news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



30 Верасьня 2001
 
Экскурсія ў няісны музэй.
 
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня
 
Дом нумар тры на вуліцы Дзімітрава ў Менску ўсё ж зьнесьлі. Даўно зьбіраліся, але ўсё нешта замінала. Пасьля перадачы "Вострая Брама" паўтара года таму ўсчаўся шум у прэсе і ў творчых асяродках і разбурэньне было прыспыненае. За гэты час у абаронцаў дому зьмяніліся акцэнты. Дакладней, зьмянілася каманда абаронцаў. Калі першапачаткова гаварылася, што гэтае ўнікальнае месца, дзе ў мастацкіх майстэрнях вяршылася найноўшая беларуская гісторыя, дык пасьля ўзгадалі, што сам будынак - колішняя старая сынагога. Цяпер нібыта ўсё змаганьне перайшло да габрэйскіх арганізацыяў. Яны й сапраўды нямала зрабілі, прынамсі, яшчэ да зьнішчэньня назвалі пайменна ўсіх разбуральнікаў. Аднак тая ранейшая ідэя - згубілася. Што, трэба сказаць, было на руку ініцыятарам зносу. Няхай, маўляў, габрэі змагаюцца, усё адно сынагогу тут ніхто аднаўляць ня будзе. Функцыянэры саюзу мастакоў пагадзіліся на знос, бо ў новым будынку, які паўстане на гэтым месцы, ім паабяцалі некалькі кватэраў і майстэрняў. Верагодна на дне іхных душаў варушыўся семнеў - надта ж памятнае гэта месца. Але мэркантыльны плян перамог.

Дом на Дзімітрава 3 - гэта сапраўды цалкам унікальнае для Менску месца. Нічога падобнага больш няма. Гэта ўся пасьляваенная беларушчына - яе сьлед. Наша культура, наш дысэнт, наша адраджэнская палітыка. І ўсё гэта - у абсалютна аўтэнтычным выглядзе. Да бясконца доўгага пераліку тых, хто тут перабываў варта дадаць таямнічасьць першых падпольных вечарынаў - яшчэ за брэжнеўскім часам, і жарсьці першых сходак нацыянальнае апазыцыі. Магчыма, у нас ня вырабілася яшчэ здольнасьць глядзець на ўчорашнія падзеі як на гісторыю. Але вынішчаючы памяткі гэтых падзеяў, мы не пакідаем ім і самога шанцу стаць калі-небудзь гісторыяй. Прычым гэта робяць часта самыя творцы тых падзеяў.

Яшчэ адзін важны вынік такога зносу - гэта нівэліроўка Менску. Ён не ўзбагачаецца намі, нас у ім проста няма. Адна рэч калі пасьля знакамітага мастака застанецца ягоная раскошная майстэрня, на якую зараз жа накінуцца новыя прэтэндэнты і памяць растане ў паветры. І зусім іншая рэч - цэлы стары дом, які складаўся з майстэрняў і празь які прайшло самое наша кволае адраджэньне. Бадай у кожнай іншай краіне, якія мы называем цывілізаванымі, лёс такога дому быў бы перадвызначаны ад пачатку. Музэй. У нашым выпадку - музэй найноўшай беларускай гісторыі і культуры. Гэта дом на Дзімітрава 3 нібы сам падказваў такое рашэньне. Каму яшчэ і калі прыйдзе ў галаву ў якім іншым месцы ствараць такі музэй? А тут... Спыніліся на сынагозе і памянялі музэй на некалькі кватэраў. Усё. Яшчэ адзін куток у цэнтры гораду стане бястварым і бяспамятным.

