|
|
22 Ліпеня 2001
|
Джэром Сэлінджэр: паміж Быкавым і Глёбусам |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Гэтай парою спаўняецца 50 гадоў адной культавай кніжцы, свайго роду бібліі ўсіх падлеткаў другой паловы мінулага стагодзьдзя. Па-беларуску яна не перакладзеная дагэтуль, таму ў нашых краёх чыталі і чытаюць яе па-расейску. "Над пропастью во ржи" -- так гучыць яе расейская назва. Праўда, дапытлівыя крытыкі і сёньня працягваюць спрачацца пра тое, што такая назва занадта расплывістая і далёкая ад ангельскага арыгіналу, які літаральна гучаў бы "Лавец у жыце". Праўда, апанэнты зараз жа кажуць, што так было б і грувастка, і ня надта знакава. Няпростая гэта справа -- зьмяніць клішэ гатовага культу. І хоць амаль кожны беларускі падлетак пачуваецца далучаным да гэтага культу, сам культ ня стаў яшчэ часткай беларускай культуры. Затое ён існуе ў беларускім культурным кантэксьце, пра што і пойдзе гаворка ў сёньняшняй перадачы.
Біяграфія амэрыканца Джэрома Сэлінджэра, які напісаў "Лаўца ў жыце", уяўляе сабою бэстсэлер, ніяк ня менш папулярны за згаданую кніжку. Найперш ён славуты тым, што аднойчы, недзе ў 1965-м годзе, на самай вяршыні свае папулярнасьці, раптам кінуў пісаць і наагул дачыняцца з навакольным сьветам, зашыўся ва ўласнай сядзібе ў глыбокай правінцыі і больш яго амаль ніхто ня бачыў і ня чуў. Гэтак працягваецца ўжо больш за трыццаць гадоў. А самому Сэлінджэру цяпер 82 гады. Але пра ўсё па чарзе.
"Калі вам насамрэч хочацца пачуць гэтую гісторыю, вы, напэўна, перадусім захочаце даведацца, дзе я нарадзіўся, як правёў сваё дурацкае дзяцінства, што рабілі мае бацькі да майго нараджэньня, -- словам, усю гэтую дэвід-капэрфільдаўскую муць. Але, шчыра кажучы, мне няма ахвоты ў гэтым корпацца. Па-першае, сумна, а па-другое, у маіх продкаў, напэўна, здарылася б па два інфаркты на брата, калі б я стаў балбатаць пра іх асабістыя справы. Яны гэтага цярпець ня могуць, асабліва бацька".
Няхай даруе нам герой аповесьці, але мы сёньня крыху патрывожым продкаў ягонага стваральніка. Дакладней, да нас тое ўжо зрабіла дачка Сэлінджэра Маргарэт, якая нядаўна разбурыла таямніцу затворніцтва бацькі, надрукаваўшы кнігу пра яго пад назвай "У пагоні за марай". Маргарэт вырасла побач з бацькам акурат на той недаступнай для цікаўнае публікі сядзібе.
"Маё дзяцінства было падобнае на страшную казку. Існаваньне Джэрома Сэлінджэра далёка не заўсёды было добраахвотным зьняволеньнем, аднак на жыцьці ягоным ляжаў нейкі злавесны водсьвет. У гэтым чалавеку заўсёды адчувалася трагічная раздвоенасьць".
Дачка пісьменьніка часткова тлумачыць гэта тым, якое было ягонае дзяцінства:
"Ён рос у цэнтры Нью-Ёрку, на Мангэтэне. Бацька ягоны, габрэй, пасьпяхова гандляваў прадуктамі харчаваньня. Звыш меры клапатлівая маці была ірляндкай, каталічкай. Аднак яна падпарадкоўвалася абставінам і выдавала сябе за габрэйку, хаваючы праўду нават ад сына. Сэлінджэр, які з асаблівай вастрынёй усьведамляў сябе паўжыдкам, на ўласным досьведзе спазнаў, што такое антысэмітызм. Вось чаму гэтая тэма неаднаразова і даволі выразна праступае ў ягонай творчасьці".
