news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



25 Сакавіка 2001
 
Беларускія імёны.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Днямі, акурат на парозе чарговага Дня Волі, давялося спрачацца пра самую філязофію нашага нацыянальнага адраджэньня і пра тэрмін "народ улады", які я ўжыў у мінулай перадачы. Беларусы -- народ улады. Смаргонскія людзі належаць смаргонскай адміністрацыі, жлобінскія -- жлобінскай. У нас так ня кажуць, але па сутнасьці гэта так. Калі хочаце, беларусы -- Лукашэнкавы людзі. Прычым, без акцэнту на канкрэтнай асобе. Заўтра яны могуць быць Домашавымі ці Пазьняковымі людзьмі -- важна тое, што дзейнічае сам гэты прынцып. Каб зьявіліся беларускія школы -- трэба загад адпаведнага міністэрства і гэтак далей. Прычым настолькі далей, што прынцып распасьціраецца за межы фармальна культурніцкіх сфэраў. Калі нарэшце дадуць загад адрамантаваць у нашым мястэчку вадакачку і пажарную вежу?..

Народ улады зьвязвае ўсе свае пажаданьні і ўсю сваю дзейнасьць з уладамі. А не з сабою. Між тым, досьвед суседніх народаў паказвае, што нацыянальнае адраджэньне і нацыянальная культура робяцца явачным парадкам. Можна сказаць: на гэта няма грошай, гэтага не дазволіць начальства, на гэта не дадуць санкцыяў. А можна нічога не казаць і рабіць, разглядаючы патрэбу фінансаваньня і нейкага начальніцкага подпісу як аб'ектыўныя перашкоды, якія трэба ў рабочым парадку пераадольваць. Так робіць народ сябе. Народ улады разглядае тыя перашкоды як суб'ектыўныя, гэта значыць глыбока заселыя ў сабе і таму непераадольныя. У сабе яны побач з нацыянальным адраджэньнем становяцца рэчамі сувымернымі. І ўжо незразумела, што важней: адкрыць школку ці -- кепскае начальства.

Пасьля нядаўняга фэстывалю літоўскіх фільмаў прыяцель зьдзіўляўся: як гэта рэжысэр Жалакявічус, здымаючы ў глыбокую савецкую эпоху фільм "Ніхто не хацеў паміраць", паралельна зьняў яшчэ адну стужку -- "Пачуцьці" -- ужо без саступак савецкай прапагандзе. За гэтым прыкладам -- цэлая філязофія літоўскага адраджэньня. Жалакявічус разглядаў савецкую цэнзуру, як аб'ектыўную перашкоду, якую можна залагодзіць, абысьці стараною або і надурыць. Што да нашага творцы, дык ён ад пачатку сыходзіў з установак цэнзуры, носячы яе пад сэрцам побач са сваімі творчымі задумамі.

Калі працягваць літоўскія прыклады, дык варта згадаць Троцкі замак, наноў збудаваны за савецкія грошы, тыя, што ў БССР ішлі, як і прызначаныя былі, на будаўніцтва аб'ектаў манумэнтальнай прапаганды. Усіх гэтых помнікаў, стэлаў і мармуровых дошак гонару. Пакуль у машэраўскай Беларусі ідэалягічныя грошы выдаткоўвалі паводле прызначэньня, літоўскія таварышы зьбіралі чамадан з кілбасамі, сырамі і медавухай, ды ехалі да крамлёўскага сталаначальніка, які хутка згаджаўся, што Троцкі замак -- таксама важны аб'ект для выхаваньня савецкага патрыятызму.

Лішне казаць, што літоўцы за савецкія грошы прывялі ў парадак свае старыя гарады і помнікі, што й цяпер цешаць вока. А беларусы засталіся са сваімі дошкамі незразумелага гонару, бюстамі герояў сацпрацы і цяжка вытлумачальнымі бэтоннымі інсталяцыямі кшталту "Міру -- мір".

А ўся справа тут у падыходзе, у філязофіі. У нас казалі (і сёньня кажуць), што ў ЗАГСе не даюць дзіця назваць па-беларуску, бо там кіруюцца даўнім узаконеным рэестрам, які называецца "Славар лічных імён народаў РСФСР". Усё па-за межамі гэтага славара -- незаконнае. І нікому ня рэжа вока абсурд сытуацыі -- з узаконьваньнем называньня, са славаром і з гэтым РСФСР. Калі зноў жа прывесьці літоўскі прыклад, дык там у прынцыпе не існуе абмежаваньняў. Хочаш сына назваць дубам, а дачку бурай -- так і запішуць. Спасылкі на нейкую "нетаковасьць" літоўцаў непераканаўчыя. Да абвешчаньня сваёй незалежнасьці яны называліся гэтаксама як і беларусы -- то на польскі, то на расейскі лад. Называліся не сабою, а польскімі і расейскімі ўладамі. Пасьля ў часе міжваеннай так званай буржуазнай альбо Ковенскай Літвы перажылі бум імёнаў Вялікіх Князёў -- Вітаўтаў, Гедымінаў, Альгердаў і з прыходам савецкае ўлады дапоўнілі гэтую традыцыю царкоўным іменьніком, а пасьля ў гэтай справе разбуяла паганства -- Сонцы, Елкі, Дзюны...