На разьвітаньне я ўсё ж запрашаю вас наведацца ў той музэй. Той, якога ніколі не было і ўжо ніколі ня будзе. Няхай гэта ўсяго толькі радыёэкскурсія - першая і апошняя. Так бы мовіць эксклюзіўны прагляд. Наш экскурсавод - Сяргей Харэўскі:

(Сяргей Харэўскі: ) "Праходзьце, праходзьце, во ў гэтыя весьнічкі. Думалі, ведаеце, зрабіць жалезныя якія, але пакінулі гэтыя. Як бярэшся, дык заўсёды цёплыя. Бэз? Ой, ня ведаю... Кажуць, яму больш за паўсотні гадоў. Нібы Вітальд Бялыніцкі садзіў. Ён любіў пісаць бэз. А сад... Яблыні гэтыя пэўна яшчэ даваенныя. Вось па гэтай сьцяжыне – проста да тае габрэйскае "Ямы". Сюдою туды ня ходзяць. Ходзяць адтуль. А гэта – тыя самыя скульптуры, што стаялі на Палацы Прафсаюзаў. А гэта – з Прывакзальных вежаў. Так, іх тут і выраблялі. Гэта працы Сяргея Адашкевіча. Цяпер іх замянілі на больш трывалыя копіі, а арыгіналы – тут. А гэта - працы Акіма Курачкіна. Не ўсьміхайцеся. Такія стаялі колісь па ўсёй Беларусі. Во гэта Маркс, а гэта – помнік савецкім салдатам з Паставаў... Не! Гэта са Слоніму, а гэты - з Пастваў, ці з Полацку... Ім усім у гэтым садзе добра. Во як гэтаму Дуніну-Марцінкевічу на лаве. Гэта Шатэрнік зрабіў. І Колас таксама ягоны. Колас жа тут сам бываў часта. Яго партрэт тут пісаў Зянон Паўлоўскі. І яны разам зь Бялыніцкім-Бірулем тут утрох бывала бралі чарку. Ну дык праходзце ў дом, праходзьце... Вось налева – мэмарыяльная майстэрня скульптара Адашкевіча. Ён тут працаваў ад 48-га да 2000 году. Гэта маршал Жукаў. Яго расфарбаваў сам Адашкевіч. Гэтак пажартаваў, калі яму адлучылі сьвятло й ацяпленьне. А гэта колішнія беларускія грошы, на якіх выяўленыя ягоныя скульптуры: Мастацкі музэй, вакзал, прафсаюзны палац. Гэта – баян Адашкевіча. Ён добра на ім граў. Бывала па вечарох зьбіраліся суседзі-мастакі, падпявалі яму. А гэта – ягоны Багушэвіч, Скарына, Каліноўскі. Як прайшоў рэфэрэдум, дык заказчыкі адмовіліся забіраць. Ну дык ім самае месца тут, дзе й былі створаныя. Вось мапа ўсяго Татарскага прадмесьця й Замкавай вуліцы, створаная самім скульптарам у 1950-м годзе. І рознымі колерамі пазначана, што тут нішчылі з году ў год. Бадай іншага такога дакуманту няма нідзе.

Астатнія майстэрні вырашылі не пэрсаніфікаваць. Бо тут прайшлі адно за адным пакаленьні й няма як каму аддаць перавагу. Вось у гэтым пакоі працаваў Зянон Паўлоўскі, тут ён і памёр. Пасьля тут працавалі іншыя мастакі. А скажам адну майстэрню дзялілі папалам Марачкін з Маркоўцом. А тут працаваў сам Яўген Кулік.

Гэтая экспазыцыя прадстаўляе нам творы мастакоў Заходняе Беларусі міжваеннага часу, якія тут зьберагаліся й рэстаўраваліся – Драздовіча, Сергіевіча, Сеўрука. Іх тут перахоўвалі й паднаўлялі. Як і гэтае разьбярства часоў барока. А гэта – покуць абразоў, што пазьбіралі мастакі са зруйнаваных сьвятыняў у 70-80-я гады.

