|
|
8 Красавіка 2001
|
Новая кніга Алеся Адамовіча. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
У выдавецтве "Наша Ніва" завяршаецца праца над новай кнігай Алеся Адамовіча. Аснову выданьня складаюць тры апошнія аповесьці аўтара - "Вэнэра", "Нямко" і "Vixi".
Крыху больш за дзесяць гадоў мінула, як ня стала цэнзуры. Крыху менш за дзесяць гадоў, як ня стала Адамовіча. Паміж гэтымі больш і менш - невялікі зазор часу, калі і пісаліся згаданыя творы, апошняя кніга. Прызнаны літаратар з іміджам праўдалюбца мог разьлічваць, што будзе апублікаванае кожнае ягонае слова і, натуральна, імкнуўся даказаць, а значыць і даасэнсаваць тое, што раней даказваць і даасэнсоўваць было немагчыма. Праўда, першыя павевы свабоды шмат каго і расслабілі. Маўляў, калі можна гаварыць усё, дык ужо й ня так гэта важна. Сьледам прападала і ранейшая дысцыпліна думкі, энэргія творчасьці. Іншыя ўспрынялі свабоду як чарговую адлігу і сталі сьпяшацца выказаць недаказанае. У Адамовіча выбару не было. Інфаркт і дыягназ хуткае сьмерці выводзілі ягоную працу над апошнімі творамі за межы тагачаснае рэчаіснасьці зь яе ці то адлігай, ці то свабодай.
Аднак выйдзе ў сьвет ягоная апошняя кніга толькі цяпер, празь дзесяць гадоў. Магчыма, гэта значыць, што мы, усе, ад каго залежала пасьмяротнае выданьне, належым якраз да расслабленых той свабодай, што б ні казалі мы пра дыктатуру. Кажу гэта не як вялікі аматар Алеся Адамовіча, маўляў, пра мёртвых звычайна крыху нацягваюць. Якраз у тыя часы мне здавалася непрыймальнай ягоная рускамоўнасьць, незразумелаю была амплітуда - ад аналізу твораў Максіма Гарэцкага і Кузьмы Чорнага да сутворчасьці з Даніілам Граніным і Элемам Клімавым. Хоць ужо прадчуваю, што і тут Адамовіч прымусіць падстроіцца пад сябе. Але пра асобу літаратара мы згадаем іншым разам, а сёньня гаворка пойдзе пра новую кнігу. Тое, што яна ня выйшла 10 гадоў таму, ніяк не адбілася на яе вартасьці.
Такім чынам, апошняе слова Алеся Адамовіча. Праўда, сказаная без адкладу на пасьля, бо гэтага пасьля - няма.
Сёньня ўжо я разумею, што бяз гэтых твораў немагчыма будзе адэкватна ўспрымаць беларускую гісторыю мінулага стагодзьдзя, сучасны стан краіны, цяперашні літаратурны працэс. Моцна заніжаны сёньня інтэлектуальны ўзровень беларускае грамадзкае атмасфэры абумоўлены тым, што многае з зразуметага папярэднікамі пераасэнсоўваецца сёньня з нуля і павярхоўна, без уліку ранейшага досьведу. У нас перасталі перачытваць клясыку.
Як рэдактара, мяне ў гэтай кнізе прывабілі дзьве рэчы. Па-першае, я разумеў, што на зломе апошніх гадоў Беларусь пагубляла цагліны свае паўнавартаснае будовы, без чаго ўвесь гмах робіцца няўтульным і гатовы разбурацца пад узьдзеяньнем стыхіі. Вось жа адна такая цагліна ў мяне ў руках. Па-другое, - прызабытае пачуцьцё, калі чытаеш творы сучасьніка і табе перадаецца жаданьне ствараць таксама. Гэта ідзе ад амаль культавага стаўленьня да літаратуры, да літаратурнага стварэньня. Гадоў 10-15 таму гэткае пачуцьцё панавала і ў нашых асяродках. Было нясьцерпна важна пачуць новы верш ці прачытаць п'есу калегаў, а той й самому ноч-другую праседзець над вырабам вобразу ці настрою - на паперы. Як усё ж даўно няма гэтага захапленьня і як даўно не ўзбуджаюць яго ў табе творы сучасьнікаў! І рэдагаваньне - як даўно з сутворчасьці ператварылася ў выпраўленьне непісьменнасьці. Вось жа Адамовічавы аповесьці вярнулі тое забытае пачуцьцё.