Я нездарма заводжу гутарку пра імёны, бо гэта ці ня першае, што ў нацыянальным адраджэньні можна рабіць явачным парадкам. Першы крок да зьмены філязофіі адраджэньня. Мы, бадай, ні на што ў сваёй краіне ня маем такіх пераканаўчых правоў, як на сваіх навародкаў. Зь іншага боку, такім чынам мы фармуем аблічча сваёй нацыі. Беларускае імя -- якое яно, адрознае ад іншых, паводле якога беларуса адразу відно было б у сьвеце. Распавесьці пра гэта я папрасіў мовазнаўцу Сяргея Шупу.

(Сяргей Шупа: ) "Наколькі імя чалавека можа сьведчыць пра ягонае этнічнае паходжаньне? Калі мы бязь цяжкасьцяў вызначаем, што Ёган — гэта немец, Жан — француз, Юган — швэд, Іван — расеец, Ёнас — літовец, дык наколькі паводле нашых імёнаў пазнавальныя ў сьвеце мы — беларусы?

Ня будзем лезьці далёка ў гісторыю беларускага іменьніка, адзначым толькі, што ў розныя часы называльныя традыцыі ў беларусаў былі розныя — і залежалі яны ад розных паваротаў у рэлігійнай і палітычнай гісторыі краіны.

На працягу ХХ стагодзьдзя ў беларускім называльніцтве адбыліся даволі істотныя перамены. Хрысьціянская традыцыя даваньня ймёнаў, неадлучна зьвязаная з хростам і абумоўленая пэўным стандартным наборам імёнаў у сьвятцах, пратрываўшы перад гэтым амаль тысячагодзьдзе, была фактычна спыненая. Людзі надалей называлі дзяцей звыклымі імёнамі — у адпаведнасьці з канфэсійнай традыцыяй або інэрцыяй пэўнай мясцовасьці або сям'і — праваслаўнымі ці каталіцкімі. Аднак з павелічэньнем сацыяльнай мабільнасьці і узмацненьнем новай — гэтым разам ужо савецкай, татальнай русыфікацыі — сярод беларусаў штораз болей пачалі замацоўвацца «агульнасавецкія», а дакладней кажучы — агульнарасейскія называльныя стандарты.

У выніку, сьпіс імёнаў, даваных беларускім дзецям у другой палове ХХ стагодзьдзя фактычна перастаў адрозьнівацца ад расейскага, прычым сьпіс гэты штораз болей скарачаўся. Так, сярод маіх аднагодкаў-менчукоў, мабыць, пераважная большасьць належыць дзясятку самых папулярных і чамусьці модных у 60-я гады імёнаў — Сяргей, Юры, Аляксандар, Алена, Ірына, Тацяна.

У 70-я гады агульнарасейская, а зь ёй і беларуская сытуацыя патроху пачала мяняцца: мабыць, усім абрыдла аднастайнасьць, і пачаліся пошукі нечага больш арыгінальнага. Тады беларускія гарады захліснула хваля зноў жа расейскіх Дзянісаў, Арцёмаў, Ягораў, Максімаў і да іх падобных.

У правінцыі ўсё адбывалася паводле падобнага сцэнару з пэўнымі выняткамі ў Заходняй Беларусі, дзе савецкай стандартызацыі яшчэ крыху супрацьстаяла каталіцкая называльная традыцыя.

З гэткім багажом Беларусь прыйшла да незалежнасьці і з усімі статыстычнымі абагульненьнямі гэта тое, што мы маем сёньня: імёны збольшага несамабытныя, этнічна невыразныя, і наагул іх мала, беларускі сьпіс выразна бяднейшы, прыкладам, за літоўскі або эстонскі.

Тым ня менш, спробы самавызначэньня на ўзроўні іменьніку прадпрымаюцца ўжо ня першае дзеясцігодзьдзе. Якія ж шляхі абіраюць беларусы, каб засьведчыць у імёнах сваю ўнікальнасьць?