А гэта - сапраўды цікавая рэч. Раяль 19 стагодзьдзя, нямецкае работы, карэльская бяроза, слановая костка. На гэтым раялі акампаніявалі Аляксандроўскай і Бабію... Яны былі тут нярэдкімі гасьцямі ў розны час. Вось іхныя партрэты, напісаныя тут: Ларыса Пампееўна, Зінові Іосіфавіч... А гэты прапіл на раяльнай паліроўцы зрабіў мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Ён пілаваў на гэтым раялі палкі для вырабу транспарантаў для першых апазыцыйных мітынгаў. А вось і тыя транспаранты. Іх тут цэлая калекцыя, разам з плякатамі й харугвамі, што вырабляліся таксама тут, напрыканцы 80-х і 90-х гадоў. Мастацтвазнаўца Міхась Раманюк разам з Шунэйкам першымі прыдумалі калекцыянаваць гэтае мастацтва. Насамрэч гэтую агітацыю стваралі ў гэтых сьценах выдатныя мастакі: Крукоўскі, Купава, Марачкін ды багата хто яшчэ, студэнты. Усё тут. Праўда, агітацыя ня зусім тое слова. Гэта была прапаганда беларушчыны ў выглядзе мітынговага рэквізыту. Раней трымалі гэта па хатах, але, як бачыце, гэта зусім не кватэрны маштаб.

А гэты стэнд распавядае пра іншых гасьцей мастакоў. Вось пра філёлагаў, літаратуразнаўцаў і філёзафаў: Сьцяпан Александровіч, Фёдар Янкоўскі, Леў Мірачыцкі, Уладзімер Конан, Аляксей Каўка. Здымкі, на якіх мы бачым іх на розных вечарынах у гэых сьценах, іхныя кнігі з аўтографамі мастакам-гаспадарам, фрагмэнты дзёньнікаў. Мастацтвазанаўцы тут былі Міхась Рамнюк ды Сакалоў-Кубай. Літартары: Генадзь Тумас, Алесь Разанаў, Уладзмер Арлоў... Ну літартараў тут багата, доўга пералічаць, паглядзіце самі. А вось і фатаздымкі, зробленыя тут падчас гасьцяваньня старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. А вось і Галіна Русак. А вось чэскі беларусіст Вацлаў Жыдліцкі, а вось – дачка Фэрдынанда Рушчыца, Барбара й малюнак яе славутага бацькі.

Што да музыкаў, то я памаўчу, глядзіце самі. Ад "Песьняроў" з "Харошкамі" да цяперашніх бардаў і рокераў. Касэты, плякаты, гітары. А! Гэта й насамрэч вартая штука. Гэты прайгравальнік прынес Алесь Марачкін адмыслова, каб на вечарыне памяці Забэйды-Суміцкага паслухаць грамдыскі зь ягонымі сьпевамі. Пачакайце, зараз пастаўлю... Паслухаем. А можам і паглядзець. Вось тут – пакой для відэапрагляду. Ну гэта тут аматарскіх шмат стужак. Маркавец здымаў, Шатэрнік, амэрыканскія беларусы. Вось здымкі розных кампаніяў 25 скавіка 2000-га году, як тут ладзілі пэрфоманс Разанаў з Маркаўцом. А вось унікальныя відэастужкі з архіваў КГБ. А гэта цэлы фільм Уладзімера Коласа "Дамова з Гітлерам". Памятаеце, там мастак Задорын прыводзіць у гэтыя майстэрні галяндзкага галерэйшчыка, да Сяргея Малішэўскага. Ну дык гэта ўсё тут было.... Не стаміліся? Ну то прйдзем яшчэ ў адну залю. Тут прадстаўленыя мастацкія творы, на якіх выўлены гэты дом, альбо ягонае навакольле. Вось тут творы Яўгена Ціхановіча і ягонага сына Генрыха, гэта – некалькі рэчаў, напісаных Бялыніцкім-Бірулем, тут – малюнкі Яўгена Куліка, гэта – эцюд Адольфа Гугеля, 50-х яшчэ гадоў, "Выгляд з вакна", што напісала яшчэ Раіса Кудрэвіч ну і акварэлі Ткачонка, Шнарэвіча, Апіёка. Вось гэта – творы Красоўскага, тут – Сулкоўскі ў нас. Гэта – малюнкі іхных дзяцей, а гэта – іхных вучняў... Усе перабывалі тут. Ну здаецца, збольшага ўсё. Хадземце. Так, мастакі сюды ходзяць. Хто тут працаваў, дык маюць уласныя ключы. Гэта ж усё яны й стварылі. Паціху, вось сюды.. і направа. Бярыце, бэз, бярыце. Яго чым болей ломіш, дык ён гусьцей, пышней пасьля расьце. Прыходзце, часьцей. Тут бывае вечарыны ладзяцца, як колісь".