Нічога дзіўнага ў тым, што бацька пісьменьніка прыехаў у Амэрыку з колішняй рысы аседласьці габрэяў -- з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Больш дакладных зьвестак пра радзіму гэтага роду мне адшукаць не ўдалося. Але факт ёсьць факт. Нашы землякі-габрэі добра спрычыніліся да стварэньня Амэрыкі і яе культуры. Пачынаючы ад таго Мэера Ланскага-Шушланоўскага, які прыехаў з Горадні, стаў самым крутым мафіёзі ў Штатах і заснаваў Лас Вэгас. Або з братоў Гершвіных -- Джорджа і Айры, стваральнікаў амэрыканскае опэры. Або з таго самага Сэлінджэра. Цікава, як гучала прозьвішча ягонага бацькі да ад'езду зь Беларусі ў Амэрыку?..
Далейшая біяграфія пісьменьніка нагадвае лёс Васіля Быкава. Пры ўсёй непараўнальнасьці гэтых двух стваральнікаў знакавых аповесьцяў, рызыкну дапусьціць, што менавіта вайна сталася тым вірусам, які выклікаў у абодвух захворваньне на прозу. Вось як гэта ў кнізе дачкі Сэлінджэра Маргарэт:
"Ягонае юнацтва прыпала на неспакойны час. Скончыўшы вайсковую вучэльню, Джэром распусьціўся ў масе амэрыканскіх "джы-ай". У складзе 12-га пяхотнага палка 4-й дывізіі ўдзельнічаў у другой сусьветнай вайне, адкрываў другі фронт, дэсантаваўся на бераг Нармандыі. На фронце было нясоладка, і ў 1945-м будучы клясык амэрыканскай літаратуры патрапіў у шпіталь з нэрвовым зрывам".
Мусіць, было ад чаго. Там, на фронце, Сэлінджэр пазнаёміўся з Хэмінгуэем і на ўсё жыцьцё быў шакаваны тым, як старэйшы таварыш па-заліхвацку расстрэльвае куранятаў. Тады Джэром яшчэ ня мог ведаць, што праз шмат гадоў зьедлівая крытыка назаве яго "Хэмінгуэем для бедных".
У адрозьненьне ад Быкава, Сэлінджэр ваенным пісьменьнікам ня стаў. Аднак, калі ўлічыць, што ваенны -- гэта ня быкаўскае самавызначэньне, а прыдумка крытыкі, дык тое адрозьненьне можа і зьнікнуць. Урэшце, тэматычны бок літаратуры -- вонкавы. Што да кантэксту твораў, дык, думаю, параўнаўчы аналіз тут цалкам магчымы.
"Стаўленьне да вайны і пасьляваеннага сьвету ў яго было таксама дваістым -- на жаль, іншае вызначэньне падшукаць цяжка. У якасьці супрацоўніка амэрыканскай разьведкі Джэром удзельнічаў у праграме дэнацыфікацыі Нямеччыны. Будучы чалавекам, які ўсёй душой ненавідзіць нацызм, ён аднойчы арыштаваў дзяўчыну -- маладую функцыянэрку нацысцкай партыі. І ажаніўся зь ёю. Тую немку -- першую жонку бацькі -- звалі Сыльвія. Разам зь ёй ён вярнуўся ў Амэрыку, і нейкі час яна жыла ў доме ягоных бацькоў. Але шлюб аказаўся недаўгавечным. Яна ненавідзела габрэяў з такой самай жарсьцю, зь якой ён ненавідзеў нацыстаў".
Пасьля ў яго яшчэ былі жонкі. Наагул, пра ягоныя дачыненьні з жанчынамі можна казаць бясконца. Кожны эпізод з жыцьця пісьменьніка даўно пераплаўлены ў літаратуру. Ды й неапісаныя гэтыя эпізоды выглядаюць заўсёды знакава, літаратурна. Як і ўсё, што зьвязана зь ім самым і зь ягоным імем. Да прыкладу, пасьля забойства ў Нью-Ёрку Джона Ленана газэты наперабой паведамлялі пра тое, што забойца, зрабіўшы сваю справу, дастаў з кішэні кніжку і пачаў чытаць. Кніжка была тая самая, Сэлінджэрава, пра 50-я ўгодкі якой мы сёньня гаворым.
