news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Шматмоўе ў ХХІ ст.
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



4 Сакавіка 2001
 
Друскенікі ў лютым.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец
 
Інтрыга сёньняшняй перадачы – у тым, што Друскенікі – гэта летні курорт. А яшчэ ў тым, што гэтае чыста літоўскае мястэчка на мяжы зь Беларусяй да Беларусі ніякага дачыненьня ня мае. Вось жа ўсё гэта больш-менш няпраўда.

Кажуць, яшчэ перад вайною ў саміх Друскеніках жыла толькі адна літоўская сям'я. Ня ўсё ясна і з назваю мястэчка. Яшчэ й цяпер у нас яго часьцяком называюць Друзгенікі. Так яно згадваецца на беларускамоўных мапах пачатку мінулага стагодзьдзя і ў "Геаграфіі" Аркадзя Смоліча. Праўда, польскамоўны "Слоўнік геаграфічны" 1881 году выданьня папярэджвае, што Друскеннікі (праз два "н") і Друзгенікі – гэта няслушныя, памылковыя назвы. Тым часам, нашы сучасьнікі прыгадваюць, што яшчэ ў 60-я гады ХХ ст. сюды прыходзіў цягнік з блізкае Горадні, на якім былі табліцы па-беларуску: "Гродна – Друзгенікі". Дык можа, Друзгенікі – гэта якраз па-беларуску? Або – па-габрэйску.

З усіх мясцовых культураў габрэі аказаліся другімі пасьля беларусаў паводле трываласьці забыцьця. Далей у гэтым "рэйтынгу" – палякі і расейцы. Што да габрэяў, дык яны маглі б згадаць і колішні цэнтар палестынафілаў у колішняй расейскай імпэрыі, калі Друскенікі фігуравалі ў пераліках паміж Варшавай і Вільняй, або масавае засяленьне гэтых мясьцінаў сваёй папуляцыяй у канцы ХІХ ст. Мерапрыемства мела назву – "Населены лес". Маглі б успомніць і сынагогу, якая згарэла ў 1961 годзе. Маглі б згадаць, але няма каму. Не засталося ў Друскеніках габрэяў.

А беларусы ёсьць. Яны тут, як і ў Вільні, паводле колькасьці трымаюць сваё ганаровае чацьвертае месца. Праўда, разгледзець іх амаль немагчыма. Тутэйшыя Юрась і Пятрусь міжсобку гавораць па-літоўску і ветліва называюць адзін аднаго: Юргіс і Пятрас. Наагул жа літуанізацыя ў Друскеніках праведзеная ўзорна. Ёсьць, так бы мовіць, чаму павучыцца. Але ёсьць што ўспомніць і з колішніх беларускіх традыцыяў. І ня толькі колішніх. Мясцовы санаторый "Беларусь", які належыць РБ – ці не найбуйнейшае і найжывейшае ў цяперашніх Друскеніках прадпрыемства. Толькі па-беларуску там умеюць усяго некалькі чалавек – як зьлічыць на пальцах.

Пра ўсё гэта й пойдзе гаворка ў сёньняшняй праграме. А яшчэ – пра канцэптуальнае, пра засваеньне чужога і насаджэньне свайго, пра нацыяналізм і мультыкультуралізм – два супярэчныя прынцыпы арганізацыі культурнае прасторы. Мы разглядаем Друскенікі праз атвор Вострае Брамы.

***

У Друскеніках зімою не пакідае адчуваньне, што мястэчка стаіць на моры. Гэта – прысутнасьць нечага вялікага, неахопнага, касьмічнага. Магчыма, гэта сосны – бясконцае мора хвояў, паміж якіх перакідаюцца будынкі, некалькі вулак, возера і ўжо зусім сталы Нёман у стромых лясістых берагах.

Першае славутае імя маленькіх Друскенікаў – Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс або Чурлянь, як называла яго "Наша Ніва" пачатку мінулага стагодзьдзя, паведамляючы пра выставу ягонага жывапісу ў Вільні. Чамусьці пашыранае памылковае ўяўленьне, быццам Друскенікі – радзіма Чурлёніса. Напэўна, таму, што ён тут – самая культавая постаць, ёсьць цэлы музэйны комплекс Чурлёніса. Насамрэч нарадзіўся будучы мастак і кампазытар у Варэне, а ў Друскеніках жыў у сям'і свайго бацькі – касьцельнага арганіста.