(С.Дубавец: ) "Сяргей Харэўскі зрабіў нам першую і апошнюю экскурсію ў музэй найноўшай беларускай гісторыі і культуры ў Менску на вуліцы Дзімітрава, 3. Неўзабаве на гэтым месцы будзе новы жылы дом, у якім паселіцца звычайная публіка. Некалькі кватэраў абяцаюць даць мастакам. Але згаданага музэю ў беларускай сталіцы больш ня будзе ніколі. Плён пакаленьняў, якія прайшлі праз гэтае месца, пастаўлены пад сумнеў. А галоўны іхны плён - беларускае адраджэньне і беларуская незалежнасьць. Чаму так атрымалася? Стаміліся змагацца? Стаміліся верыць і ў гэты горад, і ў вартасьць уласных плёнаў, у нацыянальную будучыню, у Беларусь? Няма таго запалу, калі начамі рыхтавалі першыя выставы, прысьвечаныя Цётцы і Гусоўскаму? Калі малявалі замкі. Ня выстаялі?

У зьвязку з гэтым мне згадаліся дзьве нядаўнія размовы. Першая была пра мінулую "Вострую Браму", дзе ўсе апытаныя намі дзеячы культуры назвалі галоўным сюжэтам у беларускім выяўленчым мастацтве ХХ ст. краявід. Краявід - нізкі жанр, не змагарскі. Зусім іншая традыцыя - маляваць замкі і палацы - страчаную спадчыну - як гэта рабілі Орда, Пешка ды іншыя карыфэі папярэдняга, ХІХ ст. Паэты плакалі над адабранай расейцамі шляхецкай маёмасьцю, а мастакі гэтую маёмасьць малявалі. І гэта быў гонар краю. Калега паслухаў нашу "Вострую Браму" і спытаўся - а ты ведаеш, які асноўны сюжэт літоўскага мастацтва ХХ ст.? Таксама краявід, толькі віленскі. Проста ўзьлесак з дарогай - гэта можа быць прыгожа і душэўна, але гэта ня ёсьць засваеньне ці сьцьверджаньне свайго права.

Я тады падумаў, ці не таму Вільня за літоўцамі так добра захавалася. Яна бясконца рамантуецца, прыхарошваецца, але нічога тут ня зносіцца. І ідучы міма віленскіх будаўнікоў, якія шчыруюць ля старой камяніцы, ніколі не падумаеш, што яны могуць рабіць нешта ня так, як трэба. Зусім адваротная думка ўзьнікае ў Менску. Ты ведаеш, што на тваіх вачох адбываецца брутальнае, татальнае руйнаваньне памяці.

З гэтай нагоды іншы калега заўважыў, што калі ў вайну праводзілі расстрэлы віленскага гета, ягоныя насельнікі ратаваліся ўцёкамі ў Беларусь. Выснова была такая: літоўцы берагуць камяні, а беларусы - людзей. Думка спрэчная, але вартая развагі. Беларусы адвучаныя зьберагаць сваю калектыўную нацыянальную маёмасьць. У 70-я - 80-я гады мінулага стагодзьдзя ў нашым мастацтве адбыўся гэты паварот да традыцыяў ХІХ ст. Здавалася, што вяртаецца тое пачуцьцё гаспадароў сваёй зямлі і сваіх традыцыяў. Берагчы людзей адвучылі ўрбанізацыя і савецкі лад. Сёньня ў Літве маса сацыяльных праграмаў, скажам, змаганьня з п'янствам, нашмат лепшая мэдычная абслуга дый пабытовыя дачыненьні ў сфэры сэрвісу таксама не параўнаць з нашымі. Можа быць літоўцы да свайго ўменьня берагчы камяні прыдбалі яшчэ й уменьне берагчы чалавека, у той час як мы страцілі й гэта. Наўзамен маем больш менш прыгожую зьнівэляваную сталіцу, некалькі кватэр у новым доме і сьцёртыя за сабою свае ўласныя сьляды.