Перачытваючы "Лаўца ў жыце", я думаў пра паралелі зь беларускай літаратурай. Культавая кніжка ўсіх падлеткаў выглядае адначасова як дзёньнік і як нататкі псыхааналітыка. Менавіта з гледзішча псыхалёгіі ўсе сытуацыі ў ёй тыповыя і для Штатаў, і для Беларусі.
"Дачка нашага дырэктара, старога Тэрмэра, часта ходзіць на матчы, але не такая гэта дзеўка, каб па ёй вар'яцець. Хаця ўвогуле нічога. Неяк я зь ёй сядзеў побач у аўтобусе, ехалі з Эгерстаўна і разгаварыліся. Мне яна спадабалася. Праўда, нос у яе доўгі, і пазногці абкусаныя да крыві, і ў станік нешта падкладзена, каб тырчала ва ўсе бакі, але яе чамусьці было шкада. Спадабалася мне тое, што яна табе ня ўкручвала, які ў яе выдатны татуся. Відаць сама ведала, што ён балбатун несусьветны".
А хто ў падлеткавыя гады не запісваў у дзёньнік усялякія банальнасьці пра дзяўчынак-аднаклясьніц, пачынаючы кожнага разу фразай "Дзень правёў нядрэнна" або "Час прайшоў пагана" і г.д. Тыя самыя словы, тыя самыя тэмы, пераказаныя пачуцьці. Тое самае надзіманьне грудзей "пад дарослага". Той самы погляд на сьвет:
Усё, адным словам, як у нас -- што ў амэрыканскага падлетка, што ў беларускага. Але нельга сказаць, што ў амэрыканскага гэта беларускае. Усё наадварот. Бо грудзі нашага земляка надзімаюцца найчасьцей менавіта пад амэрыканскіх герояў кніжак ды фільмаў. Як і ўся маскультура наша -- зьява амэрыканская. Гэта мы, выгадаваныя ў полі амэрыканізму, чытаем Сэлінджэра, нібы пра сябе. Хоць нашым быцькам або дзядам у падлеткавым веку наўрад ці гэткае чытво закранула б душу.
Інтрыгу твору стварае эфэкт чытаньня чужога дзёньніка. Калі тэматычна, дык у нас падобнага дасягаў Андрэй Федарэнка ў сваёй аповесьці "Гісторыя хваробы". Але Федарэнка вырас наўзбоч ад амэрыканскае масавае культуры і таму аналёгіі яму трэба шукаць хутчэй у расейскай літаратуры. Затое цалкам у полі амэрыканізму вырас Адам Глёбус. Ягоныя аповесьці з кнігі "Толькі не гавары маёй маме" -- найбольшае жанравае і тэматычнае набліжэньне да Сэлінджэра ў беларускай літаратуры.
"Кажу табе: нiчога адметнага не было, нiхто не застрэлiўся. У iншых здараецца страшнае, i яны трапляюць у лякарнi, i труцяцца, i вешаюцца, а ў мяне... Ну, калi ты настойваеш, скажу так: мне было сямнаццаць. Лядачы ўзрост, асаблiва калi вясна, травень, i табе сямнаццаць, i ўсе дзяўчаты прыгожыя. А тая, што да цябе блiжэй за ўсiх, -- самая прыгожая. А блiжэй за астатнiх да мяне была Вольга Пакроўская. За адным сталом на занятках сядзелi. Другi год сядзелi побач, i калi ў мяне ўзьнiкалi розныя думкi, дык я iх праганяў зь дзiўнай лёгкасьцю. Ну, мала што каму захочацца цi прымроiцца на занудлiвых занятках па вайсковай справе, калi маёр Мухiн у соты раз разьбiрае й зьбiрае аўтамат Калашнiкава, а потым прымушае гэта рабiць усiх па чарзе. А аўтамат адзiн. I калi дойдзе чарга, дык адчуеш, як ад Мухiна пахне сьпiртам".
Гэта Глёбус піша пра свае першыя каханьні з усёй дзёньнікавай шчырасьцю. А вось Сэлінджэр:
"Я жахлівы хлус -- такога вы ніколі ў жыцьці ня бачылі. Страшная рэч. Іду ў краму купляць які-небудзь часопіс, а калі ў мяне раптам спытаюць куды, я магу сказаць, што іду ў опэру. Жудасная рэч! І тое, што я сказаў старому Спэнсэру, быццам іду ў гімнастычную залю забіраць рэчы, таксама была хлусьня. Я і не трымаю нічога ў гэтай трыклятай залі".