Ёсьць і іншая постаць, якая тут мусіла б стаць культавай. Некалі ў спадзеве пераадолець хваробу на тутэйшыя мінэральныя воды падаўся Ян Чачот. На жаль, ані воды, ані хвоі яму ўжо не дапамаглі. Не дажыўшы да паўвеку, Ян Чачот памёр тут у жніўні 1847 году і пахаваны на могілках у прадмесьці Ротніца (па-літоўску Ратніча). І сёньня на прыгожым узгорку па-над выгінам рэчкі Ратнічанкі стаіць помнік з эпітафіяй па-польску. Прозьвішча Czeczott напісанае зь дзьвюма "t" на канцы.

... Як усё ж няпроста іншы раз здабываць старую беларушчыну з-пад наслаеньняў іншых культураў. Ігар Лучанок нядаўна ў тэлебачаньні сказаў, што Міхал Клеафас Агінскі – польскі кампазытар. Нібы кропку паставіў. Бо на слых паспалітага беларуса гэта значыць – чужы. Дасьведчаны дасьледнік гісторыі культуры ведае, што сам Агінскі ніколі б не назваў сябе так. Але разбурыць стэрэатыпы нашмат цяжэй, чым іх ствараць – адной фразай.

І Чачот, беларуска-польскі або польска-беларускі, як у нас пішуць, паэт і навуковец ніколі б не назваў сябе так. На тое ёсьць і ўскосныя, і простыя доказы. У лісьце з высылкі ў 1825 годзе Чачот піша сябрам: "Цяпер аранбурская лінія, можна сказаць, запруджаная палякамі (так нас называюць тут і за такіх прымаюць)". Дасьледчык творчасьці Чачота Кастусь Цьвірка піша пра незапатрабаванасьць гэтае постаці польскай культурай. Беларускай культуры яшчэ толькі трэба будзе зацікавіцца гэтай постацяй і гэтым творчым даробкам.

Пастаўлены ў студэнцкія гады ў Віленскім унівэрсытэце на адну лінію са сваім сябрам Адамам Міцкевічам, Чачот праз усё жыцьцё імкнуўся зразумець, чаму ён, проста кажучы, не настолькі вялікі творца. Але рухала ім ня зайздрасьць або гэтае самае жаданьне стаць вялікім, а шуканьне ў сабе свае праўдзівае рэалізацыі. Седзячы ў ссылцы ў Башкірыі, ён перакладаў Вашыгтона Ірвінга. Факт, які ня можа не зьдзіўляць. Амэрыканскі пісьменьнік быў сучасьнікам Чачота, які (без Інтэрнэту) атрымліваў нейкім чынам усе самыя сьвежыя навінкі літаратурнага сьвету. Ня варта думаць, што ссылка праходзіла ў цяплічных, спрыяльных умовах. Вось вытрымка зь ліста:

"Усе мы здаровы. Мы не на лепшай ад няволі свабодзе... Мы блукаем далёка па стэпах, прыносячы адтуль у душы дадому такую ж, як стэпы, аднастайнасьць, панурасьць і млоснасьць. Наш дом – маленькая хатка: зробленая яшчэ пры жыцьці пустэльніка магіла... У гэтай дзіравай і недагледжанай хованцы часам быў такі жахлівы холад, што я змушаны быў сядзець тут адзеты, як у павозцы – кажуху, паліто, цёплых ботах, рукавіцах і шапцы. Я так замярзаў колькі разоў, што ня ведаю, як яшчэ не захварэў – калі б ня ўнутранае цяпло, можна было б ператварыцца ў лёд".

Для літаратуразнаўцаў Ян Чачот ня стаў настолькі ж геніяльным паэтам, як ягоны сябра Міцкевіч. Чытаючы Чачотавы лісты, разумееш, што ён сам у сваёй ацэнцы ўласнага паэтычнага даробку быў яшчэ больш жорсткім крытыкам. Але ён не пераставаў шукаць сябе. І знайшоў. Некалькі зборнікаў беларускіх народных песень, адабраных і складзеных з найвялікшай любоўю да матэрыялу ды зь ня меншай рэдактарскай патрабавальнасьцю – вось што стала ягоным вялікім плёнам. Праз амаль 200 гадоў, прызнаюся, тыя песьні выглядаюць нашмат больш глыбокімі, гарманічнымі і жывымі, чым творы аўтарскія, якія патрабуюць ад чытача схільнасьці да архівізму. А тое, народнае, як праменіла спрадвечную беларускую волю і долю, гэтаксама праменіць і цяпер. Словам, знаць Чачота ўсе павінны.