Аповесьць "Vixi" - сьведама напісаная, недапісаная кода. Аўтар ведае, што неўзабаве памрэ і занатоўвае свае думкі, а таксама згадвае дзяцінства. Дзьве другія аповесьці - "Вэнэра" і "Нямко" - пра вайну і пра вёску. Але пасьля ўсяго напісанага пра вайну і пра вёску - у тым ліку і самім Адамовічам - яны раптоўныя. Гэта Адамовічава рыса па-над усім ранейшым досьведам беларускай літаратуры. Самыя апошнія высновы.
... У адным зь нядаўніх сваіх скрыптаў Зянон Пазьняк гаварыў пра эгалітарызм - тое пашыранае ў нас за савецкім часам сьветаадчуваньне, не пераадолеўшы якога, ніякага нармальнага жыцьця наладзіць немагчыма. Гэта падсьведамая нецярпімасьць да іншага, спраўнейшага, багацейшага, акуратнейшага. Прычым нецярпімасьць - на паражэньне.
У Адамовічавай "Вэнэры" аўтар выяўляе гэтае пачуцьцё ў партызанах. Яно як бы і незлаблівае, але разам з тым імгненна гатовае разьвіцца ў вялікую вынішчальную сілу.
"... Вэнэрын бацька і хадзіў па вуліцы, і пазіраў, і вітаўся так, што зь міжвольнай павагай-цікаўнасьцю азірнесься на яго. А ўжо дома ў яго тым больш: ногі абавязкова выцераш ля парогу. Ды ня надта мы да яго зазіралі, шарагоўцы-партызаны. Вечна нейчы конь пад сядлом навязаны да плоту Станкевіча. Які-небудзь камандзір гасьцюе. Моцны мужык - Станкевіч. Хітраван. Куркуль. Кулак. Словы гэтыя, ахвотна вымаўленыя, ніяк, зрэшты, не падрывалі нашу да яго павагу. Даравалася яму многае, нават багацьце — за дачку".
Дачка-прыгажуня Вэнэра - галоўная гераіня аповесьці. Крыху пазьней я скажу колькі словаў пра ейны лёс. А пакуль працягну цытаваньне:
"А неяк чэпэ здарылася: нехта палазіў каля вульляў Станкевіча. Называецца: павязаць пчолак. 3 патрону выломваеш кулю, запалку да патрону, патрон да лаза — ш-шух! Душагубка для пчол. Адчыняй вечка і, не баючыся джалаў, гаспадар, як фашыст. Але ня можа быць, каб гэта з нашага атраду. Пэўна нейкія чужакі пашарылі. Носава віншавалі: во як памацалі твайго цесьця! А ён нават задаволены, радуецца - чаго толькі: віншаваньням альбо што Станкевіча раскулачылі? Гэткія гісторыі нас усіх чамусьці забаўляюць. А, недаспадобы? Прыйшлі, вярнуліся ў лягер уначы, у зямлянцы сьпяць упокат, аднаму, другому з усяго маху па задніцы — падскоквае, як шалёны. А, недаспадобы?! У гэтым уся весялосьць: каб чалавеку не падабалася".
Аўтар нібы зноў усяляецца ў сьведамасьць таго 16-гадовага сябе, каб лепей зразумець сутнасьць часу і партызаншчыны. Для гэтага даводзіцца ні ў чым не выгароджваць і не прыхарошваць таго 16-гадовага. А выглядае ён сапраўды не героем, хутчэй нейкім ціхім, затоеным шкоднікам.