Вось тут ён ня хлусіць. У выніку -- эфэкт пранізьлівае, інтымнае шчырасьці.
Чытаньне чужога дзёньніка ў падлеткавым веку дае адчуваньне ўдвая недазволенага. За савецкім часам такое магло ўспрымацца і як антысавеччына. А цяпер аказваецца, што гэта ўсё -- амэрыканізм. Дзіўнавата раптам адкрыць для сябе, што ты як бы напалову амэрыканец. Але так і ёсьць. Прынамсі так было ў школе. У глыбокія савецкія часы мы з нашымі жуйкамі Рыглес і джынсамі Лэвіс, партрэтамі Джона Ўэйна і музыкай Ролінг Стоўнз дэ факта былі напалову антысавеччыкамі, бо былі напалову амэрыканцамі. Нават ніколі ня думаючы пра гэта. І Глёбус, мабыць, таксама ня думаў, калі пісаў сваю кнігу "Толькі не гавары маёй маме". Аднак стыль адносінаў да жыцьця ў яго такі нігілістычны і максымалістычны, які ён бывае толькі ў падлеткаў. У гэтым найперш Глёбус і падобны да Сэлінджэра. Дзіўным чынам мне зноў згадваецца Быкаў. Не за амэрыканізм, натуральна, але за максымалізм, які яднае яго з Сэлінджэрам і робіць у беларускай літаратуры непараўнальным ні з кім.
Уявіць сабе аповесьць Сэлінджэра у Беларусі тады, калі яна выйшла з друку, у 1951-м, я не магу. Тады ў краіне не было анічога, што магло б адгукацца на такі твор. Што ў 51-м было ў нас і што ў сьвеце? Кантэкст таго часу я папрасіў узнавіць Сяргея Харэўскага.
Сяргей Харэўскі: "Ёсьць гэткія пэрыяды ў гісторыі, якія йнакш, як "цёмнымі" не назавеш. Акурат пасьля апошняй сусьветнай вайны, бурапенных братаньняў і ня менш эмацыйных разыходжаньняў па новых акопах, пасьля задушэньня Чэхаславаччыны, Вугоршчыны ды Ўсходняй Нямеччыны на вялізарных абшарах Паўночнага Паўшар'я наступілі такія вось "цёмныя часы"... 1951-шы год. Ужо год цягнецца безвыніковая вайна ў Карэі. У Злучаных Штатах наступае пара макартызму. Хоць сам Джозэф Макарці, малавядомы сэнатар ад штату Віскансін, выступіў са сваёй зубадрабільнай прамоваю толькі праз год, у 1951-м ужо былі пакараныя сьмерцю першыя камуністычныя агенты – муж і жнка Розэнбэргі. Менавіта ў 51-м амэрыканцы зрабілі першыя ядзерныя выпрабаваньні на сваіх палігонах. Сталінская імпэрыя адставала... Але працэс Разэнбэргаў, што цягнуўся ад 50-га году, скалануў самыя цёмныя нэтры амэрыканскае нацыі. Разэнбэргі былі жыдамі. Антыкамунізм, расізм, антысэмітызым і гомафобія забуялі на поўную моц. Выкрыцьцё савецкіх агентаў абурыла амэрыканцаў. У гарадах краіны прайшлі масавыя дэманстрацыі, удзельнікі якіх патрабавалі абараніць дзяржаву. Вось тут і спатрэбілася стварэньне адмысловае сэнацкае камісіі дзеля расьсьледаваньня падрыўное дзейнасьці. Ачоліў камісію згаданы Макарці.
У сеткі камісіі патрапілі тысячы людзей. Ці ня ў першую чаргу творчае інтэлігенцыі. Літаратары Ален Гінзбэрг і Генры Мілер, кінарэжысэры Сэмюэл Голдвін і Элія Казан ды сотні іншых творцаў змушаныя былі апраўдвацца, што яны не камуністы. А сусьветна вядомы жывапісец Дыега Рыбэра мусіў зьехаць на радзіму ў Мэксыку. Усьлед, ягоную фрэску, што была ў Ракфэлераўсім цэнтры, што ў Нью-Ёрку, зьнішчылі. Несупынна вяліся допыты ў Галівудзе. Мусіў са Штатаў зьехаць і былы віцебскі чырвоны камісар Марк Шагал... Сотні людзей былі пазбаўленыя працы адно за тое, што былі знаёмыя з камуністамі....
