у вечаровым лютаўскім тумане на праспэкце Скарыны чапляцца да людзей з адным вельмі простым пытаньнем. "Якая падзея мінулага тысячагодзьдзя найбольш паўплывала на лёс Беларусі?" У бальшыні сваёй народ, што сьпяшаўся з працы дахаты, мяне далёка не пасылаў. Мужчыны моўчкі абміналі, а жанчыны хіхікалі й хуталіся ў каўнерыкі. Але за гадзіну ў гэтым месцы можна атрымаць адказ на любое пытаньне. Карціна атрымалася наступная:
-- У беларускай гісторыі? Мне здаецца, Дзяды, калі першы раз выйшлі людзі... На Курапаты... столькі шмат народу сабралася. Першы раз я панюхаў газы гэтай...
-- Я думаю, прышпіленьне да нашай краіны з боку Масквы самой назвы Беларусь. Замена нашай гістарычнай назвы Літва на назву Беларусь. Я думаю, што гэта сабыціе, якое паўплывала вельмі нэгатыўна на далейшы ход падзей...
-- То, что победили в Великой Отечественной войне. Все-таки каждый четвертый белорус погиб...
-- А яшчэ раней?
-- Образование Великого Княжества Литовского. Такое славное прошлое белорусского народа, когда о такой стране знали не только ближайшие соседи, а и очень далекие. Конечно, хотелось бы относиться к Европе не только географически, но и по всем остальным критериям...
-- Спачатку гэта палітыка беларусізацыі, а потым... Выбары першага прэзыдэнта. На лёс Беларусі паўплываў яшчэ мабыць вось гэты камуністычны строй...
-- Ну, революция. Перевернула все к чертовой матери...
-- Безумоўна, другая сусьветная. Раз. Таксама другі Ватыканскі сабор паўдзельнічаў. Ну й таксама незалежнасьць...
-- Якая падзея ў мінулым тысячагодзьдзі, на Вашую думку, найбольш паўплывала на лёс Беларусі?
-- 18 год. Утварэньне БНР...
-- Я, напрыклад, выбары Лукашэнкі не магу адзначаць як падзею тысячагодзьдзя, але за апошняе стагодзьдзе гэта вельмі адмоўна паўплывала на лёс Беларусі...
-- Можна й Еўфрасіньню Полацкую ўзгадаць, Вітаўта ўзгадаць. Я вельмі шкадую, што Вялікае княства не ўтварылася як каралеўства. Кроку не хапіла, шчасьця ў лёсе не хапіла, удачы нейкай. І вось, можа, з-за гэтага многія праблемы потым пайшлі. Але, можа, навярстаем. Можа, выправім становішча...
-- Наверное, Великая Отечественная война. Может быть, деления Речи Посполитой. Не знаю точно...
-- Я думаю, што развитие христианства на Беларуси, без сомнения. И именно развитие протестантской ветви. Именно живого христианства...
-- Я думаю, рэвалюцыя...
-- А калі ўзяць усё тысячагодзьдзе?
-- Калі князь Вітаўт фактычна прадаў Вялікае Княства Літоўскае...
-- Гэта як ён яго прадаў?
-- Ажаніўшыся з гэтаю Ядвігаю...
-- Ягайла!
-- Даруйце, пасьля рабочага дня дымяцца вушы...
-- Утварэньне БНР і рэвалюцыя, усё гэта разам. Зьвязка падзей таго часу...
-- Я думаю, что деятельность коммунистической партии за годы советской власти. Это наибольший промежуток, и наибольшее влияние на судьбы нашего народа. А вы знаете, есть и позитивные, и негативные стороны в этом. И то, и другое...
-- Наверно, то, что Чернобыль шахнул. Это да... Это повлияло здорово...
-- Формирование СССР.
-- Гэта станоўчая штука, ці...
-- Не, адмоўная.
-- Утварэньне Полацкага княства вельмі паўплывала на лёс Беларусі. Дзякуючы гэтаму Беларусь прадвінулася ўперад.