Найперш трэба адзначыць даўнюю зацятую барацьбу за афіцыялізацыю беларускіх скарочаных формаў афіцыйных хрысьціянскіх імёнаў — Алесь, Кастусь, Янка, Паўлюк, Сымон, Кася, Алеся. Рэч у тым, што савецкія нармалізатары пакідалі за гэтымі імёнамі толькі гутарковы статус, не дапускаючы іх ужываньня ў афіцыйных дакумэнтах, аднак урэшце настаў час, і гэтыя абмежаваньні зьніклі. Вось жа, па сутнасьці гэты пласт і ўяўляе сабою ўласна беларускую этнічную сыстэму іменаслоўя і пры належным разьвіцьці і пашырэньні якраз і мог бы стаць галоўным крытэрыям апазнаньня беларусаў. Формы на -ась, -усь, -аль, -ук утвараюцца ад пераважнай большасьці звычайных «афіцыйных» імёнаў, што ўжо пасьпела давесьці новая беларуская хваля апошняга дзесяцігодзьдзя — калі Сяргеі сталі Сержукамі, Эдуарды — Едрусямі, Вольгі — Вальжынамі, Віктары — Вітаўтамі, ня кажучы ўжо пра зусім звычайных Зьмітроў, Юрасёў або Вінцукоў.

Сярод іншых мадэляў беларусізацыі імёнаў можна адзначыць імятворчасьць на славянскай аснове і запазычаньні ў больш далёкіх славянскіх народаў, што, прынамсі, выглядае адметна на звыклым расейскім фоне — Славамір, Сьвятавіт, Радаслава, Ружана. Гэтая мадэль не такая прадуктыўная і больш касмапалітычная у сваёй сутнасьці, аднак яна відавочна расквечвае беларускі імяньнік і пашырае яго ў «нерасейскі» бок.

Калі расейскі фон і надалей будзе заставацца вырашальным у вызначэньні таго — куды разьвіваць сыстэму беларускіх імёнаў, г. зн. «абы не па-расейску», дык надалей можа пасьпяхова эксплюатавацца каталіцкая традыцыя. Цяжка знайсьці, каб нешта гучала больш не па-расейску, чым які-небудзь Вячаслаў Францавіч Кебіч. А імёнаў — і прыгожых — нямала. Безьліч прыкладаў можна набраць хоць бы з твораў Адамчыка.

Закончу сваю нататку вершам, які некалі выпісала старымі беларускімі імёнамі архівістка Вольга Бабкова:

... Ганна, Багданіца, Еўга, Паўлая, Паланэя, Альжбеціца, Ульляніца, Варуша, Марта, Раіна. Алюха, Барбарыца, Дамінітра, Гасюта Арына, Агрэня, Васюта, Кандрута, Ядзьвіга, Аршуля, Наталіца, Таміла, Калгота, Адося, Сьветахна, Някраса, Хрысьцініца, Ждана, Куліна, Нявера, Дпся, Люцыя, Пэрсіда, Альшута, Багдзюша. Зузанка, Нядзелька...

... Адам, Амбражэй, Марцін, Хвалей, Урбан, Лаўрын, Міхалюта, Хама, Альбін, Фалей, Тамаш, Грын, Улас, Флярыян, Стас, Філон, Яраш, Ярута, Хілімон, Херубін, Ждан, Геранім, Даніла, Малей, Ласьцюк, Богуш, Мелех, Аўдзей, Весялін..."

(Сяргей Дубавец: ) Сяргей Шупа чытае старадаўнія беларускія імёны як паэму. Верагодна, ня ўсё надаецца для аднаўленьня і сучаснага выкарыстаньня. Як па мне, дык гэты архаічны шэраг сьведчыць адначасова пра духоўную блізкасьць нас і нашых продкаў і пра далёкасьць, іншасьць іхнае культуры. Час не спыняецца.

Як называюць сваіх дзяцей сёньняшнія сьведамыя беларусы? Ужо пэўна ня сашамі-машамі, як іх самых назвалі некалі іхныя бацькі. Нейкай адной мэтодыкі ці хоць бы лініі паводзінаў у гэтай справе няма. Агульны крытэр толькі такі -- каб не па-расейску. А там у кожнага свае матывацыі. Нехта бабуліна імя ўзяў, нехта з кніг вычытаў, зь летапісаў. А хтосьці й сам прыдумаў, як, дарэчы, часьцяком робяць згадваныя напачатку літоўцы.

Выбар імя для дзіцяці сутнасна блізкі да ўсялякага выбару, які робіць чалавек. Гэта таксама волевыяўленьне. Адно што без назіральнікаў. Чыноўнікі на месцах і ў гэтай справе імкнуцца ўжыць "адміністрацыйны" рэсурс, указаць, як вашае дзіця назваць можна, а як не. І тут, у ЗАГСе вы раптам як ніколі адчуваеце, што сьвет перавернуты на папа. Простая лёгіка ня дзейнічае, белае называецца чорным. Гэта застарэлы сындром народу ўлады, які напаўняе сваімі мэтастазамі ўсё наша грамадзкае цела, у тым ліку і дэмакратычную апазыцыю і нацыянальны рух і культуру, творчасьць... усё. У розных сфэрах мы выбіраем, не выяўляючы волю. Часам нават выбіраючы імя для свайго дзіцяці. Разважаючы пра гэта, лішні раз падумаеш пра сэнс сёньняшняга Дня Волі. Волі бракуе. Воля -- гэта тое, што можа народ улады зрабіць народам сябе.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.