Адзінай стваральнай зьяваю таго году, у Эўропе, стала ўтварэньне ў 1951-м годзе Эўрапейскага зьвязу вугля й сталі, у якое ўвайшлі 6 дзяржаваў заходняга блёку. Яшчэ адзін урок, вынесены імі з гісторыі: толькі аб'яднаная Эўропа забясьпечыць сабе свабоду й спакой ў доўгай пэрспэктыве. Гэты працэс ачолілі два некалі непрымірымыя ворагі, Нямеччына й Францыя. Праз колькі гадоў гэн Зьвяз вугля й сталі ператворыцца ў Эўразьвяз. А ў Лёндане адбылася яшчэ адна прыкметная падзея – першы конкурс прыгажосьці "Міс Сьвету-51".
Тымчасам, Іосіф Сталін, выдаўшы "Вапросы языказнанія" прыступіў да новае працы – "Эканамічныя праблемы ў СССР". У Маскве ў 51-м толькі скончылі справу Габрэйскага антыфашыстоўскага кмітэту, падсудныя расстраляныя. Пачата й скончаная была "справа Абакумава" падсудныя расстраляныя. Распачатая "справа лекараў", іх расстраляюць на наступны год...Сталін пажыў яшчэ пару гадоў пасьля 1951-га.
А вось у Кітаі яшчэ малады й імпэтны Мао Цзэ-Дун напоўніцу зьдзяйсьняе "культурную рэвалюцыю". У тым жа 51-м годзе, атрымліваюць незалежнасьць Эгіпэт і Лібія. А 20 ліпеня ў Ерусаліме малады палестынец забівае караля Ярданіі. У тых краёх усё толькі пачыналася. Пыльна й крывава...
У Беларусі ж палітычныя рэпрэсіі працягвалі па інэрцыі перамолваць у сваіх жаронцах усё новых ахвяраў. Вось скажам, справа пратэстантаў. У 1951-м іх вясяляюць з Заходняе Беларусі начыста. З Баранавічаў у Іркуцкую вобласьць выправілі зь сем'ямі ўсіх егавістаў з андэрсаўцамі. Агулам 1012 чалавек. А з Маладэчна тых егавістаў, у колькасьці 1119 чалавек выправілі на станцыю Ангара. Больш тысячы чалавек-пратэстантаў адправілі туды ж зь Ліды.
У 1951-м быў дашчэнту зьнявечаны катэдральны касьцёл у Менску, а ў Магілёве ўзарвалі Багаяўленскі сабор. Разам зь імі ў тым самым годзе былі зьнішчаныя дзясяткі іншых старасьвецкіх цэркваў і касьцёлаў па ўсёй Беларусі.
У 51-м беларускія партызаны пад Моталем зьнішчылі дазваньня атрад НКВД, разам з раённым начальнікам Янаўскае міліцыі. А праз колькі тыдняў пад вёскай Бродніцай, на Янаўшчыне адбыўся вялікі бой. Атрад той быў зьнішчаны цалкам. А 9 верасьня 1951-га году, у лясох пад Маладэчнам прызямліўся парашутыст Янка Філістовіч, які ўтварыў уласны атрад і партызаніў у маладачанскіх ваколіцах цэлы год.
У Амэрыцы, як і мае быць, усё скончылася гучным скандалам. Лібэральная прэса пачала біць ва ўсе званы. У выніку дзейнасьць камісіі Макарці была ўрэшце скампрамэтаваная, а сам сэнатар-цемрашал быў адхілены Кангрэсам ад палітчынае дзейнасьці. Па той бок акіяну скончыліся "цёмныя" часы. А ў Беларусі ў 1951-м годзе прыступілі да выкананьня пляну чарговае "пяцігодкі". А 25 сьнежня 51-га году Сталін зрабіў беларусам навагодні падарунак: зацьвердзіў новы, чырвона-зялёны сьцяг БССР, створаны паводле праекту мастака Волкава. Той самы сьцяг, зь "беларускім арнамэнтам каля дрэўка", што лунае над Беларусяй да сёньня".