-- Перамога Лукашэнкі на выбарах. Самавызначэньне праваслаўя, аддзяленьне яго ад каталіцтва. На адным з усяленскіх сабораў. Вы гэта ніколі ня ўключыце ў сваю перадачу. Але я так лічу. Я лічу, што за дзесяць вякоў, якія прайшлі, самае значнае -- гэта аддзяленьне праваслаўя ад каталіцтва. А самая моцная падзея ў Беларусі ў навейшай гісторыі, гэта безумоўна перамога Лукашэнкі. І справа ня ў ім асабіста. А ў тых сілах, якія стаяць за ім. Нягледзячы на ўсе яго памылкі і ўсе яго адмоўныя моманты. Гэта адраджэньне Беларусі мабыць нават. Калі пры гэтым мы ня страцім самастойнасьць, безумоўна. А будзем ісьці побач з Расеяй, як гэта было іспакон вякоў...
-- Калі ўласна для мяне, дык гэта маё нараджэньне. Вось і ўсё...
-- На мой погляд, галоўная падзея -- утварэньне БНР. 18 год, 25 сакавіка.
Як бачым, дзесяць гадоў незалежнасьці не прамінулі для беларусаў дарэмна. І хоць у большасьці сваёй людзі атаясамліваюць мінулае тысячагодзьдзе з учорашнім днём (таму вельмі часта ў адказах фігуруе Лукашэнка), але наўрад ці я б дзясятак гадоў таму на гэтым самым месцы пачуў што-небудзь пра Полацкае княства й Літву, пра БНР і Другі Ватыканскі сабор, пра падзелы Рэчы Паспалітай і наша няспраўджанае каралеўства.
(Сяргей Дубавец:)
Сапраўды, дзесяць гадоў таму наўрад ці паспаліты беларускі чалавек стаў бы распавядаць пра страчаную назву краіны і здабытую незалежнасьць. Але цяпер мы зьвернемся да людзей, так бы мовіць, дасьведчаных. Мае апытаньні гісторыкаў і культуролягаў дазволілі скласьці наступны рэестар найважнейшых падзеяў і зьяваў беларускае гісторыі, якая акурат укладаецца ў рамкі тысячагодзьдзя. Храналягічна першае тут -- хрысьціянства. Сёньняшніх беларусаў не назавеш моцна рэлігійнымі людзьмі, тым больш аб'яднанымі вакол адной царквы. Ды й паганскія традыцыі ў нас яшчэ жывыя ў народнай культуры. Тым ня менш, і найлепшая архітэктура краіны, і дзейнасьць Эўфрасіні Полацкай, Лазара Богшы, дойліда Яна, і наступная асьветніцкая праца езуітаў, і шмат чаго іншага, аб'яднанага тэрмінам хрысьціянства, адбілася на ўсім нашым жыцьці. Як бы мы ні былі разьяднаныя канфэсійна, але ў цэлым неаспрэчна, што беларусы -- хрысьціянскі народ.
Далей -- палітычная гісторыя. Стварэньне Вялікага княства Літоўскага, дзяржавы, у якой нашы продкі жылі, якую баранілі ў войнах і якую будавалі на працягу 500 гадоў. Далей -- Кніга Скарыны. Менавіта зь ёй Беларусь перажыла сусьветную рэвалюцыю культуры, навукі і асьветы. Я даю слова скарыназнаўцу Сяргею Шупу:
(Сяргей Шупа:)
Няма ракі без вытоку, але чым далей ад яго, чым шырэйшая робіцца рака, тым болей нязначным і незаўважным робіцца той выток. Вытокі некаторых найбуйнейшых рэкаў зямлі наагул пачалі шукаць адносна нядаўна, і спатрэбілася нямала высілкаў навукоўцаў, каб выявіць нейкую чыста сымбалічнучю крынічку, схаваную ў глыбокіх трапічных лясох.
Тое самае адбылося са Скарынам. Ягоныя кнігі прыйшлі ў Беларусь зарана і ня сталіся імгненна вядомай і папулярнай зьявай. Сучасьнікі і суродзічы наўрад ці былі ў стане зразумець і ацаніць значэньне ягонае дзейнасьці.
Пара масавага кнігавыдавецтва настала ў Беларусі празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля Скарыны, і з часам сама зьява сталася настолькі сама сабою зразумелая, што асоба пачынальніка адыйшла ў цень. Калі для Мамонічаў Скарына яшчэ напэўна нешта значыў, дык наступныя друкары і спажыўцы друкаванай прадукцыі памяталі пра яго ўсё менш і менш -- чым больш і больш кніг зьяўлялася ў нашых землях. А празь якія сто гадоў пра яго бадай што зусім забыліся, раз-пораз толькі нейкі параноік мог яшчэ згадаць Скарыну як нейкага герэтыка, прайдзісьвета або чарнакніжніка.