Не адзін раман датуль Адамовіч прысьвяціў партызанам. А тут - бяз зносак на цэнзуру, савецкую ідэалёгію і грамадзкія прынятасьці - ён сьпяшаецца даць вывераную характарыстыку партызаншчыны. Такую, каб не падлягала пераацэнкам у залежнасьці ад зьмены ідэалёгіі. Каб была простая праўда.
"Вось такія справы! — хочацца паўтарыць усьлед за аўтарам "Бойні нумар пяць". Такія вось пірагі. Гарачыя, апячэсься. У амэрыканскага немца Курта Вонэгута вычытаў я і яшчэ адну думку, хоць забіце, але яна і мая ўласная: пра мінулую вайну як пра крыжовы паход дзяцей. Яна, на жаль, скарыстана, зрасходавана на амэрыканцаў, што ваявалі ў Эўропе. А як бы спатрэбілася для нашай партызаншчыны. Вось ужо дзеці дык дзеці! А дзе дзеці, там і жорсткасьць. Асаблівая, дзіцячая.
У нас нават камандзіры атрадаў, брыгад былі найбольш дваццацідвух-дваццацітрохгадовыя. Ва ўзводах — школьнікі, нядаўнія школьнікі. Былі і барадачы, "дзяды", але няшмат, як бы спэцыяльна для дакумэнтальных кінастужак, фотаздымкаў, каб ня крыўдзіць тых, хто менавіта такімі ўяўляць "народных мсьціўцаў".
... У атрадзе нашым было каля 600 чалавек. Гэта ў 1943 годзе. Складаўся ён з каго (досыць тыпова для Беларусі)? Працэнтаў 10 — былыя акружэнцы, яны ж нашы камандзіры, штабная публіка. Столькі ж, бадай, былых "дабравольцаў", "уласаўцаў". Гэта ўсё наш армейска-кадравы склад, баявы касьцяк атраду. Акружэнцы партызанілі з 41-га, "дабравольцы"— зь вясны 42-га. І тыя, і другія як бы арыстакратыя наша, "старыя партызаны". Хаця непрыкметны падзел між імі заўсёды існаваў: ніводнага "ўласаўца" не было ў штабе, а калі "ўласавец" камандзір, дык не вышэй чым узводу. І наогул грахі вольныя ці міжвольныя не дараваліся. Злучыліся з арміяй — і большасьць іх, не пытаючыся, хто як партызаніў, адправілі ў штрафныя роты...
Гэта я пра камандзіраў казаў. Ну, а наступная паводле значэньня і павагі катэгорыя партызан — "дзяды", ва ўзводах баявых і пры гаспадарчым узводзе. Іх ня больш за 3-5 працэнтаў.
Ага, не забыца пра былых паліцаяў, іх таксама працэнтаў пяць.
Наогул працэнтаў 35 - ня мы. Астатнія — мы, школьнікі. 3ь вёсак, з рабочых пасёлкаў, як наша Глуша, з райцэнтраў, мястэчак. Былі і гарадзкія, але ім больш складана трапіць у партызаны, дабрацца да нас. Там у іх заводзіліся "маладыя гвардыі", у Беларусі — у кожным гарадку, а ў вялікіх гарадах — амаль на кожнай вуліцы. Так што і ўся рэспубліка беларусаў у вайну — крыжовы паход дзяцей.
Вось такія ў нас справы школьныя, Курт!"
Вось такія справы... Дзеці, дзеці. У нас і цяпер, здаецца часам, палітыкі як дзеці - з абодвух бакоў. Крыўдлівыя, інфантыльныя, нямудрыя яшчэ зусім. Ну ніяк ня ўгледзець спаміж іх сваіх абаронцаў. Як і ў тых партызанах.
Але гэта пераважна пра стыхійную партызанку, самую масавую. А былі ж яшчэ і асобыя атрады, засланыя ў Беларусь з Масквы. Калі праўду, дык поўную праўду. Няма больш куды адкладаць Алесю Адамовічу.