(С.Дубавец: ) Вось які сьвет пабачыла нованароджаная аповесьць Джорджа Сэлінджэра "Лавец у жыце". Кажуць, менавіта з-за яе ён кінуў дачыняцца з вонкавым сьветам і затачыўся ў сваёй сядзібе далёка ад людзей. Натуральна, цікаўны сьвет ужо трыццаць гадоў спрабуе зазірнуць за Сэлінджэраў плот -- чым можа займацца славуты на ўвесь сьвет пісьменьнік. Для Беларусі такую сытуацыю ўявіць цяжка. Каб літаратар у росквіце славы ўзяў ды схаваўся ад усіх назаўсёды. Можа таму, як у нас звычайна кажуць, што галоўная кніга яшчэ не напісаная, яна наперадзе. Чаго ня скажаш пра Сэлінджэра. Сьвятло на ягонае затворніцкае жыцьцё праліла ягоная дачка Маргарэт:
"Зрэшты, сьцьверджаньне пра тое, што Сэлінджэр спакусіў юную Клэр, не зусім дакладнае. Якраз у той час ён духоўна ўдасканальваўся і ўстрымліваўся ад сэксу. Ягоным настаўнікам быў нейкі індыйскі гуру, а настольнай кнігай -- "Казані Шры Рамакрышны". Строгае ўстрыманьне ад плоцкіх насалодаў, як і многае іншае, адлюстравалася ў творчасьці пісьменьніка. Менавіта ў мядовы месяц канчае жыцьцё самагубствам Сэймур -- герой апавяданьня "Час бананавых рыбак".
Гэта было апошняе апавяданьне пісьменьніка. Вось яно якраз і было адзінае перакладзенае на беларускую мову і друкавалася ў першым нумары адноўленае "Нашай Нівы". Далей пачынаецца затворніцкае жыцьцё, пра якое піша дачка:
"Разам з тым вечная "пагоня за марай" моцна атручвала жыцьцё ўсёй сям'і. Ягоныя вераваньні можна вызначыць як нейкую сумесь індуізму з эгаізмам. Гэтае захапленьне, бадай, самае сталае з усіх. Пісьменьнік пераспытаў цэлы шэраг экзатычных рэлігіяў: дзэн-будызм, саенталёгію, хрысьціянскія навукі. Гэта было падобна да блуканьняў закаханага падлетка. Ня менш экстравагантныя былі мэтады "вядзеньня здаровага ладу жыцьця". Сэлінджэр увесь час вынаходзіць новыя дыеты. На працягу аднаго тыдня ён харчаваўся толькі сырой ежай, на працягу іншага з рацыёну цалкам выключаліся бялкі. Вынікі, праўда, былі ня самыя лепшыя. Ягоная скура пачала зелянець, набыла хвараблівае абценьне, а да дыханьня дамешваўся пах сьмерці. Гэткі быў вынік мікрабіётыкі і галаданьня. Я баялася, што ён памрэ".
Аднак пісьменьнік шчасьліва пераступіў мяжу 80-ці гадоў і працягвае сваё затворніцкае існаваньне разам з каторай па ліку сваёй жонкай. Ягоны "Лавец у жыце" працягвае выходзіць па ўсім сьвеце агромністымі накладамі. А ягоная мясьціна даўно перастала быць бязьлюднай. Дрэвы вакол сядзібы пісьменьніка варушацца, бо за галінамі ўвесь час нехта ёсьць: журналісты, школьнікі, рамантыкі, якія мараць хоць на імгненьне пабачыць свайго куміра. А ён нібы адказвае ім апошнімі радкамі сваёй самай знакамітай аповесьці:
"Вось і ўсё, больш я нічога распавядаць ня стану. Вядома, я мог распавесьці, што было дома, і як я захварэў, і ў якую школу мяне зьбіраюцца аддаць з восені, калі выпішуць адсюль, але ня варта пра тое казаць. Няма ахвоты, шчыра кажу. Нецікава. Па праўдзе кажучы, я й сам ня ведаю, што думаць. Шкада, што я так шмат набалбатаў. Дзіўная рэч. І вы лепей таксама нікому нічога не распавядайце. А то раскажаце пра ўсіх -- і вам бязь іх стане сумна". |
|
|
|
|
|
|