Ад менскае нівэліроўкі пакуль яшчэ выратоўвае сама Беларусь - мястэчкі, вёскі і тыя ж узьлескі з дарогай, асьветленай сонцам. Зьміцер Бартосік праехаў па Беларусі тры тысячы кілямэтраў. Разам з Уладзімерам Арловым яны ладзілі выступы ў рамках кампаніі
"Выбірай!"

(З.Бартосік: ) "Як усё-ж добра, што ў нашай краіне пануе дыктатура, - пасьмейваўся прыяцель за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў. Мы сядзелі ў "Ракаўскім бровары" й абмывалі грант, атрыманы мною на турнэ па Беларусі ў рамках кампаніі "Выбірай". "Уяві сябе дзе-небудзь у буржуазнай Расеі. Колькі б ты там зарабіў на дэмакратыі? Нуль". Чуць гэткія шчырыя словы было ня надта прыемна, але карысна. "Вось толькі ня трэба мне казаць, - працягваў прыяцель, - што пасьля вашага туру хоць нешта зьменіцца ў гэтай старонцы. Я не пра вынікі выбараў, іх нават і прагназаваць нецікава. Я пра тое, што паменее хамаў і ўбоства. Не, не паменее. Тыя, хто тут робяць надвор'е ні вашых песень, ні вашых кніжак не чытаюць, і чытаць не зьбіраюцца. Ім абы "Крыжачок" ня скончыўся. Адным словам, вып'ем за тое, каб яны хутчэй сьпіліся й вывеліся, як генерацыя. Хутчэй, чым адсюль зьедуць нармальныя людзі". Я агледзеў залю, і заўважыў адну акалічнасьць. Заклапочаныя твары былі толькі ў нас, астатняя публіка радвалася жыцьцю. Зрэшты, і беларуская мова гучала толькі за нашым столікам.

Як вы думаеце, што ў Беларусі рабіць лягчэй за ўсё? На маю думку, наракаць на долю. Горкую, неспрыяльную ды ўбогую. А яшчэ, безумоўна, клясьці тутэйшы народ, які ніяк ня хоча ўбачыць выратавальны агонь у руках прамэтэяў. А, можа, справа зусім не ў вагні, а ў прамэтэях? Якія, дарэчы, і распачалі гэтую гульню "хто больш красамоўна ды ярка пакажа народу ягоную дурасьць".

Іншым часам я думаю, як правільна й здорава, што аднойчы я авалодаў беларускай абэцэдаю ды некалькімі гітарнымі акордамі. Дзякуючы гэтым дзьвюм рэчам можна пачувацца сваім чалавекам на сваёй зямлі. Як пісаў Уладзімер Арлоў у сваім знакамітым эсэ. А яшчэ адчуць, што ты не самотны. Варта толькі завесьці рухавік і вырвацца за кола Менскай кальцавой. У любым накірунку. Напрыклад, на Маладэчна.

Мяне заўжды зьдзіўляла гэтае места. Пасьля менскіх вуліц ваўпшасавых ды мясьніковых маладачанскія шыльды ўзьдзейнічаюць на псыхіку значна больш за сталічныя графіці. Вялікі Гасьцінец, Віленская, Лібава-Роменская. Чаму менавіта Маладэчну ўдалася ў той невялічкі пэрыяд незалежнасьці пад "Пагоняй" зрабіць тое, пра што менчукі мараць і сёньня? "Прабачце, але сабралася так мала людзей, - перапрашалі нас арганізатары. Лета, сьпёка, на плошчы віруе чэскі луна-парк. А ў залі тэхнікуму - пара соцень маладых людзей. Можа, для Маладэчна гэта й мала.

Вельмі зьдзівіла Вілейка. Дзе пад нашую "крамольную" імпрэзу ўлады далі гарадзкі Палац культуры. Добрае сьвятло на сцэне, добры гук у мікрафонах, ізноў жа амаль поўная заля маладых людзей. Якіх ня трэба агітаваць за беларушчыну. Пасьля такіх выступаў пра што зусім ня хочацца размаўляць, дык гэта пра лёс нашай мовы. Які можа быць лёс у мовы, якую паўсюль разумеюць?