Вёску прыгажуні Вэнэры, якая давала прытулак партызанам, зьнішчыў такі вось асобы атрад НКВД. Партызаны вяртаюцца з чарговага рэйду і такі паміж імі завязваецца дыялёг:
"- А праўда, што гэта спэцатрад тут дзейнічаў? — пытае Навічок. (У хлопца ёсць прозьвішча, імя, але для нас ён проста Навічок: усяго толькі два тыдні, як прыбег з Бабруйску.) Злавеснае наша маўчаньне Навічку анічога не сказала, упарта дамагаецца адказу:
- Кажуць, што яшчэ да немцаў тут нашы былі, нейкі атрад спэцыяльны...
- Табе гэта ня немцы расказвалі? - пытае Рамановіч. Вунь якія жорсткія вочы могуць быць у нашага камандзіра. - ... Не балбачы, чаго ня ведаеш. Чуў звон!
Мы згодныя з Рамановічам. Пра гэта ня трэба. Мы таксама ведаем. Але пра гэта ня треба. Ні ведаць, ні помніць ня хочацца".
Ведаць і помніць ня хочацца, але ведаецца і помніцца. І зразумела, што трэба распавесьці пра гэта, прычым найхутчэй, хоць бы і праз 50 гадоў пасьля вайны. Бо гэта праўда. Таму пасярод аповесьці Алесь Адамовіч згадвае сваю з калегамі працу над кнігай "Я з вогненнай вёскі":
"Нам жанчыны расказваюць, старэнькія, ім ужо за 70, магнітафон запісвае:
- Прыехалі й кажуць: ідзіце ў лес, немцы хутка будуць у вас... А людзі, зіма ж, мароз, куды ж ім у лес ды ў каго шмат дзяцей. Не паслухаліся некаторыя. Дык яны назаўтра вярнуліся і тых, хто ў лес ня выехаў, ажно дзевяць сямеек, - усіх пастралялі...
- Чакайце, гэта хто былі?
- Ды хто, партызаны, мы ж кажам. Спэц... гэты атрад - яны сябе называлі. Восемдзесят ці колькі душ, ды зь дзеткамі пастралялі... Вы, кажуць, немцаў чакалі, вы не савецкія людзі. Камандзір іхны, як яго... Калайджан, чорны такі, вочы такія, усё крычаў: "Вы - паліцэйскія лазутчыкі, вы ворагі народу, здраднікі!"
Ад мясцовых партызан мы тое самае чулі. Спэцыяльна распытвалі ў іншых вёсках. І ўсё-ткі не далі ў кнігу. Можна растлумачыць: гэтага нізавошта б не прапусьцілі, 70-я гады. Праўда, але з адной агаворкай. Касэту мы самі сьцёрлі, запісалі на ёй іншы расказ у другой вёсцы, дзе забівалі ўжо сапраўды немцы. Першая думка, пачуцьцё наша (усе трое да таго ж былыя партызаны): ды калі прагучыць гэты выпадак, усе астатнія нашы запісы, нашы "вогненныя вёскі", дзе немцы і паліцаі "працавалі", нехта паставіць пад сумненьне. А ці ня іх, такіх вось "спэцатрадаў", справа - вашы Хатыні.
Які быў расклад рэчаў у тыя дні: альбо - альбо. Калі і вашы "органы" - зьвяр'ё, значыць, як бы апраўданьне нямецкім карнікам. Сьцёрлі магнітную стужку - факт...
Мой суаўтар па кнізе "Я з вогненнай вёскі" Янка Брыль спэцыяльна адшукваў сьляды гэтага Калайджана. Па музеях ды публікацыях. Выявілася: прысланы быў з Масквы, бо ў 1942 годзе "камандзіраў не хапала". (Ды й ня вельмі давяралі акружэнцам: з НКВД - надзейней.)
Ваграм Пагосавіч Калайджан, старшы лейтэнант, - вось ён і расстраляў на Віцебшчыне вёску Дуброва. Потым яго адклікалі ў Маскву. Паводле афіцыйнай вэрсіі: судзіць. Паводле перакананьня мясцовах партызан: уцёк сам, за ім ужо палявалі мясцовыя хлопцы. Прынамсі, ніякой за сабою віны не прызнаваў, а наадварот, крыўдзіўся (пасьля вайны ўжо), выпрошваў узнагароду.