Стоячы над ягонай засьнежанай магілай у Друскеніках, я згадваю кніжныя зьвесткі. Памёр Ян Чачот на вачох у Юзафа Крашэўскага. Ягоныя апошнія дні найбольш падрабязна апісаў нядаўна адшуканы намі ў "Вострай Браме" беларускі пісьменьнік Васіль фон Роткірх. Але гэты сюжэт яшчэ патрабуе разьвіцьця. На помніку Чачоту – верш Антона Адынца, які па-беларуску перакладаў Максім Танк і які друкаваўся ў кнізе Адама Мальдзіса "Падарожжа ў ХІХ ст." У Менску выдадзеная кніга твораў Чачота і некалькі кніг пра яго. Так мы ўсе пакрысе расчышчаем гэтую фрэску з-пад напластаваньняў часу і пылу.

***

У прадмесьці Ротніца, на могілках, дзе пахаваны Ян Чачот, ёсьць яшчэ і нядаўні літоўскі помнік – дэпартаваным пры Сталіне землякам. Названыя ўсе пайменна. Уявіць сабе такі помнік дзе-небудзь у беларускай вёсцы я не магу, хоць гісторыя ў нас адна й тая. Людзі па-рознаму ставяцца адзін да аднаго, часам сварацца, часам усёй вёскай кагосьці ня любяць. Тое самае, што ў нас, што ў літоўцаў. Але па выніках яны ўсё ж трымаюцца ў сьвеце неяк інакш. Яны сваіх помняць кожнага – і благога, і добрага. Тут ужо неістотна, хто які. Чаму так? Урэшце раблю выснову, што яны, у адрозьненьне ад нас – даражаць сваёй папуляцыяй. Пачуцьцё вельмі мала знаёмае беларусам. Нават у адраджэнскай прапагандзе заклік да беларусаў даражыць сваімі, калі й гучыць, дык недзе напрыканцы сьпісу. Адкуль жа гэта бярэцца – такая воля?

Дапускаю, яна паходзіць ад таго, што ў літоўцаў як нацыі няма сваякоў. Ці то гэтак склалася аб'ектыўна, ці яны самі сабе так вырашылі, але няма ў іх ані старэйшых, ані малодшых, ані проста братоў і сясьцёр. Прыбалтыйская абойма – насамрэч чыста палітычная гульня. Літоўцы часьцяком недалюбваюцца з латышамі. Як дарэчы і з палякамі, і з расейцамі. Найлепшае паразуменьне яны знаходзяць з намі. Але яны – балты, у іх моцна адрозная мова, у іх, як той казаў, хутаранская сьведамасьць і вялізная воля да жыцьця. А мы нібыта славяне, наша мова падобная з расейскай, мы ўвогуле – з братняю Русьсю, і нашая нацыянальная воля ледзьве падае прыкметы жыцьця. Наяўнасьць сваякоў – магутнейшых і багацейшых, згадзіцеся, расслабляе. Гэта як спакуса ў нейкіх справах паспадзявацца на старэйшага брата, ня ўзяць адказнасьці на сябе. Вось жа літоўцы сабе такой магчымасьці не далі.

Літоўскае засваеньне Друскенікаў паводле мадэлі такое самае, як і засваеньне Вільні. Толькі ў маленькім мястэчку гэта даецца прасьцей і хутчэй.

Гісторыя паселішча пачынаецца з двароў. Спачатку адзін двор, пасьля два двары, пяць двароў. Усе жыхары вядомыя пайменна. Паўтараста гадоў таму, дакладна – 164 гады назад, на тутэйшых мінэральных водах засноўваецца курорт. А ўласна літуанізацыя пачынаецца толькі пасьля мінулай вайны.

Нібы з аднаго каліва цэлае поле, тут з аднаго чалавека паўставала цэлая нацыя. У храналёгіі найважнейшых падзеяў з гісторыі мястэчка першы ўласна літовец сустракаецца пад 1903 годам. Менавіта тады тут нараджаецца Дамінік Вішчыніс, а ў 1912-м – ягоны брат Пятрас. Зь іх усё і пачалося, хоць усяго тады ў Друскеніках было каля трох тысяч жыхароў. У 43-м, за немцамі, Пятрас скончыць Віленскі ўнівэрсытэт, а ўжо ў 44-м, за саветамі, стане стваральнікам і дырэктарам першай тут літоўскай прагімназіі. Ягоны малодшы брат з 41-га году будзе забясьпечваць падтрымку з-за мяжы. У Амэрыцы ён узначаліць радыёстанцыю "Звон свабоды". Так выглядае завязка. Першая школа, першая бібліятэка, першая літоўская служба ў касьцёле, першая нелегальная антысавецкая арганізацыя, першае сьвята літоўскай песьні... Гарадзкая хроніка фіксуе кожнага, хто спрычыіўся да паўставаньня нацыі і славы мястэчка. Да прыкладу, 3 ліпеня 1949 году друскеніцкая школьніца Яня Вайкшнорайтэ ставіць рэспубліканскі рэкорд у мятаньні гранаты. Рэкорд пратрывае 30 гадоў...