Аднак, напісаў і ўзгадаў Шаркоўшчыну. Дзе нас сапраўды не разумелі. "Як праехаць да першай школы?" І дзьве дзяўчынкі старэйшага школьнага веку глядзяць на цябе, нібы на іншаплянетніка. "Да школы нумар адзін". "Дзе тут у вас пошта?" І цябе ўжо не разумее саракагадовы мужык. "Нету ў нас такой". Быццам заехалі ў які расейскі Таржок. Але ў Таржку, няйначай, зразумелі б хутчэй. "Дзеці, - ласкава загаварыў Арлоў, - а дзе ў вас Паўночны завулак?" "А па-рускі гавары", - адказаў самы гаваркі дзіцёнак. "А тут што Расея", - завёўся Ўладзімер. "Тут Беларусь", - прагучаў па-піянэрску горды адказ. "Дык чаму ж вы, засранцы, па-беларуску не разумееце? Гнаць вас трэба адсюль". Я націснуў пэдаль газу, шчыра баючыся, што пісьменьнік пагоніць іх зь Беларусі зараз жа. Услых я пажадаў дзеткам хутчэй адчуць смак "Крыжачка", бо менавіта ў іхную радасную будучыню ня веру. Але ня варта адчайвацца нідзе. Нават з такімі складанымі словамі як "першы", "паўночны" й "пошта" вас урэшце зразумеюць. І дапамогуць.

Што кідаецца ў вочы, дык гэта тое, як за апошнія гады стала выразнаю мяжа паміж нашымі Захадам і Ўсходам. Усход быццам вымірае. За Магілёвам можна не сустрэць на працягу паўсотні кілямэтраў ніводнай машыны. Асобна пра сэрвіс.

Унівэрсытэцкі горад Горкі, дзьве гадзіны начы, гатэль"Проня" на цэнтральным пляцы. Нават ня проста гатэль, а яшчэ й матэль, як напісана велічэзнымі літарамі па-над шасьціпавярховым хмарачосам. Напэўна, нейкаму мясцоваму начальніку вельмі спадабалася слова "матэль". А сэнс яму растлумачыць не рашыліся. Бо ніякага пад'езду для транспарту ў гэтым матэлі няма. А бліжэйшая стаянка, як патлумачыла кансьержка, - каля рэстарану "Парнас". Мяркуючы з назваў, мясцовы гараданачальнік быў яўна нейкі якабінец. Аднак на гэтым радасьць пазнаньня жыцьця не сканчаецца. Толькі ў гэтэлі-матэлі "Проня" я бачыў такія пакоі. Справа не ў дабітай мэблі, і не ў на вякі завараных трубах колішняга душу. У пакоі адсутнічаюць вокны. Ёсьць толькі вузенькая, сантымэтраў у трыццаць форткавая паласа пад стольлю. Якая вельмі нагадвае байніцу, ці адтуліну ў доце. Першая думка, якая прыходзіць у галаву – архітэктар быў афганец. Звонку, пры сьвятле дня "Проня" выглядае яшчэ больш пагрозьліва. У матэльнай кавярні паварыха сказала нам, што "афіцыантка кудысьці пайшла, таму паесьці мы ня можам". "Але ж мы госьці вашага гораду, і можам падаць ежу сабе самі". Ці то паварыху расчуліла наша родная мова, ці тое, што мы госьці гораду. Але яна прынесла ежу. Аднак бяз хлеба, бо ключ ад хлебніцы зьніклая афіцыянтка чамусьці носіць з сабою. "Дык вось, - казаў Арлоў, - у гэтай "Проні" я спыняўся яшчэ пяць гадоў таму. І тут працаваў душ, а ў гэтай кавярні нават было мэню". Тыя гады раптам падаліся такімі далёкімі. Кепска ня тое, што Беларусь дзічэе. А тое, што да гэтага можна прызвычайвацца. Як да нормы.