Тое, што адбылося ў нашай мясцовасьці - ва Ўюнішчах, ну, проста-такі сьпісана з Калайджана. І таксама - "спэцатрад".
Той спэцатрад расстраляў у вясковым рове тых жыхароў, якія спрабавалі ўцячы ад нямецкае акцыі. Спэцатрад зрабіў сваю справу і сыйшоў. Прыйшлі немцы і ўсіх астатніх сагналі ў хлеў і спалілі. У тым ліку Вэнэрыных маці, брата і сясьцёр. Сама яна, абпаленая, выжыла. Потым свае партызаны, сустрэўшы яе ў лесе, не пазналі колішнюю прыгажуню, адабралі ў яе каня - усё, што засталося ад былое гаспадаркі. Потым быў канец вайны і ў яе доме - адзіным ацалелым ад вёскі - зрабілі калгасную кантору. Сама яна жыла ў бакоўцы, на печцы, куды нападпітку бясконца лазілі заежджыя ўпаўнаважаныя. І нарабілася ў Вэнэры дзяцей. Урэшце, нават пакладзістым сваім норавам яна не дагадзіла пастаяльцам і прыпісалі ён крадзёж з калгаснага поля шасьці бульбін, за што, ужо пасьля сьмерці Сталіна атрымала яна 6 гадоў Гулагу і назаўсёды зьнікла з поля зроку ўсіх, хто яе ведаў, у тым ліку і аўтара аповесьці.
Як і Васіль Быкаў, Адамовіч гоніць свайго героя па балатах, праз падпаленыя хлявы і расстрэлы - ад вечнае пагоні - ня тых, дык гэтых, ня немцаў і паліцыяў, дык партызан і "спэцатраду" - гоніць праз усе магчымыя й немагчымыя пакуты ды катаваньні - да сьмерці. І да высокага сэнсу, які адкрываецца, паўстае з гэтых твораў: не было ў тую вайну для беларуса сваіх, не было свайго боку, свайго інтарэсу. Гэта чужая вайна жорнамі прайшла-праехала па хрыбціне беларускага чалавека. У гэтым сэнсе філязофія Адамовіча і Быкава - адна, дакладней, да адной яны ўзыходзяць філязофіі. Два найглыбейшыя псыхолягі і сьведкі ўздымаюць нас да гэтае праўды. І большае праўды, мабыць, ужо ня будзе. Бязь іх, верагодна, не было б і гэтай.
Чытаючы пра ўсю тую нялюдзкасьць, увесь час спрабуеш сканструяваць хоць нейкую альтэрнатыву - ну, хто мог бы тут абараніць, хто мог бы выступіць сваім?
Самая простая выснова - вінаватая зброя. Чалавек бяз стрэльбы часта міжволі салідарызуецца з такім самым, але варта яму ўзяць зброю і гэта ўжо зусім іншы чалавек. Але ж у тым і рэч, што мы гаворым пра абаронцу, якога можна было б прызнаць за свайго. А які на вайне абаронца бяз зброі?
Алесь Адамовіч не аднойчы заўважае, што ўвесь ягоны матэрыял - дакумэнтальны. І вось ён шукае ў сваёй памяці або ў расповедах іншых таго свайго абаронцу для Вэнэры і многіх тысячаў падобных да яе вясковых проста людзей. У выніку зьяўляецца яшчэ адна аповесьць - "Нямко". Абаронцам для беларускае вёскі ў гэтым дакумэнтальным расповедзе аказваецца немец.
"Штурмбанфюрэр уласнаю асобаю меў палітычную суразмову з малодшымі афіцэрамі, а тыя – з салдатамі: як паводзіць сябе на гэты раз, у гэтай вёсцы. Аніякіх пагроз і канфіскацыяў, за паслугі дзякаваць і нават плаціць, сьмела ўступаць у асабістыя кантакты – усё, як у цывілізаванай краіне. А калі надыдзе дзень акцыі (аб чым будзе ў час паведамлена), усіх гаспадароў свайго дому ліквідаваць, дом і ўсе забудовы падпаліць. Словам, далей дзейнічаць, як і ў іншых вёсках".