Яшчэ крыху, і кола пачне круціцца само. Можна сабе ўявіць, як няпроста было пачынаць. Але ўсе тыя кроў, пот і сьлёзы ня йдуць ні ў якое параўнаньне з вынікамі. І яшчэ што важна. Літоўцы рабілі сваю справу вельмі творча. Наўкола будаваліся й адкрываліся ўсё новыя санаторыі і дамы адпачынку, а ў мясцовых актывістаў нараджаліся дзеткі. Хлопчыкаў прыдумалі называць Вітаўтасамі – у гонар Вялікага князя. І вось сёньня ў Друскеніках жывуць трыста Вітаўтасаў. Уявіце сабе, чаго вартая спаянасьць і воля гэтага клюбу. За часамі незалежнасьці ў цэнтры мястэчка зьявіўся і помнік самому князю.

Дарэчы, пра тых Вітаўтасаў. Самі літоўцы літуанізацыю называюць гарманізацыяй. Імёнам і прозьвішчам надаецца вялікая ўвага. Бо гэта – вобраз нацыі і ўрэшце краіны. Немагчыма сярод сьведамых літоўцаў уявіць сабе якога-небудзь Іванова ці Пятрова або нават Івановаса зь Пятровасам. Гэткія прозьвішчы – незгарманізаваныя. Затое літоўца па прозьвішчы адразу відаць, дзе б у сьвеце ён ні апынуўся. Згадайце тую зорку маскоўскай эстрады Арбакайтэ. Зьявіся там беларуска Дарафеева, мы яе проста не адрозьнім як сваю. Журналіст беларускага радыё Ёнас Лаўрынавічус ніколі і ў галаве ня меў замяніцца на Івана Лаўрыновіча. Затое, шмат якія беларусы Іваны Лаўрыновічы, якія жывуць у Літве, ахвотна перапісаліся на Лаўрынавічусаў. Гістарычныя прозьвішчы гарманізавалі навукоўцы. Скажам, Ян Чачот па-літоўску - C^ec^ota.

Такім чынам, махавік запрацаваў на поўную моц і ўжо не патрабуе такіх неверагодных высілкаў і фантазіі, як тое было напачатку.

***

Друскенікі ў лютым пуставатыя. Ня столькі таму, што зіма. Цяпер ужо і ўлетку тут няма тых шумных натоўпаў – з усяго Саюзу, і многія санаторыі стаяць зачыненыя. Але няма тут і запусьценьня. Як любяць казаць нашы людзі, у літоўцаў – культура. Вось жа гэты сапраўды вышэйшы бытавы стандарт – галоўны інструмэнт літуанізацыі. Негвалтоўны і пасьпяховы. Быць літоўцам і гаварыць па-літоўску – найперш прэстыжна, а пасьля ўжо выгадна. Праўда, правілы гульні, усталяваныя ад пачатку, жалезныя і перагляду не падлягаюць: адна дзяржава і адна мова. Ніхто не спрачаецца. А чаго спрачацца? Зь літоўскай хутчэй знойдзеш добрую працу, за якую будзеш атрымліваць столькі, што назад у Расею не захочаш. Няма сэнсу. З добрым заробкам тут набудзеш усё, што табе трэба. Як кажуць, у асартымэнце. Каб сапраўды не хацець назад у СССР ці ў якое СНГ, жыхарам Літвы дастаткова нагляднае ілюстрацыі – суседняй РБ зь яе заробкамі, крамамі і няяснай будучыняй.