Аднак некалі настаў час пошуку вытокаў, і мовазнаўцы, філёлягі й кнігаведы, нібы спрактыкаваныя крыміналісты, з амаль незаўважных фактаў і сьведчаньняў, зь дзівам сабранай жмені йголак у стозе сена склалі вобраз Скарыны, такі, якім мы яго ведаем сёньня, ведаем, здаецца, нагэтулькі добра, што напэўна без праблемаў пазналі б яго на нейкай праскай або віленскай вуліцы.
З узьнікненьнем беларусаў як новай палітычнай нацыі, Скарына раптам займеў яшчэ адно — зусім нечаканае — амплюа: публічнага палітыка. За апошнія сто гадоў ягонае імя і творчасьць трывала ўвайшлі ў беларускі палітычны дыскурс: яго ганьбілі і ўсхвалялі, перахрышчвалі й пераймяноўвалі, фарбавалі бронзай і мацалі кішэні яго нагавіцаў. У выніку ён стаўся яскравым нацыянальным сымбалем, цывілізацыйнай візытоўкай беларусаў, культурным героем па-за прасторай і часам.
Плывучы па рацэ нашай кніжнай культуры ў шырэйшыя воды, можна, вядома, і не задумляцца, адкуль і куды і дзякуючы чаму мы плывем. Але можна быць пэўным — калі б не было Скарыны, калі б не было той маленькай чарадзейнай крынічкі — нас бы тут не было і мы былі б ня мы...
(Сяргей Дубавец:)
Сьледам за Скарынавай кнігай, пра якую казаў Сяргей Шупа, -- юрыдычны здабытак, статут ВКЛ, які дзейнічаў на беларускіх землях на працягу амаль чатырох стагодзьдзяў. Далей -- зноў рэлігійная падзея -- царкоўная унія, якая перадвызначыла сьветапогляд нашых продкаў на доўгія гады. Тады -- аграрныя рэформы каралевы Боны, знакамітая "Устава на валокі". Пра яе распавядзе Сяргей Харэўскі.
(Сяргей Харэўскі:)
Каму даводзілася праяжджаць праз расейскую вёску, той бачыў істотную розьніцу з нашай, беларускай. За ўсходнімі межамі былое Рэчы Паспалітае вёскі маюць хаатычную забудову, часьцяком нават цяжка вызначыць вуліцы, а вакол хат раскіданыя лапікі агародаў ды палёў самых розных памераў. І наадварот. Чым далей рухаесься на Захад, у Беларусь, тым больш жорсткую бачыш пляніроўку паселішчаў, нават самых мізэрных. А ўжо ад Менску да Горадні дык і наогул не сустрэнеш і выпадковага будана. Палі дакладна пашнураваныя, хаты стаяць нібыта паводле тыпавога праекту. Гэта вынік рэформаў, распачатых яшчэ за каралеваю Бонай Сфорцай і завершаных яе сынам Жыгімонтам Аўгустам. Тым самым, які выдаў слынную "Уставу на валокі" ў 1557-м годзе.
Італьянка Бона адразу ж угледзела нягегласьць тагачаснае беларускае гаспадаркі. І яе мараю было завесьці тут усё на прадуктыўны, эўрапейскі лад. Тады ўсе вясковыя землі былі наноў пералічаныя і падзеленыя на горшыя й лепшыя, была ўведзеная трохпольная сыстэма. Усе дзяржаўныя вялікакняскія ўладаньні, паводле ўставы, дзяліліся на роўныя кавалкі памерам у адну валоку, гэта 21 з гакам гэктар. Вынікам рэформы стала грандыёзнае пераўтварэньне старых паселішчаў ды будаўніцтва новых. Жылыя хаты былі пастаўленыя ў шыхт уздоўж простых вуліц, гаспадарчыя пабудовы – на другі бок.
Зямельная рэформа забяспечыла дакладнае спагнаньне падаткаў зь вясковага насельніцтва, а таксама блізу справядлівае разьмеркаваньне зямлі сярод сялянства. Насельніцтва пасела на абшарах Беларусі больш-менш раўнастайна. Колісь закінутая зямля стала радзіць.