Іншым, незвычайным паветрам патыхнула на Браслаўшчыне. Пасьля балоціста-пахмурнай Мёршчыны ў краіне вазёраў стала быццам вальней і радасьней дыхацца. Падчас жа выступу зьявілася й паступова расло фантастычнае адчуваньне няіснасьці й далёкасьці той РБ, у якой прыходзіцца жыць. Панылай савецкай рэспубліцы з электаратам ды ягонай элітаю. Памяшканьне для сустрэчы нам далі каталікі, утульную ўрачыстую залю насупраць касьцёла. Людзей набралася больш за сотню. Усё тыя маладыя прыгожыя твары, сярод якіх недарэчна гучыць слова прапаганда. Хутчэй - раскоша чалавечых дачыненьняў, як сказаў Арлоў. Гэтая раскоша працягвалася да самага нашага ад'езду й яшчэ не аднойчы будзе згадвацца мною ў часы паняверкі ды менскае хандры.

Мы былі запрошаня ў госьці да дырэктара мясцовага музэя. Але пакуль у ягоным доме накрываўся стол, апеку над намі ўзяла на сябе прыгожая жонка галоўнага паляўнічазнаўцы "Браслаўскіх азёраў". Спрытна кіруючы маленькім чырвоным Пэжо, яна везла нас глядзець гадавальнік, распавядаючы пра тое, як яе сужэнец не сыходзіў з моўнага прыныпу нават у часы панаваньня на Браслаўшчыне вядомга сьцягазьнішчальніка Івана Ціцянкова. Ня робячы апошняму ласкі ў выглядзе пераходу на обшчэдаступны язык. Можна пры любой уладзе заставацца беларускім чалавекам, самім сабою. І для гэтага ня трэба вялікага гераізму. Можа, крыху павагі да сябе й да тых, хто цябе нарадзіў.

У вялікіх вальерах мы пабачылі ваўка, лісаў, янотаў, мядзьведзя ды казуляў. Гледзячы за сетку на значна больш спрадвечных насельнікаў гэтага краю, мне стала цікава – а якімі выглядаем мы ў іхных зьвярыных вачах. Ці адчувае гэты бясьпечны воўк свайго чалавека? Ці зьмяніліся б забаўныя паводзіны мядзьведзя, якому мы прывезьлі кавун, калі раптам краты зьніклі?

Пасьля была шыкоўная вячэра. Адзіным небеларускамоўным чалавекам нашай кампаніі быў нямецкі хлопец Зыгфрыд, бойфрэнд дачкі гаспадароў. Што прыдавала кампаніі асаблівы шарм. Вып'ем за спрадвечнае сяброўства беларускага й нямецкага народаў.

Беларускамоўныя прыгажуні й вясёлыя яноты, антысавецкія вілы, дзе ня трэба вешаць карціны на сьцены, бо за кожным вакном шэдэўральны краявід, нашыя размовы й жарты, нямецкія сьпевы. Даўно я не атрымліваў такую дозу ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні за адзін вечар, каб не заснуць спакойным шчасьлівым сном.

Вядома ж, у рамках перадачы немагчыма распавесьці пра ўсе ўражаньні трох тысячаў кілямэтраў па Беларусі. Пра Ветку, дзе ў музэі старавераў пасьля рамонту чамусьці прыбралі шыкоўныя парэнчы. Пра рэчыцкага беларуса грузінскага паходжаньня Зураба й ягоныя неверагодныя тосты.

Выснова атрымалася такая: Беларусь самая цудоўная краіна ў пляне пэрспэктываў. Не таму што ў гэтай краіне ўсё трэба пачынаць з нуля. А таму, што ёсьць з кім".

(С.Дубавец: ) Беларускія кантрасты новага часу, на якія зьвярнуў увагу Зьміцер Бартосік - выразная розьніца беларускага Ўсходу і Захаду. Я дадам да гэтага заўважную розьніцу Менску і правінцыі. У сталіцы за мінулае лета прапала самая старая вуліца Замкавая і вось цяпер зносіцца патэнцыйны музэй найноўшай культуры і гісторыі. На правінцыі зьяўляюцца новыя музэі, асяродкі ды краязнаўчыя ініцыятывы. Верагодна, дзейнічае закон захаваньня беларушчыны ў прыродзе - тут адымаецца, там дадаецца.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.