Ці надаюцца літоўскія мэтодыкі да беларускай сытуацыі? Гэта загадка, якую трэба разгадваць. Прыкладам, можна, як літоўцы, ставіцца да тутэйшых традыцыяў выбіральна. А можна – мультыкультурна. Два падыходы супярэчаць адно адному. Калі маеш на мэце ўзгадаваньне нацыі, мусіш разумець, што маладая нацыя заўсёды імкнецца да экспансіі. Менавіта так выяўляецца яе воля і інтарэс да жыцьця. Літоўцы працягваюць актыўна засвойваць Віленшчыну і Клайпэдзкі край, імкнуцца ўдзельнічаць у пытаньні Калінінграда, некаторыя залучаюць ва ўласна літоўскія землі цяперашнюю Беларусь – аж да Маладэчна. Дзеля чаго ім гэта ўсё трэба? Каб захоўваць малады жыцьцёвы імпэт найперш у самой Літве. Бадзёрасьць духу, прагу пазнаньня і тварэньня. Гэта як бы беларусы актыўна дыскутавалі пытаньні Вільні, Дзьвінска, Смаленска, Беластока, Чарнігава... Не дзеля таго нават, каб гэта ўсё адваяваць. А дзеля таго, каб жывой нацыянальнай творчасьцю напоўніўся сёньняшні Менск.

Другі падыход – мультыкультуралізм. Беларусы ў Літве спрадвеку жывуць у суплёце розных традыцыяў – польскай, габрэйскай, татарскай, літоўскай, расейскай... Нам, як жыхарам краю, цікавая ўся культура гэтага краю. Узаемапранікненьні зь іншымі ня толькі ня шкодзяць, але спрыяюць. Бо гаворка йдзе не пра нейкую ачышчанасьць, нацыянальную адасобленасьць, а пра ўзвышэньне культуры. Тады мы ня можам гаварыць пра кроў, якая цячэ ў нашых жылах, адразу прызнаючы, што яна мяшаная. Тут дарэчы будзе клясычны прыклад трох родных братоў Іваноўскіх, якія прызнаваліся кожны да іншай нацыі: беларус, літовец і паляк.

Як мультыкультуралісты мы цікавыя сьвету. Як нацыяналісты - цікавыя найперш сабе і служым нацыянальнаму ўзгадаваньню.

Напэўна добра, калі ў межах аднае нацыі ёсьць прадстаўнікі абедзьвюх плыняў. Беларусы – пераважна мультыкультуралісты. Міжволі падумаеш, ці ня ў гэтым перакосе наша нацыянальная слабасьць і зьнешняя безаблічнасьць?

***

17 верасьня 1939 году Друскенікі ўвайшлі ў склад Парэцкага раёну БССР, дзе знаходзіліся амаль чатырнаццаць месяцаў. Мала дасьледаваная гісторыя. Ці была тут створаная беларуская школа, ці выходзіла беларуская газэта, ці заснавалася якое таварыства – невядома. Вядома, што менавіта ў тую пару быў адкрыты санаторый "Беларусь" – для супрацоўнікаў Акадэміі навук. У 52-м быў адкрыты яшчэ адзін – санаторый для дзяцей беларускіх чыгуначнікаў "Пралеска". Але да сёньня праіснаваў той першы – "Беларусь". Мая маці прыгадвала, як пасьля вайны курортнікам тут ня раілі гуляць блізка каля Нёмана, бо з процілеглага боку ракі пастрэльвалі лясныя браты. Цяпер, дарэчы, іхная стаянка ў лесе ператвораная ў мэмарыял. Згаданыя ўсе пайменна.

У сёньняшняй перадачы я не назваў ніводнага беларускага чалавека ў сучасных Друскеніках. Але яны ёсьць, і сапраўдныя падзьвіжнікі беларушчыны сярод іх ёсьць. Ёсьць суполкі і нават дзіцячы хор. Праўда, пра школу гавораць хутчэй як пра тое, што становіцца ўсё менш рэальным. Беларусы, як і расейцы, і палякі, ходзяць тут у расейскую школу. І ўжо тая на мяжы закрыцьця. Юрась і Пятрусь ахватней адгукаюцца на Юргіса і Пятраса. Санаторый "Беларусь", які быў прадметам міждзяржаўных спрэчак за Шушкевічам і Кебічам, як праблема ўжо нікога не цікавіць. Высьвятляць ісьціну ў архівах стала ня модна. Беларускія архівы цяпер запатрабаваныя ўладамі дзеля кампрамату, а ня ісьціны. Хіба ТБМ часам нагадвае пра Друскенікі. А ў цэлым справа завіслая. Да лепшых часоў.

Колішнія шумныя Друскенікі, у якіх летняй парой перабывала столькі беларускага народу, сёньня сустрэлі нас у лютым. Мэтафара, падобная на мэтамарфозу. Усё перамянілася – Літва, Беларусь, мы з вамі. Дакладней, усё перамяняецца, усё незавершанае. Апусьцелы засьнежаны курорт таксама напружана думае, як вярнуць сабе былую сваю славу і тыя шумныя натоўпы аматараў лекавых гразяў, мінэральнай вады і хваёвага паветра.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.