Рэформа ахапіла пад 90 адсоткаў вёсак на Гарадзеншчыне й пакрысе за сто гадоў дакацілася да ўсходняе мяжы Вялікага Княства. Вынікам стала сапраўдная рэвалюцыя ў сельскай гаспадарцы і ўрбанізацыі. Наступствы мы бачым няўзброеным вокам. Нічога ў вонкавым выглядзе нашых вёсак не зьмянілася з 16-га стагодзьдзя!
І яшчэ адзін плён тае "Уставы на валокі"... Ахова прыроды. Напрыклад, было забароненае паляваньне на ваўкоў, лісіц ды зайцаў з сабакамі. Гэта тое, да чаго Вялікая Брытанія падыйшла толькі сёлета! Катэгарычна забаранялася бескантрольнае паляваньне ў пушчах. Касіць там можна было толькі ў пэўныя дні, каб не пужаць зьвярыну ды птушак. Па грыбы ды ягады дазвалялася хадзіць дзеўкам ды дзецям. Катэгарычна забаранялася паляваньне на рэдкіх зьвяроў, напрыклад, на сарнаў ды даніэляў. Забаранялася лавіць рыбу падчас нерасту. Каб жа ня тыя ахоўныя захады, што былі зробленыя амаль паўтысячы гадоў таму, мы багата чаго не далічыліся б сёньня.
(Сяргей Дубавец:)
Сяргей Харэўскі казаў пра Уставу на валокі, якая спарадкавала Беларусь настолькі, што й нашыя далёкія нашчадкі будуць пазнаваць і любіць свой край менавіта такім, а ня іншым. Наагул жа дзейнасьць рэфарматараў, будаўнікоў і вынаходнікаў звычайна ня так ярка адкладаецца ў памяці пакаленьняў як усялякія закалоты, войны ды паўстаньні. Магчыма, у гэтым загана гістарычнае адукацыі. Тым ня менш, мы сёньня зьвяртаем увагу менавіта на стваральныя акцыі, што мянялі аблічча Беларусі на вякі, калі не назаўсёды. Да такіх належыць і дзейнасьць Антонія Тызэнгаўза. Працягвае Сяргей Харэўскі.
(Сяргей Харэўскі:)
Скажу шчыра: Антоні Тызэнгаўз -- адзін з самых любімых маіх пэрсанажаў беларускае гісторыі. На тое ў мяне ёсьць шэраг прычынаў. Напрыклад, яго ня любяць польскія й расейскія гісторыкі. Ужо гэтая акалічнасьць правакуе ціквасьць. Рэч у тым, што падскарбі вялікі літоўскі, скарыстаўшы давер апошняга караля Рэчы Паспалітае, здолеў сканцэнтраваць у сваіх руках вялізную ўладу і літаральна пераўтварыць увесь край ад Дзьвіны да Нёмана. За лічаныя гады паўсталі новыя вёскі, мястэчкі, дзясяткі мануфактураў, млыноў. Былі пракапаныя сотні кілямтраў новых суднаходных каналаў. У Беларусь засьпяшаліся майстры з усіх куткоў Эўропы. Менавіта Тызэнгаўз, разумеючы значнасьць прамысловасьці ў аграрнай краіне, стварыў тут магутную, як па тых часох, тэкстыльную вытворчасьць. Завуркаталі варшаты на збройных, мэблевых, шорніцкіх, дывановых мануфактурах . За 14-ць гадоў Антоні Тызенгаўз здолеў адкрыць 24 дзяржаўныя фабрыкі й пабудаваць два прамысловыя паселішчы – Гарадніцу й Ласосну! Упершыню ў нашай гісторыі былі ўжытыя мэтады комплекснага праеткваньня й будаўніцтва, скарыстаныя тыпавыя праекты й уніфікваныя матэрыялы. А тэмпы! Напрыклад, мікрараён Гарадніца, з 85-ці дамоў, разьлічаных на пражываньне 1500 чалавек быў пастаўлены за 15 гадоў! І тое самае ў Паставах, Дзятлаве, Варнянах, ды багата яшчэ дзе па Беларусі...
Тызэнгаўз завёў школы, тэатры, капэлы, друкарні, батанічныя сады... Дарэчы, пра друкарні. Менавіта ён ператварыў Гарадзенскую друкарню, узяўшы яе ў арэнду, у сапраўднае выдавецтва ў сучасным сэнсе. Тут рыхтаваліся, рэдагаваліся й выходзілі кнігі. Мала таго, у гэтым выдавецтве выйшлі першыя пэрыёдыкі ў Беларусі "Газэта Гарадзенская" й "Кур'ер Літоўскі". Нарэшце ягоныя ініцыятывы падхапілі й найбольш дальнабачныя магнаты, ствараючы фабрыкі, адкрываючы вучэльні й запрашаючы майстроў з Эўропы.