Маладзенькаму нямецка-фашысцкаму захопніку Францу глянулася такая ж маладзенькая гаспадыня хаты Паліна. І вось у час экзэкуцыі, калі ў іншых хатах гансы з герхардамі пачынаюць расстрэльваць сваіх гаспадароў, ён расстрэльвае свайго напарніка - дасьведчанага экзэкутара - і разам з Палінай ды яе маці хаваецца ў падзямельлі. Пакуль дагарае расстраляная і спаленая ягонымі таварышамі вёска. Пасьля адыходу немцаў яны ўтраіх выбіраюць на пажарышчах косткі згарэлых людзей і хаваюць іх.
Сярод матывацыяў Франца няма пажады, няма яшчэ і вялікага каханьня. Проста чалавек у ім загаварыў. Неасэнсавана так залепятаў у выхаванцы гітлерюгенду. Але выступіў ён сваім абаронцам і для Паліны, і для яе маці і для ўсёй вёскі. Можна толькі ўявіць, што чакала гэтую парачку - Паліну і немца - наперадзе. Трэба было хавацца ад любога ўзброенага чалавека. Адамовіч узнаўляе ўсю іхную горкую адысэю. Вайна завяршаецца ў лягеры сьмерці ў Азарычах. Але і пасьля вайны не лягчэй. Усё ж, зашыўшыся кудысьці ў палескія пушчы, яны выжываюць.
Яны выжываюць разам з усімі, каму ў тую вайну ўдалося выжыць. Гэта значыць, з тымі, хто нарадзіў сёньняшняе жыцьцё ў Беларусі і чыёй сьвядомасьцю гэтае жыцьцё абумоўленае.
Чытаючы ў Адамовіча дакумэнтальныя гісторыі рэальных беларускіх людзей і цэлых вёсак, раптам вельмі добра разумееш, чаму сёньня так трымаюцца людзі за тое, што маюць, ня хочучы ніякіх там рэформаў, пераменаў, дзяржаўнасьцяў-незалежнасьцяў. Толькі б было так, каб не расстрэльвалі, не палілі жыўцом, не прыніжалі самым нізкім прыніжэньнем, не забівалі сваякоў, ня страшылі па начах сваімі наездамі - толькі было б як цяпер. Хай і голад, і холад, і нават сьмерць, але толькі па-людзку, як цяпер. Яны зьведалі такое беспрасьвецьце, што ўжо ў генах у іх той жах і тая радасьць зь цяперашняга, сапраўды ж у параўнаньні сьветлага жыцьця. Калхозны зьдзек яны церпяць - бо гэта ў параўнаньні ўжо зусім і ня зьдзек. А чаго яшчэ большага хацець, калі зьведаў забойства бацькоў ды дзяцей - у цябе на вачох. Калі сам цудам выпаўз. Цяперашняе жыцьцё мае назву калі ня шчасьце, дык не-кашмар. Не-кашмар, можа быць, нават больш чым шчасьце.
Адна думка мне прычапілася - а што ж іншыя народы-нацыі, хіба не перажылі ўсяго гэтага? Чаму яны сёньня так складна жывуць? А ў нас яшчэ толькі на транспарантах ды платах пішуць гэтыя пажаданьні пра незалежнасьць, дэмакратыю і свабоду. Ці нам дасталося болей, чым іншым? Ці мы сапраўды як нацыя - яшчэ дзеці, да сьмерці перапалоханыя мінулай вайною і сталінскімі экзэкуцыямі?
Пра гэта, а найперш пра Алеся Адамовіча, як асобу і творцу, пра ягонае нацыянальнае ўсьведамленьне і філязофію, пра ягоную апошнюю кнігу, якая цяпер рыхтуецца да друку ў выдавецтве "Наша Ніва", мы працягнем гаворку ў наступнай перадачы праз тыдзень.
|
|
|
|
|
|
|