Дзейнасьць аднаго чалавека, апошняга рыцара Вялікага Княства, перакрэсьлівае міт пра "сьмяротную хваробу" нашае дзяржавы перад расейскай акупацыяй.
(Сяргей Дубавец:)
Сяргей Харэўскі распавёў пра дзейнасьць Антонія Тызэнгаўза. А ў маім пераліку падзеяў тысячагодзьдзя засталося ўсяго дзьве пазыцыі. Гэта "Наша Ніва" -- газэта, якая сфармавала беларускую ідэю і зрабіла нашу нацыянальную сьвядомасьць менавіта такой, якую мы маем. І тры беларускія рэспублікі. Пра іх распавядзе Аляксандар Лукашук.
(Аляксандар Лукашук:)
БНР, БССР, РБ – у трох беларускіх рэспубліках супадаюць па дзьве літары – у іх больш агульнага, чым адрознага.
Адрозьніваюцца вызначэньні. "Народная" – узмацняла беларускую рэспубліку, "савецкая " і "сацыялістычная" яе руйнавала. Адсутнасьць вызначэньня ў цяперашнім назове – знак, які патрабуе расшыфроўкі.
Пакуль найбольш дакладна цяперашняя беларуская дзяржава называецца "савецкая народная сацыялістычная".
У рамантычнай БНР слова "народны" ня мела такога значэньня, якое займела на працягу ХХ-га стагодзьдзя. Сёньня "народны" азначае нешта таталітарна-несвабоднае – Кітайская Народная Рэспубліка, Лівійская Народная Джамахірыя... Народны -- такое моцнае слова, што нават дадатак дэмакратыі не ўратоўвае – Карэйская Народная Дэмакратычная Рэспубліка…
Тры беларускія рэспублікі ХХ стагоддзя -- адзін народ, адна зямля, тры гісторыі.
Паводле вынікаў ХХ-га стагодзьдзя ў паняцьці "народ" пераважае адценьне несвабоды – хіба таму, што свабода -- зьява індывідуальная, а народ – калектыўная. Народны прэзыдэнт, паэт, фронт, воля і доля – усё гэта да месца толькі пры нараджэньні, у дзіцячым узросьце, калі адбываецца зьяўленьне на сьвет. Народная творчасьць – непрафэсійная, а ХХІ стагодзьдзе выйграюць прафэсіяналы.
Трэцяя Рэспубліка Беларусь – знак свабоды, які яшчэ патрабуе напаўненьня.
(Сяргей Дубавец:)
Аляксандар Лукашук казаў пра тры беларускія рэспублікі як важную зьяву тысячагадовай беларускай гісторыі.
Падвядзем вынікі. За тысячу гадоў амаль усе найважнейшыя для Беларусі падзеі і зьявы сабраліся ў 16 стагодзьдзі, якое яшчэ называюць Залатым Векам. Нашыя скарбы думкі, мастацтва, архітэктуры, нашая воля і сіла духу, нашая любоў да свайго краю галоўным чынам -- там. У гэтым сэнсе мы -- нацыя 16-га ст. Ужо ў наступным, 17-м пачаліся доўгія і разбуральныя войны з маладой расейскай імпэрыяй, пасьля якіх беларусы часам не далічваліся кожнага другога. У 18 ст. краіна крыху ўзьняла была галаву, але яе тутсама адцялі расейскім мячом.
Зьдзіўляе тое, як бедна прадстаўленае мінулае, ХХ ст. Яно багатае на Курапаты, Хатынь, Чарнобыль, але ж мы дамовіліся ня згадваць разбуральныя зьявы. Увогуле стагодзьдзе, зь якога мы прыйшлі, было неверагодна неспрыяльнае для беларусаў. У пэўным сэнсе тое, што мы яго пакінулі, пасяляе надзею на новае, ХХІ-е. Спагада гісторыі заўсёды наведвала нас хвалямі, і ўсьлед за такім кашмарным заняпадам абавязкова павінен быць уздым. Можа быць нават такі, як у стагодзьдзі 16-м. І тады нашаму новаму стагодзьдзю нашчадкі таксама дадуць назву Залаты Век.



archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.